Размешчаны на ПнЗМінскайвобл. Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2 тыс.км². Нас. 37,2 тыс.чал. (1998), гарадскога 36,8%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр. — г.Мядзел. Уключае г.п.Крывічы і Свір, курортны пас.Нарач, 306 сельскіх населеных пунктаў, Крывіцкі і Свірскі пасялковыя Саветы, 12 сельсаветаў: Будслаўскі, Дзягільскі, Занарачанскі, Княгінінскі, Латвянскі, Мядзельскі, Нарачанскі, Пузырэўскі, Сваткаўскі, Слабадскі, Старагабскі, Сырмежскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана на Нарачана-Вілейскай нізіне, паўн.ч. ў межах Свянцянскіх град. Паверхня пераважна спадзістахвалістая, 90% яе знаходзіцца на выш. 160—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад курортнага пас. Нарач). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны, мінер. воды. Сярэдняя т-растудз. -6,7 °C, ліп. 17,3 °C. Ападкаў 660 мм. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. рэкі Страча, Нарач, Вял. Перакоп, Вузлянка, Сэрвач (бас. Віліі), Мядзелка (бас. Дзісны). Найб. азёры: Нарач, Свір, Мядзел, Мястра, Баторына, Бледнае. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя (43,6%), тарфяна-балотныя (22,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (21,6%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (10,6%). Пад лесам 42,7% тэр. раёна, пераважна на Пд і ПдЗ. Лясы хваёвыя, бярозавыя, яловыя, альховыя і інш. Пад балотамі 11,2 тыс.га. На тэр. раёна нац. парк Нарачанскі, заказнікі рэсп. значэння: біял. — Некасецкі, Пасынкі, Рудакова, гідралагічны Чарэмшыца, ландшафтны — Блакітныя Азёры. Ахоўваемыя тарфянікі: Баравікі, Баркаўшчызна, Беразнякі, 40 гадоў Кастрычніка, Пронькі, Радняк, Свірскае — Свірнішча, Трудапольскае I, II, Ходнеўшчына, Цалевічы, Чалеі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: бяроза карэльская (участкі каля в. Брэскія і ў Мядзельскім лясніцтве), вял камяні: Баярскі, Венцавіцкі, Высочкінскі, Гуліўскі, Красніцкі, Ляшчынскі, Мацкійскі, Пронькаўскі, Юшкавіцкі; камяні: Альшэўскі, Занарачанскі (седлавы з ямкамі), Чортаў камень Шкленікоўскі; грады (озы): Качаргінская, Лукінская, Цюкшынская; Дубовая гара; паўвыспы Наносы і Чараўкі; Студзянец (геал. агаленне), Сцепянёўскі берагавы ўступ. Помнікі прыроды мясц. значэння: паркі ў вёсках Альшэва, Будслаў, Камарова, Стары Мядзел, парк Перамогі на паўвостраве воз. Мястра; востраў на воз. Нарач, горы Барсучыха і Пуставіны; вял. камяні: Жаснянскі, Качаргінскі, Маргінаўскі; камяні Брылёўскі, Дзягільскі, Юшкавіцкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 72,9 тыс.га, з іх асушаных 22,2 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 12 фермерскіх гаспадарак, дапаможныя с.-г. прадпрыемствы Мінскага электрафурнітурнага з-да, Мінскага маторнага з-да («Дзягілі»), адкрытае акц.т-ва «Крывічы», доследная рыбная гаспадарка «Нарач», «Райаграпрамэнерга». Сельская гаспадарка спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, ільнаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Конегадоўля. Прадпрыемствы харч. і харчасмакавай (рыбныя кансервы, масла, спірт, віно, напіткі), металаапр., буд. і кааператыўнай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць: чыг. Маладзечна—Полацк, аўтадарогі на Мінск, Полацк, Вільнюс, Паставы, Докшыцы, Глыбокае, Вілейку, Маладзечна. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 2 пачатковыя, 4 муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, цэнтр эстэт. выхавання, Дом дзіцячай творчасці, Дом фальклору, ПТВ, 19 дашкольных устаноў, 32 клубы, 48 б-к, 6 бальніц, 3 урачэбныя амбулаторыі, паліклініка, 22 фельч.-ак. пункты. Курорт Нарач з санаторыямі «Нарач», «Баравое», «Белая Русь», «Будаўнік», «Журавушка», «Прыазёрны»; дом адпачынку «Нарач»; пансіянаты «Спадарожнік» і «Сосны»; турбаза «Возера Нарач», аўтатурбаза «Нарачанка». Раённы музей нар. славы. Помнікі архітэктуры: сядзіба (1887—93) у в. Альшэва; касцёл бернардзінцаў і плябанія (2-я пал. 18 ст.) у в. Будслаў; Успенская царква (1820-я г.) у в. Вузла; Троіцкі касцёл і кляштар кармелітаў (1713—14) у в. Засвір; сядзіба (пач. 20 ст.) у в. Камарова; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Канстанцінава; царква (19 ст.) у в. Княгінін; Андрэеўскі касцёл, званіца, плябанія (пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 49 ст.) у в. Нарач; царква (канец 19 ст.) у в. Слабада; касцёл Маці Божай і званіца (на мяжы 18—19 ст.) у в. Шэметава. Выдаецца газ. «Нарачанская зара».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ДРА́МА,
найвышэйшая форма народнага тэатра. Увабрала ў сябе і ўзняла на новую ступень у тэатр. мастацтве ўсё. уласцівае яго больш раннім формам. Відовішча карнавальнага тыпу, прымеркаванае да каляднага цыкла нар. гульняў і паказаў, што абумоўлівае яе папулярнасць, тэматыку, сістэму вобразаў і абмежаваную колькасць сюжэтаў. Вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі. Вытокі Н.д. ў калядных гульнях з пераапрананнямі і ў батлейцы. дзе фактычна яна і склалася (гл.Жывая батлейка). Паказы Н.д. параўнальна вял. паводле аб’ёму, са значнай колькасцю ўдзельнікаў (10—20 чал.), пэўнымі прыёмамі сцэн. выканання, спец. падрыхтоўкай (своеасаблівым рэжысёрам з’яўлялася традыцыя, яе прытрымліваліся ўсе нар. акцёры, якія на рэпетыцыях завучвалі тэксты, адпрацоўвалі ўмоўныя рухі і жэсты, рыхтавалі рэквізіт і касцюмы). На Беларусі шырока бытавала сярод сялян і рамеснікаў у 2-й пал. 19—1-й трэці 20 ст. Паказы звычайна адбываліся ў хатах. У рэпертуары былі пашыраны «Цар Ірад», «Цар Максімілян» (найб. папулярная), «Трон» (спалучаў сюжэты дзвюх першых), а таксама кароткія драм. сцэнкі тыпу «Мацей і доктар». Вядомая ва ўсх. славян Н.д. «Лодка» на Беларусі існавала ў кантамінацыі з «Царом Максімілянам». Паказы Н.д. складаліся з дзвюх частак, кожная са сваімі героямі: т. зв. сур’ёзная — асн. сюжэт (лінія цара Ірада, цара Максіміляна і сына Адольфа) і камед. — інтэрмедыйныя сцэны (пабудаваны на ўзор батлейкавых, уключалі жартоўныя дыялогі, байкі, танцы). Часткі злучаліся паміж сабой механічна, іх аб’ядноўвала характэрнае для Каляд агульнае карнавальнае светаадчуванне. Асн. кампазіцыйны прыём — выклік дзейных асоб да цара. У Н.д. ўсё перакладалася на мову святочных нар. уяўленняў, высмейвалася, зніжалася высокае і сур’ёзнае, сцвярджалася фамільярнасць як тып зносін; абмежаванняў і забарон для смеху не існавала. Традыцыі нар. карнавальнай культуры найперш выяўляліся ў інтэрмедыйных сцэнах, дзе ствараўся свой асаблівы свет, у якім вясёлыя смерці, пахаванні, хваробы, паядынкі, бойкі і танцы, жартоўныя дыялогі. Інтэрмедыйныя персанажы — дзед, яўрэй, доктар, цыган — належалі да катэгорыі блазнаў, пры гэтым дзед выконваў і функцыю карнавальнага развенчвання цара. Уплывам карнавальнасці пазначаны і асн. сюжэт: карнавальныя матывы, удзел інтэрмедыйных персанажаў у асн. канфлікце, інтэрмедыйныя ўстаўкі, так што сур’ёзнасць асн. сюжэта і яго персанажаў станавілася адноснай. У Н.д. выкарыстоўваліся агульныя традыц. прынцыпы нар.т-ра. У выканальніцтве Н.д. спалучаліся нар. прыёмы, заснаваныя на імправізацыі, з буфанадай і гратэскам, для інтэрмедыйнай часткі і т.зв. вайсковыя (выкарыстанне ўдзельнікамі-персанажамі артыкулаў вайсковага статута) — для асн. сюжэта. Апошнія спец. паказы Н.д. наладжаны ў 1962, 1963 у в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскайвобл.; ставілася драм. калектывамі Мінскага ін-та культуры (1976) і майстроўняй філ. ф-та БДУ (1981), нар. фальклорным т-рам «Жалейка» (г. Гомель; 1986—87), а таксама Маскоўскім ансамблем нар. музыкі пад кіраўніцтвам Дз.Пакроўскага (паказаны на 9-м Міжнар. з’ездзе славістаў у Кіеве; 1983): «Цар Ірад» («Кароль Гэрад») — фалькл. калектывам в. Юрацішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. (1990-я г.).
