АКІЯ́Н, Сусветны акіян (ад грэч. Ōkeanos вялікая рака, якая абцякае Зямлю),
неперарыўная водная абалонка Зямлі, якая акружае мацерыкі і астравы, мае агульны салявы састаў. Пл. 361,06 млн.км². Акіян займае каля 70,8% зямной паверхні (60,7% Паўн., 80,9% Паўд. паўшар’яў). Сярэдняя глыб. 3795 м, макс. 11 022 м (Марыянскі жолаб у Ціхім ак.). Складае 94% гідрасферы. Змяшчае 1370 млн.км³ вады (гл.табл.), што складае 0,1% ад аб’ёму зямнога шара. Паводле фізіка-геагр. уласцівасцяў акваторыя акіяна падзяляецца на Ціхі акіян, Атлантычны акіян, Індыйскі акіян, Паўночны Ледавіты акіян. Умоўна вылучаецца Паўднёвы акіян вакол Антарктыды. Вывучае акіян акіяналогія.
Рэльеф і геалагічная будова дна. У рэльефе дна вылучаюцца 4 планетарныя морфаструктуры. Падводная ўскраіна мацерыкоў — затопленая частка мацерыковых платформаў з адносна спакойным тэктанічным рэжымам. Характарызуецца кантынентальным тыпам зямной кары магутнасцю да 35 км. Займае глыбіні да 1400—3200 м. Падзяляецца на шэльф, мацерыковы схіл і мацерыковае падножжа. На большай частцы перыферыі Ціхага ак., на ПнУ Індыйскага, а таксама ў морах Карыбскім, Міжземным і Скоша (Скотыя) паміж мацерыковым падножжам і ложам акіяна выяўлена пераходная зона з геасінклінальным тыпам зямной кары (гл.Геасінкліналь), дзе адбываюцца сцісканне зямной кары, інтэнсіўныя вертыкальныя рухі, сейсмічнасць і вулканізм, якія па-рознаму праяўляюцца ў межах зоны. Да яе прымеркаваны глыбакаводныя жалабы. Адзін з гал. элементаў рэльефу і тэктанічных структур дна — ложа акіяна. Займае самыя глыбокія, акрамя глыбакаводных жалабоў, часткі (4000—7000 м). Яму ўласцівы тонкая (да 8 км) акіянская кара, асаблівы тып вулканізму і разломнай тэктонікі, слабая сейсмічнасць, запаволеныя адмоўныя рухі. Рэльеф дна ўтвораны чаргаваннем вял. катлавін і падняццяў. Над ложам акіяна на выш. 4—5 км, зрэдку да 10 км узнімаюцца сярэдзінна-акіянскія хрыбты. Яны распасціраюцца праз усе акіяны, маюць рыфтагенальны тып зямной кары, характарызуюцца лінейнымі магнітнымі анамаліямі, высокай сейсмічнасцю і вулканізмам. У рэльефе спалучаюцца рыфтавыя даліны і хрыбты, папярочныя разломы, вулканічныя масівы, плато, гаёты.
Паходжанне акіяна. Мяркуюць, што воды акіяна маглі ўтварыцца пры дэферэнцыяцыі мантыі Зямлі. Паводле тэорыі тэктонікі пліт, акіяны ўзніклі пры распадзе стараж. мацерыкоў, калі часткі мацерыкоў рассоўваліся ў процілеглыя бакі. Лічыцца, што Атлантычны ак. утварыўся каля 160—180 млн. гадоў назад (юрскі перыяд), Ціхі і Індыйскі ак. ўзніклі раней.
Донныя адклады. Магутнасць акіянскіх адкладаў вагаецца ад 2000—3000 м у прымацерыковых зонах да дзесяткаў метраў на сярэдзіннаакіянскіх хрыбтах. Адзначаны 3 зоны макс. магутнасці адкладаў: каля экватара, на Пн ад 40°паўн. ш. і на Пд ад 40°паўд. ш. Узрост асадкавай тоўшчы мяняецца ад восевай часткі сярэдзіннаакіянскіх хрыбтоў (пліяцэн-плейстацэн) да краявых частак акіяна, дзе яны больш старажытныя. Сярод донных адкладаў вылучаюць тэрыгенныя, якія ўтвараюцца ў выніку размывання сушы, біягенныя (карбанатныя і крамяністыя), вулканагенныя, палігенныя (змешанага паходжання) і аўтыгенныя (аалітавыя і жалеза-марганцавыя канкрэцыі). Найб. плошчы дна акіяна займаюць карбанатныя глеі (каля 150 млн.км²) і глыбакаводная чырвоная гліна (больш за 110 млн.км², гл.Марскія адклады).
Хімізм і салёнасць вады. У акіянскай вадзе растворана каля 80 хім. элементаў, сярэдняя канцэнтрацыя іх каля 35 г/л. Усяго ў акіяне растворана 5∙1022г соляў. Салёнасць вады выражаецца ў праміле, абазначаецца ‰ (1‰ адпавядае 1 г/1 кг). Сярэдняя салёнасць вады на паверхні 34,7‰, У адкрытым акіяне — ад 31,4‰ у Паўн. Ледавітым ак. да 37,25‰ у трапічных водах Атлантычнага ак., каля берагоў Антарктыды 33,93‰, на экватары 32—34‰. У Паўн. паўшар’і салёнасць акіяна ніжэйшая, чым у Паўднёвым. Пераважаюць солі хларыдаў, натрыю і магнію (88,7‰) і сульфатаў магнію, кальцыю і калію (10,9‰; гл. таксама Марская вада). У вадзе раствораны таксама кісларод (паступае з атмасферы і ўтвараецца зялёнымі водарасцямі), вуглякіслы газ і інш., ад якіх залежыць жыццё арганізмаў у акіяне. У халоднай вадзе растворанага кіслароду больш (у палярных шыротах у прыпаверхневых водах да 10 мл/л, у цёплых трапічных шыротах 4 мл/л). На глыб. 1000 м і глыбей растворанага ў вадзе кіслароду 2—3 мл/л. У маларухомых частках акіяна на глыбіні намнажаецца серавадарод ад перагнівання арган. рэшткаў.
Тэмпературны рэжым. Гал. крыніцай цяпла, што вызначае т-ру вады акіяна, з’яўляецца сонечная радыяцыя, 3—45% якой у залежнасці ад вышыні Сонца над гарызонтам і ад хвалявання адбіваецца ў сусветную прастору (гл.Альбеда). Больш за 99% сонечнай радыяцыі, якая ўвайшла ў ваду акіяна, паглынаецца ў яе верхніх слаях. Акіян з’яўляецца акумулятарам цяпла і моцна ўплывае на клімат Зямлі. Сярэднегадавая т-ра вады на паверхні акіяна 17,5 °C (у Паўн. паўшар’і яна вышэй, чым у Паўд.). Самы цёплы Акіян — Ціхі (19,4 °C), самы халодны — Паўн. Ледавіты (-0,8 °C). Тэрмічны экватар у акіяне ссунуты на Пн ад геаграфічнага (сярэдняя т-ра вады складае 26—28 °C), у палярных шыротах яна блізкая да нуля або адмоўная (-1,5, -1,9 °C). З глыбінёй т-ра зніжаецца, на глыб. 1000 м яна ніжэй за 5 °C, у прыдоннай зоне складае 1,4—1,8 °C, у палярных абласцях ніжэй за 0 °C (-0,5, -1,5 °C).
Цыркуляцыя вады. У акіяне існуе адзіная сістэма ўстойлівых цячэнняў (гл.Марскія цячэнні), якая забяспечвае перанос і ўзаемадзеянне водаў. Асн. паверхневыя цячэнні ўзнікаюць пад уплывам пастаянных вятроў. Цячэнні захопліваюць масы вады да глыб. 150—200 м і ўтвараюць антыцыкланальныя кругавароты ў трапічных і субтрапічных шыротах (пасатныя цячэнні) і цыкланальныя ва ўмераных і палярных шыротах. Паверхневыя цячэнні, накіраваныя ад экватара да полюсаў, цёплыя, у адваротным напрамку — халодныя. Прынос да берагоў мацерыкоў цёплай вады цячэннямі і награванне паветр. масаў над імі моцна ўплываюць на клімат прыбярэжных і далёкіх ад акіяна краін (зімовыя адлігі на Беларусі тлумачацца прытокам цёплага паветра з Атлантычнага ак.). Каля ўзбярэжжаў мацерыкоў назіраецца выхад на паверхню глыбінных водаў акіяна (гл.Апвелінг), якія багатыя пажыўнымі рэчывамі і спрыяюць развіццю разнастайных арганізмаў. Падняцце водаў на паверхню ў адкрытым акіяне адбываецца ў месцах разыходжання цячэнняў (у зонах дывергенцыі) і ў цыкланальных кругаваротах. Апусканне водаў звязана з канвергентнымі зонамі, дзе сутыкаюцца цячэнні, і з антыцыкланальнымі кругаваротамі. Глыбінныя цячэнні ўзнікаюць ад рознай шчыльнасці вады. У прыдоннай зоне існуюць арктычныя і асабліва развітыя антарктычныя цячэнні, якія дасягаюць 30—40°паўн. ш.
Хвалі ў акіяне выклікаюцца вятрамі, хуткай зменай атм. ціску (гл.Сейшы), моратрасеннямі (гл.Цунамі). Прылівы (і адлівы) абумоўлены прыцяжэннем Месяца і Сонца (прыцяжэнне Месяца ўдвая большае за сонечнае). У адкрытым акіяне вышыня прыліваў каля 1—2 м, у залівах да 18 м (Фанды на Атлантычным узбярэжжы Канады).
Арганічны свет. Жывыя арганізмы насяляюць акіян ад паверхні да найбольшых глыбіняў. Паводле месцаў існавання адрозніваюць планктон (пасіўнаплаўныя), нектон (актыўнаплаўныя) і бентас (донныя арганізмы). Па экалагічных умовах вылучаюцца супольніцтвы літаралі і пелагіялі. У акіяне існуе каля 160 тыс. відаў жывёл: 80 тыс. малюскаў, больш за 20 тыс. ракападобных, 16 тыс. рыб, каля 15 тыс. прасцейшых і інш. З млекакормячых ёсць ластаногія і кітападобныя (самая буйная жывёла на Зямлі — сіні кіт). У акіяне і на яго ўзбярэжжах жывуць шматлікія віды птушак. З 15 тыс. відаў раслін найбольш аднаклетачных водарасцяў (да 80% фітамасы акіяна).
Прыродныя рэсурсы. Рэсурсы акіяна падзяляюцца на біялагічныя (харчовыя), сыравінныя (мінеральныя, хімічныя, водныя), энергетычныя і рэкрэацыйныя. Штогод у акіяне здабываюць каля 75—80 млн.т морапрадуктаў (84,5% складае рыба, 11,4% беспазваночныя, 4,1% водная расліннасць). Здабываюць (% ад сусветнай здабычы) нафты каля 30, газу 20, брому 90, ільменіту 80, магнію 60, цыркону і рутылу 50, касітэрытаў 40, шмат жал. руды, золата, плаціны, алмазаў і інш. Мае значную колькасць энергіі розных відаў: прыліваў (ацэньваецца ў 1 млрд.кВт), цячэнняў, хваляў, розніцы т-ры і салёнасці і інш., агульная магутнасць якой прыкладна 200 млрд.т умоўнага паліва, што ў 20 разоў перавышае гадавую патрэбу ў свеце. Пабудаваны прыліўныя (у Францыі, Расіі, Кітаі і інш.) і гідратэрмальная (у Кот-д’Івуары) электрастанцыі. Вял.гасп. значэнне мае марскі транспарт.
Ахова прыроднага асяроддзя. Рэгламентацыя дзейнасці чалавека ў акіяне прадугледжана шэрагам міжнар. пагадненняў і заканадаўствам асобных дзяржаў. Міжнар. права ўсталёўвае рэжым работы па некалькіх кірунках: рэжым акваторый; гандлёвае суднаходства; ваеннае мараплаванне; навук. даследаванні; дно і нетры; ахова асяроддзя (захаванне марскога асяроддзя і экалагічнай раўнавагі пры выкарыстанні рэсурсаў акіяна, прадухіленне забруджвання, асабліва радыенукліднага, падтрыманне біял., хім. і фіз. суадносін, недапушчальнасць прычынення шкоды фауне, флоры, дну, атмасферы і касм. прасторы над акіянам).
Літ.:
Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВАЯ АМЕ́РЫКА,
мацярык у Зах. паўшар’і, разам з Паўночнай Амерыкай утварае частку свету Амерыка. Пл. з астравамі 18,28 млн.км², без астравоў 18,1 млн.км². Паўн. пункт — мыс Гальінас 12°25′паўн. ш., паўд. — мыс Фроўард 53°54′паўд. ш. (мыс Горн на в-ве Горн — 55°59 паўд. ш.), усх. — мыс Кабу-Бранку 34°46 зах. д., зах. — мыс Парыньяс 81°20′зах. д. Працягласць з Пн на Пд 7150 км, з У на З да 5150 км. На Пн Панамскім перашыйкам злучана з Паўн. Амерыкай, абмываецца Карыбскім м., на У — Атлантычным ак., на З — Ціхім ак., на Пд — Магеланавым пралівам. Берагі пераважна прамыя, на ПдЗ значна парэзаны фіёрдамі. Асобныя залівы глыбока ўразаюцца ў сушу: на З — Гуаякіль, на Пн — Венесуэльскі і возера-лагуна Маракайба, на ПдУ — Ла-Плата. Да П.А. адносяць архіпелагі Вогненная Зямля і Чылійскі, а-вы Галапагас, Фалклендскія (Мальвінскія) і інш.
Рэльеф. Сярэдняя вышыня П.А. над узр. м. 580 м. На З — горная сістэма Андаўвыш. да 6960 м (г. Аканкагуа), складаецца з горных ланцугоў і высокіх плато паміж імі. На УБразільскае пласкагор’е і Гвіянскае пласкагор’е. Паміж Андамі і пласкагор’ямі Амазонская нізіна, раўніны і нізіны Гран-Чака, Лаплацкая нізіна і нізіна Арынока; паверхня іх раўнінная, рачныя даліны ўрэзаны слаба. На Пд плато Патагоніі.
Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах вылучаюцца 2 асн. структуры: геасінклінальная на 3, платформавая на У. Фарміраванне Андаў пачалося ў познім палеазоі — мезазоі. Гораўтварэнне не закончылася (бываюць землетрасенні і вулканічныя вывяржэнні). На У платформавыя структуры: Паўд.-Амерыканская і Патагонская платформы. Стараж. архейскі фундамент выходзіць на паверхню ў Гвіянскім, Зах.-Бразільскім і Усх.-Бразільскім шчытах. За межамі шчытоў тэр. платформ перакрыты пераважна кантынентальнымі адкладамі. Паміж платформавай і геасінклінальнай абласцямі — тэктанічныя ўпадзіны Арынока, Гран-Чака, Ла-Плата; паміж Андамі, Гвіянскім і Зах.-Бразільскім шчытамі — Амазонская ўпадзіна. Упадзіны запоўнены марскімі адкладамі і прадуктамі разбурэння гор. Платформы пачалі фарміравацца ў дакембрыі, у кембрыі злучыліся ў адзін масіў. У трыясе ў бас.р. Парана ўтварыліся разломы і адбыліся вывяржэнні базальтавых лаў.
Карысныя выкапні. П.А. багата карыснымі выкапнямі. Радовішчы нафты і прыроднага газу ў міжгорных і перадгорных прагінах, у прагінах платформ. Найб. запасы ў Венесуэле, Аргенціне, Бразіліі, Калумбіі, ёсць у Эквадоры, Перу, Чылі, Балівіі. Каменны вугаль у Бразіліі, Калумбіі, Венесуэле, Чылі. Вял. запасы медных (Чылі, Перу), жал. (Бразілія, Перу, Венесуэла), марганцавых, тытанавых і хромавых (Бразілія), ванадыевых (Венесуэла, Бразілія, Чылі), вальфрамавых (Балівія, Перу), залатых (Бразілія, Аргенціна, Чылі, Перу), малібдэнавых (Чылі), нікелевых (Бразілія, Калумбія, Венесуэла), алавяных (Бразілія, Балівія), сурмяных (Балівія), уранавых (Бразілія, Аргенціна, Перу), плацінавых (Калумбія), свінцовых і цынкавых (Перу, Бразілія), сярэбраных (Перу, Балівія) руд; баксітаў (Бразілія, Венесуэла, Сурынам). Ёсць рэдкаметальныя руды (берыліевыя, літыевыя, ніобіевыя, танталавыя, цырконавыя), горнахім. сыравіна (барый, борныя руды, калійныя солі, самародная сера, натрыевая салетра. флюарыт, фасфарыты і інш.), алмазы, каштоўныя і вырабныя камяні і інш.
Клімат П.А. абумоўлены размяшчэннем яе пераважна ў экватарыяльным і паўд. трапічным паясах. Характэрна вял. і амаль раўнамернае (акрамя крайняга Пд) паступленне сонечнага цяпла. Сезонныя кліматычныя адрозненні залежаць ад сонечнай радыяцыі, агульнай цыркуляцыі атмасферы, цэнтраў высокага ціску атмасферы. Пераважае экватарыяльная і мусонна-пасатная цыркуляцыя паветра з Атлантычнага ак. На З Амазонскай нізіны вільготны экватарыяльны гарачы клімат без сухога перыяду, на У Амазонскай нізіны — субэкватарыяльны, на Пд — субтрапічны і ўмераны клімат. У паўн. раўніннай частцы т-ра паветра ўвесь год каля 20—28 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год у бас. рэк Арынока і Амазонка. У студз. на Бразільскім пласкагор’і 20—28 °C, у ліп. 12—25 °C, на Лаплацкай нізіне адпаведна 20—24 і 8—16 °C, у Патагоніі 12—23 і 3 °C. Ападкаў на Бразільскім пласкагор’і ад 500 мм на ПнУ да 2000 мм у большай частцы і да 3000 мм на ПдУ, на Лаплацкай нізіне ад 500 мм да 1000 мм, у Патагоніі каля 250 мм. Снегавая лінія ў гарах экватарыяльнай зоны на выш. каля 5 тыс.м, на Пд на выш. каля 1000—1200 м. Максімум ападкаў — да 10 000 мм у гарах на З Калумбіі, да 7000 мм на Пд Чылі; на ўзбярэжжах Перу і Паўн. Чылі (у пустыні Атакама) менш за 100 мм за год.
Унутраныя воды. Па велічыні гадавога сцёку П.А. займае 2-е месца ў свеце — каля 20% сцёку рэк Зямлі (каля 7900 км³/год), па сярэднім слоі сцёку (440 мм) на 1-м месцы ў свеце. Больш за 90% тэр. мацерыка адносіцца да бас. Атлантычнага ак.Найб. рэкі: Амазонка (самая мнагаводная і вял. па пл. басейна ў свеце), Арынока, Парана з Парагваем, Сан-Франсіску, Магдалена. Пераважае дажджавое жыўленне рэк, на Пд Патагоніі снегавое, у Андах месцамі ледавіковае. У экватарыяльных раёнах летнія дажджавыя паводкі і памяншэнне расходаў зімой. Пастаянна паўнаводныя рэкі на З Амазонскай нізіны і на Пд Бразільскага пласкагор’я. Максімум сцёку рэк позняй вясной і летам у Патагоніі і Сярэднім Чылі. На Пн Чылі ў пустыні Атакама сцёк толькі перыядамі. Буйныя азёры Маракайба (на Пн), Тытыкака (на выш. 3812 м) і інш. У Андах ледавікі (больш за 20 тыс.км²), найб. на Пд і на Вогненнай Зямлі.
Глебы і расліннасць. На раўнінах П.А. шыротная занальнасць глеб і расліннасці. У бас.р. Амазонка і на Гвіянскім пласкагор’і вільготныя лясы (гілея) на чырвона-жоўтых латэрытах. Шмат балот. Расліннасць багатая і разнастайная: пальмы, дрэвападобныя папараці, гевея, сейба, фікусы, архідэі. На Пн і Пд ад экватарыяльнай зоны ўмерана вільготныя вечназялёныя лясы і саванны розных тыпаў (льянасы ў бас.р. Арынока, кампас і каатынга на Бразільскім пласкагор’і) на чырвоных, карычнева-чырвоных, чырвона-бурых латэрытных тыпах глеб. Расліннасць у каатынзе — засухаўстойлівыя бутэлечныя і калючыя дрэвы, лісцевыя і сцябловыя сукуленты, у кампасе менш засухаўстойлівыя нізкарослыя дрэвы, кусты і злакі, у льянасах — акацыі, мімозы, кактусы, травы. На Пд Бразільскага пласкагор’я лясы з бразільскай араўкарыі, лісцевых дрэў, кустоў. У бас.р. Парана і на Лаплацкай нізіне на Пн трапічныя лясы і рэдкалессі (кебрача, альгараба і інш.), глебы карычнева-чырвоныя, шэра-карычневыя, шэразёмы, на Пд пампа — злакавае разнатраўе на чарназёмах. У Патагоніі расліннасць паўпустынная, куставая, на бурых, пераважна друзавых, глебах. У Андах выяўляецца верт. пояснасць: у паўд. Андах лясы з паўд. буку, араўкарый, на ўсх. схілах пераважна лясная, на З, Паўн. Чылі і Перу, а таксама ва ўнутр. раёнах — пустынная і паўпустынная расліннасць. П.А. — радзіма бульбы, тытуню, батату, маніёку, гевеі, арахісу і інш.
Жывёльны свет. П.А. ўваходзіць у Неатрапічную біягеаграфічную вобласць. Жывёльны свет багаты і своеасаблівы. Для большай ч. мацерыка характэрны браняносцы, тапіры, пекары, ягуар, грывасты воўк, малпы, яноты, скунсы, дзікабразы; з птушак — туканы, папугаі, калібры, гаацын, кондар; у рэках — ламанціны, рачныя дэльфіны, каля 2 тыс. відаў рыб. Мноства насякомых і павукоў. У саваннах і рэдкалессях алені, грызуны, страус нанду, на Пд у пампе, стэпах і паўпустынях пума, пампасны алень, грызуны. У пустынных высакагор’ях — гуанака і вікунья, рэліктавы мядзведзь-акулярнік. Шмат эндэмікаў: шыраканосыя малпы, ляніўцы, мурашкаеды, апосумы.
Насельніцтва. У П.А. жыве каля 350 млн.чал. (1999). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 19,1 чал. на 1 км². Найбольшая (больш за 100 чал. на 1 км²) у міжгорных далінах Андаў, у сярэдняй ч. Чылі, найб. асвоеных раёнах Аргенціны і Бразіліі. Найменшая шчыльн. (каля 1 чал. на 1 км²) у асобных раёнах бас.р. Амазонка, самых высакагорных раёнах Андаў, на Пд Патагоніі, на Фалклендскіх а-вах і інш. У краінах П.А. пераважае гарадское насельніцтва, найбольш у Уругваі (91%), Аргенціне (88%), Венесуэле (86%), Чылі (84%), Бразіліі (79%). Карэнныя жыхары П.А. — індзейцы. З канца 15 ст. П.А. пачалі заваёўваць і каланізаваць іспанцы і партугальцы, яны прывозілі як рабоў афр. неграў. У выніку каланізацыі, распаўсюджаныя цяжкіх хвароб мноства абарыгенаў загінула, шмат плямён вымерлі. Сярод сучасных індзейскіх народаў найбольшыя кечуа (14,9 млн.), аймара (2,2 млн.), араўканы (0,9 млн.). Паводле расавага складу насельніцтва П.А. мангалоіды (індзейцы), еўрапеоіды, негроіды, метысы (ад змяшання еўрапейцаў з мясц.нас.), мулаты (еўрапеоідна-негрыцянскага паходжання), самба (змешаны індзейска-негроідны антрапал. тып). Ёсць нядаўнія эмігранты — іспанцы, партугальцы, італьянцы, немцы, яўрэі, палякі, рускія, украінцы, японцы. У Аргенціне жывуць беларусы (каля 5 тыс.) і іх нашчадкі; ёсць звесткі пра групы беларусаў і іх нашчадкаў у Парагваі, Уругваі, на Пд Бразіліі. У П.А. пашыраны раманскія мовы — ісп. (большасць краін), партуг. (Бразілія), франц. (Гвіяна Французская). Англ. (Гаяна і Фалклендскія а-вы) і галандская (Сурынам) мовы адносяцца да германскай групы. У Парагваі гавораць на мовах ісп. і гуарані. Вернікі — пераважна католікі, ёсць пратэстанты і праваслаўныя; выхадцы з Азіі вызнаюць іслам, будызм, сінтаізм і інш., некат. індзейскія плямёны прытрымліваюцца сваіх традыц. вераванняў. Гл. таксама Народы Амерыкі.
Палітычны падзел. На тэр. мацерыка размешчана 12 дзяржаў: Аргенціна, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Гаяна, Калумбія, Парагвай, Перу, Сурынам, Уругвай, Чылі, Эквадор. Гвіяна Французская — уладанне Францыі, Фалклендскія а-вы належаць Вялікабрытаніі (аспрэчвае Аргенціна). Пра дзяржавы і ўладанні гл. адпаведныя артыкулы.
Да арт.Паўднёвая Амерыка. Ландшафт цэнтральнай часткі Эквадора.Пласкагор’е Альтыплана ў Балівіі.На беразе Амазонкі.Перадгор’і Андаў у Аргенціне.Узбярэжжа Ціхага акіяна ў Чылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАРА́ГУА (Nicaragua),
Рэспубліка Нікарагуа (República de Nicaragua), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На Пн мяжуе з Гандурасам, на Пд — з Коста-Рыкай, на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 129,5 тыс.км². Нас. 4717,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца, гал.прамысл. і трансп. цэнтр — г.Манагуа. Падзяляецца на 15 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987 з папраўкамі 1995. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея (93 дэпутаты), якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ствараецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр. частка — нагор’е з крышт. і метамарфічных парод (выш. да 2438 м). У зах.ч. нагор’я — тэктанічная ўпадзіна з азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Уздоўж упадзіны — ланцуг вулканаў, некаторыя з іх актыўныя. Горныя і перадгорныя раёны церпяць ад вывяржэнняў вулканаў і землетрасенняў. На У шырокая алювіяльная нізіна — Маскітавы бераг (займае палавіну краіны). Невялікія раўнінныя ўчасткі на зах. узбярэжжы. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, вальфраму, свінцу, цынку, нафты, прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны (на У), субэкватарыяльны (на З). Т-ра паветра круглы год каля 25—28 °C. Ападкаў на У 2000—6500 мм за год, на З — каля 1000—1500 мм (сухі перыяд май — лістапад). Бываюць трапічныя ўраганы (самы разбуральны адзначаны ў 1998). Рэкі мнагаводныя, найб. Рыо-Грандэ-дэ-Матагальпа і Сан-Хуан. Пад лесам і хмызнякамі 27% тэр. На У трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З лістападныя лясы і хмызнякі. Для жывёльнага свету характэрны малпы, тапіры, мурашкаеды, пекары. Шмат грызуноў, кажаноў, птушак. Нац. паркі — Волькан-Масая, Саслая; рэзерват Апанас.
