група хім. элементаў у геахім. класіфікацыі, якія маюць вонкавую 8-электронную абалонку (паводле тыпу інертных газаў) і размяшчаюцца на ўчастках змяншэння крывой атамных аб’ёмаў. Складаюць 93% асноўнай масы мінералаў зямной кары і 97% масы солевага саставу акіянічнай вады. Да Л.э. адносяцца 55 элементаў перыядычнай сістэмы: кісларод O, крэмній Si, алюміній Al, тытан Ti, бор B, вуглярод C і інш., шчолачныя і шчолачназямельныя металы, галагены і многія рэдкія элементы. Л.э. пераважна парамагнітныя. Уваходзяць у асноўным у састаў сілікатаў, пашыраны таксама іх аксіды, галагеніды, карбанаты, сульфаты, фасфаты. Шчыльнасць злучэння Л.э. ад 2 103 да 4 103кг/м³. Групу Л.э. вылучыў у сваёй геахім. класіфікацыі ў 1924 В.М.Гольдшміт. Дапоўніў у 1952 Э.Садэцкі-Кардаш. Па класіфікацыі А.П.Вінаградава да Л.э. адносяцца таксама атмафільныя элементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСО́ЧКА,
спосаб атрымання жывіцы, цукрыстых сокаў і латэксу натуральнага з дрэў шляхам штучнага паранення ствалоў у перыяд вегетацыі.
На ствале спелага дрэва робяць косыя зрэзы, якія ўскрываюць смаляныя хады, і накіравальны жалабок, па якім жывіца сцякае ў прыёмнікі. Для стымуляцыі выдзялення ці змянення хім.саставу смалы зрэз апрацоўваюць хім. стымулятарамі. Пашырана таксама П. бярозы для атрымання бярозавага соку. З пачаткам руху соку ў ствале свідруюць невял. адтуліны, пад якія змяшчаюць жалабок і посуд для соку. П. аслабляе дрэвы, таму яе праводзяць за 10—15 гадоў да высечкі.
Забаронена П. ў запаведніках, заказніках, нац. парках, дрэў ці насаджэнняў — помнікаў прыроды, насенных дрэў. Для павышэння жыццеўстойлівасці падсочаных дрэў і актывізацыі працэсаў смола- і сокаўтварэння праводзяць іх падкормку, біял. меліярацыю і інш. На Беларусі асн.прамысл. значэнне мае П. хвоі звычайнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЙ БЯСПЕ́КІ І ПРАБЛЕ́М НАДЗВЫЧА́ЙНЫХ СІТУА́ЦЫЙ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́ТМіністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.
Створаны ў 1999 у Мінску на базе НДІ пажарнай бяспекі, заснаванага ў 1998 на базе Рэсп.навук.-практычнага цэнтра пажарнай бяспекі (з 1957).
Асн. кірункі н.-д. і доследна-канструктарскай дзейнасці: стварэнне і ўдасканаленне пажарнай і аварыйна-выратавальнай тэхнікі і амуніцыі, вогнетушыльных саставаў, тэхн. сродкаў бяспекі і выратавання пры надзвычайных сітуацыях; распрацоўка нарматыўнай дакументацыі сістэмы проціпажарнага нарміравання і стандартызацыі, а таксама па тактыцы тушэння пажараў і ліквідацыі аварый, ахове працы, здароўя і сац. засцярогі асабістага саставу; арганізацыйна-кіраўніцкія і сацыяльна-эканам. даследаванні па пытаннях стану пажарнай бяспекі; стварэнне і вытв-сць выпрабавальнага абсталявання па даследаванні параметраў пажарнай небяспечнасці прамысл. прадукцыі, у т. л. буйнагабарытных буд канструкцый.
французскі хімік, заснавальнік вучэння аб хім. раўнавазе. Чл. Парыжскай АН (1780). Скончыў Турынскі ун-т (1768). У 1770—83 урач і аптэкар. З 1794 праф. Вышэйшай нармальнай і Політэхн. школ у Парыжы. Навук. кансультант Напалеона Банапарта ў Егіпецкай экспедыцыі 1798—99. Асн.навук. даследаванні па неарган. хіміі, хіміі раствораў і сплаваў. Устанавіў састаў аміяку, балотнага газу, сінільнай кіслаты, серавадароду. Распрацаваў спосаб бялення палатна хлорам. Адкрыў солі хларнавацістай і хларнаватай (берталетава соль) кіслот, нітрыд серабра (грымучае серабро), залежнасць напрамку рэакцыі і саставу злучэнняў ад масы рэагентаў і ўмоў рэакцый. Разам з А.Л.Лавуазье распрацаваў хім. наменклатуру і класіфікацыю целаў, заснаваў час. «Annales de chimie» («Аналы хіміі»).
