другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзеныангл. Геолагам Ч.Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр.Паўн. Амерыкі, на ЗПаўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б.ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 14—20 ст. Утвораны ў канцы 14 ст. пасля скасавання Віцебскага княства. Тэр. Віцебскага павета складалася з 2 асн. частак: стараж. баярскіх вотчын і княжацкіх двароў, якія размяшчаліся пераважна на З, У і Пд ад Віцебска на адлегласці каля 20—30 км, і больш аддаленых валасцей Азярышча (Езярышча), Бруса, Дрэчылукі, Мікуліна, Усвят (Усвяты) і інш. Княжацкімі дварамі, верагодна, здаўна былі Выдрэя, Лемніца (Ілемніца), Лужасна, Любашкаў, якія ў 16 ст. і пазней сталі велікакняжацкай уласнасцю. Шматлікія баярскія вотчыны (у 15—16 ст. сярод іх упамінаюцца Бялынавічы, Вымна, Глазамічы, Караміды, Пагосцішча, Старое Сяло, Тухачова, Фальковічы, Хоцімля і інш.) належалі прадстаўнікам 20—30 родаў мясц. паходжання ці раздаваліся вял. князямі служылым князям. У 1508 утворана Віцебскае ваяводства, куды ўвайшоў і Віцебскі павет. Функцыі віцебскага намесніка перайшлі да ваяводы, якога замяшчаў падваявода. У 1514 паўн.-ўсх. частка Віцебскага павета (воласці Веліж і Жыжэц) адышла да Маскоўскай дзяржавы (Веліж вернуты ў 1582 пасля Лівонскай вайны 1558—83). Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 удакладнены межы Віцебскага павета, уведзены новыя службовыя пасады (кашталян, суддзя земскі з падсудкам і пісарам, суддзя гродскі з пісарам, харужы, падкаморы і інш.), уся шляхта павета была ўраўнавана ў правах і атрымала самакіраванне — павятовы соймік. У час Лівонскай вайны на тэр. маёнтка Дрэчылукі ў 1563 пабудаваны дзярж.Суражскі замак. На тэр. Віцебскага павета здаўна існаваў праваслаўны Маркаў (Маркаўскі) манастыр (на правым беразе Зах. Дзвіны ніжэй ад Віцебска). У 16—18 ст. найбуйнейшымі землеўладальнікамі павета былі Сапегі, Сангушкі, Агінскія. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Віцебскі павет у складзе Рас. імперыі: з 1772 у Пскоўскай, з 1776 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губ. У гэты перыяд тэр. Віцебскага павета значна паменшылася: з яго вылучаны Веліжскі, Гарадоцкі і Суражскі пав., паўд. частка ўвайшла ў Бабінавіцкі пав., паўд.-заходняя — у Сенненскі. У 1866 тэр. Суражскага пав. падзелена паміж Віцебскім паветам і Веліжскім пав. З гэтага часу Віцебскі павет набыў межы, у якіх заставаўся да 1918. У 1897 тэр. павета 2861,1 кв. вярсты, нас. 177 066 чал. З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Віцебскі павет увайшоў у яе склад. З утварэннем Літ.-Бел. ССР (ліст. 1919) павет у Віцебскай губ. адышоў да РСФСР. Да 1920 у павет уваходзілі 23 воласці, пасля ўзбуйнення валасцей (1923) у Віцебскім павеце іх засталося 15. У сак. 1924 тэр. павета ў межах адм.-тэр. падзелу 1920 вернута ў БССР. 17.7.1924 Віцебскі павет скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў Віцебскую акругу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РМСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД),
перм, геалагічная 6-я сістэма палеазойскай эратэмы (эры). Адпавядае 6-му перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі каменнавугальнай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі трыясавай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 280 млн.г. назад, доўжылася больш за 50 млн. гадоў. Тэрмін уведзеныангл. геолагам Р.І.Мурчысанам (1841). Падзяляецца на 2 аддзелы (эпохі) — ніжні і верхні (ранняя і позняя эпохі) і 7 ярусаў (вякоў) — асельскі, сакмарскі, арцінскі, кунгурскі (ніжні аддзел), уфімскі, казанскі, татарскі (верхні аддзел). На Беларусі вылучаны мясцовыя світы і падсвіты. У пермскі перыяд у выніку заканчэння герцынскай складкавасці ў Паўн. паўшар’і ўтварыўся звышкантынент Лаўразія, на Пд павялічылася плошча звышкантынента Гандвана. Марскі рэжым існаваў паміж гэтымі кантынентамі (акіян Тэціс), а таксама ў межах Усходне-Азіяцкай і Кардыльерскай геасінклінальных абласцей.
Арган. свет характарызуецца ўзмацненнем ролі наземных жывёл і расліннасці. На сушы панавалі насякомыя, пазваночныя (стэгацэфалы, паўзуны), наземныя расліны, пераважна прадстаўнікі голанасенных — хвойныя, цыкадавыя і гінкгавыя. У морах жылі фарамініферы (пераважна фузулініды). брахіяподы, галаваногія (ганіятыты, цэратыты) і 2-створкавыя малюскі, астракоды, канадонтаносьбіты, акулы, былі характэрны імшанкі і каралы, якія ўтваралі рыфавыя пабудовы. У канцы пермскага перыяду вымерлі многія жывёлы — фузулініды. трылабіты, 4-прамянёвыя і табулятаморфныя каралы. некаторыя групы малюскаў, брахіяпод, імшанак, рыб. У раслінным свеце зніклі дрэвападобныя дзеразовыя і членістасцябловыя, кардаітавыя. Пашыраны кантынентальны рэжым спрыяў утварэнню чырванаколерных тэрыгенных адкладаў, намнажэнню магутных тоўшчаў солей (Верхнякамскі, Прыкаспійскі, Сярэднееўрапейскі, Дэлаварскі і інш. басейны), вуглёў (Пячорскі, Кузнецкі, Тунгускі і інш. басейны), нафты і газу (Персідскага заліва, Цімана-Пячорскі. Волга-Уральскі, Цэнтральнаеўрапейскі і інш. басейны), фасфарытаў (Скалістыя горы ў ЗША) і інш.
