КАНВЕ́НЦЫЯ МІЖНАРО́ДНАЯ,

адзін з відаў дагавора міжнароднага. Найчасцей К.м. з’яўляецца шматбаковым міжнар. дагаворам па пытаннях эканам., юрыд., тэхн., гуманіт. характару, а таксама дагаворам аб законах і звычаях вайны.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ.

Існавалі ў 14—18 ст. у сярэдневяковым г. Крычаў. Узніклі вакол гандлёва-рамеснага паселішча, т.зв. «Зубялышынскага пасада», уключалі вал і драўляныя збудаванні. З У пасад засцерагалі воды і высокі правы бераг р. Сож, з ПдЗ — забалочаны роў і ручай. Пазней на ручаі зроблена запруда з вял. ставам і млыном. Існавала некалькі брам, адна з якіх служыла выхадам з пасада на плаціну і да Крычаўскага замка. У пач. 16 ст. «Зубялышынскі пасад» перамясціўся за забалочаны роў, на паўд.-зах. частку плато перад замкам, дзе працягваўся рост сярэдневяковага Крычава. У 16 ст. і гэта частка горада абнесена земляным валам і драўлянымі сценамі. З Пн да яго прымыкалі крутыя схілы прыроднага яра і млынавы стаў на р. Крычаўка. Уезд і выезд з горада быў праз Мсціслаўскую і Магілёўскую брамы. У 17 ст. ўмацаванні часткова разбураны рус. войскамі (1633) і паўстанцамі-сялянамі (1648 і 1651) у час Антыфеадальнай вайны 1648—51, у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 поўнасцю разбураны. Пазней яны адноўлены і ўпамінаюцца ў дакументах пад назвай «астрог». Пасля Паўночнай вайны 1700—21 канчаткова разбураны.

т. 8, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛЬТКЕ (Moltke) Малодшы Гельмут Іаган Людвіг

(25.5.1848, Герсдорф, Германія — 18.6.1916),

германскі ваен. дзеяч. Ген.-палк. Граф. Пляменнік Г.Мольтке Старэйшага (яго ад’ютант з 1880). Удзельнік франка-прускай вайны 1870—71. З 1903 ген.-кватэрмайстар. У 1906—14 нач. Генштаба. Правёў шэраг рэформ у арміі. Адзін з актыўных удзельнікаў развязвання 1-й сусв. вайны, пры падрыхтоўцы да якой паклаў у аснову задумы свайго папярэдніка ген.-фельдмаршала А.фон Шліфена (разгром франц. арміі гал. сіламі і абарона ва Усх. Прусіі, а потым удар па Расіі). Аднак пры разгортванні герм. арміі ў 1914 аслабіў правае крыло армій Зах. фронту, якія наносілі гал. ўдар па Францыі, і павялічыў сілы на левым крыле, а таксама ва Усх. Прусіі. Гэта адмоўна адбілася пры правядзенні 1-га этапа вайны. У час Марнскай бітвы 1914 (гл. Марнскія бітвы ў першую сусветную вайну), калі быў нач. генштаба і адначасова нач. штаба Стаўкі (фактычна галоўнакаманд.), страціў кіраванне войскамі, што прывяло да паражэння герм. армій на Зах. фронце. 14.9.1914 адхілены ад пасады. З 1915 нам. нач. Генштаба.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 10, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ (Дзмітрый Рыгоравіч) (4.11.1897, в. Паўлава Калагрыўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — ліп. 1941),

сав. ваенны дзеяч, Герой Сав. Саюза (1937), ген. арміі (1941), удзельнік абарончых баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну.

Скончыў Омскую вышэйшую кав. школу (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928), акад. курсы пры Ваенна-тэхн. акадэміі (1931). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1931 на ваен. службе ў Гомелі, Бабруйску. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39, баёў на р. Халхін-Гол у 1939, сав.фінл. вайны 1939—40. З чэрв. 1940 камандуючы войскамі Зах. асобай ваен. акругі, з пач. Вял. Айч. вайны — войскамі Зах. фронту, пасля разгрому якіх у Навагрудскім «катле» Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР адхілены ад пасады і 22.7.1941 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны 31.7.1957. Чл. ЦВК БССР у 1935—36. Дэп. Вярх. Савета СССР з 1940.

Літ.:

Качелин М.М. Дальний костер: Воспоминания. М., 1968;

Голубев Е.П. Боевые звезды. 2 изд. Ярославль, 1972;

Жуков Г.К. Воспоминания и размышления. Т. 1. 10 изд. М., 1990.

Дз.Р.Паўлаў.

