АСТРАХА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1705—06,

выступленне стральцоў, пасадскіх і работных людзей у г. Астрахань супраць цяжкіх падаткаў, самавольства і насілля мясц. улад. Пачалося з пратэсту стральцоў супраць указа цара Пятра I пра забарону насіць рус. адзенне і бараду. Паўстанцы захапілі крэмль, знішчылі «начальных людзей» і афіцэраў-іншаземцаў, выбралі савет старшыняў, які адмяніў усе новыя падаткі, выплаціў і павысіў стральцам жалаванне і інш. Супраць паўстанцаў накіраваны войскі на чале з Б.​П.​Шарамецевым, якія штурмам узялі Астрахань. Паўстанне было жорстка задушана.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БСП),

палітычная партыя сацыяліст. кірунку. Створана ў ліп. 1994. Кіруючы орган паміж з’ездамі — паліт. камітэт. Асн. мэта — фарміраванне дэмакр. грамадства сацыяліст. арыентацыі са шматукладнай эканомікай, у якім вышэйшая каштоўнасць — чалавек і яго дабрабыт, дзе дзяржавай будуць рэальна забяспечаны правы, свабоды і сац. гарантыі кожнага грамадзяніна. Сац. база БСП — грамадзяне Рэспублікі Беларусь, крыніцай даходу якіх з’яўляецца ўласная праца, усе, хто ствараў і стварае матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Найбольшыя арг-цыі ў Мінску, Гомелі, Віцебску, Баранавічах, Бабруйску.

т. 2, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Мікалай Андрэевіч) (26.10.1873, Масква — 24.12.1932),

рускі скульптар і графік. Засл. дз. маст. РСФСР (1931). Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы (1885—91) і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1892—1901). Аўтар помнікаў М.​В.​Гогалю (1909), А.​І.​Герцэну і М.​П.​Агарову (1922), А.​М.​Астроўскаму (1929; усе ў Маскве); серыі скульптурных і графічных партрэтаў У.​І.​Леніна (1919—32), графічных партрэтаў М.​Горкага, К.​Станіслаўскага, В.​Качалава і інш.

М.Андрэеў. Помнік М.​В.​Гогалю ў Маскве. 1909.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́БЫЯ КАРМЫ́,

сухія раслінныя кармы (сена, салома, мякіна, сянаж, травяная мука, галінкавы корм) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў. Маюць вады менш за 40%, сырой клятчаткі больш за 19%. Пажыўнасць 1 кг грубых кармоў — 0,1—0,65 карм. адзінкі. Скормліваюць жвачнай с.-г. жывёле, часам трусам. Грубыя кармы — неабходны кампанент зімовых рацыёнаў траваедных жывёл, спрыяюць нармальнаму страваванню і засваенню пажыўных рэчываў, адрозніваюцца хім. саставам і пажыўнасцю. Найб. значэнне мае сена, у якім ёсць амаль усе неабходныя для жывёлы пажыўныя рэчывы.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМІЛЕ́ЎСКІ (Сяргей Львовіч) (н. 29.3.1963, Мінск),

бел. скульптар. Сын Л.М.Гумілеўскага. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1987). У рэаліст. традыцыях скульптуры стварае станковыя кампазіцыі, партрэты сучаснікаў, дзеячаў культуры мінуўшчыны: «Спрадвечнае», «Мацярынства», «Скарына», «М.​Багдановіч», «Малітва», «Коннік», «Ефрасіння Полацкая» і інш. (усе 1990—96). Відавочна імкненне да ўласнай стылістыкі ў паркавай скульптуры: «Уладзіслаў Сыракомля» і «Ян Марыя Бернардоні» (абедзве 1993) у Нясвіжы, «Галубка» (1995) ў Бат. садзе ў Мінску і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

С.Гумілеўскі. Спрадвечнае. 1995.