На Беларусі адклады П.с. (п.) пашыраны ў Прыпяцкім прагіне магутнасцю да 800 м (чырванаколерныя пясчанікі, алеўраліты, гліны, даламіты, гіпсы, ангідрыты — прудкоўская світа асельскага яруса; аргіліты, мергелі, каменная і калійныя солі — свабадская світа сакмарскага яруса; страката- і чырванаколерныя гліны, пясчанікі і інш. — дудзіцкая світа татарскага яруса), у Падляска-Брэсцкай упадзіне магутнасцю да 50 м (пясчанікі і гравеліты — ясінаўская світа уфімскага яруса; вапнякі і даламіты з рэшткамі фарамініфер, астракод, брахіяпод — камянецкая світа казанскага яруса) і на паўн.-зах. схіле Беларускай антэклізы магутнасцю да 30 м (алеўрыты і пясчанікі — пярлойская світа арцінскага яруса; вапнякі, даламіты, гліны з рэшткамі марской фауны — новаакмянская світа казанскага яруса). З пермскімі адкладамі звязаны паклады каменнай і калійных солей, праяўленні медзі, рэдкіх і рассеяных элементаў.
Літ.:
Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы 1988 г.: Пермская система. Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХАРЭ́СТ (Bucureşti),
горад, сталіца Румыніі. Размешчаны на Пд краіны ў межах Ніжнедунайскай нізіны на р. Дымбавіца, за 45 км ад р. Дунай. Утварае самаст.адм. адзінку. 2,1 млн.ж., з прыгарадамі каля 2,4 млн.ж. (1993). Буйны трансп. вузел — месца перасячэння транс’еўрапейскіх чыг. і аўтамаб. магістраляў. Міжнар. аэрапорт Атапень. У Бухарэсце сканцэнтравана 1/6прамысл. вытв-сці краіны, у т. л. больш як 1/4 прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі, 1/3тэкст., 1/2 паліграфічнай. Займае вядучую ролю ў вытв-сці складаных машын і прылад (электроніка, электра- і радыётэхніка, прыладабудаванне), хім. прадукцыі (вырабы з гумы, пластмасаў, фарбавальнікі, лакі, фармацэўтычныя і парфумерныя тавары). Прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі, станкабудавання, нафтаперапр., с.-г. і трансп. машынабудавання, будматэрыялаў, шклофарфоравай, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Разнастайныя галіны харч. (мясная, мясакансервавая, алейная, тытунёвая і інш.) і лёгкай (тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, футравая і інш.) прам-сці. Метрапалітэн.
Вядомы з 14 ст. як 2-я рэзідэнцыя валашскага феад. княства. З 1459 крэпасць для абароны Валахіі ад тур. набегаў. З 1659 сталіца Валахіі. У 19 ст. цэнтр нац.-вызв. руху. З 1861 сталіца Румыніі. Тут падпісаны Бухарэсцкі мірны дагавор 1812 і Бухарэсцкі мірны дагавор 1918. У чэрв. 1941 у Бухарэст уведзеныням.-фаш. войскі, вызвалены ў ходзе Народнага ўзброенага паўстання ў Румыніі 1944 супраць фаш. рэжыму І.Антанеску. У 1947 у Бухарэсце абвешчана Рум.Нар. Рэспубліка. Цэнтр Народнага паўстання ў Румыніі 1989—90, якое прывяло да звяржэння таталітарнага рэжыму Н.Чаўшэску.
Старая частка Бухарэста размешчана на берагах р. Дымбавіца, у раёне б. Кветкавага базару (цэрквы Міхай-Водэ, 1589—91, Патрыяршая, 1654—58, Стаўраполіс, 1724—30). У 19—20 ст. склаўся новы цэнтр горада з радыяльнымі і кальцавымі магістралямі, параднымі пабудовамі ў духу эклектызму, нац. рамантыкі, неакласіцызму і функцыяналізму: т.зв. Атэнеум (філармонія; 1886—88), Палац Рэспублікі (1930—37), Прэзідыум Савета Міністраў (1936—38, арх. Д.Марку) і інш. Паводле ген. плана 1952 пабудаваны дом паліграф.к-та «Скынтэя» (1948—53), комплекс ВДНГ (1964), аэрапорт (1970), ансамбль Нац.т-ра імя І.Л.Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» (1970—73, арх. Х.Майку і інш.), жылыя раёны (Флараска, Тытан, Букурэшты-Ной і інш.).
У Бухарэсце АН Румыніі (з 1879). 13 ВНУ, у т. л.ун-т (з 1864), кансерваторыя, політэхн.ін-т. Н.-д. ін-ты (у т. л.Ін-т эндакрыналогіі і геранталогіі). Музеі: Нац., Гісторыі прыроды, мастацтваў Румыніі, Музей вёскі. Тэатры: оперы і балета, Нац. імя І.Л.Караджале і інш. Універсітэцкі бат. сад (з 1860).
Ф.С.Фешчанка (гаспадарка).
