1) адзінка масы ў сістэме англ. мер, складае 1/6унцыі і роўная 1,772 г. 2) Адзінка масы аптэкарскай вагі; аптэкарская Д. складала 1/8 унцыі, або 3 скрупулы, рас. аптэкарская Д.=3,732 г, у англ. сістэме мер аптэкарская Д.=3,888 г. 3) Вадкасная Д. (ЗША) — мера і адзінка ўмяшчальнасці, роўная 3,6966 мл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЫ́ПІЯ (ад гідра... + грэч. typos адбітак),
выраб фатаграфічных каляровых выяў (пазітываў) з выкарыстаннем водарастваральных фарбавальнікаў. Заключаецца ў паслядоўным перанясенні трох часткова афарбаваных выяў (чырвонай, зялёнай і сіняй) у выглядзе жэлацінавых рэльефаў (матрыц), пакрытых фарбавальнікамі, на фотапаперу або кінаплёнку. Добра перадае колеры выяў, забяспечвае іх устойлівасць супраць выцвітання. Асабліва прыдатная пры масавым друкаванні каляровых кінафільмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́РКА,
фігурная арх. дэталь з цэглы або каменю найчасцей у выглядзе перакуленай пірамідкі. Шырока выкарыстоўвалася ў рус. архітэктуры 16—17 ст. у дэкоры брам, ганкаў, аконных праёмаў. Падвешвалася на схаваным у муроўцы жал. стрыжні і служыла апорай для дэкар. арачак, звычайна размешчаных пад адной вял. аркай.
Гірка.Гіркі на фасадзе кальвінскага збору ў Смаргоні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІЦЭРЫ́ДЫ,
складаныя эфіры гліцэрыны і арган. (карбонавых) ці мінер. кіслот. Па колькасці кіслотных астаткаў у малекуле адрозніваюць мона-, ды-, трыгліцэрыды (напр., гліцэрылмонаацэтат CH3OCOCH2—CHOH—CH2OH). Бываюць простыя, утвораныя адной к-той (напр., гліцэрынатрынітрат, абонітрагліцэрына), і змешаныя — рознымі к-тамі. У прыродзе пашыраны гліцэрыды вышэйшых аліфатычных кіслот — асн. састаўная частка тлушчаў, алею. Гл. таксама Ліпіды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОМАЦЭНТРЫЧНЫ ПУЧО́Кпрамянёў,
пучок светлавых прамянёў, якія (самі або іх прадаўжэнні) перасякаюцца ў адным пункце. Хвалевая паверхня, што адпавядае гомацэнтрычнаму пучку, — сфера, яе цэнтр — пункт перасячэння гомацэнтрычнага пучка. Відарыс аптычны будзе дакладна адпавядаць арыгіналу (кожнаму пункту арыгінала адпавядае пэўны пункт відарыса), калі гомацэнтрычны пучок пасля праходжання праз аптычную сістэму пераўтвараецца ізноў у гомацэнтрычны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМЕТРЫ́ЧНЫЯ ПЕРАЎТВАРЭ́ННІ,
узаемна адназначныя адлюстраванні мноства пунктаў (прамой, плоскасці, прасторы) на сябе ці на інш. мноствы. Сукупнасць геаметрычных пераўтварэнняў такіх, што кожную канечную паслядоўнасць пераўтварэнняў можна замяніць адным пераўтварэннем гэтай сукупнасці, а пераўтварэнне, адваротнае любому з іх, таксама належыць данай сукупнасці, утварае групу пераўтварэнняў, напр., рух плоскасці (або прасторы). Гл. таксама Артаганальнае пераўтварэнне, Гамалогія, Гаматэтыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ ТАБЛІ́ЦА,
схема радаводу ў выглядзе табліцы; адзін з відаў афармлення генеалагічнай інфармацыі. Найб. распаўсюджаны верт. і гарыз. радковыя геналагічныя табліцы, якія паказваюць узыходную або зыходную роднасць. Кальцавыя генеалагічныя табліцы паказваюць узыходную роднасць і маюць выгляд канцэнтрычных кругоў, дзе ў цэнтральным змяшчаюць даныя пра пэўную асобу, у наступным крузе — даныя пра яе бацькоў і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАСПАРЫ́Я (ад гетэра... + грэч. spora сяўба, насенне),
разнаспоравасць, утварэнне спор розных памераў у некаторых вышэйшых раслін (напр., у водных папарацей, селагінелавых і інш.). Буйныя споры (мегаспоры, або макраспоры) даюць жаночыя расліны, дробныя (мікраспоры) — мужчынскія. У пакрытанасенных раслін мікраспора (пылок) пры прарастанні дае мужчынскі заростак, мегаспора, якая ўтвараецца ў семязавязі, прарастае ў жаночы заростак — зародкавы мяшок.