НЯКРА́САЎ Віктар Платонавіч (17.6.1911, Кіеў — 1987),

рускі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі будаўнічы ін-т (1936), адначасова вучыўся ў тэатр. студыі пры Кіеўскім т-ры рус. драмы. Працаваў акцёрам, тэатр. мастаком. Удзельнік Вял. Айч. вайны, потым журналіст. Пасля 1974 жыў у Францыі. У аповесці «У акопах Сталінграда» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; фільм «Салдаты», 1957) аўтабіягр. вобраз апавядальніка-афіцэра, праўдзівая, падкрэслена празаічная карціна франтавых будняў. Аповесць «У родным горадзе» (1954, фільм «Горад запальвае агні», 1958) пра складаны лёс франтавіка, які вярнуўся з вайны. Аўтар аповесці «Кіра Георгіеўна» (1961), дарожных нататак пра замежныя паездкі, кнігі апавяданняў пра сустрэчы з людзьмі мастацтва, л-ры «У жыцці і ў лістах» (1971), эсэістычнай асацыятыўнай прозы «Запіскі разявакі» (1975), «Маленькая журботная аповесць» (1986), публіцыстычных артыкулаў, артыкулаў пра архітэктуру, жывапіс, кінамастацтва і інш.

В.П.Някрасаў.

Тв.:

Избр. произв.: Повести, рассказы, путевые заметки. М., 1962;

По обе стороны океана;

Записки зеваки;

Саперлипопет, или Если б да кабы, да во рту росли грибы... М., 1991;

Маленькая печальная повесть: Проза разных лет. М., 1991;

В самых адских котлах побывал...: Сб. повестей и рассказов, воспоминаний и писем. М., 1991.

т. 11, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛЮ́ЗІНА Ніна Васілеўна (н. 25.8.1944, в. Васілева Глінкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. мастак. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык) і графіцы (акварэль). Творчасці ўласцівы абагульненая мадэліроўка форм, рытмічнасць кампазіцый, гарманічнасць колеравых спалучэнняў, зварот да бел. фальклорных і гіст. сюжэтаў. Сярод твораў: габелены «Апошні ліст» (1969), «Легенда пра возера Свіцязь» (1972), «Навука пра зоркі» (1975), «Перад зорнай дарогай» (1976), «Святочная ноч» (1977), «Летні дождж» (1981), «Беларусь» (з П.​Бондарам), «Ой, ляцелі гусі ды з-пад Белай Русі» (абодва 1982), «Несуцішны боль», «Легенды Мядзельшчыны» (трыпціх; усе 1984), «Беларускае вяселле» (серыя, 1989), «Узвіжанскі спакус», «Абуджэнне», «Кліч зямлі» (усе 1992), «Няўмольны час» (1996); батыкі: трыпціх «Трыумф жыцця» (з Н.​Бандарэнка), «Нечаканае ўсхваляванне» (усе 1990), «Летнія ліўні», «Зацішша», «За акном мае вішні» (усе 1994), «Купалле», «Рэха кахання» (серыя; усе 1995); акварэлі «Жамчужны бераг» (1971), «Хрызантэмы» (1975), «Дары сонца», «Сумны бэз» (абедзве 1997) і інш. Пра П. зняты фільм «Безыменная таямніца» (1998; рэж. Ю.​Сцяпанаў). Іл. гл. таксама да арт. Габелен.

Л.​Ф.​Салавей.

Н.Пілюзіна. Навука пра зоркі. 1975.

т. 12, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАГІНЯ́Н Марыэта Сяргееўна (2.4.1888, Масква — 20.3.1982),

армянская і руская пісьменніца. Чл.-кар. АН Арменіі (1950). Герой Сац. Працы (1976). Д-р філал. н. (1945). Скончыла Вышэйшыя жан. курсы ў Маскве (1911). Друкавалася з 1903. Выдала зб-кі вершаў «Першыя сустрэчы» (1909), «Orientalia» (1913), раманы «Свой лёс» (1918, поўнае выд. 1923), «Прыгоды дамы са свецкіх колаў» (1923), аповесць «Перамена» (1922—23) пра інтэлігенцыю, аповесць «Уваскрэсенне з мёртвых» (1964) пра чэш. кампазітара І.​Мыслівечака. Аўтар тэтралогіі пра У.​І.​Леніна («Сям’я Ульянавых», 1938, 1957; «Першая Усерасійская», 1965; «Білет па гісторыі», 1969; «Чатыры ўрокі ў Леніна», 1970), трылогіі «Мес-Менд» (1924, аднайм. кінафільм 1926). Пісала нарысы: «Урал у абароне» (1944), «Па дарогах пяцігодкі» (1947), «Падарожжа па Савецкай Арменіі» (1950), «Замежныя пісьмы» (1964); літ.-знаўчыя працы: «Тарас Шаўчэнка» (1941), «Эцюды пра Нізамі» (1947), «Гётэ» (1950); успаміны «Чалавек і час» (1971—78) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1972.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1971—75.

Літ.:

Творчество Мариэтты Шагинян: [Сб. ст.]. Л., 1980;

Скорино Л.И. Мариэтта Шагинян — художник. 2 изд. М., 1981.

М.С.Шагінян.