Будынак Атэнеума ў Бухарэсце.Да арт.Бухарэст. Патрыяршая царква. 1654—58.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. inquisitio расследаванне),
трыбунал каталіцкай царквы, створаны для барацьбы з ерасямі, вальнадумствам, антыцарк. і антыфеад. рухам. Існавала ў 12—19 ст. ва ўсіх каталіцкіх краінах. Вызначалася жорсткасцю і фанатызмам. Рост у 12—13 ст.царк. і рэліг. апазіцыі (катары, альбігойцы, вальдэнсы) выклікаў узмацненне рэпрэсій з боку царквы. У 1184 на сінодзе ў Вероне папа Луцый III выдаў дэкрэт, у якім вызначаны юрыд. нормы І., а кіраванне ёю ўскладзена на епіскапаў. Стварэнне І. зацвердзілі 4-ы латэранскі (1215) і тулузскі (1229) саборы. Для ўдасканалення дзейнасці І., а таксама з мэтай прадухіліць злоўжыванні ўлад папа Грыгорый IX у 1223 увёў пасады папскіх інквізітараў для асобных краін і дыяцэзій (займалі пераважна дамініканцы і францысканцы). У 1232—35 інквізітарскія трыбуналы створаны ў Германіі, Арагоне, Аўстрыі, Ламбардыі, паўд. Францыі і Італіі. У 1252 пры папе Інакенцію IV афіцыйна ўведзена катаванне як сродак для атрымання паказанняў. Першапачаткова інквізіц. трыбуналы разглядалі толькі рэліг. справы, пазней (14—15 ст.) справы пра чараўніцтва, сувязь з д’яблам і інш. Асабліва жорсткі характар мела іспанская І., дзе ў 14—15 ст. вяліся масавыя рэпрэсіі супраць магаметан і яўрэяў, якія прынялі каталіцтва (гл.Мараны), іх абвінавачвалі ў патаемным вызнанні даўнейшай веры. З 1478, калі кароль Іспаніі атрымаў права прызначаць інквізітараў, І. цалкам падпарадкавана ўладзе і выкарыстоўвалася для яе ўзмацнення. Гал.ісп. інквізітар Т.Тарквемада асабіста адправіў на касцёр каля 9 тыс. чалавек. Быў уведзены звычай публічнага і ўрачыстага спальвання асуджаных (гл.Аўтадафэ). З Іспаніі І. была перанесена ў Партугалію, амер. правінцыі, Нідэрланды. У 1542 створаны вярх. інквізітарскі трыбунал у Рыме на ўзор ісп. І., які стаў адным з асн. сродкаў Контррэфармацыі. Ахвярамі І. ў 17 ст. сталі перш за ўсё выдатныя вучоныя і мысліцелі (Дж.Бруна, Дж.Ваніні, Г.Галілей і інш.). У 1543 выдадзены «Індэкс Забароненых кніг» і ўведзена жорсткая цэнзура.
У слав. краінах І. не адыграла значнай ролі. У большасці еўрап. краін яна скасавана да 18 ст. і толькі ў некаторых захавалася да сярэдзіны 19 ст. (у Партугаліі да 1820; у Іспаніі да 1835; у Італіі канчаткова скасавана ў 1859).
Літ.:
Ли Г.Ч. История инквизиции в средние века: Пер. с фр.Т. 1—2. СПб., 1911—12;
Льоренте Х.А. Критическая история испанской инквизиции: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1936;
Шпренгер Я., Инститорис Г. Молот ведьм. М., 1992;
Григулевич И.Р. Инквизиция. 2 изд, М., 1976;
Hayward F. The Inquisition. New York, 1966;
Baranowski B. Procesy czarownic w Polsce w XVII i XVIII wieku. Lodź, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,
галіна будаўніцтва, якая стварае асн.вытв. фонды прам-сці шляхам узвядзення прамысл. прадпрыемстваў, будынкаў і збудаванняў. У працэсе П.б. выконваецца ўвесь комплекс буд.-мантажных работ, уводзяцца ў дзеянне новыя, пашыраюцца ці рэканструююцца дзеючыя прадпрыемствы. Пачынаецца з распрацоўкі тэхн. праекта, размяшчэння заказаў, пастаўкі на буд. пляцоўку буд матэрыялаў і абсталявання. Пры гэтым выконваецца вял. аб’ём падрыхтоўчых і асн. работ, звязаных з планіроўкай тэрыторыі, адводам грунтавых вод, падвядзеннем трансп. і энергет. камунікацый (дарог, ЛЭП, водаправода), будучых наземных і падземных камунікацый. Паралельна ідзе падрыхтоўка кадраў для эксплуатацыі прадпрыемства. Цыкл П.б. заканчваецца апрабаваннем і прыёмам зманціраванага абсталявання з выпускам прадугледжанай праектам прадукцыі і поўным асваеннем вытв. магутнасцей.
П.б. ў БССР пачалося ў 1920—30-я г. Да 1926 у асн. адбудоўваліся прадпрыемствы, разбураныя ў часы 1-й сусв. вайны, герм. і польскай акупацый. Новае П.б. пачалося ў 1927 з буд-ва буйной на той час БелДРЭС у Аршанскім р-не. Да 1941 на Беларусі пабудавана больш за 1700 буйных прадпрыемстваў, у іх ліку станкабудаўнічыя ў Мінску, Віцебску і Гомелі, штучнага валакна ў Магілёве, с.-г. машын у Гомелі, цэментны ў Крычаве, ільнокамбінат у Оршы, ф-кі «КІМ» у Віцебску, «Камунарка» ў Мінску, а таксама каля 200 торфазаводаў, 68 ільнозаводаў, каля 500 прадпрыемстваў малочнай прам-сці. Пасля 2-й сусв. вайны вялося адбудаванне разбураных прадпрыемстваў; за 1945—90 пабудавана больш за 880 буйных прадпрыемстваў, у іх ліку з-ды аўтамаб., трактарны, гадзіннікавы, шарыкападшыпнікавы, маторны, аўтам. ліній і ЭВМ у Мінску, нафтаперапр. ў Наваполацку і Мазыры, азотных угнаенняў у Гродне, хім. ў Гомелі, Бел. металургічны ў Жлобіне, штучнага валакна ў Светлагорску, Лукомская і Бярозаўская ДРЭС, камбінаты салігорскія калійныя, «Лаўсан» у Магілёве, баваўняна-папяровы ў Баранавічах. З 1990 П.б. занята пераважна заканчэннем буд-ва прадпрыемстваў, пачатых у папярэднія гады, рэканструкцыяй і пашырэннем дзеючых магутнасцей.
