КЛУ́МАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (21.8.1907, Масква — 5.9.1944),

бел. кампазітар, піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934, клас Г.​Нейгаўза), кампазіцыі вучыўся ў М.​Гнесіна. У 1937—41 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Вёў канцэртна-выканальніцкую дзейнасць, аддаваў перавагу творчасці кампазітараў-рамантыкаў. Аўтар аднаго з першых бел. фп. канцэртаў (1940), які значна паўплываў на развіццё гэтага жанру ў бел. музыцы. З інш. твораў: муз. камедыя «Прыгоды Фрыца» (лібр. А.​Астрэйкі і У.​Няфёда, 1944), «Беларуская танцавальная сюіта» і Варыяцыі для фп., капрычыо на тэму бел. нар. песні «Чаму ж мне не пець» для фп., апрацоўкі бел. нар. песень для хору. Дыпламант Усесаюзнага конкурсу піяністаў (1938).

Літ.:

Назина И.Д. Белорусский фортепианный концерт. Мн., 1977. С. 11—16.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯШЧО́Ў (Аляксей Яўхімавіч) (25.2.1905, в. Міхнавічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 13.12.1968),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР, адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Пінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944), ген.-м. (1943). Да чэрв. 1941 на гасп. рабоце, у ліп.вер. чл. Пінскага падп. абкома КП(б)Б. З вер. 1942 упаўнаважаны ЦК КП(б)Б па Пінскай вобл., 1-ы сакратар Пінскага падп. абкома КП(б)Б, в.а. камандзіра Пінскага партыз. злучэння. З 1944 1-ы сакратар Пінскага і Полацкага абкомаў і гаркомаў КП(б)Б. У 1948—53 Старшыня Савета Міністраў БССР. Чл. ЦК КПБ у 1948—53. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—55, Вярх. Савета СССР у 1946—54.

А.Я.Кляшчоў.

т. 8, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПАСАЎ (Аляксей Паўлавіч) (12.3. 1902, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія — 9.12.1967),

рускі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1931). Кіраваў харамі ў Маскве, у т. л. Рус. нар. хорам Усесаюзнага радыё (1938—41). Арганізатар і ўдзельнік фалькл. экспедыцый, запісаў і апрацаваў шмат нар. песень, у т. л. бел. «Ды ты маё сонейка», «А на моры на сіненькім», «Ой, не кукуй, зязюленька», «Ой, бяда ж мая», «І сюды гара, і туды гара», «Узышоў свецел месячык», «Зорка Венера» на сл. М.​Багдановіча, якія ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж. акад. харавой капэлы БССР; апубл. Р.​Шырмам у 2-томніку «Беларускія народныя песні (для хору)» (1971—73). Аўтар кантаты «Беларусь» (1948), «Сюіты на тэмы беларускіх народных песень» (1937, выконвалася хорам Бел. філармоніі), песень і хароў.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РШАК (Аляксей Ігнатавіч) (22.2.1920, в. Вуглы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 27.2.1945),

бел. паэт. Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1938—41). Удзельнік Вял. Айч. вайны, загінуў на фронце ва Усх. Прусіі. Літ. дзейнасць пачаў у 1937. Быў нам. рэдактара інстытуцкага рукапіснага літ. час. «Наша творчасць», друкаваў рэцэнзіі і артыкулы ў газ. «Літаратура і мастацтва» і «Чырвоная змена». Улюбёнасць у жыццё, працу і прыроду, пачуццё кахання, студэнцкія будні, прадчуванне вял. выпрабаванняў, франтавыя замалёўкі — асн. тэматыка вершаў пасмяротнага зб. К. «Апаленыя пялёсткі» (1963). Захаваліся неапубл. вершы, урывак з паэмы.

Тв.:

У кн : Мы іх не забудзем. Мн., 1949;

Крывёю сэрца. Мн., 1967.

Літ.:

Александровіч С. Слова пра сябра // Александровіч С. Кнігі і людзі. Мн., 1976.

С.​Х.​Александровіч.

А.І.Коршак.

т. 8, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІ́ЦКІ (Аляксей Мікалаевіч) (н. 20.4.1914, с. Піі Міронаўскага р-на Кіеўскай вобл.),

украінскі паэт. Засл. работнік культуры Грузіі (1964). Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (1939—41). Друкуецца з 1930. Аўтар лірычных зб-каў «Мы ідзём у бой» (1942), «Жыві, Украіна» (1943), «Украіна сонечная мая» (1966), «Слаўлю маю Радзіму» (1978) і інш. Пераклаў на ўкр. мову асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Ф.​Багушэвіча, П.​Броўкі, А.​Бялевіча, С.​Грахоўскага, Х.​Жычкі, М.​Клімковіча, А.​Куляшова, П.​Макаля, П.​Панчанкі, М.​Танка, В.​Таўлая. Аўтар паэт. цыклаў «Беларусь», «Братам». Літ.-крытычныя артыкулы «Паэзія Савецкай Беларусі» (1949), «З пачуццём глыбокай павагі» (1957) прысвечаны бел.-ўкр. творчым сувязям, спадчыне Я.​Купалы. На бел. мову асобныя творы Н. пераклаў М.​Базарэвіч.

В.​Я.​Буран.

