ДУБЯНЕ́ЦКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (4.3.1927, в. Востраў Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 3.9.1990),
бел. перакладчык і публіцыст. Брат С.Ф.Дубянецкага. Скончыў Рэсп.парт. школу пры ЦККПБ (1956), Вышэйшую парт. школу пры ЦККПСС (1960). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на парт. рабоце., у 1968—75 — інструктар сектара друку ЦККПБ, у 1975—79 адказны сакратар, нам.гал. рэдактара БелСЭ, у 1979—86 — дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся як публіцыст з 1959. З 1964 выступаў як перакладчык з рус., укр., польскай моў. На бел. мову пераклаў аповесці «Жыві і помні» В.Распуціна (1982), «Клімко» Г.Цюцюнніка (1982), «Гэта дзіўнае жыццё: Аповесці і апавяданні» Д.Граніна (1983), «Блакадную кнігу» А.Адамовіча і Граніна (1983), «Верная рака: Аповесць. Апавяданні. Абразкі» С.Жаромскага (1985), зб.укр. апавяданняў «Сцежка без канца» (1980). Пераклады Д. вылучаюцца глыбокім адчуваннем слова кожнай мовы, адэкватнасцю яму эквівалентаў у бел. моўнай стыхіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕЦКАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ 1798—1801,
паход франц. арміі ў Егіпет напярэдадні і ў час напалеонаўскіх войнаў. Была вынікам экспансіі Францыі на Б. Усход і яе барацьбы з Англіяй за сусв. панаванне. 19.5.1798 франц. войскі (30—38 тыс.чал.) пад камандаваннем ген. Напалеона Банапарта адплылі з Тулона і 1.7.1798 высадзіліся каля г. Александрыя (на шляху ў Егіпет да франц. уладанняў быў далучаны в-аў Мальта). Разбіўшы гал. сілы мамлюкаў у бітве каля пірамід (21.7.1798), Банапарт падпарадкаваў б.ч. Егіпта. У 1799 армія Банапарта ўварвалася ў Сірыю, аднак, страціла там 1/2 асабовага складу і адступіла ў Егіпет. Пасля высадкі ў Егіпце англічан у 1801 франц. войскі капітулявалі і выведзены з Егіпта. Паводле Ам’енскага мірнага дагавора 1802 з Англіяй Францыя адмовілася ад прэтэнзіі на Егіпет. У складзе экспедыцыі была група франц. вучоных, якая вывучала помнікі егіп. гісторыі і культуры, падрыхтавала і выдала іх апісанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЧКА (Хведар Дзмітрыевіч) (н. 20.3.1927, пас. Марс Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1959). Служыў на флоце, працаваў у прэсе, у выд-вах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура», у 1972—76 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1947. Паэтызуе рамантыку марской службы, працу, хараство роднай прыроды (зб. «Стой на вахце, сэрца», 1961, «Настой», 1968, «Абрус», 1985, і інш.). У вострасюжэтных апавяданнях і аповесцях для дзяцей раскрывае сталенне характару юнага героя («Каштанавы «Масквіч», 1959, «Піфагоравы штаны», 1961, «Зброю бяруць сыны», 1964, «Дзе растуць бяссмертнікі», 1967, «Букет вяргіняў», 1970, «Дзень будзе ясны», 1981). На бел. мову пераклаў многія творы чэш., польскіх і славацкіх пісьменнікаў, драму Л.Украінкі «Лясная песня», аповесці М.Алейніка «Леся», Б.Ногейла «Паводка» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАКО́ННІКАЎ (Сяргей Іванавіч) (н. 16.9.1946, в. Слабада Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1969). