ДУГАВА́Я ЛЯ́МПА,

газаразрадная крыніца святла, якое ўзнікае пры гарэнні электрычнай дугі паміж вугальнымі электродамі. Найб. пашыраны Д.л. высокай інтэнсіўнасці, дадатны электрод якіх мае кнот (пераважна з солей рэдказямельных элементаў). Яркасць лямпы да 2000 Мкд/м². Выкарыстоўваецца ў пражэктарах, кінапраекцыйных апаратах і інш. Вынайдзена П.​М.​Яблачкавым у 1876 («свечка Яблачкава»).

т. 6, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ПЛЕКС-ПРАЦЭ́С у металургіі,

працэс вытворчасці сталі або чыгуну паслядоўна ў двух агрэгатах. У сталеплавільнай вытв-сці выкарыстоўваюць Д.-п. мартэнаўская печдугавая печ, канвертарэлектрычная печ, індукцыйная вакуумная печ — дугавая вакуумная печ і інш., у чыгуналіцейнай вытв-сці вагранкаэл. печ. Пры Д.-п. выкарыстоўваюцца перавагі кожнага з плавільных агрэгатаў.

т. 6, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАКО́КІ,

від бактэрый шарападобнай формы (кокі), размешчаных парамі. Будова Д. абумоўлена тым, што пры дзяленні бактэрый у адной плоскасці 2 новыя асобіны не разыходзяцца. У Д. адсутнічаюць жгуцікі, яны не ўтвараюць спораў. Сярод Д. ёсць сапрафіты, якія жывуць у глебе, вадзе, і ўзбуджальнікі інфекц. хвароб — пнеўмакокі, менінгакокі, ганакокі і інш.

Дыпладок.

т. 6, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКО́НТ (англ. discount),

1) спагнанне банкам пэўнай часткі намінальнага кошту вэксаляў, чэкаў, інш. каштоўных папер у выпадку скупкі іх да тэрміну пагашэння.

2) Працэнт ад кошту вэксаля, які спаганяецца пры набыцці яго да тэрміну пагашэння. Памер Д. залежыць ад дысконтнай (уліковай) стаўкі, намінальнага кошту і тэрміну пагашэння. Гл. Дысконтная палітыка.

т. 6, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯМАГНЕ́ТЫК,

рэчыва, якое намагнічваецца ў напрамку, процілеглым знешняму магн. полю. Пад уздзеяннем поля кожны атам Д. набывае магн. момант, прапарцыянальны полю і накіраваны насустрач яму (гл. Дыямагнетызм; пры адсутнасці знешняга поля Д. немагнітны). Д. з’яўляюцца інертныя газы, азот, вадарод, вісмут, цынк, медзь, золата і інш. элементы, многія арган. і неарган. злучэнні.

т. 6, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛС (галанд. hals),

1) курс судна адносна ветру: левы галс (вецер дзьме з левага боку), правы галс.

2) Адрэзак шляху судна (ад павароту да павароту), якое ідзе зігзагападобным курсам пры лавіраванні пад ветразямі, выкананні прамерных работ, траленні і інш. 3) Прылада, якая мацуе да мачты ніжні наветраны вугал ветразя (галсавы вугал).

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЧЫ́ЧНЫ АЛЕЙ,

раслінны тлусты алей, які атрымліваюць прасаваннем з насення гарчыцы. Вадкасць ад светла-жоўтага да светла-бурага колеру, шчыльн. 918 кг/м³, т-ра застывання -15 °C. Устойлівы да акіслення, не прагаркае пры працяглым захоўванні, паўвысыхальны алей. Выкарыстоўваюць пераважна ў хлебапякарнай, кандытарскай і кансервавай вытв-сці. Гл. таксама Алеі.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХПАРТЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

палітычная сістэма, пры якой дзве найбуйнейшыя партыі перыядычна змяняюць адна адну ва ўладзе. Характэрна для ЗША (рэсп. і дэмакр. партыі), Вялікабрытаніі (кансерватыўная і, да 1920-х г., ліберальная, потым лейбарысцкая), Канады (ліберальная і прагрэс.-кансерватыўная) і некат. іншых краін. Д.с. не выключае існавання іншых паліт. партый і арг-цый.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТРАПІ́ЗМ [ад гідра... + трапізм(ы)],

рэакцыя арыентавання жывёл, органаў раслін (асабліва каранёў) у напрамку да больш або менш (радзей) вільготнага асяроддзя. Бывае станоўчы (напр., пры нераўнамерным размеркаванні вільгаці ў глебе карані раслін, дажджавыя чэрві і інш. накіроўваюцца ў больш вільготныя ўчасткі) і адмоўны (напр., спарангіяносцы многіх плесневых грыбоў растуць у бок ад вільготнага субстрату).

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНТАКРА́ТЫЯ [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + kratos улада],

прынцып кіравання, пры якім улада належыць старэйшым. Тэрмін герантакратыі ўведзены ў этнаграфіі ў пач. 20 ст. і выкарыстоўваецца для аналізу структур улады на ранніх формах грамадскага ладу, пазней у класавым грамадстве. У пераносным сэнсе герантакратыя сімвалізуе адсталасць, кансерватызм, застойнасць мыслення і бяздзейнасць.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)