У 1990—98 у Рэспубліцы Беларусь уведзены ў дзеянне магутнасці на Бел. цэментным з-дзе ў Касцюковічах, Бел. металургічным з-дзе ў Жлобіне, праведзена рэканструкцыя Мазырскага нафтаперапр. з-да і інш.; у 1993—98 — новыя прамысл. магутнасці па перапрацоўцы 69 т мяса за змену, 37,4 т. каўбасных вырабаў за змену, 215,9 т хлебабулачных вырабаў за суткі, 28,8 тыс.т кандытарскіх вырабаў, 30,2 млн. умоўных слоікаў плодаагароднінных кансерваў, 6404,1 тыс. дал. безалкагольных напіткаў, 20,65 т жывёльнага масла за змену.
Асн. задачы рэфармавання П.б. — павышэнне якасці і канкурэнтаздольнасці выпускаемай буд. прадукцыі пры пераходзе да рыначнай эканомікі і стварэнне нац. сістэмы тэхн. нарміравання, стандартызацыі і сертыфікацыі, забеспячэнне ўстойлівасці і даўгавечнасці будынкаў і збудаванняў і іх пажарнай бяспекі, ахова навакольнага асяроддзя, эканомія энергарэсурсаў. П.б. ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляюць буд. арг-цыі Мін-ва архітэктуры і буд-ва. Праектаванне прамысл. прадпрыемстваў вядуць праектныя ін-ты «Белпрампраект», «Агртэхбудмаш», «Нафтахімпраект», Дзіпрасельбуд у Мінску, Дзярж.ін-т праектавання прадпрыемстваў машынабудавання Мін-ва прам-сці Рэспублікі Беларусь у Гомелі, Белнафтахімпраект у Наваполацку і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́РДЭН,
ганаровая дзярж. ўзнагарода за асобыя заслугі і знак (знакі) да яе. Паходжаннем О. звязаны з еўрап. прыдворнымі ордэнамі (карпарацыямі) 14—16 ст., членства ў якіх было формай заахвочвання манархам найб. адданых дваран. Гэтыя ордэны, у сваю чаргу, паходзілі ад ордэнаў рыцарскіх 12—13 ст.
Прыдворныя ордэны звычайна мелі пышныя ордэнскія касцюмы і асобыя ордэнскія знакі (стужка, крыж, зорка), якія паступова набылі характар узнагарод (напр., англ. О. Падвязкі, 1348 або 1350, О. Лазні, 1399, бургундскі, аўстр. і ісп. О. Залатога Руна, 1429, франц. О. Св. Духа, 1579 і інш.). З канца 18 ст. знакі О. пачалі існаваць асобна ад ордэнскага адзення. Вял. колькасць узнагародных О. заснавана ў 18—19 ст., у т. л. ў краінах Азіі: у Турцыі (О. Паўмесяца, 1799), Іране (О. Льва і Сонца, 1808), Японіі (О. Узыходзячага Сонца, 1875), Кітаі (О. Двайнога Дракона, 1882). З канца 18 і да нашага часу з узнікненнем новых незалежных дзяржаў у Еўропе, Амерыцы, Азіі і Афрыцы ўводзіліся ўласныя ўзнагародныя О., пераважна на аснове еўрап. традыцыі. Звычайна знакі вышэйшай ступені ўзнагароды насілі на стужцы цераз плячо разам з зоркай на грудзях, 2-й ступені — на шыі, ніжэйшай — у пятліцы (пазней — злева на грудзях). Парадак узнагароджання рэгламентаваўся статутам О. Існавала традыцыя ўручаць О. у час ордэнскага свята. Справамі О. ведаў капітул. Пры існаванні ў дзяржаве некалькіх О. выпрацоўваліся правілы ордэнскай паступеннасці. О. найчасцей быў індывід. і пажыццёвай узнагародай. У 20 ст. з’явіліся традыцыі пасмяротных і калект. узнагароджанняў. Да 2-й пал. 19 ст. знакі аднаго О. розных ступеней адначасова не насілі, знак ніжэйшай ступені замяняўся на знак вышэйшай. Звычайна ў мінулым кавалеры О. мелі пэўныя матэрыяльныя выгады (пенсіі, ільготы). Гэтая традыцыя ў некаторых краінах захавалася да нашага часу.
Першыя О., звязаныя з гісторыяй Беларусі, — О. Рэчы Паспалітай. Першы і вышэйшы з іх — О. Белага Арла (1705—95), які спачатку меў выгляд залатога эмалевага нашыйнага медальёна, а з 1709 — нашыйнага крыжа з брыльянтамі. У 1713 з’явілася зорка. Ордэнская стужка напачатку была белая з чырв. палосамі па краях, з 1713 — блакітная. О. меў дэвіз «Pro Fide, Rege et Lege» («За веру, караля і закон»). О. св. Станіслава (1765—93) быў узнагародай за цывільныя заслугі і меў дэвіз «Praemiando inicitat» («Узнагароджваючы, заахвочваю»). Статут патрабаваў ад ордэнскіх кавалераў фін. ахвяраванняў на дабрачыннасць. О. Вайсковага крыжа (1792—94) спачатку меў выгляд медаля «Virtuti Militari» («Ваеннай доблесці») з серабра і золата, пазней уведзены крыж і зорка. У далейшым гэты О. падзелены на 5 ступеней (крыжы вялікі з зоркай, камандорскі шыйны, кавалерскі пятлічны, медалі залаты і сярэбраны); стужка была чырвоная з белымі палосамі па краі, пазней цёмна-блакітная з чорнымі палосамі.
