РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Сэмюэл) (19.8.1689, каля Дэрбі, Вялікабрытанія — 4.7.1761),
англійскі пісьменнік-асветнік, адзін з пачынальнікаў сентыменталізму. Прайшоў шлях ад падмайстра лонданскага друкара да выдаўца. Стваральнік сац.-псіхал. рамана ў эпісталярнай форме: «Памела, або Узнагароджаная дабрадзейнасць» (т. 1—2, 1740; задуманы як узорны збор лістоў на маральна-павучальныя тэмы), «Кларыса, або Гісторыя маладой лэдзі» (т. 1—7, 1748), «Гісторыя сэра Чарльза Грандысана» (т. 1—7, 1754). Упершыню ў раманным жанры паставіў у цэнтр не прыгоды героя, а аналіз пачуццяў, спагадліва намаляваў вобраз чалавека трэцяга саслоўя, падрабязна апісаў сямейны побыт. Паўплываў на развіццё асветніцкага рамана (асабліва Д.Дзідро, Ж.Ж.Русо, І.В.Гётэ) і на псіхал, лінію рамана 19 ст.
Літ.:
Елистратова А. Английский роман эпоха Просвещения. М., 1966;
Кеттл А. Введение в историю английского романа: Пер. с англ.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПАРА́ЦЫІ (ад лац. reparatio аднаўленне),
адна з форм матэрыяльнай адказнасці суб’екта міжнар. права за шкоду, прычыненую ім інш. суб’екту міжнар. права ў выніку міжнар. правапарушэння. Выплата Р. можа рабіцца натурай, у выглядзе грашовай абоінш. матэрыяльнай кампенсацыі або адначасова рэстытуцыі і кампенсацыі шкоды. Р. адрозніваюць ад кантрыбуцыі — даніны пераможцу ў вайне, якая існавала на практыцы да 1919. Напр., у Версальскім мірным дагаворы 1919 ужо гаворыцца толькі пра Р. як форму кампенсацыі шкоды, нанесенай Германіяй і яе саюзнікамі ў ходзе 1-й сусв. вайны 1914—18. У адпаведнасці з сучасным міжнар. правам прынцыпова важнае значэнне мае матэрыяльная адказнасць дзяржавы за развязванне ёю агрэсіўнай вайны, г. зн. ваенная Р. Так, у рашэннях Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі 1945 і Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцыі 1945 прадугледжвалася выплата Р. Германіяй, а ў мірных дагаворах 1947 — выплата Р. дзяржавамі — былымі саюзнікамі Германіі ў 2-й сусв. вайне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛДА́Т (ням. Soldat ад італьян. soldo манета, жалаванне),
1) пярвічнае (малодшае) воінскае званне ў арміях многіх дзяржаў; катэгорыя ваеннаслужачых і ваеннаабавязаных у званнях радавы, яфрэйтар і інш. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. Беларусі. З 15 ст. ў Італіі С. наз. воінаў-наёмнікаў, якія атрымлівалі жалаванне за службу. У Рас. імперыі назва С. пашырылася ў 17 ст., існавала (з перапынкамі) да 1917. У Сав. Арміі катэгорыя «С.» уведзена ў 1946 (з 1918 да 1946 С. наз. чырвонаармейцамі).
2) У шырокім сэнсе С. — баец, воін, ваенны чалавек ( у любым званні і ўзросце), які захоўвае адпаведны менталітэт і выпраўку (напр., стары С.), а таксама партызан (лясны С.) і інш. 3) У пераносным сэнсе — удзельнік якой-н. арг-цыі або грамадскага руху, які прысвяціў сябе іх мэтам і задачам або пэўнай справе (напр., С. партыі, рэвалюцыі, супраціўлення і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІН-ЭФЕ́КТ (ад англ. skin скура, абалонка + эфект),
паверхневы эфект, затуханне электрамагнітных хваль па меры іх пранікнення ў праводнае асяроддзе. У выніку пераменны ток размяркоўваецца пераважна ў паверхневым слоі (скін-слоі) правадніка, пераменны магн. паток — у паверхневым слоі магнітаправода.
