ВІНАГРА́ДАЎ Віктар Ніканавіч (н. 3.11.1933, в. Замасточча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. педагог. Д-р пед. н. (1994), праф. (1977). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1976). Скончыў Віцебскае мастацка-графічнае пед. вучылішча (1953), Полацкі пед. ін-т (1957). З 1957 у Віцебскім ун-це (з 1978 рэктар). Працы па методыцы выкладання начартальнай геаметрыі і чарчэння ў ВНУ і сярэдняй школе. Адзін з аўтараў і рэдактараў падручніка «Чарчэнне ў сярэдняй школе» (1969, перакладзена на 20 моў), аўтар курса для пед. ін-таў «Начартальная геаметрыя» (1977), адзін з аўтараў «Методыкі навучання чарчэнню» (1990), «Слоўніка-даведніка па чарчэнні» (1993) і інш.

Літ.:

В.​Н.​Вінаградаў: Бібліягр. паказ. Віцебск, 1992.

Н.​В.​Калішук.

т. 4, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́СЛА»

(«Wisła»),

польскі краязнаўча-этнаграфічны ілюстраваны часопіс, орган польск. этналагічнага т-ва. Выдаваўся ў 1887—1905, 1916—17, 1922 у Варшаве. Рэдактары А.​Грушэцкі, Я.​Карловіч і інш. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, краязнаўстве, фалькларыстыцы, нар. медыцыне, мастацтвазнаўстве Польшчы, у т. л. асобных сац.-этнічных і этнагр. груп. Змяшчаў рэцэнзіі на народазнаўчыя даследаванні, інструкцыі для збіральнікаў нар. творчасці, артыкулы пра этнографаў, краязнаўцаў, фалькларыстаў. Публікаваў справаздачы пра з’езды гісторыкаў, фалькларыстаў, лекараў і інш., пра разнастайныя выстаўкі. Рабіў агляды рус., чэш., балг., укр., ням. і інш. этнагр., гіст. і краязнаўчых часопісаў. Змяшчаў матэрыялы па бел. этнаграфіі і краязнаўстве, фотаздымкі бел. нар. тыпаў, людзей у нац. строях, вясковых пабудоў на Беларусі і інш.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ТЧЫНСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,

помнік архітэктуры 18 ст. ў г. Гатчына Ленінградскай вобл. Гал. збудаванне — палац у стылі ранняга класіцызму (1766—81, арх. А.​Рынальдзі; расшыраны ў 1793—97, арх. В.​Брэна; перабудаваны ў 1845—51, арх. Р.​І.​Кузьмін). Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 пяціграннымі вежамі па баках і 2 бакавымі карпусамі. Маляўнічыя паркі горада (Палацавы, «Звярынец» і інш.; агульная пл. 617 га) са шматлікімі мастамі, тэрасамі, павільёнамі, варотамі і інш. збудаваннямі належаць да лепшых узораў ландшафтнай архітэктуры. Унікальны па тэхніцы выканання землябітны Прыярацкі палац (1798—99, арх. М.​А.​Львоў), які нагадвае сярэдневяковы замак.

Літ.:

Гатчина. Л., 1980;

Памятники архитектуры пригородов Ленинграда. Л., 1983.

т. 5, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІЗІ́ЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ,

вытворчая арганізацыя па забеспячэнні геафіз. даследаванняў геолагаразведачных работ. Створана ў г. Мінск у 1968 як комплексная геафіз. экспедыцыя ў складзе Белгеагідратрэста. З 1987 геафізічная экспедыцыя ў ВА «Беларусьгеалогія». Выконвае геафіз. даследаванні пры пошуках карысных выкапняў, геал. і гідрагеал. здымках, геаэкалагічным вывучэнні тэр. Беларусі. Уключае партыі: 2 доследна-метадычныя (фіз. уласцівасцей і лічбавай апрацоўкі), 7 вытв.-палявых геафіз., камеральную геолага-геафіз. інфармацыі, шэраг дапаможных службаў. Асн. кірункі дзейнасці (1996): усе віды геафіз. здымкі — аэра- і наземная магнітная, граві-, радые-, радона- і тэрмаметрычная; наземныя электраразведачныя работы, пенетрацыйныя і свідравальныя даследаванні, радые- і літагеахім. здымка на паверхні і на геал. разрэзах; працы па павышэнні выхаду нафты і вады са свідравін пры іх здабычы.

В.​А.​Шытц.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЙГЕР, Гайгер (Geiger) Ганс Іаган; 30.9.1882, г. Нойштат-ан-дэр-Вайнштрасэ, Германія — 24.9 1945),

нямецкі фізік-эксперыментатар. Чл. Берлінскай АН (1937). Вучыўся ў Эрлангенскім, Мюнхенскім і Манчэстэрскім ун-тах. З 1907 выкладаў у Манчэстэрскім, Кільскім, Цюбінгенскім, Берлінскім ун-тах. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў. У 1908 вызначыў зарад электрона; разам з Э.Рэзерфардам вынайшаў прыладу для падліку асобных мікрачасціц (гл. Гейгераўскі лічыльнік); разам з англ. фізікам Дж.​Неталам прапанаваў эмпірычную формулу сувязі пастаяннай распаду з энергіяй альфа-часціц (1911—12; закон Гейгера—Нетала); разам з В.Ботэ даказаў справядлівасць законаў захавання энергіі і імпульсу пры сутыкненнях элементарных часціц; разам з англ. фізікам Э.​Марсдэнам эксперыментальна пацвердзіў формулу Рэзерфарда па рассейванні альфа-часціц.

