О́ЛЬБРАХТ (Olbracht) Іван [сапр. Земан

(Zeman) Каміл; 6.1.1882, г. Семілі, Чэхія —30.12.1952], чэшскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (з 1946). Вучыўся ў Берлінскім і Карлавым (Прага) ун-тах. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення. Сваёй творчасцю развіваў традыцыі крытычнага рэалізму. Першы зб. апавяд. «Пра злых адзіночак» (1913). Аўтар псіхал. раманаў «Самы цёмны астрог» (1916),

«Дзіўнае сяброўства акцёра Есенія» (1919). Вынік наведвання ў 1920 Расіі — зб. рэпартажаў «Замалёўкі сучаснай Расіі» (1920—21). Вядомасць прынёс раман «Ганна-пралетарка» (1928) пра рэв. падзеі ў Чэхаславакіі. Гал. прынцыпам новай эпікі лічыў міф: раман «Мікола Шугай, разбойнік» (1933, экранізацыя 1947), зб. апавяд. «Яўрэйскае мястэчка ў даліне» (1937). На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Ю.Лявонны.

Тв.:

Бел. пер. — Ганна-пралетарка. Мн., 1932;

Рус. пер. — Путешествие за познанием. Страна Советов 1920 r. М., 1967;

У кн.: Майерова М., Ольбрахт И. Избранное. М., 1973.

А.У.Вострыкава.

І.Ольбрых. Партал дома Э.Людвіга ў г. Дармштат. 1900—01.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РУЭЛ (Orwell) Джордж [сапр. Блэр

(Віаіг) Эрык Артур; 25.1.1903, г. Матыхары, Індыя — 21.1.1950], англійскі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Ітанскі каледж (1921). У 1922—27 служыў у брыт. калан. войсках у Бірме. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі на баку рэспубліканцаў, у 2-ю сусв. вайну рэпарцёр брыт. газет і радыёстанцыі Бі-Бі-Сі. Друкаваўся з 1914. Жыццёвыя ўражанні ў аснове рэаліст., сац.-крытычных раманаў «Дні ў Бірме» (1934),

«Няхай Аспідыстра ляціць» (1936), «Дарога да прыстані ва Уігане» (1937), «За глытком свежага паветра» (1939), дакумент. нататак «Валацужнае жыццё ў Парыжы і Лондане» (1933), «З Каталоніяй у сэрцы» (1938). Сусв. вядомасць прынеслі творы ў жанры антыутопіі — аповесць «Ферма» (1945) і раман «1984» (1949), у якіх у традыцыях Дж.Свіфта створаны бязлітасна-праўдзівы маст. вобраз таталітарнай дзяржавы. Аўтар зб-каў эсэ і публіцыстыкі. На бел. мову яго асобныя творы пераклаў С.Шупа.

Тв.:

Бел. пер. — Ферма;

1984. Мн., 1992;

Рус. пер. — «1984» и эссе разных лет: Роман и худож. публицистика. М., 1989;

Проза отчаяния и надежды. Л., 1990.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 11, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СМАНІС ((Osmanis) Язэп) (н. 11.7.1932, хутар Мікіцішкі Даўгаўпілскага р-на, Латвія),

латышскі паэт. Засл. дз. культ. Польшчы (1970). Засл. дз. культ. Латвіі (1982). Канд. філал. н. (1978). Скончыў Латвійскі ун-т (1956). Друкуецца з 1947. Аўтар зб-каў паэзіі «Крокі» (1966), «Заснежаная галінка» (1972), «Рагоз» (1974), «З лёгкім парам» (1981), «Чырвоныя доўгія, доўгія ружы» (1982), «Шэпт і вецер» (1985), «Што маеш, тое і маеш» (1988) і інш. Даследуе сучасную лат. (манаграфія «Камень сонца», 1977) і бел. дзіцячую л-ру. Складальнік кніг вершаў, апавяданняў, казак лат. пісьменнікаў на бел. мове («Песня Даўгавы», 1986, з С.Панізнікам). Піша для дзяцей. Пераклаў на лат. мову кн. вершаў Э.Агняцвет «Залатыя рукі» (1960), асобныя творы П.Броўкі, А.Вольскага, С.Гаўрусёва, А.Грачанікава, К Кірэенкі, А.Русецкага, Панізніка, А.Пысіна. На бел. мову творы О. пераклалі Э.Агняцвет, В.Вітка, Грачанікаў, В.Лукша, Панізнік, У.Скарынкін.

Тв.:

Бел. пер. — Сабака з рагаткай. Мн., 1976;

Рус. пер. — Носик-курносик. Рига, 1967;

Волшебник. Рига, 1978;

Аистенок. М., 1982.

С.С.Панізнік.

