АРЭ́НДА ЗЯМЛІ́,

форма землекарыстання, пры якой уласнік зямлі перадае за плату на пэўны тэрмін зямельны ўчастак іншай асобе (арандатару) для вядзення гаспадаркі. Узнікла ў рабаўладальніцкім грамадстве і дала пачатак развіццю арэнды. У часы рабаўладальніцтва і феадалізму пераважала прадуктовая (дзеля атрымання прадуктаў), пры капіталізме набыла прадпрымальніцкі характар: арандатар укладвае ў зямлю ўласны капітал, вядзе гаспадарку з дапамогай наёмнай рабочай сілы і атрымлівае прыбытак. Пераходнымі формамі ад прадуктовай да прадпрымальніцкай арэнды зямлі былі здольшчына і адработкі. Капіталістычная арэнда зямлі найбольш пашырана ў развітых краінах (ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя). На развіццё арэндных адносін у аграрным сектары істотна ўплывае дзяржаўнае рэгуляванне — фінансавая дапамога для тэхнічнага аснашчэння сельскай гаспадаркі, падтрымка ў збыце прадукцыі і інш. З улікам гэтага асобныя землеўладальнікі самі становяцца і прадпрымальнікамі. Зямлю для прадпрымальніцкай дзейнасці і здачы ў арэнду набываюць таксама буйныя карпарацыі.

На Беларусі да 1861 пераважала дакапіталістычная арэнда зямлі. Пасля адмены прыгону сяляне атрымалі права заключаць арэндныя здзелкі, што спрыяла развіццю арэндных адносін. Патрэбу ў гэтым мелі не толькі беззямельныя сяляне, а і памешчыкі, якія не маглі ўласнымі сіламі апрацаваць сваю зямлю. Аграрны крызіс канца 19 стагоддзя паскорыў гэты працэс. У 1887 арэндны фонд складаў каля 2,5 млн. дзесяцін, а ў 2-й палове 1890-х гадоў каля 3,5 млн. дзесяцін. Пераважала сялянская арэнда зямлі. Але ў канцы 19 стагоддзя больш за 1,5 млн. дзесяцін зямлі арандавалі дваране, купцы, мяшчане, якія вялі буйныя прадпрымальніцкія гаспадаркі з выкарыстаннем вольнанаёмнай працы. Да 1917 арэндны фонд на Беларусі, паводле ацэнак спецыялістаў, дасягнуў прыкладна 5 млн. дзесяцін, у т. л. не менш як 3,3 млн. дзесяцін прыпадала на сялянскую арэнду. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана, а яе арэнда забаронена. З некаторымі абмежаваннямі адноўлена ў часы нэпа і існавала да калектывізацыі. Права на арэнду зямлі грамадзяне і арганізацыі зноў атрымалі на аснове прынятых Вярхоўным Саветам Беларусі «Кодэкса Беларускай ССР аб зямлі» і «Закона Беларускай ССР аб арэндзе» (1990). Здаваць у арэнду зямлю і іншыя прыродныя рэсурсы могуць толькі мясцовыя Саветы дэпутатаў.

У.А.Салановіч.

