ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),

аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 1—2), 6. М., 1980—82;

Тахтаджян А.Л. Система магнолиофитов. Л., 1987.

Пакрытанасенныя. Двухдольныя (1—12). Складанакветныя: 1 — нівянік звычайны; 2 — піжма звычайная; 3 — васілёк перысты. Бабовыя: 4 — цэзальпінія Джыліса; 5 — чына лясная; 6 — куравай эспарцэтавы. Казяльцовыя: 7 — боцікі клабучковыя; 8 — сон-трава расчыненая; 9 — пылюшнік водазбіральналісты. Ружавыя: 10 — дуброўка гусіная; 11 — яблыня ягадная; 12 — вятроўнік звычайны. Аднадольныя (13—20). Злакі: 13 — трыснёг звычайны; 14 — купкоўка зборная; 15 — авёс пасяўны; 16 — кукуруза. Архідныя: 17 — дэндробіум высакародны; 18 — катлея Трыяны; 19 — ятрышнік Фукса; 20 — чараўнік двухлісты.

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАМАТАЛОГІЯ

Даследаванні па стаматалогіі на Беларусі пачаліся на адпаведнай кафедры мед. факультэта БДУ (1926), у навукова-практычным ін-це аданталогіі Наркамата аховы здароўя БССР (1928) пад кіраўніцтвам І.​М.​Старобінскага і стаматалагічным ін-це (1940). Больш інтэнсіўна стаматалогія пачала развівацца ў пасляваенны час з адкрыццём адпаведных кафедраў у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (К.​І.​Бердыган) і Мінскім мед. ін-це (Ю.​А.​Мятліцкі). Бердыган і Т.​В.​Фокіна распрацоўвалі метады лячэння траўмаў сківіц, Старобінскі — хірургічнай стаматалогіі, Мятліцкі — аднаўленчай хірургіі сківічна-тваравай вобласці. У 1960-я г. распрацаваны метады процірэцыдыўнай тэрапіі герпетычнага стаматыту, спосабаў лячэння парадантыту і актынамікозу слізістай абалонкі рота (Т.​Ф.​Акалот, Г.​П.​Саснін); шэраг спосабаў пластычных аперацый у дарослых (Г.​У.​Кручынскі) і дзяцей (Э.​М.​Мельнічэнка, Фокіна). У апошнія дзесяцігоддзі прапанавана навукова абгрунтаваная праграма прафілактыкі карыесу з выкарыстаннем фтарыраванай солі, наладжана яе вытворчасць. Распрацавана канцэпцыя ўзаемасувязі стану поласці рота ў дзяцей з інфекцыйнымі і інш. захворваннямі (Мельнічэнка); прапанаваны метады зубапратэзавання на аснове выкарыстання новых пластычных матэрыялаў (Л.​С.​Вялічка). У Мінскім мед. ун-це і Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі працуюць спецыялісты розных кірункаў стаматалогіі: А.​С.​Арцюшкевіч (біямеханіка траўмаў сківіц), Вялічка (артапедычнае лячэнне хвароб перыядонту), Л.​М.​Дзедава (фізіятэрапія ў перыяданталогіі), П.​А.​Леус (прафілактыка карыесу), І.​К.​Луцкая (фізіялогія зуба), С.​А.​Навумовіч (лячэнне зубасківічных анамалій), Т.​М.​Церахава (прафілактыка і лячэнне зубасківічных дэфармацый), А.​П.​Чудакоў (аднаўленчая хірургія сківічна-тваравай вобласці). Шырокую вядомасць атрымалі даследаванні Чудакова па першаснай аўтаастэапластыцы прыроджаных шчылін паднябення ў дзяцей і метады пластычнага аднаўлення вялікіх дэфектаў твару і шыі.