т. 11, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЎЭН ((Owen) Роберт) (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),

англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.Мор і Т.Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1950.

Т.І.Адула.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ЗЕ ((Pavese) Чэзарэ) (9.9.1908, Санта-Стэфана-Бельба, Італія —27.8.1950),

італьянскі пісьменнік. Скончыў Турынскі ун-т (1930). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення. У ранніх творах (зб. вершаў «Рабочая стомленасць», 1936; аповесць «Твой родны край», 1941) матывы непрыняцця тагачаснай рэчаіснасці і трагічнага адчужэння. Спавядальны і драм. раман «Месяц і кастры» (1950) пра вяртанне ў свет дзяцінства, паэт. зб. «У смерці твае вочы» (апубл. 1951) — сведчанне душэўнага крызісу, які прывёў да самазабойства. Аўтар антыфаш. рамана «Таварыш» (1947), зб-каў аповесцей «Перш, чым заспявае певень» і «Цудоўнае лета» (абодва 1949), дзённіка «Рамяство жыць» (апубл. 1952), «Пісьмаў» (т. 1—2, выд. 1966), лірычна-філас. эсэ, навел. Творчасць П. блізкая да неарэалізму. На бел. мову асобныя яго апавяданні пераклаў А.Шаўня.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.;

Золата Фарчэлы: Сучасныя італ. апавяданні. Мн., 1968;

Рус. пер. — Прекрасное лето. Дьявол на холмах. Луна и костры. Товарищ. М., 1982.

Літ.:

Чезаре Павезе: Биобиблиогр. указ. М. 1975.

С.В.Логіш.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗО́ЎСКІ (Арый Майсеевіч) (2.2.1887, г. Перм, Расія —6.1.1953),

расійскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1940). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1904, клас Л.Аўэра). З 1905 дырыжор у Мінску, пазней у розных оперных т-рах, у т. л. Оперным тэатры Зіміна ў Маскве (1908—10), у петраградскім Нар. доме (1916—18). У 1923—28 (з перапынкам) дырыжор, у 1943—48 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Вял. т-ра ў Маскве, у 1936—43 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. Яго інтэрпрэтацыі рус. класічных опер адметныя тонкім густам і філіграннай апрацоўкай дэталей. Сярод пастановак у Ленінградскім т-ры; «Казка пра цара Салтана» М.Рымскага-Корсакава (1937), «Кармэн» Ж.Бізэ (1938), «Іван Сусанін» М.Глінкі (1939), «Чарадзейка» П.Чайкоўскага (1941), «Емяльян Пугачоў» М.Каваля (1942), «Ноч перад Калядамі» Рымскага-Корсакава (1943); у Вял. т-ры — «Фауст» Ш.Гуно (1924), «Валькірыя» Р.Вагнера (1925), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1927), «Іван Сусанін» (1945). Аўтар кн. «Запіскі дырыжора» (2-е выд., 1968). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1943.

т. 11, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАЦЭ́СКІ [Palazzeschi; сапр. Джурлані

(Giurlani)] Альда (2.2.1885, г. Фларэнцыя, Італія — 17.8.1974),

італьянскі пісьменнік. Літ. дзейнасць пачаў як паэт зб-камі вершаў «Белыя коні» (1905) і «Ліхтар» (1907), у якіх уплыў футурызму. Першая кн. прозы «Адлюстраванні» (1908). Аўтар рамана-прытчы «Кодэкс Перла’» (1911) пра крызіс чалавечых каштоўнасцей напярэдадні вайны, рамана «Піраміда» (1913—14, апубл. 1926), прасякнутага песімістычнымі поглядамі на свет, у якім парушыліся ўсе былыя ідэалы, кн. ўспамінаў дзяцінства «Эстампы дзевятнаццатага стагоддзя» (1932), рэаліст. рамана «Сёстры Матэрасі» (1934). Зб. апавяд. «Конкурс блазнаў» (1937) — своеасаблівая галерэя персанажаў, кожнаму з якіх давялося перажыць боль у жыцці. Тэма бацькоў і дзяцей у цэнтры раманаў «Браты Куколі» (1948) і «Рым» (1953). Іронія, фантаст. і псіхал. элементы, эксперыменты ў мове і ў распрацоўцы вобразаў уласцівы зб. паэзіі «Сэрца маё» (1968), зб-кам апавяд. «Жарты маладосці» (1956) і «Закончаны блазен» (1966), раманам «Дож» (1967), «Стэфаніна» (1969), «Гісторыя аднаго сяброўства» (1971) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Сестры Матерасси. Л., 1991.

С.В.Логіш.