т. 2, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСО́БА,

чалавек як суб’ект сацыяльных адносін і свядомай дзейнасці. Паняцце асоба не супадае па змесце з паняццямі «індывід» і «індывідуальнасць». Індывід — чалавек як прадстаўнік якой-н. сац. супольнасці (асаблівасці жыццядзейнасці канкрэтнага чалавека ў змест гэтага паняцця не ўваходзяць). Асоба ж ёсць канкрэтнае выяўленне ў індывідзе сацыяльна значных рысаў і сац. адносін пэўнага грамадства, якія чалавек засвойвае ў дзейнасці і ў ёй жа выпрацоўвае сваё асаблівае стаўленне да свету. У выніку сац. адносіны выяўляюцца як яго адносіны да навакольнай рэчаіснасці. Праз паняцце «індывідуальнасць» выяўляецца адзінкавасць і своеасаблівасць канкрэтнага чалавека. Асоба індывідуалізуецца праз працэсы сацыялізацыі ў рамках гістарычна вызначаных сац. умоў. Шматпланавасць і складанасць асобы робіць яе аб’ектам даследавання многіх навук, кожная з якіх выпрацоўвае свой погляд на дадзенае паняцце. Гэта, аднак, спараджае небяспеку абсалютызацыі пункту гледжання на асобу якой-н. адной навукі. У выніку чалавечыя паводзіны аказваюцца дэтэрмінаванымі толькі адной групай фактараў, таму паяўляюцца розныя абстрактныя мадэлі чалавека (псіхалагічны чалавек, эканамічны чалавек і гэтак далей). Абсалютызацыя, напрыклад, сацыялагічнага падыходу зводзіць асобу да сукупнасці роляў, якія выконваюцца ёю, або да безасабовага ўвасаблення групавой зацікаўленасці, нягледзячы на рэальную разнастайнасць тых, хто выконвае ў грамадстве адны і тыя ж ролі. Псіхалагічны чалавек у адрозненне ад сацыялагічнага характарызуецца тым, што яго паводзіны вызначаюцца ў асноўным унутранымі намерамі. У эканоміцы карыстаюцца абстракцыяй эканам. чалавека, функцыі якога зведзены толькі да спажывання. Розным відам рэдукцыянізму супрацьстаіць філас. падыход, які імкнецца сінтэзаваць падыходы розных навук, супярэчлівае адзінства грамадскага і індывідуальнага ў чалавечым жыцці. Як грамадская істота чалавек не можа не аб’ядноўвацца з падобнымі да сябе ў супольнасці рознага ўзроўню, але як індывідуальнасць ён не можа не выходзіць пастаянна за межы гэтых супольнасцяў.

Літ.:

Леонтьев А.Н. Деятельность, сознание, личность. 2 изд. М., 1977;

Кон И.С. В поисках себя: Личность и ее самосознание. М., 1984;

Тейяр дэ Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр. М., 1987;

Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992.

С.П.Макараў.

т. 2, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

сфера дзейнасці дзярж., грамадскіх, паліт. утварэнняў па рэгуляванні міжнац. і міжэтнічных адносін, а таксама ўлік нац. паходжання людзей у дзярж. будаўніцтве, эканоміцы, культуры, адукацыі, асв. і выхаваўчай працы. Тэарэт. аснову Н.п. складае права народа, групы людзей, адной асобы на свабоднае, добраахвотнае, этнічнае, нац., нац.-дзярж., нац.-культ. і інш. самавызначэнне. Н.п., як правіла, скіравана на прадухіленне расколу грамадства, узнікнення войнаў, розных дыскрымінацый на нац. глебе, на стварэнне і развіццё добрасуседскіх узаемапаважлівых, супрацоўніцкіх міжэтнічных і міжнац. адносін. Служыць для вырашэння нац. пытання дастасоўна да канкрэтных умоў гіст. развіцця грамадства, форм і асноў чалавечага супольніцтва. Сусв. грамадства разглядае нац. пытанне як стварэнне спрыяльных умоў для прагрэсіўнага эканам., культ., духоўнага развіцця нацый, народнасцей, нац. і этнічных груп, асобных індывідуумаў, вызваленне людзей ад нац. прыгнёту, паслядоўную барацьбу супраць праяў нацыяналізму і шавінізму. Нац. пытанне не залежыць ад віду грамадска-эканам. фармацыі, як лічылася раней у СССР. Як праблема яно існуе разам з нац. адносінамі, пастаянна зменлівымі задачамі іх усебаковага развіцця, што робіць Н.п. неад’емнай часткай дзярж., грамадскага і культ. жыцця. 20 ст. з’яўляецца перыядам новай актуалізацыі міжнац. адносін, калі міжнац. канфлікты сталі адной з прычын развязвання 1-й і 2-й сусв. войнаў, распальвання сусв. тэрарызму. З-за нешматлікасці нац. інтэлігенцыі працэс нац. адраджэння беларусаў праходзіў марудна. Калі ў агульнай колькасці інтэлігенцыі ў 5 зах. губернях Рас. імперыі прадстаўнікі рус. насельніцтва складалі 29,83%, яўр. — 28,81%, то беларускага — 26,12%. Нязначнай была доля беларусаў сярод рабочага класа (23%) і гар. насельніцтва (каля 17,1%). Дэкларацыя правоў народаў Расіі (2(15).11.1917] і Дэкларацыя правоў працоўнага і эксплуатуемага народа (12(25).1.1918] далі пачатак ажыццяўленню Н.п. бальшавікоў на аснове права нацый на самавызначэнне.

