АЛДА́НАЎ (Марк Аляксандравіч) (сапр. прозвішча Ландаў; 7.11.1886, Кіеў—25.2.1957),
рускі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1910). З 1919 у эміграцыі. Аўтар гіст. тэтралогіі «Мысліцель» (1921—27), прысвечанай пераломным падзеям у Францыі і Расіі ў эпоху Вял.франц. рэвалюцыі (раманы «Дзевятае тэрмідора», «Чортаў мост», «Змова», аповесць «Святая Алена, маленькі востраў»). Своеасаблівым поглядам «з эміграцыі» на падзеі рас. рэвалюцыі і трагічны раскол рас. грамадства сталі яго трылогія «Ключ», «Уцёкі», «Пячора» (1929—36), раманы «Вытокі» (1950) і «Самазабойства» (1956), у якіх эрудыцыя гіст.-філас. даследавання спалучаецца з вастрынёй прыгодніцкага сюжэта. Аўтар кніг гіст. нарысаў «Агонь і дым» (1922), «Сучаснікі» (1928), «Партрэты» (1931 і 1936) і інш. У сав.час. творы Алданава былі забаронены (пачалі друкавацца ў 1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬФА-РАСПА́Д,
α-распад, самаадвольны радыеактыўны распад атамных ядраў, пры якім адбываецца выпрамяненне альфа-часціц (гл.Радыеактыўнасць). Найменш пранікальны від выпрамянення, што выпускаецца радыеактыўнымі рэчывамі. Тэорыя альфа-распаду (Г.Гамаў, ЗША, 1927) заснавана на квантава-мех. апісанні руху α-часціцы ў патэнцыяльнай яме з бар’ерамі: паколькі энергія α-часціц складае 5—10 МэВ, а вышыня кулонаўскага бар’ера ў цяжкіх ядрах 25—30 МэВ, то вылет α-часціцы з ядра можа адбывацца толькі за кошт тунэльнага эфекту. Вядома больш за 300 α-актыўных ядраў, большасць з якіх штучныя. Альфа-распад характэрны ў асноўным для цяжкіх ядраў з масавым лікам A>200 і ат. нумарам Z>82. Час жыцця α-радыеактыўных ядраў ад 3∙10−7 с (для 212Po) да 1017 гадоў (для 204Pb).
рус. паэт, публіцыст, рэв. дзеяч. У час вучобы ў Маскоўскім ун-це (1832—33) удзельнічаў у паліт. гуртках, захапляўся франц. утапічным сацыялізмам. З 1856 у эміграцыі (Лондан, Жэнева). На фарміраванне светапогляду паўплывалі дзекабрысты і А.Герцэн, з якім выдаваў альманах «Полярная звезда» і газ.«Колокол». Адзін з заснавальнікаў рэв. арг-цыі «Зямля і воля» (1860-я г.). У лірычных творах заклікаў да барацьбы з самадзяржаўем, абгрунтоўваў ідэю грамадскага прызначэння паэзіі, прапагандаваў прынцыпы рэалізму (цыклы «Маналогі», «Успаміны дзяцінства», вершы «Памяці Рылеева», «Свабода», паэмы «Гумар», «Вёска», «Зімовы шлях», «Мацей Радаеў» і інш.). Аўтар аповесцяў, публіцыстычных і літ.-крыт. артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАМІ́Т, аксамітнае дрэва (Phellodendron),
род дрэў сям. рутавых. Вядома 10 відаў, пашыраных ва Усх. Азіі. Найб. вядомы аксаміт амурскі (P. amurense), аксаміт кітайскі (P. chinense), аксаміт японскі (P. japonicum). На Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. інтрадукаваны аксаміт амурскі, або амурскае коркавае дрэва. З 1930—40-х г. уводзіцца ў лясныя культуры. Прыдатны для вырошчвання на Беларусі, акрамя паўн. раёнаў.
Выш. 20—30 м. Ствол таўшчынёй да 80 см, укрыты слоем корку (да 7 см), які можна час ад часу здымаць. Лісце супраціўнае, чаранковае, няпарнаперыстае. Кветкі жоўта-зялёныя, дыям. да 1 см. Плады — чорныя мясістыя ягадападобныя касцянкі з непрыемным пахам. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Меданос. Выкарыстоўваецца на прамысл. мэты (корак, фарба, таніды, каштоўная драўніна) і як дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ШЫН,
вёска ў Беларусі, у Луцкім с/с Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Сэрвач. За 15 км на Пд ад Карэлічаў, 210 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Гарадзея. 206 ж., 108 двароў (1995). Пач. школа, клуб, б-ка.
Упершыню згадваецца ў 1428 у складзе Навагрудскага княства ВКЛ. У 15—19 ст. належала Ягелонам, Астрожскім, Чартарыйскім, Бакам, Швыкоўскім, Грабоўскім. У 2-й пал. 16 ст. збудаваны Асташынскі кальвінскі збор (не збярогся). У сядзібным доме і зборы захоўваліся радавыя архівы і б-ка. У 1880-я г. ў Асташыне 57 двароў. У час 1-й сусв. вайны акупіравана герм. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы. З вер. 1939 у БССР. У 1940—54 цэнтр сельсавета Валеўскага, потым Карэліцкага р-наў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСУНСЬЁН (Asunción),
горад, сталіца Парагвая, на ўсх. беразе р. Парагвай. 502,4 тыс.ж. (1992). Гандл. порт, транспартны і камерцыйны цэнтр (75% экспарту і 90% імпарту) краіны. Міжнар. аэрапорт, чыг. станцыя. Асн.прамысл. цэнтр краіны: тэкст., гарбарна-абутковая, харчовая (мясахаладабойні, кансервавая, цукр. і інш.), дрэваапр.прам-сць. Цэнтр вытв-сці экстракту кебрача. Суднаверф. Паблізу Асунсьёна — нафтаперапр.З-д. 2 ун-ты, 3 акадэміі, у т. л. мовы і культуры гуарані.
