від зброі, заснаваны на выкарыстанні паскораных часціц высокіх энергій. Па сваіх уласцівасцях блізкая да прамянёвай зброі; вызначаецца больш эфектыўным паражэннем цэляў (аб’ектаў).
Прынцып дзеяння ўключае генерацыю, факусіроўку і навядзенне на цэль інтэнсіўнага імпульснага (ці неперарыўнага) пучка зараджаных часціц з энергіяй да 1 ГэВ (гл.Паскаральнікі зараджаных часціц). Паражальныя фактары: мех. пашкоджанні, падрыванне зараду боепрыпасаў, вывядзенне са строю электроннага абсталявання за кошт радыяцыйнага ўздзеяння і эфектаў эл.-магн. імпульсу. Выкарыстоўваецца ў комплексах стратэгічнай проціракетнай абароны, у т. л.касм. базіравання.
Літ.:
Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМЕ́ННЕ,
універсальная аперацыя мыслення, якая характарызуецца засвойваннем новых ведаў і іх уключэннем у сфарміраваную сістэму светапогляду; здольнасць усвядоміць сэнс і значэнне аб’ектаў сацыякульт. і прыроднай рэчаіснасці. Вызначаецца лагічнай упарадкаванасцю, асэнсаваннем прычынна-выніковых сувязей навакольных з’яў. Развіваецца ў працэсе зносін паміж людзьмі і засваення культ.-гіст. спадчыны. Гал. функцыя Р. — каардынацыя дзеянняў чалавека і ўсіх відаў камунікацыі. Да псіхал. механізмаў Р. адносяцца ідэнтыфікацыя, інсайт, інтуіцыя, каузальная атрыбуцыя, праекцыя, сац. перцэпцыя і эмпатыя. Р. даследуецца ў псіхалогіі, філасофіі, сацыялогіі, літ.-знаўстве і інш.; з’яўляецца асн. катэгорыяй навукі аб Р. тэкстаў — герменеўтыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКУ́ПНАСЦЬ ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ,
сукупнасць сац.аб’ектаў, якія належаць вывучэнню ў межах, азначаных праграмай сацыялагічных даследаванняў. Гэта аб’екты, якія маюць прасторава-часавыя межы або прадстаўляюць яўную ці гіпатэтычную мадэль пры інш. відах несуцэльнага назірання. Прасторавыя межы могуць быць геагр. (тэрытарыяльныя), напр., вобласць, раён, прадпрыемства, або вызначацца як занятае насельніцтва, дарослае насельніцтва ад 18 гадоў, вучні школ, работнікі прамысл. прадпрыемства і інш. Часавыя межы — перыяд і тэрмін, калі праводзяцца даследаванні (сезон, цыкл вытв-сці). Звычайна на практыцы даследуецца толькі частка С.г. (выбарачная сукупнасць), якая павінна з неабходнай дакладнасцю адпавядаць усёй С.г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫШКЕ́ВІЧ Рэгіна Іосіфаўна (н. 20.10.1929, Мінск),
бел. матэматык. Д-рфіз.-матэм.н. (1984), праф. (1986). Засл. работнік нар. адукацыі Рэспублікі Беларусь (1992). Скончыла БДУ (1952), дзе і працуе з 1956. Навук. працы па алгебры, тэорыі графаў, камбінаторным аналізе. Пабудавала асновы агульнай тэорыі дэкампазіцыі графаў, дастасаванай да класіфікацыйных і пералічальных задач пры экспаненцыйна вял. колькасці аб’ектаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Перестановочные матрицы. Мн., 1966 (разам з Дз.А.Супруненкам);
Лекции по теории графов. М., 1990 (у сааўт.);
Decomposition of graphical sequences and unigraphs // Discrete mathematics. 2000. Vol. 220.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАКАРО́ТКІЯ ХВА́ЛІ (УКХ),
дыяпазон радыёхваль з даўжынямі ўмоўна ад 10 м да 1 мм (гл.Радыёчастоты). Характэрная асаблівасць — адсутнасць рэгулярнага люстранага адбіцця ад іанасферы, за выключэннем загарызонтнага распаўсюджвання за кошт рассейвання на іанізаваных метэорных слядах (метэорная радыёсувязь) ці пры наяўнасці спарадычных слаёў трапасферы (гл.Трапасферная радыёсувязь), здольных адбіваць УКХ. Выкарыстоўваюцца ў сістэмах сувязі, радыё- і тэлевізійнага вяшчання, радыёлакацыі, блізкіх радыёнавігацыі і радыёастранавігацыі, радыётэлекіраванні, пры вывучэнні атмасфер зорак, планет і туманнасцей (радыёастраномія), у медыцыне для вызначэння т-ры біял.аб’ектаў (радыётэрмаграфія), пры вывучэнні структуры і саставу рэчыва (радыёспектраметрыя) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІФІКА́ЦЫЯ [ад лац. unus (uni) адзін + facio раблю],
забеспячэнне рацыянальнай аднастайнасці розных відаў аб’ектаў; працэс прывядзення сродкаў вытворчасці або іх элементаў да адзіных формы, памераў, структуры, складу. Накіравана на ўстараненне разнастайнасці тыпаў і тыпапамераў вырабаў, зборачных адзінак, дэталей, канструктыўных элементаў, а таксама тэхнал. працэсаў, спосабаў вырабу, метадаў выпрабавання, кантролю і г.д. Разам са стандартызацыяй павышае ўзровень спецыялізацыі вытв-сці, забяспечвае выкарыстанне рацыянальнай колькасці тыпапамераў вырабаў, іх параметраў, складу выкарыстоўваемых матэрыялаў, тэхнал. працэсаў. Спрашчае праектаванне вырабаў і скарачае тэрміны ўкаранення новай тэхнікі, дазваляе паляпшаць эканам. паказчыкі, павышае прадукцыйнасць працы і якасць прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УХІЛЕ́ННЕ АД УПЛА́ТЫ ПАДА́ТКАЎ,
правапарушэнне супраць парадку ажыццяўлення эканам. дзейнасці дзяржавы. Учыняецца шляхам угойвання ці наўмыснага заніжэння прыбыткаў, даходаў, аб’ектаў падаткаабкладання або шляхам ухілення ад падачы дэкларацыі пра даходы і маёмасць, што пацягнула за сабой прычыненне шкоды ў буйных памерах. У Рэспубліцы Беларусь крымін. адказнасць за такія дзеянні прадугледжана арт. 243 КК: вінаваты ў іх можа быць пазбаўлены права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, прыцягнуты да арышту і абмежаванню свабоды, а ў выключных выпадках асуджаны да доўгатэрміновага пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́РНІКЕ (Zernicke) Фрыц (сапр. імя Фрэдэрык; 16.7.1888, Амстэрдам — 10.3.1966),
галандскі фізік. Чл.Нідэрл. каралеўскай АН (1946), замежны чл.
