МЕДЫТА́ЦЫЯ (ад лац. meditatio роздум, разважанне, абдумванне),
разумовае дзеянне, мэтай якога з’яўляецца прывядзенне псіхікі чалавека ў стан паглыбленай засяроджанасці, яго самаўдасканаленне і вылячэнне; адна з сістэм псіхафіз. трэніроўкі чалавека. М. існавала са стараж. часоў у культуры многіх народаў свету, яе гал. прызначэннем лічылася спасціжэнне Вышэйшай Рэальнасці, Абсалютнай Ісціны, Бога, дасягненне прасветленасці («азарэння»). Суправаджаецца цялеснай расслабленасцю, адсутнасцю эмацыянальных перажыванняў, канцэнтрацыяй увагі на якім-н. прадмеце, з’яве, працэсе (музыцы, дыханні, зямлі, небе і інш.); сеанс М. можа працягвацца ад 10—15 мін да некалькіх гадзін. Існуюць розныя тыпы М. ў залежнасці ад культ.-гіст. умоў. Усходні тып (прадстаўлены ўсімі формамі ёгі ў Індыі, даасізмам у Кітаі, дзэн-будызмам у Японіі) накіраваны на рэліг.-містычнае растварэнне індывід. свядомасці ў безасабовым, «акіянападобным Абсалюце». Хрысціянскі тып прадугледжвае своеасаблівае зліццё дзвюх асоб (чалавечай і боскай) і праяўляецца ў час працяглых малітваў, літургій і да т.п. Псіхафізічны тып разлічаны на тэрапеўтычна-аздараўляльны эфект. Методыкі М. распрацоўваюцца ў сучасным псіхааналізе, аналітычнай псіхалогіі, выкарыстоўваюцца ў псіхатэрапіі, псіхафіз. трэнінгах (аўтагенная трэніроўка нервова-мышачная рэлаксацыя, аўтагіпноз). Заняткі М. дазваляюць павысіць імунітэт і вынослівасць арганізма, палепшыць фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека, выявіць яго экстрасенсорныя магчымасці (тэлепатыя, яснабачанне і інш.).
Літ.:
Каптен Ю.Л. Основы медитации: Вводный практич. курс. СПб., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАПСІХАЛО́ГІЯ (ад пара... + псіхалогія),
галіна псіхал. даследаванняў, якая вывучае формы пачуццёвасці, што забяспечваюць спосабы прыёму інфармацыі і якую нельга растлумачыць дзейнасцю вядомых органаў пачуццяў, таксама адпаведныя формы ўздзеяння адной жывой істоты на другую, на фіз. аб’екты, інш. нестандартныя здольнасці арганізма. Разам з паняццем «П.» ажываюць таксама паняцці «псіхатроніка», «біяінфармацыя», «біяінтраскапія» і інш. Вылучаюць тыпы форм пачуццёвасці: тэлепатыя — мысленныя зносіны паміж тымі, хто перадае і хто прымае (індуктар і рэцыпіент); яснабачанне — атрыманне ведаў пра аб’ектыўныя падзеі знешняга свету, не заснаванае на рабоце вядомых органаў пачуццяў і меркаваннях розуму; прадбачанне (праскапія) — прыватны выпадак яснабачання, які адносіцца да прадказання будучых падзей; лазашукальніцтва (біяфіз. эфект) — пошук з дапамогай індыкатара (сагнуты металічны дрот, лаза і інш.) падземных вод, руды, пустаты і інш.; парадыягностыка — пастаноўка заснаванага на яснабачанні мед. дыягназу без кантакту з хворым. Гэтыя формы пачуццёвасці часта аб’ядноўваюцца паняццем экстрасенсорнага ўспрымання. Яснабачанне, тэлепатыю і прадказанне адносяць да псі-феномена, а мысленнае ўздзеянне на аб’ект на адлегласці (псіхакінез, тэлекінез) — да псі-капафеномена.