Літ.:

Бердыган К.И. Клиника и лечение повреждений челюстно-лицевой области. Мн., 1961;

Метлицкий Ю.К. Стоматология в Белорусской ССР // Здравоохранение Белоруссии. 1967. №11;

Околот Т.Ф. Хирургическое лечение околокорневой кисты с сохранением зубов. Мн., 1972;

Кручинский Г.В., Филиппенко В.И. Одонтогенный верхнечелюстной синуит. Мн., 1991;

Луцкая И.К., Артюшкевич А.С. Руководство по стоматологии. Ростов н/Д. 2000;

Клиническая периодонтология. Мн., 2002.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 18, кн. 2, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́МПА (франц. pompe),

машына (апарат, прылада) для напорнага перамяшчэння (нагнятання, усмоктвання) вадкасці або мех. сумесі вадкасці з цвёрдымі часцінкамі. Бываюць мех., цеплавыя і электрамагнітныя пампы. П. наз. таксама прыстасаванні для стварэння і падтрымання вакууму (вакуумныя помпы), для перамяшчэння матэрыялаў (бетонапомпы, растворапомпы, грунтавыя П. і інш.). Выкарыстоўваюцца ў нафтаперапрацоўчай і горнай прам-сці, сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі, у гідратэхніцы, цеплаэнергетыцы, машынабудаванні і інш.

Найб. пашыраныя мех. П. падзяляюцца на дынамічныя (у іх вадкае асяроддзе перамяшчаецца пад сілавым уздзеяннем на яго ў камеры, якая пастаянна злучана з уваходам і выхадам П.) і аб’ёмныя (вадкасць перамяшчаецца ў выніку перыяд. змен аб’ёму камеры, што папераменна злучаецца з уваходам і выхадам П.). Дынамічныя П.: лопасцевыя (цэнтрабежныя і восевыя), віхравыя, чарпаковыя, П. трэння — шнэкавыя (у т. л. лабірынтныя), дыскавыя і струменныя помпы (у т. л. гідраэлеватары, інжэктары). Аб’ёмныя П.: ротарныя (у т. л. вінтавыя, шасцерневыя, пласціністыя. радыяльна-поршневыя, аксіяльна-поршневыя помпы), зваротна-паступальныя (поршневыя, плунжэрныя, дыяфрагмавыя) і інш. Звычайна П. разам з рухавіком і перадачай уваходзіць у склад помпавага агрэгата, якія разам з трубаправодамі, рэзервуарамі для вадкасці, засаўкамі і інш. арматурай, кантрольна-вымяральнымі прыладамі складае помпавую ўстаноўку. П. — асн. абсталяванне помпавых станцый рознага прызначэння. Для перамяшчэння газаў звычайна выкарыстоўваюць кампрэсары. Першую П. (поршневую) вынайшаў стараж.-грэч. механік Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.). Вярчальныя П. (ротарныя) апісаны франц. інж. А.​Рамелі ў 1588, ротарныя колаваротныя (правобраз сучасных зубчастых) — І.​Лейрэхонам у 1624. Цэнтрабежная П. прапанавана франц. вучоным Д.​Папенам (1689), віхравая — ням. інж. С.​Хіншам (1920). У Расіі цэнтрабежныя П. пачалі вырабляць з 1880, восевыя ў СССР — з 1932.

На Беларусі цэнтрабежныя П. для розных галін прам-сці і камунальнай гаспадаркі выпускае Бабруйскі машынабуд. з-д, аксіяльна-поршневыя — гомельскі з-д «Гідрапрывод».

У.​М.​Сацута.

Схемы помпаў: а — цэнтрабежнай (1 — рабочае кола, 2 — вадкасць); б — восевай (1 — лопасці рабочага кола, 2 — накіравальны апарат); в — шасцерневай (1 — рабочыя шасцерні, 2 — засцерагальны клапан, 3 — усмоктвальная адтуліна); г — пласціністай (1 — ротар, 2 — пласціна, або шыбер); д — радыяльна-поршневай (1 — ротар, 2 — поршань, 3—4 — поласці ўсмоктвання і нагнятання); е — поршневай (1 — рабочая камера, 2 — поршань, 3 — шток, 4 — шатун, 5 — крывашып, 6 — махавік, К — клапаны); ж — плунжэрнай (1—2 — усмоктвальны і нагнятальны клапаны, 3 — плунжэр); з — дыяфрагмавай (1 — дыяфрагма, 2—3 — нагнятальны і ўсмоктвальны клапаны).