Засн. 15.8.1537 ісп. канкістадорамі ў дзень Прачыстай, адсюль назва (ісп. Asunción Прачыстая). Да пач. 17 ст. цэнтр ісп. калоній у раёне Ла-Платы. У маі 1811 у Асунсьёне абвешчана незалежнасць Парагвая. У час Парагвайскай вайны 1864—70 у студз. 1869 акупіраваны браз. войскамі, у выніку загінула каля 2/3 жыхароў горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ III (17.10.1696, Дрэздэн — 5.10.1763),
кароль Рэчы Паспалітай [1733—63], курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст II; 1733—63). Сын Аўгуста II. Выхаваны пратэстантам, у 1712 перайшоў у каталіцтва. Узброеная інтэрвенцыя рас. і саксонскіх войскаў у час вайны за польскую спадчыну (1733—35) дапамагла яму перамагчы свайго канкурэнта Станіслава Ляшчынскага і замацавацца на польск. троне. Быў пасіўны ў міжнар. справах, не справіўся з безуладдзем унутры Рэчы Паспалітай (пры ім паспяхова завяршыў работу толькі сейм 1736, астатнія 13 былі сарваны). Армія скарацілася да 12 тыс.чал. На Беларусі ўзмацніўся ўціск праваслаўных і пратэстантаў і інш. Жыў болей у Саксоніі, чым у Варшаве; на палітыку Аўгуста моцна ўплываў яго фаварыт граф Г. фон Бруль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТЭРЛІЦКАЯ БІ́ТВА,
адбылася 2.12.1805 паміж руска-аўстр. і франц. арміямі каля г. Аўстэрліц (цяпер г. Слаўкаў, Чэхія) у час руска-аўстра-франц. вайны 1805. Рус.-аўстр. армія (галоўнакаманд. М.І.Кутузаў, за прапанову пачакаць падмацавання фактычна адхілены ад камандавання) налічвала 86 тыс.чал., франц. — 73 тыс. План бітвы выпрацаваў ген.-кватэрмайстар аўстр. штаба Ф.Вейратэр без папярэдняй разведкі сіл праціўніка. Памылкі саюзнага камандавання ўмела выкарыстаў Напалеон і нанёс паражэнне рус.-аўстр. арміі, якая адступіла, страціўшы забітымі і палоннымі 27 тыс.чал., французы страцілі 12 тыс.чал. Вынікам Аўстэрліцкай бітвы быў распад 3-й антыфранц. кааліцыі. Аўстрыя выйшла з вайны і 26 снеж. заключыла з Францыяй мір. У выніку перастала існаваць т.зв. «Свяшчэнная Рымская імперыя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ РАБО́ЧЫ ТЭА́ТРімя Цэнтральнага савета прафесійных саюзаў Беларусі.
Існаваў у 1928—33 у Мінску. Створаны з драм. гуртка бухгалтарскіх курсаў як Бел. рабочы т-р («Наш тэатр»), у 1930 перайменаваны ў т-р імя ЦСПСБ. З мая 1930 працаваў як вандроўны. Дырэктар М.Красінскі, рэжысёр Ф.Ждановіч, з 1930 В.Галаўчынер. Т-р выступаў сярод рабочых пераважна ў аддаленых раёнах. Асн. месца ў рэпертуары займалі актуальныя на той час п’есы: «Босыя на вогнішчы» паводле М.Чарота, «На стыку» Ц.Гартнага, «Будні» І.Гурскага, «Шляхамі рознымі» У.Стэльмаха, «Гірт з воўчага логу» Я.Райніса, «Князь Мсціслаў Удалы» І.Прута, «Стрэл» А.Безыменскага, «Чынгісбуд» К.Федзіна, «Слухайце, ныцікі!» А.Майскага, аперэта «Кухня святасці» Я.Цікоцкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ 1939.
Створаны 26 вер. на базе Бел. асобай ваен. акругі ў час польска-германскай вайны 1939. Камандуючы камандарм 2-га рангу М.П.Кавалёў; чл.ваен. савета: карпусны камісар І.З.Сусайкаў, сакратар ЦККП(б)Б П.К.Панамарэнка; нач. штаба камдыў М.А.Пуркаеў. Уваходзілі арміі: 3, 4, 10, 11-я, франтавая конна-механізаваная група, 23-і асобны стралк. корпус (у яго складзе 52-я стралк. дывізія і Дняпроўская ваенная флатылія); пры кожнай арміі была авіяц. група. Фронт меў задачу прадухіліць захоп Зах. Беларусі войскамі Германіі. 17.9.1939 войскі Бел. і Укр. франтоў перайшлі сав.-польскую граніцу і за 12 дзён вызвалілі Зах. Беларусь. Упартыя баі ішлі за Скідзель, Навагрудак, Вільню, Гродна, у Аўгустоўскіх лясах. 14.11.1939 фронт скасаваны.