АЛМА́З (цюрк. алмас ад грэч. adamas несакрушальны),
дыямент, мінерал, крышт. кубічная мадыфікацыя самароднага чыстага вугляроду. Бясколерны, белы, блакітны, зеленаваты, жаўтаваты, чырванаваты, шэры ці чорны. Бляск алмазны, тлусты. Празрысты; моцная дысперсія святла. Цв. 10 (найцвярдзейшы з вядомых мінералаў). Шчыльн. 3,5—3,53 г/см³. Каштоўны камень 1-га класа.
Трапляецца ў ультраасноўных вывергнутых пародах — кімберлітах, здабываецца з карэнных радовішчаў і россыпаў, звычайна ў выглядзе дробных зярнят і асколкаў крышталікаў (сярэдняя маса 0,2 карата — 40 мг). Вельмі рэдкія алмазы, маса якіх перавышае 50 каратаў (10 г). Самыя вял. ў свеце: «Кулінан» (3106 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1905), «Эксцэльсіёр» (971,5 карата, Паўд. Афрыка, ПАР, 1983), «Зорка Сьера-Леоне» (968,9 карата, Зах. Афрыка, Сьера-Леоне, 1972), «Прэзідэнт Варгас» (726,6 карата, Бразілія, 1938), «Джонкер» (726 каратаў, Паўд. Афрыка, Трансвааль, 1934) і інш. Празрыстыя і бясколерныя крышталі самых вял. памераў выкарыстоўваюцца ў ювелірнай справе (пасля агранкі наз.брыльянтамі), дробныя, зярністыя, афарбаваныя або з дэфектамі (борт, карбанада) — у тэхн. мэтах (для бурэння свідравін у цвёрдых пародах, шліфавання ў металаапрацоўцы, у электроннай прам-сці, рэзкі шкла і інш.). Радовішчы алмазу ў Аўстраліі, Рас. Федэрацыі — Рэспубліка Саха (Якуція), у Паўд. Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Індыі. Пошукі алмазу вядуцца на Беларусі (гл.Алмазная прамысловасць).
Алмаз «Гарняк» (44,62 кар).Да арт.Алмаз. Малая расійская імператарская карона. Серабро. Брыльянты. С.-Пецярбург. 1801.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮМІ́НІЕВЫЯ СПЛА́ВЫ,
сплавы на аснове алюмінію з дабаўкамі іншых элементаў (медзі, магнію, цынку, крэмнію, марганцу, літыю, кадмію, цырконію, хрому). Адметныя малой шчыльнасцю (да 3∙103кг/м³), высокімі мех. ўласцівасцямі, каразійнай устойлівасцю, высокай цепла- і электраправоднасцю, трываласцю і пластычнасцю пры нізкіх т-рах. Лёгка апрацоўваюцца рэзаннем і зварваюцца кантактнай зваркай (некаторыя плаўленнем), на вырабы з іх лёгка наносяцца ахоўныя і дэкар. пакрыцці.
Разнастайнасць уласцівасцяў алюмініевых сплаваў звязана з увядзеннем пэўных прысадак, якія ўтвараюць з алюмініем цвёрдыя растворы і інтэрметаліды і з’яўляюцца ўмацавальнай фазай сплаваў. Найб. пашыраны сплавы Al—Cu—Mg (дзюралюміны), Al—Mg (магналіі), Al—Si (сілуміны), Al—Mg—Si (авіялі), высокатрывалыя Al—Zn—Mg—Cu, крыягенныя і гарачатрывалыя Al—Cu—Mn, сплавы з нізкай шчыльнасцю Al—Mg—Li, Al—Cu—Li, Al—Cu—Mg—Li, парашковыя і грануляваныя. Алюмініевыя сплавы падзяляюцца на дэфармавальныя, ліцейныя і спечаныя. З дэфармавальных пракатваннем, прасаваннем, коўкай ці штампоўкай, валачэннем атрымліваюць пліты, лісты, профілі, пруткі, накоўкі, дрот. З ліцейных алюмініевых сплаваў вырабляюць фасонныя адліўкі метадамі ліцця ў земляныя, коркавыя ці метал. кокільныя) формы, а таксама ліцця пад ціскам. Спечаныя алюмініевыя сплавы атрымліваюць метадамі парашковай металургіі. Алюмініевыя сплавы выкарыстоўваюць у авіяц.прам-сці, судна- і прыладабудаванні, аўтамаб., электратэхн. вытв-сці, буд-ве, у вытв-сці быт. вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУСНІ́ЦЫ (Rhodococcum vitis-idaea),
від кветкавых раслін сям. верасовых. Пашыраны ў халодных і ўмераных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца часта ў лясах, хмызняках, на высечках, мохавых балотах.