Першыя запісы тэкстаў бел. Нд. зроблены ў 2-й пал. 19 ст. этнографамі Е.Раманавым, А.Грузінскім, М.Васільевым, М.Федароўскім, у пач. 20 ст. — Е.Іваноўскім, пазней — Ф.Дзядзенкам, М.Грынблатам, Я.Дылам (фрагмент апісання паказу), І.К.Кабашнікавым, Г.Барташэвіч, В.Захаравай, а таксама б. ўдзельнікамі паказаў І.Здрокам, М.Ганчаровым. Нар. традыцыі выканання Нд. былі выкарыстаны пры пастаноўцы «Цара Максіміляна» ў апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча ў Бел.драм. студыі ў Маскве (1924, рэж. В.Смышляеў) і ў спектаклі БДТ-2 (1926).
Літ.:
Стэльмах Дз.У. Сцэнічнае ўвасабленне народнай драмы // Весці АНБССР Сер. грамад. навук. 1981. № 2;
Яе ж. Узнікненне і развіццё народнай драмы на Беларусі // Там жа. 1982. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЬСКАЯ ГАСПАДА́РКА,
адна з найважнейшых галін матэрыяльнай вытв-сці, якая забяспечвае насельніцтва харч. прадуктамі, а прам-сць сыравінай. Займаецца вырошчваннем с.-г. культур і гадоўляй с.-г. жывёлы. Падзяляецца на раслінаводства, жывёлагадоўлю і кормавытворчасць. Уключае таксама некаторыя віды першаснай перапрацоўкі раслін і жывёльных прадуктаў, гадоўлі жывой цяглавай сілы. У шэрагу краін да С.г. адносяць і лясную гаспадарку. Дакладнае спалучэнне галін забяспечвае рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і прац. рэсурсаў. Гал. сродак вытв-сці ў С.-г. — зямля, якая ў час выкарыстання пры ўмове правільных да яе адносін не змяншае сваёй вартасці, г.зн. не амартызуе, а, наадварот, можа яе павялічваць. Значная частка С.-г. валавой прадукцыі выступае ў далейшым вытв. працэсе як сродак вытв-сці. С.г. моцна залежыць ад умоў навакольнага асяроддзя, што абумоўлівае асаблівасці арганізацыі вытв. працэсу.
Чалавецтва займаецца С.г. прыкладна 10—15 тыс. гадоў. Збіральніцтва, паляванне і рыбная лоўля вызначалі поўную залежнасць людзей ад прыроды. Вынікам развіцця грамадскіх адносін з’явілася ўзнікненне ў неаліце с.-г. дзейнасці, што ў далейшым абумовіла пэўную незалежнасць людзей ад умоў навакольнага асяроддзя. Першай галіной С.г., якая забяспечвала такую незалежнасць, лічыцца жывёлагадоўля. На базе збіральніцтва ўзнікла раслінаводства, калі чалавек пачаў апрацоўваць простымі прыладамі глебу для задавальнення сваіх патрэб. На працягу доўгага часу ў адпаведнасці з мясц. ўмовамі ўзнікалі, удасканальваліся і змяняліся сістэмы земляробства ад прымітыўных да інтэнсіўных, паляпшаліся карысныя якасці жывёлы. Пры малаінтэнсіўнай нізкапрадукцыйнай вытв-сці С.г. мела натуральны характар. З ростам інтэнсіўнасці многія галіны набылі таварны характар, узніклі зоны спецыялізацыі.
Плошча с.-г. угоддзяў на Зямлі каля 4,8 млрд.га, або 34% сушы (1999). У большасці краін асн. галіна С.г. — збожжавая гаспадарка. Збожжавыя і зернебабовыя культуры (пшаніца, кукуруза, рыс і інш.) займаюць амаль палову пасяўных плошчаў свету. Асн. пасевы пшаніцы знаходзяцца ў Еўропе, Паўн. Амерыцы і Азіі, кукурузы — у Паўн. Амерыцы, рысу — у краінах Азіі. Сусв.вытв-сць за год у сярэднім каля 400 млн.т. З тэхн. культур пашыраны бавоўнік. лён-даўгунец, цукр. трыснёг і цукр. буракі, сланечнік, масліны, бульба і інш. Большасць тэхн. культур вырошчваецца ў краінах, што развіваюцца, якія і выступаюць на сусв. рынку як гал. экспарцёры; з эканамічна развітых краін па вытв-сці тэхн. культур вылучаюцца толькі ЗША. У апошнія гады 20 ст. шырокую вядомасць набылі танізуючыя культуры (чай, кава, какава). Сусв.вытв-сць кавы за год складае 6 млн.т, чаю і какавы — па 2,5 млн.т. Асн. вытворцы кавы — Бразілія, Калумбія, Кот-д’Івуар, Уганда, Бурундзі. Па вытв-сці чаю вылучаюцца Кітай, Індыя, Шры-Ланка, Бангладэш, В’етнам. У сучаснай С.г. важнае месца займаюць агародніцтва, вінаградарства і садоўніцтва. Сусв. вядомасць мае вытв-сць пладовых культур у Міжземнамор’і, Каліфорніі, Фларыдзе. Большая частка вінаграднікаў сканцэнтравана ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Афрыкі. У сусв. гандлі вял. значэнне набылі бананы, плантацыі якіх знаходзяцца пераважна ў краінах Лац. Амерыкі, вільготных трапічных раёнах Афрыкі і Азіі. Сярод галін жывёлагадоўлі найб. развіццё атрымалі буйной рагатай жывёлы гадоўля, свінагадоўля і авечкагадоўля. У 2000 буйн. раг. жывёлы было каля 1,4 млрд. галоў, свіней — 0,9 млрд. галоў, авечак — каля 1,1 млрд. галоў. У сусв. гандлі прадукцыяй жывёлагадоўлі першыя месцы займаюць развітыя краіны. Гал. краіны-экспарцёры ялавічыны — Аўстралія, Германія, Францыя, Новая Зеландыя, Нідэрланды, ЗША; свініны — Нідэрланды, Бельгія, Данія, Канада; бараніны — Новая Зеландыя, Аўстралія, Вялікабрытанія; мяса птушкі — Францыя, ЗША, Нідэрланды; воўны — Аўстралія, Новая Зеландыя, Аргенціна, Уругвай, Паўд.-Афр. Рэспубліка. Індустрыялізацыя і урбанізацыя прывялі да зніжэння ўдз. вагі насельніцтва, занятага ў С.г., да 44% (1998). У 1960—90-я г. ў прамыслова развітых краінах у сярэднім доля занятых у С.г. знізілася з 13 да 7%, а ў краінах, што развіваюцца — з 65 да 57%. Адпаведна доля С.г. ва ўнутр. валавым прадукце скарацілася з 7 да 4% і з 46 да 21%. З агульнай колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва ў С.г. заняты: у Азіі і Афрыцы больш за 60%, у Паўд. Амерыцы і Акіяніі каля 19%, у Еўропе і Паўн. Амерыцы — 9—10%. З пач. 1960-х г. на сусв. рынку с.-г. прадукцыі гал. таварапатокі і аб’ёмы вытв-сці рэгулююцца міжнар. арг-цыямі.
