ПАЛЯ́РНАСЦЬ (ад грэч. polos, лац. polus полюс) у біялогіі, спецыфічная арыентацыя працэсаў і структур у прасторы, уласцівая арганізмам. Прыводзіць да ўзнікнення морфафізіял. адрозненняў на процілеглых канцах (баках) клетак, тканак, органаў і арганізма ў цэлым.

У раслін П. праяўляецца найб. выразна (у насенных раслін выяўляецца ўжо ў зігоце і зародку, калі фарміруюцца парастак з верхавінкавай пупышкай і корань). Палярызацыя і дыферэнцыроўка кожнай клеткі залежаць ад таго, якое становішча яна займае ў адносінах да інш. клетак. Вядучую ролю ў гэтым і ў арыентаванні органаў у прасторы адыгрываюць фітагармоны. У жывёл П. выяўляецца ў клетках і ў цэлым арганізме. У некат. (гідроідныя паліпы, чэрві) адзначаецца наяўнасць фізіял. П. (градыента) — змены па падоўжнай восі цела фізіял. актыўнасці і адчувальнасці да ўздзеянняў. П. характэрна для працэсаў размнажэння, рэгенерацыі і інш. Змены ў знешнім асяроддзі могуць парушаць П.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАМАРФО́З (ад грэч. metamorphōsis ператварэнне),

метабалія ў жывёл, глыбокае пераўтварэнне будовы арганізма, у выніку якога лічынка ператвараецца ў дарослую асобіну. Характэрны для большасці груп беспазваночных і некаторых пазваночных — міног, шэрагу рыб (напр., дваякадыхальных), земнаводных. Звычайна М. звязаны з рэзкай пераменай спосабу жыцця жывёлы ў антагенезе (напр., з пераходам ад свабоднаплаваючага да прымацаванага спосабу жыцця, ад воднага да наземнага, ад скрытага ў субстраце да адкрытага паветранага і інш.). У жыццёвым цыкле жывёл, якія развіваюцца з М., бывае адна і больш лічыначныя стадыі. Пры развіцці з М. жывёлы на розных стадыях антагенезу выконваюць розныя функцыі, якія спрыяюць захаванню і працвітанню віду. Часам М. ускладняецца чаргаваннем пакаленняў (фаз развіцця), якія размнажаюцца бясполым або палавым шляхам. Выпадкі М., калі лічыначная стадыя нагадвае велігер марскіх форм і адбываецца ў яйцы, наз. крыптаметабаліяй (напр., у вінаграднага смаўжа). Змены, звязаныя з павелічэннем колькасці сегментаў цела і членікаў вусікаў, наз. анамарфозам (напр., у мнаганожак і бязвусікавых насякомых). Развіццё без істотных змен, характэрнае для большасці прымітыўных насякомых, наз. протаметабалія (эпімарфоз). Развіццё крылаў у насякомых прывяло да змен у антагенезе. Няпоўнае ператварэнне, або геміметабалія, адбываецца, калі лад жыцця ранніх стадый і імага падобныя, а лічынка (німфа) падобная на дарослую асобіну, і змены арганізацыі суправаджаюцца ў асн. паступовым ростам зачаткаў крылаў (характэрна для аўсянікаў, багамолавых, паўцвердакрылых, прамакрылых, раўнакрылых, стракоз, тараканавых, тэрмітаў). Поўнае ператварэнне, або голаметабалія, настае, калі ў антагенезе адбываецца рэзкі падзел асн. функцый (напр., харчаванне ў стадыі лічынкі, а рассяленне і размнажэнне на дарослай стадыі); характэрна для двухкрылых, лускакрылых, перапончатакрылых, цвердакрылых і інш. атр. насякомых. У гэтым выпадку чэрвепадобная лічынка не падобна на дарослае насякомае, і пераход адбываецца на стадыі кукалкі. Сярод пазваночных М. рэзка праяўляецца ў міног, лічынкі якіх (пескарыйкі) жывуць у грунце, а дарослыя — паўпаразіты рыб; у земнаводных з яйца выходзіць лічынка — апалонік, які пазней страчвае лічынкавыя органы (шчэлепы, хвост і інш.) і замест іх з’яўляюцца органы дарослай жывёлы. Рэгуляцыя М. ажыццяўляецца гармонамі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 10, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ, алергозы,

