хваробы раслін, якія выклікаюцца грыбамі з роду аскахіта. Прычыняюць вял. шкоду лёну, зернебабовым і пладова-ягадным культурам. На надземных органах раслін паяўляюцца плямы рознай формы, памеру і колеру, часцей круглыя, шаравата-бурыя, у цэнтры больш светлыя, з цёмным краем. На плямах развіваюцца жаўтавата-бурыя або чорныя кропкападобныя пладовыя целы грыба — пікніды. Пасля выспявання з іх выходзяць бясколерныя споры. Хворае лісце засыхае, сцёблы робяцца крохкімі (у бобу), у лёну размачальваюцца, насенне не выспявае. Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз хворыя расліны, пасляўборачныя рэшткі. На Беларусі найб. пашырэнне аскахітозаў адзначана ў вільготныя гады. Меры барацьбы: правільныя севазвароты, падбор устойлівых супраць аскахітозаў скараспелых сартоў, пратручванне насення, своечасовая ўборка ўраджаю, знішчэнне пажніўных рэшткаў, глыбокае зяблевае ворыва, дэзінфекцыйныя мерапрыемствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРА́МКІ ЛЕ́ТАПІС,
летапісны звод, складзены ў апошняй чвэрці 15 ст. ў Пскове або ў Ноўгарадзе на аснове большстараж.рус. летапісных крыніц. Ахоплівае падзеі да 1469. У ім адлюстравана гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, Ноўгарада, часткова ВКЛ. Найб. каштоўныя і цікавыя матэрыялы за 14—15 ст. У 1495 гэты летапісны звод перапісаны ў Смаленску Аўрамкам. Быў распаўсюджаны на Беларусі. На аснове Аўрамкі летапісу ўзнік Віленскі спіс, у канцы якога змешчаны тэкст «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Звесткамі Аўрамкі летапісу часткова карыстаўся складальнік Супрасльскага летапісу 1-й пал. 16 ст. Надрукаваны Аўрамкі летапіс у Поўным зборы рус. летапісаў (т. 16, 1889).
Літ.:
Шахматов А.А. Обозрение русских летописных сводов XIV—XVI вв. М.; Л., 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАВАГА́ННІ (ад аўта... + ваганні),
незатухальныя ваганні ў нелінейнай вагальнай сістэме пры адсутнасці пераменнага вонкавага ўздзеяння. Форма і ўласцівасці аўтаваганняў вызначаюцца самой сістэмай і не залежаць ад пачатковых умоў (напр., пач. энергіі), што адрознівае іх ад вымушаных ваганняў.
Сістэма, дзе адбываюцца аўтаваганні, наз. аўтавагальнай (або аўтагенератарам) і ў найб. простых выпадках мае вагальную сістэму, крыніцу сілкавання і прыстасаванне, якое рэгулюе паступленне энергіі ад крыніцы сілкавання, напрыклад анкер у мех. гадзінніку. У аўтавагальных сістэмах з 1 ступенню свабоды магчымы толькі простыя перыядычныя аўтаваганні, у больш складаных — складаныя перыядычныя, выпадковыя, імавернасныя (стахастычныя). Пры малых стратах энергіі форма і перыяд аўтаваганняў блізкія да формы і перыяду свабодных ваганняў. Аўтаваганні пераўтвараюцца ў рэлаксацыйныя ваганні, калі за перыяд страчваецца ўся назапашаная энергія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЭКАНАМІ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў 1933 у Мінску як Бел.ін-тнар. гаспадаркі на базе эканам. аддзялення БДУ. З 1992 ун-т. У 1995/96 навуч.г. ф-ты: менеджменту; міжнар.эканам. адносін і рэгіянальнага кіравання; фінансава-эканам.; уліку і статыстыкі; банкаўскай справы; улікова-эканам.; эканомікі і кіравання ў гандлі; дауніверсітэцкай падрыхтоўкі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1961, дактарантура з 1984. Мае 2 праблемныя лабараторыі, 2 даследчыя і 2 кансультацыйныя цэнтры, больш за 20 лабараторый вылічальнай тэхнікі; друкарню, музей гісторыі ун-та. У складзе ун-та вышэйшая школа кіравання і бізнесу; створана міжнар. маладзёжная арг-цыя па абмене студэнтамі і працамі «AIESEC» (айесэк). Выдае час. «Веснік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта».