т. 12, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЭ́РЦА,

цэнтральны орган крывяноснай сістэмы чалавека, пазваночных і некат. беспазваночных (членістаногіх, малюскаў), які забяспечвае рытмічнымі скарачэннямі кровазварот. Тыпы С. адрозніваюцца марфалагічна: пульсуючыя сасуды ў кольчатых чарвей, галатурый, насякомых, ланцэтніка; ампулярныя дадатковыя С. (у насякомых, галаваногіх малюскаў, міксін); лімфатычныя С. ў рыб, амфібій, рэптылій; трубчастыя (у большасці членістаногіх, ракападобных, абалоннікаў); камерныя (у малюскаў і пазваночных; двухкамерныя — у рыб; трохкамерныя — у земнаводных; чатырохкамерныя — у кракадзіла, птушак, млекакормячых).

С. чалавека — полы мышачны орган, заключаны ў калясардэчную сумку (перыкард). Размешчана паміж лёгкімі ў міжсценні грудной поласці, мае форму зрэзанага конуса. У дарослага чалавека даўж. С. 10—15 см, сярэдняя маса 250 г у жанчын, 330 г у мужчын. Перагародка падзяляе С. на правую і левую палавіны (правая ў пярэдняй частцы цела, левая — у задняй). Кожная з палавін мае перадсэрдзе (уверсе) і размешчаны пад ім жалудачак. «Шкілет» С. складаецца са шчыльнай валакністай злучальнай тканкі (з участкамі храстковай), утвораны мембраннай перагародкай, фібрознымі трохвугольнікамі і кольцамі. З ім звязаны клапаны сэрца і прымацавана большасць мышачных валокнаў. Сценка С. ўтворана папярочна-паласатай сардэчнай мышачнай тканкай (міякардам), якая звонку абкружана эпікардам, унутры выслана эндакардам. Рух крыві ў адным напрамку забяспечваецца сардэчнымі клапанамі, якія адкрываюцца толькі ў адным напрамку (з перадсэрдзяў у жалудачкі і з жалудачкаў у артэрыі). С. дарослага чалавека скарачаецца 55—70 разоў за мін і пераганяе за гэты час 4,5—5 л крыві. Кожны цыкл сардэчнай дзейнасці складаецца са скарачэння (сістала) перадсэрдзяў, потым жалудачкаў і паўзы (дыястала), у час якой сардэчная поласць напаўняецца крывёю і аднаўляецца скарачальная энергія С. Дзейнасць С. рэгулюецца нейрагумаральнымі механізмамі. Сардэчная мышца валодае аўтаматызмам (можа скарачацца і без удзелу ц. н. с.). С. забяспечваецца крывёю каранарнымі (вянечнымі) артэрыямі, якія ўтвараюць густую капілярную сетку; інервуецца галінкамі блукальнага і сімпатычнага нерваў. Хваробы С. чалавека вывучае кардыялогія.

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Основы сравнительной анатомии позвоночных животных. 4 изд. М., 1947;

Новиков И.И. Сердце и сосуды: Онтогенез и восстановление нейрорегуляторной системы. Мн., 1990;

Ромер А.Ш., Парсонс Т.С. Анатомия позвоночных: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1992.

А.​С.​Леанцюк.

Сэрца чалавека: 1 — правы жалудачак; 2 — правая вянечная артэрыя; 3 — правае вушка; 4 — перыкард (адрэзаны); 5 — верхняя полая вена; 6 — аорта; 7 — плечагалаўны ствол; 8 — левая агульная сонная артэрыя; 9 — лёгачны ствол; 10 — левае вушка; 11 — пярэдняя міжжалудачкавая галіна левай вянечнай артэрыі; 12 — вялікая вена сэрца; 13 — левы жалудачак.