Літ.:
Фигуровский Н.А. Очерк общей истории химии: От древнейших времен до начала XIX ст, М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
карты, якія адлюстроўваюць размеркаванне, рэжым, састаў, уласцівасці і запасы паверхневых вод сушы. Бываюць гідраграфічныя (агульныя, азёр, рачной сеткі, вадазборных басейнаў), гідралагічнай вывучанасці тэрыторыі, лядовага рэжыму, асобных гідралагічных з’яў (разводдзя, межані, паводак), фіз.-хім. характарыстык вод (цвёрды сцёк, хім. састаў, т-ра), гідралагічнага раянавання і інш. Карты сцёку (сярэдняга, макс. і мінім.) — асн. крыніца інфармацыі для ацэнкі водных рэсурсаў. Першыя карты сцёку склаў у 1892 Ф.Ньюэл (ЗША), у 1927 для еўрап.ч.СССР, у т. л. для ўсх. Беларусі, — Дз.І.Качэрын. Для тэр. Беларусі складзены шматлікія гідралагічныя карты: нормы сцёку (сярэдняга шматгадовага), мінім. сутачнага сцёку, слоя веснавога сцёку, падземнага сцёку ў рэкі, т-ры вады, макс. таўшчыні лёду, каламутнасці, жорсткасці вады, мінералізацыі і саставу аніёнаў рачных вод, сярэдніх дат пачатку веснавога разводдзя, запасаў вады ў снегавым покрыве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖОЎЦЕКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,
захворванне, абумоўленае ўтварэннем камянёў у жоўцевым пузыры і (або) жоўцевых пратоках. Частата ўтварэння жоўцевых камянёў павялічваецца з узростам і дасягае 50% у жанчын старэй за 80 гадоў. У мужчын жоўцевыя камяні трапляюцца ў 3—5 разоў радзей, у дзяцей — вельмі рэдка. Асн. прычыны ўзнікнення Ж.х.: застой жоўці, запаленне жоўцевага пузыра і жоўцевых шляхоў, змяненне хім.саставу жоўці ў сувязі з парушэннямі абмену рэчываў (спадчынная схільнасць). Жоўцевыя камяні (халеліты) — цвёрдыя ўтварэнні, колькасць якіх можа складаць ад аднаго да некалькіх тысяч, велічыня — да некалькіх сантыметраў у дыяметры, Маса — да 30 г і болей. Асн. праяўленне захворвання — болі ў правым падрабрынні, якія ўзнікаюць пасля ежы, асабліва вострай або тлустай. Часта назіраюцца слабасць, недамаганне, раздражняльнасць, горкая адрыжка, няўстойлівы стул. Ускладненні Ж.х.: флегмона, гангрэна, вадзянка, эмпіема і перфарацыя жоўцевага пузыра, жоўцевы перытаніт, самаадвольны жоўцевы свішч. Лячэнне тэрапеўтычнае, бальнеалагічнае, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНДЗІ́РАВАННЕ ЗЯМЛІ́,
вывучэнне наземных аб’ектаў на значнай адлегласці з паветра, космасу. Грунтуецца на выпрамяненні наземнымі аб’ектамі ўласнай энергіі або адлюстраванні сонечнага ці штучна накіраванага выпрамянення і іх рэгістрацыі апаратурай, якая бывае наземнай (у т. л. надводнай), паветранай, касмічнай. Размяшчаецца на самалётах, верталётах, аэрастатах, ракетах, штучных спадарожніках і інш. Аналіз спектральных характарыстык у розных дыяпазонах эл.-магн. выпрамянення дазваляе распазнаваць аб’екты і атрымаць інфармацыю пра іх памеры, шчыльнасць, хім. састаў, фіз. ўласцівасці і стан. Напр., для пошуку радыеактыўных руд і крыніц выкарыстоўваюць γ-дыяпазон, для вызначэння хім.саставу глеб і горных парод — ультрафіялетавую ч. спектра, для вывучэння глеб і расліннасці — светлавы дыяпазон, для ацэнкі т-р паверхні аб’ектаў — інфрачырвоны. Нясуць інфармацыю пра рэльеф паверхні, мінерал. састаў, вільготнасць, глыбінныя ўласцівасці прыродных утварэнняў і атм. слаі радыёхвалі. Гл. таксама Зандзіраванне атмасферы, Аэрафотаздымка, Аэраэлектраразведка, Касмічная здымка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАЛЕ́ННЕ,