С.-э. тлумачыцца тым, што пад дзеяннем знешняга пераменнага поля свабодныя электроны правадніка ствараюць віхравыя токі, поле якіх кампенсуе знешняе поле ў аб’ёме правадніка. У выніку частка эл.-магн. энергіі пераўтвараецца ў цеплавую, што і вядзе да затухання хваль. Праяўленне С.-э. тым большае, чым большая частата току абомагн. патоку, плошча сячэння проваду або магнітаправода, праводнасць і магн. пранікальнасць матэрыялу. С.-э. вядзе да павелічэння эл. супраціўлення проваду пераменнаму току ў параўнанні з супраціўленнем пастаяннаму току і да размагнічвання магнітаправода віхравымі токамі. На С.-э. заснаваны дзеянне эл.-магн. экранаў, высокачастотная паверхневая загартоўка стальных вырабаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАБАДА́,
тып сельскага паселішча. Назва звязана з тым, што ў перыяд феадалізму жыхары С. карысталіся часовым вызваленнем ад падаткаў. У зах. рэгіёнах Беларусі (асабліва ў Пінскім Палессі) такія пасяленні наз. Волямі, Вулькамі. Такія назвы атрымлівалі паселішчы, жыхары якіх вызваляліся (станавіліся вольнымі) на тэрмін ад 2 да 12 гадоў ад чыншу і павіннасцей з прычыны неўрадлівасці зямель, якія яны на інш. умовах адмаўляліся апрацоўваць. Такая сістэма асабліва пашырылася пасля Паўночнай вайны 1700—21. Пазней С. сталі называць невял. пасёлкі гар. тыпу каля павятовых гарадоў, дзе жылі рамеснікі, што пакінулі абшчыну і толькі часткова былі звязаны з сельскай гаспадаркай. Пад уплывам розных сац.-эканам. і паліт. прычын С. зліліся з гарадамі або трансфармаваліся ў звычайныя сельскія паселішчы і сталі назвамі вёсак (напр., Слабада ў Мінскім р-не) або часткамі назвы вёсак (напр., Чырвоная Слабада ў Салігорскім р-не).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НА,
баявыя дзеянні з мэтай зрыву або адбіцця наступлення намнога большых сіл праціўніка, прыкрыцця або ўтрымання занятых пазіцый, выйгрышу часу і стварэння ўмоў для пераходу у наступленне войскаў, якія абараняюцца. Ажыццяўляецца ў тактычных, аператыўных і стратэг. маштабах, прымусова (калі наступленне немагчыма або немэтазгодна) або наўмысна.
У старажытнасці і сярэднявеччы для доўгатэрміновай абароны выкарыстоўвалі ўмацаваныя гарады, крэпасці, замкі (гл.Абарончыя збудаванні). З аснашчэннем арміі агнястрэльнай зброяй (з 14—15 ст.) пачалося збудаванне палявых абарончых умацаванняў. З распаўсюджваннем у 19 ст. наразной зброі з большай далёкасцю стральбы сталі ствараць глыбокую (эшаланіраваную) абарону. Умацаваная паласа глыбінёй 1000—1500 м упершыню была створана ў час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1-ю сусв. вайну ў прамежках паміж апорнымі пунктамі ствараліся суцэльныя лініі траншэй. Войскі займалі некалькі абарончых пазіцый, якія эшаланіраваліся ў глыбіню на 3—4 км адна ад адной. За гэтымі пазіцыямі ствараліся тылавыя (запасныя) абарончыя палосы. Будавалася абарона на суцэльным фронце з выкарыстаннем сістэмы інж. збудаванняў і загарод. З насычэннем ўзбр. сіл танкамі, дальнабойнай артылерыяй, самалётамі абарона стала глыбокай, шматпалоснай, процітанкавай, проціартылерыйскай, процісамалётнай. Усебаковае развіццё абарона атрымала ў Вял.Айч. вайну. На тэр. Беларусі цяжкія абаронныя баі ішлі ў чэрв.—жн. 1941 (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Віцебска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.).
