О́МАЛЬ, Куль,

у міфалогіі комі бог — стваральнік сусв. зла, валадар злых духаў. Ён процістаіць свайму брату Ену — стваральніку добрай і праведнай часткі свету. З крыві О. нарадзіліся жывёлы і першая жанчына, у ходзе яго барацьбы з Енам узніклі зямная суша, акіяны і моры; ад скінутых О. з неба жонкі і дзяцей Ена пайшлі людзі. Ен хітрасцю зняволіў О. і яго злых духаў у пекла. Калі О. вызваліцца, паміж ім і Енам адбудзецца вял. бітва. Роднасны О. вобраз — Куль — ёсць у мансійскай міфалогіі.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТУХО́Ў КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). За 500 м на Пд ад в. Варапаншчына Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун буйназярністага пегматытавага граніту з крышталямі ружовага палявога шпату і зернямі малочна-белага кварцу. Даўж. 3,8 м, шыр. 2,8 м, выш. 1,9 м, у абводзе 9,8 м, аб’ём бачнай часткі 11 м³, маса каля 29 т. Прынесены ледавіком каля 20—18 тыс. г. назад са Скандынавіі. Формаю нагадвае вял. прас. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ БАР’Е́Р у фізіцы,

абмежаваная частка прасторы, у якой патэнцыяльная энергія часціцы большая, чым па-за яе межамі. Дзеліць прастору на 2 часткі, дзе патэнцыяльная энергія часціцы меншая, чым унутры П.б. Характарызуецца вышынёй (найб. значэннем) патэнцыяльнай энергіі. Адпавядае сілам адштурхоўвання. У класічнай механіцы праходжанне часціцы праз П.б. магчыма толькі, калі яе поўная энергія перавышае вышыню П.б. У квантавай механіцы магчыма праходжанне часціц з энергіяй, меншай за вышыню П.б. (гл. Тунэльны эфект).

Патэнцыяльны бар’ер: ε — поўная энергія часціцы, V0 — вышыня патэнцыяльнага бар’ера.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯЦЕ́Ж,

узброенае выступленне ваен. і інш. апазіц. груповак супраць існуючай у краіне ўлады з мэтай ажыццяўлення дзярж. перавароту альбо далучэння краіны ці часткі яе тэрыторыі да інш. дзяржавы. Захоп улады мяцежнікамі звычайна суправаджаецца ўстанаўленнем адкрытай дыктатуры, разгромам дзярж. устаноў, адменай дэмакр. правоў і свабод насельніцтва, тэрорам у адносінах да паліт. апанентаў, апазіцыйных партый і арганізацый. Тыповыя прыклады М. — Карнілава мяцеж 1917 у Расіі, захоп улады ваен. хунтай у Чылі ў 1973. Гл. таксама Глінскіх мяцеж 1508, Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЯСТЫНІ́Т (ад позналац. mediastinum міжсценне),

запаленне органаў міжсцення (часткі грудной клеткі, дзе знаходзяцца сэрца, стрававод, трахея, буйныя крывяносныя сасуды) чалавека. Адрозніваюць М. першасны (узнікае ў выніку траўмы пры пранікальных раненнях міжсцення) і другасны (ускладненне запаленчых працэсаў грудной поласці, рота, шыі). Працякае ў вострай і хранічнай формах. Пры вострым М. павышаецца т-ра цела, назіраецца задышка, тахікардыя і інш., бываюць нерв.-псіхічныя парушэнні. Асн. прыкметы хранічнага М. — сцісканне вен, трахеі, стрававода, пульсуючыя болі за грудзінай і інш. Лячэнне хірург., тэрапеўтычнае.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕКНЕ́С (араб. Мікнас або Мікнасат-эль-Зайтун),

горад на ПнЗ Марока. Адм. ц. правінцыі Мекнес. Засн. каля 10 ст. Каля 350 тыс. ж. (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. цэнтр паўн.-зах. часткі краіны. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (аліўкі, вінаград, цытрусавыя). Прадпрыемствы харч., тэкст., хім., цэм., дрэваапр. прам-сці. Саматужная вытв-сць ганчарных і скураных вырабаў. Ун-т. Музеі: мусульм. мастацтва, нар. мастацтва. Арх. помнікі 13—18 ст.: Вялікая мячэць, Медрэсэ Бу-Інанія, палац Дарэль-Макзен і інш.

т. 10, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́НЬКАЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995), у в. Пронькі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі кварцу і палявога шпату. Даўж. бачнай часткі 3,2 м, шыр. 2,1 м, выш. 0,5 м, у абводзе 8,3 м, аб’ём 4 м³, маса каля 9 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад са Скандынавіі. Доўгая вось валуна арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае напрамку руху ледавіка; па форме нагадвае вял. прас.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎСКІ КАНГЛАМЕРА́Т,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1988). Размешчаны за 1 км на ПнУ ад в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл., на паўн. адхоне выемкі аўтадарогі Мінск—Ашмяны. Даўж. 6,5 м, шыр. 5 м, выш. 2,2 м, у абводзе 22 м, аб’ём бачнай часткі 37,9 м³, маса каля 100 т. Утварыўся ў выніку цэментацыі пясчаных, пясчана-жвірова-галечных адкладаў і дробных валуноў пры падняцці падземных вод і напорным уздзеянні ледавіка каля 150 тыс. г. назад.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́НГЕЛЬСКІ (Андрэй Дзмітрыевіч) (8.12.1879, г. Разань — 16.6.1940),

рускі геолаг. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1925). Праф. (1918). Скончыў Маскоўскі ун-т (1904). Выкладаў у Маскоўскім ун-це, Горнай акадэміі, Межавым і Геолагаразведачным ін-тах. Даследчык геал. будовы Еўрап. часткі СССР, Казахстана, Сярэдняй Азіі і інш. Кіраваў вывучэннем Курскай магнітнай анамаліі. Навук. працы па рэгіянальнай геалогіі, стратыграфіі, тэктоніцы, петраграфіі асадкавых пародаў, палеагеаграфіі і інш. Прэмія імя У.​І.​Леніна (1928).

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1952—54.

Літ.:

Гордеев Д.И. А.​Д.​Архангельский, 1879—1940. М., 1981.

т. 1, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЧКАІ ((Bocskai) Іштван) (1.1.1557, г. Клаўзенберг, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 29.12.1606),

венгерскі феадал, кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венгерскім каралеўстве. Пасол Трансільваніі пры габсбургскім двары ў 1576 і 1603. Камандуючы трансільванскімі войскамі ў паспяховым паходзе супраць тур. войск у Валахію (1595). У 1604 узначаліў барацьбу сялян, гараджан і часткі венг. дваранства супраць аўстр. панавання. У выніку перамогі абраны князем Трансільваніі (1605), падпісаў Венскі мір (23.6.1606), паводле якога адноўлена незалежнасць Трансільванскага княства (да яго далучаны венг. камітаты Угоча, Бераг, Сатмар, крэпасць Токай), дадзена свабода веравызнання пратэстантам.

т. 3, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)