ЛАВІ́НСКІ (Хрыстафор Хрыстафоравіч) (н. 3.5.1940, г. Нясвіж Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне гігіены. Д-рмед.н. (1995), праф. (1997). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1964), з 1994 заг. кафедры ў ім. Навук. працы па прафілактычнай і клінічнай нутрыцыялогіі, вывучэнні статуса харчавання розных груп насельніцтва Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ЎРАЧ СССР,
ганаровае званне, якое прысвойвалася высокапрафес. урачам за заслугі ў ахове здароўя насельніцтва, арганізацыі і аказання лячэбна-прафілактычнай дапамогі, за дасягненні ў працы і ўдзел у грамадскім жыцці. Уведзена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 3.7.1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМЯРЗА́ННЕ РЭК,
спыненне рэчышчавага сцёку на асобных мелкаводных участках ракі пры ўтварэнні магутнага ледзянога покрыва. Пры П.р. вада часта разліваецца па паверхні лёду і ўтварае наледзі. На Беларусі ў лютыя зімы раз у 10—15 гадоў могуць прамярзаць на 45—100 сут ручаі і невял. рэкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЯ́НІК (Milium),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 6—7 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. разгалісты (M. effusum). Трапляецца ў лясах.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце лінейнае. Кветкі дробныя, сабраныя ў мяцёлкі. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭСВІ́ТЭР (ад грэч. presbyteros старэйшына),
кіраўнік у раннехрысц. абшчыне, свяшчэннаслужыцель пасля ўзнікнення хрысц. царквы. У праваслаўі тэрмін «П.» звычайна ўжываецца як урачыстая назва святара. У пратэстантызме П. — адм. кіраўнік абшчыны, які выбіраецца, як і пастар, са складу прыхаджан. У прыхільнікаў кальвінізму на Беларусі П. наз. таксама сіньёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́К-БАЛАХО́ВІЧА ПАХО́Д 1920,
ваенная акцыя Рус.нар. добраахвотніцкай арміі (з рус. і бел. вайсковых часцей) на чале з ген. С.Н.Булак-Балаховічам у ліст. 1920 на Палессі. Паліт. кіраўнік акцыі — старшыня Рус.паліт.к-та ў Польшчы Б.В.Савінкаў. Акцыя была разлічана на падтрымку сялянства, незадаволенага палітыкай «ваеннага камунізму». Меў на мэце стварэнне незалежнай Бел. дзяржавы і саюзнай з ёй Рас.дэмакр. рэспублікі. Падтрыманы начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім.
Сканцэнтраваўшы свае сілы ў раёне Лунінец—Мікашэвічы—Тураў, армія Булак-Балаховіча (20 тыс.чал.) 6.11.1920 пачала наступленне ўздоўж р. Прыпяць. Разбіўшы часці Чырв. Арміі, яна заняла Петрыкаў, Калінкавічы, Мазыр, падышла да Рэчыцы. У Мазыры Булак-Балаховіч абвясціў сябе «начальнікам Беларускай дзяржавы», галоўнакамандуючым усімі ўзбр. сіламі Беларусі і пракламаваў незалежнасць Беларусі; выдаў загад пра фарміраванне бел. войска, назначыў «урад Беларусі» на чале з П.П.Алексюком і абвясціў «звергнутымі» ўрады БССР і Бел.Нар. Рэспублікі. 16 ліст.Чырв. Армія пачала контрнаступленне і 20.11.1920 узяла Мазыр. Асн. сілы Булак-Балаховіча прабіліся на польскі бок фронту, большасць арміі была раззброена польск. ўладамі; інтэрніраваныя ў Белавежскай пушчы асобныя атрады ўдзельнічалі ў нападах на БССР да 1922.