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕНАДАВЕ́Ц (Аляксей Міхайлавіч) (н. 12.2.1958, в. Чухава Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. фалькларыст, літ.-знавец, краязнавец. Д-р філал. н. (1995). Скончыў Гомельскі ун-т (1980) і працаваў у ім у 1985—89. З 1992 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе бел. міфалогію, краязнаўства, бел. фальклор, узаемасувязі л-ры з фальклорам і міфалогіяй: манаграфіі «Пакланіцеся дубу», «Святло таямнічага вогнішча» (абедзве 1993), «Каму пакланяліся продкі» (1996), «За смугою міфа», «Чорт у легендах і паданнях беларусаў» (абедзве 1999); складальнік зб-каў назваў населеных пунктаў паводле легенд і паданняў «Міншчына» (1998), «Гродзеншчына» (1999).

Тв.:

Крэпасць на Бярэзіне. Мн., 1993;

Брэстчына. Мн., 1995;

Тэадор Нарбуг. Мн., 1996;

Летапіс горада на Бярэзіне (1387—1917). Мн., 1998.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЖА́НАЎ (Аляксей Міхайлавіч) (1820—6.8.1889),

вучоны-аграном, эканаміст, дзеяч асветы. Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1851), з 1863 праф. гэтага ін-та, потым Пецярбургскага ляснога ін-та. З 1882 дырэктар Новаалександрыйскага ін-та сельскай гаспадаркі і лесаводства (Ковенская губ.), пам. папячыцеля Віленскай навуч. акругі. Меў маёнтак у Гродзенскай губ. Спрыяў пашырэнню перадавых спосабаў вядзення сельскай гаспадаркі: паказваў перавагі вольна-наёмнай працы ў параўнанні з прыгоннай, выступаў за пераход ад трохпольнай да шматпольнай сістэмы земляробства, за выкарыстанне с.-г. машын, наладжванне дзярж. сістэмы страхавання, прадастаўленне сялянам крэдыту, развіццё аграрнай адукацыі. Аўтар падручнікаў і навук.-папулярных прац па сельскай гаспадарцы.

Тв.:

Опыты земледелия вольнонаемным трудом. М., 1860;

2 изд. Спб., 1861;

Что можно заимствовать у иностранцев по части земледелия. Спб., 1863;

2 изд. М., 1867.

В.​М.​Бусько.

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ЦА (Аляксей Пятровіч) (н. 9.5.1924, в. Пішчыкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951). Працаваў настаўнікам, з 1957 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1969 у Мінскім пед. ун-це. Даследуе бел. дыялекталогію, гіст. граматыку і лексікалогію бел. і рус. моў, лексіку Я.​Коласа. Аўтар працы «Развіццё складаназалежнага сказа ў беларускай мове» (1970). Адзін з аўтараў «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—15, 1982—96; акрамя вып. 4—6, 10—11), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (у 5 т., т. 1—4, 1993—97). За ўдзел у комплексе прац па бел. лінгвагеаграфіі («Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», 1963, «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак», 1968—69) Дзярж. прэмія СССР 1971.

І.​К.​Германовіч.

А.П.Груца.

т. 5, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ВІЧ (Алесь) (сапр. Рэдзька Аляксей Ягоравіч; 1910, в. Каралевічы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. — 7.11.1942),

бел. паэт. Удзельнік вызв. руху ў Зах. Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў. У 1934 арыштаваны, 2,5 года адбыў у Віленскай турме на Лукішках. Дэлегат Нар. сходу ў Беластоку (1939). У 1940 карэспандэнт газ. «Вілейская праўда». Друкавацца пачаў у 1928 у газ. «Доля працы». Спалучэнне публіцыст. запалу з мяккім лірызмам — характэрная асаблівасць яго паэзіі. У вершах боль прыгнечанага народа («Беларусь»), гераізм змагароў і іх высокі духоўны свет («Калісь любові хмель вясняны», «Пад звон дратоў, сумуючы»), заклік да барацьбы за свабоду («Мы», «Зорны край»). Расстраляны ням.-фаш. захопнікамі.

Тв.:

У кн.: Сцягі і паходні. Мн.. 1965;

У кн.: Крывёю сэрца. Мн., 1967.

М.​М.​Чамеза.

А.Дубровіч.

т. 6, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1654 Адбылася ў г. Мсціслаў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Баі паміж рус. войскамі на чале з А.​М.​Трубяцкім і войскам ВКЛ пачаліся ў ліп. 1654. Войскі Трубяцкога аблажылі горад. На дапамогу мсціслаўцам падышлі «служылыя людзі» «рословского урядника» М.​Посахаўскага колькасцю больш за 3 тыс. чал., якія былі разбіты. У выніку прыступу 22 ліп. горад быў узяты. Паведамляючы аб гэтай перамозе Б.​Хмяльніцкаму, цар Аляксей Міхайлавіч у сваёй грамаце пісаў, што горад «взяты взятьем и шляхты, поляков и литвы и иных служилых людей и ксензов и езвуитов и иного их чину побито больши десяти тысяч человек». У якасці палонных баяры і ваяводы адаслалі цару «городничего мсциславского Я.​Стенкевича, да ротмистров и иных начальных людей».

В.​І.​Мялешка.

т. 10, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)