Даследаванні феномена П. вядуцца з канца 19 ст., калі ў Лондане засн. «Таварыства для вывучэння псіхічных з’яў». Яно садзейнічала пазнанню псіхал. заканамернасцей гіпнозу, ідэаматорных актаў, субсенсорнага ўспрымання, фенаменальнай памяці, вылічальных здольнасцей. Многія з існуючых т-ваў і лабараторый аб’ядноўвае Міжнар. парапсіхалагічная асацыяцыя (Нью-Йорк).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́МЕНАЎ (Юрый) (Георгій) Іванавіч (26.11.1903, Масква — 6.9.1977),
расійскі жывапісец і графік. Нар.маст.СССР (1970). Правадз.чл.АМСССР (1962). Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1925). Выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінамастацтва ў Маскве (1945—72; з 1947 праф.). Чл.-заснавальнік Т-ва мастакоў-станкавістаў (з 1925). Раннія творы вызначаюцца манументальнасцю, дынамічнасцю кампазіцыі, аскетызмам каларыту («Даеш цяжкую індустрыю!», 1927, і інш.). З пач. 1930-х г. працаваў пераважна ў жанравым жывапісе. Творам уласціва паэтызацыя паўсядзённага жыцця, своеасаблівая манера пісьма дробнымі, паўпразрыстымі мазкамі, якія ствараюць эфект вібрыруючай жывапіснай паверхні: «Новая Масква» (1937), «Сляды шын» (1944), «Маруся, пара абедаць!» (1951—56), серыя «Новыя кварталы» (1962—67) і інш. Пісаў партрэты, нацюрморты (серыя «Рэчы кожнага дня», 1959, і інш.). Аформіў спектаклі «За тых, хто ў моры!» Б.Лаўранёва ў Малым т-ры (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Стэп шырокі» М.Віннікава ў Цэнтр. т-ры Сав. Арміі (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) і інш. Ленінская прэмія 1967.
Тв.:
Искусство жизни или искусство «ничего». 2 изд. М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́НЫ,
вобласці хімічна аднароднага асяроддзя, якія адрозніваюцца эл., магн., пругкімі ўласцівасцямі або ўпарадкаванасцю размеркавання часціц. Утварэнне Д. звязана з фазавым пераходам крышталёў у стан з больш нізкай сіметрыяй; аналіз з дапамогай тэорыі груп дазваляе выявіць усе магчымыя віды Д. пры любым фазавым пераходзе. Д. бываюць: ферамагн., сегнетаэл., пругкія, Гана, у вадкіх крышталях і інш.
Вобласць, у якой адбываецца паступовы пераход ад аднаго Д. да другога, наз. мяжой Д. (даменнай сценкай); яе характэрная таўшчыня залежыць ад тыпу фазавага пераходу — ад некалькіх міжатамных адлегласцей для Д., якія адрозніваюцца атамна-крышталічнай структурай, да соцень і тысяч міжатамных адлегласцей у ферамагн. Д. Ферамагнітныя Д. — вобласці самаадвольнай (спантаннай) намагнічанасці; намагнічаныя да насычэння часткі аб’ёму ферамагнетыка, на якія ён распадаецца пры т-рах, меншых за кюры пункт; звычайна маюць памеры да 0,1 мм. Сегнетаэлектрычныя Д. — вобласці аднароднай спантаннай палярызацыі ў сегнетаэлектрыках; маюць памеры да 0,01 мм. Пругкія Д. — вобласці з рознай спантаннай дэфармацыяй, што ўзнікаюць у цвёрдай фазе пры яе ўтварэнні ўнутры або на паверхні інш. цвёрдай фазы; выяўляюцца пры ўпарадкаванні цвёрдых раствораў, мех. двайнікаванні і інш.Д. Гана — вобласці паўправаднікоў з розным удзельным эл. супраціўленнем і рознай напружанасцю эл. поля; утвараюцца ў паўправадніках з N-падобнай вольтампернай характарыстыкай (гл.Гана эфект).
П.С.Габец, П.А.Пупкевіч.
Дамены: а — сегнетаэлектрычныя; б — ферамагнітныя (парашковыя фігуры на паверхні крышталя крамяністага жалеза). Стрэлкамі паказаны напрамак вектара палярызацыі (намагнічанасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКЕБА́НА (яп. — ажыўленыя кветкі, кветкі, што прачнуліся да жыцця),
мастацтва складання букетаў у Японіі; букет, састаўлены па законах І. Складаецца з трох асн. кампанентаў: прыроднага матэрыялу (кветкі, лісце і інш.), вазы і кендзана (прылады для ўмацавання сцябла і надання яму патрэбнага стану). Кампазіцыю вызначаюць 3 асн. галіны (або кветкі), якія маюць сімвалічны сэнс: высокая (сін) — неба, сярэдняя (сое) — чалавек, ніжняя (хікае) — зямля; пярэдні, сярэдні і задні планы адпавядаюць напрамкам свету і порам года. Гал.эстэт. прынцып І. — вытанчаная прастата, якая дасягаецца выяўленнем натуральнай прыгажосці матэрыялу.