На С.г. істотна ўплывае навук.-тэхн. прагрэс, які ўдзельнічае праз перабудову ў інш. сферах гаспадаркі, мадэрнізацыю і індустрыялізацыю самой галіны. У 1920—30-я г. прагрэс у с.-г. вытв-сці адбываўся праз трактарызацыю; у 1940—50-я г. — праз селекцыю і хімізацыю; у 1960-я г. — праз «зялёную» рэвалюцыю. З 1980-х г. пачалося развіццё біятэхналогіі і камп’ютэрызацыі. У сучасны перыяд 78% зямной паверхні маюць сур’ёзныя прыродныя абмежаванні для развіцця земляробства, 13% плошчаў маюць нізкую прадукцыйнасць, 6% — сярэднюю і толькі 3% — высокую. У пач. 21 ст., нягледзячы на навук.-тэхн. прагрэс і глабалізацыю эканомікі, С.г. застаецца на нізкім узроўні развіцця. Найб. перадавыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў эканам. развітых краінах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, Аўстраліі і Новай Зеландыі.
На Беларусі с.-г. дзейнасць узнікла, як мяркуюць, у канцы неаліту (канец 5—4-е тыс. да н.э.). У 13—14 ст. сфарміраваліся асн. формы феад. і сял. землеўладання, катэгорыі феадалаў і сялян. Асн. галіной было раслінаводства. Вырошчвалі жыта, авёс, грэчку, гарох, лён-даўгунец, каноплі. Неад’емнай часткай С.-г. заставаліся разнастайныя промыслы: пчалярства, рыбалоўства, паляванне, рамёствы. З’яўленне фальваркаў, арыентаваных на вытв-сць таварнай прадукцыі, прыпадае на 15—16 ст. Першая аграрная рэформа (валочная памера) 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. прывяла да дакладнага ўліку і рацыянальнага размеркавання зямель, уніфікацыі сял. правіннасцей. У зах. і цэнтр. Беларусі С.г. стала індывідуальнай праз падворнае землекарыстанне. Пасля далучэння да Рас. імперыі бел. губерні былі ўцягнуты ў яе гасп. сістэму, што дазволіла забяспечыць рынак збыту с.-г. прадукцыі і стымуляваць яе вытв-сць, пашырыць пасевы тэхн. культур (лёну, канапель, бульбы), вызначыць раёны з акрэсленай с.-г. спецыялізацыяй. Сусв. аграрны крызіс 1880—90-х г. зрабіў нявыгадным вытв-сць збожжа на Беларусі як таварнай прадукцыі. Сітуацыя тут ускладнілася ўтварэннем зоны таварнай вытв-сці збожжа ў чарназёмнай зоне Рас. імперыі. У выніку асн. галіной С.г. Беларусі стала малочная жывёлагадоўля, у важныя кірункі яе спецыялізацыі ператварыліся льнаводства і авечкагадоўля. Значна паўплывала на С.г. сталыпінская агр. рэформа. Напярэдадні 1-й сусв. вайны Беларусь заставалася агр. краінай: каля 75% яе жыхароў былі заняты ў С.г., доля якой у нац. прыбытку складала 67,5%. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 ішло аднаўленне разбуранай войнамі с.-г. вытв-сці, яно прыблізна завяршылася да 1925. У 1929 у БССР пачалася паўсюдная калектывізацыя, якая суправаджалася раскулачваннем. Да 1935 у калгасах апынулася 85,6% гаспадарак, абагульнена 92,3% пас. плошчаў. У гасп. жыцці ўсталяваліся метады пазаэканам. прымусу, склалася сістэма неэквівалентнага абмену паміж горадам і вёскай, узнікла адчужэнне селяніна ад асн. сродкаў вытв-сці і вынікаў працы. Вялізныя страты С.г. Беларусі прычынены ў гады 2-й сусв. вайны: разбурана 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 36 МТС, прыкладна на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйн. раг. жывёлы знізілася амаль на 49%, коней — на 61, свіней — на 89, авечак і коз — на 78%, поўнасцю разбурана энергетычная і тэхн. база С.г. У пасляваенны перыяд праведзена калектывізацыя і ў Зах. Беларусі, прыняты шэраг захадаў па матэрыяльным стымуляванні, удасканаленні планавання і арганізацыі с.-г. вытв-сці, перавод яе на інтэнсіўны шлях развіцця. У 1970—80-я г. ў выніку спецыялізацыі і канцэнтрацыі на аснове міжгасп. і аграпрамысл. інтэграцыі адбыўся пэўны рост с.-г. вытв-сці. Але звышцэнтралізаванае кіраванне, манапалізм у вытв-сці, бюракратызм не дазволілі зламаць механізм тармажэння, забяспечыць развіццё прадукцыйных сіл. Недаацэнка с.-г. працы стымулявала адток сельскага насельніцтва ў гарады, вяла да пастарэння і абязлюдзення вёскі: За 1960—80-я г. ўдз. вага сельскага насельніцтва знізілася да 35%. Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, распад СССР, агульны эканам. крызіс абвастрылі супярэчнасці агр. сектара краіны. Перавага адзяржаўленай калгасна-кааператыўнай уласнасці, слабая эканам. матывацыя працы сялянства пакуль яшчэ стрымліваюць развіццё С.г. Марудна пашыраюцца новыя формы прадпрыемстваў у С.г. (акц. т-вы, асацыяцыі, кааператывы і інш.), фермерства. Розніца ў цэнах на прамысл. прадукцыю і с.-г. сыравіну перашкаджае эканам. развіццю С.г. краіны. На Беларусі ўдз. вага занятага ў С.г. насельніцтва складае (2000) 14,1%, у інвестыцыях у асн. капітал 6,7% у асн. фондах 16,5% у валавым унутр. прадукце 12,7%. Налічваецца 1730 калгасаў, 617 саўгасаў, 2,5 тыс. сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. Сярод прадпрыемстваў 48,8% стратных. Асн. паказчыкі развіцця С.г. гл. ў табл. 1 і 2.
С.г. Беларусі спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вытв-сці бульбы і лёну. На тэр. краіны вылучаюць 5 зон спецыялізацыі, якія ўтварыліся пад уздзеяннем розных фактараў: кліматычных і глебавых умоў, аб’ёмаў і структуры попыту насельніцтва і прам-сці на прадукцыю С.г., размяшчэння гаспадарак адносна да прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, трансп. умоў, узроўню цэн на с.-г. прадукцыю, ступені забяспечанасці прац. рэсурсамі. У гэтых зонах шмат агульнага і ў той жа час кожная з іх мае свае асаблівасці. Ва ўсіх зонах развіта збожжавая гаспадарка, вырошчваюцца тэхн. культуры і бульба, паўсюдна гал. галіна — жывёлагадоўля. Аднак структура пасяўных плошчаў і суадносіны відаў жывёлы істотна розняцца. Асн.харч. культурамі з’яўляюцца жыта і пшаніца. Некалькі больш пашыраны пасевы жыта на пясчаных і супясчаных глебах Палесся, пшаніцы — у Брэсцкай, Гродзенскай, на ПдЗМінскай і на У Гомельскай абласцей. Найб. плошчы ячменю і аўса ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Для палескіх раёнаў характэрны пасевы кармавога лубіну на зерне. Паўн. і паўн.-ўсх. часткі Беларусі найб. прыдатныя для пасеваў і лёну-даўгунцу. Пасевы цукр. буракоў сканцэнтраваны на ўрадлівых глебах вакол цукр. з-даў. У некаторых раёнах (Петрыкаўскім, Лідскім і інш.) вырошчваюць эфіраалейныя культуры. Большая ўдз. вага пасеваў бульбы характэрна для Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Вакол Мінска сфарміравалася самая развітая зона агародніцтва. Па развіцці садоўніцтва вылучаецца Мінская і Гомельская вобл., асабліва ў прыгарадных зонах. Развядзенне буйн. раг. жывёлы характарызуецца раўнамерным размяшчэннем па тэр. краіны. У цэнтр., паўд. і зах. раёнах больш развіта свінагадоўля. Птушкагадоўля — самая індустрыяльная галіна жывёлагадоўлі. У асн. развіваецца на спецыялізаваных прадпрыемствах, найб. з якіх Мінскае ВА па птушкагадоўлі, Смалявіцкая бройлерная ф-ка, Аршанская, Баранавіцкая, Кобрынская птушкафабрыкі. З інш. галін жывёлагадоўлі пэўнае развіццё атрымалі рыбаводства, зверагадоўля і пчалярства. Гл. таксама Аграрнае пытанне, Аграрны крызіс, Аграрныя рэформы.