т. 15, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЫ́ МОЗГ,

пярэдні аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў поласці чэрапа; матэрыяльная аснова вышэйшай нервовай дзейнасці, галоўны рэгулятар усіх жыццёвых функцый арганізма і яго ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем.

Філагенетычна галаўны мозг фарміраваўся па шляху ўскладнення будовы і функцый пярэдняга канца нервовай трубкі ў цеснай сувязі з развіццём органаў пачуццяў (гл. ў арт. Цэфалізацыя). У беспазваночных яго ролю выконвае галаўны ганглій, асабліва развіты ў вышэйшых насякомых і малюскаў. Прымітыўны галаўны мозг вылучаецца ў папярэдніка пазваночных — ланцэтніка. У пазваночных жывёл ён ускладняўся з дыферэнцыяцыяй на аддзелы. Сапраўдны галаўны мозг упершыню выявіўся ў кругларотых з падзелам яго на слабадыферэнцыраваны пярэдні мозг (забяспечвае функцыю нюху), сярэдні мозг (уключае вышэйшыя зрокавыя цэнтры), задні мозг (з пачатковай дыферэнцыяцыяй на прадаўгаваты мозг і мазжачок). У рыб інтэнсіўна развіваецца і мазжачок. Выхад пазваночных на сушу абумовіў пераразмеркаванне ролі асобных аддзелаў галаўнога мозга: у земнаводных і рэптылій аб’ёмная доля задняга мозга невялікая, у павялічаным сярэднім мозгу з’яўляюцца адпаведна двух- і чатырохбугор’е; у рэптылій пярэдні мозг дыферэнцыруецца на прамежкавы мозг і 2 паўшар’і канцавога мозга. У птушак развіваюцца глыбокія аддзелы пярэдняга мозга і мазжачок; у млекакормячых — кара вялікіх паўшар’яў (пярэдні і задні мозг дыферэнцыруецца). Антагенетычна галаўны мозг — вытворнае мазгавых пузыроў, поласці якіх развіваюцца ў жалудачкі мозга; эвалюцыйнае ўскладненне будовы галаўнога мозга прасочваецца ў працэсе эмбрыянальнага развіцця жывёл.