група захворванняў, выкліканых імуннай рэакцыяй арганізма на экзагенныя (вонкавыя) алергены. Залежаць ад умоў, якія спрыяюць уздзеянню алергена на арганізм, а таксама ад спадчыннай схільнасці арганізма рэагаваць на алергены (выпрацоўваць асобныя антыцелы — рэагіны). У развіцці алергічных хвароб стадыя сенсібілізацыі змяняецца стадыяй клінічных праяўленняў: ацёк слізістых абалонак, скуры, падскурнай клятчаткі, раздражненне нерв. канчаткаў, спазмы гладкай мускулатуры, гіперфункцыя экзакрынных залозаў; у крыві выяўляецца зазінафілія; характэрна абарачальнасць тканкавых змен. Пры агульных рэакцыях (анафілактычны шок) магчымы смяротны зыход. Да алергічных хвароб адносяцца: бранхіяльная астма, сенная ліхаманка, крапіўніца, ацёк Квінке, алергічны рыніт, атыпічны і кантактны дэрматыты, лек. і харч. алергія, сываратачная хвароба, анафілактычны шок. Асобную групу складаюць аўтаалергічныя хваробы (гл. Аўтаалергія). Метады лячэння спецыфічныя (спыненне кантактаў з алергенамі, выпрацоўка антыалергічнага імунітэту) і неспецыфічныя (лячэнне лек. прэпаратамі).

Літ.:

Соколова Т.С., Рошаль Н.И. Аллергические заболевания. Л., 1990;

Пыцкий В.И., Адрианова Н.В., Артомасова А.В. Аллергические заболевания. 2 изд. М., 1991.

М.​Ф.​Сарока.

т. 1, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕО́ІДНАЯ РА́СА, еўразійская раса,

адна з асноўных або вялікіх рас чалавецтва, у якую ўваходзяць атланда-балт., балкана-каўказская, беламорска-балт., інда-міжземнаморская, сярэднееўрапейская малыя расы. Сфарміравалася на абшарах Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропы, тэр. Каўказа, Пярэдняй, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. У прадстаўнікоў гэтай расы скура ад светлых да смуглявых адценняў, вочы ад вельмі светлых да цёмных, валасы светлыя і цёмныя, прамыя ці хвалістыя, прыкметна растуць барада і вусы, нос вузкі, рэзка выступае, высокае пераноссе, тонкія вусны, рост ад нізкага да высокага. Малыя расы адрозніваюцца паміж сабой пігментацыяй вачэй і валасоў, формай носа. Сучаснае насельніцтва Беларусі адносіцца да ўсх.-балт. варыянта беламорска-балт. малой расы. Для яго характэрна шырокае тулава і кароткія ногі, сярэднешырокі і сярэдневысокі твар, умерана выступаючы нос. Сярод беларусаў вылучаюцца паўн. і паўд. варыянты. Апошні больш пігментаваны і нізкарослы.

Літ.:

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.

Л.​Л.​Цягака.

т. 6, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНЫЯ СКО́ПІШЧЫ,

сукупнасці (групы) зорак, якія маюць агульнае паходжанне і звязаны паміж сабой сіламі ўзаемнага прыцягнення. Для сфарміраваных З.с. характэрна наяўнасць цэнтр. згушчэння (ядра), абкружанага менш шчыльнай каранальнай вобласцю. У залежнасці ад знешняга выгляду, памераў, узросту і хім. складу адрозніваюць рассеяныя і шаравыя З.с.