мясцовая сасудзіста-тканкавая ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма на ўздзеянне патагенных раздражняльнікаў; адна з асн. прыкмет некаторых хвароб. Прычыны ўзнікнення З. бываюць экзагенныя (мех., фіз., хім. і біял.) і эндагенныя (тромбы, адклады солей, прадукты змярцвення і распаду тканак, інфаркты, гематомы і інш.). Прыкметы З. падзяляюцца на агульныя (павышэнне т-ры цела, пачашчэнне пульсу, змена саставу крыві, знясіленасць) і мясцовыя (пачырваненне, прыпухласць, боль, парушэнне функцый). У З. вылучаюць 3 стадыі: альтэрацыю, эксудацыю, праліферацыю. Альтэрацыя — парушэнне жыўлення клетак, дыстрафічныя, некратычныя і атрафічныя змены ў тканках; скажэнне абмену рэчываў, парушэнне фіз.-хім. якасцей тканак. Эксудацыя — расстройствы кровазвароту з выхадам вадкай ч. крыві і лейкацытаў з крывяносных сасудаў. Праліферацыя — размнажэнне клетачных элементаў на мяжы запалёнай і здаровай тканак. За праліферацыяй паступова развіваецца рэгенерацыя. Развіццё З. залежыць ад узросту, харчавання, абмену рэчываў, вынік — ад стану арганізма, формы З. і памераў яго ачага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАВА́ЛАВА ЗАКО́НЫ,
2 законы, якія вызначаюць сувязь паміж саставам аднароднай вадкай сумесі двух лятучых кампанентаў і саставам і ціскам насычанай пары, што знаходзіцца ў раўнавазе з вадкасцю. Тэарэтычна абгрунтаваны і эксперыментальна пацверджаны Дз.П.Канавалавым у 1881—84.
Першы К.з.: пры пастаяннай т-ры ціск насычанай пары раствору ўзрастае (памяншаецца) пры павелічэнні канцэнтрацыі ў ім таго кампанента, колькасць якога ў пары большая (меншая), чым у растворы; пры пастаянным ціску т-ра кіпення раствору ўзрастае (памяншаецца) пры павелічэнні канцэнтрацыі таго кампанента, колькасць якога ў пары меншая (большая), чым у растворы. Другі К.з.: у пункце экстрэмуму на крывой залежнасці ціску ад саставу раствору (пары) пры пастаяннай т-ры (на крывой канцэнтрацыйнай залежнасці т-ры кіпення пры пастаянным ціску) саставы вадкасці і пары, што суіснуюць у раўнавазе, аднолькавыя. К.з. з’яўляюцца асновай пры распрацоўцы метадаў рэктыфікацыйнага раздзялення рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТЫНЕНТА́ЛЬНЫЯ АДКЛА́ДЫ,
сукупнасць усіх адкладаў, якія ўтварыліся на сушы ці ва ўнутрымацерыковых вадаёмах. Паводле ўмоў намнажэння і пераўтварэння зыходнага асадку вызначаюць уласна наземныя (субаэральныя), падводныя (субаквальныя) і падлёдныя (субгляцыяльныя). Паводле дынамікі намнажэння, умоў залягання і заканамернасцей будовы вылучаюць адклады: элювіяльныя, што складаюць кару выветрывання; схілавы я, якія ўтвараюцца пры пераадкладанні прадуктаў разбурэння горных парод на схілах (дэлювій, саліфлюкцыя, абвалы, асыпкі, апоўзні); водныя (алювій, пралювій, азёрныя адклады); ледавіковыя і водна-ледавіковыя (марэны, ледавікова-рачныя, або флювіягляцыяльныя, ледавікова-азёрныя, або лімна-гляцыяльныя і інш.), эолавыя (лёсы, эолавыя пяскі); адклады, што непасрэдна звязаны з падземнымі крыніцамі (пячорныя, сталактыты, сталагміты і інш.). Асобную групу складаюць тэхнагенныя адклады (абвалы горных распрацовак, насыпы, дамбы і інш.). Ад марскіх адкладаў К.а. адрозніваюцца большай зменлівасцю саставу і нявытрыманасцю ў заляганні. К.а. змяшчаюць радовішчы вугалю, жал. руд, кааліну, вогнетрывалых глін, буд. матэрыялаў, россыпы высакародных металаў, алмазаў і інш.