Літ.:
Алисов Н.В., Хорев Б.С. Экономическая и социальная география мира (общий обзор). М., 2000;
Социально-экономическая география зарубежного мира. М., 1998;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95.
Г.С.Смалякоў.
Табліца 1 Вытворчасць асноўных відаў с.-г. прадукцыі ў Беларусі
Віды прадукцыі
1913
1940
1960
1980
1990
1995
2000
Збожжа, млн.т
2,6
2,7
2,2
4,1
7,0
5,5
4,5
Ільновалакно, тыс.т
32,8
36,5
84,4
61,0
52,0
60,0
37,0
Цукровыя буракі, тыс.т
—
—
383
1122
1479
1472
1474
Бульба, млн.т
4,1
11,9
10,6
9,3
8,6
9,5
8,7
Агародніна, тыс.т
—
673
843
733
749
1031
1379
Садавіна, тыс.т
—
—
—
414
373
383
—
Мяса ў забойнай вазе, тыс.т
219,3
274,7
401,8
857,0
1181,0
657
598
Малако, млн.т
1,4
2,0
3,2
6,1
7,5
5,1
4,5
Яйцы, млн.шт.
413,0
611,8
867,8
3035,0
3657,0
3373,0
3288,0
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў Беларусі (тыс. галоў)
Віды прадукцыі
1916
1941
1961
1980
1990
1996
2000
Буйная рагатая жывёла
2293
2843
3666
6735
7166
5054
4221
у т. л. каровы
1610
1956
2021
2748
2439
2137
1845
Коні
1483
1170
519
234
219
229
217
Свінні
2444
2520
3164
4437
5204
3895
3566
Авечкі і козы
2050
2578
1213
564
510
262
174
Птушка, млн. галоў
—
14,7
18,6
37,3
49,8
40,1
30,1
Да арт.Сельская гаспадарка. Жывёлагадоўчы комплекс у Брэсцкім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНО́Й РАГА́ТАЙ ЖЫВЁЛЫ ГАДО́ЎЛЯ,
галіна жывёлагадоўлі па развядзенні буйной рагатай жывёлы на мяса, малако, скуры. Выкарыстоўваюцца таксама крывяная і касцявая мука і інш. У шэрагу слабаразвітых краін буйн. раг. жывёлу выкарыстоўваюць як цяглавую і трансп. сілу. Сярод прадуктаў, якія спажываюцца ў свеце, на долю каровінага малака прыпадае каля 90% малочных прадуктаў, на ялавічыну — каля 50% мяса. Існуюць разнастайныя віды буйн. раг. жывёлы: еўрап. жывёла, зебу, буйвалы, які і інш. Сярод свойскай жывёлы буйн. рагатая па колькасці займае 1-е месца ў свеце — каля 1,5 млрд. галоў. Размяшчаецца яна параўнальна раўнамерна ва ўмераных і субтрапічных кліматычных зонах, але розныя краіны рэзка адрозніваюцца па яе прадукцыйнасці. 1-е месца па пагалоўі займае Індыя (больш за 250 млн.), потым ідуць Бразілія, Кітай, ЗША (больш за 100 млн.), Расія, Аргенціна (больш за 50 млн.). З краін Зах. Еўропы вылучаюцца Францыя, Германія, Вялікабрытанія і Польшча. Галіна мае інтэнсіўны тып (добрае ўтрыманне і вельмі высокая прадукцыйнасць) у развітых краінах Еўропы, ЗША, Канадзе, Новай Зеландыі, часткова ў Аўстраліі, Аргенціне, Уругваі. У краінах Азіі, Афрыкі, Лац. Амерыкі буйной рагатай жывёлы гадоўля экстэнсіўнага тыпу, жывёла нізкапрадукцыйная. У гэтых рэгіёнах значную частку статка складае рабочая жывёла. Вытв-сць мяса і малака на 1 галаву буйн. раг. жывёлы ў краінах Афрыкі ў 7 разоў, на Б. Усходзе ў 4 разы меншая, чым у Зах. Еўропе. Вял. попыт гар. насельніцтва ў Еўропе і Паўн. Амерыцы на мяса-малочныя прадукты абумовіў стварэнне і гадоўлю парод высокапрадукцыйнай жывёлы, выкарыстанне індустр. тэхналогій утрымання і кормазабеспячэння, актыўнае развіццё ветэрынарыі і зоатэхн. навукі. Сярэднія надоі малака на 1 карову там складаюць 8—10 тыс.л і болей, а высокі выхад ялавічыны на 1 галаву буйн. раг. жывёлы дасягнуты стварэннем мясных парод. Гал. вытворцы ялавічыны ў свеце ЗША, Аргенціна, Бразілія, Францыя, Германія, Вялікабрытанія, Аўстралія, Новая Зеландыя, дзе на душу насельніцтва атрымліваюць па 100 кг і больш мяса за год. Спецыялізаваная малочная жывёлагадоўля развіта ў Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Скандынаўскіх і Прыбалтыйскіх краінах, многіх раёнах Расіі, у Новай Зеландыі.
Буйн. раг. жывёлу гадуюць на Беларусі з глыбокай старажытнасці (на Пд прыкладна з 4—3-га тыс. да н.э.). У 19 ст. сяляне трымалі малапрадукцыйную жывёлу мясц. пароды пераважна на ўласныя патрэбы. Таварная гадоўля пераважала ў памешчыцкіх маёнтках. Прадукцыя (пераважна малочныя вырабы) часткова вывозілася ў Расію і за мяжу. У 1916 было 2,3 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, у т. л. 1,6 млн. кароў.
На пач. 1995 было 5404 тыс. галоў, што значна меней, чым на пач. 1991 (6975 тыс. галоў ва ўсіх катэгорыях гаспадарак). Надой малака на 1 карову ў 1994 склаў 2509 кг (у 1990 — 3058 кг). Зніжэнне паказчыкаў звязана, як і ў інш. галінах сельскай гаспадаркі, з пагаршэннем мат.-тэхн. і фінансавага стану галіны ў 1-й пал. 1990-х г. Больш развіта буйной рагатай жывёлы гадоўля на З рэспублікі — у Гродзенскай, Брэсцкай, часткова Мінскай абласцях, што абумоўлена больш інтэнсіўным земляробствам, лепшай арганізацыяй кормавытворчасці, развітой мат.-тэхн. базай (гл.табл.). Развіваецца племянная жывёлагадоўля. У рэспубліцы гадуюць буйн. раг. жывёлу пераважна чорна-пярэстай пароды, а таксама чырв. беларускай, бурай латвійскай, кастрамской, сіментальскай, швіцкай парод.
Н.І.Жураўская.
Найважнейшыя паказчыкі развіцця гадоўлі буйной рагатай жывёлы ў Беларусі (1994, усе катэгорыі гаспадарак)
Вобласці і рэспубліка
Надой малака на 1 карову, кг
На 100 гас.-г. угоддзяў
Вытворчасць на душу насельніцтва, кг
колькасць галоў буйной раг. жывёлы, на 1.1.1995 г.
рэалізацыя мяса буйн. раг. жывёлы, забойная вага, ц
вытворчасць малака, ц
мяса, забойная вага
малака
Брэсцкая
2619
67,2
54,6
687
92
663
Віцебская
2298
52,2
33,1
512
77
610
Гомельская
2316
59,2
41,0
538
65
483
Гродзенская
2803
61,4
45,2
689
104
727
Магілёўская
2524
49,0
34,6
473
70
539
Мінская
2519
61,9
42,3
675
107*
794*
Беларусь
2509
58,4
41,5
596
70
532
* Без г. Мінск (з улікам насельніцтва Мінска ў вобласці атрымана мяса 51 кг, малака 386 кг).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯРО́БСТВА,
1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі; вырошчванне культурных раслін для забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі, жывёлагадоўлі — кармамі, лёгкай і харч. прам-сці — сыравінай. Уключае паляводства (збожжавая гаспадарка, ільнаводства, буракаводства, бульбаводства, насенняводства, вырошчванне кармавых культур), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства.
