АНЦІМО́НАЎ (Леанід Сяргеевіч) (н. 16.12.1934, в. Куляшы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. графік, педагог. Скончыў Рыжскае вучылішча прыкладнога мастацтва (1955), мастацка-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1963); з 1964 выкладчык гэтага ін-та. Працуе ў розных графічных тэхніках, перавагу аддае манатыпіі, экслібрысу, гравюры. Кампазіцыі вылучаюцца складанай філас. трактоўкай вобраза, паэт. узнёсласцю, лірызмам, падкрэслена эксперым. характарам выяўленчай формы. Сярод работ: «Акно» (1974), «Кветка папараці» і «Мефістофель» (1978), «Дрэва жыцця» (1980), трыпціх «Зямля, Месяц, Сонца» (1986), «Ахвярапрынашэнне» (1991); цыклы работ «Успаміны пра вайну» (1976), «На купальскую ноч» (1978), «Твары і маскі» (1979), «Джаз» (1981), «Катастрофа» і «Людзі і птушкі» (1991).

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЖЭ́СКІ (Мікалай Карнілавіч) (1860, Мінск — 9.8.1910),

эканаміст, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, юрыд. ф-т Пецярбургскага ун-та (1886). Працаваў у Мін-ве фінансаў, з 1891 рэферэнт у канцылярыі Дзярж. савета. З 1893 чл. тарыфнага і гандл.-прамысл. к-та Мін-ва фінансаў, адначасова ў дэпартаменце ўскосных падаткаў. У 1909 ахвяраваў сваю б-ку (каля 3 тыс. тамоў кніг па фін. пытаннях) Віленскаму т-ву сяброў навук, за што атрымаў тытул чл.-пратэктара т-ва. Аўтар прац «Падатковая рэформа: Французскія тэорыі XVIII ст.» (1888), «Кругавая парука сельскіх суполак» (1896), нарысаў аб прававым становішчы сельскіх суполак, гіст. агляду заканадаўства аб ускосных падатках.

т. 3, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́ЦКІ (Рыгор Васілевіч) (н. 5.5.1921, в. Мачулкі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. гісторык, журналіст. Д-р гіст. н. (1971), праф. (1972). Пасля заканчэння БДУ (1951) працаваў у ім (з 1961 заг. кафедры, адначасова з 1963 дэкан філал. ф-та, у 1967—81 дэкан ф-та журналістыкі). Даследаваў гісторыю бел. журналістыкі, публіцыст. дзейнасць некаторых бел. пісьменнікаў, рабселькораўскі рух на Беларусі і інш.

Тв.:

Первые рабселькоры Белоруссии. Мн., 1969;

Кузьма Чорны — публіцыст. Мн., 1972 (разам з І.​І.​Сачанкам);

Платон Галавач — публіцыст. Мн., 1973 (разам з Э.​А.​Карніловічам);

Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979 (разам з І.​І.​Сачанкам, С.​В.​Говіным).

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯКЕ́ТАЎ (Андрэй Мікалаевіч) (8.12.1825, с. Новая Бякетаўка Пензенскай вобл., Расія — 14.7.1902),

расійскі вучоны ў галіне батанікі, стваральнік рус. школы батаніка-географаў. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1891, ганаровы чл. з 1895), праф. Пецярбургскага ун-та (1863—97). Скончыў Казанскі ун-т (1849). З 1859 працаваў у ім, у 1849—54 рэктар Пецярбургскага ун-та, у 1867—89 кіраваў таксама Вышэйшымі жаночымі курсамі. Навук. працы па праблемах занальнасці расліннага покрыва і мэтазгоднасці ў жывой прыродзе, эксперыментальнай марфалогіі; вывучаў заканамернасці будовы вегетатыўных органаў раслін, упершыню вылучыў зону лесастэпу. Аўтар першага рус. падручніка «Геаграфія раслін» (1896).

Тв.:

Курс ботаники: Морфология, систематика и геогр. распределение семейств... СПб., 1897.

т. 3, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЦАТНАЯ КІСЛАТА́, этанавая кіслата,

аднаасноўная карбонавая к-та аліфатычнага раду, CH3COOH. Бясколерная вадкасць з рэзкім пахам, шчыльн. 1049,2 кг/м³ (20 °C), tкіп 118,1 °C. Крышт. бязводная воцатная кіслата падобная на лёд і наз. «ледзяная» (tпл 16,75 °C). Слабая к-та, утварае солі і эфіры — ацэтаты. У прам-сці атрымліваюць каталітычным акісленнем ацэтальдэгіду, бутану і інш. вуглевадародаў; узаемадзеяннем метанолу і аксіду вугляроду. Харч. воцатную кіслату атрымліваюць воцатнакіслым браджэннем вадкасцей, якія маюць этанол (гл. Воцатная эсенцыя). Выкарыстоўваецца ў харч. прам-сці, у вытв-сці ацэтатаў, воцатнага ангідрыду, лек. сродкаў, духмяных рэчываў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў. Раздражняе вочы і дыхальныя шляхі, выклікае апёкі скуры, ГДК 5 мг/м³.