Шматгадовазялёная кусцікавая расліна выш. 10—25 см з доўгім паўзучым карэнішчам, прамастойным ці ўзыходным галінастым сцяблом. Мае эндатрофную мікарызу. Лісце дробнае, шчыльнае, скурыстае, бліскучае, суцэльнае і суцэльнакрайняе, эліпсоіднае. Кветкі званочкавыя, бледна-ружовыя, са слабым пахам, сабраныя ў густыя кароткія паніклыя гронкі на канцах леташніх парасткаў. Плады — шарападобныя ярка-чырвоныя або бела-ружовыя ягады, ядомыя, з прыемным кісла-салодкім смакам (ураджайнасць 150—200 кг/га). Каштоўная харч., кармавая (для звяроў і птушак), дубільная, меданосная, дэкар. і лек. (мачагонны, антысептычны, вяжучы, проціцынготны сродак) расліна, мае бялкі, вугляводы, арган. к-ты (бензойная, яблычная, лімонная, воцатная, мурашыная, шчаўевая і інш.), цукры (цукроза, фруктоза, глюкоза), пекціны, мінер. і дубільныя рэчывы, гліказіды арбуцын, вакцынін, вітаміны С, B9, РР, карацін, катэхіны, фітанцыды, антацыяны і інш. З лек. мэтай ужываюць лісце і спелыя ягады. Ягады спажываюць свежыя і мочаныя, выкарыстоўваюць у кандытарскай прам-сці, для квашання капусты, як гарнір да мясных страў, з іх гатуюць варэнне, джэм, павідла, марынады, кісель, сок, сіроп, морс, бруснічную ваду, пасцілу, начынку для цукерак і пірагоў. Лісце выкарыстоўваюць як сурагат чаю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНА́Я РАГА́ТАЯ ЖЫВЁЛА,
парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Належыць да жвачных (ператраўляе корм, багаты клятчаткай, — сена, салому, зялёны корм, караняплоды і інш.). Уключае свойскія формы (быкі і каровы), якія належаць да роду сапраўдных быкоў, а таксама якаў, гаялаў, бізонаў, зуброў. Свойская буйная рагатая жывёла (паходзіць ад тура, прыручанага каля 8 тыс.г. назад) дае малако і мяса, сыравіну для лёгкай прам-сці, угнаенні для сельскай гаспадаркі. Асаблівасці экстэр’еру буйнай рагатай жывёлы звязаны з кірункам прадукцыйнасці (малочным або мясным), кліматычнымі зонамі і тэхналогіяй гадоўлі. На Беларусі асн. планавая парода — чорна-пярэстая парода малочнага кірунку (98% пагалоўя). Гадуюць таксама жывёл малочных і малочна-мясных парод: чырвоную беларускую, сіментальскую, швіцкую, кастрамскую, галандскую, з мясных — шаралезскую, лімузінскую, мен-анжу і герафордскую.
Каровы жывуць каля 20 гадоў, рэдка 35, быкі 15—20 гадоў. Палавая спеласць у цялушак настае ў 9—10, у быкоў у 9—11 месяцаў. Першы ацёл ва ўзросце 26—30 месяцаў. Працягласць цельнасці 280—290 сутак. Тэрмін гасп. выкарыстання малочных кароў 5—10, племянных жывёл для ўзнаўлення статка 8—10 гадоў. Маладняк на мяса забіваюць пасля адкорму або нагулу ў 16—20 месяцаў. Гл. таксама Буйной рагатай жывёлы гадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РЫ ВУ́ГАЛЬ,
гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, нізкай ступені вуглефікацыі, пераходная форма ад торфу да каменнага вугалю. Адрозніваюць: лігніт з добра захаванай структурай рэшткаў драўніны, светлы карычневы вугаль зямлістай тэкстуры і шчыльны чорны бліскучы. На паветры буры вугаль хутка растрэскваецца і ператвараецца ў дробныя кавалкі. Для бурага вугалю характэрны наяўнасць гумінавых кіслот, высокая гіграскапічнасць і вільготнасць. Мае 64—78% вугляроду, 5—6% вадароду, 15—30% кіслароду, 40—65% лятучых рэчываў; вільготнасць да 50%. Шчыльн. 1200—1500 кг/м³. Цеплыня згарання ад 10,9 да 29,1 МДж/кг, попельнасць 18,5—25,6%. Энергет., быт. паліва, сыравіна для хім.прам-сці і вырабу вадкага паліва. У залежнасці ад колькасці вільгаці падзяляецца на 3 тэхнал. групы: Б-1 (вільготнасць больш за 40%), Б-2 (вільготнасць ад 30 да 40%) і Б-3 (вільготнасць менш за 30%). Самыя буйныя басейны і радовішчы бурага вугалю характэрны для мезазойска-кайназойскіх адкладаў. Гал. басейны размешчаны ў Расіі, Германіі, Польшчы, Чэхіі, Аўстраліі. У Беларусі паклады бурага вугалю выяўлены ў Прыпяцкім прагіне і Брэсцкай упадзіне ў асноўным на тэр. Гомельскай і Брэсцкай абл. (Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы). Агульныя геал. запасы — больш за 1 млрд.т, разведаныя запасы — больш за 150 млн.т. Якасць іх невысокая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Друць. За 44 км ад Магілёва, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 10,7 тыс.ж. (1995).