Насельніцтва. Больш за 90% складаюць нікарагуанцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Па расавым складзе пераважаюць метысы, ёсць мулаты, групы еўрап. і афр. паходжання. Індзейцаў 5%. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін. Сярод вернікаў католікаў 95%, пратэстантаў 5%. Сярэднегадавы прырост каля 2,8%. Сярэдняя шчыльн. 36,4 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на 3, дзе шчыльн. перавышае 100 чал. на 1 км². У гарадах 63% насельніцтва. Найб. горад Манагуа — 1124 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Леон, Матагальпа, Гранада. У сельскай гаспадарцы заняты 31% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 54%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Н. насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікарао (адсюль назва краіны) і інш. Ў 6—10 ст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16.9.1502 узбярэжжа Н. адкрыў Х.Калумб. У 1522 краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Н.) і Гранада, уключылі землі Н. ў склад аўдзьенсіі (адм.-суд. адзінка) Санта-Дамінга (1523). потым аўдзьенсіі Панама (1539), генерал-капітанства Гватэмала (1573). У ходзе ісп. каланізацыі б.ч. індзейцаў Н. асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 — сярэдзіне 19 ст. быў брыт. пратэктаратам. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Н. далучана да Мекс. імперыі (1822), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823). З крас. 1838 самаст. рэспубліка. У 1-й пал. 19 ст. тут склаліся паліт. партыі лібералаў (асн. падтрымка — г. Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г. Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 краіна стала аб’ектам эканам., паліт. і ваен. экспансіі ЗША. З 1858 сталіца Н. — г. Манагуа. У 1867—93 уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893—1909) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадз. шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы. садзейнічаў развіццю нар. адукацыі, пашырыў чыг.буд-ва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Н. амер. капіталу. У 1912—25 і 1926—33 краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нац.-вызв. руху, які з 1927 узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934) і дзярж. перавароту 1936 у краіне пачала ўсталёўвацца праамер. дыктатура сям’і Самоса.
Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936—47, 1950—56) Н. абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снеж. 1941), устанавіла дыпламат. адносіны з СССР (1944); пасля 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ва ўзбр. інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948) і Гватэмале (1954). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіц. сіл (з 1945), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957—63) і А.Самосе Дэбайле (1967—72, 1974—79; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 у Н. актывізаваліся апазіц. сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961), разгарнулі партыз. вайну супраць Нац. гвардыі — гал. апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакр. ўрад Нац. адраджэння. 4.11.1984 адбыліся першыя ў Н. свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдаты СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 спынена эканам. дапамога з боку ЗША, у Н. з тэр. Гандураса пачаліся ўварванні ўзбр. атрадаў контрас (б. вайскоўцы Нац. гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканам. крызісу, выкліканага грамадз. вайной (спынена ў сак. 1988), на прэзідэнцкіх выбарах у лют. 1990 перамог кандыдат ад Апазіц.нац. саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандл. эмбарга, але эканам. цяжкасці ў Н. захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 перамог кандыдат ад Ліберальнага альянсу А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нац. згоды.
Н. — чл.ААН (з 1945, адна з дзяржаў-заснавальніц), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Арг-цыі цэнтр.-амер. дзяржаў (з 1951), Цэнтр.-амер. агульнага рынку (з 1960), Лац.-амер.эканам. сістэмы (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1994.
Паліт. партыі: Ліберальны альянс (складаецца з Ліберальна-канстытуцыяналістычнай, Неаліберальнай партый і партыі Ліберальнага адзінства) — кіруючая, Сандзінісцкі фронт нац. вызвалення, Незалежная ліберальная партыя, Нікарагуанская сацыяліст. партыя, С.-д. партыя, Нац. партыя, Кансерватыўная партыя Н. і інш.Прафс. аб’яднанні: Асацыяцыя працоўных сельскай гаспадаркі, Усеагульная канфедэрацыя працы (незалежная), Канфедэрацыя прафс. адзінства, Прафцэнтр нікарагуанскіх працоўных, Нац. фронт працоўных.
Гаспадарка Н. — аграрная краіна з экспартным кірункам сельскай гаспадаркі і слаба развітой прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны (спынена ў 1988) і разбуральнага ўрагану 1998. Валавы ўнутр. прадукт у 1998—11,6 млрд.дол. (каля 2,5 тыс.дол. на 1 чал.). 32% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 24% — у прам-сці, 44% — у абслуговых галінах. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны. Выкарыстоўваецца каля 7,2 млн.га, у т. л. 1,3 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 5,9 млн.га пад пашай. Каля 100 тыс.га пасяўных зямель арашаецца. Экспартныя культуры (збор тыс.т, 1998): кава — 50, бавоўна — 120, цукр. трыснёг, кунжут, какава, бананы. Асн. раён земляробства на З краіны, кава на вышыні 500—1000 м, бавоўна на раўнінных участках. На свае патрэбы вырошчваюць (збор тыс.т, 1998): кукурузу — 310, рыс — 210, фасолю, маніёк, сорга, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (пераважна цытрусавыя). Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы і свіней. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 420, свойскай птушкі — 7900. Рыбалоўства, промысел крэветак. Лесанарыхтоўкі (чырвонае дрэва, кедр, кебрача, каўчуканосы). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў звязана з перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Горназдабыўная прам-сць дае менш за 1% кошту прамысл. прадукцыі. Вядзецца невял. здабыча золата, серабра, кухоннай солі, медных і цынкавых руд. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49% на ЦЭС, 21% на ГЭС. Працуюць геатэрмальныя электрастанцыі і інш. На долю харч. прам-сці прыпадае 75% прамысл. вытв-сці. Пераважаюць невялікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, цукровыя, мукамольныя, хлебапякарныя, алейныя, кансервавыя, па выпуску піва, алкагольных і безалкагольных напіткаў, малочныя з-ды, мясакамбінаты і інш.Тэкст. ф-кі ў гарадах Манагуа, Леон, Дыр’ямба, цэм.з-д у г. Сан-Рафаэльдэль-Сур, нафтаперапр.з-д у Манагуа, металаапр. прадпрыемствы ў Тыпітапе. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, хім., тытунёвай, мэблевай, запалкавай прам-сці. Шырока развіта паўсаматужная і саматужная вытв-сць вырабаў з керамікі, дрэва, скуры, металаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Краіну перасякае з Пн на Пд Панамерыканская шаша. Аўтадарог 16,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км, унутр. водных шляхоў 2,2 тыс.км, у т. л. па азёрах Нікарагуа і Манагуа, чыгунак 0,4 тыс.км. У краіне 13 аэрапортаў з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. Знешнегандл. сувязі пераважна праз порт Карынта. У 1997 экспарт склаў 704 млн.дол., імпарт — 1,45 млрд.дол. У экспарце пераважаюць кава, бавоўна, морапрадукты, мяса, цукар, бананы, у імпарце — прамысл. вырабы і паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Германія, Канада.
Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Знешні доўг больш за 12 млрд.дол. Грашовая адзінка — кордаба.
Літ.:
Лещинер Р.Е. Никарагуа. М., 1965;
Горнов М.Ф., Смирнова Н.Ю. Никарагуа: возрожденная земля Сандино М., 1986;
Строев А.П. Никарагуанские очерки: По пути соц.-экон. возрождения. М., 1989. Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Нікарагуа.Да арт.Нікарагуа. Ландшафт на захадзе краіны, каля г. Леон.Да арт.Нікарагуа. Новы кафедральны сабор у Манагуа.Нікарагуа. Горад Манагуа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
М’Я́НМА, Саюз М’янма (П’ідаўнзу м’янманайнган),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на ПнЗ п-ва Індакітай. Мяжуе на З з Бангладэш і Індыяй, на У з Кітаем, Лаосам, Тайландам. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. і Алдаманскім м.Пл. 676,6 тыс.км². Нас. 48,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — м’янма (бірманская). Сталіца — г.Янгон (Рангун). Падзяляецца на 14 адм. адзінак (7 нац. аўтаномных і 7 адм. абласцей). Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 студз.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Да правядзення парламенцкіх выбараў уладу ў краіне ажыццяўляе Дзярж. савет міру і парадку, старшыня якога займае пасады кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра і міністра абароны.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. У цэнтр.ч. — падоўжнае паніжэнне з р. Іравадзі, якое ў восевай ч. занята раўнінай, на Пд — нізіннай дэльтай. На З сістэма сярэдневысокіх, глыбока парэзаных складкавых гор; гал. хрыбты Пакхайн (на Пн) і Ракхайн (на Пд). На крайняй Пн горы да 5881 м (г. Кхакабаразі). На У Шанскае нагор’е з чаргаваннем горных хрыбтоў (выш. каля 1,5 тыс.м) і катлавін. Бываюць землетрасенні. На тэр. М. адкрыты і разведаны радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, руд нікелю, вальфраму, волава, медзі, свінцу, жалеза, сурмы, золата, каштоўных і вырабных камянёў (рубін, жадэіт, сапфір, ювелірная шпінель) і інш. Клімат субэкватарыяльнага пояса. на Пд з мусонным рэжымам ападкаў, на Пн пераходны да субтрапічнага. У раўнінных раёнах сярэдняя т-растудз. на Пд каля 20—25 °C, на Пн 13—15 °C, найб. горача ў сак.—крас. (30—32 °C). Ападкаў у гарах да 2000—3000 мм, месцамі да 5000 мм, ва ўнутр. катлавінах 500—1000 мм за год. Чэрв.—кастр. — перыяд дажджоў. Рэкі мнагаводныя, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Галоўныя: Іравадзі (найб. прыток Чындуін), Салуін, Каладан, Сітаўн. Больш як палавіна тэр. пад лесам. На нізінах і ў перадгор’ях пальмы, фікусы, бамбук. вышэй — каштоўныя пароды (цік, сал), у цэнтр. раёнах — лістападныя лясы, саванны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: сланы, тыгры, насарогі, леапарды, шакалы, гімалайскі і малайскі мядзведзі, малпы, куніцы. Шмат птушак, насякомых. На тэр. М. — рэзерваты Підаўн, Шуэдаўн і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць м’янма (бірманцы), народ тыбета-бірманскай моўнай групы, да якой у М. належаць карэны (больш за 3,5 млн.чал.), чыны (каля 0,9 млн.), качыны (каля 0,7 млн.), кая (каля 150 тыс.); да тайскай моўнай групы адносяцца шаны (больш за 3 млн.чал.), да аўстраазіяцкай сям’і — моны (каля 0,7 млн.). На Пд і ў буйных гарадах — каля 0,5 млн. выхадцаў з Індыі і Бангладэш, 0,4 млн. кітайцаў. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (каля 90%); мусульман 4%, хрысціян і індуістаў — па 1,5%. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,65%. Сярэдняя шчыльн. каля 71 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне і дэльце Іравадзі, дзе шчыльн. дасягае 1000 чал. на 1 км². Павышаная шчыльн. на марскім узбярэжжы, рэдкая — у горных і лясных раёнах (1—5 чал. на 1 км²). У гарадах 26% насельніцтва. Найб. горад Янгон — 3873 тыс.ж. (1998). Каля 400—500 тыс.ж. у гарадах Мандалай, Басейн, Малам’яйн, М’ей. У сельскай гаспадарцы занята 67% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут пасяліліся плямёны бірманцаў (м’янма). Яны стварылі дзяржаву Паган, якая дасягнула росквіту ў 11—13 ст. У канцы 13 ст. Паган разгромлены манголамі (гл.Мангольскія заваяванні) і распаўся. У сярэдзіне 18 ст. адбылося аб’яднанне краіны пад уладай дынастыі Канбаўн. У выніку англа-бірманскіх войнаў (1824—26, 1852—53, 1885) М. заваявана Вялікабрытаніяй. У 1886—1937 — у складзе Брыт. Індыі, з 1937 — асобная калонія (англ. — Бірма). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі, барацьбу супраць якіх узначаліла створаная ў 1944 Антыфашысцкая ліга народнай свабоды (АЛНС) на чале з Аун Санам. У маі 1945 вызвалена ў выніку ўзбр. паўстання на чале з АЛНС пры падтрымцы брыт. войск. На парламенцкіх выбарах 1947 перамагла АЛНС, яе лідэр У Ну стаў прэм’ер-міністрам краіны.
4.1.1948 абвешчаны незалежны Бірманскі саюз. Унутрыпаліт. становішча краіны было няўстойлівым з-за вострай барацьбы паміж паліт. партыямі, грамадз. вайны супраць камуністаў і нац. меншасцей на ўскраінах М. 2.3.1962 вайскоўцы скінулі ўрад У Ну. Новы ўрад на чале з Не Вінам прыняў праграму «Бірманскі шлях да сацыялізму» і абвясціў сацыяліст. арыентацыю краіны. Была створана адзіная легальная партыя — Бірманская партыя сацыяліст. праграмы. У 1974 прынята новая канстытуцыя, краіна атрымала назву Бірманскі Сацыяліст. Саюз. Курс на сацыяліст. арыентацыю ў 1960—80-я г. скончыўся правалам. У выніку масавых нар. выступленняў у сак.—жніўні 1988 Не Він падаў у адстаўку. 18.9.1988 адбыўся ваен. пераварот і ўлада перайшла да Дзярж. савета па аднаўленні законнасці і парадку (ДСАЗП; з ліст. 1997 — Дзярж. савет міру і развіцця) на чале з ген. Тан Шве. З 1989 краіна наз. Саюз М. На выбарах 1990 80% месцаў у парламенце заваявала гал. апазіцыйная арг-цыя — Нац. ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале з Аун Сан Су Чжы. ДСАЗП адмовіўся перадаць уладу парламенту і арыштаваў лідэраў апазіцыі. У студз. 1993 ён стварыў Нац. канстытуцыйную канферэнцыю (НКК) для распрацоўкі новай канстытуцыі. У 1995 прадстаўнікі НЛД выйшлі з НКК і стварылі Парламенцкі прадстаўнічы к-т дэпутатаў, выбраных у 1990. Частка дэпутатаў на чале з Сейн Лвінам стварыла за мяжой «Нацыянальны кааліцыйны ўрад».
М. — чл.ААН (з 1948), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1997). Дыпламат. адносіны паміж Саюзам М. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены 22.9.1999. Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нац. ліга за дэмакратыю, Партыя нац. адзінства.
Гаспадарка. М. — агр. краіна з цэнтралізаваным планаваннем эканомікі. Даход на 1 чал. адзін з самых нізкіх у свеце, не перавышае 250—300 дол. ЗША за год. Праведзена агр. рэформа, створаны дзярж. сектар (буйныя прамысл. прадпрыемствы, чыг., унутр. водны і паветр. транспарт, цэнтр. банк і інш.); дзяржава кантралюе знешні гандаль і крэдытна-фін. сістэму. У дзярж. і каап. сектарах ствараецца больш за 50% валавога ўнутр. прадукту. Сельская гаспадарка разам з лясной і рыбалоўствам дае каля 60% нац. даходу. Пад с.-г. ўгоддзямі 15% тэр. (больш за 10 млн.га). Арашаецца каля 2 млн.га, з некаторых участкаў збіраюць 2 і больш ураджаяў за год. Асн. частку прадукцыі даюць дробныя гаспадаркі (да 3—4 га). Гал.с.-г. раёны — даліна і дэльта р. Іравадзі, марское ўзбярэжжа. Збор (тыс.т, 1995): рысу — 20 100 (гал.с.-г. культура, займае больш за палавіну с.-г. зямель), кукурузы — 275, пшаніцы — 147, проса — 150, арахісу — 501, кунжуту — 966. Цукр. трыснягу сабрана 2,2 млн.т, агародніны — 2,2 млн.т, фруктаў (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга) — 1 млн.т. Вырошчваюць таксама батат, маніёк, бавоўнік, джут, тытунь, сланечнік, перац, каву, чай, каўчуканосы. М. — буйнейшы ў свеце вытворца опіуму-сырцу (больш за 2,5 тыс.т штогод). Больш за 80% усіх пасеваў рысу — у ніжняй ч. даліны Іравадзі і яе дэльце. У больш засушлівай ч. даліны вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, кунжут, арахіс, бавоўнік, сланечнік, на Шанскім нагор’і — пшаніцу, цытрусавыя, чай, батат, маніёк, на ўзбярэжжы — каўчуканосы і какосавую пальму. Жывёлагадоўля развіта слаба, буйн. раг. жывёлу і буйвалаў выкарыстоўваюць як цяглавую сілу. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 10,5, буйвалаў 2,3, свіней 3,5, коз 1,3, авечак 0,37. У сельскай і лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць прыручаных сланоў (каля 1 тыс.). Пашавая жывёла гадоўля найб. развіта на Шанскім нагор’і. Вытв-сць (1995, тыс.т): малака кароў і буйваліц 548, свініны 102, ялавічыны і цяляціны 92. Развіта птушкагадоўля, у 1997 было 33 млн. курэй. Пашырана марское і рачное рыбалоўства, у 1997 вылаўлена 830,3 тыс.т рыбы. Здабыча жэмчугу. Лясная гаспадарка займае самаст. месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўваецца драўніна ціку (каля 70% сусв. прадукцыі), а таксама інш. цвёрдых лісцевых парод. Развіты гарнарудная і апрацоўчая прам-сць. Здабываюць (1995) нафту — каля 1 млн.т, прыродны газ — 1,9 млрд.м³, каменны вугаль — 48 тыс.т, руды цынку, свінцу, вальфраму, волава, медзі і інш., каштоўныя і вырабныя камяні. У 1996 атрымана 3,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Электрастанцыі працуюць пераважна на прыродным газе ў найб. гарадах, ёсць ГЭС на горных рэках. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці — харч. (рысаачышчальная, рыбаперапр., алейная, цукр., тытунёвая) і тэкст. (вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін, джутавых вырабаў). Ёсць свінцова-цынкавы камбінат, 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць 1 млн.т), металургічны з-д (выпускае штогод 50—100 тыс.т сталі), прадпрыемствы суднабудаўнічыя і суднарамонтныя, трактара-, аўта- і велазборачныя, па вытв-сці азотных угнаенняў і фармацэўтычных тавараў, цэм. і цагельныя з-ды. Працуюць лесапільні, прадпрыемствы па вырабе абутку, запалак, цэлюлозы і паперы. Развіта саматужная вытв-сцьс.-г. прылад, мэблі, посуду, тканін, лакіраваных і плеценых вырабаў, прадметаў будыйскага культу, разьбярства па дрэве, слановай косці і серабру. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі вырабляецца ў г. Янгон. Транспарт унутр. водны, чыг., аўтамаб., марскі. Працягласць унутр. водных шляхоў больш за 8 тыс.км. Гал.трансп. артэрыя — р. Іравадзі і яе прыток Чындуін, суднаходныя таксама ніжнія цячэнні рэк Салуін і Каладан. Даўж. чыгункі 5060 км. Асн. лініі ў даліне р. Іравадзі, злучаюць унутр. раёны з марскімі партамі. Аўтадарог 27 тыс.км. У краіне 35 тыс. легкавых аўтамабіляў, 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі, пашыраны кабатажныя перавозкі. Гал. парты: Янгон, Басейн, Малам’яйн, Сітуэ. Гал.ўнутр. порт і трансп. вузел Мандалай. 19 аэрапортаў, міжнар. аэрапорты каля Янгона і Мандалая. У 1996 экспарт склаў 1,1 млрд.дол., імпарт — 2 млрд.дол. М. экспартуе драўніну і піламатэрыялы, рыс, каўчук, каштоўныя і вырабныя камяні, канцэнтраты і руды каляровых металаў, імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Кітай, Японія, Сінгапур, Інданезія. Грашовая адзінка — к’ят (чжа або джа).
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС і ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (нар. паліцыя і нар. міліцыя). Агульная колькасць (1999) больш за 0,5 млн.чал., у т. л. 429 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета міру і парадку. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 400 тыс.чал., 235 танкаў, 270 бронетранспарцёраў, 250 гармат і інш. У ВПС 9 тыс.чал., 91 баявы самалёт, 18 баявых верталётаў. У ВМС каля 20 тыс.чал., у т. л. 800 чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў (5 дэсантных), 63 катэры, у т. л. 3 ракетныя.
Літ.:
Можейко И.В., Узянов АН. История Бирмы (Краткий очерк). М., 1973.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы).
Герб і сцяг М’янмы.Да арт.М’янма: 1 — ландшафт у цэнтральнай частцы М’янмы; 2 — ірыгацыйная сістэма Чэмоўтау.Да арт.М’янма. Пагада Шуэдагоўн (Шведагон) у Рангуне. 14 ст., неаднаразова перабудаваная да 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРО́ПА,
частка свету, зах.ч. мацерыка Еўразія. Пл. каля 10 млн.км², у т. л.пл. астравоў каля 730 тыс.км². Крайнія пункты кантынентальнай Е.: на Пн — мыс Нордкін, 71°08 паўн. ш., на Пд — мыс Маракі, 36°паўн. ш., на З — мыс Рока, 9°34 зах. д., на У — Палярны Урал (паблізу Байдарацкай губы), 67°30 усх. д. Мяжу з Азіяй умоўна праводзяць па ўсх. падножжы Урала, рэках Эмба, Каспійскім м., рэках Кума і Маныч, Азоўскім, Чорным і Мармуровым морах, прал. Басфор і Дарданелы. Абмываецца морамі Паўн. Ледавітага і Атлантычнага ак.: на Пн і ПнЗ Карскім, Баранцавым, Белым і Нарвежскім, на З — Балтыйскім і Паўночным, на Пд — Міжземным, Мармуровым, Чорным і Азоўскім, на ПдУ бяссцёкавым возерам Каспійскім морам. Берагі моцна парэзаныя, асабліва на З і Пд. Даўж. берагавой лініі каля 38 тыс.км. На долю паўастравоў прыпадае каля 1/4 тэрыторыі, самыя вялікія Кольскі, Скандынаўскі, Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі. Найб. а-вы: Новая Зямля, Ісландыя, Вялікабрытанія, Ірландыя, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт. Найб. аддаленасць ад мораў каля 1600 км.
Рэльеф. Па сярэдняй (каля 300 м) і максімальнай вышыні (г. Манблан — 4807 м) Е. саступае інш. часткам свету, акрамя Аўстраліі. У будове паверхні пераважаюць раўніны. Горы займаюць каля 17% тэр. Палавіну плошчы займае Усходне-Еўрапейская (Руская) раўніна і яе працяг на З — Сярэднееўрапейская раўніна. На раўнінах ёсць узвышшы да 300—400 м над узр. м. (Сярэднярускае, Прыволжскае, Валынскае, Падольскае, Валдайскае і інш.) і нізіны да 150—200 м (Прычарнаморская, Прыдняпроўская, Прыкаспійская і інш.). Для паўн.ч. характэрны ледавікова-акумуляцыйныя і водна-ледавіковыя формы рэльефу. У цэнтр. і паўд.ч. Рускай раўніны пераважаюць эразійнарасчлянёныя паверхні (яры, лагчыны і інш.). На Пд — маладыя марскія акумуляцыйныя нізіны — Прычарнаморская і Прыкаспійская. Найб. значныя горы: Альпы, Карпаты, Пірэнеі, Апеніны, Скандынаўскія, горы Балканскага п-ва (Радопы, Рыла, Пірын). Уздоўж усх. граніцы — Уральскія горы. Да Е. зрэдку адносяць Каўказ. Дзеючыя вулканы ёсць у Ісландыі (Гекла, Лакі, Аск’я) і Міжземнамор’і (Этна, Везувій, на Ліпарскіх а-вах і а-вах Тыра).
Геалагічная будова. У фундаменце Е. ляжыць Еўрап. платформа, якая займае ўсю Усх. Е. і паўн.-зах.ч.Зах. Е.
На большай ч. платформы дакембрыйскі крышт. фундамент перакрыты гарызантальна залягаючымі асадкавымі пародамі магутнасцю ад 1—2 да 5 км. З З і ПнЗ платформу акаймоўваюць каледонскія структуры (Скандынаўскія горы, Паўн.-Шатландскае нагор’е, Паўд.-Шатландскае ўзв., горы Уэльса). На УЕўрап. платформа абмежавана Уральскімі гарамі герцынскага ўзросту. Шырока прадстаўлены герцыніды ў Зах. Е.: Пд Брытанскіх а-воў, Цэнтр. Французскі масіў, Вагезы, Шварцвальд, Рэйнскія Сланцавыя горы, Чэшскі масіў з Судэтамі, Руднымі гарамі, Шумавай, Чэшскі Лес і Калецка-Сандамірскі краж. З Пд герцыніды акаймоўваюцца маладым альпійскім поясам (Альпы, Карпаты, Стара-Планіна). На Пд Е. альпійскія структуры прадстаўлены Андалускімі, Пірэнейскімі, Апенінскімі гарамі, Дынарскім нагор’ем, Паўн.-Албанскімі Альпамі, хр. Пінд, горнымі ўтварэннямі на астравах. Перадгорныя прагіны займаюць Паданская і Ніжнедунайская раўніны. Значную ролю ў геалаг. гісторыі Е. мелі чацвярцічныя зледзяненні. Асноўнымі цэнтрамі фарміравання ледавіковага покрыва былі Фенаскандыя і Шатландыя. Ледавікі пакінулі ледавікова-экзарцыйныя і ледавікова-акумуляцыйныя формы рэльефу. Чацвярцічныя зледзяненні адзначаліся і ў гарах на Пд.
Карысныя выкапні. У Е. буйныя радовішчы нафты і прыроднага газу (шэльф Паўночнага м., перадгор’і Каўказа, Волга-Уральская нафтагазаносная вобл., Прыкаспійская нізіна), каменнага вугалю (в-аў Вялікабрытанія, Рурскі, Верхнесілезскі, Данецкі, Пячорскі басейны), жал. (Скандынаўскі і Кольскі п-вы, Латарынгія, Курская магнітная анамалія, Крывы Рог, Керч), марганцавых (Нікапаль), алюмініевых (Кольскі п-аў, Венгрыя, Грэцыя), поліметал. (Германія, Іспанія, Балгарыя, Польшча), нікелевых, кобальтавых, медных руд. Германія, Беларусь і Францыя багатыя калійнымі солямі. Ёсць кухонная соль, разнастайныя буд. матэрыялы і інш.