У сучасных умовах абарона прадугледжвае актыўнае процідзеянне адначасовым ударам усіх відаў зброі, авіяцыі і артылерыі, дэсантных і інш. войскаў праціўніка, своечасовае выяўленне яго сродкаў масавага паражэння, жывой сілы і тэхнікі, стварэнне найб. зручных умоў для сябе. Каб сарваць ці аслабіць наступленне, войскі ў абароне ажыццяўляюць агнявую контрпадрыхтоўку па групоўцы праціўніка, якая падрыхтавалася да наступлення, і контратакуюць. Паводле метадаў вядзення абароны бывае пазіцыйная і манеўраная; сучасная абарона, як правіла, спалучае абодва гэтыя метады. Устойлівасці і актыўнасці абароны спрыяюць насычанасць яе браніраванымі сродкамі, глыбокае эшаланіраванне і разгрупаванне сіл і сродкаў, разнастайнасць спосабаў вядзення абарончых дзеянняў, выкарыстанне спецыфічных фіз.-геагр. умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫВАНАТКА́ЦТВА,
ручное ці машыннае тканне дываноў і дывановых вырабаў (габеленаў, шпалераў, дарожак і інш.). У Д. выкарыстоўваюцца шэрсць, баваўняныя, ільняныя і хім. валокны. Асн. аперацыі: падбор валакністых матэрыялаў, фарбаванне пражы і валакна, тканне і апрацоўка дываноў.
Ручное ткацтва робіцца на верт.абогарыз. варштатах. Выконваецца па нац. узорах або малюнках, зробленых фарбай на спец. паперы ў клетку. Ручныя ворсавыя дываны — шматслойная тканіна палатнянага (міткалёвага) перапляцення трох сістэм нітак — асноўнай, уточнай і ворсавай. Каркаснае палатно тканіны ствараецца перапляценнем асновы і ўтку; вонкавы слой (малюнак дывана) — каляровымі ворсавымі ніткамі, вузлы якіх шчыльна звязваюцца ў гарыз.абоверт. парадку на нітках асновы. Бязворсавыя дываны — аднаслойная тканіна, зробленая перапляценнем нітак асновы і рознакаляровых нітак утку. Дываны машыннай вытв-сці падзяляюцца на бязворсавыя (простай і складанай будовы) і ворсавыя. Дываны простай будовы вырабляюцца з адной сістэмы асновы і адной сістэмы ўтку. Узор вытыкаецца на ткацкім станку з Жакарда машынай. Бязворсавыя дываны складанай будовы — гэта двух- або трохслойная тканіна з некалькіх сістэм шарсцяной, баваўнянай ці льняной асновы і шарсцянога ўтку, які стварае ўзор. Найб. вядомыя з такіх дываноў шатландскія і т.зв. «кідэрмінстэрскія» (ням. і англ.). Ворсавыя дываны вырабляюцца звычайна з асноўным, радзей з уточным ворсам. Паводле спосабу ўтварэння асн. ворсу адрозніваюць дываны двухпалотныя з разразным ворсам і т. зв. прутковыя (аднапалотныя). Двухпалотную шматслойную тканіну фармуюць на двухпалотным станку ніткамі карэннай насцільнай і ворсавай асноў і ўтку. Потым ніжняе і верхняе палотны, злучаныя ворсавымі петлямі, разразаюць па ворсавых нітках на 2 дываны. Прутковыя дываны робяць на аднапалотных станках з жакардавымі машынамі (пры набіўных дыванах — без іх). Гатовыя дываны апрацоўваюць, надаюць ім шаўкавісты бляск. змякчаюць фарбавыя тоны ворсавай пражы. ліквідуюць дэфекты ткання і інш.
На Беларусі ворсавыя дываны машыннага вырабу ствараюцца на прадпрыемствах акц. т-ваў «Віцебскія дываны» і «Дываны Брэста».
Да арт.Дыванаткацтва: а — вязка вузлоў (двайных і паўтарачных) у ручным дыванаткацтве (1 — гарызантальная, 2 — вертыкальная); б — схема перапляценняў бязворсавых дываноў (1 — палас, 2 — кілім); в — структура двухпалотных дываноў (1, 2, 3 — карэнная, насцільная і ворсавая асновы; 4 — ніткі ўтку; 5 — нож).Да арт.Дыванаткацтва. Двухпалотны дыванаткацкі станок з машынай Жакарда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я РЭ́КІ,
невялікія водныя патокі, якія звычайна маюць сцёк на працягу ўсяго года. Умоўна да М.р. прынята адносіць рэкі з вадазборам да 2 тыс.км²; часта пры падзеле рэк на вялікія, сярэднія і малыя кіруюцца даўжынёй рэчышчаў. З’яўляюцца асн. кампанентам у складзе гідраграфічнай сеткі, вызначаюць воднасць і якасны стан вял. рэк; з М.р. складаецца верхняе звяно фарміравання паверхневага сцёку, для якога характэрны адносна высокая воднасць у час раставання снегу або ліўневых і зацяжных дажджоў і нізкая ў інш. перыяды года. Некат. М.р. могуць перасыхаць або перамярзаць. На М.р. часта знаходзяцца нерасцілішчы рыб, многія з іх маюць значнае паляўніча-гасп. і эстэт. значэнне. Асаблівая ўвага да М.р. звязана з іх вял. рэсурсаахоўнай і асяроддзеўтваральнай роляй, што найб. выразна выяўляецца ў зонах інтэнсіўнай меліярацыі. На Беларусі М.р. лічаць рэкі з пл. вадазбору да 250 км² ці даўж. да 100 км, у практыцы прыродаахоўнай дзейнасці да іх адносяць рэкі даўж. да 200 км. Усяго на Беларусі 20 780 рэк і ручаёў, з іх М.р. 20 732, рэк даўж. больш за 100 км — 48.
