РАСЕЛІ́НІ (Rossellini) Раберта (8.5.1906, Рым — 3.6.1977),

італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе. У першых фільмах «Белы карабель» (1941, пад кіраўніцтвам Ф. Дэ Рабертыса), «Пілот вяртаецца» і «Чалавек з крыжам» (абодва 1942) імкнуўся наблізіць маст. кінематограф да дакументальнага. Фільм «Рым — адкрыты горад» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1946) стаў маніфестам неарэалізму ў кіно. Значным быў і трагічны па гучанні антыфаш. фільм «Пайза» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі). Тэма маральнай дэградацыі, звязанай з грамадскім спадам канца 1940-х г., адлюстравана ў карцінах «Германія, год нулявы», «Машына забівае дрэнных» (абедзве 1948), «Дзе свабода?» (1953). Зняў шэраг фільмаў на рэліг. тэматыку: «Францыск, менестрэль Божы», «Стромбалі, зямля Божая» (абодва 1950), «Еўропа, 51» (1952). Пасля творчага крызісу вярнуўся да патрыят. і антыфаш. тэматыкі: «Генерал Дэла Раверэ» (1959, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «У Рыме была ноч», «Няхай жыве Італія!» (абодва 1960). У сярэдзіне 1960-х г. працаваў на тэлебачанні, дзе зняў шэраг фільмаў пра гіст. дзеячаў («Сакрат», 1970; «Блез Паскаль», 1971; «Дэкарт», 1973, і інш.) і гіст. падзеі («Гісторыя амерыканскай рэвалюцыі», 1971; «Італія, год першы», 1975).

т. 13, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМА́РЫЯ (стараж.-яўр. Шамрон; цяпер паселішча Себастыя каля г. Наблус, Іарданія),

старажытны горад у Палесціне. Засн. каля 880 да н.э. царом Ізраільскага царства Омры, пасля 876 да н.э. сталіца гэтага царства. З 729 да н.э. плаціла даніну Асірыі; у 722—721 да н.э. зруйнавана асірыйцамі, якія выселілі б.ч. насельніцтва і пазней засялілі С. перасяленцамі з розных абласцей асірыйскай дзяржавы. Змяшаўшыся з рэшткамі мясц. насельніцтва, перасяленцы стварылі пазней ядро самарыцян. У 6—4 ст. да н.э. С. — адм. цэнтр перс. правінцыі ў Палесціне. У 332 да н.э. заваявана Аляксандрам Македонскім, заселена македанянамі і сірыйцамі і развівалася як эліністычны горад. Каля 107 да н.э. зруйнавана хасманейскім правіцелем Гірканам I (гл. Макавеі). У 63 да н.э. ўключана ў рым. правінцыю Сірыя. У 30—20-я г. да н.э. цар Іудзеі Ірад I, атрымаўшы С. ад Аўгуста, адбудаваў яе і назваў Себастай. У 1 ст. н.э. С. — адзін з асяродкаў ранняга хрысціянства. Пасля Іудзейскай вайны 66—73 заселена рым. ветэранамі. У 2—3 ст. перажывала найб. росквіт. У час візант. ўладарання страціла б. значэнне, з 7 ст. звычайнае паселішча.

т. 14, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮСТЫНІЯ́Н I (Justinianos; 11.5.483, Таўрысій, Верхняя Македонія — 14.11.565),

імператар Візантыі [527—565]. З сялянскай сям’і. Адукацыю атрымаў пры двары свайго дзядзькі імператара Юстына I. У сваёй палітыцы, скіраванай на ўсталяванне неабмежаванай улады імператара, абапіраўся на сярэднія слаі землеўласнікаў і рабаўладальнікаў, на хрысціянскую царкву. Кадыфікаваў рым. права, рэфармаваў дзярж. апарат, армію, узмацніў кантроль за гандлем і рамяством. Лічыў сваёй задачай аднавіць Рым. імперыю ў былых яе межах: адваяваў Паўн. Афрыку, Сардзінію, Корсіку (533—534), Італію і Сіцылію (535—555), частку Пірэнейскага п-ва (554); вёў войны з Персіяй (527—532, 540—561) і славянамі. Садзейнічаў будаўніцтву гарадоў, ваен. умацаванняў, палацаў, храмаў, у т. л. Канстанцінопальскага Сафійскага сабора. Яго поспехі былі адносныя: імперыю ахоплівалі паўстанні (самарыцян у Палесціне ў 529—530, «Ніка» ў Канстанцінопалі ў 532 і інш.), склаліся прыкметы эканам. крызісу. Пры яго пераемніках усе заваёвы Ю. страчаны.