Першы і вышэйшы О. Расіі — О. св. Андрэя Першазванага (1699, афіц. статут 1798) меў 1 ступень, крыж, зорку, блакітную стужку і дэвіз «За веру і вернасць». З 1855 за ваен. заслугі на знакі гэтага і інш.рас. О. дадаваліся мячы. Узнагароджанне О. св. Андрэя Першазванага аўтаматычна рабіла яго ўладальніка кавалерам інш.рас. О., акрамя О. св. Георгія і св. Уладзіміра. О. св. велікамучаніцы Кацярыны (1714) прызначаўся для жанчын імператарскай фаміліі і набліжаных да іх прадстаўніц знаці, меў 2 ступені, белую, з 1797 чырв. з сярэбраным беражком стужку і дэвіз «За каханне і Бацькаўшчыну». О. св. Аляксандра Неўскага (1725) быў узнагародай для асоб з чынам ген.-лейтэнанта або тайнага саветніка і вышэй, меў 1 ступень, чырв. стужку і дэвіз «За працу і Бацькаўшчыну». У 1736 кавалерам гэтага О. стаў кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст III. З 1742 рас. падданых узнагароджвалі шлезвіг-гальштэйнскім О. св. Ганны, які ў 1797 афіцыйна ўведзены ў рас. ўзнагародную сістэму; меў 1 ступень, чырв. стужку з жоўтым беражком (з 1797—3, з 1815—4 ступені) і дэвіз «Тым, хто любіць праўду, набожнасць і вернасць»; знак 4-й ступені насілі на халоднай зброі. Імператарскі ваен. О. св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія (1769) быў выключна вайск. узнагародай для афіцэраў за баявыя заслугі або за выслугу гадоў (да 1855). З 1807 існаваў спец. знак О. св. Георгія для ўзнагароджання салдат і унтэр-афіцэраў (з 1913 Георгіеўскі крыж), які ў сярэдзіне 19 ст. падзелены на 4 ступені; гл.Георгіеўскі кавалер. О. св. роўнаапостальнага кн. Уладзіміра (1782) даваўся за выслугу гадоў і асаблівыя ўчынкі афіцэрам і чыноўнікам; меў 4 ступені, чырв. з чорным беражком стужку і дэвіз «Карысць, гонар і слава». У 1798—1817 рас. падданых узнагароджвалі О. св. Іаана Іерусалімскага (2 ступені, чорная стужка), які меў мальтыйскае паходжанне. О. Белага Арла (1815, 1 ступень, цёмна-сіняя стужка, дэвіз «Pro Fide, Rege et Lege»), св. Станіслава (1815, 4 ступені, чырв. з белымі палоскамі па краях стужка, дэвіз «Praemiando inicitat») і «Virtuti Militari» (1815—31, 5 ступеней, цёмна-блакітная з чорнымі беражкамі стужка, дэвіз «Rex et Patria» («кароль і Радзіма») паходзілі яд адпаведных О. Герцагства Варшаўскага і да 1831 прызначаліся толькі для жыхароў Каралеўства Польскага. У 1870 дазволена насіць ордэнскія знакі ніжэйшых ступеней, атрыманыя за ваен. заслугі, адначасова з вышэйшымі.
У Польскай Рэспубліцы 1919—44 працягваліся папярэднія ордэнскія традыцыі; уведзены О. Белага Арла (1921), «Virtuti Militari» (5 ступеней, 1919) і новы О. Адраджэння Польшчы (5 ступеней, 1921).
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 усе рас. О. скасаваны дэкрэтам ВЦВК ад 23.11.1917 і пачалося стварэнне сав. ордэнскай сістэмы. У 1918—33 у Сав. Расіі і інш.сав. рэспубліках існавалі рэсп. О. (звычайна ў выглядзе чырв. сцяга на ўзор О. Чырв. Сцяга РСФСР), у т. л. О. Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР (1924—32), О. Чырвонага Сцяга і Працоўнага Чырвонага Сцяга Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Украіны і інш. Нашэнне рэсп. О. працягвалася і пасля іх скасавання. Звычайна іх кавалеры мелі права на пэўныя льготы. О. СССР з’явіліся паралельна з рэсп. і ў 1933 выцеснілі іх цалкам. Былі ўведзены О.: Чырвонага Сцяга (1924), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1928), Леніна (1930), Чырвонай Зоркі (1930), «Знак Пашаны» (1935, з 1988 наз. О. Пашаны), Айчыннай вайны (2 ступені, 1942), Суворава (3 ступені, 1942), Кутузава (2 ступені, 1942; 3 ступені, 1943), Аляксандра Неўскага (1942), Багдана Хмяльніцкага (3 ступені, 1943), Славы (3 ступені, 1943), «Перамога» (1943), Ушакова (2 ступені, 1944), Нахімава (2 ступені, 1944), «Маці-гераіня» (1944), «Мацярынская слава» (3 ступені, 1944), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1967), Дружбы народаў (1972), Працоўнай Славы (3 ступені, 1974), «За службу Радзіме ва Узбр. Сілах СССР» (3 ступені, 1974), «За асабістую мужнасць» (1988). Сярод асаблівасцей сав. ордэнскай сістэмы былі фармальная адмова ад прынцыпаў царскіх 0. і фактычнае наследаванне ім, дэклараванне роўнасці і фактычная службовая стратыфікацыя, існаванне «партрэтных» 0., адначасовае нашэнне знакаў усіх ступеней, адсутнасць зорак як дадатковых адзнак вышэйшых ступеней 0., знакі для паўторных узнагароджанняў, адсутнасць ордэнскай стужкі ў 1918—38 і інш. О. СССР захоўваюць сваё значэнне ў Расійскай Федэрацыі, Рэспубліцы Беларусь і некаторых інш.б.сав. рэспубліках. Законамі ад 13.4.1995 і 2.7.1997 уведзены О. Рэспублікі Беларусь (гл. ў арт.Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь).
У Расіі ў 1990-я г. ўведзены О. «За заслугі перад Айчынай» (4 ступені), Мужнасці, «За ваенныя заслугі», Пашаны, Дружбы, Жукава, св. Андрэя Першазванага, св. Георгія. Аддзеленая ад дзяржавы Руская правасл царква, да якой адносяцца правасл. прыходы Беларусі, мае свае О.: св. роўнаапостальнага кн. Уладзіміра (3 ступені), Прападобнага Сергія Раданежскага (3 ступені), Андрэя Першазванага (1 ступень, 1988), св. роўнаапостальнай кн. Вольгі (3 ступені, 1988), благавернага кн. Данііла Маскоўскага (3 ступені, 1988), св пакутніка Трыфана (3 ступені, 1996), свяціцеля Інакенція (3 ступені, 1997). Па ініцыятыве Бел. экзархата зацверджаны О. Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай (2 ступені, 1998). Польская аўтакефальная правасл царква мае О. роўнаапостальнай Марыі Магдаліны (3 ступені). З узнагарод бел. эміграцыі вядомы О. «Гонар Айчыны», устаноўлены «Камітэтам шанавання» (1997).
