сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць збліжэнне разнастайных элементаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, у сац. супольнасць, сістэму, цэлае; формы падтрымання сац. групамі пэўнай устойлівасці і раўнавагі грамадскіх адносін; здольнасць сац.сістэмы або яе частак да самазахавання шляхам пераадолення ўнутр. і знешніх супярэчнасцей, напружанняў і інш. Агульнапрынятай канцэпцыі і адзінага універсальнага паняцця І.с. пакуль што не выпрацавана. Як праблема агульнай тэорыі сацыякульт. сістэм займае важнае месца ў зах. сацыялогіі з 1950-х г. Э.Дзюркгейм, М.Вебер, В.Парэта інтэграцыю сац.сістэмы разглядалі ў сувязі з існаваннем агульных для яе членаў каштоўнасцей і норм. Уяўленні аб поўнай інтэграцыі грамадства развівалі прадстаўнікі функцыяналісцкай антрапалогіі (Б.Маліноўскі, А.Р.Радкліф-Браўн і інш.). Т.Парсанс увёў паняцці нарматыўнай і каштоўнаснай І.с. і разглядаў яе функцыі ў сац. сістэме. Тэарэтыкі нефункцыялісцкіх кірункаў (Р.Бендыкс, А.Гоўлднер) сцвярджалі, што на практыцы высокі ўзровень інтэграцыі недасяжны і нават шкодны, бо пазбаўляе сац. сістэму гнуткасці і рухомасці. У адпаведнасці з прынятым у амер. сацыялогіі падзелам грамадскай сістэмы на культ. і сац. падсістэмы адрозніваюць 4 тыпы І.с.: культурную, нарматыўную, камунікатыўную і функцыянальную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕЛІЧЭ́ННЕ АПТЫ́ЧНАЕ,
адносіны лінейных ці вуглавых памераў відарыса аптычнага, атрыманага з дапамогай аптычнай сістэмы, да адпаведных памераў аб’екта.
Для восесіметрычных аптычных сістэм адрозніваюць лінейнае, вуглавое і падоўжнае П.а. Лінейнае (папярочнае) П.а. — адносіны даўжыні відарыса адрэзка, перпендыкулярнага аптычнай восі сістэмы, да даўжыні гэтага адрэзка. Для рэальных сістэм лінейнае П.а. для спалучальных паверхняў рознае ў розных пунктах поля зроку, што вядзе да парушэнняў геам. падобнасці паміж аб’ектам і яго відарысам (гл.Дысторсія). Вуглавое П.а. — адносіны тангенса вугла нахілу праменя да аптычнай восі ў прасторы відарысаў да тангенса вугла нахілу спалучанага яму праменя ў прасторы аб’ектаў. Падоўжнае П.а. — адносіны даўжыні адрэзка, адкладзенага ўздоўж аптычнай восі ў прасторы відарысаў, да даўжыні спалучальнага яму адрэзка ў прасторы аб’ектаў. Усе віды П.а. ўзаемазвязаны. Напр., для аптычнай сістэмы, якая знаходзіцца ў паветры, вуглавое павелічэнне адваротна прапарцыянальнае лінейнаму (чым большае лінейнае павелічэнне, тым больш вузкімі светлымі пучкамі будуецца відарыс і тым меншая яго асветленасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АДЗІ́НКА (а.а.),
пазасістэмная адзінка даўжыні, роўная сярэдняй адлегласці ад Зямлі да Сонца. 1 а.а. = 149,6 млн.км. Карыстаюцца ў астраноміі для вымярэння адлегласцяў паміж целамі Сонечнай сістэмы і кампанентамі падвойных зорак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ ЦЕ́ЛА,
сіла, з якой цела ў полі сілы цяжару (напр., гравітацыйным полі Зямлі) уздзейнічае на апору (або падвес), што перашкаджае свабоднаму падзенню цела. Калі апора нерухомая або рухаецца раўнамерна і прамалінейна адносна інерцыяльнай сістэмы адліку, вага цела лікава роўная сіле цяжару. Вызначаецца з дапамогай спружынных (непасрэдна) або рычажных (ускосна) вагаў. Вымяраецца ў ньютанах.
З прычыны сціснутасці Зямлі і яе сутачнага вярчэння вага цела залежыць ад шыраты мясцовасці (на экватары прыблізна на 0,5% меншая, чым на полюсах). Пры паскораным руху цела вага цела залежыць ад паскарэння сістэмы, напр., калі паскарэнне супадае (па модулі і напрамку) з паскарэннем сілы цяжару, назіраецца бязважкасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЭТЫЛХАЛІ́Н,
воцатнакіслы эфір халіну, CH3COO(CH2)2NOH(CH3)3, арганічнае рэчыва, рэгулятар фізіял. функцый у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе, спірце і інш. растваральніках. Ёсць у тканках чалавека, пазваночных і многіх беспазваночных жывёл, знойдзены ў некат. раслінных ядах.
Фізіял. значэнне ацэтылхаліну высветлена аўстр. вучоным О.Лёві (1921). Ацэтылхалін — хім. перадатчык нерв. імпульсаў у месцах кантактаў нерв. валокнаў з нерв. клеткамі (сінапсах) парасімпатычнай нерв.сістэмы і ў гангліях вегетатыўнай нерв.сістэмы. Бесперапынна сінтэзуецца пры ацэтыліраванні халіну з дапамогай ферменту ацэтылхалінтрансферазы, разбураецца з дапамогай ацэтылхалінэстэразы. Уведзены ў арганізм ацэтылхалін паслабляе сардэчную дзейнасць, запавольвае пульс, узмацняе дзейнасць гладкай мускулатуры бронхаў, страўніка, маткі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ СКО́РАСЦЬ,
скорасць, якую трэба надаць касмічнаму апарату, каб выканаць палёт па зададзенай траекторыі адносна Зямлі (або інш. нябеснага цела).
Адрозніваюць 1-ю, 2-ю і 3-ю К.с. Першая К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа стаць штучным спадарожнікам Зямлі і пачаць рухацца вакол яе па кругавой арбіце. Другая К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа пераадолець прыцягненне Зямлі і стаць штучнай планетай Сонечнай сістэмы. Трэцяя К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа пераадолець прыцягненне Сонца і выйсці за межы Сонечнай сістэмы. Каля паверхні Зямлі 1-я, 2-я і 3-я К.с. роўныя адпаведна 7,9 км/с, 11,2 км/с і 16,7 км/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЛІКО́ВАЯ СХЕ́МАў будаўнічай механіцы,
спрошчаны (умоўны) відарыс збудавання (падмурка збудавання, сістэмы канструкцый, механізма), прыняты для разліку збудаванняў. У Р.с. ўключаюць найб. важныя і вызначальныя фактары эксплуатавання і не ўлічваюць іх другарадныя асаблівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВА-КРЭДЫ́ТНЫ КРЫ́ЗІС,
парушэнне збалансаванасці грашова-крэдытнай сістэмы. Адрозніваюць цыклічныя грашова-крэдытныя крызісы, якія параджаюцца перыядычнымі дыспрапорцыямі ў працэсе вытв-сці, і спецыяльныя, выкліканыя надзвычайнымі эканам. і паліт. падзеямі, стыхійнымі бедствамі і інш. прычынамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ГІ (англ. buggy),
найпрасцейшая аўтамашына. Складаецца з рамы на чатырох колах, рухавіка, рулявой калонкі і тармазной сістэмы. Збіраецца аматарамі ў аўтаклубах, выкарыстоўваецца для кальцавых гонак на трасах даўж. да 1 км з моцна перасечаным рэльефам.