гарадскі пасёлак у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось, чыг. ст. на лініі Ваўкавыск—Масты; на аўтадарозе Ваўкавыск—Гродна. За 15 км ад г. Ваўкавыск, 85 км ад Гродна. 6,6 тыс.ж. (2000).
У ВКЛ вядома з 16 ст. як мястэчка Ваўкавыскага пав. Навагрудскага ваяв. Побач знаходзіўся маёнтак Хадкевічаў, таму другая назва Р. — Падросль. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Слонімскай, Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ., цэнтр Роскай воласці Ваўкавыскага пав. У канцы 19 ст. больш за 700 ж., школа, 2 шавецкія майстэрні, шкіпінарны з-д, вадзяны млын, ваўначоска, 4 крамы. З пабудовай у 1886 Баранавіцка-Беластоцкай чыгункі Р. — чыг. станцыя. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска Ваўкавыскага р-на Беластоцкай вобл. У Вял.Айч. вайну ням. фашысты загубілі тут 45 жыхароў. З 1944 у Гродзенскай вобл., з 30.4.1958 гар. пасёлак.
Працуюць камбікормавы з-д, дзярж. прадпрыемства «Рось», лясніцтва; 2 сярэднія школы. дзіцячая школа мастацтваў, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, дом быту. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Троіцкі касцёл (1801), Троіцкая царква (1908).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́НІЙ (лац. Rhenium),
Re, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат н. 75, ат. м. 186, 207. Прыродны Р. — сумесь 2 ізатопаў: стабільнага 185Re (37,4%) і слабарадыеактыўнага 187Re (перыяд паўраспаду 5∙1010 гадоў). У зямной кары 7∙10−8% па масе (рассеяны элемент); ізаморфна замяшчае малібдэн у малібдэніце. Адкрыты ў 1925 ням. фізікахімікамі В. і І. Ноддак (муж і жонка); назва ад лац. Rhenus — р. Рэйн.
Серабрыста-шэры пластычны метал, tпл 3180 °C (па тугаплаўкасці другі пасля вальфраму), шчыльн. 21 010 кг/м Хімічна ўстойлівы. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, пераксідзе вадароду (утвараецца рэніевая к-та HReO4). Пры награванні ў паветры (t >300 °C) акісляецца, узаемадзейнічае з фторам (адзіны метал, які ўтварае ўстойлівы гептафтарыд ReF7 — крышт. рэчыва з tпл 48,3 °C), хлорам, пры 700—800 °C з парай серы, фосфарам. Атрымліваюць з канцэнтратаў малібдэнавых руд (маюць 0,01—0,04% Р.). Выкарыстоўваюць пераважна на выраб плаціна-рэніевых каталізатараў для нафтаперапрацоўчай прам-сці (атрыманне бензіну з высокім актанавым лікам), а таксама дэталей электронных прылад, катодаў, тэрмапар, як матэрыял для эл. кантактаў і пакрыццяў, што ахоўваюць металы ад карозіі і зносу; сплавы Р. з інш. тугаплаўкімі металамі (вальфрам, малібдэн, тантал) як канстр. матэрыял у самалёта- і ракетабудаванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ А́ЎСТРЫІ (СДПА; Sozialdemokratische Partei Österreichs),
адна з гал.паліт. партый краіны (належыць да левага кірунку). Засн. на мяжы 1888—89 як С.-д. рабочая партыя Аўстрыі. З 1896 прадстаўлена ў парламенце (з 1907 мела другую па колькасці фракцыю). З 1904 лідэры партыі Ф.Адлер, О.Баўэр, К.Рэнер і інш. распрацоўвалі канцэпцыю аўстрамарксізму (разнавіднасць рэфармізму). Пасля распаду Аўстра-Венгрыі (кастр. 1918) выступала за аншлюс, Рэнер узначальваў першы ўрад Аўстр. Рэспублікі. З 1920 у апазіцыі, процістаяла згортванню парламенцкай дэмакратыі ў краіне. Пасля паўстання свайго ваенізаванага Шуцбунда забаронена аўтарытарным урадам Э.Дольфуса (люты 1934). У крас. 1945 адноўлена як Сацыяліст. партыя Аўстрыі, з чэрв. 1991 сучасная назва. У 1945—66 удзельнічала ў фарміраванні ўрадаў вял. кааліцыі. Віцэ-канцлерамі Аўстрыі былі старшыні партыі А.Шэрф (1945—57) і Б.Пітэрман (1957—67). З 1966 партыя ў апазіцыі, пад старшынствам Б.Крайскага (1967—83) яна стала ў 1970 найб. моцнай паліт. сілай краіны. Федэральныя канцлеры Аўстрыі ад партыі — Крайскі (1970—83), Ф.Зінавац (1983—86), Ф.Враніцкі, (1986—97), В.Кліма (са студз. 1997). Найб. ўплыў партыя мае ў Вене, федэральных землях Карынтыя і Бургенланд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДНЕЙ (Sydney),
горад на ПдУ Аўстраліі. Адм. ц. штата Новы Паўднёвы Уэльс. 3664 тыс.ж. (2000). Пачатковы пункт чыгунак і аўтадарог углыб краіны, порт на беразе зал. Порт-Джэксан Ціхага ак.Міжнар. аэрапорт. Найбуйнейшы эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л.трансп., эл.-тэхн., радыёэлектроннае; чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім., тэкст., паліграф., харч., папяровая. Метрапалітэн. Ун-т (з 1850). Оперны тэатр. Музеі: аўстралійскі, ваенна-мемарыяльны, геал., прыкладнога мастацтва, маст. галерэя. Заапарк. Штогадовыя аўкцыёны шэрсці. Месца правядзення XXVII летніх Алімпійскіх гульняў (2000).