У чалавека галаўны мозг дасягнуў найвышэйшай ступені развіцця за кошт павелічэння масы, ускладнення будовы і функцый вял. паўшар’яў, марфал. і функцыян. злучаных пучком нерв. валокнаў — мазолістым целам. Ніжнія аддзелы галаўнога мозга ўтвараюць ствол мозга, які пераходзіць у спінны мозг. Вялікія паўшар’і, падзеленыя глыбокай шчылінай на правае і левае, утвараюць вялікі, або канцавы мозг — аддзел галаўнога мозга, большы за ўсе астатнія. Паверхня яго ў чалавека і буйных жывёл мае звіліны і барозны (у чалавека самыя глыбокія падзяляюць паўшар’і на долі — лобную, цемянную, скроневую, патылічную), у дробных — гладкая. Верхні слой вял. мозга складаецца з шэрага рэчыва (у чалавека таўшчыня слоя 1—5 мм, пераважна нерв. клеткі), ніжэй знаходзіцца белае рэчыва (пераважна нерв. валокны), у тоўшчы якога вылучаюцца падкоркавыя вузлы, або базальныя гангліі (важнейшыя — паласатае цела, бледны шар), утвораныя шэрым рэчывам. У склад усіх структур галаўнога мозга ўваходзіць нейраглія. Да функцыянальна важных утварэнняў галаўнога мозга належаць таламус, гіпаталамус, эпіталамус, лімбічная сістэма і інш. Зверху галаўны мозг пакрыты цвёрдай павуціннай і мяккай мазгавымі абалонкамі, прастора паміж якімі запоўнена цэрэбраспінальнай вадкасцю. Кровазабеспячэнне галаўнога мозга адбываецца праз пазваночныя і ўнутр. сонныя артэрыі. Адзін з асн. прынцыпаў работы галаўнога мозга — безумоўныя і ўмоўныя рэфлексы, якія рэалізуюцца з удзелам экстрапіраміднай сістэмы і піраміднай сістэмы (ёсць толькі ў млекакормячых, найб. развітая ў малпаў і чалавека). Паміж часткамі галаўнога мозга назіраецца двух- і шматбаковая сувязь. Аналіз і сінтэз, перапрацоўка, захоўванне і выдача атрыманай ад рэцэптараў інфармацыі ажыццяўляюцца ў канцавым мозгу (кара вял. паўшар’яў, падкоркавыя структуры). Ацэнка інфармацыі магчыма дзякуючы працэсам памяці. Праз зыходныя ўплывы галаўны мозг кантралюе ўзбуджальнасць рэфлекторных аддзелаў спіннога мозга (гл. Вегетатыўная нервовая сістэма). У кары галаўнога мозга знаходзяцца цэнтры кіравання складанымі рухальнымі актамі, у прадаўгаватым — дыхання, сардэчнай дзейнасці, сасударасшыральны, глытання, жавання, сакрэцыі стрававальных залоз, потавыдзялення, рэгуляцыі мышачнага тонусу, кашлю і інш. Нерв. цэнтры шэрага рэчыва экраннага тыпу працуюць па прынцыпе дывергенцыі, нерв. цэнтры стваловай часткі ядзернага тыпу — па прынцыпе канвергенцыі. Гіпаталамус — вышэйшы цэнтр рэгуляцыі вегетатыўных функцый, месца ўзаемадзеяння нерв. і эндакрыннай сістэм, эпіталамус — цыркадных рытмаў. Нармальная работа галаўнога мозга магчыма пры пэўным узроўні ўзбуджальнасці яго асн. аддзелаў, які падтрымліваецца праз рэтыкулярную фармацыю, сімпатычную нервовую сістэму, мазжачок і спецыфічныя шляхі, што ідуць ад органаў пачуццяў, праз механізмы самарэгуляцыі тонусу кары вял. паўшар’яў. Здольнасць галаўнога мозга перапрацоўваць інфармацыю і ўвасабляць яе ў пэўныя рэакцыі арганізма забяспечвае ўсе віды вышэйшай нерв. дзейнасці, у т. л. мысленне, свядомасць. Функцыі галаўнога мозга могуць парушацца пры шкодных уздзеяннях (мех., фіз., хім., радыяцыйных) на яго ў цэлым або на пэўны ўчастак. Значную ролю ва ўзнікненні паталогіі галаўнога мозга маюць заганы развіцця ці пашкоджанні нерв. сістэмы ў перыяд эмбрыягенезу, расстройствы мазгавога кровазвароту (пры інсультах, атэрасклерозе, гіпертанічнай хваробе, анеўрызмах), запаленчыя працэсы (пры абсцэсах, арахнаідыце, менінгіце, менінгаэнцэфаліце, энцэфаліце), інфекц. і паразітарныя фактары (пры цыстыцэркозе, сіфілісе, эхінакакозе і інш.), чэрапна-мазгавыя траўмы, функцыян. расстройствы, парушэнні працэсаў самарэгуляцыі галаўнога мозга (неўрозы, псіхічныя хваробы і расстройствы) і інш.

Па агульнай сярэдняй масе галаўны мозг дарослага чалавека (прыкладна 1500 г пры аб’ёме каля 1500 см³ і плошчы паверхні 1600—2000 см²) саступае толькі галаўному мозгу слана (каля 5700 т) і кіта (6000—7000 г). Адносная яго сярэдняя маса ў дачыненні да агульнай масы цела, т.зв. паказчык Рагінскага, у галаўнога мозга чалавека найвышэйшая — 32; у дэльфінаў — 16, у сланоў — 10,4, у малпаў — 2—4. Прамой залежнасці паміж памерамі галаўнога мозга і яго здольнасцямі да ажыццяўлення вышэйшай нерв. дзейнасці не ўстаноўлена.