З О. ЗША найб. вядомы «Пурпуровае сэрца», Марскі крыж, «Сярэбраная зорка»; з О. Вялікабрытаніі — О. Падвязкі, О. Лазні, «Крыж Вікторыі», «За заслугі», О. Гонару; з О. Польшчы — О. Белага Арла, «Virtuti Militari», Адраджэння Польшчы; з О. Францыі — О. Ганаровага легіёна.
Літ.:
Дуров В.А. Русские и советские боевые награды: [Альбом]. М., 1990;
Яго ж Ордена России: Альбом. М., 1993.
І.І.Сінчук.
Знакі ордэнаўРас. імперыі: 1 — зорка ордэна св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія 1-й ступені; 2 — зорка і крыж ордэна Белага Арла; 3 — крыжы ордэна «Virtuti Militari» 1—5-й ступеней.ОрдэныСССР: 1 — «Маці-гераіня»; 2 — «Мацярынская слава» 1-й ступені.ОрдэныСССР: 1 — Леніна; 2 — Кастрычніцкай Рэвалюцыі; 3 — Чырвонага Сцяга; 4 — Працоўнага Чырвонага Сцяга; 5 — Дружбы народаў; 6 — «Знак Пашаны»; 7 — Славы 1-й ступені; 8 — Славы 2-й ступені; 9 — Славы 3-й ступені; 10 — Працоўнай Славы 1-й ступені.Ордэны савецкіх рэспублік: 1 — Працоўнага Чырвонага Сцяга Украінскай ССР; 2 — Чырвонага Сцяга Грузінскай ССР; 3 — Ваенны Чырвоны Харэзмскай Народнай Савецкай Рэспублікі.Ордэны Рэчы Паспалітай (1), Рас. імперыі (2—9), СССР (10—20): 1 — Вайсковага крыжа (вонкавы і адваротны бакі); 2 — св. Андрэя Першазванага (крыж з брыльянтамі); 3 — св. велікамучаніцы Кацярыны (крыж 1-й ступені); 4 — св. Аляксандра Неўскага (крыж з мячамі); 5 — св. Ганны (крыж 1-й ступені з мячамі і каронай); 6 — св. велікамучаніка і Перамаганосца Георгія (крыж 1-й ступені); 7 — св. роўнаапостальнага князя Уладзіміра (крыж 1-й ступені з мячамі); 8 — Белага Арла (крыж з мячамі); 9 — св. Станіслава (крыж 1-й ступені з мячамі); 10 — «Перамога»; 11 — Суворава 1-й ступені; 12 — Ушакова 1-й ступені; 13 — Кутузава 1-й ступені; 14 — Нахімава 1-й ступені; 15 — Багдана Хмяльніцкага 1-й ступені; 16 — Аляксандра Неўскага; 17 — «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» 1-й ступені; 18 — Айчыннай вайны 1-й ступені; 19 — Айчыннай вайны 2-й ступені; 20 — Чырвонай Зоркі.Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСНІ́ЙСКІ КРЫ́ЗІС 1990-х г.,
палітыка-этнаграфічны канфлікт у Босніі і Герцагавіне, які ўзнік на пачатку 1990-х г. ва ўмовах распаду Югаславіі (СФРЮ) на самаст. краіны. Мясц.паліт. эліта, абапіраючыся на Сербію і Харватыю, у сваіх сепаратысцкіх інтарэсах выкарыстала спецыфіку Босніі і Герцагавіны — падзел яе насельніцтва па нац.-канфесійным прынцыпе на правасл. (сербы — 37%), католікаў (харваты — 20%) і мусульман (наз. сябе асобнай этн. супольнасцю — мусліманамі — 40%). У ліст. 1990 у выніку першых шматпартыйных выбараў у Босніі і Герцагавіне да ўлады прыйшлі партыі, якія прадстаўлялі асн. нац.-рэліг. групы насельніцтва: мусульманская Партыя дэмакр. дзеяння, Сербская дэмакр. партыя і Харвацкая дэмакр. садружнасць. Большасць у парламенце атрымала Партыя дэмакр. дзеяння, яе кіраўнік А.Ізетбегавіч стаў старшынёй Прэзідыума Босніі і Герцагавіны. Пачала праводзіцца лінія на стварэнне адзінай дзяржавы ісламскай арыентацыі. Паліт. проціборства бакоў адносна нац.тэр. ўладкавання краіны пасля абвяшчэння суверэнітэту Босніі і Герцагавіны (кастр. 1991), правядзення рэферэндуму па пытаннях незалежнасці (сак. 1992, сербы яго байкатавалі) і прызнання міжнар. супольнасцю незалежнасці Босніі і Герцагавіны (крас.—май 1992) прывяло да стварэння сербамі сваёй рэспублікі з парламентам і прэзідэнтам. Харваты таксама аформіліся як адасобленая этн. група са сваім паліт. Кіраўніцтвам. Паліт. рознагалоссі выліліся ва ўзбр. сутычкі вайск. фарміраванняў этн. абшчын, якія перараслі ў грамадз. вайну. Міжнар. супольніцтва віну за эскалацыю насілля ўсклала на сербскі бок. Сербія была абвінавачана ў падтрымцы сепаратысцкіх дамаганняў баснійскіх сербаў і агрэсіі супраць Босніі і Герацагавіны. Савет Бяспекі ААН увёў супраць новай Югаславіі (Сербія і Чарнагорыя) эканам. санкцыі (зняты ў снеж. 1995). Баявыя дзеянні, у якіх прымалі ўдзел і наёмнікі, вяліся пераважна паміж сербамі і мусульманамі, мусульманамі і харватамі. Пазней аформіўся мусульм.