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, з 1978 у апараце ЦККПБ, з 1986 гал. рэдактар час. «Полымя». Друкуецца з 1963. Паэзіі ўласцівы грамадз. пафас, публіцыстычнасць, любоў да роднай зямлі, адстойванне сапраўдных духоўных каштоўнасцей, увага да перажыванняў лірычнага героя ў спалучэнні з непрыняццем мяшчанства, спажывецкай маралі. У паэме «Чорная быль» (1990) успрыманне чарнобыльскай трагедыі як драмы народа, знаку катастрофы, болю ў яе сусв. апакаліпсічным вызначэнні. Аўтар зб-каў паэзіі «Бяседа» (1973), «Устань да сонца» (1976), «Пакуль жыве мая бяроза» (1981, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1982), «Вера, Надзея, Любоў» (1983), «Прысак часу» (1986), «Сутнасць», «Вечная далеч» (абодва 1987), «Заклінанне» (1991, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1992), кніг эсэістычна-публіцыстычнай прозы «Беларускае сэрца» (1993), «Вячэра пад райскім дрэвам» (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІМЯ́НІН (Міхаіл Васілевіч) (21.11.1914, г. Віцебск — 1.5.1995),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1939). У 1940—46 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. У Вял.Айч. вайну адзін з арганізатараў парт.-камсам. падполля і партыз. руху ў Беларусі. У 1947—53 сакратар, 2-і сакратар ЦККПБ. З 1953 у Мін-ве замежных спраў СССР, надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у В’етнаме, Чэхаславакіі. З 1965 гал. рэдактар газ. «Правда», з 1966 старшыня праўлення Саюза журналістаў СССР. У 1976—87 сакратар ЦККПСС. Чл.ЦК у 1945—54, Бюро ЦККПБ у 1947—53. Чл.ЦККПСС у 1952—56, 1966—89. Чл.Цэнтр.рэвіз. камісіі КПСС у 1956—66. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—54, 1966—89, Вярх. Савета БССР у 1947—55.
Тв.:
Под знаменем ленинизма: Избр. статьи и речи. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛАТАГО́РАЎ (сапр. Гольдберг) Павел Самойлавіч
(30.12.1907, г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл. — 24.9.1969),
рускі і бел. рэжысёр оперы. Засл. арт. Беларусі (1940), засл. арт. Расіі (1947). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1931). З 1933 рэжысёр Муз.т-ра імя Неміровіча-Данчанкі (з 1941 — імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі). Адначасова з 1935 рэжысёр, у 1939—42 гал. рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Ў 1931—36 і 1946—50 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве. Паставіў на бел. сцэне оперы «Рыгалета» Дж.Вердзі (1935), «Тоска» (1937) і «Чыо-Чыо-сан» (1940) Дж.Пучыні, «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1940). Найб. значная работа З. — сцэнічнае ўвасабленне оперы «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (2-я рэд., 1939). Вучань У.Неміровіча-Данчанкі, удзельнічаў у яго пастаноўках опер «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (1934), «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага (1936), «У буру» Ц.Хрэннікава (1939).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБЕ́РЫ,
1) старажытныя плямёны, якія першапачаткова насялялі тэр.Усх. і Паўд. Іспаніі і потым рассяліліся на значнай частцы Пірэнейскага п-ва (адсюль стараж. назва п-ва Іберыя). Упершыню згадваюцца ў крыніцах 6 ст. да н.э. Важнейшым цэнтрам іх культуры была паўд.ч. Іспаніі (сучасныя Андалусія і Мурсія), дзе, паводле звестак стараж. аўтараў, знаходзілася дзяржава Тартэс, заснаваная да 1100 да н.э. У выніку змяшэння І. з кельтамі (уварваліся ў Іспанію ў 6—3 ст. да н.э.) узнікла група плямён — кельтыбераў. І. мелі сваю пісьменнасць. Да 8 ст. да н.э. склалася мастацтва І., якое ў 5—4 ст. да н.э. дасягнула росквіту. У 5—3 ст. да н.э. заваяваны карфагенянамі, у 3—2 ст. да н.э. — рымлянамі. Паступова раманізаваны.