т. 5, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНАІ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі 50 дачок аргоскага цара Даная. Супраць сваёй волі і волі бацькі яны павінны былі выйсці замуж за стрыечных братоў. Д. ўцяклі з бацькам у Аргас, але юнакі іх дагналі. Данай вымушаны быў згадзіцца на шлюб, але дочкам загадаў забіць жаніхоў у шлюбную ноч. Усе, акрамя Гіпермнестры, зрабілі гэта. У пакаранне Д. павінны былі ў Аідзе вечна напаўняць вадой бяздонную бочку. У пераносным сэнсе «бочка Д.» ці «работа Д.» — бессэнсоўная і бясконцая праца.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМЯНЁЎ (Іван Аляксеевіч) (1746 — пасля 1797),

рускі графік і жывапісец. Вучыўся ў Пецярб. АМ (1761—67) і Каралеўскай акадэміі ў Парыжы (каля 1775—88). З пач. 1790-х г. жыў у С.-Пецярбургу. Аўтар шэрагу нетыповых для рус. мастацтва 2-й пал. 18 ст. жанравых сцэн з сял. жыцця (найчасцей сляпых жабракоў), імкнуўся да дакладнай перадачы ўбачаных эпізодаў ці падзей: акварэлі «Жабракі», «Сялянскі абед», «Сляпыя спяваюць» (усе 1770-я г.).

І.Ермянёў. Сляпыя спяваюць. 1770-я г.

т. 6, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРА́Д ЭЛЕМЕНТА́РНЫ,

найменшы зарад электрычны (дадатны ці адмоўны), роўны па абс. значэнні зараду электрона. Абазначаецца e і роўны 1,60211733(49)∙10​19 Кл (упершыню вымераны Р.Мілікенам у 1911). Усе элементарныя часціцы маюць зарад 0 (напр., нейтроны), +е (пратоны, пазітроны) або -е (электроны, антыпратоны); выключэнне — некаторыя рэзанансы, зарад якіх кратны е. Часціцы з дробавымі З.э. не назіраліся, аднак у тэорыі моцных узаемадзеянняў (гл. Квантавая хромадынаміка) мяркуецца існаванне часціц з зарадам, кратным (​1/3)e (гл. Кваркі).

А.​У.​Астапенка.

т. 6, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСІНЕ́Ц (Міхась Мікалаевіч) (20.9.1935, в. Мядзведнае Ельскага р-на Гомельскай вобл. — 13.7.1982),

бел. самадзейны жывапісец. Засл. работнік культуры Беларусі (1977). Творчай манеры ўласцівы наіўна-рэаліст. трактоўка сюжэтаў, плоскаснасць выявы, дэкаратыўнасць лакальнага колеру: «Вясна», «Маці», «Партызан», «Пах спелага жыта», «Хлеб», «Салдат вярнуўся з фронту», «Вёска будуецца», «На сенакосе», «Сям’я дома», «Печаная бульба», «Дзядулевы дудачкі», «Стары калодзеж», «Дрэва жыцця» (усе 1970-я г.) і інш.

Літ.:

Шаура Р.Ф., Красічкава А.І. М.​М.​Засінец. Мн., 1981.

М.Засінец. Пах спелага жыта. 1972.

т. 6, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́СІФА-ВАЛАКАЛА́МСКІ МАНАСТЫ́Р, Волацкі Успенскі Іосіфаў манастыр,

помнік архітэктуры 15—17 ст., за 20 км ад г. Валакаламск Маскоўскай вобл. Засн. як мужчынскі ў 1479 Іосіфам Волацкім. У складзе арх. ансамбля: каменныя сцены з шатровымі вежамі (1543—66, перабудаваны ў 17 ст.), Петрапаўлаўская надбрамная царква, трапезная з царквой Богаяўлення, Успенскі сабор (усе 17 ст.) у «нарышкінскім» стылі з кафляным фрызам «вока паўліна» (майстар С.​Палубес), 9-ярусная званіца (1490, перабудавана ў 1670-я г.). Пасля 1917 музей.

т. 7, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)