Літ.:

Агафий Миринейский. О царствовании Юстиниана: Пер. с греч. М., 1996;

Дашков С.Б. Императоры Византии. М., 1997;

Прокопий Кесарийский. Тайная история: Пер. с греч. Мн., 1999.

А.​Г.​Зельскі.

т. 18, кн. 1, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНЬКО́ Валеры Аляксеевіч (н. 29.8.1939, в. Вялікая Сліва Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Баранавіцкае мед. вучылішча (1958), БДУ (1967), Мінскую Вышэйшую парт. школу (1978). Вучыўся ў Мінскім мед. ін-це (1964—65). Працаваў фельчарам. З 1964 у газ. «Чырвоная змена», «Звязда», нам. гал. рэдактара час. «Здравоохранение Белоруссии», з 1972 у выд-вах «Беларусь», «Народная асвета», «Полымя». З 1992 дырэктар Бел. выдавецкага т-ва «Хата». Друкуецца з 1958. У зб-ках апавяданняў і аповесцей «Жыватворныя крыніцы» (1979), «Усё скончана: мы прайшлі па Маскве» (1993), «Не плач, маці» (1995), «Дахаты пойдуць усе» (1999) і інш. любоў да прыроды, філасафічнасць, містыка, прызнанне сілы і дзейнасці малітваў, стараж. бел. абярэгаў, прыкмет. Аўтар навук.-папулярных кн. «З вудай і стрэльбай» (1974, з М.​І.​Палескім, Р.​М.​Сяргеенкам), «Беларускія спартсмены ў баях за Радзіму» (1985, у сааўт.), «Размова з прыродай» (1990, з В.​Э.​Шомадзі), «Прыроды шчодрыя дары» (1992), «Дары лясоў, палёў, лугоў» (1994, абедзве з Н.​І.​Аляксейчык) і інш.

Тв.:

Гаворыць — Старажытны Рым, гавораць — пра Старажытны Рым: Афарызмы. прымаўкі, максімы. Мн., 2003.

т. 18, кн. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІУДЗЕ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,

назва дзвюх стараж.-яўр. дзяржаў у Паўд. Палесціне. Першая (раннерабаўладальніцкая) дзяржава ўзнікла ў 928 да н.э. ў выніку распаду Ізраільска-Іудзейскага царства (існавала з 11 ст. да н.э.) і знаходзілася пад уладай нашчадкаў Давіда. Сталіца — Іерусалім, дзе знаходзіўся храм бога Яхве — гал. рэліг. цэнтр іудаізму. Аснову эканомікі складалі земляробства і жывёлагадоўля. Уварванне егіпцян у гады праўлення Рэхаваама (928—911 да н.э.) і войны з Ізраільскім царствам аслабілі І.ц. Аднак пры цару Узіі [785—733 да н.э.] яно аднавіла кантроль над Ідумеяй і атрымала выхад да Чырвонага мора. Пасля разгрому Ізраільскага царства асірыйцамі (722 да н.э.) І.ц. стала даннікам Асірыі. Асірыйскае панаванне ліквідавана пры цару Іасіі [639—609 да н.э.], які далучыў да І.ц. большую ч. тэр. Ізраільскага царства. У 587 да н.э. І.ц. заваявана вавілонскім царом Навухаданосарам II, Іерусалім і храм разбураны, большасць насельніцтва выведзена ў палон. Другое І.ц. ўзнікла ў выніку паспяховага нац.-вызв. паўстання іудзеяў супраць улады сірыйскіх правіцеляў Селеўкідаў (167 да н.э.). Яго межы не былі пастаяннымі, тэр. ядро разам з уласна Іудзеяй складалі Галілея і Самарыя. Сталіца — Іерусалім. У 165—37 да н.э. на чале ўлады знаходзілася дынастыя Хасманеяў, прадстаўнік якой Арыстобул I [104—103 да н.э.] першы афіцыйна прыняў царскі тытул. Хасманеі ваен. шляхам далучылі да І.ц. новыя тэр., насельніцтва якіх прымусова іудаізавалася. У 63 да н.э. Іерусалім захапіў рым. палкаводзец Пампей Вялікі. З гэтага часу І.ц. знаходзілася пад пратэктаратам Рыма, а яго правіцелі былі рым. стаўленікамі. Апошнімі іудзейскімі царамі, пад уладай якіх знаходзіліся ўласна Іудзея, Самарыя, Галілея і інш. тэрыторыі, былі прадстаўнікі Ідумейскай дынастыі: Ірад I [37—4 да н.э.] і яго ўнук Агрыпа I [41—44 Н.э.]. У 6—41 і з 44 н.э. Іудзея — рым. правінцыя.

