помнік архітэктуры сталага барока ў г. Ліда Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1765 ці 1747—70 (арх. І.К.Глаўбіц). Храм з прамавугольнай алтарнай часткай, якая прадаўжае цэнтр. неф, і 2 квадратнымі ў плане сакрысціямі. Гал. фасад завершаны фігурным шчытом з трохвугольным франтонам, расчлянёны слаістымі пілястрамі. Бакавыя фасады апяразаны прафіляваным карнізам і рытмічна члянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. Інтэр’ер упрыгожаны фрэскавай размалёўкай, скульптурай і арнаментальнай лепкай. У ім 3 мураваныя алтары, цэнтральны раскрапаваны 4 калонамі карынфскага ордэра, размаляванымі пад мармур, і спаранымі пілястрамі гэтага ж ордэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЁНСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1831 і 1834,
узброеныя выступленні рабочых і рамеснікаў, занятых у шаўкаткацкай вытв-сці г. Ліён (Францыя) у перыяд Ліпеньскай манархіі. Паўстанне 1831 пачалося 21 ліст. ў адказ на адмову ўладальнікаў мануфактур павысіць заработную плату і прыняць новыя расцэнкі. 23 ліст. паўстанцы авалодалі горадам, але 1—3 снеж. былі пераможаны ўрадавымі войскамі. Паўстанне 1834 мела пераважна рэсп. характар, было накіравана на заваяванне дэмакр. свабод і абарону правоў працоўных. Пачалося 9 крас. як пратэст супраць забароны рабочых асацыяцый і расправы ўлад над удзельнікамі стачкі (лют. 1834). Праходзіла пад кіраўніцтвам Аб’яднанага к-тарэсп.-дэмакр. арг-цый на чале з Ш.Лагранжам. 15 крас. жорстка задушана войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́КІЯ (грэч. Lykia),
старажытная краіна на Пд М. Азіі. У 1-м тыс. да н.э. заселена лікійцамі, якія да асіміляцыі грэкамі (3 ст. да н.э.) размаўлялі на адной з хета-лувійскіх моў і карысталіся да 5—4 ст. да н.э. літарным пісьмом. З 546 да н.э.пад уладай персаў, у канцы 4 ст. да н.э. ў дзяржаве Аляксандра Македонскага. У 295 да н.э. падпарадкавана Пталамеямі. У 197 да н.э. заваявана Антыёхам III, пасля перамогі над якім рымляне перадалі Л. Радосу. Пасля шматлікіх паўстанняў у 169 да н.э. лікійцы дамагліся незалежнасці ад Радоса, атрымалі аўтаномію ў складзе Рым. дзяржавы. З 43 да н.э.рым. правінцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПАГРАМАТЫ́ЧНЫ ВЕРШ,
верш, інструментаваны такім чынам, што ў ім адсутнічае які-небудзь адзін ці некалькі гукаў (літар). Часам Л.в. ствараюць дзеля мілагучнасці. Часцей за ўсё Л.в. — гэта своеасаблівы верш-забава, які дэманструе версіфікатарскія здольнасці паэта і гукавыя магчымасці пэўнай мовы. У бел. паэзіі Л.в. надзвычай рэдкія. Адзін з нямногіх — «Матылёк» Р.Барадуліна, у якім выразная алітэрацыя на «л» і ні разу не ўжыты гук «р»:
Лілею
млявы
плёс
люляе,
З-пад злежалых
аблок
здалёк
Ляціць віхлясты і бялявы
Пялёстак лёгкі —
матылёк.