Клімат. Е. знаходзіцца ў 4 кліматычных паясах: арктычным. субарктычным, умераным і субтрапічным. Розная аддаленасць ад акіянаў і ўплыў рэльефу абумоўліваюць ваганні кліматычных умоў. Цыркуляцыя паветр. мас вызначаецца цэнтрамі атм. ціску: Ісландскім мінімумам, Азорскім і Азіяцкім максімумамі, арктычным поясам высокага ціску.
Найб. тэрыторыі ляжаць ва ўмераным поясе, для якога характэрны заходні перанос паветра. З-за ўплыву цёплых атл.паветр. мас большая ч.Зах. Е. мае акіянічны клімат. У студз. тут дадатныя т-ры паветра (да 6 °C). Пры руху на У павялічваецца кантынентальнасць, паветра выхалоджваецца, ва Усх. Е. часта пранікае арктычнае паветра. Гэта выклікае паніжэнне т-р да -10, -24 °C. Ва Усх. Е. ўтвараецца ўстойлівае снегавое покрыва на 4—8 месяцаў. Летам тэрмічны рэжым у асноўным адпавядае занальнаму размеркаванню сонечнага цяпла. На Пн Е. т-ра самага цёплага месяца (ліпень—жнівень) 5 °C. Самыя высокія т-ры адзначаюцца ў Міжземнамор’і (26—28 °C). Колькасць ападкаў ад 1000—1500 мм на З да 400 мм на У. Найменш іх выпадае ў Прыкаспійскай нізіне — 150—200 мм. Найб. колькасць ападкаў на З выпадае ўвосень і ў пачатку зімы, на У улетку, у Паўд. Е. — зімой.
Унутраныя воды. Па велічыні слоя сцёку (каля 300 мм) Е. займае 2-е месца пасля Паўд. Амерыкі, але з-за малых памераў сушы аб’ём сцёку невялікі (каля 2950 км² за год). Е. багатая паверхневымі водамі. Большасць рэк належыць да бас. Атлантычнага ак. або яго мораў (Нява, Зах. Дзвіна, Нёман, Вісла, Одра, Эльба, Рэйн, Сена, Луара, Гарона, Дуэра, Таха, Эбра, Рона, По, Дунай, Дняпро, Дон). Самая доўгая р. Волга ўпадае ў Каспійскае м. Да бас.Паўн. Ледавітага ак. адносяцца Пячора і Паўн. Дзвіна. Большасць рэк мае павольнае цячэнне, малыя нахілы рэчышчаў, моцнае меандраванне. Для іх рэжыму характэрны веснавы максімум, летне-асенні і зімовы мінімумы, зімовы ледастаў. Не замярзаюць толькі рэкі на крайнім 3 і Пд. Большасць рэк суднаходныя, многія з іх злучаны паміж сабой каналамі. Рэкі Паўд. Е. з’яўляюцца важнай крыніцай арашэння. Многія рэкі выкарыстоўваюцца ў гідраэнергет. мэтах. Буйныя вадасховішчы на Волзе, Дняпры, Доне. Шмат азёр у раёнах чацвярцічнага зледзянення. Найбольшыя з іх — Ладажскае (пл. 18,4 тыс.км²), Анежскае (9,9 тыс.км²), Венерн, Ветэрн, Меларэн, Ельмарэн, Інары, Імандра — маюць ледавікова-тэктанічнае паходжанне. Шмат запрудных ледавіковых азёр: Сайма, Мюрыц, Снярдвы, Мамры. Каля падножжа Альпаў падпруджаныя стараж. марэнамі далінных ледавікоў азёры Жэнеўскае, Фірвальдштэцкае, Кома, Гарда, Лага-Маджорэ. Ёсць тэктанічныя, вулканічныя і карставыя азёры. У лясной зоне шмат балот. Агульная пл. сучасных ледавікоў каля 100 тыс.км², у т. л. на астравах Арктыкі (каля 75 тыс.км²), у Ісландыі (11,8 тыс.км²), Скандынаўскіх гарах (5 тыс.км²), Альпах (3,2 тыс.км²).
Глебы і расліннасць. На раўнінах Усх. Е. добра акрэслена шыротная занальнасць глеб і расліннасці; у гарах вышынная пояснасць. На астравах Паўн. Ледавітага ак. — арктычныя пустыні з мохава-лішайнікавай расліннасцю на маламагутных арктычных глебах. На ПнУсх.-Еўрап. раўніны і Фенаскандыі — тундравая зона з мохава-лішайнікавым і хмызняковым покрывам, якая на Пд пераходзіць у лесатундру; глебы тундравыя, глеевыя, часткова ападзоленыя. На Пд да Ладажскага воз. і Паўн. Увалаў, а таксама на большай ч. Фенаскандыі — ялова-піхтавыя, хваёвыя і лістоўнічныя таежныя лясы на падзолістых моцна забалочаных глебах. Мяшаныя (хвойна-шыракалістыя) лясы займаюць Пн Вялікабрытаніі, Пд Скандынавіі, У Сярэднееўрап. раўніны, а на Рус. раўніне дасягаюць 52—54 паўн. ш., паступова выкліньваюцца да Урала. Занальным тыпам глебы з’яўляюцца дзярнова-падзолістыя. Ва ўмовах акіянічнага ўмеранага клімату ў Зах. Еўропе пашыраны шыракалістыя лясы (бук, граб, каштан, на У — дуб). Пераважаюць бурыя лясныя глебы. На ўзбярэжжах развіваюцца верасоўнікі. У гарах вышынная пояснасць. У Альпах дубова-букавыя лясы перадгор’яў зменьваюцца хвойна-шыракалістымі лясамі сярэднягор’яў (да выш. 1700—2100 м). Вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. Зоны лесастэпаў і стэпаў прымеркаваны да ўмоў умеранага кантынентальнага клімату на Прыдунайскіх раўнінах і на ПдРус. раўніны. Пераважаюць разнатраўна-злакавыя і злакавыя стэпы на чарназёмных і каштанавых глебах. На Пд Ніжняга Паволжа пашыраны паўпустыні з перавагай ксерафітных хмызнякоў, салянак, палыноў. У міжземнаморскім клімаце атрымала развіццё зона вечназялёных субтрапічных ксерафітных лясоў (каменны і коркавы дуб, італьян. хвоя і інш.) і ксерафітныя фармацыі з вечназялёных і лістападных хмызняковых; у гарах шыракалістыя і мяшаныя лясы.
Жывёльны свет. Тэр. Е. ўваходзіць у склад Арктычнай (у межах арктычнай, тундравай і лесатундравай зон), Еўрап.-Сіб. (з лясной, лесастэпавай і стэпавай зонамі) і Міжземнаморскай падабласцей Палеаарктычнай біягеагр. вобласці. Самы бедны відамі жывёльны свет на паўн. акіянічных узбярэжжах і ў зоне тундры (пясец, гарнастай, паўн. алень, лемінгі, з птушак — палярная сава і курапатка, гусі, качкі і інш.). На ўзбярэжжах трапляецца белы мядзведзь, у морах маржы, цюлені, розныя віды рыб. Для лясной зоны характэрны лось, дзік, ліс, воўк, буры мядзведзь, бабёр, заяц, з птушак — рабчыкі, глушцы, курапаткі. На У у лясах водзяцца собаль, расамаха, вавёрка, бурундук, лясная пяструшка. У зах.-еўрап. лясах — высакародны алень, казуля, дзік, заяц. У лесастэпах і стэпах Е. пераважаюць суслікі, суркі, тушканчыкі, палёўкі, хамякі. на У трапляюцца сайгакі. У міжземнаморскай зоне — дзікабраз, вівера-генета, шматлікія птушкі (блакітная сарока, каменны дрозд, фламінга, белагаловы сіп, сіваваронка), паўзуны і земнаводныя (яшчаркі, хамелеоны, чарапахі, вужы, гадзюкі і інш.), насякомыя. У гарах захаваліся горныя каалы, серны, муфлоны.
Насельніцтва. У Е. жыве больш за 700 млн.чал. Шчыльнасць нас. вагаецца ад 5 чал. у Паўн. Е. да 250—300 чал. у Цэнтр. Е. У некат. краінах (Нідэрланды, Бельгія) шчыльнасць перавышае 300 чал. на 1 км². У Е. самы высокі (73%) працэнт гар. насельніцтва (Бельгія — 97%, Ісландыя — 91, Вялікабрытанія і Нідэрланды — па 89, Германія — 86, Швецыя — 83%). Найб. нізкі працэнт гар. насельніцтва на ПдУ (Албанія — 37%, Югаславія — 47, Малдова — 50, Харватыя — 51%). У Е. 59 гарадоў з нас. больш за 1 млн.ж., Мінск знаходзіцца прыкладна на 30-м месцы. Найб. гарады Е.: Лондан, Парыж, Масква, Санкт-Пецярбург, Берлін. Для большасці краін Е. ў канцы 20 ст. характэрны нізкі прырост насельніцтва — каля 0,1—0,3% за год. У некат. краінах (Венгрыя, Украіна, Германія, Беларусь) натуральны прырост адмоўны. Насельніцтва Е. належыць да вял. еўрапеоіднай расы, большасць народаў гаворыць на мовах індаеўрап. сям’і. Славянская група моў гэтай сям’і падзяляецца на 3 падгрупы: усх. (беларусы, рускія, украінцы), зах. (палякі, чэхі, славакі, лужыцкія сербы), паўд. (балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы, баснійцы, чарнагорцы). Блізкія да славян мовай і культурай народы балт. моўнай групы — літоўцы і латышы. Паўн.-Зах. і Цэнтр. Е. насяляюць народы герм. моўнай групы, якая падзяляецца на паўн. (шведы, датчане, фарэрцы, нарвежцы, ісландцы) і зах. (немцы, аўстрыйцы, германа-швейцарцы, эльзасцы і латарынгцы, люксембуржцы, галандцы, фламандцы, фрызы, англічане, шатландцы, ольстэрцы) падгрупы. У Зах. і Паўд.-зах. Е. жывуць народы раманскай моўнай групы (італьянцы, французы, іспанцы, партугальцы, каталонцы, галісійцы, валоны, франка-швейцарцы, італа-швейцарцы, карсіканцы, рэтараманскія народы — фрыулы, ладзіны, раманшы). У раманскую групу таксама ўваходзяць блізкія да славян культурай малдаване, румыны, арамуны (влахі). Да кельцкай моўнай групы адносяцца ірландцы, уэльсцы (валійцы), гэлы, брэтонцы; асобныя моўныя групы складаюць албанцы і грэкі; цыганы належаць да інд. моўнай групы. На тэр. Е. жывуць народы уральскай сям’і: да фінскай групы гэтай сям’і адносяцца фіны, карэлы, эстонцы, лівы, іжорцы, вепсы, саамы, комі і комі-пермякі, удмурты, марыйцы, мардва, да угорскай — венгры, мансі, да самадыйскай — ненцы. У цюркскую моўную групу алтайскай сям’і моў уваходзяць чувашы, татары, башкіры, туркі, гагаузы, у мангольскую — калмыкі. Адасобленае становішча займаюць баскі, якія жывуць на ўзбярэжжы Біскайскага зал. ў Францыі і Іспаніі. Да семіта-хаміцкай моўнай сям’і належаць мальтыйцы. Яўрэі карыстаюцца мовамі тых народаў, сярод якіх жывуць. і мовамі ідыш і іўрыт. Е. — радзіма 2 асноўных галін хрысціянства — праваслаўя і каталіцтва, а таксама шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і плыней, якія ўзніклі ў 16—17 ст. Большасць веруючага насельніцтва Е. вызнае хрысціянства: праваслаўе (усх. і паўд. славяне, усх.-раманскія народы, грэкі, мардва, удмурты і інш.), каталіцызм (амаль усе раманскія народы, зах. славяне, ч.паўд. славян, літоўцы, ірландцы, аўстрыйцы, фламандцы. венгры, ч. немцаў і інш.), пратэстанцтва (палавіна немцаў, галандцы, англічане, шатландцы, уэльсцы, датчане, шведы, нарвежцы, фіны). Частка насельніцтва Е. (туркі, татары, башкіры, казахі, ч. баснійцаў, большасць албанцаў, выхадцы з мусульманскіх краін) вызнае іслам. Невял. групы насельніцтва вызнаюць іудаізм (яўрэі), будызм (калмыкі) і інш.
Палітычны падзел. На тэр. Е. размешчаны дзяржавы: Албанія, Андора, Аўстрыя, Балгарыя, Беларусь, Бельгія, Боснія і Герцагавіна (складаецца з 2 самаст.ч.), Ватыкан, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Казахстан (еўрап. частка), Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Македонія, Малдова, Мальта, Манака, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Польшча, Расія (еўрап. частка), Румынія, Сан-Марына, Славакія, Славенія, Турцыя (еўрап. частка), Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эстонія, Югаславія; Гібралтар — уладанне Вялікабрытаніі, Фарэрскія а-вы — аўтаномная ч. Даніі. Пра кожную дзяржаву і ўладанне гл. асобны артыкул.
М.В.Лаўрыновіч.
Да арт, Еўропа. Мінскае ўзвышша ў наваколлі Мінска.Да арт.Еўропа. Тыповы ландшафт на Скандынаўскім паўвостраве.Да арт.Еўропа. Краявід у цэнтральнай частцы вострава Сіцылія.Да арт.Еўропа. Даліна Рэйна ў Германіі.Да арт.Еўропа. Ландшафт у Падмаскоўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНАЯ АСЕ́ЦІЯ—АЛА́НІЯ, Рэспубліка Паўночная Асеція—Аланія. На Пдеўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Мяжуе на Пд з Грузіяй. Пл. 8 тыс.км². Нас. 662,7 тыс.чал. (1999), гарадскога 68,6%. Сярэдняя шчыльн. 82,8 чал. на 1 км². Жывуць асеціны (53,9%), рускія (28,7%), інгушы (5,6%), армяне (2,1%), грузіны (1,8%), кумыкі (1,7%) і інш. Сталіца — г.Уладзікаўказ. Найб. гарады: Маздок, Беслан, Алагір.
Прырода. Рэльеф пераважна гарысты. Паўд.ч. займаюць хрыбты Вял. Каўказа — Галоўны, або Водападзельны (выш. да 5033 м, г. Казбек, на мяжы з Грузіяй), Бакавы (выш. да 4780 м, г. Джымара), Скалісты і інш. У цэнтры Асецінская раўніна, на Пн — Маздокская раўніна, паміж імі Сунжэнскі і Церскі хрыбты. У гарах больш за 100 ледавікоў (пл. 291 км², найб. Караўгом).
Карысныя выкапні: руды каляровых металаў (цынк, свінец, серабро), даламіты, мінер.буд. матэрыялы; ёсць невял. запасы нафты і прыроднага газу. Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. на раўнінах -4 °C, ліп. 22—24 °C, у гарах (вышэй за 2000 м) сярэдняя т-растудз. -12 °C, ліп. 13—15 °C. Ападкаў на раўнінах да 500 мм, у гарах да 800 мм за год. Гал. рака Церак з прытокамі Урух, Ардон, Фіягдон, Гізельдон, Сунжа і інш. Раўніны ў стэпавай і лесастэпавай зонах пераважна разараныя. Глебы на іх чарназёмныя і каштанавыя, у гарах горна-лугавыя і горна-лясныя. Пад лесам 23% тэрыторыі. У гарах шыракалістыя лясы (дуб, бук, граб) пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі, у міжгорных катлавінах лясы з хвоі і бярозы. На тэр. П.А.—А. — Паўн.-Асецінскі запаведнік.
Гісторыя. Чалавек на тэр. П.А.—А. пасяліўся ў палеаліце. У 8 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. абарыгенныя плямёны кабанскай культуры асіміляваны іранамоўнымі плямёнамі: скіфамі, сарматамі, пазней аланамі, частка якіх — паўн.-каўк. аланы сталі продкамі асецін. У 4 ст. аланаў заваявалі гуны, у 6 ст. — авары. У 8—9 ст. у аланаў зараджаліся феад. адносіны, у пач. 10 ст. яны прынялі хрысціянства. У 10—12 ст. аланскі саюз плямён аформіўся ў раннефеад. дзяржаву Аланію, што займала цэнтр. частку Паўн. Каўказа. У 1222 і 1238—40 яна спустошана мангола-татарамі, у канцы 14 ст. — войскамі Цімура, насельніцтва амаль знішчана. Частка аланаў замацавалася ў вярхоўях р. Церак на паўн. схілах Гал.Каўк. хрыбта (горныя раёны сучаснай П.А.—А.), частка праз горныя перавалы перасялілася ў Грузію (гл.Паўднёвая Асеція). З 15 ст. ва ўмовах феад. раздробленасці і перажыткаў родаплем. арганізацыі аднавіўся працэс фарміравання асецінскай народнасці. У 1774 П.А.—А. паводле Кючук-Кайнарджыйскага рас.-тур. дагавора замацавана за Расіяй. Спыніліся феад. ўсобіцы, частка асецінаў зноў перасялілася з гор у перадгор’і і на прылеглую раўніну. У 1861 на тэр. П.А.—А. ўтворана Церская вобл. (адм. цэнтр г. Уладзікаўказ), у 1867 тут адменена прыгоннае права. У 2-й пал. 19 ст. ў П.А.—А. ўзнікла каляровая металургія. У 1875 чыгунка злучыла Уладзікаўказ з Растовам-на-Доне. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 узнік Уладзікаўказскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У студз.—сак. 1918 устаноўлена Сав. ўлада. П.А.—А. ўваходзіла ў склад Церскай (сак. 1918 — лют. 1919) і адначасова Паўн.-Каўказскай (ліп. 1918 — студз. 1919) сав. рэспублік, са студз.—сак. 1919 занята войскамі ген. А.І.Дзянікіна. У сак. 1920 Сав. ўлада адноўлена. З ліст. 1920 тэр. П.А.—А. ў складзе Уладзікаўказскай (Асецінскай) акругі Горскай АССР. 7.7.1924 П.А.—А. вылучана ў Паўн.-Асецінскую аўт.вобл., якая 5.12.1936 пераўтворана ў Паўн.-Асецінскую АССР у складзе РСФСР. У Вял.Айч. вайну Чырв. Армія пасля цяжкіх баёў (жн.—снеж. 1942) спыніла ў П.А.—А. наступленне ням.-фаш. войск і ў пач. 1943 вызваліла акупіраваныя яе раёны. У 1944 да Паўн.-Асецінскай АССР далучаны суседнія раёны скасаванай Чэчэна-Інгушскай АССР, з якіх былі гвалтоўна выселены інгушы. У 1957 гэтыя землі, акрамя ўсх. часткі г. Арджанікідзе (назва г. Уладзікаўказ у 1931—44 і 1954—90) з невял. прылеглым раёнам, вернуты ў склад адноўленай Чэчэна-Інгушскай АССР. У снеж. 1990 Вярх. СаветПаўн.-Асецінскай АССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У кастр. 1992 у прылеглых да Інгушэціі мясцовасцях П.А.—А. адбыліся ўзбр. сутыкненні паміж асецінамі і інгушамі, выкліканыя тэр. прэтэнзіямі інгушоў (гл. раздзел Гісторыя ў арт.Інгушэція). У ліст. 1993 прынята назва Рэспубліка Паўн. Асеція—Аланія.
Гаспадарка. П.А.—А. — індустр.-аграрная рэспубліка. У прам-сці найб. доля агульнага аб’ёму прадукцыі прыпадае на прадпрыемствы каляровай металургіі (26,6%), электраэнергетыкі (19,7%), харч. (16,1%), машынабудавання і металаапрацоўкі (9,7%), буд. матэрыялаў (6,9%). Каляровая металургія прадстаўлена Садонскім свінцова-цынкавым камбінатам (руды свінцовыя, свінец, цынк у канцэнтраце, серабро), з-дамі «Пабядзіт» (сплавы і сумесі вальфрама-кобальтавых і тытана-вальфрамавых руд) і «Электрацынк» (цынк, свінец, каляровае ліццё) ва Уладзікаўказе. Вытв-сць электраэнергіі 348 млн.кВт∙гадз (1998), пераважна на ГЭС (Арджанікідзеўская, Гізельдонская і інш.). Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сцьспец. абсталявання для птушкафабрык, газавых пліт, электралямпаў, запчастак для трактароў, аўтамабіляў, матацыклаў, паўпрычэпаў, трансфарматарных падстанцый, рамонт вагонаў і інш.) ва Уладзікаўказе, Беслане, Маздоку. Шкляная, фарфора-фаянсавая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Лясная і дрэваапр.прам-сць прадстаўлена нарыхтоўкай драўніны. вырабам мэблі, гафрыраванага кардону (Дыгора, Уладзікаўказ, Алагір), хім. і нафтахім. вытв-сцю поліэтыленавай плёнкі, лакаў, растваральнікаў, вырабаў з пластмасы (Уладзікаўказ). Лёгкая прам-сць выпускае швейныя вырабы, абутак, цюль, гардзіны, трыкатаж, дываны (Уладзікаўказ, Беслан). Развіта харч.прам-сць (малочная, сыраробная, алейная, крухмальная, спіртавая, вінаробная, кансервавая, разліў мінер. вод). Вытв-сць цэльнамалочнай прадукцыі 12 тыс.т, гарэлкі 1,5 млн. дал, віна 398 тыс. дал. Народныя промыслы (разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, залатая вышыўка). Сельская гаспадарка збожжа-жывёлагадоўчага кірунку. Пад с.-г. ўгоддзямі 352,4 тыс.га (1998), у т. л. пад ворнымі землямі 200 тыс.га. Пасяўныя пл. займаюць 175,5 тыс.га, на долю збожжавых і зернебабовых культур прыпадае 46,9%, тэхн. — 5,1%, бульбы і агародніны — 6,5%, кармавых — 41,5%. Збор (тыс.т, 1998) збожжавых і зернебабовых — 123,6, цукр. буракоў — 0,8, сланечніку — 33,8, бульбы — 83,6, агародніны — 21,8, пладоў і ягад — 5,1. Раслінаводства пераважае ў раўнінных раёнах, вінаградарства ў раёне Маздока. Малочна-мясная жывёлагадоўля (70% кошту с.-г. прадукцыі). Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы — 128,2, свіней — 56,2, авечак і коз — 61,3. Настрыг воўны 135 т. Птушкагадоўля. Развіта пчалярства, вытв-сць мёду 141 т. Даўж. чыгунак 144 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2291 км. Гал. чыгункі Прахладны—Грозны—Гудэрмес і Беслан—Уладзікаўказ; аўтадарогі Нальчык—Уладзікаўказ, Ваенна-Грузінская і Ваенна-Асецінская дарогі. Аэрапорт у г. Уладзікаўказ. Газаправод Уладзікаўказ—Тбілісі. П.А.—А. — адзін з цэнтраў турызму і альпінізму. Курорты: Кармадон, Таміск, Цэй. Экспарт (1998) 85,6 млн.дол.: гарэлка, віно, крухмал, кансервы, прадукцыя машынабудавання: імпарт 56,2 млн.дол.: харч. прадукты, прылады, электратэхн. тавары, с.-г. машыны, паліва.
Культура. П.А.—А. развівалася ў рэчышчы агульнаасецінскай культуры. Вытокі яе літаратуры ў багатым фальклоры (Нарцкі эпас, казкі, казанні пра герояў-дарэдзанаў, прытчы, паданні, таурагі і інш.). У 1798 выдадзена першая кніга на асец. мове — «Кароткі катэхізіс». У 1860—70-я г. развівалася пераважна публіцыстыка. Найбуйнейшы прадстаўнік асец. л-ры 19 ст. і стваральнік літ. мовы — К.Хетагураў. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступілі паэты Б.Гурджыбекаў, С.Гадзіеў, А.Кубалаў, Нігер (І.Джанаеў), Г.Цаголаў і інш. Сярод заснавальнікаў нац. драматургіі і прозы Е.Брытаеў, Ц.Гадзіеў, Д.Кароеў, А.Кароеў, А.Такаеў і інш. У 1930—40-я г. плённа развівалася паэзія, асабліва паэма (Б.Бацыеў. Т.Епхіеў, М.Камбердзіеў, Нігер, Х.Пліеў і інш.). У канцы 1940-х — 50-я г. з’явіліся буйныя эпічныя творы (раманы Епхіева, Е.Бекоева, М.Гаглоева, Д.Джыоева, Д.Мамсурава, Е.Уруймагавай і інш.). Сярод буйнейшых літаратараў 2-й пал. 20 ст. А.Агузараў, Р.Асаеў, Г.Гагіеў, Гафез, Н.Джусойты, Г.Дзугаеў, С.Кайтаў, Г.Кайтукаў, С.Мерзоеў, Б.Муртазаў, Г.Пліеў, А.Царукаеў і інш.
На тэр. П.А.—А. захаваліся помнікі архітэктурыбронз. веку (кромлехі), мураваныя абарончыя збудаванні 8—9 ст., помнікі хрысціянскай архітэктуры 11—16 ст. (капліца ў с. Нузал, свяцілішча «Рэком»), мячэці і мінарэты 14 ст. У 14—18 ст. пашырылася буд-ва жылых, абарончых і вартавых вежаў, якія часам аб’ядноўваліся ў велічныя арх. ансамблі (с. Лісры). У 18—19 ст. паселішчы горных раёнаў мелі тэрасападобную арх.-прасторавую кампазіцыю, пераважалі 2-павярховыя шматпакаёвыя каменныя саклі з плоскім земляным дахам, на раўніне — прамавугольныя ў плане саманныя, пазней цагляныя дамы з паддашкам, крытыя дахоўкай. Пачалі ўзнікаць гарады (Маздок, Уладзікаўказ і інш.). У арх. стылях канца 19 — пач. 20 ст. пераважалі эклектыка і мадэрн. У адпаведнасці з генпланамі 1930—40-х г. пачалася рэканструкцыя гарадоў. У 2-й пал. 20 ст. пераважала комплексная забудова ў спалучэнні з азеляненнем і добраўпарадкаваннем тэрыторый (арх. Т.Бугаева, А.Бтэміраў, Б.Дзахоеў і інш.). У 1936 створана Паўн.-Асец. аддзяленне Саюза архітэктараў Расіі.