Найб. распаўсюджаны раўнінныя М.р. Яны працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. маюць звілістыя рэчышчы, складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў, з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны М.р. больш выразныя, цячэнне больш хуткае, месцамі, асабліва ў вярхоўях, яны цякуць у ярах, берагі якіх стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, а потым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат М.р. цякуць па балотах або маюць значныя прасторы іх у складзе вадазбораў. Для іх характэрны зацяжныя разводдзе і паводкі. некалькі паніжаны межанны сцёк. Значная ч. М.р. выцякае з азёр або цячэ праз іх. Яны характарызуюцца больш нізкімі модулямі макс. сцёку і павышаным сцёкам у межань, больш працяглым разводдзем. Многія М.р. служаць асн. крыніцамі водазабеспячэння, водапрыёмнікамі меліярац. сістэм, вял. колькасць іх каналізавана ў працэсе меліярацыі.
І.Я.Афнагель.
Да арт.Малыя рэкі. Рака Раста каля вёскі Астравы Чавускага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ РО́БАТ,
стацыянарны або перасоўны робат для выканання рухальных і кіроўных функцый у вытв. працэсах. Мае выканаўчае прыстасаванне ў выглядзе маніпулятара і перапраграмавальнае прыстасаванне праграмнага кіравання. Выкарыстоўваюцца пры перамяшчэнні і ўтрыманні прадметаў працы, замене інструментаў і тэхнал. аснасткі, перамяшчэнні грузаў і інш. Працуе самастойна або ў складзе рабатызаваных тэхналагічных комплексаў.
Характэрныя адзнакі П.р.: аўтам. кіраванне і перапраграмавальнасць (здольнасць да хуткай аўтам.або з дапамогай чалавека-аператара замене кіроўнай праграмы); наяўнасць некалькіх ступеняў рухомасці і гібкай сістэмы кіравання, многафункцыянальнасць (перастройка на розныя тэхнал. працэсы). Гэта дае магчымасць спалучаць П.р. з тэхнал. абсталяваннем, якое мае лікавае праграмнае кіраванне і лёгка пераналаджваецца. Паводле тыпу сістэм кіравання адрозніваюць 3 пакаленні П.р.; праграмныя (перапраграмаванне робіцца чалавекам, пасля чаго робат дзейнічае аўтаматычна), адаптыўныя (могуць у пэўнай ступені аўтаматычна перапраграмавацца — адаптавацца да навакольных абставін, якія загадзя вызначаны недакладна), інтэлектныя (заданне ўводзіцца чалавекам, а робаты маюць магчымасць прымаць рашэнні і планаваць свае дзеянні ў абставінах, якія не вызначаны або мяняюцца). Кожнае пакаленне П.р. мае самаст. значэнне і ўдасканальваецца па сваіх тэхн. даных. Паводле характару выконваемых аперацый П.р. падзяляюцца на групы: тэхнал., спец. і універсальныя. П.р. з’явіліся ў 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці. Гл. таксама Робататэхніка, Рабатызацыя.
Літ.:
Козырев Ю.Г. Промышленные роботы: Справ. 2 изд. М., 1988;
Механика промышленных роботов. (Кн.) 1—3. М., 1988—89;
Борисенко Л.А., Самойленко А.В. Механика промышленных роботов и манипуляторов с электроприводом. Мн., 1992;
Гибкие производственные системы... Кн. 5. Промышленные роботы. М., 1990;
Проектирование и разработка промышленных роботов. М., 1989;
Белянин П.Н. Кинематические схемы, системы и элементы промышленных роботов. М., 1992.