1.1.1919 утворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У канцы 1922 БССР разам з РСФСР, УССР і ЗСФСР стала адной з рэспублік — заснавальніц СССР. Тэарэт. аснову рэгулявання міжнац. адносін у СССР складала марксісцка-ленінскае вучэнне (гл. Марксізм-ленінізм) аб нацыі, нац. пытанні, прыярытэце пралетарскай класавай салідарнасці над інш. праявамі грамадскага жыцця. За гады сав. улады на аснове Н.п. атрыманы важкія здабыткі ў эканоміцы, адукацыі, кнігавыдавецкай справе, мастацтве, кінематографе і інш. Пралетарскі інтэрнацыяналізм вышэй за ўсё ставіў яднанне людзей на аснове класавай прыналежнасці і свядомасці. Гэта, з аднаго боку, забяспечвала існаванне агульнай дзяржавы для больш чым 100 нацый і народнасцей, садзейнічала іх эканам. і духоўнаму развіццю, а з другога — нярэдка вяло да штучнай нівеліроўкі іх нац.-этнічных асаблівасцей. Перагібы ў нац. сферы праяўляліся ва уніфікацыі сац. структуры грамадства ў рамках усяго СССР, у якой няпоўнасцю ўлічваліся вытв. магчымасці той ці інш. мясцовасці або рэгіёна. Адмоўную ролю адыгрывалі цэнтралізацыя і адм.-камандныя метады кіравання. Таму сусв. гіст. тэндэнцыі ў нац. адносінах — уздым нац. жыцця і імкненне да інтэрнацыяналізацыі — мелі не заўсёды гарманічны характар, паступова напаўняліся адмоўнымі праявамі. Гэта выявілася (канец 1980 — пач. 1990-х г.) у нац. канфліктах у Алма-Аце, Тбілісі, Крыме, Нагорным Карабаху, Вільнюсе і інш. У выніку пад уплывам розных фактараў было пастаўлена пытанне пра перагляд саюзнага дагавора ад 30.12.1922 і адбылася яго дэнансацыя 8.12.1991 у Віскулях (гл. ў арт. Белавежскія пагадненні 1991). У Беларусі ажыццяўленне Н.п. прадугледжвала пераадоленне эканам. і культ. адсталасці, што склалася гістарычна, развіццё нац. дзяржаўнасці, удасканаленне нац.-дзярж. будаўніцтва ў цеснай сувязі з умацаваннем федэратыўных адносін БССР з РСФСР і інш. сав. рэспублікамі. Значнае месца ў правядзенні Н.п. займала фарміраванне тэрыторыі (гл. ў арт. Узбуйненне БССР). Вырашэнне гэтага пытання было ў асн. завершана ў вер. 1939 пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Значнай падзеяй для Беларусі стаў уваход яе ў 1945 у ААН. У пасляваен. перыяд у рэспубліцы сталі развівацца машынабудаванне, хім. прам-сць, здабыча калійных солей, навукаёмістая вытв-сць. Сістэматычна расла колькасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Паступова ўлік асаблівасцей бел. эканомікі стаў чыста сімвалічным, паколькі Беларусь усё больш ператваралася ў рэгіён, які абапіраўся на пастаўкі з розных куткоў СССР. У канцы 1950-х г. БССР, як і інш. саюзныя рэспублікі, у адпаведнасці з рашэннямі XX з’езда КПСС (1956) і 7-й сесіі Вярх. Савета СССР (1957) пашырыла свае правы ў вырашэнні пытанняў адм.-тэр падзелу, эканам. і бюджэтнай палітыцы. Аднак да прынцыповых дэмакр. змен у адносінах паміж саюзнымі органамі ўлады і рэспублікамі гэтыя меры не прывялі. Н.п. ў Беларусі ўсё больш абмяжоўвалася правядзеннем розных мерапрыемстваў у сферах ідэалогіі і культуры. Тут таксама праяўляліся супярэчнасці паліт. і дзярж. сістэм, што знайшло адлюстраванне ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. Хоць яна дэкларавала пабудову развітога сацыяліст. грамадства, стварэнне гіст. супольнасці людзей — сав. народа, шэраг праблем у матэрыяльным, культ. і духоўным жыцці насельніцтва заставаўся нявырашаным. Асабліва гэта назіралася ў сац. сферы ў параўнанні з многімі замежнымі краінамі, звужэнні сферы выкарыстання бел. мовы, развіцці гуманітарнай адукацыі. Разам з тым атрымалі пашырэнне цікавыя формы міжнац. адносін у культ. жыцці: дэкады нац. культур, дні л-ры сав. рэспублік, абмен дэлегацыямі, сумесныя паездкі дзеячаў культуры, л-ры і мастацтва на новабудоўлі, удзел у правядзенні міжнац. свят і інш. Але ў выніку заарганізаванасці іх змест часта выпустошваўся.