Галоўны корпус Беларускага эканамічнага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МСТЭД-АКТ (ад англ. homestead сядзіба, участак),
закон аб зямельных надзелах у ЗША, прыняты ў маі 1862 у ходзе Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861 — 65 і Рэканструкцыі Поўдня. Паводле гэтага закона кожны грамадзянін ЗША, які дасягнуў 21 года і не ваяваў супраць Поўначы, мог атрымаць з зямель грамадскага фонду ўчастак зямлі не больш за 160 акраў (65 га) пасля выплаты рэгістрацыйнага збору. Пасяленец, які прыступіў да апрацоўкі зямлі і пачаў на ёй забудоўвацца, праз 5 гадоў атрымліваў права бясплатнай уласнасці на зямлю. Паводле Гомстэд-акта ў ЗША было раздадзена каля 2 млн. надзелаў агульнай пл. 285 млн. акраў (115 млн.га). Гомстэд-акт і мерапрыемствы супраць рабаўладальнікаў Поўдня азначалі перамогу ў ЗША ў нац. маштабе фермерскага («амерыканскага») шляху развіцця ў сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЭЛРО́,
першы перспектыўны план аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі Савецкай Расіі на аснове электрыфікацыі. Складзены Дзярж. камісіяй па электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО) на чале з Г.М.Кржыжаноўскім, разгледжаны VII (снеж. 1920) і зацверджаны IX (снеж. 1921) Усерас. з’ездамі Саветаў. План прадугледжваў буд-ва 30 раённых электрастанцый (20 ЦЭС і 10 ГЭС) і рэканструкцыю дзейных. Намячалася давесці сумарную гадавую выпрацоўку электраэнергіі да 8,8 млрд.кВт∙гадз (супраць 1,9 млрд.кВт∙гадз, якія выпрацоўваліся ў Расіі ў 1913). Прадугледжвалася тэхн. пераўзбраенне ўсіх галін нар. гаспадаркі на базе макс. выкарыстання электраэнергіі. На Беларусі ў перыяд ажыццяўлення плана ГОЭЛРО ў 1927 пачалося буд-ваБеларускай ДРЭС. План ГОЭЛРО, разлічаны на 10—15 гадоў, у асноўным выкананы ў 1931 і да 1935 перавыкананы больш як у 2 разы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАД,
атмасферныя ападкі ў выглядзе сферычных часцінак шчыльнага лёду (градзін) памерамі ад 5 да 55 мм, зрэдку і больш. Утвараецца ў цёплую пару года ў магутных кучава-дажджавых хмарах з інтэнсіўным верт. рухам паветра, часам суправаджаецца ліўневымі ападкамі і навальніцай. Бывае рэдка, прыкладна 1 раз на 15 навальніц. На Беларусі адзначаецца з крас. да кастр., найчасцей у маі і чэрвені. Праходзіць звычайна вузкімі палосамі шыр. да 300—500 м, даўж. 2—5 км (бываюць выпадкі, калі шыр. паласы дасягае 2—3 км, даўж. 15 км). Працягласць выпадання ад некалькіх мінут да паўгадзіны, часцей 6—7 мін, можа ўтварыць покрыва таўшчынёй 20—30 см. У сярэднім штогод у кожным пункце град бывае 1—2, у асобныя гады да 5—7 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ЗНЕНСКАЯ ПАРО́ДАавечак,
танкарунная, воўнавага кірунку. Выведзена ў 1938—51 ў Дагестане скрыжаваннем мясц. мерыносаў з аўстралійскімі. Прыстасавана да ўмоў засушлівых стэпаў. Сярод танкарунных парод вызначаецца высокім выхадам валакна воўны на 1 кг жывой масы (45—55%) выхадам чыстага валакна воўны 45—55%. Бараноў выкарыстоўваюць пры вывядзенні інш. танкарунных парод. Гадуюць у раёнах Калмыкіі, Астраханскай вобл.
Жывёлы моцнай канстытуцыі. Скура тонкая, шчыльная, утварае папярочныя складкі на шыі і дробныя ўздоўж тулава; у бараноў складкаватасць больш выразная. Руно шчыльна самкнутае. У бараноў крута выгнутыя рогі, авечкі звычайна бязрогія. Воўна белая, доўгая (8—10 да 13 см), густая, мяккая, пруткая, з шаўкавістым бляскам, 64—70 якасці. Пазнаспелыя. Жывая маса бараноў 70—90 кг, матак 45—50 кг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎПАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось пры ўпадзенні р. Ваўпянка (бас. Нёмана). За 23 км на Пн ад г. Ваўкавыск, каля в.Воўпа. Створана ў 1955. Пл. 1,26 км², даўж. 5,6 км, найб.шыр. 0,85 км, найб.глыб. 5,4 м, аб’ём вады 2,3 млн.м³.
Катлавіна выцягнутая ў даліне. Ложа з мелкаводдзямі (больш за 60% плошчы), ёсць 9 астравоў агульнай пл. 3,3 га. Дно выслана пяском і глеем. Берагавая лінія 18 км, парэзаная, ёсць 2 залівы. Берагі абрывістыя, зах.выш. да 4 м, паўд. 1,5—2 м, пад хваёвым лесам, у вярхоўях забалочаныя, парослыя вольхай і вярбой. Ваганні ўзроўню вады да 0,5 м (перад разводдзем). Моцнапраточнае. Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (Воўпаўская ГЭС), для арашэння і адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЎЧКАВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Пціч,
у Мінскім р-не, на р. Пціч (бас. Дняпра). За 16 км ад Мінска, каля в. Воўчкавічы. Створана ў 1968. Пл. 0,85 км², даўж. 3,5 км, найб.шыр. 500 м, найб.глыб. 6,5 м. Аб’ём вады 2,8 млн.м³.
Катлавіна выцягнутая ў даліне ракі. Левы бераг стромкі, выш. да 15 м, абвальна-асыпны, месцамі ўкрыты хмызняком і хваёвым лесам, у вярхоўі забалочаны, правы больш спадзісты, выш. да 10—12 м, пад мяшаным лесам. У паўн.ч. зарастае. Моцнапраточнае, сярэднегадавы сцёк у створы плаціны 26,7 млн.м³. Зона адпачынку, месца правядзення спаборніцтваў па веславанні і водных лыжах. На беразе Воўчкавіцкага вадасховішча ў в. Строчыца створаны Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.