РУТЭ́НІЙ (лац. Ruthenium),

Ru, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 44, ат. м. 101,07; адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 96, 98—102, 104. У зямной кары 5•10​−7% па масе. Уласныя мінералы, напр., лаўрыт (дысульфід RuS2), рутэнарсенід (RuAs) трапляюцца вельмі рэдка; ізаморфная прымесь у плаціне самароднай і медна-нікелевых рудах. Значная колькасць Р. ўтвараецца пры рабоце ядз. рэактараў АЭС. Адкрыты ў 1844 рус. хімікам К.​К.​Клаўсам; назва ад сярэдневяковага лац. Ruthenia — Расія.

Бліскучы серабрысты метал, tпл 2334 °C, tкіп 4077 °C, шчыльн. 12 450 кг/м³. Вельмі крохкі (лёгка расціраецца ў парашок). Кампактны Р. устойлівы да ўздзеяння мінер. кіслот, у т. л. царскай гарэлкі, і раствораў шчолачаў, у паветры не акісляецца да 930 °C, дробнадысперсны (чэрнь) — самаадвольна ўзрываецца. Парашкападобны пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, фосфарам. Сплаўляецца з многімі металамі; з пераходнымі металамі ўтварае цвёрдыя растворы. Сплавы Р. вызначаюцца высокай цвёрдасцю, тэрмічна- і зносаўстойлівыя. Выкарыстоўваюць Р. для нанясення ахоўных пакрыццяў на эл. кантакты; сплавы Р. з плацінай і родыем для вырабу фільер у вытв-сці шкловалакна і віскозы, з ірыдыем для высокатэмпературных тэрмапар (да 2000 °C), з плацінай і паладыем для вырабу зносаўстойлівых дэталей вымяральных прыбораў, электракантактаў, ювелірных вырабаў, з паладыем як каталізатары ў арган. сінтэзе; радыеактыўныя ​103Ru і ​106Ru (перыяды паўраспаду 39,8 сут і 1 гадз адпаведна) як ізатопныя індыкатары.

т. 13, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭСПУ́БЛІКА (лац. respublica ад res справа + publicus агульны, усенародны),

форма дзярж. праўлення, пры якой вярх. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін органам; краіна з такім дзярж. ладам. Першыя Р. ўзніклі як антыпод манархіі яшчэ ў ант. эпоху. Існавалі ў рабаўладальніцкім (Карфаген, Афіны, Стараж. Рым) і феад. (Венецыя, Ноўгарад, Пскоў) грамадствах. У наш час Р. з’яўляецца асн. формай праўлення ў большасці краін. Форма праўлення, заснаваная на нар. прадстаўніцтве, лічыцца Р. незалежна ад таго, з’яўляецца права грамадзян на ўладу рэальным ці яно толькі дэкларуецца. Ступень забяспечанасці асабістых і паліт. правоў грамадзян ва ўмовах Р. залежыць ад сац.-эканам. ладу і суадносін паліт. сіл у грамадстве.

У залежнасці ад таго, перад кім нясе адказнасць урад — перад парламентам або прэзідэнтам — адрозніваюць Р. парламенцкія і прэзідэнцкія. У парламенцкіх Р. (напр., Індыя, Італія, Латвія, Малдова, ФРГ) прэзідэнт краіны выбіраецца парламентам, а ўрад утвараецца паліт. партыяй ці парт. кааліцыяй, якая мае большасць месцаў у парламенце. У прэзідэнцкіх Р. (Беларусь, ЗША, Мексіка, Рас. Федэрацыя і інш.) прэзідэнт выбіраецца непасрэдна насельніцтвам, або калегіяй выбаршчыкаў, адначасова ўзначальвае органы дзярж. улады і ўрад, які ён фарміруе.

Усталяванне рэсп. формы праўлення на Беларусі звязана з утварэннем 1.1.1919 БССР. 19.9.1991 на сесіі Вярх. Савета БССР была зацверджана новая назва краіны — Рэспубліка Беларусь.