Н.п. не перашкаджала масаваму перасяленню людзей у інш. рэгіёны СССР у форме правядзення важных эканам. мерапрыемстваў. Так, у 1950—70-я г. ў час асваення на У цалінных і абложных зямель, буд-ва Байкала-Амурскай магістралі за межамі БССР апынулася больш за 900 тыс. грамадзян Беларусі (прыкладна 80% з іх беларусы). Перасяленцам даводзілася прымаць дадатковыя захады, каб захаваць традыцыі нац.-культ. жыцця. Моцны ідэалаг. ўціск адчувалі на сабе грамадскія навукі, у задачу якіх уваходзіла распрацоўка тэарэт. асноў Н.п. Нярэдка аўтарам навук. прац адводзілася роля простых каментатараў. У кантэксце працэсаў суверэнітызацыі, якія ў канцы 1980-х г. ахапілі рэспублікі СССР, 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб Дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Важнае месца ва ўнутр. і знешняй палітыцы Рэспублікі Беларусь адводзіцца захаванню незалежнасці і суверэнітэту бел. дзяржавы. Гэты курс знайшоў адлюстраванне ў заканадаўчых і нарматворчых актах. Асн. палажэнні Н.п. замацаваны ў абноўленым тэксце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі). У наш час суб’ектамі Н.п. ў Беларусі з’яўляюцца Нац. сход, Савет Міністраў і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, розныя грамадскія аб’яднанні і паліт. партыі.

Літ.:

Итоги разрешения национального вопроса в СССР. М., 1936;

Многонациональное советское государство. М., 1972;

В.И. Ленин о национальном вопросе и национальной политике. М., 1989;

Перабудова і міжнацыянальныя адносіны = Перестройка и межнациональные отношения. Мн., 1989;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95.

Я.І.Бараноўскі.

т. 11, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЕКТЫ́ЎНАЯ РЭА́ЛЬНАСЦЬ,

сукупнасць незалежных ад чалавечай свядомасці аб’ектаў, сувязяў, адносін, узаемадзеянняў, працэсаў, аб’яднаных у нежывыя, жывыя і сац.-арганізаваныя сістэмы. Жывыя сістэмы ўключаюць усю сукупнасць арганізмаў, здольных да самаўзнаўлення на аснове генетычнай інфармацыі. Сац.-арганізаваныя сістэмы — гэта сукупнасць індывідуумаў і іх згуртаванняў, якія падтрымліваюць сваё існаванне праз пераўтварэнне навакольнай рэчаіснасці. У структуру такіх сістэм уваходзяць таксама створаныя чалавекам тэхн. сістэмы, з дапамогай якіх ён больш паспяхова асвойвае рэчаіснасць. Унутраная падпарадкаванасць і сістэмная арганізацыя, якімі валодае аб’ектыўная рэальнасць, законы яе эвалюцыі складаюць найважнейшы элемент даследаванняў. З улікам характару аспектаў аб’ектыўнай рэальнасці, якія даследуе тая ці інш. дысцыпліна, вылучаюць фіз. рэальнасць, біял. рэальнасць і г.д. і адпаведна карціну фіз. рэальнасці, карціну біял. рэальнасці і г.д. як найбольш буйныя блокі ведаў. Агульныя характарыстыкі аб’ектыўнай рэальнасці адлюстроўвае агульнанавук. карціна сусвету.

Літ.:

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Пригожин И., Сонгере И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой. М., 1986;

Проблемы познания социальной реальности. М., 1990.

У.К.Лукашэвіч.