Элементы І. вядомы ў Японіі здаўна як традыцыя ахвяравання кветак продкам і духам. Мастацтва састаўлення кампазіцый прыйшло ў 6 ст. з Індыі праз пасрэдніцтва кітайскіх будыйскіх місіянераў і першапачаткова выкарыстоўвалася як ахвярапрынашэнне да статуі Буды. У 7 ст. заснавана першая школа «ікеноба». З пашырэннем дзэнбудызму пры самурайскіх дынастыях І. пачалі выкарыстоўваць для аздаблення храмаў і палацаў, з 15 ст. — частка рытуалу «чайнай цырымоніі», важны элемент нац.яп. культуры. І., што размяшчаецца ў спец. нішы ў сцяне дома — таканома — стварае яркі дэкар.эфект і з’яўляецца эмацыянальнай дамінантай інтэр’ера. Існуе шэраг кірункаў І.: рыка («кветкі стаяць») — буйнамаштабныя кампазіцыі, што сімвалізуюць ландшафты; сэйка («стыль жывых кветак») вылучаецца асіметрыяй і дынамікай; марыбана («нагрувашчванне») — кампазіцыі ў плоскіх вазах; дзіюгата («свабодны стыль»), дзінэй («авангардны стыль») і інш. У 1956 створана арг-цыя «Сяброўства праз кветкі», якая прапагандуе мастацтва І. ў свеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗЕРНАЕ ЗАНДЗІ́РАВАННЕатмасферы і гідрасферы,
светлавая лакацыя структуры і саставу асяроддзя на аснове імпульсных лазераў. Характарызуецца высокай прасторавай і часавай раздзяляльнай здольнасцю, экспрэснасцю, бескантактнасцю, магчымасцю атрымання звестак з вял. прасторы.
Заснавана на рассеянні імпульснага лазернага выпрамянення ў паветры ці вадзе і залежнасці ўласцівасцей рассеянага святла ад саставу і інш. характарыстык рассейвальнага асяроддзя (гл.Рассеянне святла). Пры Л.з. вымяраюць інтэнсіўнасць і спектральны састаў рассеянага святла, яго дэпалярызацыю і доплераўскі зрух частаты (гл.Доплера эфект), спазняльнасць адносна моманту, у які лазерны імпульс накіроўваецца ў асяроддзе. Гэта дае магчымасць вызначыць у атмасферы канцэнтрацыю розных газаў і аэразолей, сярэдні памер часцінак, іх дысперснасць і форму, іншы раз і хім. састаў, т-ру паветра, скорасць ветру; для вады — канцэнтрацыю арган. і неарган. завісі, стан воднай паверхні, яе т-ру і інш.; па часе запазнення вызначаюць адлегласць да месца, з якога прыйшло рассеянае святло. Прылады для Л.з. наз.лідарамі. Л.з. дае магчымасць кантраляваць забруджванне атмасферы, «азонныя дзіры» і інш.
На Беларусі работы па Л.з. вядуцца з сярэдзіны 1960-х г. у Ін-це фізікі Нац.АН (у 1966 тут праведзена першае ў СССР Л.з. атмасферы і вады).
Літ.:
Лазерный контроль атмосферы: Пер. с англ.М., 1979;
Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.А. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985;
Иванов В.И., Малевич И.Л., Чайковский А.П. Многофункциональные лидарные системы. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМЕ́ТРЫЯ (ад піра... + метрыя),
сукупнасць аптычных (бескантактных) метадаў вымярэння тэмпературы. Метады П. заснаваны на законах цеплавога выпрамянення або законах тэрмічнай раўнавагі; яны не патрабуюць непасрэднага кантакту з даследуемым целам (дазваляе вымяраць т-ры аддаленых цел) і не маюць абмежавання вымярэння.