Літ.:

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, 1994 г. (са змян. і дап.). Мн., 1997;

Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 14, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРДЗІ́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,

дзяржава ў Італіі ў 1720—1861. Утварылася ў выніку далучэння в-ва Сардзінія да Савойскага герцагства, герцагі якога прынялі тытул сардзінскіх каралёў (гл. Савойская дынастыя). Сталіца — г. Турын, тэр. ядро — вобласць П’емонт, назва якой стала неафіц. назвай усяго каралеўства. З 1792 С.к. ўдзельнічала ў антыфранц. кааліцыі. У 1792 Францыя акупіравала і анексіравала прыналежныя С.к. вобласць Савоя і г. Ніца з наваколлем, у 1798 — П’емонт. Улада Савойскай дынастыі захавалася толькі на Сардзініі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 С.к. адноўлена ў ранейшых межах і да яго далучана вобласць Лігурыя з г. Генуя. У 1821 аўстр. войскі задушылі ў П’емонце ўзначаленую карбанарыямі антыабсалютысцкую рэвалюцыю. У 1840-я г. ў выніку прамысл. перавароту С.к. ператварылася ў эканам. развітую дзяржаву, якая праводзіла незалежную знешнюю палітыку, была адным з цэнтраў барацьбы за вызваленне і аб’яднанне Італіі (рысарджымента). У рэвалюцыю 1848—49 у Італіі ў С.к. ў сак. 1848 абвешчана ліберальная канстытуцыя. Італьян. войскі пацярпелі паражэнне ў аўстра-італьянскай вайне 1848—49, у час якой спрабавалі вызваліць ад аўстр. панавання Ламбардыю і Венецыю. С.к. ўдзельнічала на баку антырас. кааліцыі ў Крымскай вайне 1853—56. У выніку аўстра-італа-французскай вайны 1859 і рэвалюцыі 1859—60 у Італіі да С.к. далучана амаль уся тэр. Італіі, акрамя Рымскай і Венецыянскай абласцей. 17.3.1861 замест С.к. абвешчана Італьян. каралеўства на чале з апошнім сардзінскім каралём Віктарам Эмануілам II.

т. 14, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЁМУХА, Тройца, зялёныя святкі,

старажытнае земляробчае свята ў беларусаў і інш. славянскіх народаў. Лакальная назва зелянец. Святкавалася на сёмы (русальны) тыдзень пасля Вялікадня. Вытокі С. ў родавым грамадстве; у аснове яе культ зеляніны, шлюбу і продкаў. Пераходнае паміж веснавым і летнім земляробчымі цыкламі («На зелянец вясны канец»). Перад святам прыбіралі і ўпрыгожвалі хату і двор «маем» (аерам, галінкамі і дрэўцамі бярозы, клёну, рабіны, дубу і інш.), прыбіралі магілы. У суботу напярэдадні свята спраўлялі дзяды. Як пазнейшую з’яву трэба разглядаць асвячэнне ў нядзелю (1-ы дзень свята) у царкве лугавых і палявых зёлак, якія потым захоўваліся (у некаторых мясцовасцях імі абкурвалі нябожчыкаў, клалі іх у труну). Залежна ад мясц. традыцый на другі ці іншы дзень рабілі т.зв. «піва», кірмашы ці фэсты (прымяркоўваліся і да інш. свят), на якія збіраліся сваякі, нават далёкія. У час свята ў некаторых мясцовасцях адбывалася кумаванне, завівалі бярозку, ладзілі гульні, карагоды, потым агульнае частаванне, вілі вянкі. З вянкамі, «маем» звязаны ўяўленні, якія раней мелі характар магічных дзеянняў. На С. спявалі сёмушныя (траецкія) песні, асн. матывы якіх — каханне і шлюб (у паўд.-зах. раёнах спявалі яшчэ куставыя песні). На С., перад пачаткам летніх палявых работ, на Беларусі спраўлялі шмат вяселляў. Свята Тройцы ўведзена ў культавую практыку правасл. царквы ў 14 ст. Сергіем Раданежскім. Хоць С. і злілася з гэтым святам, яна захавала многія рысы язычніцтва і земляробчага культу.

А.​В.​Цітавец.

т. 14, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГА́РД у музыцы,

умоўная назва розных музычна-творчых плыняў 20 ст. Тэрмін «авангард» зацвердзіўся з 2-й пал. 1940-х г. у адносінах да шматлікіх школ зах. музыкі, адметных гранічным радыкалізмам, пошукам новых выразных сродкаў, тэхнік кампазіцыі, форм арганізацыі гукавога матэрыялу, абсалютызацыяй эксперыменту, якім спадарожнічае свядомае адмаўленне эстэт. нормаў і традыцый, што выпрацаваны ў мастацтве мінулага.

Своеасаблівымі цэнтрамі авангарда сталі Францыя, Германія, Італія, ЗША Сярод прадстаўнікоў авангарда кампазітары рознай арыентацыі: П.​Булез, П.​Шэфер, Я.​Ксенакіс, К.​Штокгаўзен, Л.​Нона, Л.​Берыо, Дж.​Кейдж, Дз.​Лігеці. Сярод прыёмаў і метадаў кампазіцыі муз. авангарда — серыяльнасць, пуантылізм, алеаторыка, санорыка, электронная музыка, канкрэтная музыка, а таксама шэраг новых прыёмаў гуказдабывання на традыц. інструментах. Гранічнае наватарства ў авангарда часам становіцца самамэтай, фармальныя навацыі могуць весці да разбурэння эстэт. асноў мастацтва. Аднак некат. эксперыменты буйных кампазітараў выявілі новыя стыліст. сродкі для ўвасаблення ідэй і вобразаў у музыцы 20 ст. і прыняты мастакамі інш. творчых арыентацый. У 1960-я г. — сярэдзіне 1970-х г. узнікла музыка амер. мінімалістаў Т.​Райлі, Ла Монт Янга, інстр. т-р М.​Кагеля, калажная тэхніка кампазіцыі і інш. з’явы, абагульненыя паняццем поставангард.

У бел. музыцы мастацка-эстэт. сістэма заходняга муз. авангарда ў чыстым выглядзе не знайшла ўвасаблення, аднак прыёмы серыйнай тэхнікі, алеаторыкі, санорыкі і інш. выкарыстоўваюць бел. кампазітары С.​Картэс, Дз.​Смольскі, С.​Бельцюкоў, В.​Войцік, В.​Кузняцоў, В.​Капыцько, А.​Літвіноўскі, А.​Сонін, Л.​Шлег, Я.​Паплаўскі і інш.

А.​У.​Валадковіч.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАСІ́ДАЎ ХАЛІФА́Т, Багдадскі халіфат,

дзяржава арабаў у 750—1258. Назва ад дынастыі Абасідаў, якія прыйшлі да ўлады ў выніку справакаванага імі ў 747 у Харасане паўстання супраць Амеядаў. Сталіца з 762 Багдад. У склад Абасідава халіфата ўваходзілі Ірак, Іран (да пач. 9 ст.), ч. Закаўказзя, паўд. ч. Сярэдняй Азіі, Зах. Аравія, Сірыя з Палесцінай, Егіпет і Паўн. Афрыка (да пач. 9 ст.). У Абасідавым халіфаце іншапляменныя мусульмане былі ўраўнаваны ў правах з арабамі, роды перс. паходжання вылучыліся на адно з першых месцаў. Абасіды аднавілі перс. адм. сістэму на чале з візірам, замянілі араб. апалчэнне прафес. наёмнай арміяй (з харасанцаў, бербераў, пазней цюркаў). Гал. месца ў войску заняла гвардыя халіфа (з нявольнікаў), якая, памацнеўшы, стала ўмешвацца ва ўладу. У Абасідавым халіфаце найб. ўздыму дасягнула араба-мусульм. духоўная (іслам, ісламскае права, л-ра, філасофія, навука) і матэрыяльная (рамёствы, гандаль, мараплаванне і інш.) культура. Частыя нар. паўстанні (гал. чынам у форме сектанцкіх рухаў), з 9 ст. і сепаратызм намеснікаў-эміраў, якія сілай захоплівалі тэрыторыі і ператваралі іх у самаст. дзяржавы (напр., Ідрысідаў у Марока, Аглабідаў у Іфрыкіі і інш.), вялі да распаду Абасідава халіфату. На пач. 10 ст. ў ім засталіся зах. ч. Ірана і тэрыторыя, сумежная з Багдадам. Канчаткова Абасідаў халіфат знішчыла манг. нашэсце.

Літ.:

Беляев Е.А. Арабы, ислам и арабский халифат в раннем средневековье. 2 изд. М., 1966;

Васильев Л.С. История Востока. М., 1993. Т. 1, ч. 2. С. 272—281.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВАЕ́ННЫ КАМУНІ́ЗМ»,

назва эканамічнай палітыкі Сав. дзяржавы ў 1918—20; сістэма надзвычайных, выкліканых грамадз. вайной і ваен. інтэрвенцыяй мер, якія павінны былі захаваць дыктатуру пралетарыяту ў краіне з велізарнай перавагай дробнабуржуазнага насельніцтва. Найважнейшыя меры «ваеннага камунізму»: у галіне сельскай гаспадаркі — забарона гандлю збожжам і ўсімі харч. таварамі, харчразвёрстка, арганізацыя камітэтаў беднаты, фарсіраваны пераход да сацыяліст. формаў гаспадарання; у галіне прам-сці — нацыяналізацыя не толькі буйных, але сярэдніх і дробных прадпрыемстваў, надзвычайная цэнтралізацыя кіравання прам-сці; у галіне гандлю і размеркавання — забарона свабоднага гандлю і натуралізацыя гасп. адносін, прадуктаабмен паміж горадам і вёскай, размеркаванне прадметаў масавага спажывання па картачнай сістэме і класавай прыкмеце, адмена платы за жыллё і камунальныя паслугі; у галіне арганізацыі працы — увядзенне ўсеаг. прац. павіннасці, натуралізацыя і ўраўняльнасць пры аплаце працы, стварэнне працоўных армій і інш. На Беларусі палітыка «ваеннага камунізму» ажыццяўлялася дзярж. і парт. органамі Заходняй вобласці, Бел. ССР, ЛітБел, рэвалюцыйнымі камітэтамі. Палітыка «ваеннага камунізму» на Беларусі вызначалася тым, што краіна з’яўлялася тэатрам ваен. дзеянняў і прыфрантавой тэрыторыяй. На вызваленай тэр. Беларусі восенню 1920 пачалася нацыяналізацыя прам-сці. У сваіх крайніх формах ажыццяўлялася палітыка «ваеннага камунізму» ў галіне сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай і Віцебскай губ., дзе ў адказ на гэта адбыліся сял. выступленні. Комплекс мерапрыемстваў «ваеннага камунізму» ў спалучэнні з грамадз. вайной і ваен. інтэрвенцыяй абвастрылі асн. супярэчнасць — паміж горадам і вёскай. Яскравай праявай крызісу палітыкі «ваеннага камунізму» было Кранштацкае паўстанне 1921. Процідзеянне сялянства стала асн. прычынай пераходу ад «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі.

С.​М.​Ходзін.

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРА́ГІ (познагрэч. Barangoi ад стараж.-сканд. vaeringjar нарманскія воіны, якія служылі ў візант. імператараў),

1) у Візантыі любы наёмны воін.

2) Назва скандынаваў (продкаў датчан, нарвежцаў і шведаў) ва Усх. Еўропе ў 2-й пал. 9 — 1-й пал. 11 ст. У час сваёй экспансіі ў Еўропе ў эпоху вікінгаў (793—1066) датчане і нарвежцы рабілі марскія паходы гал. чынам у Зах. Еўропу (гл. Нарманы), шведы — пераважна ва Усходнюю. Апошнія гандлявалі, рухаючыся па водным шляху «з варагаў у грэкі» (праходзіў праз Беларусь), і па Волзе — да булгараў, хазараў і закаспійскіх народаў; абкладалі данінай і часткова захоплівалі слабаразвітыя вобласці Балт. рэгіёна; асн. сферамі іх дзейнасці на Русі паступова сталі гандаль і служба ў дружынах князёў. Варажскія паселішчы на землях усх. славян былі разрозненыя і адзінкавыя, а самі варагі хутка асіміляваліся. Ад факта знаходжання варагаў на Русі паходзіць т.зв. нарманская тэорыя. У «Аповесці мінулых гадоў» пад 859 згадваюцца крывічы, якія плацілі даніну варагам. У 862 крывічы разам з інш. плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым чудзь, наўгародскія славяне і крывічы запрасілі да сябе варажскіх князёў. Летапіс паведамляе, што Полацк заснавалі крывічы, а варагі ў ім прышлыя. Пра кантакты стараж. насельніцтва Беларусі з варагамі сведчаць таксама археал. матэрыялы (знаходкі сканцэнтраваны пераважна ўздоўж Зах. Дзвіны і Дняпра, а таксама на Гродзеншчыне).

Літ.:

Славяне и скандинавы: Пер. с нем. М., 1986;

Ловмяньский Х. Русь и норманы: Пер. с пол. М., 1985.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВО́ЯДЖЭР»

(англ. Voyager),

назва амерыканскіх аўтам. міжпланетных станцый для даследавання планет-гігантаў Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў з пралётнай траекторыі.

«Вояджэр-2» і «Вояджэр-1» (маса кожнага 798 кг), запушчаныя 20.8 і 5.9.1977, праляцелі адпаведна 9.7 і 5.3.1979 на адлегласцях 648 тыс. км і 280 тыс. км ад Юпітэра; адкрыты кальцо і 3 спадарожнікі. Станцыі зрабілі гравітацыйны манеўр у полі прыцягнення Юпітэра і ў 1980—81 праляцелі каля Сатурна; выяўлена 6 спадарожнікаў, мноства кольцаў Сатурна, даследавана іх тонкая структура. Пасля гэтага «Вояджэр-1» выйшаў за межы экліптыкі. «Вояджэр-2» пасля карэкцыі траекторыі праляцеў 24.1.1986 каля Урана, была пацверджана наяўнасць кольцаў вакол планеты, выяўлены 10 спадарожнікаў, 20.4.1989 праляцеў каля Нептуна, адкрыты 4 кальцы, 6 спадарожнікаў, праведзены даследаванні спадарожніка Трытон. Апошняя інфармацыя з «Вояджэра-2» атрымана на пач. 1990 (панарама з 6 планет Сонечнай сістэмы). У выніку палётаў «Вояджэра» вызначаны састаў і дынаміка атмасфер планет, удакладнены мадэлі іх унутр. будовы і паходжання Сонечнай сістэмы. На борце «Вояджэра-1» і «Вояджэра-2» знаходзяцца пасланні пазаземным цывілізацыям. Станцыі працягваюць аддаляцца ад Сонца; сувязь з імі плануецца падтрымліваць да 2000.

Н.​А.​Ушакова.

Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вояджэр»: 1 — тэлевізійныя камеры; 2 — дэтэктары плазмы, касмічных прамянёў і зараджаных часціц; 3 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 4 — штанга з магнітометрамі; 5 — радыеізатопныя энергетычныя ўстаноўкі; 6 — мікрарухавікі; 7 — антэны для рэгістрацыі радыёвыпрамянення планет і хваль у плазме; 8 — радыятар; 9 — ультрафіялетавы і інфрачырвоны спектрометры.
Да арт. «Вояджэр». Траекторыя палёту аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр-2».

т. 4, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ КА́МЕРНЫ ХОР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1988 у Мінску пры Бел. філармоніі як Мінскі камерны хор, з 1992 сучасная назва. Арганізатар, маст. кіраўнік і гал. дырыжор І.Мацюхоў. Асн. намаганні хору скіраваны на адраджэнне бел. духоўнай музыкі, выкананне лепшых твораў сусв. муз. класікі. У рэпертуары бел. гімны і канты 16—18 ст., творы бел. кампазітараў, у т. л. А.​Багатырова, І.​Лучанка, А.​Туранкова, буйныя творы духоўнай музыкі айч. і замежных класікаў і сучасных кампазітараў: І.​С.​Баха, А.​Вівальдзі, Г.​Ф.​Гендэля, Э.​Грыга, А.​Лоці, В.​А.​Моцарта, Д.​Скарлаці, Дж.​Расіні, Ф.​Шуберта, І.​Брамса, Г.​Пёрсела, П.​Хіндэміта, Г.​Шутца, П.​Чайкоўскага, П.​Часнакова, Дз.​Бартнянскага, А.​Архангельскага, А.​Грачанінава, С.​Танеева, Р.​Шчадрына, С.​Сланімскага, Ю.​Фаліка і інш. Калектыў — першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў С.​Картэса, В.​Капыцько, С.​Бельцюкова, А.​Бандарэнкі і інш. Выкананне адметнае тэхн. майстэрствам, чысцінёй інтанацыі, роўным гучаннем, глыбокім пранікненнем у змест твораў. Хор часта выступае ў канцэртах сумесна з Дзяржаўным камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь, наладжвае дабрачынныя канцэрты, сродкі ад якіх пералічвае на карысць дзяцей, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы. У выкананні хору запісаны 2 кампакт-дыскі з праграмамі бел. і рус. духоўнай музыкі. Калектыў — удзельнік міжнар. фестываляў у Польшчы (1990, 1995), Нарвегіі (1991, 1992, 1995), Славакіі (1991, 1995), 25-х Агульнаням. дзён Евангельскай царквы ў Мюнхене (1993). З 1991 чл. Еўрап. федэрацыі камерных хароў (Гамбург).

Дзяржаўны камерны хор Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)