Найб. даўнія помнікі мастацтва адносяцца да 3-га тыс. да н.э. (посуд з чырвонай гліны). З бронз. веку захаваліся пасудзіны з адбіткамі шнура і штампаванымі ўзорамі, бронз. ўпрыгожанні. У 12—8 ст. да н.э. развівалася кабанская культура (чорнагліняныя пасудзіны з лінейным геам. узорам, бронз. сякеры з гравіраванымі выявамі і вырабы з элементамі «звярынага стылю»). У 10—13 ст.н.э. вылучалася мастацтва аланаў (кераміка, ювелірныя вырабы, арнаментаваныя тканіны і інш.). У 16—18 ст. узводзілі каменныя надмагільныя стэлы з высечанымі фігурамі людзей, жывёл, расл. і геам. арнаментам (стэлы некропаля каля с. Даргаўс — т.зв. Горад мёртвых). У 18—19 ст. развіваліся традыц. віды мастацтва: маст. апрацоўка металу, разьба па дрэве і камені; у арнаментыцы пераважалі расл. ўзоры, салярныя (разеткі, зоркі) і зааморфныя (галовы ці рогі казла, барана) матывы. У канцы 19 ст. — 1-й пал. 20 ст. пад уплывам расійскага ўзнікла прафес. мастацтва (жывапісцы М.Кочатаў, К.Хетагураў, М.Туганаў, А.Хохаў, графікі С.Кусаў, Р.Хасіева, скульптары С.Тавасіеў, С.Ендзіеў і інш.). У 2-й пал. 20 ст. працавалі жывапісцы Ш.Бедоеў, У.Гасіеў, Ю.Дзантыеў, П.Зарон, Б.Калманаў, Э.Сакаеў, Б.Фідараў, графікі З.Абоеў, Ю.Бігаеў, А.Джанаеў, скульпт. Н.Балаева, Ч.Дзанагаў, М.Дзбоеў, С.Санакоеў, Б.Таціеў, Б.Санаеў і інш. У 1939 створаны Саюз мастакоў П.А.—А.
Вытокі асец. тэатра ў нар. гульнях і паказах. У 1871 заснаваны Рус.драм.т-р, які паўплываў на станаўленне нац. тэатра. У пач. 20 ст. наладжваліся аматарскія тэатр. паказы (у 1908 першы асец. спектакль ва Уладзікаўказе). У 1920-я г.вял. работу па развіцці самадзейнага т-ра праводзіў акцёр Б.Тотраў. У 1930 арганізаваны Т-р малых форм, дзе выступалі асец. акцёры. У 1935 у г. Арджанікідзе адкрыўся Паўн.-Асец. т-р (у 1959—72 працаваў як муз.-драм.). У рэпертуары п’есы асец. аўтараў, сусв. і рас. класікі, бел. драматургаў (А.Макаёнка і інш.). У 1944 створаны т-р лялек «Сабі» (рус. і асец. трупы). Сярод тэатр. дзеячаў: З.Брытаева, Дз.Маміеў, М.Саламаў, А.Туменава, У.Тхапсаеў, В.Хугаева, М.Цалікаў, М.Цыхіеў і інш.
Нар. музыка дыятанічная, рытмічна разнастайная, у ёй пашырана 2- і 3-галоссе. Асн. песенныя жанры: зарджыта (песні), каджыта (быліны), кафты зарджыта (танц. песні). З нар. танцаў — сімд, хонга кафт. Сярод муз. інструментаў — дала-фандыр, дуадастанон (шчыпковыя), кісын-фандыр (смыковы), карцганаг (ударны). Прафес. музыка развіваецца з 1920—30-х г. Дзейнічала Горская нар. кансерваторыя (1924—26), з 1938 Асец. ансамбль песні і танца. Ствараюцца апрацоўкі нар. песень і рамансы (А.Алікава, Т.Какойці, Я.Калеснікава, А.Таціева). З 1940-х г. засвойваліся новыя муз. жанры (ад вак. і інстр. мініяцюр да опер і балетаў, разгорнутых сімф. і кантатна-аратарыяльных твораў). У 1944 створаны Паўн.Асец. дзярж.сімф. аркестр. Сярод кампазітараў: І.Габараеў, А.Какойці, Н.Карніцкая, Л.Куліеў, Ж.Пліева, Х.Пліеў, З.Хабалава, Д.Хаханаў, Э.Цалагава, Р.Царыёнці, спевакоў — К.Суанаў, Т.Тагоева, А.Хасіева і інш. Працуюць: філармонія (з 1945), Харавое т-ва (з 1959), Муз.т-р (з 1972), муз. вучылішча і школы. У 1939 створана Паўн.-Асец. аддзяленне Саюза кампазітараў Расіі.
Літ.:
История Северо-Осетинской АССР. (Т. 1—2] М.;
Орджоникидзе, 1959—66;
Тедтоев А.А. Северная Осетия в Великой Отечественной войне. Орджоникидзе, 1968;
Чибиров Л.А. Древнейшие пласты духовной культуры Осетии. Цхинвали, 1984;
Калоев Б.А. Осетины: (Ист.-этногр. исслед.). 2 изд. М., 1971;
Яго ж. Материальная культура и прикладное искусство осетин. М., 1973;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНГЛАДЭ́Ш, Народная Рэспубліка Бангладэш,
дзяржава ў Паўд. Азіі. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. Індыйскага ак. На З, Пн і У мяжуе з Індыяй, на ПдУ — з М’янмай. Пл. каля 144 тыс.км². Нас. 116,6 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Дака. Падзяляецца на 64 акругі. Дзярж. мовы бенгальская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 сак.).
Дзяржаўны лад. Бангладэш — унітарная рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Парламент — аднапалатная Нац. асамблея (330 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 5 гадоў). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў і выконвае прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік выканаўчай улады — прэм’ер-міністр.
Прырода. Каля 90% — плоская алювіяльная нізіна ў межах буйнейшай у свеце агульнай дэльты Ганга і Брахмапутры (выш. 1—3 м над узр. м. ў прыморскіх раёнах, 6—20 м на З і ПнЗ), парэзаная сеткай рэк і каналаў. На Пн узвышшы Барынд і Мадхурпур, на ПдУ горы Чытагонг і Лушаі (да 1230 м). З карысных выкапняў невял. радовішчы прыроднага газу, нафты, каменнага вугалю, торфу, жал. руды, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным (май—кастр.) і сухім сезонамі. У вільготны сезон т-ра паветра 28—35 °C, у сухі 15—25 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год. Частыя паводкі, ураганы і нагоны вады з мора, радзей засухі. Глебы алювіяльныя, рыхлыя, пераважна сугліністыя і супясчаныя, лёгка паддаюцца апрацоўцы. Пашырана эрозія глебаў, у прыморскіх раёнах — засаленне. Рэкі — Ганг, Брахмапутра са шматлікімі прытокамі і пратокамі: выкарыстоўваюцца для арашэння і суднаходства. Пераважае культ. расліннасць; на ПдУ захаваліся трапічныя вечназялёныя бамбукавыя і пальмавыя лясы (каля 14% тэрыторыі), уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі. Нац. паркі Чытагонг, Мадхурпур.
Насельніцтва. 98% — бенгальцы. Ёсць мусульманскія выхадцы з Індыі. На ўскраінах і ў гарах на ПдУ жывуць малыя народнасці асама-бірманскага паходжання (чакма, могх, кхаст, санталы і інш.). Сярэднегадавы прырост 2,4%. Паводле веравызнання больш за 85% вернікаў мусульмане, каля 12% індуісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 810 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце), у многіх раёнах перавышае 1 тыс.чал. На 1 км². У гарадах каля 14% жыхароў краіны. Найб. гарады (1991, тыс.ж.): Дака — 3638, Чытагонг — 1566, Кхулна — 601, Нараянгандж, Маймансінгх, Раджшахі. Сярэдняя працягласць жыцця 52 гады.
Гісторыя. Тэр. Бангладэш заселена ў палеаліце. У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры — сярэдзіне 1-га тыс. нашай эры існавалі дзярж. ўтварэнні, у т. л. Ванга (7—6 ст. да нашай эры), ад якой і пайшла назва Бенгалія, потым Бангладэш (краіна бенгальцаў). У 6—13 ст. нашай эры ў дзяржаве Бенгаліяй правілі дынастыі Гаўда, Палаў і Сенаў. На рубяжы 12—13 ст. яе захапіў Дэлійскі султанат, ва ўсх. яе частцы пануючай рэлігіяй становіцца іслам. З сярэдзіны 14 ст. Бенгалія незалежная. У 1576 яе захапілі Вялікія Маголы. На пач. 18 ст. краіна зноў самастойная, на той час — самая густанаселеная і развітая частка Індастана. У сярэдзіне 18 ст. адсюль англічане пачалі экспансію ў Індастан. Пасля бітвы пры Плесі (1757) Бенгалія — уладанне англ. Ост-Індскай кампаніі. Каланіяльны рэжым прывёў краіну ў заняпад. У 19 ст. ў агульным рэчышчы вызв. руху Індастана ў Бенгаліі сфарміраваўся нац.-вызв. рух. У 20 ст. ім кіраваў Індыйскі нацыянальны кангрэс, а ва Усх. Бенгаліі — і мусульм. ліга. Пасля падзення каланіялізму ў Індыі (1947) б. брытанская калонія падзелена паводле рэліг. прынцыпу на 2 дзяржавы — Індыю і Пакістан; Усх. Бенгалія апынулася ў складзе апошняй як яе частка. Дзярж. ўладу ў краіне захапілі маёмныя колы Зах. Пакістана, якія праводзілі тут палітыку жорсткай эксплуатацыі. Асабліва востра паўстала моўная праблема; дзярж. мовай Пакістана — урду — валодалі 1,1% жыхароў Усх. Пакістана. За раўнапраўе абедзвюх частак краіны выступілі камуністы і чл.Нар. лігі (узнікла ў 1949 і стала самай уплывовай паліт. сілай краіны). Нац. праблема тут ускладнялася цяжкім сац.-эканам. становішчам. Усх. Пакістан быў у ліку самых адсталых рэгіёнаў свету. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. бенгальскае пытанне стала прыярытэтным у комплексе праблем Пакістана, ахопленага дзярж. крызісам. На агульных выбарах 1970 перамагла Нар. ліга на чале з М.Рахманам, якая запатрабавала поўнай аўтаноміі Усх. Пакістана, замацаванай канстытуцыяй. Правячыя колы Зах. Пакістана пачалі супраць бенгальцаў жорсткія рэпрэсіі, якія прывялі да ўцёкаў апошніх у суседнюю Індыю і гібелі каля 3 млн.чал. У Бенгаліі пачалася агульнанац. кампанія непадпарадкавання, якая перарасла ва ўзбр. барацьбу партызанаў (мукці-бахіні). 26.3.1971 бенгальскія нац. сілы абвясцілі незалежную краіну Бангладэш. На дапамогу бенгальцам прыйшлі ўзбр. сілы Індыі разам з мукці-бахіні. У снеж. 1971 войскі Пакістана капітулявалі. Урад новай краіны ўзначаліў вызвалены з турмы М.Рахман. Пакістанцы-небенгальцы пакінулі Бенгалію. Паліт. ўлада ў Бенгаліі апынулася ў руках сярэдняй і дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, служачых, заможных землеўладальнікаў. Урад спрабаваў вырашыць сац. пытанні шляхам шырокай нацыяналізацыі прам-сці, банкаў, стварэннем дзяржсектара і планаваннем у эканоміцы. Непадрыхтаванасць новай улады, цяжкая эканам. спадчына, стыхійныя бедствы прывялі да паліт. напружанасці. У выніку дзярж.ваен. перавароту і забойства М.Рахмана (жн. 1975) настаў 15-гадовы перыяд смуты, за час якой адбыліся 4 ваен. перавароты, забіты 2 прэзідэнты, 9 гадоў існавала прамое ваен. праўленне, 5 гадоў абмяжоўвалася канстытуцыя. Абраны ў чэрв. 1977 прэзідэнт З.Рахман стварыў Нацыяналіст. партыю Бангладэш (НПБ) і абвясціў асн. прынцыпамі сваёй палітыкі іслам, дэмакратыю, нацыяналізм, сац. справядлівасць. У маі 1981 З.Рахман забіты. У сак. 1982 да ўлады прыйшоў ген. Х.М.Эршад, які ажыццяўляў праграму «19 пунктаў» (дапамога сельскай гаспадарцы, дэнацыяналізацыя, пашырэнне дзейнасці прыватнага капіталу, у т. л. замежнага). Дзеянні апазіцыі ў снеж. 1990 прывялі да падзення рэжыму Эршада. На першых свабодных выбарах у лют. 1991 перамагла НПБ на чале з удавой З.Рахмана Х.Зія, якая ўзначаліла ўрад. Асн.апазіц. партыяй стала Нар. ліга (лідэр Х.Вазед, дачка М.Рахмана). Прэзідэнт краіны (з кастр. 1991) Абдур Рахман Бісвас кіруецца прынцыпамі бангладэшскага нацыяналізму і ісламу. Кіруючая партыя імкнецца да правядзення рыначных рэформаў, умацавання прам-сці і с.-г. вытворчасці.
Бангладэш — чл.ААН (з 1974), а таксама Садружнасці, Руху недалучэння, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя»; ініцыятар стварэння ў 1985 Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.
Палітычныя партыі. Дзейнічае каля 100 паліт. партый і груповак. Асн. з іх — Нацыяналіст. партыя Бангладэш, Нар. ліга, Нац. партыя Бпнгладэш, Джамаат-і-ісламі, Кампартыя Бангладэш і інш.
Гаспадарка. Бангладэш — агр. краіна з многаўкладнай эканомікай. Паводле класіфікацыі ААН уваходзіць у лік найменш развітых краін. Штогадовы валавы нац. прадукт 24 млрд.дол. ЗША (каля 200 дол. на чалавека). Найб. развіта сельская гаспадарка (67% зямель апрацоўваюцца), якая дае 40% нац. прадукту. У ёй занята 74% эканамічна актыўнага насельніцтва. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі з нізкай вытв-сцю і таварнасцю. Характэрныя абмежаванасць зямельнага фонду, агр. перанасяленне. На б.ч. палёў штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Гал.харч. культура — рыс (80% пасяўных плошчаў, штогадовы збор каля 15 млн.т), вырошчваюць таксама пшаніцу (каля 1,5 млн.т), ячмень, бабовыя (фасоля, чачавіца і інш.), бульбу, агародніну і садавіну. Краіна не забяспечвае сябе харч. прадуктамі, штогод імпартуе каля 2 млн.т збожжа. Асн.тэхн. і экспартныя культуры: джут (каля 1 млн.т, 2-е месца ў свеце пасля Індыі), цукр. трыснёг, бавоўна, тытунь, алейныя (рапс, кунжут, гарчыца, арахіс), чай (штогадовы збор каля 40 тыс.т). Пагалоўе буйн. раг жывёлы каля 24 млн. (выкарыстоўваецца пераважна як цяглавая сіла), дробнай раг. жывёлы (пераважна козаў) каля 11 млн., птушкі каля 90 млн. Прэснаводнае (у сажалках, рэках і на рысавых палях) і марское рыбалоўства штогод дае каля 1 млн.т рыбы. Здабываюць прыродны газ (на ПнУ, каля 2,5 млрд.м³ штогод), нафту (забяспечвае 0,5% патрэбы краіны), вапняк, буд. матэрыялы. Вытв-сць электраэнергіі каля 5 млрд. КВт∙гадз. ГЭС на р. Карнахпулі. Большасць прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Найб. развіты тэкст., пераважна джутавая (тканіны, дываны) і баваўняная, прам-сць. Развіваюцца тэкст. (швейная і трыкат. галіны), харч. (цукр., чайная, алейная, саляная, тытунёвая, рысаачышчальная), папяровая, хім. (вытв-сць угнаенняў, хімікатаў, лекаў, фарбавальнікаў); машынабудаванне (вытв-сць станкоў, дызельных рухавікоў, тэлеф. абсталявання, радыёпрыёмнікаў, суднабудаванне, суднарамонт, зборка з імпартаваных дэталяў). Металургічны і нафтаперапр. з-ды ў Чытагонгу, вытв-сць цэменту ў Чхатаку. Важнае значэнне маюць хатнія промыслы, рамесніцтва і дробная прам-сць (гарбарная, ганчарная і інш.), у якіх занята больш за 1 млн.чал. Саматужнае ткацтва (больш за 300 тыс.чал.) амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў тканінах. На долю ўнутр. воднага транспарту прыпадае 75% грузавых і пасажырскіх перавозак. Працягласць водных шляхоў з пастаяннай эксплуатацыяй 8 тыс.км. Агульная працягласць чыгунак 2818 км, аўтадарог 10 500 км. Асн. рачныя парты і чыг. вузлы Нараянгандж, Кхулна, Сілхет, Маймансінгх. Асн. грузапатокі з Пн на Пд (джут, скуры, чай) і з Пд на Пн (збожжа, машыны і абсталяванне, хімікаты). Марскі транспарт забяспечвае знешнеэканам. сувязі. Марскія парты Чытагонг і Чална. Авіяц. транспарт звязвае буйнейшыя гарады краіны з 26 краінамі Азіі, Афрыкі і Еўропы. Агульны тавараабарот 5,6 млрд.дол. ЗША (1991/92 фін. год), экспарт — 2 млрд.дол., імпарт — 3,6 млрд.дол. Экспартуе джут, джутавыя і скураныя вырабы, чай, рыбу, морапрадукты, адзенне, сантэхн. і кухоннае абсталяванне, абутак, электрабыт. прылады і інш. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, металы, машыны і абсталяванне, збожжа і інш.харч. прадукты. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, Сінгапур, ААЭ, Кітай, Расія. Грашовая адзінка — така.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Бангладэш выходзіць больш за 90 штодзённых газет, больш за 340 штотыднёвых і каля 180 інш.перыяд. выданняў. Інфармацыйныя агенцтвы: дзярж. Бангладэш Сангбад Сангаста (БСС) і прыватнае Юнайтэд Ньюс оф Бангладэш (ЮНБ). Радыё і тэлебачанне — дзярж., на бенгальскай і англ. мовах.
Літаратура. Развіваецца на бенгальскай мове. Яе спецыфіка абумоўлена цеснай сувяззю з традыцыйнай мусульм. культурай і рэгіянальнымі асаблівасцямі. У 15—18 ст. бенгальскія мусульмане стварылі нямала паэт. твораў на бенгальскай мове, у якіх адчувалася наследаванне араб. і перс. канонам. У адрозненне ад індусаў бенгальскія мусульмане не абнаўлялі ў 19 ст. сваю культуру і л-ру. Першы паэт-мусульманін, які набыў усебенгальскае прызнанне, — Назрул Іслам. Даследчык усх.-бенгальскага фальклору Джасімуддзін стаў вядомы сваімі песнямі і паэмамі ў нар. духу. Паэты Гулам Мустафа і Суфія Камал трымаліся літ. традыцый; Фарук Ахмад і інш. супрацьпастаўлялі сваю творчасць агульнабенгальскім традыцыям. Плённа развіваецца паэзія, якая наследуе традыцыі Р.Тагора, бенгальскай л-ры 1930-х г. і знаходзіцца пад уплывам сусв. паэзіі 20 ст. Буйнейшы паэт — Шамсур Рахман, творы якога адлюстроўваюць трагічны лёс краіны. Іншыя вядомыя паэты: Ахсан Хабіб, Саід Алі Ахсан, Хасан Хафізур Рахман, аль-Махмуд, Шахід Кадры, Нірмаленду Гун. Развіваецца таксама проза: раманы Саіда Валіулы, апавяданні Шаўката Асмана, творы Абул Фазла, Абу Ісхака і інш.Арганізац. цэнтр л-ры — Бенгальская акадэмія (г. Дака).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бангладэш захаваліся помнікі мастацтва 12 ст.: рэшткі ўмацаванняў г. Пундранагара (Махастхан), будыйскіх манастыроў у Пахарпуры і Майнаматы з тэракотавымі рэльефамі на міфалагічныя тэмы, з круглай каменнай і бронз. скульптурай. Пасля мусульм. захопу (канец 12 — пач. 13 ст.) у культуру Бангладэш прыйшлі маст. традыцыі Сярэдняй Азіі, Бліжняга і Сярэдняга Усходу, пашырылася буд-ва мячэцяў, мінарэтаў, медрэсэ. У 16—17 ст. дасягнуў росквіту мініяцюрны жывапіс. У 18—19 ст. разам з традыц. тыпамі збудаванняў («Зоркавая мячэць» у г. Дака) узводзіліся чыг. вакзалы, муніцыпалітэты ў стылі англ. неакласіцызму (будынак банка ў г. Дака). Грамадскія будынкі сярэдзіны 20 ст. пабудаваны ў стылі, які спалучае сучасныя канструкцыі і матэрыялы з традыц. формамі (мячэць Байтул Мукарам у г. Дака). Рэаліст. творы ў духу еўрап. мастацтва створаны жывапісцамі і графікамі (З.Абедзін, А.Сафіуддзін, К.Хасан). Некаторыя мастакі абапіраюцца на традыцыі магольскай мініяцюры і стараж.інд. размалёўкі (Х.Рахман). Творчасць жывапісцаў М.Башыра, М.Кібрыя, графіка К.Чаудхуры адметная імкненнем да зах. мадэрнізму. У дэкар.-прыкладным мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і слановай косці, ганчарства, ткацтва.
Музыка. Найб. раннія этапы станаўлення музыкі Бангладэш адносяцца да 3—2-га тыс. да нашай эры У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры склалася культура напеўнай рэчытацыі тэкстаў Ведаў. На пач. нашай эры фарміравалася музыка высокай традыцыі (пераважна вакальная), у 4—7 ст. расквітнела тэатр. музыка. З 13 ст. ў рэчышчы культуры хіндустані развівалася класічная музыка. У 14—16 ст. склалася прыдворная вак. традыцыя дхрупад, адметная велічнасцю і павольнасцю разгортвання, філас. зместам. У 17—18 ст. з яе вылучылася самаст.вак. традыцыя кхаял з больш экспрэсіўным тыпам спеваў. Музыка Бангладэш уключае і разнастайныя муз.-танц.-тэатр. формы, звязаныя з побытам (бхатыялі). Сярод муз. інструментаў: струнныя — віна, сітар, сарод, сарангі, тампура, сантур; ударныя — табла, пакхавадж, мрыданга, барабаны; духавы — бансуры (драўляная флейта). На мяжы 19—20 ст. пашырылася інстр. музыка. Вял. ўклад у муз. культуру Бангладэш зрабіў Р.Тагор. У Бангладэш працуюць Муз. акадэмія і Т-ва па развіцці мастацтваў і л-ры.
Тэатр. У Бангладэш да нашага часу захаваўся стараж. від інд.нар.т-ра — джатра, які бярэ пачатак з ігрышчаў пастухоў і рэліг. працэсій культу Вішну — Крышны. Ён аб’ядноўвае танец, пантаміму, слова, інстр. і вак. музыку. У канцы 19 — пач. 20 ст. тэатр узбагаціўся новымі тэмамі, героямі сталі гіст. асобы, барацьбіты за нац. вызваленне. Выканаўцы — юнакі і мужчыны; гал. спявак (бібек) дае каментарыі, тлумачыць ход тэатр. дзеяння.
Кіно. У 1959 зняты першы ў Бангладэш фільм «Цячэ рака» («Прыйдзе дзень», рэж. Дж.Кардар). У 1960-я г. здымаліся меладрамы на ўзор інд. камерцыйнай прадукцыі, прытчы. У 1970—80-я г. створаны фільмы, якія закранаюць сац. пытанні, барацьбу за незалежнасць; экранізуецца літ. класіка, нар. легенды. Сярод найб. значных фільмаў: «Усё яшчэ ноч», «Вяртанне да жыцця», «Апошні школьны званок» (усе рэж. Х.А.Рахман), «Бесхарактарны чалавек» (рэж. Б.Іслам), «Паміж небам і зямлёй» (рэж. С.Дата), «Цябе пакліча мая флейта» (рэж. Міта), «Бясконцая дарога» (рэж. А.Хусейн). У краіне 5 кінастудый, у т. л. 1 дзяржаўная.
Літ.:
Ермошкин Н.И. Бангладеш: Годы борьбы и становления (1966—1974). М., 1979;
Народная Республика Бангладеш: Экономика, история, культура. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗРА́ІЛЬ, Дзяржава Ізраіль (Медынат-Ісраэль),
дзяржава ў Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Міжземнага м. Мяжуе на Пн з Ліванам, на У з Сірыяй, тэрыторыяй арабскай аўтаноміі на зах. беразе р. Іардан, Іарданіяй, на Пд з Егіптам і сектарам Газа, на З абмываецца Міжземным м. Падзяляецца на 6 акруг (дыстрыктаў). Пл. 20,8 тыс.км². І. акупіруе ч. суседніх араб. тэрыторый пл. 7,1 тыс.км² (Зах. бераг р. Іардан, сектар Газа, Галанскія вышыні). Нас. каля 5950 тыс.чал. (канец 1997). Паводле пастаноў урада 1950 і парламента 1980, сталіца — г.Іерусалім (не прызнана большасцю краін і ААН). Афіц. мовы — іўрыт (старажытнаяўрэйская) і арабская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 іяра па яўр. календары, рухомае — у крас. або маі).
Дзяржаўны лад. І. — дэмакр. рэспубліка. Краіна не мае канстытуцыі; асновы дзярж. ладу рэгулююцца некалькімі заканад. актамі, у т. л. законамі аб грамадзянстве, прэзідэнце, парламенце. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Паўнамоцтвы прэзідэнта абмежаваны і ў асноўным зводзяцца да прадстаўніцтва. Уся паўната ўлады належыць прэм’ер-міністру, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Урад кіруе ўсімі пытаннямі ўнутр. і знешняй палітыкі дзяржавы. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент (кнесет); складаецца з 120 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады. Мясц. органы ўлады — муніцыпальныя саветы ў гарадах і сельскія акр. саветы, выбіраюцца на 4 гады. Суд. сістэма складаецца са свецкіх і рэліг. судоў (судоў равінату і судоў шарыяту — для араб. насельніцтва). Сістэму свецкіх судоў (раённых, муніцыпальных і акруговых) узначальвае Вярх.суд. Суды равінату разглядаюць пытанні шлюбу і сям’і, культавыя справы і дзейнічаюць на аснове Талмуда і галахічных пастаноў.