Рассеяныя З.с. (напр., Гіяды, Плеяды) у Галактыцы канцэнтруюцца ў плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху і маюць найб. скорасці адносна Сонца; узрост да 1 млрд. гадоў. Пры назіранні ў слабы тэлескоп раздзяляюцца на асобныя зоркі. Шаравыя З.с. (напр., скопішча M3 у сузор’і Гончых Псоў, M13 у сузор’і Геркулеса) маюць вял. колькасць кампактна размешчаных зорак у выглядзе сферычнай або эліптычнай сістэмы; з цяжкасцю раздзяляюцца на асобныя зоркі нават у моцных тэлескопах. Утвараюць у Галактыцы сферычную падсістэму і канцэнтруюцца ў яе цэнтры; маюць узрост ад 5 да 15 млрд. гадоў. Наяўнасць пераменных зорак (напр., тыпу RR Ліры) дазваляе вызначаць адлегласці да скопішчаў.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКЦЫ́ЙНЫ НАГРЭ́Ў,

нагрэў токаправодных цел (пераважна металаў) віхравымі токамі, якія наводзяцца ў іх пераменным эл.-магн. полем.

Матэрыялы (загатоўкі, вырабы), якія трэба нагрэць, змяшчаюць у эл.-магн. поле, што ствараецца спец. індуктарам (падключаецца да крыніцы сілкавання непасрэдна або праз трансфарматар). Выкарыстоўваецца пераменны ток прамысл. (50 Гц), сярэдняй (да 10 кГц) і высокай (больш як 10 кГц) частаты. Для І.н. характэрна вылучэнне цяпла ў паверхневым слоі, адсутнасць эл. кантакту з крыніцай току, лёгкасць аўтаматызацыі і ўключэння ў паточныя лініі. Выкарыстоўваецца для плаўкі металаў і сплаваў (гл. Індукцыйная печ), зоннай плаўкі, тэрмічнай апрацоўкі (для загартоўкі, коўкі, штампоўкі), зваркі і інш. Пра награванне эл.-магн. полем дыэлектрыкаў гл. ў арт. Дыэлектрычны нагрэў.

Схемы індукцыйнага нагрэву: а — для загартоўкі (1 — індуктар, 2 — выраб, 3 — трансфарматар, 4 — кандэнсатар, 5 — генератар); б — для плаўлення металу (1 — крыніца току, 2 — блок кандэнсатараў, 3 — індуктар, 4 — тыгель, 5 — метал, які плавіцца).

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁС (ням. Löss),

аднародная тонказярністая вапнавая горная парода светла-жоўтага ці палевага колеру. Складаецца з кварцу і сілікатаў (27—90%), гліназёму (да 20%), карбанатаў (больш за 6%). Пераважаюць (больш за 55%) часцінкі памерам 0,01—0,05 мм. Высокая порыстасць (да 50%). Залягае ў выглядзе покрываў на водападзелах і схілах (магутнасць ад некалькіх метраў да 100—200 м). Для Л. характэрна верт. слупкаватая адасобленасць, прасадачнасць, пераслойванне з пахаванымі глебамі, наяўнасць ракавін наземных малюскаў і вапнавых канкрэцый. Пры малой прыроднай вільготнасці Л. вельмі трывалы і здольны захоўваць устойлівыя верт. адхоны выш. 10 м і больш. Л. занальны, прымеркаваны да абласцей умеранага клімату, пашыраны ў стэпавых і паўпустынных раёнах. Л. з’яўляецца глебаўтваральнай пародай для чарназёмаў і каштанавых глеб. Існуе некалькі тэорый паходжання Л., найб. вядомыя эолавая і ледавіковая. Пашыраны ў Кітаі (напр., Лёсавае плато), Сярэдняй Азіі, Зах. Сібіры, Паўн. Каўказе, Украіне і інш. Гл. таксама Лёсападобныя пароды.

Я.​І.​Аношка.

