САЛАНЦЫ́,
глебы засушлівых абласцей, якія на невял. глыб. (20—80 см) утрымліваюць значную колькасць соды і інш. лёгкарастваральных солей. Фарміруюцца ва ўмовах непрамыўнога воднага рэжыму або пры рассаленні саланчакоў, пераважна ў комплексе з інш. глебамі.
Характарызуюцца вязкасцю і набраканнем у вільготным стане, моцным ушчыльненнем і цвёрдасцю ў сухім, слупкаватай, прызматычнай ці глыбістай структурай ілювіяльнага гарызонту, высокай рухомасцю калоідаў, малой водапранікальнасцю, маюць 0,5—8% гумусу ў верхнім гарызонце. Пакрыты саланцовай расліннасцю. Малаўрадлівыя, патрабуюць прамыўкі, гіпсавання і ўнясення арган. угнаенняў.
т. 14, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАНЧАКІ́,
тып засоленых глеб, у паверхневым слоі якіх 1—15% (у глебавай скарынцы часам больш за 30%) лёгкарастваральных солей. Пашыраны ў зонах стэпаў, паўпустынь і пустынь на саляносных пародах (аўтаморфныя С.) або ва ўмовах блізкага залягання мінералізаваных грунтавых вод (гідраморфныя С.).
Характарызуюцца слабадыферэнцыраваным глебавым профілем, слаба выражаным гумусавым гарызонтам з прожылкамі ці плямамі солей, шчолачнай рэакцыяй. Расліннасць галафітная або адсутнічае. Малаўрадлівыя, прыдатныя для земляробства пасля гіпсавання, прамыўкі, паніжэння ўзроўню грунтавых вод. Пры рассаленні з С. фарміруюцца саланцы.
т. 14, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААКУ́ПНАСЦЬ,
прынцып гаспадарання, які прадугледжвае поўнае пакрыццё затрат вытв. аб’яднанняў, прадпрыемстваў, арг-цый на выраб і збыт прадукцыі (паслуг) уласнымі даходамі, атрыманымі ад рэалізацыі створанай прадукцыі або аказаных паслуг. Пры працягласці або значнасці страт, калі прынятыя меры па забеспячэнні рэнтабельнасці не далі станоўчых вынікаў, дзейнасць прадпрыемства спыняецца і яно аб’яўляецца банкрутам (гл. Банкруцтва). С. валютная — прынцып гасп.-разліковай знешнеэканам. дзейнасці прадпрыемства, які ва ўмовах абмежаванай канверсоўнасці (неканверсоўнасці) нац. валюты прадугледжвае кампенсаванне валютных расходаў валютнымі даходамі.
У.Р.Залатагораў.
т. 14, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЛІ́ЙСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,
паверхневае цячэнне ў паўн.-зах. ч. Індыйскага ак., каля ўсх. берагоў п-ва Самалі (Афрыка). Выклікана мусоннымі вятрамі і мае сезонную змену напрамку. Зімой рухаецца на Пд—ПдЗ, на Пд ад экватара пераходзіць у Міжпасатнае (экватарыяльнае) супрацьцячэнне; т-ра вады 25—26 °C, скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Летам накіравана на Пн—ПнУ, з’яўляецца зах. працягам Паўд. пасатнага цячэння; т-ра вады зніжаецца да 21—25 °C, скорасць 1,8—2,7 км/гадз і болей.
т. 14, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВІТА́ННЕ»,
газета Беларускага рабоча-сял. пасольскага клуба «Змаганне». Выдавалася 7—31.1.1930 у Вільні на бел. мове штотыднёва. На той час адзінае легальнае дэмакр. выданне, вакол якога групаваліся прадстаўнікі рэв.-дэмакр. актыву і члены КПЗБ. Асвятляла дзейнасць Таварыства беларускай школы, культ. буд-ва ў БССР. Змяшчала публіцыстычныя артыкулы («Еўрапейскі сялянскі кангрэс», «Танец смерці», «Зноў голад у Заходняй Беларусі» і інш.), у якіх узнімаліся праблемы сац.-эканам. становішча ў Зах. Беларусі. Выйшлі 4 нумары, усе канфіскаваны польскімі ўладамі.
