ЗЛУЧЭ́ННЕ ХІМІ́ЧНАЕ,

хімічна індывід. рэчыва, у якім атамы аднаго ці розных элементаў злучаны хімічнай сувяззю. Адрозніваюць арганічныя злучэнні і неарганічныя злучэнні. Большасць З.х. падпарадкоўваецца пастаянства саставу закону і кратных адносін закону (гл. Стэхіяметрыя). З.х. характарызуецца пэўнымі фіз. канстантамі (шчыльнасць, т-ры плаўлення, кіпення і інш.). Атрымліваюць у выніку рэакцый хімічных. Састаў запісваюць у выглядзе формул хімічных.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАСПО́РА (Isospora),

род прасцейшых падкласа какцыдый, унутрыклетачныя паразіты кішэчніка, узбуджальнікі захворванняў — какцыдыёзаў. Каля 200 відаў. Паразітуюць на асобінах аднаго віду (гамаксеннасць). У некат. відаў назіраецца пераход да гетэраксеннасці часам з прамежкавым гаспадаром, у якім адбываецца пазакішачнае бясполае размнажэнне паразіта. Пашыраюцца праз стрававальны тракт аацыстамі, якія ў вонкавым асяроддзі ператвараюцца ў споры. У кішэчніку чалавека паразітуе толькі I. belli.

т. 7, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКЦЫ́ЙНЫ ПАСКАРА́ЛЬНІК,

паскаральнік зараджаных часціц віхравым эл. полем, якое ствараецца пераменным у часе магн. патокам, што пранізвае арбіту часціц. Адрозніваюць І.п. цыклічны (бэтатрон), у якім часціцы рухаюцца ў магн. полі па траекторыях, блізкіх да акружнасці, а магн. паток пранізвае гэту акружнасць, і лінейны І. п. (часціцы рухаюцца амаль прамалінейна, а кольцападобны імпульсны магн. паток ахоплівае траекторыю).

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМІНА́РНАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

упарадкаванае цячэнне вадкасці (або газу), пры якім яе рух адбываецца слаямі, паралельнымі напрамку цячэння. Назіраецца ў вязкіх вадкасцях, пры малых скарасцях цячэння, пры абцяканні цел малых памераў. З павелічэннем скорасці ў пэўны момант пераходзіць у неўпарадкаванае турбулентнае цячэнне. Тэарэтычна Л.ц. вывучаюцца з дапамогай ураўненняў Наўе—Стокса. Вязкае Л.ц. вадкасці ў трубе вызначаецца Пуазёйля законам.

т. 9, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́БЕДЗЬ»,

прыватнаўласніцкі герб у Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне, якім карысталася больш за 220 родаў, у т. л. Даўгялы, Доўгірды, Дунін-Марцінкевічы, Гінвілы, Галоўчынскія, Завішы, Матушэвічы, Тальвашы, Шэметы, Юндзілы. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранага лебедзя. Клейнод — над прылбіцай з каронай такі ж самы лебедзь. Вядомы з 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 9, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙДЭН (Leiden),

горад у Нідэрландах. Стараж.-рым. пасяленне, гар. правы з 1200. 113 тыс. ж. (1992). Порт на паўн. рукаве дэльты Рэйна. Старадаўні цэнтр вытв-сці воўны. Машынабудаванне, паліграф., шарсцяная, швейная прам-сць. Ун-т (з 1575). Музеі старажытнасцей, этнаграфіі, гісторыі прыродазнаўства і інш. Дом-музей Рэмбранта (у якім нарадзіўся мастак). Арх. помнікі 13—18 ст.

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІС»,

прыватнаўласніцкі герб, якім карысталася больш за 200 родаў Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы, у т. л. Ваньковічы, Наркевічы-Ёдкі, Парчэўскія, Сапегі, Свірскія. У чырв. полі сярэбраная двойчы перакрыжаваная страла, клейнод — над прылбіцай з каронай верхняя палавіна чырв. ліса. Існавала некалькі варыянтаў герба. Вядомы з пач. 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

Герб «Ліс».

т. 9, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАТЫ́ПІЯ,

від друкаванай графікі, у якім алейныя фарбы ад рукі наносяцца на ідэальна гладкую паверхню метал. друкарскай формы. Друкаванне робіцца па ўвільготненай паперы, атрыманы адбітак адзін (унікальны). Творам уласцівы прыгожая фактура, багацце колеравых спалучэнняў. Існуе таксама аднаколеравая М., пераважна чорная. Тэхніка М. вядома з 17 ст., пашырана з канца 19 ст.

Да арт. Манатыпія. Р.​Кудрэвіч. Волагда. Сафія. 1960.

т. 10, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУЛЬ ФУ́НКЦЫІ,

пункт x0, у якім зададзеная функцыя 𝑓(x) ператвараецца ў нуль, г.зн. 𝑓(x0)=0. Напр., для функцыі 3x−2 пункт x0 = ​2/3 ёсць Н.ф. Некаторыя функцыі не маюць Н.ф., напр. e​x; у іншых, напр., у трыганаметрычных функцый, колькасць Н.ф. бясконцая. Н.ф.𝑓(x) — тое самае, што і карані адпаведнага ўраўнення 𝑓(x)=0.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́Я ў праве,

адзін з відаў факта юрыдычнага, з якім закон звязвае ўзнікненне праваадносін. Да П. адносяць натуральныя і прыродныя з’явы, што адбываюцца незалежна ад волі людзей (навадненне, землетрасенне, нараджэнне, смерць і да т.п.). Калі размова ідзе пра невалявы характар П., маецца на ўвазе не прычына, якая яе выклікала, а працэс уздзеяння П. на канкрэтныя праваадносіны.

т. 11, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)