т. 12, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІГО́РСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1976, адкрыты ў 1984 у г. Салігорск Мінскай вобл. Пл. экспазіцыі 310 м², больш за 9 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Мае 3 залы ў выглядзе шахтавых штрэкаў (мастак А.​В.​Клязовіч). Сярод экспанатаў каменныя прылады працы 2—1-га тыс. да н.э. з археал. раскопак на тэр. раёна, калекцыі прадметаў матэрыяльнай культуры сялян 19 — пач. 20 ст. (жорны, кросны, церніца, гліняны і драўляны посуд і інш.), нар. ткацтва, інтэр’ер сял. хаты, узоры нар. адзення, матэрыялы пра падзеі грамадз. вайны, калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу, пра мастака і пісьменніка Б.​Залескага, прыродазнаўца К.​Валасовіча. Экспазіцыя Вял. Айч. вайны прысвечана дзейнасці падполля і партыз. руху на Старобіншчыне, землякам Героям Сав. Саюза А.​А.​Жуку, В.​З.​Каржу, Л.​З.​Муравіцкаму, Дз.​С.​Наруцкаму, А.​К.​Стампкоўскай, героям вайны братам М. і І. Цубам. У асобным раздзеле пра гісторыю Салігорска дэманструюцца прылады працы шахцёраў, ўзоры калійных солей. У зале прыроды чучалы птушак, жывёл, калекцыі насякомых рэгіёна. Музей ладзіць выстаўкі мясц. майстроў керамікі, ткацтва, саломапляцення, калекцый прадметаў этнаграфіі і інш.

З.​В.​Рамановіч.

т. 14, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАА́Л, Балу, Ваал,

у заходнесеміцкай міфалогіі бог урадлівасці, водаў, вайны і інш. Ушаноўваўся ў Фінікіі, Палесціне і Сірыі, пасля яго культ быў пашыраны ў Егіпце, Грэцыі, Іспаніі і інш.

т. 2, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНГЕ́РСКАЯ САВЕ́ЦКАЯ РЭСПУ́БЛІКА.

Абвешчана венг. камуністамі і сацыял-дэмакратамі ва ўмовах рэв. ўздыму пасля 1-й сусв. вайны. Існавала 133 дні (21.3—1.8.1919). Гл. раздзел Гісторыя ў арт. Венгрыя.

т. 4, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАКЕ́Я, Панакія, Панацэя,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня-лекарка. Лічылася дачкой бога-лекара Асклепія, сястрой славутых лекараў Махаона і Падалірыя (лячылі герояў Траянскай вайны), лекарак Гігіеі («здароўе») і Іаса («лячэнне»).

т. 12, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАМБАРДЗІРО́ЎШЧЫК,

баявы самалёт, прызначаны для паражэння наземных і марскіх аб’ектаў праціўніка бомбамі ці ракетамі. Першыя бамбардзіроўшчыкі створаны напярэдадні 1-й сусв. вайны, у Расіі першы бамбардзіроўшчык — «Ілья Мурамец» (1913). Найб. тыповыя бамбардзіроўшчыкі на пач. 2-й сусв. вайны: сав. Пе-2, ням. Ю-87, англ. «Галіфакс», амер. «Ліберэйтар» і інш. Паводле канструкцыі сучасны бамбардзіроўшчык — суцэльнаметалічны манаплан (часам з крылом зменнай стрэлападобнасці), мае 2—8 рэактыўных рухавікоў. Палётная маса 35—227 т, скорасць больш за 1000 км/гадз, далёкасць палёту без дазапраўкі да 18 тыс. км. Узбраенне: пушкі, да 20 ракет, бомбы да 23 т. Абсталяваны дапаможнымі сістэмамі і прыстасаваннямі для жыццезабеспячэння і выратавання экіпажа ў аварыйных умовах.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЦЬКО́ (Павел Пятровіч) (14.2.1901, в. Калядзічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 14.12.1986),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, рэвалюцыянер-інтэрнацыяналіст. Чл. КПЗБ з 1924. Ствараў арг-цыі КПЗБ і КСМЗБ у Палескім ваяв. У 1925—27 зняволены польск. ўладамі ў турму. Уцёк праз Германію і Францыю на Кубу. У 1927—37 на падп. рабоце ў Кампартыі Кубы. Удзельнік нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1937—38. З канца 1938 у Францыі, потым зноў на Кубе, дзе працаваў у апараце ЦК Кампартыі. У час 2-й сусв. вайны матрос гандл. флоту ЗША, які дастаўляў грузы ў СССР. З 1949 на радзіме, зведаў ганенні.

М.​П.​Клімец.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)