У 20 ст. распрацаваны і выкарыстоўваюцца навукова абгрунтаваныя сістэмы З., якія ўключаюць развітую агратэхніку, палепшаную апрацоўку глебы, удасканаленае насенняводства, навук. селекцыю высокаўраджайных сартоў с.-г. культур, у адпаведнасці з канкрэтнымі ўмовамі прыродна-эканам. раёнаў уводзяцца севазвароты, ажыццяўляецца меліярацыя, на аснове хімізацыі шырока ўжываюцца мінер. ўгнаенні, развіваецца эфектыўная сістэма аховы раслін. Існуе экстэнсіўнае З. (рост вытв-сці за кошт расшырэння плошчаў) і інтэнсіўнае (рост вытв-сці за кошт дадатковых укладанняў працы і сродкаў). Вылучаюць: арашальнае З, (са штучным арашэннем), багарнае (у раёнах арашальнага З., але магчымае без паліву); сухадольнае або сухое (з дэфіцытам атм. ўвільгатнення і няўстойлівасцю прыродных умоў); устойлівае (у абласцях дастатковага ўвільгатнення); круглагадовае (у вільготных субтропіках і тропіках, з вырошчваннем 2—3 ураджаяў за год), а таксама горнае (пераважна на схілавых тэрасах), палярнае (з выкарыстаннем парнікоў) і інш. Аснова З. — паляводства, а яго гал. галіна — збожжавая гаспадарка. У 1994 сусв.вытв-сць збожжа склала 1940,1 млн.т, яго вядучыя вытворцы — Кітай (больш за 20% сусв. збору збожжа), ЗША (17%), Індыя (11%). Са збожжавых культур найважнейшае значэнне маюць пшаніца, рыс і кукуруза. У 1994 у свеце было сабрана 534,3 млн.т пшаніцы; вядучыя вытворцы — Кітай (19% сусв. вытв-сці), ЗША (12%), Індыя (11%). Прыкладна столькі ж збіраюць рысу — 531,3 млн.т (1994). Асн. рысасеючыя краіны — Кітай (больш за 30% сусв. збору) і Індыя (больш за 20%). Кукуруза — гал. зернефуражная культура. У 1994 яе вытв-сць склала 551,2 млн.т. Гал. вытворцы — ЗША (42%) і Кітай (19%). Тэхн. культуры забяспечваюць сыравінай розныя галіны прам-сці. Найб. значэнне маюць алейныя (сланечнік, соя, рапс і інш.), цукраносныя (цукр. буракі, цукр. трыснёг), валакністыя (бавоўна, лён-даўгунец, каноплі, джут і інш.). Бульбаводства — галіна З. па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя мэты. Яго сусв.вытв-сць склала 283,3 млн.т (1994). Буйнейшыя вытворцы — Расія, Кітай і Польшча (удз. в. кожнай краіны складае больш за 10% сусв. валавога збору).
Аснову с.-г. вытв-сці Беларусі складае збожжавая гаспадарка. Збожжавыя культуры займаюць амаль палову ўсёй яе пасяўной плошчы (у 1996—43,2%) і выкарыстоўваюцца на харч. і фуражныя мэты. Гал. збожжавыя культуры — жыта і ячмень (гл.табл.). Вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, грэчку; з зернебабовых — кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Тэхн. культуры маюць невял. ўдз. в. ў структуры пасяўных плошчаў — 2,6% (1996), але іх роля ў эканоміцы вельмі значная. Гал.тэхн. культуры — лён-даўгунец і цукр. буракі, у апошнія гады пашыраюцца пасевы рапсу. Ільнаводства сканцэнтравана пераважна ў Віцебскай, на ПнМінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абл., дзе найб. спрыяльныя ўмовы для вырошчвання лёну-даўгунцу. Цукр. буракі вырошчваюць у зах. і паўд.-зах. частках Беларусі. Пасевы гэтай культуры ўтвараюць сыравінныя зоны 4 цукр. заводаў. Бульбу на Беларусі вырошчваюць усюды, на яе прыпадае 11,6% пасяўной плошчы. Краіна дае каля 4% сусв. вытв-сці бульбы, займае 8—9-е месца ў свеце. Найб.пл. пасеваў гэтай культуры ў цэнтр. і паўд. раёнах. У апошнія гады скарачаюцца плошчы пад бульбай у гаспадарках грамадскага сектара. Гародніцтва і пладаводства сканцэнтраваны на параўнальна невял. плошчах вакол буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў. Значную частку прадукцыі атрымліваюць у спецыялізаваных гаспадарках. У апошняе дзесяцігоддзе адбыліся змены ў З. на ПдУ Беларусі, што абумоўлена вынікамі аварыі 1986 на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або цалкам спынена вырошчванне лёну, грэчкі, гароднінных і бабовых культур.
2) Навука, якая распрацоўвае спосабы рацыянальнага с.-г. выкарыстання зямлі і павышэння ўрадлівасці глебы для атрымання высокіх ураджаяў; раздзел аграноміі.
Т.Л.Казакова.
Валавы збор асноўных сельскагаспадарчых культур на Беларусі (тыс.т) у гаспадарках усіх катэгорый
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЦЁ МАСТА́ЦКАЕ,
тэхніка стварэння маст. вырабаў шляхам заліўкі расплаўленага металу ў форму, а таксама маст. творы, выкананыя гэтым спосабам; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Найб. пашыраны спосаб пераводу ў метал твораў скульптуры, а таксама вырабу метал. пасудзін, званоў і інш.
Л. м. зарадзілася ў эпоху асваення чалавекам спосабаў здабычы і апрацоўкі металу. З развіццём ліцейнай вытв-сці вылучылася ў асобную галіну. Маст. задачы вызначаюць спецыфічныя прыёмы фармоўкі мадэлі, метады ліцця, выбар металу або сплаву для пэўнага віду вырабу, дапрацоўку (часта аўтарскую) адлівак чаканкай, гравіраваннем, пацініроўкай. залачэннем і інш.Асн. тэхналогія Л. м. выпрацоўвалася пры выкарыстанні бронзы; з 4 ст. да н. э. выкарыстоўваюць волава (амулеты з копцкіх грабніц 4—7 ст.н.э.), з якога ў 16—18 ст. адлівалі плакеткі, медалі, пасудзіны і інш., што імітавалі больш каштоўнае серабро. З 15 ст. ў Германіі, пазней і ў інш. краінах Еўропы развівалася Л.м. з чыгуну (паркавая скульптура, надмагіллі, рашоткі, агароджы, садовая мэбля і інш.). Унікальныя помнікі рус. Л.м. 16—18 ст. — Цар-гармата (1586), Цар-звон (1733—35) у Маскве і інш. У 17—18 ст. адлівалася паркавая скульптура са свінцу (Версаль у Францыі, Петрадварэц у Расіі).
На тэр. Беларусі Л.м. вядома з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. З бронзы, пазней і з жалеза адлівалі ўпрыгожанні (спражкі, фібулы), наканечнікі коп’яў, стрэл. З 12 ст. пашырыўся спосаб ліцця ў каменныя ці гліняныя раздымныя формы. З медзі, бронзы, серабра, радзей з золата адлівалі ўпрыгожанні (бранзалеты, пярсцёнкі, спражкі, амулеты, падвескі ў выглядзе канькоў ці званочкаў), царк. начынне (свяцільні, крыжы і інш.), дэталі адзення, конскай збруі, зашчапкі для накладных кніжных пераплётаў; са свінцу выраблялі пячаткі і абразкі з гарэльефнымі сюжэтнымі выявамі. Літыя ювелірныя вырабы аздаблялі чаканкай, зярненнем, гравіраваннем, эмалямі. У 15 ст. пры Слуцкім Троіцкім манастыры працавалі майстры-алавяннікі. Высокага маст. ўзроўню Л. м. дасягнула ў 16—17 ст. з арганізацыяй у гарадах (Мінск, Магілёў, Нясвіж, Слуцк, Гродна) цэхаў рамеснікаў-металістаў, куды ўваходзілі і ліцейшчыкі — алавяннікі, людвісары (майстры па адліўцы гармат), канвісары (майстры па адліўцы званоў), ювеліры і інш. Акрамя вытв-сці ювелірных вырабаў, быт. рэчаў, царк. начыння пашырылася ліццё званоў у Полацку, Лагойску, Віцебску, Крычаве, Дзісне, Нясвіжы, Брэсце і інш. (гл.Дзісенскі звон, Крычаўскі звон, Моладаўскі звон). Алавяны посуд, свечачнікі адлівалі ў Магілёве, Ваўкавыску, Ружанах, Слуцку, Шклове, Друі, гарматы — у Магілёве, Брэсце, Мінску, Нясвіжы. Гарматы аздаблялі рэльефнымі паяскамі, гербамі, выявамі жывёл, анёлаў і інш., званы — расліннымі гірляндамі і арнаментальнымі надпісамі. У 18 ст. ўзніклі ліцейныя мануфактуры ў Гомелі, Вішневе (Валожынскі р-н), Кляцішчы (Стаўбцоўскі р-н, абодва Мінскайвобл.), Бакштах (Іўеўскі р-н), Рудні (Слонімскі р-н, абодва Гродзенскай вобл.) і інш., дзе выраблялі посуд, асвятляльныя і пісьмовыя прылады. Высокім маст. узроўнем вылучаліся рэчы культавага прызначэння (падсвечнікі, манстранцы і інш.). Буйным у 19 ст. быў Уладзімірскі чыгуналіцейны з-д у в. Старынка (Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). У Горках (Магілёўская вобл.) адлівалі крыжы, у Высокім (Аршанскі р-н Віцебскай вобл.) — надмагільныя пліты, рашоткі і агароджы. З чыгуну адлівалі таксама вароты, распяцці, вадасцёкі, садовую мэблю, пячныя дзверцы, прасы і інш. Канструкцыйна-маст. элементы літых вырабаў — разнастайнае перапляценне раслінных парасткаў (рашоткі), гарэльефныя выявы жывёл, маскаронаў, ваен. атрыбутаў (хатняе начынне). Садовую мэблю і крыжы выконвалі ў выглядзе складана пераплеценых дубовых галінак, вінаграднай лазы. У вырабах 18—19 ст. прыкметны ўплыў маст. стыляў готыкі, барока, класіцызму. З 2-й пал. 19 ст. з развіццём металаапр. прам-сці Л. м. паступова заняпала. У наш час бел. мастакі ў гэтай тэхніцы ствараюць станковую скульптуру, мемар. медалі, ювелірныя вырабы, абклады да мініяцюрных сувенірных кніг і інш. Сярод майстроў С.Ларчанка, Ю.Любімаў і інш.