т. 1, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІ́ЙСКАЯ МО́ВА,

адна з германскіх моў. Родная мова каля 400 млн. чал., другая мова для больш як 200 млн. насельніцтва Індыі, Пакістана і інш. (1992). Адзіная дзярж. мова больш як у 20 краінах, мае афіц. статус у розных краінах Азіі і Афрыкі, адна з 6 афіц. і рабочых моў ААН. Шматлікія рэгіянальныя варыянты англійскай мовы (найб. значныя — брыт., амер., аўстрал., у межах якіх існуюць розныя мясц. дыялекты) адрозніваюцца пераважна фанетыкай і лексікай. Англійская мова вядзе пачатак ад мовы англаў, саксаў і ютаў, што ў 5 ст. захапілі Брытанію. Фарміравалася пад уплывам кельцкай, скандынаўскіх і франц. моў. Сучасная англійская мова мае сістэму фанем, амаль палова з якіх — галосныя. Граматычны лад пераважна аналітычны, асн. сродкі перадачы адносін паміж словамі і словазлучэннямі службовыя словы і фіксаваны парадак слоў у сказе. Значная частка лексікі — запазычанні, асабліва з лац. і франц., а зараз таксама з яп., ісп. і інш. моў. Актыўныя спосабы словаўтварэння — афіксацыя, словаскладанне і безафікснае словаўтварэнне (канверсія). Пісьменства з 8—9 ст. на лац. аснове.

З.А.Харытончык.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАБІ́СТАЯ ДАПАМО́ЖНАЯ ГАСПАДА́РКА,

гаспадарка грамадзян на прысядзібных участках. У СССР пасля калектывізацыі лічылася неперспектыўнай і цярпела істотныя абмежаванні (вял. падаткі, забарона на набыццё коней і тэхнікі на ўласныя патрэбы, абмежаванне на ўтрыманне жыўнасці і гэтак далей). З ажыццяўленнем зямельнай рэформы ў час пераходу да рыначных адносін ствараюцца больш спрыяльныя ўмовы для яе развіцця: участкі зямлі для асабістай дапаможнай гаспадаркі павялічаны да 1 га (з правам іх прыватызацыі), дазволена трымаць коней, набываць с.-г. машыны, наймаць сезонных работнікаў, наладжаны выпуск малагабарытнай тэхнікі і гэтак далей. У 1994 на Беларусі было 1 млн. 905,6 тыс. асабістых дапаможных гаспадарак. Займаючы 15,1% усіх с.-г. угоддзяў, яны далі 85,3% бульбы, 22,1% мяса (у забойнай вазе), 35,8% малака, 42,6% яек, 67,1% воўны ад агульнарэсп. іх вытворчасці. З павелічэннем зямельнага надзелу, павышэннем узроўню тэхн. аснашчанасці і таварнасці асабістыя дапаможныя гаспадаркі фактычна набліжаюцца да сял. гаспадарак. У міжнар. стандартах статыстыкі і аналізу прыняты больш шырокі тэрмін — дамашняя гаспадарка.

У.Ф.Тарасевіч.

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ТЧЫННАЯ ТЭО́РЫЯ,

сістэма поглядаў, паводле якой сярэдневяковая вотчына ў Зах. Еўропе разглядалася як вызначальны інстытут, у сац.-эканам., паліт. і культ. жыцці сярэднявечча. Зарадзілася ў ням. гістарыяграфіі ў канцы 18 — пач. 19 ст., сфарміравалася ў 1870—80-я г. Прыхільнікі вотчыннай тэорыі даказвалі, што буйная вотчына поўнасцю паглынула ўсе астатнія формы землекарыстання і да 13—14 ст. у рамках вотчыны існавала гармонія інтарэсаў феадалаў і сялян. Частка прадстаўнікоў вотчыннай тэорыі (ням. даследчыкі К.Т.Інама-Штэрнег, К.Лампрэхт, рус. П.Г.Вінаградаў і інш.) спалучала яе з асобнымі прынцыпамі абшчыннай тэорыі, звязваючы ўзнікненне вотчыны з працэсам ператварэння свабодных земляробаў-абшчыннікаў у феад.-залежных сялян і прызнаючы істотную розніцу паміж эпохай ранняга сярэднявечча і перыядам сталых феад. адносін. Група вучоных (Н.Д.Фюстэль дэ Куланж у Францыі, Ф.Сібам у Вялікабрытаніі) адмаўляла існаванне свабоднай абшчыны ў мінулым і разглядала вотчыну з уласцівай ёй залежнасцю земляроба ад уласніка зямлі як адзін з найпершых ін-таў чалавецтва. Да сярэдзіны 20 ст. вотчынная тэорыя страціла сваё значэнне.

