ПАН,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі першапачаткова бог лясоў і статкаў, апякун пастухоў і паляўнічых, пазней — апякун усёй прыроды. Лічыўся сынам Гермеса ад Пенелопы або ад німфы Дрыёпы. Стараж. мастакі і скульптары паказвалі яго ў выглядзе паўчалавека-паўказла. П. меў лагодны нораў, але калі парушалі яго спакой, моцна злаваўся і наганяў на людзей жах (адсюль выразы «паніка», «панічны страх»); вызначаўся прыхільнасцю да віна і весялосці, палкай улюбёнасцю ў німфаў, якіх часта праследаваў.

Пан. Карціна М.​Урубеля. 1899.

т. 12, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАБЫ́ТНАЕ ГРАМА́ДСТВА (абшчынна-родавае, родавае грамадства),

гістарычная эпоха ад з’яўлення першых людзей да ўзнікнення дзяржавы. Характарызуецца калектыўнай працай і спажываннем. Пачало складвацца больш як 1,5 млн. г. назад. Развівалася разам са станаўленнем чалавека, удасканаленнем метадаў выкарыстання гатовых дароў прыроды, а потым і развіццём прадукцыйных сіл. Прайшло некалькі этапаў станаўлення і развіцця: першабытны чалавечы статак (праабшчына), ранняя родавая абшчына (каменны век), пазнародавая патрыярхальная абшчына (бронзавы век), распад родаплемяннога ладу і пераход да феадалізму (жалезны век).

т. 12, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКАПО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Мікалаевіч; н. 1.11.1948, в. Пугачова Брэсцкага р-на, цяпер у межах Брэста),

бел. паэт. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1970). Настаўнічаў, працаваў на радыё і тэлебачанні. З 1984 сакратар Брэсцкага абл. аддз. Саюза пісьменнікаў Беларусі, з 1994 працуе на Брэсцкай студыі тэлебачання.

Друкуецца з 1966. Зб-кі «Неад’емнае» (1982), «На кругі свае» (1986), «Мяжа надзеі» (1993) пра дабрыню, сяброўства, каханне, гісторыю роднага народа, клопат пра захаванне прыроды, складаныя праблемы сучаснасці.

т. 12, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЭ́ВІЦКАЯ ГАРА́,

геамарфалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 150 м на Пн ад в. Пуцэвічы, паміж вёскамі Мітраполь і Грабнікі Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Выш. да 321,9 м, даўж. 750 м, шыр. 600 м, пл. 0,85 км². П.г. — купалападобнае ўзняцце (гляцыякупал), што ўтварылася каля 220—150 тыс. г. назад паміж лопасцямі на краю ледавіка пры выцісканні супескаў ў вышэйляжачую тоўшчу пяску, пясчана-жвірова-галечных і марэнных адкладаў.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ГІСТО́РЫКА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1920 па ініцыятыве археолага і краязнаўца Ю.Ядкоўскага, адкрыты ў 1922. Зберагаў калекцыі дакументаў 15—17 ст., творы выяўл. мастацтва 17—19 ст., вырабы гродзенскіх каралеўскіх мануфактур 18 ст. У Вял. Айч. вайну частка калекцыі загінула. З 1945 размяшчаецца ў Гродзенскім Старым замку і палацы Стафана Баторыя. Пл. экспазіцыі 2380 м², больш за 129 тыс. экспанатаў асн. фонду (1994), у т. л. фонд старадрукаў і рэдкай кнігі (20 тыс. экз.). Аддзелы: гісторыі Гродзеншчыны, прыроды краю, мастацкі. Сярод матэрыялаў археал. знаходкі з раскопак Замкавай Гары ў Гродне, Краснасельскага археалагічнага комплексу, гарадзішчаў 11—13 ст., узоры бел. скорапісу на пергаменце, вырабы гродзенскіх рамеснікаў 17—18 ст., гродзенскія падвойныя дываны. Экспануюцца прадметы, звязаныя з падзеямі паўстання 1863—64 на чале з К.​Каліноўскім, рэв. і нац.-вызв. рухам у Зах. Беларусі, паказаны партыз. рух, дзейнасць падп. патрыят. арг-цый у Вял. Айч. вайну. У аддзеле прыроды экспанаты з расліннага і жывёльнага свету, карысныя выкапні краю. Мастацкі аддзел праводзіць выстаўкі выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Музей выдае зб. «Краязнаўчыя запіскі» (з 1990). Філіялы: Дом-музей М.​Багдановіча, Дом рамёстваў.