Літ.:
Петриченко А.М. Искусство литья. М., 1975;
Зотов Б.Н. Художественное литье. 3 изд. М., 1982.
Я.М.Сахута, А.І.Сямёнаў.
Да арт.Ліццё мастацкае. Манстранц. 1727.Да арт.Ліццё мастацкае. А.Чохаў. Цар-гармата. 1586.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫЯ МАСТА́ЦКІЯ ПРО́МЫСЛЫ,
адна з форм народнай творчасці, звязаная з вырабам прадметаў дэкар.-прыкладнога характару на продаж; галіна народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; арганічная частка матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. Вытокі Н.м.п. у хатніх промыслах, якія з цягам часу ператварыліся ў дробную таварную вытв-сць (гл.Рамёствы). Існавалі звычайна як невял. саматужныя майстэрні з выкарыстаннем ручной працы, у выглядзе хатняй вытв-сці (працавала адна сям’я), радзей як арцелі майстроў, што пераходзілі з вёскі ў вёску. У формах, расфарбоўцы, арнаментацыі вырабаў Н.м.п. яскрава выяўляюцца эстэт. густы народа, яго шматвяковыя культ. традыцыі. Залежнасць ад патрабаванняў рынку вымушала майстроў прытрымлівацца мясц. традыцый, аператыўна адгукацца на патрабаванні і густы спажыўцоў (чужое, безгустоўнае не прыжывалася).
Вядомы ўсім народам свету У некат. краінах развіццё капіталіст. адносін, пашырэнне прамысл. вырабаў прывяло Н.м.п. да заняпаду або поўнага выраджэння (ЗША, краіны Зах. Еўропы). У некат. краінах, дзе капіталіст. таварна-грашовыя адносіны не набылі развітога характару (пераважна Азія і Афрыка), шырока бытуюць і ў наш час. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалося іх адраджэнне як важнай часткі нац. культуры. Шырока вядомы сярэднеазіяцкае дыванаткацтва, апрацоўка каштоўных і каляровых металаў у народаў Каўказа, бурштыну і скуры ў Прыбалтыцы, косці і футра ў народаў Д. Усходу, у Расіі філігрань, фініфць. выраб карункаў, кераміка (гл.Гжэльская кераміка, Дымкаўская цацка), размалёўка па дрэве і метале (гл.Жостаўская размалёўка, Хахламская размалёўка), лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Фядоскінская мініяцюра, Холуйская мініяцюра) і інш.
На Беларусі асн. відамі Н.м.п. здаўна былі ганчарства, розныя віды мастацкага пляцення (пераважна з лазы), такарнае рамяство, набіванка, пернікарства, выраб мэблі, часткова — ткацтва, вышыўка. Найб. пашырыліся Н.м.п. ў канцы 19—1-й пал. 20 ст., хоць насычэнне рынку адносна таннымі прамысл. вырабамі прывяло некат. іх віды да заняпаду (набіванка, пернікарства). У сувязі са зменамі ў канструкцыі, паляпшэннем знешняга і ўнутр. выгляду нар. жылля пашырыліся віды Н.м.п., звязаныя з дэкар. аздабленнем інтэр’ера: размалёўка па дрэве, шкле, палатне (гл.Агоўская размалёўка, Агоўскія куфры, Давыд-Гарадоцкія куфры, Лідскія куфры, Нарачанска-Дзісенскія дываны), саломка мастацкая. З мэтаю падтрымкі Н.м.п. у асяродках іх традыц. развіцця земствы арганізоўвалі школы і майстэрні: ткацкія — у Севасцянавічах (Магілёўшчына) і Лепелі, лозапляцення — у Магілёве і Гомелі і інш. Было арганізавана Таварыства дапамогі хатняму рамяству, якое дапамагала нар. майстрам у паляпшэнні якасці вырабаў, узбагачэнні форм і дэкору, арганізацыі збыту прадукцыі. У 1920—30-я г. майстры-саматужнікі аб’ядноўваліся ў арцелі (ганчарныя, ткацка-вышывальныя і інш.). У 1938 створаны Бел.маст.-прамысл. саюз, які аб’яднаў іх у адзіную сістэму. У час Вял.Айч. вайны і пасляваен. перыяд адбудовы вёскі ў сувязі з недахопам прамысл. утылітарна-дэкар. вырабаў аднавіліся традыц. Н.м.п., пераважна ганчарства, ткацтва, пляценне з саломы і лазы, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, размалёўка. Многія асяродкі традыц. Н.м.п. паслужылі асновай для стварэння вытв. аб’яднанняў і ф-к маст. вырабаў з апорнымі пунктамі па рабоце з майстрамі-надомнікамі ў навакольных вёсках. У 1965 яны былі далучаны да Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці Беларусі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастпромыслы», у 1991 — у асацыяцыю «Бел.нар.маст. промыслы», з 1993 — у Бел.дзярж. канцэрн маст. промыслаў. У канцы 1980-х г. уздым цікавасці да нац.бел. культуры і прыняцце закона аб індывідуальнай працоўнай дзейнасці (1987) адрадзілі традыц. Н.м.п. і пашырылі новыя формы іх арганізацыі (кааператывы, дамы рамёстваў і інш.). У 1999 прыняты закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь».
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Ганчар І.Генбіцкі з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстрыха аплікацыі саломкай на тканіне К.Русаковіч з в. Рухава Старадарожскага раёна Мінскай вобл.Да арт.Народныя мастацкія промыслы. Майстар мастацкай размалёўкі Дз.Цубер з г. Давыд-Гарадок Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯЦЕ́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,
выраб рэчаў утылітарнага і дэкар. характару злучэннем палос эластычнага матэрыялу пад прамым ці косым вуглом; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Адрозніваюць П. ручное і машыннае. Матэрыялы для П. — лаза, салома, чарот, карані дрэў, лыка, мачала, бяроста, лучына, стружкі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны, скура, ніткі і інш. У 1970—80-я г. шырока ўжываюцца і сінтэт. матэрыялы. Пашырана ў многіх народаў, папярэднічала ткацтву. Шырока вядома маст. пляценне народаў Усходу, а таксама пляценне карункаў у Расіі.
