ТАКТ у музыцы,

адзінка муз. метра. У адпаведнасці з тыпамі метра адрозніваюць Т. простыя (2- ці 3-дольныя), складаныя (4-, 6-, 9-, 12-дольныя), мяшаныя (напр., 5-дольныя). 1-я доля Т. — моцная; у складаных вылучаюць і т. зв. адносна моцную долю. Структура Т. адлюстроўваецца ў памеры: межы Т. ў нотным пісьме абазначаюцца верт. лініямі (тактавымі рысамі).

т. 15, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́ЕСНАЕ ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,

замена аднаго аналітычнага выразу іншым, тоесна яму роўным, але адрозным па форме (гл. Тоеснасць).

Мэта Т.п. — наданне выразу выгляду, больш зручнага для лікавых разлікаў ці далейшых пераўтварэнняў, для лагарыфмавання, дыферэнцавання, інтэгравання, рашэння ўраўненняў і інш. Да Т.п. адносяцца, напр., прывядзенне падобных членаў, раскрыццё дужак, раскладанне на множнікі, прывядзенне алг. дробаў да аднаго назоўніка і інш.

т. 15, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАМБАВА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

будаўнічая машына для паслойнага ўшчыльнення грунту пры стварэнні земляных насыпаў, буд-ве дамбаў, дарог, аэрадромаў і інш. Адрозніваюць Т.м.: са свабодным падзеннем рабочага органа (ушчыльняльнага грузу) — малатковыя машыны, каткі з падаючымі грузамі, трамбавальныя пліты на базе экскаватараў, трактароў ці кранаў; прымусовага дзеяння — дызельныя трамбоўкі, машыны з эл. і пнеўматычнымі прыводамі. У цяжкадаступных месцах выкарыстоўваюць трамбавальныя вібрацыйныя пліты.

т. 15, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСЦЭНДЭ́НТНЫ ЛІК,

лік, які не з’яўляецца коранем ніякага мнагаскладу з цэлымі каэфіцыентамі; сапраўдны ці ўяўны лік, які не з’яўляецца алгебраічным лікам. Існаванне Т.л. абгрунтаваў франц. матэматык Ж.​Ліувіль (1844). Метады тэорыі Т.л. дастасавальныя да шэрагу праблем пры даследаваннях дыяфантавых ураўненняў. Т.Л., напр., з’яўляюцца лік π = 3,1415..., лік e = 2,718..., якія шырока выкарыстоўваюцца ў матэматыцы, механіцы і фізіцы.

т. 15, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАПЛО́, трапушка,

прылада для ачышчэння (трапання) ільнянога ці канаплянага валакна ад кастрыцы. Уяўляе сабой тонкую дошчачку шыр. 6—8 см, даўж. 40—45 см. На тэр. ўсх. славян Т. вядома з 7 ст. На Беларусі бытавалі 2 асн. тыпы Т. — мечападобнае (пашырана на ПдЗ і ў цэнтр. раёнах) і лапатападобнае (на Пн і У).

Трапло: мечападобнае (уверсе) і лапатападобнае.

т. 15, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕВІЗІ́ЙНЫ ПЕРАДА́ТЧЫК,

прылада (комплекс апаратуры) для пераўтварэння відэасігналу (поўнага каляровага тэлевізійнага сігналу) і сігналу гукавога суправаджэння ў поўны тэлевізійны радыёсігнал для выпрамянення яго перадавальнай тэлевізійнай антэнай. Уваходзіць у склад перадавальнай тэлевізійнай станцыі. Магутнасць Т.п. да соцень кілават. Папярэднія каскады вырабляюцца на паўправадніковай элементнай базе, выхадныя — пераважна на электронных лямпах (прамянёвых тэтродах ці клістронах, у залежнасці ад дыяпазону рабочых частот).

т. 16, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАДЫФУ́ЗІЯ (ад тэрма... + дыфузія),

перанос кампанентаў асяроддзя (газавай сумесі ці раствору), абумоўлены градыентам т-ры асяроддзя. Пры пастаяннай рознасці т-р у выніку Т. ўзнікае градыент канцэнтрацыі кампанентаў рэчыва, што выклікае дыфузію гэтых кампанентаў у адваротным напрамку. У стацыянарных умовах тэрмадыфузійныя патокі ўраўнаважваюцца дыфузійнымі і ў аб’ёме рэчыва ўзнікае пастаянная рознасць канцэнтрацый, што выкарыстоўваецца для раздзялення ізатопаў.

т. 16, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЗУС (ад лац. usus выкарыстанне, звычай) у мовазнаўстве, агульнапрынятае ўжыванне моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма) у адрозненне ад яго часовага ці індывідуальнага (аказіянальнага, гл. Аказіяналізм) ужывання (напр., неалагізмы не з’яўляюцца узуальнымі адзінкамі мовы). Паняцце У. цесна звязана з паняццямі норма моўная і сістэма мовы. Звычайна узуальнае выкарыстанне моўных адзінак фіксуецца ў слоўніках (тлумачальных, фразеалагічных, арфаграфічных, арфаэпічных і інш.).

т. 16, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫНЕРА́РЫЯ (Cineraria),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 50 відаў. Пашыраны ў трапічнай Афрыцы. У аранжарэях і пакоях вырошчваюць Ц. гібрыдную (C. hybridica), прыморскую (C. maritima), скрываўленую (C. cruenta) і інш.

Шматгадовыя травы і паўкусты выш. да 60 см. Сцёблы голыя або апушаныя. Лісце суцэльнае ці перыстарассечанае. Кветкі ў кошыках, сабраных у суквецце шчыток. Плод — сямянка. Дэкар. расліны.

т. 17, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСТО́ТНАЕ ТЭЛЕГРАФАВА́ННЕ,

спосаб перадачы тэлеграфных сігналаў па лініях сувязі з выкарыстаннем пераменнага току. Пры Ч.т. сігналы пастаяннага току, сфарміраваныя ў тэлеграфным апараце, пераўтвараюцца ў сігналы пераменнага току пэўнай частаты і паступаюць у каналаўтваральную апаратуру многаканальнай сувязі. Сігналы ў кожным канале сістэмы Ч.т. перадаюцца на «сваёй» нясучай частаце з выкарыстаннем частотнай (найб. пашырана), фазавай ці амплітуднай мадуляцыі (гл. Мадуляцыя ваганняў).

т. 17, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)