В.​М.​Царук.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. irrationalis неразумны),

1) філасофская плынь, якая абмяжоўвае або адмаўляе магчымасці розуму, мыслення ў працэсе пазнання, асновай пазнання прызнае інтуіцыю, пачуццё, інстынкт. І. не тоесны агнастыцызму, прадстаўнікі якога ў метадалагічным плане зыходзяць з прынцыповай немагчымасці пазнання свету. У вузкім сэнсе да І. адносяць філас. плыні 18—19 ст., якія выступалі антыподамі філасофіі эпохі Асветніцтва і Новага часу («філасофія пачуцця і веры» Ф.​Г.​Якобі, «філасофія адкрыцця» Ф.​Шэлінга, валюнтарысцкія канцэпцыі А.​Шапенгаўэра і Ф.​Ніцшэ, тэалагічныя вучэнні С.​К’еркегора, «філасофія бессвядомага» Э.​Гартмана і інш.), а таксама канца 19—20 ст. («філасофія жыцця» В.​Дзільтэя, «інтуітывізм» А.​Бергсона, «філасофія існавання» М.​Хайдэгера, неатамісцкія канцэпцыі Ж.​Марытэна і Э.​Жыльсона і інш.).

2) У этыцы І. — метадалагічны прынцып тлумачэння прыроды маральнасці, які аб’ядноўвае шэраг шкал (экзістэнцыялізм, неапратэстантызм, «гуманістычная» этыка, этыка самарэалізацыі і інш.). Лічыцца, што «сапраўдная» мараль, як і быццё чалавека ўвогуле, не паддаюцца ніякім вызначэнням і абагульненням, знаходзяцца па-за законамі прыроды і грамадства; у ёй чалавек сцвярджае сябе як абсалютна свабодная істота.

Літ.:

Исторические типы философии М., 1991;

Библер В.С. Нравственность. Культура. Современность. М., 1990.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́СЬКАЎ КА́МЕНЬ,

помнік прыроды Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Аўгустова Валожынскага р-на Мінскай вобл., на схіле марэннай грады, у лесе. Валун сіеніту даўж. 3,9 м, шыр. 3,2 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11 м, аб’ём 21 м³, маса каля 56 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад з Пд Фенаскандыі. Памеры бачнай часткі Васькава каменя былі значна большыя да ўзрыву, якім у свой час спрабавалі разбурыць валун.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 4, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НІЧКАЎ (Дзмітрый Сяргеевіч) (1733—1.5.1788),

рускі асветнік, філосаф. Праф. філасофіі і матэматыкі Маскоўскага ун-та (з 1771). Паслядоўнік філасофіі Х.Вольфа. У дысертацыі «...Пра пачатак і паходжанне натуральнага богашанавання...» (1769), напісанай з пазіцый дэізму, паходжанне рэлігіі тлумачыў страхам людзей перад незразумелымі сіламі прыроды, неадукаванасцю. За свае погляды зазнаў ганенні царквы і часткі прафесуры. У тэорыі пазнання развіваў ідэі матэрыялістычнага сенсуалізму.

Тв.:

У кн.: Избранные произведения русских мыслителей второй половины XVIII века. М., 1952. Т. 1. С. 112—184.

т. 1, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФРЫ́З (ад анты... + лац. freeze замярзаць),

вадкасць з нізкай тэмпературай замярзання, прызначаная для ахаладжэння рухавікоў унутр. згарання, радыёэлектроннай апаратуры, прамысл. цеплаабменнікаў, якія працуюць пры нізкіх т-рах. Як антыфрыз выкарыстоўваюць водныя растворы этыленгліколю, гліцэрыны, спіртоў (метылавага, этылавага і ізапрапілавага), неарган. соляў (пераважна хлорыстага кальцыю); т-ра замярзання залежыць ад прыроды і канцэнтрацыі рэчываў і можа быць ад -10 да -75 °C. У тэхніцы выкарыстоўваюць 52,6 і 66%-ныя растворы этыленгліколю з т-рай замярзання -40 і -65 °C адпаведна.

т. 1, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЧНАСЦЬ,

непасрэднае, пачуццёвае ўспрыманне чалавекам з’яў прыроды і грамадства. У філасофіі называецца ўяўнасцю. Па сутнасці мае аб’ектыўную аснову, але звычайна не адпавядае ёй, бо адлюстроўвае тое, што ляжыць на паверхні, што бачна вонкава і часта залежыць ад рэальных умоў назірання, будовы органа ўспрымання (напрыклад, уяўны злом прадмета, часткова апушчанага ў ваду; бачны рух Сонца вакол Зямлі і інш.). Задача пазнання — звядзенне бачнасці да аб’ектыўнай сутнасці і вытлумачэнне яе ў знешніх формах, з’явах (гл. Сутнасць і з’ява).

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)