На Беларусі вядома з неаліту (выяўлены рэшткі сплеценых з лыка сетак, адбіткі плеценых вырабаў на гліне). Найб. захаваліся вырабы 19—1-й пал. 20 ст. Пашырана было пляценне з лазы. На Палессі з яе плялі агароджы (пляцень), сцены гасп. пабудоў. Простай, спіральнай, крыжовай, раброва-крыжовай тэхнікамі П. выраблялі лазовыя палукашкі для вазоў і саней, рыбалоўныя снасці (каробкі, бучы, венцеры), посуд на збожжа, агародніну (кашы, кашолкі, сявенькі, карзіны), мэблю (крэслы, калыскі, падстаўкі пад вазоны, карабы на бялізну) і інш. Разнастайным камбінаваннем тэхнік П. вызначаецца мэбля, кузавы выязных вазкоў. Каркас вязалі з тоўстых прутоў, якія скрыжоўваліся пад розным вуглом і ўтваралі розныя геам. фігуры, потым яго перапляталі тонкімі дубцамі, нярэдка чаргуючы белыя, ачышчаныя ад кары, з неакоранымі, таніравалі лазу ў больш цёмны колер, абпальвалі на агні, аздаблялі выпаленымі ўзорамі. Вырабамі мэблі з лазы славіліся майстры Магілёва, Гомеля, Суража (Віцебскі р-н), кузаваў — Давыд-Гарадка (Столінскі р-н), Лахвы (Лунінецкі р-н). З саламяных жгутоў, пераплеценых лазой, выраблялі шыяны, карабы, сявенькі, кублы, гарцы; з саломы плялі шкатулкі, цацкі, сумкі, капелюшы (гл.Саломка мастацкая). З сасновай лучыны (дранкі) выраблялі посуд на садавіну і гародніну, карабы для пераноскі сена (Паазер’е), з бяросты — заплечныя кашалі для збору грыбоў, сумкі, вярэнькі (Палессе), ёю ж апляталі ганчарны посуд для малака і малочных прадуктаў (берасцянкі). З рагозу (пераважна на Палессі) выраблялі лёгкія, эластычныя сумкі і кашолкі. Дробныя вырабы: каробачкі для рукадзелля, карзінкі, сумачкі, фруктоўніцы — плялі з карэньчыкаў хваёвых дрэў, арэшніку. З лыка, вяровак плялі лапці, са скуры дэталі конскай вупражы, бізуны. Узоры П. вызначаюцца прыгожым шахматным, спіральным, дыяганальным малюнкам. Вял. пашырэнне мела П. з тэкстыльных матэрыялаў: нітак, шнуроў, вяровак і інш.Найб. простым прыёмам з’яўляецца віццё (суканне) — злучэнне дзвюх ці болей пасмаў у шнур. Суканыя шнуры і вяровачкі выкарыстоўваліся як дэкар. элементы на адзенні (разнастайныя нашыўкі), абрусах, ручніках (для кутасоў, махроў). З каляровых нітак вілі шнуркі для завязак на адзенні і паяскоў. Плоскія пляцёнкі з трох (у выглядзе касы) і больш нітак выкарыстоўвалі для вырабу паясоў, завязак, шнуркоў, нашывак на адзенне. Больш складаны від пляцення засн. на выгінанні суцэльных нітак у петлі, якія пераплятаюцца паміж сабой удоўж і ўпоперак (вязанне). Разнастайныя рэчы утылітарнага і маст. характару вырабляліся ў тэхніцы вузельчыкавага П. — завязвання вузлоў рознай канфігурацыі. З дапамогай чаўнака (ігліцы) і дошчачкі вязалі рыбацкія сеткі (Паазер’е). Такім чынам сплеценыя сеткі, нацягнутыя на раму, прызначаныя для абрусаў, сурвэтаў, пакрывалаў, аздаблялі вышыўкай насцілам ці крыжыкам з каляровых шарсцяных нітак. З развіццём прамысловасці П. захоўваецца як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і займае значнае месца ў маст. прамысловасці рэспублікі. Сурвэткі, абрусы, лазовыя кошыкі на садавіну і гародніну, цукерачніцы, хлебніцы, саламяныя капелюшы, шкатулкі і інш. плеценыя вырабы выпускаюць ф-кі маст. вырабаў. Некат. вытв. аб’яднанні вырабляюць мэблю з лазы. Шырокую папулярнасць набыло вузельчыкавае П. — макрамэ. Найб. вядомыя бел. майстры П.: Т.Агафоненка, К.Арцёменка, А.Белановіч, С.Галанчанка, В.Гаўрылюк, Л.Главацкая, М.Кулак, Н.Ліцюк, Л.Лось, У.Лук’янец, Г.Сапун, Л.Скрыпнічэнка, В.Сташкевіч, Т.Федаркова і інш.
Літ.:
Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995;
Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.
Я.М.Сахута.
Да арт.Пляценне мастацкае. Саламяны посуд. 1-я пал. 20 ст. Цэнтральная Беларусь.Да арт.Пляценне мастацкае. Т.Агафоненка. Маска «Казёл». 1978.Да арт.Пляценне мастацкае. Посуд з сасновай лучыны. Вёска Шахноўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскайвобл. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЫ́Я БЕЛАРУ́СІ,
рэальныя гістарычныя асобы, якія, паводле паданняў, за сваю адданасць рэлігіі надзелены здольнасцю рабіць цуды, за што пасля смерці былі ўшанаваны царквой. У 1984 усталявана святкаванне Сабора беларускіх святых у 1-ю нядзелю пасля св. Тройцы (Сёмухі). У Сабор увайшлі 15 святых. Міна Полацкі(?—1116), епіскап полацкі. У час яго епіскапства прыняла пострыг Ефрасіння Полацкая. Ушаноўваецца правасл. царквой як адзін з першых архіпастыраў, які спрыяў распаўсюджванню хрысціянства на Беларусі. Дзень памяці 3 ліпеня; Марцін Тураўскі (?—1150), манах. Вядомы са «Сказання пра Барыса і Глеба» (канец 11 — пач. 12 ст.). Жыў адзін у пустыні. Калі захварэў, у келлю з’явіліся св. пакутнікі Барыс і Глеб і дапамаглі яму. Блажэннага пакутніка Тураўскага сталі шанаваць адразу пасля смерці. Дзень памяці 10 ліпеня; Расціслаў Мсціславіч (1100-я г. — 1167), князь смаленскі і кіеўскі. Заснаваў у Смаленску самастойную епіскапію. Дзень памяці 27 сакавіка; Ефрасіння Полацкая (каля 1101—1167); Дыянісій Полацкі(? — 1182), епіскап полацкі, манах Кіева-Пячэрскай лаўры. Лічыцца, што з яго бласлаўлення на св. зямлю адправілася Ефрасіння Полацкая, ён быў ініцыятарам яе кананізацыі. Дзень памяці ў 3-ю нядзелю пасля Пяцідзесятніцы; Кірыла Тураўскі (каля 1130 — каля 1182); Лаўрэнцій Тураўскі (каля 1113 — пасля 1190), манах. У 1182—94 узначальваў тураўскую кафедру. Праславіўся глыбокай верай і адданасцю царкве, сваёй здольнасцю вылечваць людзей. Дзень памяці 11 лютага; Елісей Лаўрышаўскі (?—1250), сын вял. князя ВКЛ Траняты, займаў высокую пасаду пры двары вял. князя ВКЛ Міндоўга. Потым пайшоў у пустэльню і разам з правасл. манахам заснаваў каля Новагародка лаўру. Мошчы яго тварылі цуды. Дзень памяці 5 лістапада; Сімяон Полацкі (1220—89), епіскап полацкі. Паходзіў з полацкіх князёў. Раздаў шмат угоддзяў цэрквам і манастырам; быў дабрадзейны да жабракоў, сірот, няшчасных і пакрыўджаных. Дзень памяці 6 лютага; Віленскія пакутнікі Іаан, Антоній і Яўстафій (?—1347). Дні памяці 27 красавіка і 26 ліпеня; Юльянія Альшанская (?—1550), дачка правасл. магната Рыгора Альшанскага. Культ Юльяніі Альшанскай адыграў значную ролю ва ўмацаванні рэліг. свядомасці правасл. жыхароў Беларусі. Дні памяці 6 ліпеня і 11 кастрычніка; Соф’я Слуцкая (1585—1612), апошняя княгіня з роду слуцкіх князёў Алелькавічаў, нашчадкаў вял. князя ВКЛ Альгерда. Дзякуючы дзейнасці княгіні Слуцк яшчэ пры яе жыцці меў асаблівае значэнне ў рэліг. жыцці Беларусі, быў цвярдыняй праваслаўя. Дзень памяці 1 красавіка; Афанасій Брэсцкі (каля 1595—15.9.1648); Макарый Канеўскі (1606—78), ігумен пінскі, загінуў пакутніцкай смерцю, абараняючы праваслаўе. Дні памяці 26 мая і 20 верасня; Гаўрыіл Беластоцкі (1684—90), дзіця; паводле падання, быў выкрадзены мясц. арандатарам, тайна вывезены ў Беласток і закатаваны. Заступнік хворых і гаротных дзяцей. Дзень памяці 3 мая; Георгій Каніскі (1717—95); Праведны Іаан Кармянскі (1893—1917), іераманах, вызначаўся дабрынёй, міласэрнасцю і празорлівасцю. Мошчы знаходзяцца ў Пакроўскай царкве ў в. Карма Добрушскага р-на. Дні памяці 31 мая і 9 верасня.