т. 5, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТЫ́Т [ад грэч. haima (haimatos) кроў], чырвоны жалязняк,

мінерал падкласа простых аксідаў, аксід жалеза Fe2O3. Прымесі тытану (да 11%), алюмінію (да 14%), марганцу (да 17%) і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі пласціністыя, таблітчастыя, часта ў суцэльных скрытакрышт. масах, ліставатых ці лускападобных агрэгатах, у псеўдамарфозах па магнетыцы (мартыт). Колер чырванавата-карычневы да чорнага. Бляск паўметалічны. Цв. 6—6,5. Шчыльн. Каля 5,3 г/см³. Па паходжанні метамарфічны, гіпергенавы і інш. Асн. радовішчы ў жалезістых крыніцах. Адна з найважнейшых жалезных руд. Выкарыстоўваецца для вытв-сці фарбаў (чырв. охра) і абразіўных парашкоў. На Беларусі як акцэсорны мінерал трапляецца ў пародах крышт. фундаменту, у адкладах рыфею і венду, дэвону, карбону, пярмі і трыясу, кайназою.

Гематыт.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «СТРОМАЎТАЛІ́НІЯ», Гомельскі завод па вырабе абсталявання ў аўтаматычную лінію для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Засн. ў 1895 як рамонтна-мех. майстэрні «Рухавік» па рамонце лесапільных, маслабойных з-даў і млыноў. У 1920-я г. наз. «Рухавік рэвалюцыі», выпускаў с.-г. машыны. З 1930 спецыялізаваўся на рамонтных работах і вытв-сці запчастак для трактароў. У Вял. Айч. вайну эвакуіраваны ў г. Аткарск Саратаўскай вобл. Пасля аднаўлення ў Гомелі (1943—44) выпускаў тарфяныя машыны. З 1966 Гомельскі з-д тарфянога машынабудавання («Тарфмаш»). З 1983 сучасная назва. Асн. Прадукцыя (1997): абсталяванне і запчасткі для прадпрыемстваў прам-сці буд. матэрыялаў. Пастаўляе прадукцыю ў краіны СНД, супрацоўнічае з Фінляндыяй, Германіяй, Францыяй, Італіяй, Кубай, Сірыяй.

т. 5, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫНЬ Міхаіл Паўлавіч (н. 24.8.1934, в. Малыя Вераб’евічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Д-р с.-г. н. (1987), праф. (1988). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1956). З 1957 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (у 1965—68 вучоны сакратар). Навук. працы па пытаннях тэорыі і практыкі развядзення і селекцыі буйн. раг. жывёлы, распрацоўцы праграмы і метадаў генет. ўдасканалення буйн. раг. жывёлы па малочнай і мясной прадукцыйнасці. Адзін з заснавальнікаў бел. школы селекцыянераў у галіне жывёлагадоўлі.

Тв.:

Повышение племенных и продуктивных качеств молочного скота. Мн., 1989 (разам з А.​М.​Ятусевічам);

Эффективность применяемых методов племенного подбора в селекции скота // Научные основы развития животноводства в БССР. Мн., 1991.

т. 5, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭДЭРЛО́Ў (Brederlow) Ніна (н. 20.6.1941, Мінск),

нямецкая славістка. Скончыла Ленінградскі (1964) і Лейпцыгскі (1974) ун-ты. Д-р філалогіі (1985). Лектар Ін-та славістыкі Патсдамскага ун-та (1971). Чытала лекцыі па гісторыі бел. літаратуры, уводзінах у бел. мову. Выступала ў друку па праблемах бел. дзіцячай л-ры (у зб. «Савецкая літаратура для дзяцей і юнацтва», 1987). Аўтар артыкулаў «Да пытання аб тэндэнцыях развіцця беларускай прозы для дзяцей і юнацтва ў 80-я гады» (1989), «Станаўленне рэалістычнай літаратуры для дзяцей у Беларусі на пачатку 20 ст.» (1991), а таксама пра творчасць Я.​Коласа, М.​Лынькова і інш.

Літ.:

Соколовский В. Утверждение исконного: Бел. культура в немецкоязычном мире // Нёман. 1995. № 4.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ЖГА Баляслаў Рычардавіч (31.3.1887, Рэжыцкі пав. Віцебскай губ., цяпер Латвія — 30.9.1957),

бел. і латышскі археолаг, гісторык, археограф, філолаг. Д-р гісторыі (1933). Скончыў Віцебскую гімназію (1910), Маскоўскі археал. ін-т (1916). З 1918 заг. Віцебскага аддз. гэтага ін-та, з 1992 у Віцебскім губ. архіве, з 1925 у Латвіі. Даследаваў гіст. сувязі беларусаў і латышоў, гісторыю паўстання 1863—64 на тэр. Віцебшчыны, вывучаў Полацкія летапісы («Адносіны палачан і латышоў у VIII—XVIII стст.», 1926; «Замкі Віцебшчыны», 1933; «Нарысы па гісторыі сялянскіх рухаў у Латгаліі 1577—1907», 1956), складаў бібліяграфію па гісторыі Беларусі, збіраў матэрыял для параўнальнага аналізу бел. мовы і латгальскага дыялекту, у Латв. ун-це вёў курс стараж. бел. пісьменства.

Б.Р.Брэжга.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)