Прырода. Асн. частка тэр. І. — нагор’е выш. 600—700 м. Паўночная, найб. высокая ч. нагор’я наз. плато Галілея (найвыш. пункт — г. Мейрон, 1208 м). На Пд паўпустыннае і пустыннае плато Негеў (60% тэр.). На У грабен Гхор і яго працяг — Вадзі-эль-Араба. Самая нізкая ч. ўпадзіны занята Мёртвым м., узровень якога на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Уздоўж Міжземнага м. ўрадлівая ўзгорыстая раўніна, больш шырокая на Пд. Гал. карысныя выкапні — расолы Мёртвага м., багатыя солямі калію, брому, магнію. Ёсць фасфарыты, буд. матэрыялы, невял. запасы медных і жал. руд, нафты і прыроднага газу. Клімат субтрапічны міжземнаморскі з сухім і гарачым летам. Ападкаў ад 800—400 мм на Пн да 100 мм на Пд. Адзіная рака з пастаянным сцёкам — Іардан, працякае праз Тыверыядскае воз., упадае ў Мёртвае м. Астатнія рэкі невялікія, летам перасыхаюць або выкарыстоўваюцца на арашэнне. На Пд пашыраны вадзі. Вада р. Іардан па сістэме каналаў і трубаправодаў перакідваецца на Пд. Глебы карычневыя, шэра-карычневыя, шэразёмы, шэра-бурыя. Уздоўж узбярэжжа захаваліся ўчасткі маквісу, фрыганы; лясы займаюць 5% тэрыторыі. Нац. парк Кармель, некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Яўрэі складаюць каля 81% насельніцтва, арабы — каля 18%. Жывуць таксама армяне, чэркесы і інш. Каля 60% яўр. насельніцтва нарадзілася ў І. Каля 25% яўр. насельніцтва — выхадцы з Еўропы, каля 15% — з араб. і інш.мусульм. краін. Сярод імігрантаў з Еўропы значную ч. складаюць выхадцы з Беларусі (за 1980—96 выехала больш за 95 тыс.чал.) і інш. частак былога СССР. Сярод вернікаў пераважаюць іудаісты, большасць арабаў — мусульмане-суніты, ёсць друзы і хрысціяне. Сярэдняя шчыльн. 286 чал. на 1 км². У наваколлі Тэль-Авіва шчыльн. больш за 5000 чал., у Негеве зніжаецца да 30 чал. на 1 км². У гарадах жыве 91% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Іерусалім — 602, Тэль-Авіў — 353 (разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі каля 2 млн. ж), Хайфа — 255. У прам-сці, буд-ве, транспарце і сувязі занята 35% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Перадумовы для ўтварэння сучаснай дзяржавы І. пачалі складвацца пасля арганізац. афармлення паліт. кірунку ў сіянізме (1897). Сусветная сіянісцкая арганізацыя (ССА) абвясціла сваёй мэтай стварэнне «для яўр. народа праваахоўнага прыстанішча» ў Палесціне (у старажытнасці тут існавалі Ізраільскае царства і Іудзейскае царства) шляхам каланізацыі гэтай тэрыторыі, якая тады ўваходзіла ў склад Асманскай імперыі. У Палесціне жылі пераважна арабамоўныя мусульмане і хрысціяне; напярэдадні 1-й сусв. вайны тут было каля 60 тыс. яўрэяў. Для здзяйснення сваіх намераў сіяністы шукалі саюзнікаў і заступнікаў сярод найб. уплывовых краін свету, найперш Вялікабрытаніі. Каб выкарыстаць сіянісцкі рух для ўзмацнення ўласных пазіцый у Палесціне, урад Вялікабрытаніі ў ліст. 1917 афіцыйна абвясціў пра свае «прыхільныя адносіны» да стварэння тут «нац. ачага для яўр. народа». Пасля перамогі дзяржаў Антанты ў 1-й сусв. вайне і зацвярджэння мандата Вялікабрытаніі на кіраванне Палесцінай (1922) склаліся спрыяльныя ўмовы для каланізацыі (засялення) яе яўрэямі. З 1920 да 1948 мясц.яўр. абшчына (ешуў) павялічылася амаль у 40 разоў. Пасля 2-й сусв. вайны яўр.паліт. арг-цыі, падтрыманыя ЗША, адкрыта паставілі пытанне пра стварэнне ўласнай дзяржавы на тэр. Палесціны, што выклікала процістаянне паміж ешувам і брыт. ўладамі. Узмацніўся і нац.-вызв. рух палесцінскіх арабаў. У гэтых умовах Вялікабрытанія перадала палесцінскае пытанне на абмеркаванне ў ААН. У выніку працяглых дэбатаў Ген. Асамблея галасамі 33 дзяржаў (Вялікабрытанія ўстрымалася ад галасавання) 29.11.1947 прыняла рашэнне аб скасаванні брыт. мандата на Палесціну і падзеле яе на 2 дэмакр. дзяржавы: арабскую (11.1 тыс.км²) і яўрэйскую (14,1 тыс.км², або 56% палесцінскай тэр., са змяшаным насельніцтвам — 499 тыс. яўрэяў і больш за 509 тыс. арабаў); г.Іерусалім вылучаўся ў спец. зону пад міжнар. кантролем. На падставе рэзалюцыі ААН лідэры ССА і яўр. абшчыны ў Палесціне 14.5.1948 абвясцілі ўтварэнне дзяржавы І. Араб. краіны, незадаволеныя рашэннем ААН, на наступны дзень пачалі араба-ізраільскую вайну 1948—49, у выніку якой яны пацярпелі паражэнне, а ізраільцяне заваявалі 6,7 тыс.км² (б.ч. зямель не створанай палесцінскай араб. дзяржавы). Узнікла праблема палесцінскіх бежанцаў-арабаў, што ўскладніла араба-ізраільскія адносіны (гл.Блізкаўсходні канфлікт). У 1949 у выніку пагадненняў аб перамір’і паміж І. і суседнімі араб. дзяржавамі (Егіпет, Іарданія, Ліван, Сірыя) вызначана дэмаркацыйная лінія (працягласць 1239 км, заставалася нязменнай да ізраільска-араб вайны 1967). У 1949 у І. адбыліся выбары ў парламент. Першым прэзідэнтам краіны стаў адзін з лідэраў сіянісцкага руху Х.Вейцман, першым прэм’ер-міністрам — Д.Бен-Гурыён. Яго ўрады (1948—53, 1955—63) аддавалі вял. ўвагу забеспячэнню нац. бяспекі і стварэнню ўзбр. сіл: распушчаны або ўключаны ў склад рэгулярнай арміі вайск. фарміраванні розных паліт. партый і арг-цый, якія існавалі з часоў знаходжання Палесціны пад брыт. мандатам; праходжанню вайск. службы падлягалі мужчыны і жанчыны; да 1960-х г. з дапамогай Францыі створаны сучасныя ВПС.
У 1956 І. разам з Вялікабрытаніяй і Францыяй удзельнічаў ва ўзбр. інтэрвенцыі супраць Егіпта: урад Бен-Гурыёна разлічваў пашырыць паўд. межы І. (кампанія на Сінайскім п-ве). Пасля прыняцця ААН рэзалюцыі, якая асуджала траістую агрэсію, і дыпламат. націску з боку ЗША і СССР войскі І. выведзены з тэр. Егіпта. Улады І. заахвочвалі іміграцыю яўрэяў з усяго свету. Напачатку насельніцтва краіны папаўнялася пераважна за кошт б. вязняў нацысцкіх канцлагераў. У 1950-я г. ўзмацнілася эміграцыя яўрэяў з мусульм. краін Б. і Сярэдняга Усходу, Паўн. Афрыкі; у 1960-я г. іх стала больш, чым яўрэяў еўрап. паходжання. Вырашэнню многіх эканам. праблем краіны спрыяла фін. дапамога з боку ЗША. Аднак араба-ізраільскія адносіны заставаліся напружанымі. 5.6.1967 ізраільскія войскі адначасова нанеслі прэвентыўныя ўдары па тэр. Егіпта, Іарданіі і Сірыі. У ходзе т.зв. шасцідзённай вайны яны занялі егіпецкія (Сінайскі п-аў і сектар Газа), іарданскія (Усх. Іерусалім і Заходні бераг ракі Іардан), сірыйскія (Галанскія вышыні) землі; (усяго каля 70 тыс.км²). З гэтага часу пытанне пра будучыню акупіраваных араб. зямель стала адной з гал. праблем унутрыпаліт. жыцця І. 22.11.1967 Савет Бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю, якая прадугледжвала спыненне вайны на Б. Усходзе, забеспячэнне тэр. недатыкальнасці і гарантыі граніц усіх дзяржаў рэгіёна, вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэрыторый. Аднак І. не прыняў гэта рашэнне: амаль усе вядучыя партыі краіны адмовілі ідэю вяртання да даваен. тэрыторый і прызнанне права араб. народа Палесціны на нац. самавызначэнне. Разыходжанні ў пазіцыях партый датычыліся толькі варыянтаў «тэр. уступак» і магчымасці кампрамісу для дасягнення міру на Б. Усходзе. У кастр. 1973 адбылася новая араба-ізраільская вайна (т.зв. Вайна Суднага Дня) — Егіпет і Сірыя спрабавалі ўзбр. шляхам вярнуць страчаныя тэрыторыі. На 1-м этапе вайны І. фактычна пацярпеў паражэнне. На 2-м этапе ізраільцяне з вял. цяжкасцямі аднавілі раўнавагу сіл, пры гэтым страцілі каля 3 тыс.чал. забітымі, 900 танкаў і каля 250 самалётаў; ваен. дзеянні прыпынены пад націскам СССР і ЗША. Урад Г.Меір вымушаны быў пайсці ў адстаўку. Новы кабінет узначаліў у крас. 1974 І.Рабін, але і яго ўрад не здолеў спыніць інфляцыю і пагаршэнне эканам. становішча краіны, што прывяло да аслаблення пазіцый кіруючага с.-д. блока Маарах (утвораны ў 1969). З 1948 да 1977 дзярж. ўлада ў І. належала сацыял-сіянісцкім партыям, якія прапагандавалі лозунг пабудовы «сіянісцкага сацыялізму». У 1977 на выбарах у кнесет перамог правы блок партый Лікуд (лідэр М.Бегін), што знаходзіўся на чале ўлады да 1984. Яго эканам. праграма прадугледжвала пашырэнне прыватнага прадпрымальніцтва на ўсе сферы эканомікі. Аднак лібералізацыя эканомікі не спыніла росту інфляцыі, выкліканай вял. выдаткамі на патрэбы абароны. Ураду Бегіна ўдалося дамагчыся мірнага ўрэгулявання з Егіптам. У 1978 пры ўдзеле ЗША паміж І. і Егіптам заключаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні, 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Егіпту вернуты Сінайскі п-аў (крас. 1982). За першыя 30 гадоў існавання І. яго насельніцтва павялічылася ў 5 разоў, пры гэтым на 2/3 за кошт імігрантаў. У чэрв. 1982 Ізраільскія войскі ўварваліся ў Ліван і дамагліся эвакуацыі з Бейрута штаб-кватэры і ўзбр. фарміраванняў Арганізацыі вызвалення Палесціны (ААП). У выніку выдаткаў на вайну і акупацыі Пд Лівана ў І. паглыбіўся эканам. крызіс. У жн. 1983 урад узначаліў І.Шамір. У ліп. 1984 створаны ўрад «нац. адзінства» (кааліцыя Лікуд—Маарах). Абвешчанае кааліцыйным урадам «аздараўленне эканомікі» (прадугледжвала эканам. рост, поўную занятасць працаздольнага насельніцтва, стабілізацыю цэн і інш.) не было поўнасцю выканана, што прывяло да распаду кааліцыі (сак. 1989). Кіраўніком урада зноў стаў Шамір. Нягледзячы на абстрэлы тэр. І. іракскімі ракетамі, І. захоўваў нейтралітэт у час кувейцкага крызісу 1990—91. У чэрв. 1991 пасля паражэння на парламенцкіх выбарах блока Лікуд сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам партыі Працы (ядро — блок Маарах) Рабінам. Пасля Мадрыдскай мірнай канферэнцыі па Б. Усходзе (кастр. 1991) пачаліся прамыя араба-ізраільскія перагаворы. У вер. 1993 Рабін і старшыня ААП Я.Арафат падпісалі ў Вашынгтоне ізраільска-палесцінскую Дэкларацыю аб прынцыпах, якая прадугледжвала стварэнне часовага самакіравання на Зах. беразе р. Іардан і ў Газе; І. і ААП абвясцілі пра ўзаемнае прызнанне. У маі 1994 войскі І. пакінулі г. Іерыхон і Газу, што перайшлі пад кіраванне палесцінскай аўт. адміністрацыі. У ліп. 1994 Рабін і кароль Іарданіі падпісалі мірнае пагадненне, якое завяршыла 46-гадовы стан вайны паміж гэтымі краінамі. У кастр. 1994 абодва бакі заключылі поўнамаштабны дагавор, паводле якога вырашаны тэр. спрэчкі і размеркаваны водныя рэсурсы, устаноўлена супрацоўніцтва ў сферы гандлю, эканомікі, абароны навакольнага асяроддзя і турызму. У 1994 І. устанавіў дыпламат. адносіны з Ватыканам. У 1995 паміж І. і ААП падпісана другое пагадненне, якое прадугледжвала вывад ізраільскіх войск (адбыўся ў пач. 1996) з палесцінскіх тэрыторый на зах. беразе, выбары Палесцінскага савета з 88 членаў і прэзідэнта палесцінскай аўт. адміністрацыі. 4.11.1995 Рабін забіты ізраільскім экстрэмістам. Кіраўніком урада стаў Ш.Перас, які прадоўжыў перагаворы з ААП. Аднак у маі 1996 прэм’ер-міністрам І. выбраны Б.Нетаньяху — прыхільнік мінімальнага кампрамісу ў перагаворах з палесцінцамі. І. — член ААН (з 1949). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Лікуд (найбуйнейшая партыя), Сацыяліст. партыя Авода (Праца), блок левых партый Мерэц (Дэмакр. І.) у складзе РАЦ (Рух за грамадз. правы), Шынуі (Змяненне) і МАПАМ (Аб’яднаная рабочая партыя), блок камуністаў і левых сіл, рэліг. партыя ШАС (Сефардскія вартаўнікі Торы), Мафдал (Нац.-рэліг. партыя), «Яхадут ха-Тора ха-меухедэт» («Аб’яднаны іудаізм Торы»), Дэмакр.араб. партыя і інш.Прафс. аб’яднанне — Гістадрут (Усеагульная федэрацыя працы І.).
Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце прам-сці і буд. каля 30%, сельскай гаспадаркі — каля 5%; на 1 чал. ў год прыпадае каля 17 тыс. долараў. У прамысловасці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы, аднак адбываецца канцэнтрацыя вытв-сці. Энергетыка засн. на выкарыстанні імпартаванай нафты. Вытв-сць электраэнергіі 29,6 млрд.кВт∙гадз (1996). Здабыўная прам-сць уключае здабычу хім. сыравіны з вод Мёртвага м.: калійных солей (каля 2 млн.т штогод), брому і магнію. Здабываюць фасфарыты (у Негеве, каля 3 млн.т штогод), буд. матэрыялы, невял. колькасць меднай руды, нафты і прыроднага газу. Развіты металаапрацоўка і машынабудаванне. Сталеліцейны з-д у Ака гадавой магутнасцю 200 тыс.т. Найважнейшую ролю (дае чвэрць усёй прамысл. прадукцыі) адыгрывае вытв-сцьваен. тэхнікі. Выпускаецца разнастайнае прамысл. абсталяванне. Ёсць некалькі аўтазборачных прадпрыемстваў, суднаверф у Хайфе. Добра развітая радыёэлектронная прам-сць спецыялізуецца пераважна на выпуску прадукцыі прамысл. і ваен. прызначэння: электраабсталявання, тэлеапаратуры, сістэм правадной радыё- і радыёрэлейнай сувязі, радыёстанцый, ЭВМ, кантрольна-вымяральных прылад, прыёмнікаў, тэлеф. станцый, мед. і быт. электронікі, канвектараў сонечнай энергіі і інш.Хім.прам-сць — адна з найб. развітых галін. Выпускае ўгнаенні (калійныя і суперфасфат), штучныя кармы, ядахімікаты, шыны і камеры. 2 нафтаперапр. з-ды (Хайфа, Ашдод) перапрацоўваюць штогод каля 10 млн.т нафты. Большая ч. прадукцыі добра развітой фармацэўтычнай прам-сці экспартуецца. Харч.прам-сць — старэйшая галіна прам-сці. Выпускае разнастайную прадукцыю (каўбасныя, малочныя і кандытарскія вырабы, сыры, канцэнтраты, кансервы, сокі). Вінаробства. Тэкст. і швейная прам-сць выкарыстоўвае сувязі з краінамі Еўропы і Амерыкі. Пераважае выпуск баваўняных і сінт. тканін, верхняга і футравага адзення, пасцельнай бялізны, сінт. дываноў, ваен. абмундзіравання. Ёсць некалькі соцень гарбарна-абутковых прадпрыемстваў. Развіты таксама галіны: дрэваапр., папяровая, паліграф., вытв-сць канцтавараў, спарт. інвентару, ювелірных і прыкладнога мастацтва вырабаў. І. займае адно з першых месцаў у свеце на апрацоўцы прамысл. алмазаў і агранцы брыльянтаў. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у раёне Тэль-Авіва, каля чвэрці — у Хайфе. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля палавіны плошчы краіны. Апрацоўваецца каля 440 тыс.га, у т. л. больш за 220 тыс.га арашаецца. Паўпустынныя тэрыторыі выкарыстоўваюцца пад пашу. Большая частка зямлі належыць дзяржаве, якая перадае яе ў шматгадовае карыстанне яўр. калектыўным гаспадаркам (у т. л.кібуцам) і індывід. фермерам. І. сусв. лідэр па с.-г. тэхналогіях. Цытрусавыя займаюць каля 35 тыс.га, інш. фрукты — каля 55 тыс.га, палявыя культуры — каля 230 тыс.га, агародніна, бульба і бахчавыя культуры — каля 45 тыс.га, кветкі — каля 2 тыс.га, пад рыбнымі сажалкамі каля 3 тыс.га. Штогадовы збор (тыс.т): пшаніцы — каля 300, бавоўны-валакна (асн.тэхн. культура) — каля 50, кармавых культур — каля 150, агародніны — каля 1100, бульбы — каля 220, бахчавых культур — каля 160, цытрусавых — каля 1500, інш. фруктаў (яблыкі, вінаград, бананы, аліўкі, авакада, ківі і інш.) — каля 500. Развіта малочна-мясная жывёлагадоўля. Буйн. раг. жывёлы 395 тыс. галоў, кур-нясушак 6,4 млн. галоў, бройлераў 15 млн. галоў, індыкоў 4,1 млн. галоў (1996). Па ўдоі малака на адну карову (больш за 8,5 тыс.л за год) І. займае 1-е месца ў свеце. Гадуюць авечак, коз (разам каля 420 тыс. галоў). Развіты рыбаводства, рыбалоўства ў Тыверыядскім возеры. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 15,1 тыс.км. У краіне каля 1,5 млн. аўтамашын. Даўж. чыгункі 610 км. Асн. чыгунка і аўтадарогі злучаюць Пн і Пд краіны. Нафтаправоды Эйлат—Хайфа, Эйлат—Ашкелон, прадуктаправод Хайфа—Тэль-Авіў. У знешніх зносінах вял. ролю адыгрывае марскі транспарт. Танаж гандл. флоту каля 2 млн.т, частка флоту плавае пад замежнымі флагамі. Гал. парты Ашдод (пераважае экспарт), Хайфа (пераважае імпарт), Эйлат. У краіне 2 міжнар. аэрапорты (імя Бен-Гурыёна каля Тэль-Авіва і Эйлацкі на крайнім Пд), праз іх праходзіць больш за 10 тыс.міжнар. рэйсаў за год. І. — краіна развітога турызму, у год яе наведвае каля 2 млн. замежных турыстаў і паломнікаў. У 1993 замежны турызм даў 2,1 млрд. долараў. Асн. раёны замежнага турызму: Іерусалім, Бейт-Лахм (Віфлеем), Назарэт, узбярэжжы Міжземнага і Мёртвага мораў, Эйлат. І. экспартуе машыны і абсталяванне, узбраенне, аграненыя алмазы, цытрусавыя, кансерваваныя фрукты, мінер. ўгнаенні, хімікаты і інш.; імпартуе паліва, неапрацаваныя алмазы, некат. прамысл. і харч. тавары, кармы, аўтамашыны і інш. Імпарт (у 1996—29,9 млрд.дол.) большы за экспарт (у 1996—20,5 млрд.дол.). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт замежнай дапамогі (ЗША і яўр. арг-цыі). Гал.гандл. партнёры ЗША, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Італія, Швейцарыя. Грашовая адзінка — шэкель.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і рэзерву. Тэр. краіны падзелена на ваен. акругі: Паўн., Цэнтр. і Паўднёвую. У 1997 налічвалі 175 тыс.чал., рэзерву — 430 тыс.чал. У сухап. войсках 134 тыс.чал., 4,3 тыс. танкаў, каля 6 тыс. бронетранспарцёраў і баявых машын пяхоты, 4,4 тыс.артыл. сродкаў і мінамётаў. У ВПС 32 тыс.чал., 448 баявых (250 у рэзерве) самалётаў і 130 баявых верталётаў. У ВМС 9 тыс.чал., 2 падводныя лодкі, 55 баявых караблёў і катэраў. З 1986 распрацоўваецца сістэма супрацьракетнай абароны. У 1988, 1990, 1995 і 1997 запушчаны касм. апараты ізраільскай вытв-сці, працягваецца распрацоўка развед. сістэм касм. базіравання і супрацьракетных комплексаў «Эроў», «Хец».
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 76, жанчын 80 гадоў. Смяротнасць 6 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 159 чал., урачамі — 1 на 214 чал. Узровень нараджальнасці 20 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1996).
Асвета, навуковыя ўстановы. У І. існуе сістэма ўсеагульнага абавязковага і бясплатнага навучання для дзяцей ва ўзросце 5—16 гадоў, з 16 да 18 гадоў — па жаданні. У сістэме школьнага навучання 4 тыпы школ: дзярж. (вучыцца большасць дзяцей), дзярж.рэліг. (з паглыбленым вывучэннем іудаізму і яўр. традыцый), араб. і друзскія (навучанне на араб. мове), прыватныя (абслугоўваюць патрэбы розных рэліг. суполак і міжнар. арг-цый). Школы 3 ступеней: пач. (1—6-ы кл.), сярэдняя (7—9-ы кл.) і гімназія (10—12-ы кл., спалучаецца свецкае навучанне з рэліг. выхаваннем). У некат. сярэдніх школах акрамя агульнаадук. праграм уведзена прафес. арыентацыя. Прафес. падрыхтоўку маюць тэхнал. (3 узроўні) і с.-г. школы, вучылішчы адпаведных галіновых мін-ваў. Паводле закона аб сярэдняй адукацыі дзеці, якія нідзе не вучыліся, абавязаны набыць спецыяльнасць у вячэрняй школе (3—4 гады навучання). Для павышэння адукац. ўзроўню розных слаёў насельніцтва створаны спец. дзённыя і вячэрнія курсы для дарослых, курсы па вывучэнні іўрыта ў спец. цэнтрах абсорбцыі для імігрантаў. У сістэме вышэйшай адукацыі — ун-ты, ін-ты і каледжы; навучанне платнае. У 1996/97 навуч.г. ў І. больш за 150 тыс. студэнтаў, у т. л. 102 тыс. ва ун-тах. Буйнейшыя ВНУ: «Тэхніён» — Ізраільскі політэхн.ін-т у Хайфе (засн. ў 1912, адчынены ў 1924), Яўр.ун-т у Іерусаліме (засн. ў 1918, адчынены ў 1925), Ун-т імя Бар-Ілана (з 1955) у Рамат-Гане, Тэль-Авіўскі ун-т (з 1956), Хайфскі ун-т (з 1963), Ун-т імя Д.Бен-Гурыёна ў Негеве (засн. ў 1965 у Беэр-Шэве), Адкрыты ун-т (засн. ў 1974) і інш. У І. шырокая сетка навук. і спец. б-к, цэнтраў апрацоўкі інфармацыі. Буйнейшыя б-кі: Ізраільская нац.б-ка (з 1892; знаходзіцца ў Яўр. ун-це, выконвае функцыі нац.цэнтр. і універсітэцкай б-кі), навук.-тэхн. б-ка пры «Тэхніёне», б-каН.-д. ін-та імя Х.Вейцмана ў Рэховаце, б-кі ун-таў і Кнесета (парламента); Цэнтр.муз.б-ка ў Тэль-Авіве, Б-ка танца і музыкі (аддзяленні ў Тэль-Авіве і Іерусаліме) і інш. Музеі: Нац. музей І. (з 1965), Археал. музей (з 1938), Музей ісламу (з 1970), Мемар. музей Яд ва-Шэм (з 1953; у складзе даследчага і дакумент. цэнтра памяці ахвяр нацызму), музей Акадэміі музыкі і танца ў Іерусаліме; Музей мастацтва (засн. ў 1926, адчынены ў 1931), Гаарэц-музей (з 1958; збор маст. шкла, манет, яўр. мастацтва, фальклору і інш.) у Тэль-Авіве; музеі стараж. (з 1948) і сучаснага (з 1951) мастацтва, Музей мастацтва Японіі, Муз.; Марскі і інш.Н.-д. работу праводзяць Н.-д.ін-т імя Х.Вейцмана (з 1934), навук. асацыяцыі, у т. л. Ізраільская мед. асацыяцыя (з 1912; у 1957 ёю засн. Іерусалімская акадэмія мед. навук), Асацыяцыя інжынераў і архітэктараў (з 1921), н.-д. ін-ты і цэнтры акад. ун-таў, «Тэхніёна», галіновых мін-ваў, Акадэмія мовы іўрыт (з 1953), Камісія па атамнай энергіі (з 1952) 1 інш. Н.-д.работу каардынуе Нац. савет па навук. даследаваннях і развіцці (з 1959) пры Мін-ве навукі і развіцця (з 1982).
Друк, радыё, тэлебачанне. У І. каля 400 перыяд. выданняў на мовах іўрыт, ідыш, араб., англ., франц., ням., рус., польск., венгерскай. Найб. уплывовая штодзённая ранішняя незалежная газ. «Гаарэц» («Наша краіна», з 1918), найб. тыраж маюць штодзённыя вячэрнія незалежныя газ. «Едыёт Ахранот» («Апошнія навіны», з 1939) і «Маарыў» (з 1948; усе ў Тэль-Авіве, на іўрыце). Інфарм. агенцтвы: Ітанут Ісраэліт Меўгедэт (з 1950, у Тэль-Авіве), Іевіш Тэлеграфік Агенсі (Іерусалім), Палесцін Прэс Сервіс (Іерусалім, араб.інфарм. агенцтва на акупіраваных тэрыторыях). Радыё ў І. з 1948. Першая радыёстанцыя засн. ў Іерусаліме, мае студыі ў Тэль-Авіве і Хайфе, трансліруе 6 праграм унутры краіны і па-за яе межамі на 16 мовах, у т. л. на іўрыце, ідыш, араб., англ., франц., рус., эфіопскай. З 1951 дзейнічае радыё ізраільскіх узбр. сіл «Галей Цахал». Тэлебачанне з 1966, трансліруе агульнанац. праграмы на мовах іўрыт і арабскай.