Літ.:
Историко-стратегический очерк XVI-й армии. Могилев, 1921. С. 148—160;
Simanskij P. Kampanja białorusko-rosyjskiej armji ludowo-ochotniczej gen. Bułak-Bułachowicza w r. 1920 // Bellona. Warszawa, 1931. Т. 37, z. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ЛЬБА,
шматгадовыя клубняносныя расліны роду паслён сям. паслёнавых. Больш як 170 дзікарослых і культ. відаў. Радзіма — Паўд. Амерыка. Вырошчваюць бульбу андыйскую (Solanum andigenum; у Паўд. Амерыцы) і бульбу еўрапейскую, ці чылійскую (S. tuberosum; як аднагадовая расліна ў краінах з умераным кліматам). У Еўропу завезены ў сярэдзіне 16 ст.; у палявой культуры (у т. л. на Беларусі) з 18 ст. Палавіна пасяўной плошчы бульбы ў Еўропе, чвэрць — у Азіі. На Беларусі бульба лічыцца нац. культурай, «другім хлебам», пасяўныя плошчы займаюць 749,3 тыс.га (1993). З бульбы атрымліваюць крухмал, спірт, патаку, гатуюць сотні відаў страў, яна ідзе на корм жывёле.
Шматсцябловая расліна выш. 50—100 см, сцёблы прамыя, зялёныя або афарбаваныя антацыянам. На падземных сцябловых парастках (сталонах) фарміруюцца патаўшчэнні — клубні круглай, падоўжанай, рэпападобнай формы, белага, жоўтага, чырвона-фіялетавага, сіняга колеру. На паверхні клубня — вочкі з 3—4 пупышкамі. Лісце няпарнаперыстарассечанае, гладкае ці маршчакаватае. Кветкі двухполыя, белыя, чырвона-фіялетавыя, сіне-фіялетавыя. Суквецце складаецца з 2—3 і больш завіткоў. Плод — шматнасенная ягада. Цвіце ў чэрв.—жніўні. Размнажаецца клубнямі і іх часткамі (у селекцыі — насеннем). Добра расце на ўгноеных супясчаных і пясчаных мінер. глебах, на сярэднякіслых тарфяна-балотных. Сарты, раянаваныя на Беларусі: раннія і сярэдняраннія — Бел. ранняя, Прыгожая 2, Аксаміт, Аноста, Адрэта, Дзецкасельская, Сантэ, Явар; сярэдняспелыя — Агеньчык, Расінка; сярэдняпознія і познія — Лошыцкая, Ласунак, Прынёманская, Беларуская 3, Тэмп, Арбіта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́ТАРСКАЯ ПРО́ЗА,
помнікі красамоўства, а таксама літаратурныя творы, напісаныя ў прамоўніцкім стылі. Найб. росквіту дасягнула ў Грэцыі (5—4 ст. да н. э.) і Рыме (1 ст. да н. э.), дзе выпрацавана тэорыя аратарскага мастацтва — рыторыка. Узоры класічнага красамоўства — прамовы Цыцэрона, буйнейшага тэарэтыка і практыка аратарскай прозы. У перыяд сярэднявечча мела пераважна царкоўна-рэліг. характар. Эпоха Адраджэння садзейнічала развіццю свецкай аратарскай прозы. На Беларусі першыя выдатныя прадстаўнікі царк. красамоўства Іларыён і Кірыла Тураўскі. Жанравую сувязь з аратарскай прозай мае «Слова пра паход Ігараў». У 16—17 ст. у перыяд рэліг. палемікі бытавалі «слова», прамова, казанне, пропаведзь. Развіццю аратарскай прозы садзейнічалі і арацыі. Выдатным прамоўцам быў грамадска-паліт. дзеяч і дыпламат Л.Сапега (прамова на Варшаўскім сейме 1588). Сярод прадстаўнікоў бел.царк. красамоўства вылучаліся Л.Карповіч, М.Сматрыцкі і Сімяон Полацкі. У 17—18 ст. на Беларусі з’явіліся гумарыстычна-парадыйныя і сатыр. творы, складзеныя ў прамоўніцкім стылі («Прамова Мялешкі», «Прамова русіна», Жыровіцкія арацыі і інш.). У стылі прамоў напісаны публіцыст. маналогі, «словы» да чытачоў К.Каліноўскага ў газ. «Мужыцкая праўда». У аратарскай прозе 20 ст. пакінуў след сваімі палкімі прамовамі ў польскім сейме Б.Тарашкевіч, які выступаў у абарону нац. і сац. правоў працоўных Зах.Беларусі. Цесна звязаныя з надзённымі праблемамі грамадскага жыцця творы аратарскай прозы — каштоўная крыніца ведаў пра культ. і гіст. мінулае краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ КРАЁВАЯ АБАРО́НА (БКА),
вайсковае фарміраванне на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр.Беларусі ў Вял.Айч. вайну.