-харвацкі альянс супраць сербаў. Этн. чысткі, дзесяткі тысяч забітых, каля 3 мільёнаў бежанцаў, масавыя парушэнні правоў чалавека, разбураныя гарады (у т. л. Сараева) — такі вынік грамадз. вайны. На паглыбленне Баснійскага крызісу ўплывала і сутыкненне ў гэтым рэгіёне інтарэсаў Сербіі і Харватыі, а таксама вял. дзяржаў. Міжнар.дыпламат. намаганні і перагаворы аб урэгуляванні Баснійскага крызісу доўгі час не мелі поспеху. Пры садзейнічанні ЗША у вер. 1995 паміж варагуючымі бакамі дасягнута пагадненне пра спыненне агню. У ліст. 1995 у г. Дэйтан (ЗША) прайшлі перагаворы прэзідэнтаў Босніі і Герцагавіны (Ізетбегавіч), Сербіі (С.Мілошавіч) і Харватыі (Ф.Туджман). На аснове дэйтанаўскіх дамоўленасцяў у снеж. 1995 прайшлі перагаворы у Парыжы, у выніку якіх прадугледжана захаванне адзінай і суверэннай дзяржавы Боснія і Герцагавіна з 2 частак — Харвацка-мусульманскай федэрацыі (51% тэрыторыі) і Сербскай Рэспублікі Боснія. Раўнапраўе 3 народаў краіны забяспечваецца прапарцыянальным іх прадстаўніцтвам у вышэйшых органах улады. Мерапрыемствы па мірным урэгуляванні Баснійскага крызісу маюць ваенны і грамадз. аспекты: ваенны прадугледжвае раз’яднанне варагуючых бакоў, забеспячэнне перамір’я, кантроль над узроўнем узбраення, садзейнічанне Міжнар. трыбуналу па ваен. злачынствах у пошуку і прыцягненні да суда ваен. злачынцаў; грамадз. блок мераў — правядзенне выбараў, фарміраванне мясц. органаў улады, забеспячэнне правоў чалавека і нац. меншасцяў, вырашэнне праблем бежанцаў, аднаўленне эканомікі і інш. Для кантролю за выкананнем дамоўленасцяў у зону канфлікту, якая падзелена на сектары, уведзеныміжнар. міратворчыя сілы, у складзе якіх вайск. кантынгенты з 33 краін, у т. л. ЗША, Англіі, Францыі, Германіі, Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАТЭ́СК (франц. grotesque, італьян. grottesco вычварны, мудрагелісты ад grotta грот),
1) від маст. тыпізацыі, заснаваны на рэзкім сумяшчэнні кантрастаў, дэфармацыі ці карыкатурным перабольшанні жыццёвых адносін, прадметаў і з’яў рэчаіснасці з мэтай паказу іх глыбіннай сутнасці. Тэрмін «гратэск» уведзены ва ўжытак у 15—16 ст. для абазначэння мудрагелістых вобразаў жывёл і раслін, якія захаваліся на сценах ант. пабудоў (гротаў, адсюль і назва). У далейшым гэты тэрмін пачаў ужывацца ў л-ры, жывапісе і інш. відах мастацтва. Гратэскавы вобраз эпохі Адраджэння — складанае спалучэнне маст. элементаў, што сінтэзуюць адносіны да змены рэчаў і з’яў у часе (нараджэнне—гібель), амбівалентны вобраз (гл.Амбівалентнасць). Як сродак стварэння маст. вобраза гратэск характэрны для сатыры, памфлета, карыкатуры, шаржа, клаунады і інш.
У літаратуры прыёмы гратэску вядомы з глыбокай старажытнасці (міфалогія, камедыі Арыстафана, Плаўта). Стварэнне гратэскавых вобразаў часта звязана з фалькл. светаўспрыманнем і нар. вобразнасцю. Багатая гратэскавая вобразнасць уласціва бел. фальклору, у прыватнасці казачнаму эпасу (вобразы «нячысцікаў», груганоў і інш. у чарадзейных казках). Шырока выкарыстоўвалася яна ў кірмашовых балаганах і нар.карнавалах. Гратэск — элемент светапогляду і метаду, а таксама стылю пісьменніка, форма раскрыцця яго ідэйна-эстэт. пазіцый і жыццёвага светаўспрымання («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.Рабле, «Падарожжа Гулівера» Дж.Свіфта, «Нос» і «Вечары на хутары каля Дзіканькі» М.Гогаля, «Клоп» і «Лазня» У.Маякоўскага, «Восень патрыярха» Г.Гарсіі Маркеса). У бел. л-ры элементы гратэску ўпершыню выявіліся ў эпоху барока ў асобных творах палемічнай л-ры, парадыйна-сатыр. прозы, у інтэрмедыях. Гратэскавая тыпізацыя мае пераважна сатыр. накіраванасць (п’есы «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» Я.Купалы, «Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал» А.Макаёнка). Вял. ролю ў стварэнні гратэскавай вобразнасці адыгрываюць гіпербалізацыя, метафарызацыя, выкарыстанне вульгарызмаў, жарганізмаў.