Літаратура. Да канца 19 ст.л-раяўр. народа развівалася пераважна ў краінах дыяспары на іўрыце, араміце, а таксама на новых мовах рассялення — ладзіна, ідыш і інш. (гл.Яўрэйская літаратура). На мяжы 19—20 ст. цэнтр новай л-ры на іўрыце паступова пачаў перамяшчацца з Усх. Еўропы ў Палесціну (пісьменнікі А.Д.Гордан, І.Х.Брэнер, Х.Н.Бялік, Ш.Чэрніхоўскі). У навелах і раманах Ш.І.Агнона прадстаўлены жанр філас. прытчы, дзе біблейскія і фалькл. матывы спалучаюцца з сюррэаліст. гратэскам. Панарама жыцця яўрэйства ў прозе Х.Хазаза. Глыбокай метафарычнасцю і сугестыўнасцю пазначаны творы паэтаў 1940—50-х г. А.Шлёнскага, Н.Альтэрмана, Л.Гольдберг, у творчасці якіх адчуваецца ўплыў еўрап. сімвалізму і рус. акмеізму. Сплавам традыцый з навацыямі экспрэсіянізму і філас. роздумам экзістэнцыялізму вылучаецца паэзія У.Ц.Грынберга. Традыцыі Бяліка ў 1940—80-я г. прадоўжаны ў паэзіі Ш.Шалома і А.Коўнера. Гал. тэмай маладога пакалення 1940—50-х г. стала барацьба народа за незалежнасць і адраджэнне дзяржавы (проза І.Мосінзана, М.Шаміра, С.Ізхара, Н.Шахама і інш.). З 1960-х г.цэнтр. месца ў л-ры І. займаюць пісьменнікі «новай хвалі», для якіх характэрна экзістэнцыяльная тэматыка, увага да ўнутр. свету асобы, глыбінь чалавечай псіхікі (раманы і навелы А.Б.Іехошуа і А.Оза). Проза А.Апельфельда — своеасаблівы манумент усім, хто загінуў у часы фаш. генацыду. У 1960—70-я г. ўзрасла хваля авангарднай «маладой паэзіі» (І.Аміхай. Н.Зах, Д.Авідан), якой уласцівы абвостраны суб’ектывізм, імкненне перадаць глыбінныя рухі душы. Супярэчлівыя, парадаксальныя пошукі найноўшай л-ры 1970—90-х г. адлюстраваліся ў прозе І.Бен-Нера, Я.Шабтая, Д.Шыца, Ш.Харэвен, Х.Беера, паэзіі Я.Гурвіца, М.Візелціра, А.Шабтая, І.Волаха. Вял. папулярнасцю ў краіне і за яе межамі карыстаецца творчасць старэйшага пісьменніка-гумарыста Э.Кішона.
Архітэктура. Асновы архітэктуры І. склаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст., калі з’явілася неабходнасць масавай жылой забудовы для рэпатрыянтаў. Яе асаблівасці закладзены ў пабудове квартала Мішкенот Шаананім («Мірныя дамы», 1860) у Іерусаліме: замкнёныя «гетападобныя» вуліцы, разлічаныя на аднароднае этнічнае і рэліг. насельніцтва, выкарыстанне мясц.арх. форм і традыцый, засваенне тагачасных вобразна-канструкцыйных сродкаў сусв. архітэктуры. Архітэктура пач. 20 ст. развівалася ў рэчышчы «міжземнаморскага стылю» (рэгіянальны варыянт інтэрнац. стылю 1920-х г.), мадэрну і канструктывізму. Сярод найб. значных пабудоў: канцэртная зала Ф.Мана ў Тэль-Авіве (1957, арх. З. і Я.Рэхтэры, Д.Кармі, М.Зархі) з веерападобнай канструкцыяй залы і падвеснай столлю; Нац. музей у Іерусаліме (1965) з кубічнымі аб’ёмамі будынкаў, унутр. дворыкам і пераходамі (арх. А.Мансфельд, Д.Гад) і паркам (арх. Ісаму Нагучы); комплекс іерусалімскага ун-та з 30 будынкаў з падкрэслена функцыян. стылем (арх. Д.Рэзнік, Э.Рау); будынак Кнесета ў Іерусаліме (1966, арх. Кармі, І.Кларвайн) са сплавам рамантызму і манум. выразнасці. З 1970-х г. манументалізацыя набыла выгляд «новага бруталізму» (ажыўленне т.зв. традыцый крыжаносцаў — выкарыстанне вежаў, шчыльных муроў і інш.); шпіталь «Кармел» у Хайфе (арх. Я.Рэхтэр), б-ка «Бет-Арыэла» ў Тэль-Авіве (арх. М.Лупентэлер, Г.Грэмерман) і інш. З 1980-х г. у архітэктуры дамінуе постмадэрнізм, якому ўласцівы інтэрпрэтацыі мясц. і міжнар. традыцый розных эпох, у т. л. араба-ісламскіх: пл. Сюзан Дэлаль у Тэль-Авіве, будынак Вярх. суда ў Іерусаліме (арх. Р.Кармі, А.Кармі-Меламід) і інш. Узводзяцца грамадскія пабудовы ў амерыканізаваным стылі.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Вытокі нац.маст. школы І. звязаны з асяродкам «Бецалель» у Іерусаліме (засн. ў 1906), які гал. ідэяй творчасці абвяшчаў незалежнасць ад іншаземных уплываў, пошук сувязей з нар. традыцыямі, вобразамі людзей і прыроды Палесціны, хоць за аснову браліся выяўл. сродкі еўрап. мастацтва. Феномен маст. школы І. — вял. кола мастакоў розных хваль эміграцыі, якія атрымалі прафес. адукацыю ў розных краінах свету, але сфарміравалі пры гэтым плюралістычны і разнастайны вобраз сучаснага яўр. мастацтва. У 1920 у Іерусаліме ўтвораны Саюз яўр. мастакоў, пачалі ладзіцца выстаўкі. У 1920-я г. пры захаванні ў аснове рэаліст. традыцый пашырыліся авангардныя кірункі (жывапісцы М.Шэмі, І.Сімон, Х.Атар, А.Левін, графікі А.Эльвейл, Ш.Вейль, Я.Штэйнхард, скульптары Х.Арлова, М.Цыфер, Б.Лішанская, Я.Лучанскі і інш.). Тэндэнцыі кубізму і экспрэсіяністычнасць вобразаў уласцівы мастакам А.Ароху, Ш.Себу, скульптарам З.Бен-Цві, І.Данцыгеру, Д.Фейгіну і інш. У 1948 створана суполка мастакоў «Афакім Хадашым» («Новыя далягляды»), праграма якой арыентавалася на міжнар.маст. наватарства і радыкальныя эксперыменты. Пашырыліся абстрактныя, сюррэалістычныя, экспрэсіяністычныя, мадэрнісцкія кірункі (Я.Агам, скульпт. Р.Царфаці, І.Шэмі), з’явіліся новыя віды мастацтва (оп-арт і інш.). Творчасць шэрагу сучасных мастакоў засн. на філас. асэнсаванні формы, колеру, вобразнай ідэі, часта звязанай з біблейскімі запаветамі (жывапіс Н.Безем, А.Кахане, графіка А.Ашайіма, А.Пана, М.Шатры, Ш.Бека). Сярод мастакоў выхадцы з Беларусі І.Капелян, М.Забораў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (тэкстыль, кераміка, шкло і інш.) выкарыстоўваюцца стараж. арнаментальныя і сучасныя сімвалы. Развіта мастацтва шрыфту, які грунтуецца на мадэрнізацыі стараж. традыцый яўр. пісьменства.
Музыка. Муз. культура І. складаецца з нац.муз. культур палесцінскіх яўрэяў і арабаў, а таксама з традыцый, прынесеных яўрэямі-перасяленцамі з інш. краін. У муз. фальклоры арабаў (пераважна песенным) захаваліся спецыфічныя рысы, уласцівыя арабскай музыцы; у яўр.муз. мастацтве выявіўся ўплыў яўр. традыцыйна-быт. і рэліг.-абрадавай музыкі. З утварэннем дзяржавы І. створаны муз. ўстановы: Ізраільская філармонія (на базе Палесцінскага яўр.сімф. аркестра, існаваў з 1936), сімф. аркестр радыё і тэлебачання г. Хайфа, камерны аркестр «Рамат Ган», Ізраільская нац. опера (пераўтворана з Палесцінскай яўр. оперы, засн. ў 1941; з 1994 — Новая Ізраільская опера ў пастаянным будынку — Доме оперы). З 1950-х г. працуе муз.т-р «Інбал». Фарміруецца кампазітарская школа, павышаецца ўзровень выканальніцкага майстэрства. Сярод кірункаў прафес. музыкі: традыцыйны, што развівае нар.муз. стыль на класічнай аснове з выкарыстаннем яўр. (М.Лаўры) і ўсх. (Э.Парташ) муз. фальклору; т.зв. міжземнаморскі стыль, прадстаўнікі якога спалучаюць элементы муз. фальклору розных яўр. этнічных груп (П.Бен-Хаім, М.Авідом), блізкі да еўрап. музыкі, а таксама муз.авангард (М.Капытман, Э.Штэйнберг). Працуюць: кансерваторыя ў Халоне (з 1942), Яўр. кансерваторыя ў Тэль-Авіве («Суламіф-кансерваторыя», з 1950), Акадэмія музыкі Рубіна ў Іерусаліме (з 1947), Нац.т-р (з 1958) і Камерны т-р (з 1944), Цэнтр сцэнічных мастацтваў (з 1994), Ізраільскі балет (з 1968), танц. цэнтр «Бат-Дор» (з 1971), муз.ф-т унта ў Тэль-Авіве, муз. школы, т-вы, хар. аб’яднанні і інш. Праводзяцца Міжнар. фестываль музыкі і драмы (з 1961, штогод), Міжнар. конкурс піяністаў імя А.Рубінштэйна і Міжнар. конкурс арфістаў у Тэль-Авіве (з 1959). Існуюць Ліга і Фонд кампазітараў Ізраіля (з 1957).
Тэатр. Нац. акцёрскую школу імкнуліся стварыць калектывы т-раў «Огель» (1926—68), «Мататэ» (1928—49), «Бацал-ярок», «Хамам» і інш., але яны расфарміраваны з-за недахопу сродкаў. У першыя гады станаўлення дзяржавы пераважала сац. роля т-ра над маст. аспектам пастановак: т-р звяртаўся да п’ес ізраільскіх аўтараў, у якіх адлюстроўваліся праблемы сучаснасці. Ставіліся творы і замежных драматургаў. У рэпертуары невял. камерцыйных труп, што ўзніклі ў 1960-я г., пераважалі авангардысцкія п’есы і мюзіклы. Сярод акцёраў і рэжысёраў тагачасных вядучых т-раў: Х.Равіна, А.Мескін, Ш.Фінкель, М.Зохар (т-р «Габіма», засн. ў 1928), С.Бунім, П.Фрай, А.Халфі, Х.Мірон, З.Левіуш (Камерны т-р, засн. ў 1944). З 1958 у Тэль-Авіве працуе Нац.т-р І. У канцы 1970—80-я г. павялічыўся націск на тэатр: закрыта араб. сцэна ў Хайфскім т-ры (засн. ў 1961), забаронены п’есы з антыўрадавым зместам. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца пераход ад сац. тэатра да мастацкага (мюзікл «Адвержаныя», Камерны т-р, 1988). Сярод пастановак 1990-х г.: «Гарадзіш» Х.Мітэльпункта ў Камерным т-ры: «P.S. Твой кот мёртвы» ў т-ры «Габіма», «Флейшэр» І.Эвен-Ора і інш.
Кіно. Уласная кінавытворчасць у І. ўзнікла ў 1950: маст. фільм «Перамір’е» А.Амара. Пасля прыняцця закона аб падтрымцы нац. кінавытворчасці (1954) у кінатэатрах уведзены абавязковы пракат ізраільскіх карцін. Сярод фільмаў: «Памятай!» Ф.Артвіса, сатыр. камедыя «Салах Шабаці» Э.Кішона (абодва 1964). У 1969 створана спец. кампанія па фінансаванні нац. кінавытворчасці «Сенфілда Ісраэл». У 1970-я г. выпускалася па 12—15 фільмаў штогод (пераважна вестэрны, камедыі, муз. стужкі, баевікі). Кінапрамысловасць апіраецца на фінансавую дапамогу амер. і зах.-еўрап. прадзюсераў. Пераважае камерцыйнае кіно, «лёгкія» жанры (папулярны кірунак «кіно Шэнкін» па назве тэль-авіўскай вуліцы, дзе збіраецца ізраільская творчая інтэлігенцыя); ствараюцца фільмы этн. характару. Сярод рэжысёраў 1990-х г.: Ш.Габісан, Э.Фокс, Х.Азулай, Ш.Хасфары, О.Бен-Дор-Ніў, М.Бат-Адам, А.Даян, Д.Вольман, А.Рубінштэйн. Развіваецца дакумент. кіно, якое даследуе праблемы ізраільскага грамадства; рэжысёры: Ц.Рыбенбах, Д.Бен-Шытрыт, А.Птай, Дж.Шлец, А.Гарэн і інш. З 1961 у г. Хайфа працуе «Фільмархіў», дзейнічаюць 2 кінастудыі ў Тэль-Авіве, 1 — у Іерусаліме. Шмат фільмаў здымаецца з кінакампаніямі ЗША, Францыі, Італіі, Германіі, Японіі.
Літ.:
Сэмюэлс Р. По тропам еврейской истории: Пер. с англ.М., 1993;
Корнилов АА Между войной и миром: О процессе принятия внешнеполит. решений в государстве Израиль (1948—1993 гг.). Нижний Новгород, 1994;
Яго ж. Меч и плуг Давида Бен-Гуриона. Нижний Новгород, 1996;
Sachar H.M. A History of Israel. T. 1—2. New York, 1987—91;
Фиш Г. Очерки современной израильской литературы: Пер. с англ.М., 1994;
Werner E. From generation to generation. Studies on Jewish musical tradition. New York, [1967].
Г.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.В.Сініла (літаратура), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Ізраіля.Да арт.Ізраіль. Краявід каля паўднёвых берагоў Мёртвага мора.Да арт.Ізраіль. Іерусалім, прамысловая зона ў раёне Рамот.Да арт.Ізраіль. Сцяна плачу ў Іерусаліме.Да арт.Ізраіль. Руіны старажытнай крэпасці Масада каля Мёртвага мора.Да арт.Ізраіль. Д.Кармі, І.Кларвайн. Будынак кнесета ў Іерусаліме.Да арт.Ізраіль. Будынак Вярхоўнага суда ў Іерусаліме.Да арт.Ізраіль. Панарама квартала Ямін Мошэ — першага пасялення яўрэяў па-за межамі Старога горада ў Іерусаліме.Да арт.Ізраіль. Ш.Себа. Пастух. 1959.Да арт.Ізраіль. Ш.Бек. Партрэт. 1970.Да арт.Ізраіль. А.Левін. Від. 1924.Да арт.Ізраіль. А.Кахане. Ахвярапрынашэнне Іцхака. 1954.Да арт.Ізраіль. А.Арох. Як пажываюць родныя, блізкія. 1960.Да арт.Ізраіль. Н.Безем. Ільвіная брама. 1976.Да арт.Ізраіль. Новая Ізраільская опера. Сцэна са спектакля «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫРГЫЗСТА́Н, Кыргызская Рэспубліка (Кыргыз Рэспублікасынын),
дзяржава на ПнУ Сярэдняй Азіі. Мяжуе на Пн з Казахстанам, на З з Узбекістанам, на Пд з Таджыкістанам, на ПдУ і У з Кітаем. Падзяляецца на 6 абласцей. Пл. 198,5 тыс.км². Нас. 4,6 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Бішкек. Дзярж. мова — кіргізская, мова міжнац. зносін — руская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (31 жніўня).
Дзяржаўны лад. К. — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1993, мадыфікаваная ў 1994. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — аднапалатны парламент, 105 дэпутатаў якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прэм’ер-міністра якога назначае прэзідэнт. Судовую сістэму краіны ўзначальвае Вярх.суд. Ніжэйшыя суд. звёны — абл. і раённыя суды. Суддзі выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў.
Прырода. К. — адна з высакагорных краін свету. Размешчана ў межах Паміра-Алая на ПдЗ і Цянь-Шаня на ПнУ. Характарызуецца вышынямі больш за 500 м, каля 72 яе плошчы ляжыць на выш. ад 1000 да 3000 м, 73 — ад 3000 да 4000 м. Хрыбты распасціраюцца ад горнага вузла з пікамі Перамогі (найвыш. пункт краіны, 7439 м) і Хан-Тэнгры (6995 м) трыма буйнымі дугамі. Паўн. дугу складаюць хрыбты Кюнгёй-Ала-Тоо, Кіргізскі, Таласкі Алатау, Чаткальскі; сярэднюю — хрыбты Тэрскей-Ала-Тоо, Молда-Тоо, Суусамыр-Тоо, якія на З прылягаюць да Ферганскага хр.; паўд. — хрыбты Ат-Башы, Какшаал-Тоо. На ПдЗ — хрыбты Алайскі, Туркестанскі, Заалайскі. Горныя хрыбты чаргуюцца з далінамі і катлавінамі, найб. з іх Чуйская, Ісык-Кульская, Талаская, Нарынская, Алайская, частка Ферганскай. Тэр. К. характарызуецца высокай сейсмічнасцю. Карысныя выкапні: ртуць (Хайдарканскае, Чаўвайскае радовішчы), сурма (Кадамджайскае, Тэрэк-Сайскае), свінцова-цынкавыя і жал. руды, нефелінавыя сіяніты, малібдэн, вальфрам, кобальт, волава, мыш’як, золата, медзь. Ёсць радовішчы каменнага і бурага вугалю, нафты і газу, солі, серы, барытаў. Вял. запасы буд. матэрыялаў (гліны, вапнякі, мармур, граніт). Каштоўныя і вырабныя камяні. Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ў Ферганскай даліне (Джалал-Абад) -1,5 °C, у паўн. далінах -5,3 °C, у высакагорных далінах -17,5 °C, ліп. адпаведна 25,7 °C, 22,9 °C, 9,2 °C. Ападкаў за год 100—200 мм на ўнутр. схілах гор, 400—500 мм у ніжніх зонах зах. і паўн. схілаў, 800—1000 мм на сярэдніх вышынях. На выш. больш за 5000 м клімат арктычны, летнія т-ры ніжэй 0 °C. Снегавая лінія на выш. 3500—4600 м. Пашыраны ледавікі, найб. з іх Паўд. Іныльчэк (даўж. 59,5 км), Паўн. Іныльчэк (38,2 км), Каінды (29 км). Агульная пл. зледзянення 6578 км². Гал. рэкі: Нарын, Чу, Талас, Кызыл-Суу, Сары-Джаз, Чаткал, іх жыўленне пераважна ледавіковае і снегавое. Каля 3 тыс. азёр; буйныя — Ісык-Куль (салёнае), Сонг-Кёль (прэснае), Чатыр-Кёль (саленаватае). Глебы пераважна горныя, у перадгор’ях да выш. 1200 м шэразёмы, у міжгорных упадзінах і на горных схілах да выш. 3000 м светла- і цёмна-каштанавыя, вышэй — горналугавыя; у Ісык-Кульскай катлавіне горныя чарназёмы, высока ў гарах высакагорна-пустынныя глебы. У перадгор’ях палыновыя, злакавыя і палынова-злакавыя стэпы, вышэй у гарах разнатраўна-злакавыя лугі. Вышэй зоны лугоў пачынаецца зона лясоў з грэцкага арэху, клёну, елкі, піхты, потым — высакагорныя лугі. У далінах і катлавінах Унутр. Цянь-Шаня камяністыя пустыні, сухія стэпы і паўпустыні. Жывёльны свет багаты і разнастайны: каля 80 відаў млекакормячых, 336 відаў птушак, каля 35 відаў паўзуноў і земнаводных, больш за 30 відаў рыб. Запаведнікі: Ісык-Кульскі, Сары-Чэлекскі, Беш-Аральскі, Сонг-Кёльскі, Нарынскі. Нац. парк Ала-Арча.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кіргізы (60,8%). Жывуць рускія (15,3%), узбекі (14,3%), украінцы (1,5%), немцы, татары, казахі, карэйцы, уйгуры, таджыкі, дунгане і інш. Пануючая рэлігія — іслам суніцкага толку, ёсць хрысціяне (праваслаўныя). Сярэдняя шчыльн. 23 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены даліны і міжгорныя катлавіны. У гарадах жыве 34% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Бішкек — 595,3, Ош — 239, Джалал-Абад — 80, Такмак — 72, Балыкчы — 65, Кара-Балта — 55. У эканоміцы краіны занята (1996) 1650 тыс.чал., у т. л. ў сельскай і лясной гаспадарцы 49%, у прам-сці і буд-ве 16%.
Гісторыя. Людзі на тэр. К. пасяліліся больш за 300 тыс. гадоў назад. У далінах рэк Он-Арча (Цэнтр. Цянь-Шань) і Хаджа-Бакіргансай (бас.р. Сырдар’я) знойдзены прылады працы эпохі ніжняга палеаліту, у далінах рэк Ісфара, Капчыгай і Ахна — сярэдняга палеаліту (мусцьерская культура). У Чуйскай даліне, на берагах воз. Ісык-Куль і ў Цэнтр. Цянь-Шані выяўлены рэшткі неалітычных стаянак, з іх найб. вядомая пячора Ак-Чункур у даліне р. Сары-Джаз. Акрамя прылад працы і гліняных пасудзін тут захаваліся наскальныя выявы людзей і жывёл (3—4-е тыс. да н.э.). Да 5—3-га тыс. да н.э. адносіцца ўзнікненне жывёлагадоўлі і земляробства. У канцы 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. тут пашырыліся медныя, потым бронзавыя прылады працы. У сярэдзіне 2 — пач. 1-га тыс. на Пд К. жылі земляробчыя (чусцкая культура), а на Пн пастухоўска-земляробчыя (адронаўская культура) плямёны. З пашырэннем жал. прылад працы (6—7 ст. да н.э.) склаліся 2 формы гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля і земляробства. Паўн. раёны К. ўваходзілі ў саюзы качавых плямён: сакскі (7—3 ст. да н.э.) і усуньскі (2 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.), паўднёвыя — у дзяржаву Паркан (2—1 ст. да н.э.) і Кушанскую дзяржаву (1—4 ст.н.э.). У 6—7 ст.тэр. К. ўваходзіла у склад Зах-Цюркскага каганата (гл.Цюркскі каганат), сталіца якога (г. Суяб) знаходзілася ў Чуйскай даліне. У пач. 8 ст. тут усталявалася ўлада плямён цюргешаў. У сярэдзіне 8 ст. з зах. Алтая на Цянь-Шань перасяліліся карлукі, якія стварылі Карлукскі каганат. Яго насельніцтва трымалася шаманізму, зараастрызму і хрысціянства, з 8 ст. пачалося пашырэнне ісламу. З сярэдзіны 10 да сярэдзіны 12 ст. К. з’яўляўся асн. удзелам Караханідаў дзяржавы. Толькі ў Чуйскай даліне было больш за 10 гарадоў — цэнтраў рамяства і гандлю, значнага развіцця дасягнула архітэктура (маўзалей ва Узгене, мінарэт Буран і інш.). У сярэдзіне 12 ст. большая частка К. заваявана кіданямі. У пач. 13 ст. сюды ўварваліся манголы, большая частка тэр. К. ўвайшла ў Джагатайскі (Чагатайскі) улус. У выніку манг. нашэсця былі зруйнаваны і разбураны гарады, спустошаны земляробчыя аазісы. Пануючай галіной гаспадаркі стала экстэнсіўная качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. У 13—15 ст. з вярхоўяў р. Об на тэр. К. перасяліліся кімакска-кірг. плямёны, што сталі ядром аб’яднання разнастайных цюркскіх этнасаў у адзіную кірг. народнасць. Да канца 15 ст. склалася самаст.кірг. ханства. У 16—17 ст. яно вяло барацьбу за незалежнасць з Айрацкім ханствам, у канцы 17 ст. было ім заваявана. Пасля разгрому Айрацкага ханства маньчжурамі ў 1758—59 К. увайшоў у склад Цынскай імперыі, але яе ўлада была намінальнай. У 1830—40-я г. К. заваяваны Какандскім ханствам. Какандцы пабудавалі шэраг крэпасцей, на месцы іх выраслі гарады Пішпек (Бішкек), Такмак і інш. Грамадска-эканам. лад кіргізаў меў патрыярхальна-феад. характар, плямёнамі кіравала феад. знаць — манапы і баі. У 1860-я г. паўночны, а пасля ліквідацыі ў 1876 Какандскага ханства і паўд. К. увайшоў у склад Расійскай імперыі. У 1867—1917 у Туркестанскім ген.-губернатарстве, тэр. К. была падзелена паміж Сямірэчанскай, Сырдар’інскай, Ферганскай і Самаркандскай абласцямі. Спрыяльныя кліматычныя ўмовы прыцягвалі сюды і рус. сялян-перасяленцаў, колькасць якіх асабліва павялічылася ў час Сталыпінскай аграрнай рэформы. У выніку ў К. склаўся значны асяродак рускамоўнага насельніцтва. Пад яго ўплывам пачаўся пераход кіргізаў да аселасці. З’явіліся першыя прамысл. прадпрыемствы, у т. л. па здабычы вугалю ў Кызыл-Кіі і Сулюкце, нафты ў Майлі-Саі. Летам 1916 большая частка тэр. К. была ахоплена Сярэднеазіяцкім паўстаннем 1916.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ў Расіі ў К. створаны Саветы рабочых і сял. дэпутатаў, узніклі першыя нац. аб’яднанні. 1.1.1918 сав. ўлада ўсталявана ў Пішпеку, а ў маі—чэрв. 1918 — на ўсёй тэр. К. З крас. 1918 К. у складзе Туркестанскай аўт.сав.сацыяліст. рэспублікі. У 1921 праведзена зямельна-водная рэформа на Пн, а ў 1927 і на Пд К. 2.10.1920 адбылася Джэтысайская мусульм.парт. канферэнцыя, з якой пачаўся ўдзел кірг. насельніцтва ў сацыяліст. будаўніцтве. 14.10.1924 створана Кара-Кірг. (з 25.5.1925 Кірг.) аўт. вобласць, якая 1.2.1926 ператворана ў Кірг.аўт.сав.сацыяліст. рэспубліку. 5.12.1936 абвешчана Кірг.Сав.Сацыяліст. Рэспубліка (КССР), 23.3.1937 прынята канстытуцыя К., а 23.4.1937 створана камуніст. партыя (бальшавікоў) К., пазней — Камуніст. партыя К. (КПК). У час існавання КССР (1936—91) адбыўся пераход кіргізаў да аселасці, была ліквідавана непісьменнасць, сфарміравана нац. інтэлігенцыя. У пач.перабудовы 1-м сакратаром ЦККПК выбраны А.Масаліеў (у крас.—снеж. 1990 Старшыня Вярх. Савета КССР) і прыняты закон аб дзярж. статусе кірг. мовы. Да 1990 узніклі апазіц. арг-цыі, найбуйнейшая з іх «Ашар». Яе дзеянні ў Ошскай вобл. прывялі да міжнац. сутыкненняў з узбекамі, у выніку якіх загінулі сотні людзей. Было ўведзена надзвычайнае становішча (скасавана ў вер. 1995). У 1990 Вярх. Савет выбраў першым прэзідэнтам А.Акаева. У снеж. 1990 КССР перайменавана ў Рэспубліку К. (з 1993 Кыргызская Рэспубліка). У жн. 1991 забаронена КПК (адноўлена ў сярэдзіне 1992). 31.8.1991 абвешчана незалежнасць К., 12.10.1991 на першых усенар. выбарах прэзідэнтам выбраны Акаеў (перавыбраны ў 1995). 13.12.1991 К. далучыўся да СНД. 5.5.1993 прынята канстытуцыя, якой К. абвешчаны парламенцкай рэспублікай. Паводле вынікаў рэферэндуму (кастр. 1994) створаны двухпалатны парламент (Жагорку кенеш), выбары ў які адбыліся ў лют. 1995. На рэферэндуме ў лют. 1996 большасць насельніцтва выказалася за пашырэнне паўнамоцтваў прэзідэнта, наданне рус. мове роўнага статуса з кірг., што зменшыла міграцыю рускамоўнага насельніцтва з К. (са 100 тыс. у 1994 да 20 тыс. у 1996). У сак. 1996 сумесна з Беларуссю, Расіяй і Казахстанам К. заключыў дагавор аб мытным саюзе. К. — член ААН (з 1992), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», Сусв.гандл. арг-цыі (з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 21.1.1993.