Засн. ў 1788 як англ. калонія для ссылкі злачынцаў з метраполіі. Першае еўрап. паселішча ў Аўстраліі. Назва ад імя брыт. міністра ўнутр. спраў лорда Сідні. У 1842 атрымаў гар. права. Адкрыццё ў 1851 каля С. залатых прыіскаў паспрыяла хуткаму развіццю горада і росту яго насельніцтва. З 2-й пал. 19 ст. С. — гал.прамысл. цэнтр штата Новы Паўднёвы Уэльс і ўсёй Аўстраліі.
У цэнтры С. — эклектычныя будынкі 19 ст. Жылыя раёны абкружаюць кольцам (радыус 20—30 км) дзелавыя ч. горада. У С. шмат садоў, паркаў, бат. сад, заапарк, нац. парк. Сярод сучасных збудаванняў работы арх. Г.Зайдлера (пераважна 1960-я г.), оперны т-р (1959—66, арх. І.Утзан), арачны мост цераз заліў Порт-Джэксан (даўж. 2 км) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РАНЦАВА МО́РА,
ускраіннае мора Паўн. Ледавітага ак. паміж паўн. берагам Еўропы і а-вамі Шпіцберген, Зямля Франца-Іосіфа і Новая Зямля. Абмывае берагі Расіі і Нарвегіі. На З мяжуе з Нарвежскім морам, у паўд. частцы злучаецца з Карскім м. пралівам Карскія Вароты і з Белым м. пралівамі Горла і Варонка. Пл. 1424 тыс.км². Размешчана б.ч. на шэльфе; найб глыб. 600 м, пераважныя глыб. 360—400 м. Берагі фіёрдавыя, высокія, скалістыя, моцна парэзаныя, на У ад п-ва Канін нізкія і слабапарэзаныя. Залівы: Порсангер-фіёрд, Варангер-фіёрд, Мотаўскі, Кольскі, Пячорская губа, Чэшская губа і інш.Найб.в-аў Калгуеў. Упадаюць р. Пячора, Індыга.
Клімат арктычны, але пад уплывам цёплага Нардкапскага цячэння (адгалінаванне Гальфстрыма) зіма адносна мяккая. Т-ра паверхневых водаў у лютым на Пн і У ніжэй за -1 °C, на ПдЗ 3—5 °C. У жн. на Пд 7—12 °C, на У 3—5 °C, на Пн ніжэй за 0 °C. Салёнасць на Пн 32—33%, на ПдЗ — каля 35%. Зімой не замярзае толькі паўд.-зах. частка, на Пн лёд трымаецца круглы год. Прылівы паўсутачныя (да 6,1 м). Раслінны і жывёльны свет багаты і разнастайны. Рыбалоўства (траска, селядзец, пікша, сайда, марскі акунь, камбала). Мае вял.трансп. значэнне. Гал. незамярзаючыя парты: Мурманск (Расія), Вардзё (Нарвегія). Назва ў гонар галандскага мараплаўца В.Барэнца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДРУ́ЖБЫ І КУЛЬТУ́РНАЙ СУ́ВЯЗІ З ЗАМЕ́ЖНЫМІ КРАІ́НАМІ,
добраахвотная грамадская арг-цыя, якая садзейнічае развіццю дружбы і супрацоўніцтва бел. народа з народамі іншых краін. Створана 7.4.1926 як Т-ва культурных сувязяў Сав. Беларусі з заграніцай. Каля вытокаў яго былі Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, М.Чарот і інш. дзеячы бел. культуры. У 1952—58 наз.Бел.т-ва культурнай сувязі з заграніцай. Сучасная назва і статут, прынятыя 17.12.1978, пацверджаны і ўдакладнены ў кастр. 1993 на рэсп. канферэнцыі т-ва. У склад т-ва ўваходзяць грамадскія арг-цыі, творчыя саюзы, калектывы работнікаў прамысл. прадпрыемстваў, калгасаў, навуч. і навук. устаноў і інш.Асн. задачы: знаёміць грамадскасць замежных краін з набыткамі культуры бел. народа, са знешняй палітыкай Беларусі, садзейнічаць умацаванню міру, міжнар. супрацоўніцтва, папулярызаваць на Беларусі дасягненні навукі і культуры замежных краін, арганізоўваць аказанне дапамогі жыхарам Беларусі, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аддзелы: садзеяння сац.-эканам. развіццю Беларусі і ліквідацыі вынікаў Чарнобыльскай трагедыі; па ўзаемадзеянні з замежнымі краінамі; культуры і інфармацыі; секцыі л-ры і мастацтва, работы з моладдзю і інш. У 1991 у сувязі з абвяшчэннем суверэнітэту Рэспублікі Беларусь пачата стварэнне самаст. т-ваў дружбы з асобнымі замежнымі краінамі; на 1.1.1995 створана 30 такіх т-ваў.