Літ.:

Мозг: Пер. з англ. М., 1984.

Я.​В.​Малашэвіч.

Галаўны мозг. Сагітальны разрэз галаўнога мозга: 1 — лобная доля; 2 — паясная звіліна; 3 — мазолістае цела; 4 — празрыстая перагародка; 5 — скляпенне; 6 — пярэдняя спайка; 7 — зрокавае перакрыжаванне; 8 — падталамічная вобласць; 9 — гіпофіз; 10 — скроневая доля; 11 — мост; 12 — прадаўгаваты мозг; 13 — чацвёрты жалудачак; 14 — мазжачок; 15 — водаправод мозга; 16 — патылічная доля; 17 — чатырохбугор’е; 18 — шышкападобнае цела; 19 — цемянная доля; 20 — таламус.
Паступовае ўскладненне галаўнога мозга ў пазваночных жывёл (від мозга зверху): А — мозг акулы, Б — жабы, В — алігатара; мозг млекакормячых: Г — тупайі, Д — каня, Е — чалавека (від збоку). 1 — нюхальная доля; 2 — нюхальная цыбуліна; 3 — эпіфіз; 4 — трэці жалудачак; 5 — зрокавая доля; 6 — мазжачок; 7 — прадаўгаваты мозг; 8 — прамежкавы мозг; 9 — чацвёрты жалудачак; 10 — вялікія паўшар’і; 11 — звіліна; 12 — баразна.