т. 4, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕРЛЬ ((Husserl) Эдмунд) (8.4.1859, г. Просніц, Чэхія — 26.4.1938),

нямецкі філосаф, заснавальнік фенаменалогіі. Праф. у Гале, Гётынгене і Фрайбургу. Паводле Гусерля, філасофія не мае ніякіх адносін ні да навакольнага свету, ні да навук, што яе вывучаюць; яе прадмет — гэта толькі з’явы (феномены) свядомасці, якія разглядаюцца як адзіныя і непасрэдна дадзеныя. Гэтыя феномены ён разглядаў як абсалютныя сутнасці, што маюць усеагульнае значэнне і не залежаць ад індывід. свядомасці; асабістыя перажыванні суб’екта, яго ўспрыманне і інтуіцыя складаюць асн. крытэрый ісціны. Ідэі Гусерля сталі філас. асновай экзістэнцыялізму, паўплывалі на развіццё філас. антрапалогіі неатамізму, структуралізму, некат. навук. школ у псіхалогіі, псіхіятрыі, літ.-знаўстве, метадалогіі навукі.

Тв.:

Husserliana. Gesammelte Werke. Bd. 1—26. Den Haag, 1950—84;

Рус. Пер. — Логические исследования. Ч. 1. Пролегомены к чистой логике. СПб., 1909;

Кризис европейского человечества и философия // Вопр. философии. 1986. № 3;

Логические исследования. Т. 2, ч. 1. Исследования по феноменологии и теории познания. Исслед. V. Об интенциональных переживаниях и их «содержаниях» // Проблемы онтологии в современной буржуазной философии. Рига, 1988.

В.В.Краснова.

т. 5, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́Р АБ САЮ́ЗЕ БЕЛАРУ́СІ І РАСІ́І 1997.

Падпісаны 2.4.1997 у Маскве Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам і Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі Б.М.Ельцыным. Лагічна вынікае з Дагавора аб Супольніцтве Беларусі і Расіі 1996, замацоўвае яго прынцыпы і нормы і адначасова адкрывае новую старонку ў адносінах паміж Рэспублікай Беларусь і Рас. Федэрацыяй як дзвюма суверэннымі дзяржавамі. Дагавор надае якасна новы характар працэсу бел.-рас. інтэграцыі, яднанню бел. і рус. народаў, іх намаганняў у развіцці эканомікі і культуры. Мэты дагавора: умацаванне адносін братэрства, дружбы і супрацоўніцтва ў паліт., эканам., сац., ваен., навук., культ. і інш. галінах; павышэнне ўзроўню жыцця народаў і стварэнне спрыяльных умоў для ўсебаковага гарманічнага развіцця асобы; устойлівае сац.-эканам. развіццё гэтых дзяржаў на аснове аб’яднання матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялаў, выкарыстання рыначных механізмаў і функцыянавання эканомікі; гарантыя бяспекі і падтрымання абараназдольнасці, сумесная барацьба са злачыннасцю і інш. Неад’емным элементам Саюза Беларусі і Расіі з’яўляецца Статут, які мае сілу міждзярж. дагавора і стварае ў сукупнасці з інш. міждзярж. дагаворамі аснову правасуб’ектнасці Саюза.

А.І.Галаўнёў.

т. 5, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКО́Н (юрыд.),

нарматыўна-прававы акт, прыняты вышэйшым прадстаўнічым органам дзярж. улады або шляхам усенар. галасавання (рэферэндуму). З. рэгулюе найб. важныя грамадскія адносіны, валодае вышэйшай юрыд. сілай у адносінах да нарматыўных актаў усіх інш. органаў дзяржавы. Ён складае аснову сістэмы права дзяржавы. Як самаст. крыніца права З. склаўся яшчэ ў старажытнасці і прыйшоў на змену прававому звычаю. Для З. характэрны асобы парадак прыняцця, спец. заканатворчая працэдура, якая распадаецца на шэраг стадый: заканадаўчую ініцыятыву, абмеркаванне праекта, прыняцце З., абнародаванне закону. Адрозніваюць канстытуцыйны З., які змяняе канстытуцыю, уносіць у яе папраўкі і дапаўненні або па сваёй сутнасці і важнасці рэгулюемых адносін прыраўноўваецца да канстытуцыі, і звычайны З., які выдаецца ў адпаведнасці з канстытуцыяй. Асн. З. дзяржавы з’яўляецца канстытуцыя. У федэратыўных дзяржавах адрозніваюць З. федэральныя і З. суб’ектаў федэрацыі. Асобную катэгорыю складаюць надзвычайныя З., якімі ў час абвешчанага ў краіне надзвычайнага становішча абмяжоўваюцца правы і свабоды грамадзян і правы юрыд. асоб (гл. Надзвычайнае заканадаўства).

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)