т. 4, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧКІН (Віктар Георгіевіч) (29.3.1894, г. Яраслаўль, Расія — 9.4.1962),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі тарфяной вытв-сці. Чл.-кар. АН БССР (1940), д-р тэхн. н. (1954), праф. (1934). Скончыў Пятроўскую (цяпер Ціміразеўская) с.-г. акадэмію (1918). З 1930 у Маскоўскім тарфяным ін-це. Адначасова з 1926 кансультант Ін-та прам-сці, выкладчык БПІ, навук. супрацоўнік Ін-та торфу АН БССР. У 1952—56 у Ін-це торфу АН БССР. Навук. працы па тэхналогіі тарфяной вытв-сці.

Тв.:

Основы проектирования торфяных хозяйств. М., 1926;

Технология добычи и сушки торфа. 2 изд. М.; Л., 1948;

Основы технологии торфяного производства. М.; Л., 1953.

В.Г.Гарачкін.

т. 5, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЙМЭ́Н, Гілемэн (Guillemin) Ражэ (н. 11.1.1924, г. Дыжон, Францыя), французскі фізіёлаг. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. АН і мастацтваў, Франц. нац. акадэміі медыцыны. Праф. Фізіялогіі (1963). Скончыў Дыжонскі ун-т (1942). З 1948 у Ін-це эксперым. медыцыны і хірургіі Манрэальскага ун-та, з 1953 у Х’юстанскім ун-це (ЗША), з 1960 у навук. ін-тах Францыі, з 1963 дырэктар лабараторыі Бейларскай мед. школы Х’юстанскага ун-та, з 1970 у Солкаўскім ін-це ў г. Сан-Дыега (штат Каліфорнія). Навук. працы па выдзяленні, выяўленні хім. структуры і біял. актыўнасці гіпаталамічных рэлізінг-гармонаў. Нобелеўская прэмія 1977 (разам з Э.В.Шалі і Р.С.Ялаў).

Р.Гіймен.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́Т ((Granit) Рагнар Артур) (30.10.1900, Хельсінкі — 1991),

шведскі нейрафізіёлаг. Чл. Каралеўскай швед. АН, чл. Нац. АН ЗША, ганаровы чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Хельсінкскі ун-т (1927). З 1928 спецыялізаваўся ў лабараторыі Ч.​С.​Шэрынгтана ў Оксфардскім ун-це, у 1929—32 у Пенсільванскім ун-це. З 1935 праф. фізіялогіі Хельсінкскага ун-та, з 1940 у Каралінскім ін-це ў Стакгольме, у 1945—67 дырэктар Нобелеўскага ін-та нейрафізіялогіі. У 1963—65 прэзідэнт Каралеўскай швед. АН. Навук. працы па рэгуляванні рухаў цэнтр. нерв. сістэмай. Даследаваў першасныя нейрафізіялагічныя працэсы зроку. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Дж.Уолдам і Х.Хартлайнам).

Р.Граніт.

т. 5, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЬЮ́ЗЕНБЕРЫ ((Duesenberry) Джэймс Стэмбел) (н. 18.2.1918, г. Прынстан, штат Зах. Віргінія, ЗША),

амерыканскі эканаміст. Скончыў Мічыганскі ун-т (1938). Выкладаў і вёў н.-д. працу ў Кембрыджскім ун-це (1954—55), Фондзе Форда (1958—59). З 1956 кансультант К-та эканам. развіцця, праф. Гарвардскага ун-та. У працы «Даход, зберажэнні і тэорыя паводзін спажыўца» (1949) спрабаваў развіць некат. палажэнні эканам. дактрыны Дж.​Кейнса аб сувязі паміж даходамі і расходамі спажыўца. Паводле Дз., узровень попыту вызначаецца не абсалютнай, а адноснай велічынёй даходу спажыўца, псіхал. і сац. фактарамі. У 1960-х г. апублікаваў працу па тэорыі эканам. цыкла, грашовага абарачэння і крэдыту, удзельнічаў у распрацоўцы мадэлей эканам. росту.

т. 6, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЯ́ГА (Дзмітрый Іванавіч) (3.10.1849, с. Соіна Смаленскай вобл., Расія — 22.10.1918),

расійскі астраном. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1872). Працаваў у Пулкаўскай астр. абсерваторыі. У 1884—1918 дырэктар Казанскай абсерваторыі, з 1901 дырэктар заснаванай ім паблізу г. Казань абсерваторыі імя В.​П.​Энгельгарта. У 1899—1905 рэктар Казанскага ун-та. Навук. працы па тэарэт. астраноміі, астраметрыі і гравіметрыі. Даследаваў арбіту спадарожніка Нептуна, стварыў тэорыю руху малой планеты Дыяны. Па назіраннях казанскіх астраномаў склаў каталог 4281 зоркі.

Літ.:

Библиография русской астрономической литературы 1800—1900 гг. М., 1968 (Тр. Гос. астрономического ин-та. Т. 37);

Баранов В.А. Памяти Д.​И.​Дубяго (3 октября 1849—22 октября 1918). Казань, 1919.

Дз.І.Дубяга.

т. 6, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)