т. 4, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІРУРГІЯ

Хірургія як форма арганізаванай мед. дапамогі на Беларусі вядома з 1797, калі ва ўрачэбных управах губерняў уведзена пасада ўрача-аператара (правобраз сучаснага гал. хірурга). У 19 — пач. 20 ст. арганізацыяй хірургічнай службы займаліся К.​І.​Гібенталь, К.​І.​Грум-Гржымайла, А.​М.​Долгаў, Л.​А.​Маліноўскі, С.​К.​Свянціцкі. Ураджэнец Магілёўскай губ. Я.​І.​Багданоўскі стаў прафесарам Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. Развіццё навук. хірургіі ў БССР пачалося ў 1920-я г. з адкрыццём кафедраў хірургіі ў Мінскім і Віцебскім мед. ін-тах, ін-це ўдасканалення ўрачоў (цяпер Бел. мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі). На іх базе адкрываліся НДІ хірургічнага профілю. У даваенны час бел. хірургі распрацоўвалі і ўкаранялі ў практыку метады лячэння захворванняў органаў брушной і грудной поласцей, траўматалагічных пашкоджанняў апорна-рухальнага апарату, пытанні арганізацыі пералівання крыві. У гады Вял. Айч. вайны хірургі аказвалі дапамогу ў ваенных і партызанскіх шпіталях. З 1950-х г. укараняліся перадавыя метады лячэння органаў грудной поласці, страўнікава-кішачнага тракту, апёкаў, хірургічнай дапамогі пры вострай страце крыві, уралагічных і анкалагічных захворваннях (Ф.​А.​Андрэеў, У.​В.​Бабук, А.​М.​Болдзін, Ю.​М.​Іргер, Я.​В.​Корчыц, У.​В.​Марзон, С.​М.​Рубашоў, М.​П.​Сакалоўскі). З пач. 1960 г. з хірургіі пачалі вылучацца асобныя яе кірункі (гэты працэс працягваецца і ў наш час), у т. л. анестэзіялогія і рэаніматалогія (І.​І.​Канус, І.​З.​Кляўзунік, У.​У.​Спас), кардыяхірургія (Ю.​П.​Астроўскі, А.​У.​Шот, В.​А.​Янушка). Даследаванні па хірургіі праводзяцца ў мед. ун-тах краіны, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Бел. акадэміі мед. навук. У ліку заснавальнікаў дзіцячай хірургіі У.​А.​Кацько, А.​С.​Мішараў, А.​Н.​Нікіфараў, Б.​І.​Мацкевіч, І.​М.​Стальмашонак; сучаснай хірургіі лёгкіх — У.​У.​Анічкін, П.​М.​Кузюковіч, С.​У.​Панько, М.​Р.​Сачак. З часам вылучыліся хірургія стрававода — Стальмашонак і інш.; язвавай хваробы і дванаццаціперснай кішкі — І.​Б.​Аляшкевіч, М.​І.​Батвінкоў, Ю.​Б.​Мартаў, М.​Ц.​Пятроў, Р.​П.​Рычагоў, М.​М.​Янчур; трансплантацыя органаў і тканак — Ц.​Е.​Гніларыбаў, В.​С.​Пілатовіч, Я.​В.​Саўчанка, С.​І.​Траццяк; хірургічная эндакрыналогія — В.​Р.​Астапенка, А.​А.​Грэйман, Я.​П.​Дзямідчык; ангіяхірургія і флебалогія — І.​М.​Грышын, А.​М.​Саўчанка, І.​Я.​Макшанаў; колапракталогія — А.​У.​Варабей; хірургічная панкрэаталогія, хірургія печані і жоўцевывадных шляхоў — Л.​В.​Аўдзей, П.​В.​Гарэлік, Грышын, М.​В.​Завада, С.​І.​Леановіч, Р.​П.​Шорах; гнойная хірургія — А.​М.​Косінец, Рычагоў, М.​М.​Чур; апёкаў, артапедыі і траўматалогіі — Я.​Д.​Белаенка, І.​Р.​Варановіч, А.​С.​Крук, В.​А.​Маркс, Р.​Х.​Мініна, А.​У.​Руцкі, Б.​Н.​Цыпкін, М.​Н.​Шапіра. Значнае развіццё атрымала нейрахірургія (Ф.​В.​Аляшкевіч, Ж.​І.​Злотнік, А.​Ф.​Смеяновіч і інш.). У сучасную хірургію ўкаранёны тэлескапічныя аперацыі на органах брушной і грудной поласцей (Завада, А.​М.​Лызікаў, С.​С.​Сцебуноў, Шорах). Праводзіцца рэплантацыя канечнасцей і тканак з дапамогай хірургічных мікраскопаў, пашыраецца хірургічная дапамога ва ўмовах паліклінік. Укараненне новых метадаў лячэння ў хірургіі ажыццяўляецца ў асацыяцыі хірургаў. Многія вядомыя хірургі Беларусі адзначаны Дзярж. прэміямі Беларусі (Грышын, А.​У.​Руцкі, М.​Я.​Саўчанка, Смеяновіч і інш.).

Літ.:

Стельмашонок И.М. Очерки развития хирургии в Белоруссии. Мн., 1973;

Гришин И.Н., Савченко А.Н. Клиническая ангиология и ангиохирургия. Мн., 1981;

Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;

Воробей А.В., Гришин И.Н. Реабилитация стомированных больных. Мн., 2003;

Шотт А.В., Леонович С.И., Кондратенко Г.Г. Гастродуоденальные язвенные кровотечения. Мн., 2003.

І.​М.​Грышын.

т. 18, кн. 2, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТОРЫЯ АХОВЫ ЗДАРОЎЯ НА БЕЛАРУСІ.