т. 9, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙ (лац. Majus, магчыма, ад імя багіні зямлі Маі),

пяты месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц вясны. Бел. нар. назва месяца, як і ўкр., травень. 15 М. працягласць дня ў Мінску 15 гадз 58 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 54,8°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 567 МДж/м², радыяцыйны баланс дадатны (295 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра ў М. 13 °C. Ападкаў за месяц 50—60 мм. Для М. характэрна найменшая адносная вільготнасць (68—72%), часта ствараецца неспрыяльны рэжым увільгатнення, часам назіраецца высушванне ворнага і больш глыбокага слоя глебы. У М. цвітуць сады. Пачынаюць каласіцца жыта, азімая пшаніца, узыходзяць яравыя, вядзецца сяўба позніх яравых культур, лёну-даўгунцу, пасадка бульбы, агуркоў. Вырастаюць першыя веснавыя грыбы — смаржкі і страчкі. Заканчваецца веснавая лінька звяроў. Паяўляецца прыплод у аленяў, ласёў, казуль, тхароў, баброў, вожыкаў; другі прыплод у зайцоў. Нерастуе рыба ў рэках і азёрах, паяўляюцца маляўкі.

т. 9, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНІТЭНЦЫЯ́РНЫЯ СІСТЭ́МЫ (ад лац. poenitentia раскаянне),

парадак і рэжым адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі, устаноўлены ў некаторых дзяржавах. У 18 ст. ўзнікла пенсільванская П.с. (назва ад штата Пенсільванія, ЗША), для якой характэрна строгае адзіночнае зняволенне ў спалучэнні з рэліг. пакаяннем. З пач. 19 ст. выкарыстоўваецца обернская П.с. (склалася ў г. Оберн, ЗША), сутнасць якой у прадастаўленні зняволеным магчымасці працаваць пры поўнай ізаляцыі ва ўмовах строгага рэжыму. З сярэдзіны 19 ст. ў большасці краін выкарыстоўваецца т.зв. прагрэсіўная П.с., якая прадугледжвае паэтапную змену ўмоў утрымання зняволеных ад суровых да больш льготных у залежнасці ад іх паводзін, у адпаведнасці з рашэннем адміністрацыі. Разнавіднасцю П.с. з’яўляюцца рэфарматорыі (узніклі ў ЗША) для асоб ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў, тэрмін зняволення для якіх можа быць скарочаны або працягнуты.

У Рэспубліцы Беларусь П.с. ўключае турмы, калоніі рознага рэжыму і выхаваўчыя калоніі для непаўналетніх. Гл. Папраўча-працоўныя ўстановы.

Г.​А.​Маслыка.

т. 12, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАФО́Н (ад франц. plafond столь) у мастацтве, столь, упрыгожаная жывапісам ці лепкай; твор манум.-дэкар. мастацтва, які аздабляе перакрыцце (плоскае, скляпеністае ці купальнае) памяшкання. Выконваецца непасрэдна па тынку (фрэска або размалёўка алейнымі, клеявымі і інш. фарбамі), на прымацаваным да столі палатне, мазаікай і інш. спосабамі. Вядомы ў Стараж. Егіпце, ант. свеце. На Беларусі сюжэтныя і арнаментальныя П. пашыраны ў 17 — пач. 19 ст. у дэкар. аздабленні культавых і парадных палацавых памяшканняў (Нясвіжскі касцёл езуітаў). Для тагачасных плафонных кампазіцый характэрна выкарыстанне эфекту ілюзорнага прарыву ў адкрытую ці прадоўжаную далей арх. прастору, выявы фігур і арх. дэталей у моцных ракурсах. У 1950-я г. выкарыстоўваліся ў манум. грамадскіх збудаваннях (П. ў фае т-ра юнага гледача ў Мінску, маст. І.​Ахрэмчык, І.​Давідовіч).

Т.​В.​Габрусь.

Плафон «Геба і Арфей» у Кітайскім палацы ў г. Ламаносаў Ленінградскай вобл.
Плафон цэнтральнага нефа ў Нясвіжскім касцёле езуітаў.

т. 12, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)