Лонданскага каралеўскага т-ва (1956). Скончыў Амстэрдамскі ун-т (1912). У 1913—58 у Гронінгенскім ун-це (з 1920 праф.). Навук. працы па стат. механіцы, тэорыі вадкасцей, электрамагнетызме, оптыцы і матэм. статыстыцы. Прапанаваў метад фазавага кантрасту (1934) і вынайшаў фазава-кантрастны мікраскоп (1935), што зрабіла магчымым назіранне з дапамогай мікраскопа празрыстых бясколерных аб’ектаў, Яго імем названы кратэр на адваротным баку Месяца. Нобелеўская прэмія 1953.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТЭРБУР (Lauterbur) Пол (н. 6.5.1929, г. Сідні, ЗША),
амерыканскі вучоны ў галіне радыялогіі. Чл.Нац.АН ЗША (1985). Д-р філасофіі (1962). Скончыў Тэхнал.ін-т (1951, г. Кліўленд). З 1969 праф. Нью-Йоркскага, з 1985 — Ілінойскага ун-таў, адначасова дырэктар біямед. магнітна-рэзананснай лабараторыі ў мед. каледжы ун-та. Навук. працы па атрыманні з дапамогай градыента магн. поля двухмерных відарысаў аб’ектаў, якія не паддаваліся візуалізацыі інш. метадамі. Стварыў метад надзейнага, няшкоднага, неінвазіўнага даследавання ўнутр. органаў чалавека — магнітна-рэзананснай тамаграфіі. Нобелеўская прэмія 2003 (з П.Мэнсфілдам; гл. Дадатак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РАПІСЫ СТАТЫСТЫ́ЧНЫЯ,
спецыяльныя статыстычныя абследаванні, якія фіксуюць поўны ўлік і характарыстыку адзінак вывучаемай сукупнасці. Уключаюць: суцэльную рэгістрацыю адзінак, што складаюць якую-н. з’яву; правядзенне назіранняў на пэўны момант Часу; максімальна кароткі тэрмін П.с.; запіс сабраных звестак у спец. фармуляр (перапісны ліст); перыядычнасць П.с. з мэтай супастаўлення вынікаў. Адрозніваюць П.с. перыядычныя (перапісы насельніцтва, рэдкіх металаў, вагонаў і інш.); неперыядычныя, або разавыя (асн. фондаў, работнікаў, жыллёвага фонду і інш.), прамысловыя (абследаванні прадпрыемстваў), сельскагаспадарчыя (збор звестак пра элементы с.-г. вытв-сці), гнездавыя (некат. групы насельніцтва, пэўныя тэрыторыі і інш.).
Улік насельніцтва вядомы са стараж. часоў. У Расіі ў 1638 праведзены першы перапіс промыслаў і заняткаў насельніцтва, царк. прыходаў. У 18 ст. для перапісаў распрацоўваліся спец. праграмы і інструкцыі; П.с. рэгістраваліся ў спец. кнігах (пісцовых, дарожных. межавых). Пасля рэформы 1861 праводзіліся перапісы для ацэнкі эканам. патэнцыялу, становішча краіны: сялянскіх абшчын, ваенна-конныя, абследаванне саматужнай прам-сці і інш. У 1916 зроблены 1-ы с.-г. перапіс. Пасля 1917 праводзіліся перапісы камунальных прадпрыемстваў, матэрыяльных рэсурсаў, аб’ектаўбуд-ва, пасяўных плошчаў, пладова-ягадных насаджэнняў, жывёлы, с.-г. тэхнікі і інш.
На Беларусі ў 1900-я г. праводзіліся П.с.: неўстаноўленага абсталявання і асн. фондаў (практычна кожны год), жывёлы ў грамадскіх гаспадарках і ў насельніцтва, садоў і садовых пладова-ягадных культур (1998), прыватных гандл. прадпрыемстваў і аб’ектаў незавершанага буд-ва (2000). У інш. краінах П.с. праводзяцца пераважна для ўліку насельніцтва. У міжнар. статыстыцы вядомы сусв. перапіс насельніцтва і перапіс валют.