А.М.Ваніцкі.
Будынак Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі ў Мінску.
назва арг-цыі, прыдуманай у маі 1931 супрацоўнікамі АДПУБССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над нац. інтэлігенцыяй па пытанні развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі. Узнікненне яе прымеркавана да 1924—25, арганізац. афармленне да 1927—28. Кіраўнікамі яе лічыліся Р.А.Бонч-Асмалоўскі, Г.І.Гарэцкі, П.А.Хоцкі. Ячэйкі былі «выяўлены» ў большасці акруг Беларусі, Наркамземе БССР, с.-г. секцыі Дзяржплана БССР, ЦСУ, Белсельсаюзе, Белкалгасцэнтры, Белсельтрэсце, Белсельбанку, НДІ сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна, Белкалгасбудзе. У члены «арг-цыі» былі залічаны прыхільнікі развіцця фермерскіх гаспадарак, а не калгасаў і саўгасаў, таму незадаволенасць сялян палітыкай суцэльнай калектывізацыі падавалася як вынік дзейнасці «БФПСП». Ёй інкрымінавалася ўмацаванне капіталіст. элементаў у вёсцы, шпіянаж, асушэнне балот у прыгранічных раёнах з мэтай падрыхтоўкі плацдармаў для інтэрвентаў, правядзенне меліярацыі па-шкодніцку, арганізацыя кулацкіх меліярацыйных ячэек як базы для ўзбр. паўстання супраць сав. улады і інш. Да крымінальнай адказнасці было прыцягнута 59 чал., 39 з якіх праходзілі па інш. «справах» (лічылася, што «БФПСП» была звязана з інш. «контррэв. арг-цыямі»). Паводле пастановы Калегіі АДПУБССР ад 30.5 і 6.6.1931 прыгавораны 6 чал. да расстрэлу (чацвярым расстрэл заменены на 10 гадоў лагераў), 13 чал. да 10 гадоў лагераў, 6 — да 3—5 гадоў лагераў, 34 чал. да высылкі ў Сібір, Казахстан. 22.4.1958 рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕНЕ́РА»,
назва серыі савецкіх аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для вывучэння Венеры і касм. прасторы, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.
У 1961—83 запушчана 16 «Венер» («Венера-1» 12.2.1961; 20.5.1961 яна прайшла на адлегласці каля 100 тыс.км ад Венеры і выйшла на арбіту спадарожніка Сонца). Пачынаючы з «Венеры-3» АМС складаюцца з арбітальнага адсека і спускальнага апарата. «Венера-3» здзейсніла першы ў свеце палёт касм. лятальнага апарата на іншую планету (16.11.1965 стартавала, 1.3.1966 дасягнула паверхні Венеры). «Венера-4» правяла першыя прамыя даследаванні атмасферы Венеры (1967), «Венера-7» зрабіла першую мяккую пасадку на Венеру (1970). «Венера-4» — «Венера-8» вывучалі размеркаванне ціску, шчыльнасць, т-ру, хім. састаў атмасферы. «Венера-9» — першы штучны спадарожнік Венеры (першая здымка паверхні Венеры, 1975). «Венера-13» і «Венера-14» (1982) перадалі каляровыя панарамы месцаў пасадкі і даследавалі хім. састаў грунту. На «Венеры-15» і «Венеры-16» (1983) замест спускальнага апарата ўстаноўлены радыёлакатар, з дапамогай якога праведзена здымка паўн. паўшар’я Венеры: выяўлены горныя хрыбты, кратэры, пласкагор’і, разломы, шматлікія вынікі тэктанічнай актыўнасці планеты.