Ён кліча у блакіт лілею —
Каб не любіла больш да слёз
Бліскучы ад лускі і глею
Самлелы,
абмялелы
плёс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ СЫН МАН (26.3.1875, б.прав. Хванхэ, Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспубліка — 19.7.1965),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Д-р філасофіі (1910). Знаходзіўся ў роднасных сувязях з дынастыяй Лі. Скончыў Вашынгтонскі, Прынстанскі і Гарвардскі ун-ты (ЗША). З 1896 удзельнік кар.нац. руху; у 1898—1904 зняволены за арганізацыю студэнцкіх дэманстрацый. З 1904 у ЗША. У 1919—39 прэзідэнт т.зв. Кар часовага ўрада ў выгнанні. У вер. 1945 вярнуўся ў Карэю з амер. войскамі. З 1948 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. Пад націскам масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у крас. 1960 падаў у адстаўку. З 1960 у эміграцыі на Гавайскіх а-вах (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ДАСІ, Лодаскае возера,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Страча, за 22 км на ПдЗ ад г. Паставы, каля в. Лодасі. Пл. больш за 1 км², даўж. 1,83 км, найб.шыр. 0,9 км, найб.глыб. 7,5 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 17,5 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, разараныя, на Пд да 10 м, пад хмызняком. Берагі месцамі абразійныя, зліваюцца са схіламі, на З сплавінныя. У паўн.-зах. частцы возера востраў пл. 0,8 га. Ложа выслана ілам, уздоўж берагоў пяском. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці 10—30 м да глыб. 2,5 м. На ПнЗ злучана пратокай з воз. Саранчаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУБАЕ́ДЫ (Hylesininae),
падсямейства жукоў сям. караедаў. Каля 1000 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. трапляюцца ў лясной і лесастэпавай зонах умеранага пояса Паўн. паўшар’я. На Беларусі 19 відаў, найб. пашыраны 4 віды: Л. вялікі хваёвы (Blastophagus piniperda), Л. малы хваёвы (B. minor), Л. вялікі яловы (Dendroctonus micans) і Л. пушысты (Polygraphus polygraphus).
Даўж. да 12 мм, цела цыліндрычнае, карычневае, бурае або чорнае. Лічынкі бязногія, голыя, крыху выгнутыя. Кукалкі белыя. Жукі і лічынкі пракладваюць хады пад карой, у абалоне, лубе (адсюль назва) дрэў і кустоў. Шкоднікі насаджэнняў.
Лубаеды: 1 — вялікі яловы; 2 — вялікі хваёвы; 3 — малы хваёвы (а — жук; б — лічынка; в — пашкоджаныя галінка і дрэва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЖКО́ЎСКІ МІХА́ЙЛАЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры ракако ў в. Лужкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1744—56 з цэглы пры Лужкоўскім піярскім калегіуме па фундацыі полацкага кашталяна В.Жабы, у 1843 перабудаваны падправасл. царкву. Аднанефавы 2-вежавы храм з акруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. 4-ярусныя чацверыковыя вежы пастаўлены вуглом да плоскасці гал. фасада, які ўвагнуты па акруглым абрысе, расчлянёны на 3 ярусы карнізнымі паясамі і крапаваны пілястрамі. Фасады прарэзаны разнастайнымі па канфігурацыі і памерах аконнымі праёмамі. Алтары былі ўпрыгожаны круглай драўлянай пазалочанай скульптурай у стылі ракако (скульптура св. Пятра захоўваецца ў Полацкім гісторыка-археал. запаведніку).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКІ́НСКАЯ ГРАДА́,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997). На паўд.-зах. беразе воз. Мядзел, ва ўрочышчы Лука, на ПнУ ад в. Скары Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Града даўж. 2,2 км, шыр. 50—100 м, выш. да 10 м, стромкасць схілаў да 10—12°, у зах.ч. да 30—60°. Выцягнута з ПнЗ на ПдУ, месцамі апускаецца пад ваду воз. Мядзел, утварае ланцуг выспаў (даўж. ад 200 м да 375 м). Града (оз) складаецца з пяску, жвіру, марэннага супеску і валуноў. Утварылася каля 15—20 тыс.г. назад у выніку назапашвання матэрыялу ў шчылінах ледавіка. Л.г. — эталонная форма рэльефу водналедавіковага паходжання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́НТУПСКІ АНДРЭ́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неабарока ў г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1908—14 на месцы старога драўлянага храма, фундаванага віленскім ваяводам Андрэем Альгердавічам у 1459. Мураваная 2-вежавая 3-нефавая базіліка з паўкруглай апсідай. 2-ярусны «карабель» храма схаваны за кулісай гал. фасада, цэнтр якога вылучаны 2-ярусным рызалітам пад трохвугольным франтонам. На фасадзе і верхніх ярусах чатырохгранных веж-званіц, завершаных гранёнымі ліхтарамі над гранёнымі сферычнымі купалкамі, сканцэнтравана арх.-дэкар. пластыка: тонкапрафіляваныя карнізы, пілястры, арачныя нішы-экседры, круглыя люкарны. Рытміку плоскасных бакавых фасадаў ствараюць высокія арачныя аконныя праёмы. Вакол касцёла бутавая агародка з 3-пралётнай брамай.