Палітычныя партыі і рухі. Грамадз. рух «Адзілет», Агр. партыя К., Партыя нац. адраджэння «Асаба», Сац.-паліт. рух «Ашар», Партыя «Ата-Мекен», Дэмакр. партыя К., Кірг.камуніст. партыя, Аб’яднаная партыя К., Сацыял-дэмакр. партыя К. і інш.
Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1996 склаў 5,4 млрд.дол. ЗША (1140 дол. на душу насельніцтва). На долю дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый прыпадала 24%, на долю прыватнага сектара — 72% занятых. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны, яе доля ў ВУП складае 43%. С.-г. ўгоддзі займаюць 6,8 млн.га, у т. л. ворныя землі 1,3 млн.га, сенажаці і пашы 5,5 млн.га. Пл. арашальных угоддзяў 1 млн.га. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля, якая дае 65% таварнай с.-г. прадукцыі. Вылучаецца танкарунная авечкагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): авечак і коз — 3716, буйн. раг. жывёлы — 848, коней — 314, свіней — 88, птушкі — 2122. Вытв-сць мяса (у забойнай вазе) 180,2 тыс.т, малака 882 тыс.т, яец 159,3 млн. штук. Настрыг воўны 12,2 тыс.т. Развіта шаўкаводства (на Пд), пчалярства, рыбалоўства (на воз. Ісык-Куль). Земляробства пераважна ў далінах. Пасяўная пл. (тыс.га, 1996) 1193,6, у т. л. пад збожжавымі культурамі 616,2, тэхн. — 126, кармавымі — 363,9, бульбай і агароднінна-бахчавымі — 87,5. Збор (тыс.т) пшаніцы —964. ячменю — 166, кукурузы — 182, рысу — 9, цукр. буракоў — 189,8, бавоўны — 73,1, тытуню — 17,9, бульбы — 662,4 агародніны і бахчавых — 368,5. Сеюць эфіраалейныя культуры, лек. мак. Садоўніцтва, вінаградарства і субтрапічнае пладаводства (персікі, гранаты, хурма). Насенняводства (цукр. буракі, люцэрна). На долю прамысловасці прыпадае каля 13% ВУП. Вядучая галіна — машынабудаванне (27% прамысл. прадукцыі). Вытв-сцьс.-г. машын, металарэзных станкоў, электрарухавікоў, фіз. прылад, ЭВМ (Бішкек), электралямпаў (Майлуу-Суу), аўтаагрэгатаў (Джалал-Абад), электратэхнікі (Каракол), помпаў (Ош). Суднабудаванне і суднарамонт у г. Балыкчы. Здабыча і абагачэнне ртутных, сурмяных і свінцова-цынкавых руд, вытв-сць сурмы (Карамджай) і ртуці (Хайдаркан). Паліўнаэнергет. комплекс уключае здабычу каменнага і бурага вугалю (Кызыл-Кія, Таш-Кумыр, Сулюкта, Кок-Янгак), нафты і прыроднага газу (Майлуу-Суу). У 1996 здабыта 432 тыс.т вугалю, 84 тыс.т нафты, 25,6 млн.м³прыроднага газу. Нафтаперапрацоўчы з-д у г. Джалал-Абад. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ГЭС (Курпсайская, Тактагульская, Учкурганская, Таш-Кумырская) і буйных ЦЭС (Бішкек, Ош). У 1996 выпрацавана 13,7 млрд.кВтгадз электраэнергіі. З галін лёгкай прам-сці вылучаецца першасная апрацоўка бавоўны і воўны (Ош, Такмак, Джалал-Абад, Кара-Суу). Развіты баваўняная, шаўковая (Ош), камвольна-суконная (Бішкек), гарбарна-абугковая (Бішкек, Ош, Каракол, Джалал-Абад), валюшна лямцавая (Такмак), трыкат. і швейная прам-сць. Вытв-сць дываноў (Кара-Балта, Узген). З галін харч. прам-сці развіты мяса-малочная (Бішкек, Ош, Балыкчы), цукр. (6 з-даў у Чуйскай даліне), кансервавая, алейнаэкстракцыйная, тытунёвая, кандытарская. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, шкло, жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, вырабы з мармуру і граніту). Хім. і хіміка-фармацэўтычная прам-сць у Бішкеку. Дрэваапр.прам-сць, у т. л. мэблевая, у гарадах Бішкек, Ош, Джалал-Абад. Нар.маст. промыслы (Ош). Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 19,3 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 17,3 тыс.км. Гал. аўтадарогі: Бішкек—Нарын—Кёк-Айгыр, Бішкек—Алматы, Бішкек—Ош, кальцавая дарога вакол воз. Ісык-Куль. Даўж. чыгункі 371 км. Суднаходства па воз. Ісык-Куль. 2 аэрапорты. Праз тэр. К. праходзіць газаправод Бухара—Ташкент—Бішкек—Алматы, дзейнічае газаправод Майлуу-Суу—Джалал-Абад—Ош. Ісык-Кульская курортная зона (Чалпон-Ата, Джэргалан, Ак-Суу, Джэты-Агуз, Тамга), курорты Джалал-Абад, Ісык-Ата, Кызыл-Булак. Экспарт (580 млн.дол. ЗША, 1996) канцэнтратаў каляровых металаў, ртуці, сурмы, прадукцыі сельскай гаспадаркі, машынабудавання і лёгкай прам-сці. Імпарт (680 млн.дол. ЗША, 1996) машын і абсталявання, харч. прадуктаў. На краіны СНД прыпадае каля 60% гандл. сувязей. Асн.гандл. партнёры: Расія, Узбекістан, Казахстан, Кітай, ЗША, Афганістан. Знешнегандлёвы абарот К. з Рэспублікай Беларусь у 1997 склаў 17,5 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — сом.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл, унутр. войск і нац. гвардыі. Агульная колькасць (1996) каля 14 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне — па прызыве. У рэгулярных узбр. сілах 1 дывізія, 9 тыс.чал. асабовага складу. Ва ўнутр. войсках 3,5 тыс.чал. У нац. гвардыі 1 тыс.чал. На ўзбраенні розная баявая тэхніка і стралк. зброя.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,3, жанчын 68,9 года. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 95 чал., урачамі — 1 на 319 чал. Узровень нараджальнасці — 26 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 77 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыядычныя выданні К. выходзяць на кірг., рус., дунганскай і англ. мовах. У 1990-я г. выдаецца каля 140 газет і часопісаў, з іх каля 80 на кірг. мове. Найб. тыраж і папулярнасць маюць: штодзённыя грамадска-паліт. газеты «Эркін Тоо» («Вольныя горы», з 1924), «Асаба» («Сцяг»), «Кыргыз Туусу» («Сцяг Кіргізіі», з 1924), літ.-маст.газ. «Кыргыз маданіяты» («Кіргізская культура»), на кірг. і рус. мовах — «Республика», на рус. мове — «Слово Кыргызстана», «Вечерний Бишкек», «Утро Бишкека», грамадска-паліт. незалежная — «Дело — номер», на англ. мове — «The Chronicle of Kyrgyzstan» («Хроніка Кыргызстана») і інш. Працуе Кіргізскае тэлегр. агенцтва (Кыргызкабар, з 1936). Радыёвяшчанне з 1931 (2 праграмы, на кірг., рус., ням., дунганскай мовах). Рэтрансліруюцца таксама перадачы з Масквы, Алматы, Ташкента. Тэлебачанне з 1956 (на кірг. і рус. мовах).
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Агульнаадук. школа ўключае асн. (1—9 кл.) і сярэднюю (10—11 кл.) школы. Прафес.-тэхн. адукацыю даюць прафес. вучылішчы, сярэднюю спецыяльную — тэхнікумы. У сістэме вышэйшай адукацыі тэрмін навучання 4—6 гадоў (1996). Пасля 4 гадоў навучання выпускнікі атрымліваюць дыплом бакалаўра без права паступлення ў аспірантуру, пасля 5 гадоў навучання — дыплом з правам паступлення, пасля 6 — дыплом магістра. Буйнейшыя ВНУ: Кыргызскі дзярж.нац.ун-т (з 1951, больш за 13 тыс. студэнтаў) і Кыргызскі тэхн.ун-т (каля 14 тыс. студэнтаў) у Бішкеку. Вядучы навук. цэнтр, які ажыццяўляе і каардынуе асн. аб’ём навук. даследаванняў — Нац.АН Кыргызскай Рэспублікі (з 1954). Н.-д. работу вядуць таксама ВНУ і галіновыя н.-д. ўстановы. У Бішкеку буйнейшая Нац.б-ка Кыргызскай Рэспублікі, Дзярж.гіст. музей і Нац. музей выяўл. мастацтваў імя Г.Айтыева.
Літаратура К. ўзнікла на аснове традыцый вуснай нар. творчасці. Жанры кірг. фальклору разнастайныя: пастухоўскія, працоўныя, абрадавыя, лірычныя песні, галашэнні-кашокі, казкі, сказы, легенды, паданні і інш.Найб. значны фальклорны твор — гераічны эпас «Манас». Вядомы таксама і т.зв. малыя эпасы. Папулярызацыі фальклору садзейнічалі акыны Тактагул Сатылганаў, Тагалок Малдо, казачнік-манасчы С.Каралаеў. Запісы фалькл. твораў упершыню зрабіў у 1856 каз. вучоны Ч.Валіханаў. Пісьмовая л-ра К. зарадзілася ў 1920-я г. (паэт А.Такамбаеў, празаік К.Баялінаў). Найб. плённа ў гады станаўлення нац. л-ры развівалася паэзія (Такамбаеў, К.Малікаў, Т.Сыдыкбекаў, Дж.Баканбаеў, Дж.Турусбекаў, М.Элебаеў і інш.). У 1930—40-я г. ўзніклі літ. жанры: паэма (Малікаў, У.Абдукаімаў), драма (Турусбекаў, К.Джантошаў, Баканбаеў), раман (Джантошаў, Сыдыкбекаў) і інш. Паэзія вызначалася навізной вобразаў, грамадз. пафасам, публіцыстычнасцю, проза — маштабнасцю, пераканаўчасцю характараў. Патрыятычным гучаннем прасякнута паэзія Вял.Айч. вайны (Элебаеў, Т.Уметаліеў, Такамбаеў). Вядучае месца ў л-ры К. займае проза: раманы «Кен-Су» (кн. 1—2, 1937—38), «Тэмір» (1939—40), «Людзі нашых дзён» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), трылогія «Жанчыны» (кн. 1—2, 1962—66) Сыдыкбекава, «Каныбек» (кн. 1—3, 1939—48), «Чабан нябесных гор» (1963) Джантошава, «Шлях да шчасця» (кн. 1—2, 1957—62), «Голас нашчадкаў» (1969), «Стальное пяро» (1981) Ш.Бейшэналіева, «Майдан» (ч. 1—2, 1961—66) Абдукаімава і інш. У пасляваен. час развіваецца проза т.зв. малых жанраў, якой уласцівы вастрыня маральна-псіхал. калізій, сучасная інтэрпрэтацыя фалькл. матываў: аповесці Ч.Айтматава, творчасць якога паўплывала на развіццё кірг. прозы ў цэлым, апавяданні (Абдукаімаў, Т.Абдумамунаў, М.Байджыеў), нарысы (Абдумамунаў). Надзённасцю тэматыкі і праблематыкі, складанасцю канфліктаў вылучаецца драматургія (п’есы Малікава, Байджыева, Абдумамунава і інш.). Сучасная л-ра К. тэматычна і жанрава разнастайная, адметная ўвядзеннем новых форм і вобразаў, прадстаўлена пісьменнікамі розных пакаленняў (М.Абылкасымава, Айтматаў, Байджыеў, Бейшэналіеў, М.Джангазіеў, С.Джусуеў, С.Эраліеў і інш). У 1934 засн. Саюз пісьменнікаў К.
Творы бел. пісьменнікаў на кірг. мове з’явіліся ў 1950-я г. Асобнымі выданнямі выйшлі «Вершы» Я.Купалы (1954, 2-е выд. 1982), «Апавяданні» З.Бядулі (1958), аповесць «Міколка-паравоз» М.Лынькова (1960), зб. вершаў і паэм «А дні ідуць» П.Броўкі (1966). Актывізацыя дзейнасці бел. перакладчыкаў прыпадае на 1970—80-я г. Творы Айтматава, Б.Абакірава, Джусуева, Н.Джундубаевай, А.Кыдырава, Уметаліева, Такамбаева і інш. перакладалі Р.Барадулін, В.Вольскі, В.Іпатава, С. Законнікаў, С.Міхальчук, М.Стральцоў, У.Шахавец, Я.Янішчыц і інш. Асобнымі выданнямі выйшлі аповесці і раман «Буранны паўстанак: I вякуе дзень даўжэй за век» Айтматава (1987), «Кіргізскія народныя казкі» (1988).
Архітэктура. Найб. раннія ўмацаваныя паселішчы з глінабітнымі і сырцовымі пабудовамі выяўлены на Пд К. (Шурабашат, 4—1 ст. да н.э.). У 5—10 ст. будавалі крэпасці, замкі феадалаў, гарады (Ош, Узген), гарадзішчы (Ак-Бешым, Бурана, Баласагун) з цытадэллю і гар. ядром — шахрыстанам і ўмацаваным прыгарадам рамеснікаў — рабадам. На Цянь-Шані захаваліся рэшткі гарадоў-ставак цюркскіх ханаў (гарадзішчы Кашой-Курган, Шырдакбек), якія былі абнесены пахсавымі сценамі (выш. да 12 м) з вежамі, а таксама руіны ўмацаванага караван-сарая Чалдывар на р. Манакельды з т.зв. гафрыраванымі сценамі. У 10—12 ст. (дзяржава Караханідаў) узводзілі манум. культавыя пабудовы — мячэці, мінарэты, маўзалеі (цэнтрычны маўзалей Шах-Фазіль у Ошскай вобл., 11—2-я пал. 12 ст.; група з 3 маўзалеяў ва Узгене, 11—12 ст.). На гарадзішчы Бурана захаваўся мінарэт — «вежа Бурана» (пач. 11 ст.; выш. 21,5 м). У выніку манг.-тат. заваявання (1-я чвэрць 13 ст.) гарады заняпалі. Насельніцтва стала качавым, асн. тыпам іх жылля была разборная круглая юрта, накрытая лямцам. З манум. будынкаў узводзілі пераважна маўзалеі (партальна-купальны маўзалей Манаса, 1334) і караван-сараі (Таш-Рабат на р. Каракаюм, 1-я пал. 15 ст.). З сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады Бішкек, Каракол (Пржавальск), Такмак і інш. з прамавугольнай планіроўкай, дробнымі кварталамі, забудаванымі 1-павярховымі глінабітнымі або сырцовымі дамамі. Пабудовы 1920—30-х г. у духу канструктывізму, з рысамі класіцызму (будынак мед. ін-та ў Бішкеку). У арх. дэкоры выкарыстоўваецца нац. арнамент (Летні т-р у Бішкеку, 1940, арх. Г.А.Градаў). У пабудовах 2-й пал. 20 ст. выкарыстоўваюцца зборны жалезабетон і шкло (будынкі АН у Бішкеку, 1960-я г., арх. Ю.Бялінскі, А.Бачароў). Вядзецца курортнае буд-ва на воз. Ісык-Куль. У 1960—80-я г. створаны новыя генпланы гарадоў. Архітэктура адметная выразнасцю сучасных форм і канструкцый: Кырг. т-р оперы і балета (1955, арх. А.Лабурэнка, з удзелам П.П.Іванова), будынкі музея выяўл. мастацтва (1974, арх. Ш.Джэкшанбаеў), цырка (1976, арх. Л.Сегал). У Бішкеку пастаўлены помнік Тактагулу Сатылганаву (1974). У 1941 засн. Саюз архітэктараў К.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. К. захаваліся наскальныя размалёўкі, ляпная кераміка з геам. ўзорамі эпох неаліту і бронзы. Да 4—1 ст. да н.э. адносяцца ўпрыгожанні з золата і бронзы, размаляваная кераміка, літыя з бронзы фігуркі жывёл, посуд. Да манг.-тат. нашэсця паралельна развівалася мастацтва аселага (кераміка з ляпным ці ўціснутым геам. узорам, гліняныя і тэракотавыя стылізаваныя фігуркі людзей і жывёл, асуарыі — урны для захавання касцей, фрагменты жывапісу, скульптуры) і качавога (накладкі на конскую збрую з металу, спражкі, падвескі-медальёны з арнаментам, выявамі жывёл) насельніцтва. У будыйскіх храмах 5—10 ст. статуі багоў аздаблялі барэльефамі і размалёўкамі (гарадзішча Ак-Бешым у Чуйскай даліне). Мячэці, маўзалеі 10—12 ст. дэкарыраваны ўзорыстай муроўкай з цэглы, разьбой па ганчы і тэракоце (геам. і расл. ўзоры, надпісы). У дэкар.-прыкладным мастацтве пераважала ткацтва дываноў (лямцавыя дываны «шырдакі» з мазаічнымі, аплікацыйнымі ўваленымі ўзорамі; ворсавыя дываны; падвесныя паліцы для юртаў). Вышыўкай аздаблялі насценныя пано з аксаміту ці сукна (туш-«кійізы»), сумкі для посуду, адзенне, плялі ўзорыстыя цыноўкі з травы чый. З серабра рабілі ювелірныя ўпрыгожанні, якія аздаблялі гравіраваным узорам, насечкамі, чарненнем і інш. Для нар. мастацтва характэрны кантрастнасць колеру (найб. пашыранае спалучэнне чырвонага з сінім), ураўнаважанасць кампазіцыі, рытмічнасць. Ва ўзорах пераважалі круглаватыя формы і матыў «барановы рог». У 20 ст. зараджаюцца жывапіс, графіка, скульптура. У станаўленні прафес.выяўл. мастацтва значная роля належыць С.Чуйкову, а таксама жывапісцам В.Абразцову, Г.Айтыеву, С.Акылбекаву, І.Гальчанку, А.Ігнацьеву, скульпт. В.Мануілавай, графікам Л.Ільіной, А.Міхалёву, А.Згібневу. У Вял.Айч. вайну створаны работы ў гонар герояў вайны (помнік І.Панфілаву ў Бішкеку, 1942, скульпт. А. і В.Мануілавы). З 1950-х г. развіваюцца партрэт (Айтыеў, А.Усубаліеў), пейзаж, павялічылася цікавасць да тэматычнай карціны (Л.Дэймант). Сярод мастакоў 1950—60-х г. жывапісцы Усубаліеў, Дж.Кажахметаў, К.Керымбекаў, Дж.Джумабаеў, А.Асмонаў, графік М.Амаркулаў. Развіваюцца скульптура (Т.Садыкаў, А.Мухутдзінаў, манум.-дэкар. мастацтва (рэльефы на мемар. музеі М.В.Фрунзе ў Бішкеку, 1967, мастакі А.Варонін, А.Каменскі, С.Бакашоў). Сярод тэатр. мастакоў А.Арэф’еў, А.Малдахматаў і інш. У 1970—80-я г. створаны работы высокага грамадз. гучання (ансамбль «Манас» у Бішкеку, 1981, скульпт. Садыкаў, арх. А.Пячонкін). Багатыя традыцыі нар. мастацтва працягваюцца ў дыванаткацтве, вышыўцы, вырабах са скуры, у тэкст. і керамічнай вытв-сці. Развіваецца прафес.дэкар.-прыкладное мастацтва (Дж.Уметаў). Мастацтва 1980—90-х г. адметнае пашырэннем тэматычнага кругагляду, імкненнем абнавіць маст.-пластычныя вырашэнні, пошукамі новых сродкаў выразнасці (М.Акынбекаў, Бакашоў, М.Бекджанаў, Т.Касымаў). У 1958 створаны Саюз мастакоў К.
Музыка К. імправізацыйная, у ёй важная роля належыць варыянтна-варыяцыйным прынцыпам развіцця. Фарміравалася ў рэчышчах нар. і нар.-прафес. вусных традыцый. Ладавая аснова — дыятанічныя шасці-, сямі- і больш ступенныя гукарады; характэрна ладавая пераменнасць. Традыц.нар. песні (абрадавыя, працоўныя, лірычныя, дзявочыя, жаночыя, дзіцячыя і інш.) аднагалосыя; інстр. музыка 2- і 3-галосая, асн. жанр — кю (вял. п’еса праграмнага зместу). Сярод нар.муз. інструментаў: камуз (шчыпковы), кыяк (смычковы), чоар (духавы), доал (ударны). Сярод пар. музыкантаў (акынаў, манасчы, ырчы, куудулаў, камузчы, кыякчы, чоарчу, сурнайчы) Тактагул Сатылганаў, Калык Акіеў, Алымкул Усенбаеў, Сагымбай Аразбакаў, Саякбай Каралаеў, Атай Агамбаеў, Муса Баетаў, Куйручук, Ш.Цермечыкаў, Ніязалы, Жалбун, Мураталы Курэнкееў і інш. У 1920—30-я г. створаны драм. п’есы, насычаныя нар. песнямі, муз. драмы. Першыя кірг. оперы — «Месяцавая прыгажуня» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ (1939) і «Тактагул» А.Вепрыка (1940), балеты — «Анар» (1940), «Арэлі» Уласава і Ферэ, «Чалпон» М.Раўхвергера (абодва 1944). Пазней створаны балет-араторыя «Мацярынскае поле» К.Малдабасанава (паст. 1975), дзіцячыя балеты, муз. камедыі, творы сімф. і кантатна-аратарыяльнага жанраў і інш. У стварэнні нац. опернага і балетнага рэпертуару ўдзельнічалі Уласаў, Ферэ, Малдыбаеў, Раўхвергер, М.Абдраеў, Малдабасанаў, Г.Окунеў, М.Ракаў, С.Раўзаў, у галінах сімф. і кантатна-аратарыяльнай музыкі працавалі Абдраеў, А.Аманбаеў, Н.Даўлесаў, А.Джаныбекаў, Ч.Джумаканаў, Ж.Малдыбаева, С.Медзетаў, А.Мурзабаеў, А.Тулееў, Т.Эрматаў і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры Даўлесаў, А.Джумахматаў, Малдабасанаў; спевакі С.Кіізбаева, Малдыбаеў, Б.Мінжылкіеў, Х.Мухтараў, А.Мырзабаеў, К.Сартбаева, Т.Сейталіеў, балетмайстар М.Холфін; артысты балета Б.Бейшэналіева, К.Мадземілава, У.Сарбагішаў, А.Такамбаева, Р.Чакоева. У К. працуюць: Кырг. т-р оперы і балета (з 1942, Бішкек), муз.-драм.т-р (з 1946, Нарын), філармонія (з 1936), дзіцячая філармонія (з 1986), сімф. аркестр Кырг. радыё і тэлебачання (з 1970), аркестр нар. інструментаў (з 1936), Дзярж. ансамбль танца К., Кырг. ін-т мастацтваў, муз. вучылішчы (Бішкек, Ош), больш за 130 муз. школ. У 1939 створаны Саюз кампазітараў К.
Тэатр. Тэатр. элементы былі ў абрадах і нар. гульнях, спаборніцтвах акынаў (айтыш), выступленнях казачнікаў, манасчы, куудулаў (нар. комікаў). Першыя тэатр. паказы на кірг. мове адбыліся ў пач. 20 ст. У 1926 у Бішкеку арганізавана тэатр. студыя, у 1930 ператвораная ў прафес.драм.т-р (з 1936 муз.-драм., з 1942 т-р оперы і балета). Драм. спектаклі на кірг. мове ставіў Т-р юнага гледача (1936—41). У 1941 адкрыты Кырг. драм. т-р. Ставяцца п’есы нац. драматургаў: Т.Абдумамунава, Б.Амураліева, М.Байджыева, Ш.Бейшэналіева, Б.Джакіева, К.Джантошава, А.Кутубаева, К.Малікава, А.Такамбаева, Р.Шукурбекава, рус. і замежная класіка; асобнае месца ў рэпертуары займаюць інсцэніроўкі твораў Ч.Айтматава. Працуюць т-ры: Кырг. драматычны, лялек (з 1938), рус. драмы (з 1935; усе ў Бішкеку), т-ры драм. ў Ошы, муз.-драм. ў Нарыне і інш. Сярод артыстаў: Д.Куюкава, Б.Кыдыкеева, М.Рыскулаў, А.Баталіеў, С.Джаманаў, А.Джанкарозава, Н.Кітаеў, А.Кабегенаў, С.Кумушаліева, А.Кутубаева, Л.Маідава, Р.Мумінава, Т.Хасанава і інш. У кірг. т-рах ставіліся п’есы А.Макаёнка, А.Маўзона і інш.бел. драматургаў.