Стваралася ў пач. 1944 паводле дазволу А.Гітлера на правядзенне мабілізацыі на Беларусі, загадаў в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга ад 23.2.1944 і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Р.Астроўскага ад 6.3.1944 шляхам прымусовай мабілізацыі мужчынскага насельніцтва 1908—24 г. нараджэння. Узначальвала БКА гал. камандаванне на чале з маёрам Ф.Кушалем, якому падпарадкоўваліся акр. аддзелы БКА. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс.чал., з якіх да крас. 1944 створана 36 пях. і 6 сапёрных батальёнаў. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Мінску, радавыя — на месцах службы. Для афіцэраў уведзены знакі адрознення чыноў і званні: лейтэнант, старшы лейтэнант, капітан, маёр, падпалкоўнік; для падафіцэраў — дружынавы і звязовы. Гал. мэты БКА — арганізацыя бел.нац. войска, барацьба супраць сав. партызанаў, Чырв. Арміі, польскай Арміі Краёвай. БКА не апраўдала надзей акупантаў. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складоў і інш.гасп. мэт. Значная частка мабілізаваных у БКА, у т. л. са зброяй у руках, пераходзілі да партызанаў. Пасля вызвалення Беларусі былі мабілізаваны ў Чырв. Армію, многія з іх пазней панеслі адм. ці крымінальнае пакаранне. Частка вайскоўцаў БКА, што апынуліся ў Германіі, увайшлі ў 1-ю бел грэнадзёрскую брыгаду СС «Беларусь» ці ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС «Беларусь № 1», якая перайшла на бок амерыканцаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАГРА́Д (Vitis),
род раслін сям. вінаградавых. Вядома каля 70 відаў, пашыраных у Еўразіі і Амерыцы; на Беларусі 5 відаў. Вінаград культурны, або еўрапейскі (Vitis vinifera), вырошчваюць ва ўсім свеце паміж 20—40°паўн. ш. і 35—45°паўд. ш., ад 20 да 3000 м над узр. мора. Найб. плошчы ў Іспаніі, Італіі, Францыі, Азербайджане, Малдове, Украіне, Расіі. Культурны вінаград узнік ад дзікага ў працэсе працяглай эвалюцыі, натуральнага і штучнага адбору, існуе больш за 20 тыс. сартоў. Вырошчваюць таксама паўн.-амер. віды: вінаград Ізабела (Vitis labrusca), вінаград скальны (Vitis rupestris) і інш., якія часта выкарыстоўваюць у якасці філаксераўстойлівага прышчэпа; вінаград амурскі (Vitis amurensis), вінаград лісіны (Vitis vulpina) і інш. — для азелянення.
Шматгадовыя дрэвавыя ліяны з доўгімі (3—5 м) тонкімі аднагадовымі парасткамі і магутнай каранёвай сістэмай. Кветкі двухполыя або функцыянальна жаночыя, дробныя, зялёныя, сабраныя ў мяцёлчатае суквецце. Апыленне перакрыжаванае і самаапыленне. Цепла- і святлолюбівая расліна, якая не выносіць пераўвільгатнення, расце на лёгкіх урадлівых глебах, адчувальная да позніх веснавых і ранніх асенніх замаразкаў. Ва ўмовах Беларусі цвіце ў чэрв.—ліпені, ягады паспяваюць у канцы жніўня — пач. верасня. Ягады багатыя цукрамі, арган, кіслотамі, вітамінамі групы B, C, D. Выкарыстоўваюцца свежыя і на перапрацоўку (разынкі, сокі, віно і інш.), у лек. мэтах (гл.Ампелатэрапія). Найб. пашыраныя ў Беларусі сарты — Касманаўт, Паўночны ранні, Краса Поўначы, Мічурынскі. Гл. таксама Вінаградарства.