У мастацтве гратэск пашыраны з сярэднявечча (фігуры хімер на гатычных саборах, вобразы Д’ябла, Заганы; фантаст. мініяцюры на палях рукапісаў і інш.). Вяршыні маст. выразнасці дасягнуў у эпоху Адраджэння (Х.Босх, П.Брэйгель, Ж.Кало, Пінтурык’ё, Рафаэль), характэрны для творчасці Ф.Гоі, А.Дам’е, мастацтва экспрэсіянізму (Э.Мунк, М.Шагал), сюррэалізму (С.Далі, П.Пікасо). Сац. і паліт. накіраванасць маюць элементы гратэску ў творчасці мастакоў 20 ст. (сатыры Ж.Гроса, карыкатуры Кукрыніксаў, Х.Бідструпа). У бел.нар. мастацтве рысы гратэску трапляюцца ў лубках, батлейцы. У сатыр. творах 19 — пач. 20 ст. — пратэст супраць сац. і нац. ўціску: «Чалавек высокага нараджэння» і «Аканом» А.Бартэльса, «Баль у Мінску» і «Віленскі свет» С.Богуш-Сестранцэвіча, лісты К.Бахматовіча, Я.Горыда, Я.Драздовіча, К.Кукевіча, М.Мікешына і інш. Сродкамі гратэску выкрываюць адмоўныя рысы сучасныя мастакі У.Вішнеўскі, А.Волкаў, Р.Грамыка, В.Губараў, М.Гурло, А.Карповіч, М.Пушкар, С.Раманаў, В.Славук, В.Ціхановіч, Л.Чурко і інш. 2) Від друкарскага шрыфту з раўнамернай таўшчынёй штрыхоў, без падсечак.
Г.Я.Адамовіч (гратэск у літаратуры).
Да арт.Гратэск. Ф.Гоя. Ты, які не можаш. З серыі афортаў «Капрычас». 1797—98.Да арт.Гратэск. В.Губараў. Мірная ініцыятыва. 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРА́ЦЫЯ (ад лац. melioratio паляпшэнне),
комплекс тэхн. і арганізацыйна-гасп. мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне зямельных, раслінных, водных і кліматычных рэсурсаў.
Гал. мэта М. — павышэнне ўрадлівасці глеб, фарміраванне высокапрадукцыйных аграбіяцэнозаў, стварэнне спрыяльных умоў для існавання карыснай флоры і фауны, уключэнне ў гасп. абарот вял. плошчаў непрыдатных зямель. Найб. пашырана с.-г.М., якая прадстаўлена гідратэхн., хім., агралесамеліярац., супрацьэразійнымі і культуртэхн. відамі. Гідратэхнічная М. (М. зямель з неспрыяльным водным рэжымам) — асушэнне або арашэнне глеб, тэрыторый. У залежнасці ад канкрэтных глебава-кліматычных умоў ствараюцца асушальныя, асушальна-ўвільгатняльныя, асушальна-арашальныя меліярац. сістэмы. Хімічная М. праводзіцца на с.-г. угоддзях з неспрыяльнымі аграхім. ўласцівасцямі глебы, яна ўключае вапнаванне глебы, унясенне мінер. угнаенняў і інш.хім. рэчываў. Агралесамеліярацыя выкарыстоўваецца для павышэння прадукцыйнасці лясоў. Супрацьэразійная М. накіравана на папярэджанне размыву і змыву глебы паверхневымі водамі, выдзімання яе ветрам, на ўмацаванне яроў і інш.Тэхнічная М. выкарыстоўваецца пры буд. работах для замацавання грунтоў. Большасць М. праводзіцца адначасова з культуртэхн. работамі, накіраванымі на паляпшэнне стану зямель. Пры выкананні меліярац. работ выкарыстоўваюцца меліярацыйныя машыны.
М. — адно з самых вял. антрапагенных уздзеянняў на прыродныя комплексы. Яна прыводзіць да пераўтварэння глеб, гідраграфіі, клімату, расліннасці, што выклікае глыбокія змены ў прыродным асяроддзі. Узніклі таксама новыя навукі, якія вывучаюць гэтыя з’явы: меліярацыйная гідрагеалогія, меліярацыйная геаграфія, меліярац. гідралогія, меліярац. глебазнаўства і інш. Выявіліся адмоўныя вынікі ўздзеяння М. на прыроду: перасушка глеб, выпрацоўка торфу, памяншэнне разнастайнасці жывёл і раслін, паніжэнне ўзроўню грунтавых вод (адпаведна і ў калодзежах), павялічваецца колькасць замаразкаў, сухавеяў і інш.
Тэр. Беларусі адносіцца да зоны лішкавага ўвільгатнення: 2,5 млн.га (больш за 12% тэрыторыі) займаюць балоты, з іх больш за 80% нізінныя. Гэта патрабуе гідратэхн. М., накіраванай на паляпшэнне водна-паветр. рэжыму тарфяна-балотных і пераўвільготненых мінер. глеб. Першыя асушальныя работы пачаліся ў 1856, калі на тэр. Горы-Горацкага земляробчага ін-та быў закладзены ганчарны дрэнаж. У 1873—98 М. на Палессі працавала Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот. У 1920—30-я г. праведзены работы па асушэнні Мар’інскіх балот у Любанскім р-не Мінскай вобл. Да 1941 асушана 240 тыс.га пераўвільготненых зямель, з іх 170 тыс.га асвоена. Тэмпы М. рэзка павялічыліся ў 1960-я г., асабліва на Беларускім Палессі. З 1970-х Г. павысілася доля закрытага дрэнажу, сістэм з двухбаковым рэгуляваннем воднага рэжыму (22,1%, 1996), арашэння. Асн. віды меліярац. работ суправаджаюцца меліярацыяй клімату.
На Беларусі асушана каля 4 млн.га, з іх каля 3 млн.гас.-г. угоддзяў: 40% ворыва, 28 сенажацяў, 27 пашы, 5% інш. (1999). Патрабуецца ўдасканаленне тэхн. стану меліярац. сістэм на пл. 892,5 тыс.га (30,6%) усіх асушаных с.-г. угоддзяў. Для захавання эталонных прыродных комплексаў ствараюцца запаведнікі, заказнікі і інш. ахоўныя тэрыторыі, дзе правядзенне М. абмяжоўваецца або забараняецца. Для памяншэння негатыўных экалагічных вынікаў у меліярац. праектах уведзены раздзел «Ахова прыроды», ажыццяўляецца экалагічная экспертыза праектаў. Для больш эфектыўнага вырашэння праблем меліярац. навукі створаны н.-д. ўстановы, галаўная — меліярацыі і лугаводства Беларускі НДІ.
В.С.Аношка.
Да арт.Меліярацыя. Шлюз-рэгулятар на меліярацыйным канале.