А.В.Самойленка.
Прамысловыя робаты: а — падлогавы з шматзвёнавай рукой (1 — паваротны корпус; 2, 6 — электрарухавікі; 3 — вінтавая пара; 4, 5 — звёны рукі; 7 — крывашып); б — падлогавы з лікавым праграмным кіраваннем (1 — аснова; 2, 3 — прыводы гарызантальнага і вертыкальнага перамяшчэнняў; 4, 5 — прыводы перамяшчэнняў па каардынатах θ і α; 6 — захопнае прыстасаванне); в — падвесны (θ, Z, X, R, α — каардынаты перамяшчэнняў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЧЫ́ННАСЦЬ, каузальнасць,
адна з форм узаемасувязі і ўзаемадзеяння з’яў, дзе адна з іх — прычына — абумоўлівае і з неабходнасцю параджае іншую з’яву — вынік (гл.Прычына і вынік). Кожная з’ява мае прычыну і адначасова яна з’яўляецца прычынай інш. з’явы; або, наадварот, без прычыны нішто не паяўляецца. Прычына і дзеянне ўтвараюць ланцуг, які цягнецца з мінулага, пранізвае сучаснае і знікае ў будучым. Таксама прычына распадаецца на знешнія абставіны, унутр. ўмовы і ўзбуджэнне, што служыць непасрэднай прычынай дзеяння. Напр., калі порах сухі (абставіны) і мае адпаведныя інгрэдыенты (умова), то дзякуючы ўдару (узбуджэнне) ён загарыцца (дзеянне). У гісторыі філасофіі прынцып П. сфармуляваны Дэмакрытам, а як строга прычынная сувязь з’яў — стоікамі і Эпікурам. Суб’ектыўны ідэалізм не прызнае аб’ектыўнага характару П. і зводзіць яе да паслядоўнасці адчуванняў (Д.Юм) або сцвярджае, што П. — апрыёрная катэгорыя чалавечага розуму, якая прыўносіцца ў хаатычны свет з’яў (І.Кант). Аб’ектыўны ідэалізм (Г.Гегель, неатамісты) лічыць канчатковай прычынай з’яў сусв. дух, або Бога (гл.Індэтэрмінізм), але не адмаўляе дэтэрмінізм. Дыялектычны матэрыялізм прызнае аб’ектыўны і ўсеагульны характар П., яе складанасць, зменлівасць, шматзначнасць. А.Шапенгаўэр вылучаў 3 формы П.: ва ўласным сэнсе (для неарган. свету), раздражненне (у арган.-раслінным жыцці) і матыў (ва ўчынках адушаўлёных істот). Дж.Міль, Г.Спенсер і інш. імкнуліся растлумачыць П. на аснове толькі вопыту, з дапамогай індукцыі. Пазітывізм (А.Конт, Р.Авенарыус, Э.Мах і інш.) замянілі паняцце «П.» паняццем функцыянальнай залежнасці, паняцце прычыны — «умовамі».
Прычынна-выніковыя сувязі бываюць непасрэдныя і апасродкаваныя, агульныя і найбліжэйшыя, гал. і негалоўныя, унутр. і знешнія, аб’ектыўныя і суб’ектыўныя і інш. Узнікае складаная сетка прычынна-выніковых сувязей, якія пераплятаюцца і выклікаюць універсальнае ўзаемадзеянне. З’явы прыроды наз. прычынна-тлумачальнымі, а сувязі паміж імі — адпаведнымі прычыннасці прынцыпу, таму што ў адносінах да гэтага прынцыпу разглядаецца аб’ектыўная прадметная сувязь, якая не можа супярэчыць вынікам даследаванняў прыродазнаўчых навук. Пры вывучэнні такіх сувязей шырока выкарыстоўваюцца эксперым. даследаванні, матэм. апарат, раскрываюцца магчымы, або статыстычны характар прычынна-выніковых сувязей у прыродзе ці сферы сац.-эканам., грамадскіх працэсаў. На аснове П. арганізуецца матэрыяльна-практычная дзейнасць чалавека, выпрацоўваюцца навук. прагнозы.