т. 17, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПСКІ Уладзімір Сцяпанавіч (н. 6.5. 1940, в. Шолкавічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1966). З 1964 працаваў у раённым друку, у апараце ЦК ЛКСМБ. З 1976 адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1978 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкуецца з 1953. Аўтар кніг публіцыстыкі «Дзень за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), нарысаў «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Высокія зоркі» (1981), дакумент. аповесцей «Крутыя вёрсты» (1980, пра Героя Сав. Саюза З.​Тусналобаву-Марчанка), «Урокі Купрэвіча» (1987), «Любі мяне пры ўсякай долі...» (з Б.​Чалым, 1989; пра моладзь, вывезеную ў час Вял. Айч. вайны ў Германію), «Невядомы» (1990; пра нарадавольца І.​Грынявіцкага), зб-каў прозы «Лаўрэнавы працадні» (1984), «Раны» (1987), «Дзень нараджэння» (1988). Пра родную вёску, праблемы выхавання моладзі аповесць «Адпяванне жывых» (1993). Тэма дзяцей-сірот узнята ў дзённіку «Бацькі і дзеці» (1995). Аповесць «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998), створаная на архіўных і дакумент. матэрыялах, расказвае пра карані сем’яў, прозвішчаў, гербаў. Выдаў кнігі аповесцей, апавяданняў, казак (у т. л. казкі-коміксы) для дзяцей «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Якое яно, шчасце?», «Марынчына казка» (абедзве 1977), «Як бог стварыў свет» (1993), «Вясёлая азбука», «Падкідыш» (абедзве 1992; Літ. прэмія імя Я.​Маўра 1993). За аповесць «Загадкавы чалавечак» (1997) Літ. прэмія імя В.​Віткі 1997. Творы для дзяцей адметныя веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю, жывой нар. мовай, дасціпнасцю. Паводле аповесці «Вясёлая азбука» ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі пастаўлены мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» (1996, лібрэта С.​Клімковіч, муз. В.​Войціка). З 1988 прэзідэнт Бел. дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня 1-га Усебел. фестывалю нар. гумару ў Аўцюках Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. (1995). Міжнар. прэмія А.​Швейцара за дабрачынныя справы на карысць дзяцей, заложнікаў чарнобыльскай трагедыі (1998).

Тв.:

Аўцюкоўцы. Мн., 1995;

Пралескі ў небе. Мн., 1997;

Антонік-понік. Мн., 1998.

І.​У.​Саламевіч.

У.С.Ліпскі.

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТРО́Ю»,

гл. «Троя».

т. 1, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РСКІ Пётр Андрэевіч (10.6.1874, в. Валок Харкаўскай вобл., Украіна — ?),

бел. вучоны ў галіне гігіены. Д-р медыцыны (1910). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію ў Пецярбургу (1898). Працаваў ваен. урачом у г. Бабруйск. Навук. працы па вывучэнні сан. стану Бабруйска, пра фіз. развіццё, здароўе насельніцтва Бабруйскага павета. Сфармуляваў прапановы пра паляпшэнне сан. стану, развіццё мед. дапамогі і ўвядзенне сан. нагляду ў Бабруйску.

т. 5, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКАНО́СТ, алканос,

у рускіх і візантыйскіх сярэдневяковых легендах казачная птушка з тварам чалавека. Вобраз Алканоста паходзіць ад стараж.-грэч. міфа пра Алкіёну, жонку фесалійскага цара Кеіка, якая была ператворана багамі ў птушку алкіён (зімародак). Алканост нясе яйкі на беразе мора, апускае іх у мора і робіць яго спакойным на 6 дзён. Той, хто пачуе дзівосныя спевы Алканоста, забывае пра ўсё на свеце.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́СТ,

у грэчаскай міфалогіі сын Агамемнана і Клітэмнестры. Помсцячы за вераломнае забойства бацькі, Арэст забіў маці і яе каханка Эгісфа. За гэта багіні помсты Эрыніі наслалі на Арэста вар’яцтва і праследавалі яго, але ён атрымаў ад Апалона ачышчэнне ад пралітай крыві. Міф пра Арэста адлюстроўвае ўспаміны пра матрыярхат і кроўную помсту, ён стаў сюжэтам трагедый Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і інш.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИЛЛЮСТРА́ЦИЯ»,

часопіс. Выдаваўся ў 1845—49 у Пецярбургу на рус. мове. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, фальклоры, краязнаўстве розных рэгіёнаў Рас. імперыі. Сярод матэрыялаў пра Беларусь «Беларускае вяселле», «Горад Барысаў: (З падарожных нататкаў)», «Горад Барысаў: (Эпізод Бярэзінскай бітвы)» Р.​Друцкага-Падбярэскага і «Некалькі слоў пра мястэчка Гомль» В.​Шабякіна (усе 1848), пераклад «Нарыса паўночнай Беларусі» Я.​Баршчэўскага (1846) і «Узор паэзіі беларусаў» (1848).

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУРА́НТЫ»,

першыя рас. рукапісныя газеты ў 1600—1701. Складаліся ў невял. колькасці ў Пасольскім прыказе для інфармавання цара і Баярскай думы пра падзеі ў замежных краінах (дыпламат. зносіны, ваен. і ўнутрыдзярж. падзеі, копіі мірных дагавораў, прамовы каралёў, звесткі пра рэдкія прыродныя з’явы і інш.). Крыніцамі для іх складання былі замежныя друкаваныя матэрыялы, паведамленні рас. і замежных агентаў. Папярэднік рас. друкаванай газ. «Ведомости».

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)