Паводле пісьмовых крыніц Бялынічы вядомы з сярэдзіны 16 ст. як сяло ў Аршанскім пав. Віцебскага ваяв.ВКЛ. У 1577 кн. С.А.Збаражскі заснаваў тут замак і мястэчка. З пач. 17 ст. ўласнасць Сапегаў, якія заснавалі ў Бялынічах кляштар кармелітаў і пры ім друкарню і касцёл (гл.Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў). З 1685 належалі Радзівілам, Агінскім. З 1772 у Магілёўскім пав. Расійскай імперыі. У 1785 у Бялынічах 831 ж., 108 двароў, млын, 4 кірмашы на год. Пасля 1861 цэнтр воласці Магілёўскага пав. У 1897 — 2215 ж. З 1924 цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 6.7.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія разбурылі Бялынічы, загубілі ў гар. пасёлку і раёне каля 2 тыс.чал. Дзейнічала Бялыніцкае патрыятычнае падполле. У вер. 1943 партызаны разграмілі ў Бялынічах варожы гарнізон (гл.Бялыніцкія аперацыі 1943). У 1977 — 6,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч.прам-сці. З сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік В.К.Бялыніцкаму-Бірулю, Бялыніцкі мастацкі музей імя Бялыніцкага-Бірулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙМАР, Ваймар (Weimar),
горад у ФРГ, у зямлі Цюрынгія. Размешчаны ў Цюрынгенскай катлавіне на р. Ін. 60 тыс.ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Развіта камбайнабудаванне і выраб дакладных вымяральных прылад. Паліграф.прам-сць. У Веймары мемар. музеі: Нац. музей Гётэ, Паркавы дом Гётэ, Дом Шылера, Дом Ліста, а таксама Музей ням. л-ры, архіў Гётэ і Шылера, Ням.нац.т-р (1906—08), Вышэйшая школа архітэктуры і буд-ва (1904—07, арх. Х.К. ван дэ Велдэ). Каля Веймара — мемар. комплекс Бухенвальд. Турызм.
Упершыню ўпамінаецца ў 975. З 1254 горад. У 1573—1918 сталіца герцагства (з 1815 — Вял. герцагства) Саксен-Веймар-Айзенах. У 18—19 ст. адзін з асн.маст. і культ. цэнтраў Германіі. У Веймары працавалі І.С.Бах, І.Г.Гердэр, І.В.Гётэ, Ф.Шылер, Ф.Ліст. У 1919 у Веймары прынята рэсп. канстытуцыя Германіі (гл. ў арт.Веймарская рэспубліка). Аблічча Веймара вызначаюць маляўнічыя паркі (найбольшы — парк Гётэ) і арх. помнікі 16—18 ст.: Дом Кранаха (каля 1526), Герцагскі палац (цяпер музей; перабудаваны ў 1790—1803 у стылі класіцызму), палац Бельведэр (1726—32) і інш.
Да арт.Веймар. Герцагскі палац (перабудаваны ў 1790—1803, цяпер музей з мастацкім зборам).Веймар. Старажытная плошча ў цэнтры горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРО́НА (Verona),
горад у Паўн. Італіі, на р. Адыджэ. Адм. ц.прав. Верона. 256,8 тыс.ж. (1993). Трансп. вузел (чыгункі і аўтадарогі) на паўд. подступах да перавалу Брэнер у Альпах. Прам-сць: металургія, машынабудаванне, хім., лёгкая, дрэваапр., паліграф., харч.; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Ун-т. Музеі, у т. л.Нац. пінакатэка. Штогадовы міжнар.с.-г. кірмаш.