У Сабор не ўвайшлі асобы, пра якіх не захавалася дастаткова звестак або якія жылі на землях, што не ўваходзяць у тэр. сучаснай Беларусі. Але без іх немагчыма ўявіць сабе гісторыю бел. царквы: св. пакутнік Макарый, мітрапаліт кіеўскі; Меркурый, воін смаленскі; прападобныя Аўрамій і Яфрэм смаленскія; свяціцель Кіпрыян, мітрапаліт кіеўскі, літоўскі, маскоўскі і ўсяе Русі і інш. Нараджэннем або служэннем сваім апасродкавана з Беларуссю звязаны роўнаапостальскі Мікалай Японскі, свяціцель Ціхан, патрыярх маскоўскі, дабраверны князь Цімафей-Даўмонт і інш. 28.10.1999 на пасяджэнні Сінода Бел.правасл. царквы здзейснена кананізацыя «ў ліку мясцоваўшаноўваемых святых 23 новапакутнікаў», клірыкаў Мінскай епархіі 1-й пал. 20 ст. Дзень памяці 28 кастрычніка.
З каталіцкіх святых на Беларусі ўшаноўваюць Казіміра (5.10.1458—4.3.1484), сына караля Польшчы і вял.кн.ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, патрона Вільні і Гродзенскай рымска-каталіцкай епархіі, апекуна зямель ВКЛ. Дзень памяці 4 сакавіка; Андрэя Баболю (30.11.1591—16.5.1657); Ю.А.Каліноўскага (1.9.1835—15.11.1907); М.М.Кольбе (8.1.1894—14.8.1941). Да уніяцкіх святых прылічаны Іасафат Кунцэвіч (1580—12.11.1623).
Літ.:
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЬСКАЯ АРХІТЭКТУ́РА,
праектаванне і буд-ва жылых дамоў, культ.-быт. і вытв. памяшканняў, арг-цыя і добраўпарадкаванне тэрыторыі ў сельскай мясцовасці. Развіццё С.а. залежыць ад сац.-эканам. ўкладу грамадства, нац.-быт. традыцый, прыродна-кліматычных і экалагічных умоў. З часоў сярэдневякоўя на Беларусі гістарычна склаліся гал. тыпы сельскіх паселішчаў — вёска, слабада, сяло, хутар. Асн. элемент планіроўкі — сял.сядзіба. Асн. тыпам жылля была 4- і 5-сценная хата з глінабітнай або драўлянай падлогаю і саламянай страхою. Каля хаты размяшчалі гасп. будынкі (аборы, адрыны, варыўні, гумны і інш.). Асн.буд. матэрыялы: дрэва, камень, цэгла, саман. Важная роля ў маст. аздабленні будынкаў належала разьбе архітэктурнай. Рысы С.а. мелі таксама культавыя будынкі (капліцы, званіцы і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў сельскім буд-ве пашыраны культ.-быт. (клубы) і вытв. будынкі (жывёлагадоўчыя фермы, збожжасховішчы і інш.), дамы з 2—3 пакоямі і кухняй-сталовай. У Вял.Айч. вайну на Беларусі разбурана і спалена 9200 вёсак. У пасляваен. гады многія з іх адноўлены ці пабудаваны новыя. У 1970-я г. распрацавана комплекснае буд-ва паводле генпланаў, асновай якіх сталі раённыя планіроўкі. Тэрыторыя пасёлкаў падзялялася на жылую і вытв. зоны (аддзеленыя сан. ахоўнай зялёнай паласой), звязаныя трансп. і пешаходнымі камунікацыямі. У асобных гаспадарках эксперыментаваліся розныя варыянты і прыёмы арх.-планіровачнай арг-цыі жылых пасёлкаў, вытв. комплексаў, інж. абсталявання, тыпы жылых дамоў, кватэр і аб’ектаў культ.-быт. прызначэння. Паводле эксперым. праектаў забудаваны цэнтр. сядзібы калгасаў і саўгасаў: у вёсках Верцялішкі (арх. В.Емяльянаў, Г.Заборскі і інш., Дзярж. прэмія СССР 1971), Сарачы (арх. Заборскі), Сноў (арх. З.Озерава і інш.), Малеч (арх. Н.Нядзелька, У.Сакалоўскі і інш.), Зашыр’е Ельскага р-на Гомельскай вобл. (арх. Емяльянаў, П.Рудзік і інш.), Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. (арх. Г.Бяганская, А.Калніньш) і інш. Сельскія пасёлкі маюць арх.-планіровачнае вырашэнне, выгоды і добраўпарадкаванне як гарадскія пасёлкі. Жылую забудову складаюць 2—4-павярховыя шматкватэрныя дамы сядзібнага тыпу (пас.Жамчужны, вёскі Астрамечава Брэсцкага р-на, в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. і інш.). Значна палепшаны тыпавыя праекты сельскіх жылых дамоў і грамадскіх будынкаў. Паводле індывід. праектаў пабудаваны шэраг клубных будынкаў, прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання, дзіцячых дашкольных устаноў, школьных будынкаў, камбінатаў быт. абслугоўвання і інш. З узбуйненнем гаспадарак, выкарыстаннем разнастайных буд. матэрыялаў, канструкцый, прагрэс.тэхнал. працэсаў, з паляпшэннем умоў с.-г. працы шырока вялося буд-ва аб’ектаў с.-г. прызначэння (жывёлагадоўчыя і птушкагадоўчыя фермы, карпусы кармацэхаў, майстэрні, склады, збожжасховішчы, сянажныя і воданапорныя вежы і інш.), якія арганічна звязаны з архітэктурай населеных месцаў і ландшафтам прыроднага асяроддзя. Узаемасувязь вытв. і сялібнай зон ажыццяўляецца на аснове адзінага маштабу, суразмернага з ландшафтнымі элементамі тэрыторыі. Кантраст верт. вышынных аб’ёмаў (сянажныя і воданапорныя вежы) і гарыз. падоўжаных жывёлагадоўчых будынкаў стварае выразнае арх. аблічча забудовы вытв. зоны (комплекс птушкафабрыкі ў в. Бабінічы Аршанскага р-на Віцебскай вобл.). Чляненне фасадаў сценавымі панэлямі, выкарыстанне стужачнага шклення надаюць будынкам рысы прамысл. збудаванняў. З 1970-х г. узводзілі буйныя жывёлагадоўчыя комплексы з адм.-быт. карпусамі і добраўпарадкаванай тэрыторыяй, ствараліся буйнагабарытныя блакіраваныя памяшканні. У аснове планіроўкі комплексаў — прынцып функцыян. заніравання. Для С.а. 1980-х г. характэрна буд-ва аграпрамысл. комплексаў і аб’яднанняў. Створаны буйныя шматфункцыян. зоны вытв. прызначэння, аналагічныя прамысл. вузлам у гарадах з выкарыстаннем разнастайных буд. матэрыялаў (дрэва, прыродны камень, керамічная плітка, шкло, пластмасы і інш.). У 1990-я г. тэмпы жыллёвага буд-ва на вёсцы значна знізіліся, увага аддавалася асобным аб’ектам сац. прызначэння (бальніцы, школы і інш.). Вядучая арг-цыя па праектаванні сельскага буд-ва — унітарнае прадпрыемства Дзіпрасельбуд. Гл. таксама Жыллё, Народнае дойлідства, Драўлянае дойлідства.
Літ.:
Соколовский В.Э., Алимов Р.Н. Архитектура нового белорусского села. Мн., 1979.
Да арт.Сельская архітэктура. Комплекс птушкафабрыкі ў вёсцы Бабінічы Аршанскага раёна Віцебскай вобл.Да арт.Сельская архітэктура. Цэнтральная сядзіба калгаса ў вёсцы Сарачы Любанскага раёна Мінскай вобл.