З часоў глыбокай старажытнасці чалавек эмпірычна набываў вопыт па ахове здароўя, у т. л. агульнагігіенічныя веды і навыкі мед. дапамогі. Народная медыцына, што спрадвеку існавала на Беларусі, апрача загавораў і інш. магічных дзеянняў выкарыстоўвала для лячэння хвароб розныя травы, карані, сродкі жывёльнага і мінеральнага паходжання, водныя, сонечныя і паветраныя працэдуры. Лячэбную дапамогу аказвалі кастаправы, бабкі-павітухі і інш. З 10—12 ст. нар. медыцына ўзбагачалася вопытам антычнай і арабскай медыцыны, ведамі з суседніх дзяржаў. Апрача традыцыйных знахароў, ведуноў, валхвоў, у Полацку, Тураве, Пінску і інш. гарадах паявіліся лекары-манахі, пры манастырах — шпіталі. У часы пашырэння эпідэмічных хвароб наладжваліся заставы-каранціны. У 14—16 ст. у гарадах Беларусі ўводзілі санітарны нагляд, выкарыстоўвалі сродкі дэзінфекцыі (камфара, воцат, сера і інш.), будавалі лазні, масцілі вуліцы, паляпшалі водазабеспячэнне. Хірургічную дапамогу насельніцтву аказвалі цырульнікі, лабезнікі і інш. Напр., у 15—18 ст. у Брэсце было 28—32 цырульнікі, у Слоніме і Слуцку — па 5—7; у Вільні, Брэсце, Мінску, Полацку, Гродне яны аб’ядноўваліся ў цэхі. Развівалася шпітальная справа (напр., у 1495—1508 у Брэсце існавалі 4 шпіталі). Звычайна шпіталі адкрывалі магістраты, феадалы, манастыры, з 17 ст. яны пераважна існавалі пры касцёлах. Звесткі пра дзейнасць аптэк на Беларусі вядомы з 1550; з пач. 17 ст. аптэкі працавалі ў Слоніме, Гродне, Пінску, Глыбокім, пазней — у Заслаўі (1669), Ружанах (1687), Нясвіжы (1688), Навагрудку (1721) і інш. Пры дварах буйных магнатаў працавалі дактары медыцыны (Ф.​Скарына, 1512; Цынгер, 1667—70; А.​Аспеўскі, 1684). Дыпламаваныя дактары працавалі ў гарадах і паветах: Андрэй (Кобрынскі павет, 1546), М.​Кракоўскі, Ф.​Любельскі, Л.​Слуцкі (Слуцк, 1580), М.​Броцкі (Полацк, 1668), С.​Л.​Бізіо (Нясвіж, 1768—72), Ж.​Э.​Жылібер (Гродна, 18 ст.) і інш. У працах бел. асветнікаў С.​Буднага, Л.​Зізанія (16 ст.), Сімяона Полацкага (17 ст.) выказаны погляды аб пазнанні ў галіне медыцыны і спосабах лячэння асобных хвароб. Ф.​Скарына ў сваіх кнігах таксама закранаў мед. тэмы. У 1525—1625 у Вял. княстве Літоўскім надрукавана 5 кніг па медыцыне. У 1775 у Гродне арганізавана першая на тэр. ВКЛ мед. акадэмія (у 1781 пераведзена ў Вільню), з 1792 у Гродне выдаваўся штотыднёвы мед. часопіс «Pismo tygodniowe medyczne».

Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў Магілёўскай і Полацкай губ. у 1781, у Віцебску і Мінску ў 1796 утвораны прыказы грамадскай апекі, якія адкрывалі і ўтрымлівалі бальніцы, сіроцкія дамы, шпіталі, лазарэты. У 19 ст. ўведзены пасады павятовых урачоў, павялічылася колькасць аптэк. У 1869 на тэр. Беларусі функцыянавала 15 казённых і 70 ваен. аптэк. З пач. 1870-х г. для барацьбы з эпідэміямі ствараліся пастаянныя санітарныя камісіі і камітэты (у Мінску з 1891), таварыствы барацьбы з заразнымі хваробамі (у Мінску з 1897), губернскія і павятовыя ўрачэбна-санітарныя саветы (з 1908), губернскія медыка-санітарныя бюро (з 1909). З 1860-х г. у губернскіх гарадах пачалі арганізоўвацца навук. ўрачэбныя таварыствы: Гродна (1859), Магілёў (1862), Мінск (1862), Віцебск (1874), Бабруйск (1902), