МЕСІЯ́Н ((Messiaen) Аліўе Эжэн Праспер Шарль) (10.12.1908, г. Авіньён, Францыя — 28.4.1992),
французскі кампазітар, муз. тэарэтык, арганіст, педагог. Чл. Ін-та Францыі (1967). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1930). Вучань П.Дзюка (кампазіцыя), М.Дзюпрэ (арган). З пач. 1930-х г. арганіст сабора Ла-Трынітэ ў Парыжы. З 1936 уваходзіў у творчае аб’яднанне «Маладая Францыя». У 1941—42 у лагеры для ваеннапалонных, дзе напісаў «Квартэт на канец часу». З 1942 праф. Парыжскай кансерваторыі. Яго своеасаблівы стыль сфарміраваўся ў выніку ўзаемадзеяння розных культавых вучэнняў і муз.сістэм. У тэарэт. працах «Тэхніка маёй музычнай мовы» (1944) і «Трактат аб рытме» (1948) сфармуляваў новыя прынцыпы кампазіцыі, заснаваныя на складаных ладавых і рытмавых структурах. У творчасці адбіліся тэалагічныя ідэі і пошукі (фп. цыкл «Дваццаць поглядаў на маленькага Ісуса» і арк.-хар. твор «Тры маленькія літургіі божай прысутнасці», абодва 1944), вывучэнне традыцый нееўрап. культур — інд., яп., лац.-амер. (вак. цыкл «Яраві», 1945; сімфонія «Турангаліла» для хваляў Мартэно, фп. і арк., 1948), захапленне арніталогіяй, асабліва вывучэннем галасоў птушак («Каталог птушак» дляфп., ударных і духавых, сшыткі 1—7-ы, 1956—58; «Экзатычныя птушкі» дляфп., ударных і духавых інструментаў, 1956). Аўтар манум. оперы «Святы Францыск Асізскі» (паст. 1983; яго ж лібрэта, дэкарацыі і эскізы касцюмаў). Арганіст-імправізатар і піяніст, адзін з лепшых інтэрпрэтатараў уласных твораў. Сярод вучняў: П.Булез, Я.Ксенакіс, К.Штокгаўзен.
Прэмія Міжнар.муз. савета пры ЮНЕСКА 1985.
Літ.:
Мелик-Пашаева К.Л. Творчество О.Мессиана. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЎНЫ АПАРА́Т,
сукупнасць органаў цела чалавека з рознай фізіял. функцыяй, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні гукаў мовы. Складаецца з 2 груп органаў: органы дыхання (лёгкія з бронхамі і трахеяй), якія ствараюць неабходны для ўтварэння гукаў струмень паветра; органы, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у гукаўтварэнні, — актыўныя (рухомыя), здольныя змяняць аб’ём і форму маўленчага тракту і ствараць у ім перашкоды для выдыхаемага паветра, і пасіўныя (нерухомыя) — зубы, цвёрдае паднябенне, поласць носа. Актыўныя органы мовы: гартань — верхняя расшыраная частка трахеі, утвораная шэрагам рухомых храсткоў; галасавыя звязкі ў ёй — мускульныя тканкі, якія могуць мяняць сваю напружанасць, — крыніца голасу, іх ваганні ад выдыхнутага з лёгкіх паветра вызначаюць таксама мелодыку мовы; глотка, якая можа звужацца і расшырацца; язык, здольны выконваць разнастайныя рухі (дзякуючы рухомасці языка і ніжняй сківіцы ўтвараюцца рэзанатарныя поласці рознай формы і аб’ёму, якія вызначаюць фармантную структуру гукаў); губы, здольныя выконваць розныя артыкуляцыі; паднябенная занавеска з т.зв. маленькім язычком, ці увулай, якая пры падняцці закрывае ход у нос і адасабляе такім чынам поласць носа ад глоткі; пры апусканні яна пакідае праход у гэту поласць адкрытым. Усе актыўныя органы пры збліжэнні ці сутыкненні з пасіўнымі (або паміж сабою) утвараюць перашкоду для выдыхнутага паветра. У месцы перашкоды ўзнікае крыніца шуму, патрэбнага для вымаўлення зычных гукаў. Зубы і цвёрдае паднябенне з’яўляюцца толькі месцам дзеяння актыўных органаў. Поласць носа — рэзанатар пры ўтварэнні насавых гукаў.
Літ.:
Зиндер Л.Р. Обшая фонетика. Л., 1960;
Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДСО́Н (Аляксандр) (сапр. Бучко; н. 8.8.1926, г. Нясвіж Мінскай вобл.),
рэлігійны дзеяч бел. эміграцыі. У Вял.Айч. вайну ўваходзіў у Саюз беларускай моладзі. З 1944 у Германіі, Францыі. служыў у арміі ген. У.Андэрса ў Італіі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 у Вялікабрытаніі. Скончыў Лонданскі ун-т (1953). Курс тэалагічнага навучання прайшоў у Грэчаскім каледжы і Грыгарыянскім ун-це ў Рыме. З 1958 святар. З канца 1950-х г. жыве ў Лондане, працуе ў Бел. каталіцкай місіі ў Англіі. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (з 1946 яго сакратар, у 1951—52 старшыня), Англа-бел. т-ва (1954), адначасова з 1951 старшыня Бел.акад. каталіцкага аб’яднання «Рунь». З 1962 нам. дырэктара, з 1964 дырэктар Бел. школы імя св. Кірылы Тураўскага, з 1971 кіраўнік Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, з 1982 рэктар Бел. каталіцкіх місій у Англіі і Францыі. З 1986 апостальскі візітатар для беларусаў грэка-католікаў замежжа, кансультатар кангрэгацыі ўсх. цэркваў пры Ватыкане. З 1989 старшыня Бел.к-та дапамогі ахвярам радыяцыі ў Вялікабрытаніі. Аўтар артыкулаў пра бел. духоўную і свецкую л-ру 16—17 ст., тэалагічнай працы «Наша вера: Кароткі катэхізм хрысціянскай навукі. Для беларусаў-каталікоў» (выд. на бел. мове ў 1988 у Італіі, у 1990 у Іспаніі). У 1994 Ватыкан афіцыйна зацвердзіў перакладзеныя Н. на бел. мову тэксты для правядзення літургіі для беларусаў-уніятаў.
Тв.:
Сьвяты Кірыла Тураўскі // Спадчына. 1996. № 1—2.
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГНО́З НАДВО́Р’Я,
навукова абгрунтаванае прадбачанне і разлік будучага стану надвор ’я. Складаюцца на падставе аналізу развіцця буйнамаштабных атм. працэсаў. Адрозніваюць П.н. кароткатэрміновыя (ад некалькіх гадзін да 1—2 сут), доўгатэрміновыя малой заўчаснасці (3—10 сут) і доўгатэрміновыя вял. заўчаснасці (на месяц, сезон). П.н. папярэднічае назіранне (пры дапамозе метэаралагічных станцый, радыёзондаў, радыёлакатараў, метэаралагічных ракет, ШСЗ і інш.), збор і аналіз стану надвор’я. Падставай для распрацоўкі кароткатэрміновых прагнозаў з’яўляецца аналіз сінаптычных карт або выкарыстанне лічбавых метадаў П.н., якія дазваляюць рашаць ураўненні атм. гідрадынамікі і тэрмадынамікі пры дапамозе ЭВМ. Аналіз гэтых матэрыялаў дае магчымасць выявіць раёны развіцця цыклонаў і антыцыклонаў, паветраных мас рознага паходжання, франтоў атмасферных, вызначыць іх эвалюцыю, напрамак і хуткасць перамяшчэння, тэрмадынамічныя ўласцівасці паветраных мас і іх магчымыя змены. У доўгатэрміновых П.н. выкарыстоўваюць розныя стат. сувязі паміж мінулым і будучым развіццём атм. працэсаў і станам надвор’я. П.н. складаецца па пункце (горад, аэрадром), маршруце (авіяц. траса, марскі шлях) і тэрыторыі (краіна, вобласць, раён). П.н. бываюць агульнага карыстання (для насельніцтва) і спецыялізаваныя (авіяц., аграметэаралагічныя, марскія і інш.). У агульных даюцца звесткі пра прагназіруемыя метэаралагічныя элементы (т-ра, вецер, воблачнасць, ападкі) і небяспечныя з’явы надвор’я (бура, град, галалёд, шквалы і інш.). Спецыялізаваныя прызначаны для розных галін гаспадаркі і складаюцца ў адпаведнасці з іх патрабаваннямі. З П.н. цесна звязаны гідралагічны прагноз. На Беларусі рэгулярнае складанне П.н. на суткі вядзецца з 1931, на 3—6 сут — з 1946, спецыялізаваных — з 1948. П.н. для краіны, абласцей, Мінска і абл. цэнтраў складае аддзел метэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́НАК,
1) месца, дзе ажыццяўляюцца акты куплі-продажу тавараў. Узнік у старажытнасці як месца для натуральнага абмену. Уплываў на развіццё эканам. адносін, вытв-сці, промыслаў і рамёстваў, сельскай гаспадаркі і інш. У СССРнайб. распаўсюджанай яго формай быў калгасны Р. У постсав. перыяд развіваюцца спецыялізаваныя Р.: будаўнічыя, аўтамабільныя, харчовыя і інш. Ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін арганізуюцца Р. для ажыццяўлення гандлю аднароднымі відамі рэсурсаў — біржы (напр., валютныя біржы, фондавыя біржы, біржы сыравінных рэсурсаў і да т.п.). На Беларусі існуе Бел. валютна-фондавая біржа.
2) Сукупнасць эканам. адносін у галіне абмену, на аснове якіх ажыццяўляецца рэалізацыя тавараў (прадукцыі, работ і паслуг). Характарызуецца цэнаўтварэннем на аснове попыту і прапаноў. Класіфікуюцца паводле аб’ектаў куплі-продажу (Р. тавараў, паслуг, інфармацыі, капіталаў, працы); паводле тэр. прынцыпу (мясцовы, рэгіянальны, нац. і сусв.); паводле ступені насычанасці (раўнаважны, дэфіцытны, перанасычаны); паводле механізму функцыянавання (свабодны, манапалізаваны, рэгулюемы дзяржавай). Дасканалы Р. — абсалютна свабодныя рыначныя адносіны, асн. ўмовы якога: атамістычнасць (неабмежаваная колькасць прадаўцоў і пакупнікоў); магчымасць свабоднага ўваходу і выхаду; свабоднае цэнаўтварэнне; аднароднасць прадукцыі (адсутнасць аб’ектыўных фактараў, акрамя цаны, для перавагі аднайм. тавару аднаго прадаўца над таварам інш. прадаўца); адсутнасць умяшання ў рыначныя адносіны з боку органаў дзярж. улады, крымін. утварэнняў. На практыцы дасканалых рыначных адносін не існуе. Для большасці краін характэрна змешаная рыначная эканоміка, якая характарызуецца ўдзелам дзяржавы ў гасп. працэсах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎКІ,
тып азярода з вертыкальна ці нахілена пастаўленых адна да адной жэрдак з абрубкамі сукоў. Пашыраны ў цэнтр. раёнах Беларусі. Служаць для дасушвання збажыны, сена, бульбоўніку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СЬЕЎ Пётра, жывапісец 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У крас. 1680 накіраваны ў Аляксандраву Слабаду для выканання спраў па асабістых загадах цара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЦІ́Н,
палатно (таўшчынёй 3—12 мм) з аднабаковым ці двухбаковым начосам. Вырабляюць баваўняны, шарсцяны, паўшарсцяны. Выкарыстоўваюць для ўцяплення вопраткі (заменнік ваты). У Беларусі вацін выпускае Віцебскі дывановы камбінат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТАВО́З,
лакаматыў з рухавіком унутр. згарання (пераважна аўтамаб. тыпу) невялікай магутнасці (да 220 кВт). Выкарыстоўваецца для манеўровых і дапаможных работ на магістральных, пад’язных і інш.чыг. пуцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ЧЫГУНАЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у Нясвіжскім замку (г. Нясвіж, Мінская вобл.) у 1726—36 спачатку як плавільня або ліцейня. Выпускаў гарматы для арміі Радзівіла. Працавала каля 50 чал.