Кіно. У 1942 у Бішкеку на базе карэспандэнцкага пункта кінахронікі (з 1939) створана студыя кінахронікі (з 1956 кінастудыя дакумент. і маст. фільмаў, з 1961 «Кіргізфільм»). У 1947 зняты першы дакумент. фільм «Савецкая Кіргізія» (рэж. М.Слуцкі). У галіне дакумент. кіно працавалі рэж. Ш.Апылаў, А.Відугірыс («Замкі на пяску», 1967, гал. прыз міжнар. кінафестывалю ў Кракаве), Ю.Герштэйн, Б.Абдылдаеў, Б.Шамшыеў («Манасчы», 1956, гал. прыз міжнар. кінафестывалю ў Оберхаўзене) і інш. Першы маст. фільм — «Салтанат» (1955, рэж. В.Пронін, з кінастудыяй «Масфільм»). Першы самаст.маст. фільм — «Мая памылка» паводле А.Такамбаева (1958, рэж. І.Кобызеў). У 1960—70-я г. ствараліся фільмы паводле твораў пісьменнікаў: «Стрэл на перавале Караш» (паводле аповесці М.Аўэзава «Стрэл на перавале»; 1970, рэж. Шамшыеў), «Пакланіся агню» (паводле Н.Байтэмірава; 1972), «Люты» (паводле аповесці М.Аўэзава «Шэры люты»; 1974, рэж. абодвух Т.Акееў) і інш. Шмат фільмаў пастаўлена паводле твораў Айтматава: «Першы настаўнік» (1965, рэж. А.Міхалкоў-Канчалоўскі), «Мацярынскае поле» (1968, рэж. Г.Базараў), «Джаміля» (1969, рэж. І.Паплаўская), «Белы параход» (1976, рэж. Шамшыеў; Дзярж. прэмія СССР 1977), «Улан» (1977, рэж. Акееў) і інш. У 1980-я г. створаны фільмы «Залатая восень» (1980), «Нашчадак Белага Барса» (1985; рэж. абодвух Акееў), «Воўчая яма» (1984), «Снайперы» (1985; рэж. абодвух Шамшыеў) і інш. З 1977 ствараюцца анімацыйныя фільмы (рэж. С.Ішэнаў, В.Бялоў і інш.). У развіццё кінамастацтва К. вял. ўклад зрабілі: рэж. М.Убукееў, Л.Турусбекава, Ш.Апылаў, К.Акматаліеў; сцэнарысты К.Амуркулаў, Б.Джакіеў, Э.Барбіеў, М.Байджыеў; аператары М.Мусаеў, К.Абдыкулаў, С.Давыдаў; мастакі Дж.Джумабаеў, Б.Джумаліеў; акцёры Б.Кадыкеева, М.Раскулаў, Д.Куюкава, Т.Турсунбаева, Ч.Думанаеў. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў К.
Літ.:
Петров К.И.К истории движения киргизов на Тянь-Шань и их взаимоотношений с ойратами в XIII—XV вв. Фрунзе, 1961;
Я г о ж. Очерки феодальных отношений у киргизов в XV—XVIII вв. Фрунзе, 1961;
Джамгерчинов Б.Д. Очерки политической истории Киргизии XIX в. Фрунзе, 1966;
Плоских В.М. Киргизы и Кокандское ханство. Фрунзе, 1977;
История Киргизской ССР с древнейших времен до наших дней: В 5 т.Т. 1—4. Фрунзе, 1984—90;
Озмитель Е. Наследие классики и киргизская литература. Фрунэе, 1980;
История киргизской советской литературы. М., 1970;
Нусов В.Е. Архитектура Киргизии с древнейших времен до наших дней. Фрунзе, 1971;
Горячева В.Д. Средневековые городские центры и архитектурные ансамбли Киргизии (Бурана, Узген, Сафид-Булан). Фрунзе, 1983;
Уметаллиева Д.Т. Изобразительное искусство Киргизии. Фрунзе, 1978;
История киргизского искусства. Фрунзе, 1971;
Дюшалиев К. Киргизская народная песня. М., 1982;
Кино Киргизии. М., 1981;
Артюхов О.Б. Кинематографисты Советской Киргизии: Справ. Фрунзе, 1981.
П.І.Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), А.Дз.Шапашнікава (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Герб і сцяг Кыргызстана.Да арт.Кыргызстан. Чумышскі гідравузел.Да арт.Кыргызстан. На горнай пашы.Да арт.Кыргызстан. На схілах Цянь-Шаня.Да арт.Кыргызстан. Горная рэчка.Да арт.Кыргызстан. Мінарэт «вежа Бурана» на гарадзішчы Бурана. Пач. 11 ст.Да арт.Кыргызстан. Маўзалей Шах-Фазіль у Ошскай вобл. Канец 11—2-я пал. 12 ст.Да арт.Кыргызстан. Помнік Тактагулу Сатылганаву ў Бішкеку. 1974.Да арт.Кыргызстан. М.Акынбекаў. Мае мамы. 1970.Да арт.Кыргызстан. С.Чуйкоў. Дачка чабана. 1956.Да арт.Кыргызстан. Жаночы халат. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст.Да арт.Кыргызстан. Вясельны жаночы касцюм. 1970-я г.Да арт.Кыргызстан. Скульптурна-архітэктурны ансамбль «Манас» у Бішкеку. 1981.Да арт.Кыргызстан. Л.Ільіна. Мацярынскае поле. 1971.Да арт.Кыргызстан. Т.Касымаў. Дыван «Паляўнічы». 1975. Лямец, звальванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ФРЫКА,
другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету. Пл. 29,2 млн.км², з астравамі 30,3 млн.км². Размешчана ва Усх. паўшар’і, амаль пасярэдзіне перасякаецца экватарам. Крайнія пункты: на Пн мыс Эль-Аб’яд, 37°20′паўн. ш.; на Пд мыс Ігольны (Агульяс), 34°52′паўд. ш.; на З мыс Альмады, 17°32′зах. д.; на У мыс Хафун, 51°23′усх. д. Афрыка працягнулася з Пн на Пд амаль на 8000 км, з З на У на 3100 км у паўд. і да 7500 км у паўн. частках. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На З абмываецца Атлантычным ак., на У — Індыйскім ак. і Чырвоным морам. Берагі пераважна прамалінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі. Зручных бухтаў мала, вял. залівы Гвінейскі на З і Сідра (Вял. Сірт) на Пн, у Міжземным моры. Найб.п-аў Самалі (Афрыканскі Рог). Да Афрыкі як часткі свету належаць астравы (агульная пл. 1,1 млн.км²): на У Мадагаскар, Каморскія, Маскарэнскія, Аміранцкія, Сейшэльскія, Альдабра, Пемба, Мафія, Занзібар, Сакотра; на З Мадэйра, Канарскія, Зялёнага Мыса, Анабон, Сан-Таме, Прынсіпі, Біёка (б. Фернанда-По), аддаленыя ў Атлантычным ак. а-вы Ушэсця, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.
Рэльеф. У рэльефе Афрыкі спалучаюцца ступеньчатыя раўніны, плато, пласкагор’і і нагор’і са шматлікімі астанцовымі вяршынямі, лававым покрывам і вулканамі. Паводле вышыні паверхні над узр. м. (сярэдняя 750 м) Афрыка падзяляецца на паўн.-зах. Нізкую Афрыку і паўд.-ўсх. Высокую Афрыку. На б.ч. Нізкай Афрыкі размешчаны раўніны і плато Сахары, сярод якіх узвышаюцца нагор’і Ахагар (г. Тахат, 3003 м) і Тыбесты (вулкан Эмі-Кусі, 3415 м), і Судана — плато і пласкагор’і Аір (2022 м), Энеды (1450), Дарфур (3088 м) і інш. На ПнЗ Атласкія горы (г. Тубкаль, 4165 м). Над берагам Гвінейскага зал. ўзнімаецца Паўн.-Гвінейскае узв. (г. Бінтымані, 1948 м). На Пд Нізкая Афрыка — упадзіна Конга, што аддзяляецца ад Атлантычнага ак.Паўд.-Гвінейскім узв. (1500—2000 м). Да Высокай Афрыкі належыць Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн, 4623 м), якое на У абрываецца да самай нізкай у Афрыцы ўпадзіны Афар (-153 м), і Усх.-Афрыканскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (Кіліманджара, 5895 м — найвышэйшы пункт Афрыкі). На Пд Афрыкі знаходзіцца раўніна Калахары (выш. 900—1000 м). Яе акружаюць на У і ПнУ плато і нагор’і Матабеле і Велд, на Пд Верхняе Кару (горы Сніўберге, 2505 м), на З Намакваленд, Дамараленд, Каока. На У павышаны рэльеф вакол Калахары стромка абрываецца да Індыйскага ак., дзе Драконавы горы і нагор’е Басута з найвышэйшым пунктам на Пд Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м) утвараюць Вял. Уступ, на Пд — да ўпадзіны Вял. Кару, на З — да Атлантычнага ак. (хр. Сера-да-Шэла). На крайнім Пд мацерыка ўзвышаюцца Капскія горы (2326 м). Рэльеф, падобны да Паўд. Афрыкі, мае в-аў Мадагаскар. Усходнюю ч. Афрыкі з Пн на Пд перасякае Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма з глыбокімі вузкімі ўпадзінамі, занятымі азёрамі, глыбавымі гарамі і вулканічнымі масівамі з патухлымі і дзеючымі вулканамі.
Геалагічная будова. Амаль усю тэр. Афрыкі займае стараж.Афрыканская платформа (Афрыкана-Аравійская).
Дакембрыйскія метамарфічныя тоўшчы і граніты, што складаюць фундамент платформы, залягаюць на глыб. 8—10 км у вялізных тэктанічных упадзінах і прагінах, якія запоўнены асадкавымі пародамі платформавага чахла (да гэтых структур часта прымеркаваны раўніны і плато). У шчытах і масівах крышт. фундамент выходзіць на паверхню (нагор’і Ахагар і Тыбесты, Паўн.-Гвінейскае узв., хрыбет Этбай на беразе Чырвонага м., плато Дарфур і інш.). У палеазоі на Пд Афрыкі развівалася мацерыковае зледзяненне (на фоне тэктанічнага падняцця), у мезазоі — базальтавы вулканізм з утварэннем лававых покрываў (трапаў). У сярэдзіне кайназою зноў пачалося падняцце паверхні, асабліва інтэнсіўнае на У Афрыкі, што прывяло да расколу платформы і ўтварэння ў міяцэне Усх.-Афрыканскай рыфтавай сістэмы, якая працягнулася больш чым на 6000 км ад паўн. ускраіны Чырвонага м да р. Замбезі. Рыфтагенез суправаджаўся базальтавым і шчолачным вулканізмам, у пліяцэне ўзніклі вулканы Кіліманджара, Кенія (5199 м), Меру (4567 м) і інш. На Пд да платформы прылягаюць складкава-глыбавыя структуры Капскіх гор (герцынскай складкавасці), на ПнЗ — складкавая сістэма Атласкіх гор (герцынскай і альпійскай складкавасці). У антрапагене Афрыка аддзялілася ад Еўропы. Мацерыковае зледзяненне плейстацэну выявілася эпохамі ўвільгатнення ў Сахары і інш. пустынях (плювіяльныя эпохі, ад якіх засталіся уэды, высахлыя азёры і інш.).
Карысныя выкапні. У Афрыцы вядомы радовішчы амаль усіх відаў карысных выкапняў. Яна займае 1-е месца сярод іншых мацерыкоў па запасах марганцавых рудаў, храмітаў, баксітаў, золата, плаціноідаў, кобальту, ванадыю, алмазаў, фасфарытаў, флюарыту, 2-е — па запасах медных рудаў, урану, сурмы, берылію, азбесту, графіту, 3-е — па запасах нафты, прыроднага газу, ртуці, жал. руды; ёсць значныя запасы рудаў тытану, нікелю, вісмуту, літыю, танталу, ніобію, волава, вальфраму, а таксама каменнага вугалю, каштоўных камянёў і інш.
Клімат. Афрыка — самы гарачы мацярык (сумарная сонечная радыяцыя 180—200 ккал/см² за год) з пераважна кантынентальным кліматам (рэзкія ваганні сутачных тэмператур і сухасці). Асн. працэс агульнай цыркуляцыі атмасферы над Афрыкай — перанос да экватара трапічнага паветра пасатамі. Т-ры паветра ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях мала адрозніваюцца, а характар і велічыня ападкаў на працягу года вельмі зменлівыя, на б.ч. тэрыторыі адзначаецца недахоп вільгаці, вылучаюцца сухі і вільготны сезоны.
У поясе экватарыяльнага клімату паміж 2°паўд. і 8°паўн. ш. сума ападкаў за год перавышае 1000 мм, у самым вільготным месцы Афрыкі на зах. схілах масіву Камерун, у Дэбунджы, дасягае больш за 9000 мм. Тэмпературы на працягу года 25—28 °C (удзень блізкія да 30 °C, уначы каля 20 °C). Паясы субэкватарыяльнага клімату (экватарыяльных мусонаў) распрасціраюцца да 19°паўн. і 16°паўд. ш. Выпадае ад 250—300 да 500—1800 мм ападкаў (2 сезоны дажджоў). Тэмпература на працягу года вагаецца ад 26—31 °C да 14—18 °C на Пн ад экватара, на Пд складае 20—27 °C. Далей, да 30°паўн. і 30°паўд. ш., размяшчаюцца паясы трапічнага клімату, дзе выпадае менш за 100 мм, ва Усх. Сахары 10—20 мм ападкаў за год (у г. Асуан дажджы выпадаюць не кожны год). У тропіках Паўн. паўшар’я самыя высокія т-ры ў Афрыцы — у ліп. месцамі да 38 °C, макс. 57,8 °C адзначана ў Эль-Азізіі (Лівія). Назіраюцца значныя месячныя і сутачныя ваганні т-ры (да 20 °C). Паўн. і паўд. ўскраіны мацерыка знаходзяцца ў паясах субтрапічнага клімату, дзе ападкі (ад 100—250 мм на У да 500—1000 мм за год на З) выпадаюць зімой, т-ры летніх месяцаў 20—25 °C, зімовых 10—15 °C, у гарах Атлас выпадае снег, т-ры могуць зніжацца да -6, -8 °C.
Унутраныя воды. Гідраэнергетычны патэнцыял Афрыкі складае больш за 20% ад сусветнага, па запасах гідраэнергіі яна займае 2-е месца пасля Азіі. У Афрыцы цячэ самая доўгая рака свету — Ніл (6671 км), самая паўнаводная рака Усх. паўшар’я — Конга, тут знаходзяцца 2-е па глыбіні (пасля Байкала) возера Зямлі — Танганьіка (1470 м) і 2-е па плошчы (пасля воз. Верхняе ў Паўн. Амерыцы) воз. Вікторыя (68 тыс.км²).
Найб. густая рачная сетка ў цэнтр. і зах.ч. прыэкватарыяльнай Афрыкі, у пустынях рэкі з пастаянным цячэннем адсутнічаюць (акрамя транзітных, як Ніл). У Атлантычны ак., басейн якога ахоплівае 50% тэр. мацерыка, упадаюць Конга (4320 км), Нігер, Сенегал, Гамбія, Аранжавая і інш., у Міжземнае мора — Ніл. Да бас. Індыйскага ак. (18,5% тэр.) належыць Замбезі (2660 км), Лімпопа, Рувума, Руфіджы, Джуба, Тугела і рэкі Мадагаскара. Ступеньчаты рэльеф спрыяе ўтварэнню парогаў і вадаспадаў. Самы вялікі вадаспад Вікторыя на р. Замбезі (выш. 120 м, шыр. 1800 м), самы высокі каскад вадаспадаў Тугела (933 м) на р. Тугела ў Драконавых гарах. Жыўленне рэк пераважна дажджавое, у пустынях і паўпустынях — грунтавое. Шматгадовы снег на некаторых вяршынях Усх. Афрыкі і сезонны на ПнЗ Атласкіх гор істотнага ўплыву на водны рэжым рэк не мае. У Афрыцы шмат азёраў, многія ў катлавінах тэктанічнага паходжання (у рыфтах Усх. Афрыкі): Танганьіка, Мабуту-Сесе-Сека (б. Альберт), Іды-Амін-Дада (б. Эдуард), Ківу, Туркана (б. Рудольф), Малаві (Ньяса) і інш.Воз. Вікторыя займае спадзістае тэктанічнае паніжэнне за межамі зоны разломаў. Ва ўнутр. бяссцёкавых абласцях азёры найчасцей салёныя, са зменлівымі ўзроўнем і плошчай, некаторыя перасыхаюць у сухі сезон, найб. сярод іх воз. Чад (пл. 10—26 тыс.км², глыб. 2 м). У Афрыцы створана шмат вадасховішчаў для арашэння і энергет. забеспячэння, найб. Вольта, Насэр і інш.
Глебы і расліннасць. У Афрыцы лясы і рэдкалессі займаюць каля 27%, саванны — 33%, пустыні і паўпустыні — 40% тэрыторыі. На мацерыку добра выяўляецца занальнасць глебавага і расліннага покрыва. Экватарыяльныя і трапічныя пастаянна вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы (гілея) займаюць узбярэжжа Гвінейскага зал. і ўпадзіну Конга паміж 7°паўн. і 5°паўд. ш., дзе пашыраны чырвона-жоўтыя фералітавыя глебы. Лясы густыя, шмат’ярусныя, з ліянамі і эпіфітамі, багатыя на віды: 3000 відаў дрэў (40 з іх маюць каштоўную драўніну — эбенавае, сандалавае, чырвонае і інш.). Далей на Пн і Пд, дзе 2—3 месяцы засушлівы перыяд, распасціраюцца пераменна-вільготныя мяшаныя, часткова лістападныя трапічныя лясы (капалавае дрэва, хларафора высокая і інш.). Да гэтых лясоў прымыкае велізарная зона саваннаў, якая цягнецца да 18—19°паўн. ш., у паўд. Афрыцы — на Пд ад тропіка, на У — да Індыйскага ак. Вільготная высакатраўная саванна (гвінейская) — з участкамі трапічных лясоў, рэдкастойнымі масівамі акацый, баўгіній, баабабамі і слановымі травамі (4—5 м вышынёй) і інш. Нізкатраўная (тыповая, суданская) саванна развіта на чырв. і чырв.-карычневых фералітавых глебах, мае суцэльнае покрыва злакавых траў (барадач, тэмеда, гіпарэнія), паасобныя баабабы і дрэвы з парасонападобнай кронай (акацыі, паркія, пальма дум). Сухая, апустыненая саванна (сахельская) развітая ў сахелі і паўпустыні Калахары. Травяное покрыва з геафітаў (пераважна лілейных) і дзярністых злакаў. Рэдкія акацыі. Глебы чырв. і чырв.-бурыя, на значных плошчах пашкоджаны пры выпасе свойскай жывёлы і ператварыліся ў рухомыя пяскі. Найб. урадлівыя і асвоеныя ў саваннах цёмна-чырв. фералітавыя глебы на выхадах на паверхню базальтаў ва Усх. Афрыцы. За саваннамі, далей ад экватара, цягнецца зона пустыняў і паўпустыняў: у Паўн. паўшар’і Сахара — найбольшая трапічная пустыня свету, у Паўд. паўшар’і Наміб і Кару. У Сахары рэдкая ксерафільная расліннасць, глебы пустынныя слабаразвітыя: камяністыя (адпавядаюць тыпу пустыняў хамады), пяскі і пясчаныя (эргі), жвірова-галечнікавыя (рэгі), на якіх трапляюцца саланчакі (себхі). У пустыні Наміб пераважна сукулентная расліннасць, у т. л. вельвічыя, лілейныя і інш., пясчаныя і камяністыя пустынныя глебы. Паўпустыні Афрыкі злакава-хмызняковыя, з характэрным кавылём альфа. У Атласкіх гарах і на нізінным паўн. узбярэжжы пашырана міжземнаморская расліннасць з субтрапічных вечназялёных цвердалістых і лістападных лясоў (кіпарысы, алівы, міндаль, ліванскі кедр, коркавы дуб, розныя хвоі). Развіты таксама другасныя хмызняковыя і палынна-злакавыя асацыяцыі (тыпу фрыгана, маквіс, гарыга). Пераважаюць шэра-карычневыя, карычневыя, чырвона-бурыя апустыненыя і бурыя лясныя глебы; высокай урадлівасцю вылучаюцца алювіяльныя глебы ў даліне Ніла. На крайнім Пд Афрыкі субтрапічная расліннасць сфарміравана з больш старажытных, чым на Пн, фларыстычных элементаў (нагаплоднік, дрэвападобная папараць і інш.) на жаўтазёмах, карычневых і горных бурых лясных глебах. На большай частцы Афрыкі глебы малаўрадлівыя, выкарыстоўваецца толькі 1/5 зямель, прыдатных для ворыва.
Жывёльны свет Афрыкі багаты і разнастайны. Захаваліся прадстаўнікі стараж. мацерыковых фаун з канца мезазою, якія з’яўляюцца эндэмікамі або агульнымі з фаунамі Паўд. Амерыкі, Паўд. Азіі, Аўстраліі. Афрыка ўваходзіць у Галарктычную фауністычную вобласць Арктагеі (Пн мацерыка з Сахарай), Эфіопскую і Мадагаскарскую вобласці Палеагеі. У афр. частцы Галарктычнай вобласці характэрныя лань, дзік, падвіды высакароднага аленя, бурага мядзведзя і ліса, леапард, звычайная генета, егіпецкі мангуст, грабеньчаты дзікабраз і інш. У Сахары і паўпустынях жывуць антылопа лірарогі буйвал, газелі, леў, гепард, каракал, аксамітны і дзікі каты, ліс фенек, паласатая і плямістая гіены, мноства тушканчыкаў, пясчанак і інш. Сярод птушак пустынны жаваранак, дрофы, рабкі і інш. У Паўн. Афрыцы зімуюць шматлікія пералётныя птушкі, сярод іх каля 17 відаў з Беларусі (гл. ў арт.Вырай). Шматлікія паўзуны (гадзюкі Авіцэны і рагатая, гюрза і інш.), з беспазваночных — павукападобныя, саранча. У Эфіопскай вобласці жывуць своеасаблівыя статкавыя капытныя — блакітны гну, зебры, газелі Томпсана і Гранта; шматлікія даманы (блізкія да сланоў малыя жывёлы), бегемот, трубказубы, афрыканскі слон, малпы гамадрыл і бабуін; з драпежных — леў, леапард, гепард, гіенавы сабака, каракал, шакал; сярод птушак — афрыканскі страус, цацаркі, птушка сакратар і інш. У экватарыяльных і трапічных лясах водзяцца кутасавухая свіння, вадзяны алянёк, акапі, гарыла, шымпанзе, дзікабразы, дрэвавыя даманы, з птушак — турака, птушкі-насарогі, папугаі, з паўзуноў — геконы, хамелеоны, дрэвавыя змеі, кракадзілы, з беспазваночных — тэрміты (каля 500 відаў), тараканы і інш. Астраўная фауна Мадагаскарскай вобласці адметная — гэта лясная фауна, у якой пануюць лемуры, ёсць тэнрэкі, вівера фоса, мадагаскарскія пастушкі, чырванадзюбыя попаўзні, чарапахі. Для аховы жывёльнага свету ў Афрыцы арганізавана больш за 150 заказнікаў і нац. паркаў.
Прыроднае раянаванне Афрыкі адлюстроўвае геагр. занальнасць. Вылучаюцца: экватарыяльны пояс (без падзелу на прыродныя краіны); субэкватарыяльны пояс з краінамі Судан, Паўн.-Гвінейскае узв., Эфіопскае нагор’е і п-аў Самалі, Усх. Афрыка, упадзіна Конга; трапічны пояс з краінай Сахара і часткай краіны Паўд. Афрыкі; субтрапічны пояс з краінай Атлас на Пн і часткай краіны Паўд. Афрыка (Капскія горы і паўд.-ўсх. ўскраіна мацерыка). Афрыку таксама падзяляюць на прыродныя вобласці: Паўн. Афлрыка, Зах. Афрыка, Цэнтр. Афрыка, Усх. Афрыка і Паўд. Афрыка.
Насельніцтва. У Афрыцы жыве больш за 700 млн.чал. (1994) — больш за 12% насельніцтва Зямлі. Шчыльн. ад 0,3 да 200, у даліне Ніла больш за 1000 чал. На 1 км². Этнічны склад вельмі стракаты. Афрыку насяляюць некалькі соцень вялікіх і малых этнасаў, 107 з іх налічваюць больш за 1 млн.чал. кожны, а 24 — больш за 5 млн. (самыя шматлікія: егіпецкія арабы, хаўса, йоруба, алжырскія і мараканскія арабы, фульбе, ігба, амхара, арома, суданскія арабы). Найб. пашырана арабская мова, на Пд ад Сахары — мовы банту. Народы Афрыкі належаць да некалькіх рас: інда-міжземнаморскай, негра-аўстралійскай (уключае негрскую, негрыльскую і бушменскую малыя расы), эфіопскай і інш. Па веравызнанні ў многіх краінах на Пн ад экватара (Алжыр, Марока, Егіпет, Судан, Лівія, Сенегал, Самалі, Нігер, Чад і інш.) пераважаюць прыхільнікі ісламу суніцкага кірунку. Хрысціяне (католікі і пратэстанты) складаюць ½ насельніцтва ПАР, Намібіі, Лесота, Бурундзі, Габона. Найб. старажытная канфесія ў Афрыцы — манафісіцкая царква (пераважна народа амхара ў Эфіопіі). Ёсць прыхільнікі хрысціянска-афрыканскіх цэркваў, індуізму і іудаізму. У некаторых краінах Пд ад Сахары захаваліся мясцовыя традыц. вераванні. Гл. таксама Народы Афрыкі.
Палітычны падзел. У межах Афрыкі размешчаны дзяржавы: Алжыр, Ангола, Батсвана, Бенін, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габон, Гамбія, Гана, Гвінея, Гвінея-Бісау, Джыбуці, Егіпет, Заір, Замбія, Зах. Сахара, Зімбабве, Кабо-Вердэ, Камерун, Каморскія Астравы, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Лівія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малі, Марока, Маўрыкій, Маўрытанія, Намібія, Нігер, Нігерыя, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), Руанда, Самалі, Сан-Таме і Прынсіпі, Свазіленд, Сейшэльскія Астравы, Сенегал, Судан, Сьера-Леоне, Танзанія, Тога, Туніс, Уганда, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР), Чад, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Эфіопія (пра кожную краіну гл. асобны артыкул). Некаторыя астравы належаць краінам Еўропы: Канарскія Іспаніі; Мадэйра Партугаліі; а-вы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья ўладанне Вялікабрытаніі; в-аў Рэюньён у групе Маскарэнскіх а-воў — замежны дэпартамент Францыі. Гарады Сеута і Мелілья на Міжземнаморскім узбярэжжы Марока знаходзяцца пад кіраваннем Іспаніі.
Да арт.Афрыка. Субальпійскі ландшафт гор Усходняй Афрыкі.Да арт.Афрыка. Дарога ў саванне.Да арт.Афрыка. У афрыканскай саванне.Да арт.Афрыка. Горныя лясы Уганды.