АМПЛІТУ́ДА (ад лац. amplitudo велічыня),

1) найбольшае (па абс. значэнні) адхіленне ад нуля перыядычна зменнай фіз. велічыні (напр., найб. зрушэнне маятніка ад стану раўнавагі).

2) Рознасць паказанняў на шкале вымяральнай прылады (барометра, тэрмометра і інш.).

3) У матэматыцы — адна з характарыстык перыяд. функцый (сінуса, косінуса і інш.).

4) У пераносным сэнсе — размах, шырыня.

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМРЫКЯ́Н (Міхрдат Аванесавіч) (13.5.1843, Тбілісі — 17.2.1879),

армянскі акцёр, тэатр. дзеяч; адзін з заснавальнікаў сцэн. рэалізму ў арм. т-ры. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1859. Працаваў у Ерэване, Александропалі, Шушы, Канстанцінопалі. З яго імем звязаны традыцыі сцэн. ўвасаблення вобразаў у п’есах Г.​Сундукяна. Адна з лепшых роляў — Франц Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера). Выступаў як тэатр. крытык.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ВІЛЬГО́ТНАСЦЬ ПАВЕ́ТРА,

колькасць вадзяной пары ў адзінцы аб’ёму паветра, адна з характарыстык вільготнасці паветра. Выражаецца ў грамах на кубічны метр. Вагаецца ад 0,1—1 г/м³ (зімой над мацерыкамі, у палярных шыротах) да 30 г/м³ і больш (у экватарыяльнай зоне). На Беларусі — ад 1,5 г/м³ зімой да 14 г/м³ летам.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЖЭ́ (Berger),

карставая бездань у Зах. Альпах, у масіве Веркор, на тэр. Францыі. Уваход на выш. 1460 м, глыб. 1248 м (адна з найглыбейшых на Зямлі). На глыб. больш за 200 м бездань пераходзіць у пячору (Вялікую галерэю), якая апускаецца па нахіле слаёў. У глыбіні — вял. каньён, вадаспад Урагана. Спадзістая апошняя ч. заканчваецца водным сіфонам.

т. 3, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗОКСІЦУКРЫ́,

монацукрыды, у малекулах якіх адна або некалькі гідраксільных груп замешчаны атамамі вадароду. Вядома каля 100 Д. Паводле хім. будовы падзяляюцца на дэзоксіальдозы (вельмі пашыраны, напр., дэзоксірыбоза) і дэзоксікетозы (вядома некалькі, надзвычай пашыраны іх вытворныя, напр., нейрамінавая кіслата і сіялавыя кіслоты). Большасць вытворных Д. маюць Д-форму, многія Д- і L-формы атрыманы сінтэтычна.

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКО́ДЭР (ад дэ... + лац. codex звядзенне),

сістэмы каляровага тэлебачання, разнавіднасць дэшыфратара; прыстасаванне (блок) тэлевізара для дэкадзіравання відэасігналаў па алгарытме, адваротным кадзіраванні (гл. Кодэр). Бывае адна- (напр., Д. СЕКАМ) і шматсістэмны (напр., Д. ПАЛ/СЕКАМ). Атрыманыя на выхадзе сігналы яркасці і колерарознасныя сігналы падаюцца на кінескоп непасрэдна або пасля пераўтварэння ў сігналы асн. колераў.

т. 6, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЬКРЭ́ДЭРЭ (ад італьян. del credere напавер),

у цывільным праве адна з умоў дагавору камісіі. Заключаецца ў прыняцці камісіянерам на сябе парукі за выкананне трэцяй асобай здзелкі, якая робіцца камісіянерам на карысць камітэнта. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь камісіянер, які прыняў Д., атрымлівае ад камітэнта асобнае ўзнагароджанне, памер якога вызначаецца пагадненнем бакоў, калі іншае не ўстаноўлена законам.

т. 6, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАЛО́ДНЫЯ ПАХО́ДЫ»,

адна з формаў барацьбы беспрацоўных у час сусв. эканам. крызісу 1929—33. Удзельнікі паходаў у сталічныя ці вялікія адм. гарады ставілі свае патрабаванні ўрадам і парламентам, галоўныя з якіх — дзярж. страхаванне па беспрацоўі і выдача дапамогі беспрацоўным. Самыя вялікія «галодныя паходы» былі ў ЗША (1931, 1932) і Вялікабрытаніі (1932, 1933 і інш.).

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛО́МА (Glomma),

рака на Пд Нарвегіі, адна з самых вял. на Скандынаўскім п-ве. Даўж. 611 км, пл. бас. 41,8 тыс. км². Пачынаецца з азёр на У Сёр-Трэндэлага, цячэ па даліне Эстэрдаль, перасякае мноства азёр, утварае вадаспады. Упадае ў праліў Скагерак. Сярэдні расход вады 440 м³/с. Лесасплаў. ГЭС. Суднаходства на асобных участках.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАВЕ́ЙНІЦА»,

бел. нар. танец, блізкі да «Мяцеліцы». Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. Танцоры, нагнуўшыся, парамі прабягаюць пад ручніком, які трымае ў выглядзе аркі адна з пар. Аснова танца — слізготны рух «кроку-бегу» з імклівымі паваротамі і чаргаваннем пар, якія выбягаюць з-пад аркі направа і налева, што стварае ілюзію ўрагану, мяцеліцы.

т. 6, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)