Вымярэнне т-р па інтэнсіўнасці суцэльнага спектра выпрамянення праводзіцца на падставе Кірхгофа закону выпрамянення і Планка закону выпрамянення. У залежнасці ад спектральнага складу выпрамянення існуюць метады П.: радыяцыйныя або сумарнага выпрамянення, яркасныя і па спектральным размеркаванні выпрамянення, у т. л. т.зв. каляровы метад. Гэтыя метады выкарыстоўваюць для вызначэння т-ры цвёрдых цел і вадкасцей. Метады П. газаў і плазмы заснаваны на вымярэнні інтэнсіўнасці спектральных ліній. Яны забяспечваюць макс. дакладнасць, калі вядомы абс. імавернасць адпаведнага энергет. пераходу і канцэнтрацыя атамаў. Калі канцэнтрацыя атамаў невядомая, выкарыстоўваюць метад адносных інтэнсіўнасцей, у якім т-ру вызначаюць па адносінах інтэнсіўнасцей 2 спектральных ліній або па спектральным размеркаванні інтэнсіўнасцей шэрагу ліній Т-ра плазмы вызначаецца па форме ці шырыні спектральных ліній, якія залежаць ад т-ры непасрэдна (Доплера эфект) або ўскосна (Штарка з’ява).
На Беларусі даследаванні ў галіне П. вядуцца з 1961 у Ін-це фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену, Фізіка-тэхн. ін-це Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Свет Д.Я. Оптические методы измерения истинных температур М., 1982;
Гордов АН., Жагулло О.М., Иванова А.Г. Основы температурных измерений. М., 1992;
Снопко В.Н. Основы методов пирометрии по спектру теплового излучения. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКІ ФАЛЬКЛО́Р,
вуснапаэтычныя творы, складзеныя бел. народам на тэрыторыі, акупіраванай ням. фашыстамі ў гады Вял.Айч. вайны. У іх — нянавісць да акупантаў, вера ў перамогу, услаўленне подзвігаў нар. мсціўцаў. Асабліва папулярнымі былі партызанскія песні, прыпеўкі, анекдоты, прымаўкі і прыказкі. Бытавалі таксама легенды, сказы, казкі. Характэрная асаблівасць многіх твораў — маст. адлюстраванне подзвігаў рэальных нар. герояў, у т. л. К.Заслонава, С.Каўпака, дзе сапраўдныя жыццёвыя факты спалучаліся з выдуманымі і падаваліся як рэальныя. Так, у казцы «Як конь Заслонава Парыў ад смерці яго выратаваў» матывы гераічнага эпасу аб’ядноўваюцца з эпізодамі, уласцівымі чарадзейным казкам. У легендах і апавяданнях сцвярджалася бессмяротнасць славутых змагароў з фашыстамі, расказвалася пра храбрасць і надзвычайную ваен. хітрасць легендарных партыз. камандзіраў. Выкарыстоўваліся традыц.фалькл. сюжэты, маст. прыёмы і сродкі, элементы прафес. мастацтва і л-ры. Вял. камічны эфект мелі творы малых форм: анекдоты, жарты, гумарэскі. У іх высмейваліся Гітлер, Гебельс, Герынг, Гімлер, выкрывалася хлуслівая фаш. прапаганда. На ўзор ліста запарожскіх казакоў турэцкаму султану складзена сатыр. пісьмо бел. партызан «бандыцкаму фюрэру, крываваму людаеду, сусветнаму абармоту і прахвосту дурному Адольфу Гітлеру». Сатыр. накіраванасць уласціва многім прыказкам і прымаўкам. Бязлітасная сатыра на фаш. захопнікаў і іх памагатых, нянавісць да іх адпавядала Думкам і настроям людзей, якія ў акупацыі не скарыліся ворагу і працягвалі барацьбу.
Публ.: Беларускі фальклор Вялікай Айчыннай вайны. Ми., 1961; Паэзія барацьбы. Мн 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕ́НАЎСКАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
рэнтгенаўскія прамяні, электрамагнітнае іанізавальнае выпрамяненне са спектральнай вобласцю паміж гама- і ультрафіялетавым выпрамяненнем. Даўж. хваль ад 10−8 да 10−11м. Умоўна падзяляецца на жорсткае (даўж. хвалі менш за 2∙10−10м) і мяккае (больш за 2∙10−10м). Адкрыта В.К.Рэнтгенам (1895).