С.В.Говін.
т. 14, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЧЭНЫ (Széchenyi) Іштван (21.9.1791, Вена — 8.4.1860),
венгерскі паліт. і грамадскі дзеяч. Граф. У 1820—30-я г. кіраўнік барацьбы ліберальнага венг. дваранства за рэформы. Прыхільнік паступовых рэформ, праціўнік радыкальных дзеячаў венг. нац.-вызв. руху на чале з Л.Кошутам. У пач. рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі ўвайшоў ва ўрад Л.Бацяні як міністр шляхоў зносін (крас. 1848), але ў вер. 1848 адышоў ад паліт. дзейнасці. Выступаў супраць рэжыму, які ўсталяваўся ў Венгрыі пасля паражэння рэвалюцыі. Скончыў самагубствам.
т. 14, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁГУ́Н (скарочаная назва ад яп. сейі тайсёгун літаральна — вялікі палкаводзец, які падпарадкоўвае варвараў),
першапачаткова званне, якое надавалася камандуючым войскамі, што пасылаліся са стараж. сталіцы Японіі Кіёта (Хэяна) у 794—811 для заваявання народнасці эбісу (айнаў) у паўн.-ўсх. ч. в-ва Хонсю; у 1192—1867 — тытул ваен.-феад. правіцеляў Японіі, якія кіравалі ад імя імператара і паходзілі з дынастый Мінамота (1192—1333), Асікага [1335(1338)—1573], Такугава (1603—1867). Улада С. (сёгунат) скінута ў час рэвалюцыі 1867—68 (гл. Мэйдзі ісін).
т. 14, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНА́П АРЛО́ЎСКІ,
позназімовы сорт яблыні. Выведзены ва Усерас. НДІ селекцыі пладовых культур скрыжаваннем сартоў Сінап паўночны і Памяць Мічурына. На Беларусі ўключаны ў Дзярж. рэестр для выкарыстання ў вытв-сці паўсюдна.
Дрэва буйнарослае, з круглаватай кронай сярэдняй гушчыні. Сорт ураджайны, сярэднеўстойлівы да грыбных хвароб. Плады вышэй сярэдняй велічыні (каля 150 г), круглавата-канічнай формы. Скурка зялёна-жоўтая, ярка-чырв. з сонечнага боку. Мякаць зеленаватая, сакавітая, прыемнага кісла-салодкага смаку. Збор пладоў у вер.; захоўваецца да красавіка.
З.А.Казлоўская.
т. 14, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НДЫКА,
назва тэрыторыі, якую насялялі стараж. плямёны сіндаў, а таксама іх дзяржавы ў 5—4 ст. да н.э. Знаходзілася на тэр. Таманскага п-ва (Расія). Асн. заняткамі жыхароў былі земляробства, рыбалоўства і гандаль. Як дзяржава С. склалася ў 5 ст. да н.э. ў выніку войнаў сіндаў са скіфамі, што прывяло да ўзмацнення ўлады сіндскіх военачальнікаў. Вызначалася найб. ступенню элінізацыі ў параўнанні з інш. абласцямі Прычарнамор’я. У 4 ст. да н.э. страціла самастойнасць і ўключана ў склад Баспорскага царства.
т. 14, с. 398
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІВІЧНАРО́ТЫЯ (Gnathostomata),
найбольш шматлікая на Зямлі група пазваночных жывёл. Складае 99,8% усёй колькасці відаў тыпу хордавых. Уключае 2 кл. рыб (храстковыя рыбы і касцявыя рыбы) і 4 кл. наземных жывёл (земнаводныя, паўзуны, птушкі і млекакормячыя). Найб. важныя рысы С.: хватальны сківічны апарат, які развіўся з жаберных дуг; парныя канечнасці ў выглядзе плаўнікоў (у насельнікаў вады), пяціпальцых канечнасцей (у насельнікаў сушы) або крылаў. У шкілеце ёсць храстковая ці касцявая тканка. Парныя ноздры; 3 паўкружныя каналы ва ўнутр. вуху.
т. 14, с. 454
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)