У горадзе захаваліся стараж.-рымскія арэна, т-р, рэшткі ўмацаванняў (вароты Порта дэі Барсары, Порта дэі Леоні), мост Понтэ П’етра. У цэнтры Вероны 2 гал. плошчы: П’яцца дэле Эрбе (б. антычны форум) з гатычнымі дамамі Каса дэі Мерканці (1301) і Торэ дэль Гардэла (1370) і барочным Палацца Мафеі (1668); П’яцца дэі Сіньёры з раманскім Палацца дэль Камуне (пач. ў 1193), палацам Скалігераў (Палацца дэль Гаверна; канец 13 ст.) і рэнесансавай Лоджыяй дэль Кансільё (1475—92). Раманскія царква Сан-Дзена Маджорэ (5 ст.) і сабор (1139—87, кампаніла — 16 ст., арх. М.Санмікелі), гатычныя магільны склеп роду Скалігераў (13—14 ст.) і царква Сант-Анастазія (1291—1323 і 1422—81; у інтэр’еры фрэскі А.Пізанела). Гатычны замак Кастэльвек’ё (1354—75) з мостам Скалігераў. Рэнесансавыя палацы (Пампеі, 1530; Каноса, каля 1530; Бевілаква, 1532) і брама гар. умацаванняў (1530—50-я г.; усе арх. Санмікелі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТКА,
горад, цэнтр Веткаўскага раёна Гомельскай вобл., прыстань на р. Сож. За 22 км ад Гомеля. Аўтадарогамі злучана з Гомелем і Добрушам. 6,3 тыс.ж. (1995).
Засн. ў 1685 (паводле інш. звестак у 1682) стараверамі — бежанцамі з цэнтр. Расіі (гл.Стараверства). У 17—18 ст Ветка з навакольнымі слабодамі, манастырамі і скітамі з’яўлялася цэнтрам расколу, у 1730-я г. тут жыло каля 40 тыс.чал. У 18 ст. ў Ветцы сфарміраваліся мясц. асаблівасці іканапісу і афармлення рукапіснай кнігі, склалася самабытная школа веткаўскай разьбы. Карныя войскі царскага ўрада двойчы (у 1735 і 1764) палілі Ветку, большасць жыхароў прымусова выселена ва ўсх. губерні Расіі. З 1772 у Рас. імперыі, з 1784 мястэчка Беліцкага, з 1852 Гомельскага пав. Належала Станевічам. У 1868 адкрыта жаночае, у 1874 мужчынскае нар. вучылішчы. У 1897 — 7,2 тыс.ж. З 1919 у Гомельскім пав. РСФСР, з 1925 горад, з 1926 у БССР, з 8.12.1926 цэнтр раёна. У 1939 — 6 тыс ж. З 18.8.1941 да 28.9.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Ветцы і раёне 656 чал. У 1969 — 6,2 тыс. жыхароў. Знаходзіцца ў зоне радыеактыўнай забруджанасці.
Прадпрыемствы лёгкай (Веткаўская бавоўнапрадзільная фабрыка), буд. матэрыялаў, харч.прам-сці. Веткаўскі музей народнай творчасці. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗ (франц. gaz ад грэч. chaos хаос),
агрэгатны стан рэчыва, у якім слаба звязаныя малекулярнымі сіламі часціцы рухаюцца свабодна і пры адсутнасці знешніх палёў раўнамерна запаўняюць увесь дадзены ім аб’ём. Газ, у якім энергію ўзаемадзеяння паміж часціцамі можна не ўлічваць, наз.ідэальным газам. Яго стан апісваецца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем.
Рэальныя газы пры звычайных умовах мала адрозніваюцца ад ідэальнага, а пры памяншэнні ціску і павышэнні т-ры па ўласцівасцях набліжаюцца да яго; часцей іх стан апісваецца Ван-дэр-Ваальса ўраўненнем. Пры паніжэнні т-ры газы дасягаюць крытычнага стану, пры далейшым ахаладжэнні і павышэнні ціску адбываецца звадкаванне газаў. Калі рух часціц падпарадкоўваецца законам класічнай механікі, газ наз. нявыраджаным (рэальныя газы), а калі квантавыя ўласцівасці часцінак газа пераважаюць — выраджаным (электронны газ у металах пры тэмпературах, блізкіх да 0 К). Пры нізкіх т-рах газы добрыя дыэлектрыкі, але пры пэўных умовах могуць праводзіць эл. ток (гл.Электрычныя разрады ў газах). Мех. ўласцівасці газаў вывучаюцца ў газавай дынаміцы і аэрадынаміцы. Газы складаюць асн. масу атмасферы, пашыраны ў зямной кары, маюць вял. значэнне ў існаванні жывых арганізмаў (гл., напр., Дыханне, Газаабмен) і біягеахімічным кругавароце рэчываў, газы прыродныя гаручыя — кашт. сыравіна для хім. і газавай прам-сці, крыніца забеспячэння разнастайных бытавых, тэхн. і інш. патрэб гаспадаркі.