Літ.:

Иосиф Флавий. Иудейская война. Мн., 1991;

Яго ж. Иудейские древности. Т. 1—2. Мн., 1994.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУХО́ВІЧ Тэадор Геранім (1643 — 14.4.1707),

дзярж. дзеяч ВКЛ, мемуарыст. Сын П.К.Абуховіча. У 1657—69 пры двары караля Яна Казіміра Вазы. У 1672 і ў 1678—1700 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. У 1673 удзельнічаў у бітве пад Хоцінам супраць туркаў. Паломнічаў у Рым (1674). Падкаморы (1693) і кашталян (1700) навагрудскі. Аўтар «Дыярыуша», які ахоплівае падзеі грамадска-паліт. жыцця Рэчы Паспалітай 1656—1700.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́КТАР ЭМАНУІ́Л III (Vittorio Emanuele; 11.11.1869—28.12.1947),

апошні кароль Італіі [1900—46]. У 1922 пасля «Маршу на Рым» Б.Мусаліні прызначыў яго кіраўніком урада. Падтрымліваў фаш. дыктатуру ў Італіі. У 1943 пад пагрозай масавых хваляванняў у краіне адхіліў Мусаліні ад улады (т.зв. дварцовы пераварот 25.7.1943). Каб захаваць манархію, 5.6.1944 перадаў уладу свайму сыну Умберта, 9.5.1946 адрокся ад прастола. У выніку рэферэндуму 18.6.1946 Італія абвешчана рэспублікай.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ,

у старажытна-рым. міфалогіі багіня перамогі. Асн. яе сімвалы — пераможны вянок і крылы. У Рыме Вікторыі былі прысвечаны храм на ўзгорку Палацін і алтар у курыі сената, узведзеныя ў часы праўлення Аўгуста. У надпісах і на манетах эпохі імперыі Вікторыя — увасабленне перамогі імператара ў вайне. У стараж.-грэч. міфалогіі ёй адпавядае Ніка.

Вікторыя. Рэльеф аркі імператара Дыяклетыяна. Канец 3 ст.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАУ́ДЫ (лац. Bagaudae),

удзельнікі антырым. руху ў Галіі і паўн. Іспаніі ў 3—5 ст. Асн. масу багаудаў складалі збяднелыя сяляне, дробныя рамеснікі, калоны, збеглыя рабы. Выступленні багаудаў пачаліся ў 283—285 (або 269—270). Атрады багаудаў нападалі на вілы буйных землеўладальнікаў і слаба абароненыя гарады. Правадыры багаудаў Аманд і Эліян былі абвешчаны імператарамі. Рух багаудаў падаўляўся рым., потым вестгоцкімі палкаводцамі.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНІКАЎ Пётр Рыгоравіч (н. 8.3.1930, в. Зіноўкіна Чырвонаслабодскага р-на, Мардовія),

расійскі спартсмен (лёгкая атлетыка). Засл. майстар спорту СССР (1959). Скончыў ін-т фіз. культуры ў Маскве (1967). Алімп. чэмпіён (1960, Рым), чэмпіён Еўропы 1962, СССР у 1957—62, 1964, рэкардсмен свету ў 1960—63 у бегу на 5 і 10 тыс. м. Прэзідэнт Цэнтр. савета т-ва «Спартак», трэнер-выкладчык (да 1993).

т. 2, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)