т. 11, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНЕГАДО́ЎЛЯ,

галіна жывёлагадоўлі па развядзенні коней свойскіх. Асн. кірункі: племянная і спартыўная К. У працэсе развіцця К. створаны 3 асн. тыпы коней: верхавы, запражны, цяжкавозны. Коні выкарыстоўваюцца на некат. палявых і трансп. работах, а верхавыя і рысістыя — у конным спорце. У некат. краінах развіваецца мясная і малочная К. З конскай крыві атрымліваюць прафілакт. і лек. сывараткі і інш. К. ўзнікла ў краінах Еўропы і Азіі ў 4-м тыс. да н. э. З часу прыручэння конь быў пастаянным памочнікам чалавека ў выкананні с.-г. і трансп. работ, адыгрываў важнейшую ролю ў арміі. У 1995 у свеце было 60894 тыс. коней. Найбольшае пагалоўе ў Кітаі (10039 тыс.), Бразіліі (6300 тыс.), Мексіцы (6185 тыс.), ЗША (6000 тыс.), Аргенціне (3300 тыс.), Эфіопіі (2750 тыс.), Расіі (2400 тыс.). На тэр. Беларусі свойскія коні былі ў бронзавым веку (2-е тыс. да н. э.). З жал. веку (з 7—6 ст. да н. э.) павялічваецца іх роля ў земляробстве. У 1800—1917 на Беларусі існавала больш за 45 прыватных конных з-даў і 6 дзярж. заводскіх стайняў. У Вял. Айч. вайну пагалоўе коней паменшылася на 75%. У 1961 было 519 тыс. коней. (гл. табліцу). Іх пагалоўе скарачалася ў сувязі з механізацыяй сельскай гаспадаркі і развіццём аўтамаб. транспарту. У 1990-я г. коні на Беларусі гадуюць у грамадскіх гаспадарках і ў прыватным сектары. Стварэнне фермерскіх гаспадарак і наданне большай самастойнасці індывід. сектару абумовілі павелічэнне пагалоўя коней. На Беларусі К. развіваецца ў 3 кірунках: племянная, цяглава-транспартная, або карыстальніцкая, прадукцыйная. Развядзеннем элітных парод коней, іх селекцыяй займаюцца 5 спецыялізаваных конезаводаў: «Мір» (Баранавіцкі р-н, парода бел. запражная), № 59 (Веткаўскі р-н, рус. рысістая), № 120 (Мсціслаўскі р-н, рус. цяжкавозная), імя Даватара (Мінскі р-н, тракененская), № 5 (Смалявіцкі р-н, бел. запражная).

Спартыўных коней разводзяць у 3 гаспадарках. Гадуюць коней тракененскай, гановерскай, украінскай верхавой, будзёнаўскай парод. Н.-д. работа па К. вядзецца ў Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Беларусь экспартуе коней у Італію (на мяса), спарт. парод — у Германію, Польшчу, Фінляндыю і інш. Цяглава-трансп. К. прадстаўлена каняфермамі ва ўсіх калгасах і саўгасах; па 1—2 кані ёсць у многіх фермерскіх і індывід. гаспадарках. Пераважаюць коні бел. запражной пароды (каля 70% пагалоўя, найб. прыстасаваны да мясцовых умоў), ёсць арлоўскай, рус. рысістай, літ. запражной парод, а таксама беспародныя. Прадукцыйнае К. развіваецца для атрымання пераважна мяса і малака (ідзе на выраб кумысу).

Н.І.Жураўская.

Да арт. Конегадоўля. Статак коней на пашы.
Пагалоўе коней на Беларусі (тыс. галоў)
1941 1961 1981 1991 1998
Усе катэгорыі гаспадарак 1170 519 231 217 233
У т.л. грамадскія гаспадаркі 618 512 230 205 143

КО́НЕСКІ (Блажа) (н. 19.12.1921, Нябрэгава, Македонія),

македонскі пісьменнік, лінгвіст. Вучыўся ў Бялградскім і Сафійскім ун-тах. Быў старшынёй Саюза пісьменнікаў Югаславіі (1961—64), прэзідэнтам Макед. АН. Літ. дзейнасць пачаў у 1939. Аўтар паэмы «Мост» (1945), зб-каў лірычных вершаў «Зямля і каханне» (1948), «Песні» (1953), «Вышывальшчыца» (1955), «Рэкі» (1968), «Запісы» (1974). Лірыцы К. ўласцівы зварот да філасофіі, рэфлексіўнасць і экспрэсіўнасць, спалучэнне верлібра з традыц. песеннасцю. Майстэрства псіхал. аналізу выявілася ў прозе К. (зб. апавяд. «Вінаграднікі», 1955). Аўтар. першай навук. «Граматыкі македонскай мовы» (1952—54), гісторыка-літ. прац.