2) Этнічная назва ў ант. крыніцах усх.-груз. (картлійскіх) плямён, якія жылі на тэр.Іберыі (Іверыі); адыгралі гал. ролю ў працэсе кансалідацыі груз. плямён і фарміраванні адзінага груз. этнасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў 1702—05 у г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам мясц. майстра манаха А.Чаховіча, па фундацыі мінскага стольніка Т.Ваньковіча, рэстаўрыраваўся ў 1856—60 (арх. В.Бяляўскі, мастак Я.Кураткевіч) і ў 1980—90-я г. (арх.І.Маскалёў). Комплекс складаецца з касцёла, кляштара і брамы. У 1880—85 касцёл перабудаваны пад правасл. царкву. Касцёл — мураваная трохнефавая крыжовая базіліка з 3-вежавым гал. фасадам, які багата аздоблены ордэрнай пластыкай і лепкай. Да яго зах. боку прымыкае Г-падобны ў плане мураваны 2—3-павярховы будынак кляштара. Па восі касцёла размешчана брама, якая з’яўляецца арх.-маст. акцэнтам агароджы кляштара. Уяўляе сабой кампазіцыю з 4 руставаных слупоў з арачным лучковым праёмам, завершаным крывалінейным франтонам. З усх. боку сцяны захавалася васьмігранная вежа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬФ І. І ПЯТРО́Ў Я.,
расійскія пісьменнікі-сатырыкі, якія працавалі сумесна. Нарадзіліся ў Адэсе (Украіна). Ільф Ілья (сапр.Файнзільберг Ілья Арнольдавіч; 15.10.1897—13.4.1937); Пятроў Яўген (сапр.Катаеў Яўген Пятровіч; 13.12.1903—2.7.1942), брат В.П.Катаева. Разам пачалі пісаць у 1926. У рамане «Дванаццаць крэслаў» (1928, экранізацыя 1971) побач з апісаннем прыгод гал. героя ў пошуках скарбу стварылі сатыр. карціну нораваў эпохі нэпа. Сюжэт пра вял. камбінатара прадоўжаны ў рамане «Залатое цяля» (1931, экранізацыя 1968). Вынік паездкі ў ЗША (1935—36) — апошняя сумесная кн. «Аднапавярховая Амерыка» (1936). Пасля смерці І. выдадзены яго амер. дзённік (1935—36) і «Запісныя кніжкі» (1939). На бел. мову асобныя творы І. пераклаў У.Шахавец. П. з першых дзён вайны ваен. карэспандэнт («Франтавы дзённік», 1942). Аўтар рамана «Падарожжа ў краіну камунізму» (незакончаны, апубл. ў 1965), п’есы, кінасцэнарыяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАВА́ДЗІ,
самая мнагаводная рака М’янмы (вытокі ў Кітаі). Даўж. 2150 км, пл.бас. 430 км². Пачынаецца ва ўсх. адгор’ях Гімалаяў, цячэ ў глыбокай цясніне, мае парожыстае рэчышча. Ніжэй г. М’ічына даліна расшыраецца, рэчышча дасягае 800 м, потым І. перасякае Шанскае нагор’е, дзе рэчышча звужаецца да 50—100 м. У сярэднім і ніжнім цячэнні (на Іравадзійскай раўніне) рака ўтварае шырокую тэрасаваную даліну. За 300 км ад вусця пачынаецца забалочаная дэльта (пл. каля 30 тыс.км²), якая павялічваецца (каля 5 км² за 100 гадоў). Гал. прытокі — Чындуін (справа) і М’інге (злева). Рэжым мусонны, летнія паводкі (падняцце вады на 8—11 м). Сярэдні гадавы расход вады 13—14 тыс.м³/с. У ніжнім цячэнні моцныя прылівы (да 4—4,5 м). Суднаходная на 1100 км, летам — на 1440 км. Выкарыстоўваецца для арашэння, у верхнім цячэнні — лесасплаў. На І. — г. Мандалай, у дэльце марскі порт і сталіца М’янмы г. Янгон.