Н.А.Ушакова.
Да арт.«Венера». Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Венера-5»: 1 — панэль сонечнай батарэі; 2 — арбітальны адсек; 3 — датчык астраарыентацыі; 4 — датчык сонечнай арыентацыі; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі арбіты; 6 — мікрарухавікі сістэмы астраарыентацыі; 7 — лічыльнік касмічных часціц; 8 — блікаахоўны экран; 9 — востранакіраваная антэна; 10 — спускальны апарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯДЗВІ́НСК (да 25.12.1962 Дрыса),
горад, цэнтр Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобл., пры ўпадзенні р. Дрыса ў Зах. Дзвіну. За 175 км ад Віцебска. Чыг. ст. на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія), на аўтадарозе Полацк—Даўгаўпілс. 8,5 тыс.ж. (1995).
Упершыню ўпамінаецца пад 1386 (летапісная назваДрысь, Дриса, Дриза). Паводле археал. даследаванняў, горад існаваў значна раней. Тут быў пабудаваны Дрысенскі замак. У 1-й пал. 16 ст.гандл. цэнтр на Зах. Дзвіне, каралеўскае ўладанне. У Лівонскую вайну 1558—83 заняты войскамі Івана IV Грознага, у 1583 вызвалены Стафанам Баторыем. З 1772 у складзе Рас. імперыі, з 1776 цэнтр Дрысенскага павета. У 1781 зацверджаны герб горада — «Пагоня» на залатым полі. У вайну 1812 каля горада знаходзіўся Дрысенскі лагер — умацаваная пазіцыя рус. арміі пад камандаваннем М.Б.Барклая дэ Толі. У 1797 у Верхнядзвінску 1310 ж., у 1897 — 4238. З 17.7.1924 цэнтр Дрысенскага р-на, з 3.7.1925 мястэчка, з 27.9.1938 горад. 2,7 тыс.ж. (1939). У Вял.Айч. вайну з 3.7.1941 да 12.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 769 чал. У 1959 у горадзе 3,6, у 1970 — 11,9 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Верхнядзвінская Мікалаеўская царква, жылы дом (пач. 20 ст.). Абеліск у памяць 100-годдзя вайны 1812. Мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму, спаленым вёскам, воінам-вызваліцелям і землякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ МА́РКАЎ (ТРО́ІЦКІ) МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1633—1918 у Віцебску, на правым беразе Зах. Дзвіны. Засн. аршанскім цівуном Л.С.Агінскім і браслаўскім земскім суддзёй С.Мірскім. У 1638 фундатары падаравалі манастыру зямлю на Маркаўшчыне (дзе ў 16 ст. нейкі Марк пабудаваў царкву, адсюль назва) і фальварак Шыдлоўшчыну. У 18 ст. меў шэраг вёсак і юрыдыкі ў Віцебску. У 1751 зроблена няўдалая спроба павярнуць манастыр да уніяцтва. Традыцыйна быў у падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі. У 1773 прылічаны да Пскоўскай епархіі, у 1795 — да Магілёўскай, у 1833 — да Полацкай. З 1798 меў ранг архімандрыт да яго быў прыпісаны Невельскі заштатны манастыр. У 1842 залічаны да манастыроў 1-га класа, мог мець 20 манахаў, атрымліваў ад дзяржавы 3185 рублёў серабром, маёнткі былі ўзяты ў казну (апрача 150 дзес. зямлі). Меў майстэрні, пач. школу для слабадскіх дзяцей. Пасля закрыцця манастыра будынкі [акрамя Пакроўскай (зараз вядома як Казанская) царквы] знесены.
Царква — помнік архітэктуры барока з рысамі ранняга класіцызму. Пабудаваны з цэглы да 1752 як Пакроўская царква. У 1847 да яе з захаду прыбудавана Мітрафанаўская царква. Першапачаткова храм быў крыжова-купальны. Да асн. кубападобнага аб’ёму з трыма паўкруглымі апсідамі далучаны развіты прытвор. Сцены прарэзаны высокімі арачнымі вокнамі і раскрапаваны пілястрамі. Бакавыя фасады царквы і прытвора завершаны трохвугольнымі франтонамі з арачнымі праёмамі. На цэнтр. апсідзе размешчана ляпная дэкар. рама-бленда.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Віцебскі Маркаў (Троіцкі) манастыр. Пакроўская (Казанская) царква.