А.У.Вострыкава.

т. 8, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА ПРЭЗІДЭ́НЦКАЯ Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1933 у Мінску на базе даведачных б-к ЦВК, СНК, Дзяржплана, асобных наркаматаў БССР як філіял Дзярж. б-кі і бібліягр. ін-та БССР. У 1936 рэарганізавана ў самастойную навук. б-ку, з 1938 — урадавая, з 1994 — прэзідэнцкая. У Вял. Айч. вайну яе фонд (каля 250 тыс. экз.) знішчылі ням.-фаш. захопнікі. Аднаўленне пачалося ў 1944. Кніжны фонд (на 1.1.1996) больш за 1,2 млн. экз. З’яўляецца фондатрымальнікам Рэсп. даведачна-інфарм. фонду па пытаннях дзярж. права і эканомікі, каардынацыйным і метадычным цэнтрам для б-к Беларусі па бібліятэчным і інфарм. забеспячэнні мясц. органаў самакіравання. У фондзе рэдкіх і каштоўных выданняў (10 710 адзінак) вылучаны калекцыі беларусікі 18—20 ст., старадрукаў 16—18 ст., выданняў рус. грамадскага руху 1700—1825, нелегальнага і забароненага цэнзурай друку 19 ст., марксісцкага і рэв.-дэмакр. друку 1905—07. Захоўваюцца часткі Радзівілаў бібліятэкі, Супрасльскага Благавешчанскага манастыра бібліятэкі, Рус. Тургенеўскай б-кі ў Парыжы, б-кі П.М.Лепяшынскага, асобныя выданні з б-к Баркалабаўскага манастыра, бел. гімназій і семінарый, кнігазбораў Б.І.Эпімах-Шыпілы, К.Б.Езавітава, Ф.Г.Шантара і інш. Б-ка мае выданні Пецярбургскай археагр. камісіі, Віленскай археаграфічнай камісіі, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, працы па гісторыі, выдадзеныя Ін-там бел. культуры і АН БССР, манаграфіі і публікацыі М.В.Доўнар-Запольскага, Дз.І.Даўгялы, Я.Ф.Карскага, А.П.Сапунова, У.І.Пічэты і інш. Сярод іх — «Беларускі архіў старажытных грамат» (1824), «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні...» (1848), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года» (1854), «Памятныя кніжкі» Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ., выпускі Мінскай, Магілёўскай і Полацка-Віцебскай «даўнін», «Акты, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі» (1846—53), «Акты, якія адносяцца да гісторыі Паўднёвай і Заходняй Расіі» (1863—92). Зберагаюцца дарэв. і сав. часопісы і газеты, у т. л. газеты «Наша доля» і «Наша ніва», час. «Наш край». У б-цы вядуцца ген. алфавітны каталог кніг на бел. мове, сістэматычны каталог кніг пра Беларусь, гал. даведачныя картатэкі па дзярж. будаўніцтве, праве і эканоміцы, нар. гаспадарцы. Б-ка выдае метадычную серыю «Праблемы бібліятэчна-бібліяграфічнага забеспячэння мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь». Мае 2 філіялы і 6 бібліятэчных пунктаў у дзярж. установах.

Літ.:

Издания Правительственной библиотеки им. А.М.Горького. Мн., 1983.

В.М.Герасімаў.

т. 3, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі. Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў (гл. Роднасць моў) на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найб. дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, што словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вял. колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., бел. «бурбалка» < літ. burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напр., лац. ferunt адпавядае рус. «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рус. «б» замест лац. «f» («брат» — frater, «боб» — faba). Пры генеалагічнай класіфікацыі моў блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. Існуюць наступныя асн. сем’і моў: у Еўропе і Азіі — індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы; у Азіі і Афрыцы — семіта-хаміцкія мовы; у паўд.-ўсх. і ўсх. Азіі — мангольскія мовы, тунгуса-маньчжурскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы, палеаазіяцкая, дравідская; у Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — малайска-палінезійская, аўстра-азіяцкая; у Афрыцы — нігера-кардафанская, ніла-сахарская; у Паўн. Амерыцы — алгонкіна-масанская, хока-сіў, юкі-пенуці; у Цэнтр. Амерыцы — танаюта-ацтэкская, майя-соке; у Паўд. Амерыцы — аравакская, янамана-панатаканская, тупі-гуарані.

У 2-й пал. 20 ст. ўзнікла гіпотэза пра аб’яднанне сем’яў у больш буйныя сукупнасці — макрасем’і, адна з якіх — настратычныя мовы.

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании. 4 изд. М., 1954;

Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;

Иллич-Свитыч В.М. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. [Т. 1—3]. М., 1976—84;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

А.А.Кожынава.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)