Натуральнымі крыніцамі Р.в. з’яўляюцца Сонца і інш.касм. аб’екты (гл.Рэнтгенаўская астраномія). Штучныя крыніцы — рэнтгенаўская трубка (найб. пашырана), некаторыя радыеактыўныя ізатопы, сінхратроны і назапашвальнікі электронаў (мяккае Р.в.). Рэнтгенаўскі спектр бывае неперарыўным (тармазным; гл.Тармазное выпрамяненне) і лінейчастым (характарыстычным; гл.Мозлі закон), які атрымліваецца ў выніку іанізацыі атама з выбіваннем электрона з яго ўнутр. абалонак (першаснае Р.в.) ці пры паглынанні кванта эл.-магн. выпрамянення (флуарэсцэнтнае Р.в.). Пры ўзаемадзеянні Р.в. з рэчывам назіраецца фотаэфект, які суправаджае паглынанне, а таксама рассеянне Р.в. Фотаэфект узнікае, калі атам рэчыва пасля паглынання кванта Р.в. вылучае адзін з унутр. электронаў і адбываецца выпрамяняльны пераход (характарыстычнае выпрамяненне) або дадаткова вылучае электрон (ажэ-электрон) пры безвыпрамяняльным пераходзе. Рассеянне Р.в. ў вобласці вял. атамных мас і даўжынь хваль у асн. кагерэнтнае (без змены даўжыні хвалі); у вобласці малых атамных мас і даўжынь хваль — комптанаўскае (гл.Комптана эфект) ці камбінацыйнае. Рэгіструюць Р.в. з дапамогай спец. фотаматэрыялаў (гл.Рэнтгенаграма), а таксама дэтэктараў іанізавальных выпрамяненняў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне для рэнтгенадыягностыкі і рэнтгенатэрапіі, рэнтгенаструктурным аналізе, рэнтгенаўскіх спектральным аналізе, тапаграфіі, спектраскапіі, астраноміі.
Літ.:
Блохин М.А. Физика рентгеновских лучей. 2 изд. М., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
цэласнае, структурна ўпарадкаванае ўтварэнне, якое складаецца з індывідаў і сац. супольнасцей, аб’яднаных сац. сувязямі і ўзаемаадносінамі. Істотнымі рысамі С.с., як і кожнай сістэмы, з’яўляюцца цэласнасць і інтэгральнасць. Новая якасць, якую яна ўтварае, не зводзіцца механічна да сумы якасцей яе элементаў (інтэгральны эфект), а ўласцівасці і заканамернасці элементаў часам выяўляюцца інакш, чым пры самаст. існаванні. У шырокім сэнсе С.с. — усё грамадства з яго падсістэмамі (сац. ін-тамі, арг-цыямі і інш. структурнымі фарміраваннямі). На эмпірычным узроўні — пэўная сац.супольнасць ці арганізацыя, для якой характэрны такія сістэмаўтваральныя якасці, як мэта, іерархія, кіраванне, этн. і нац. супольнасці, дзяржава. С.с. можна лічыць і кожную асобу, калі разглядаць яе з пункту гледжання характарыстык, якія выяўляюцца ў працэсе сац. узаемаадносін. У параўнанні з біял., тэхн. і інш. сістэмамі С.с. максімальна складаная, паколькі Яе асн. элемент (чалавек) валодае суб’ектыўнасцю і вял. дыяпазонам выбару паводзін. Аб’ектыўная складанасць С.с. прапарцыянальная множнасці яе элементаў, колькасці ўзроўняў і падсістэм, разнастайнасці сувязей паміж імі, ступені аўтаномнасці яе частак. Кожнай канкрэтнай С.с. уласціва іерархічнасць пабудовы — сістэмы ніжэйшага ўзроўню паслядоўна ўключаюцца ў сістэмы вышэйшага. Яна арганічна звязана са знешнім асяроддзем, выконвае строга абмежаваныя функцыі. Спосабам рэгулявання шматузроўневай іерархіі, забеспячэння сувязей паміж рознымі ўзроўнямі С.с. з’яўляецца кіраванне. Эфектыўны метад кіравання С.с. — мэтанакіраваны ўплыў на яе сістэмаўтваральныя элементы і сувязі.
Літ.:
Аверьянов А.Н. Система: филос. категория и реальность. М., 1976;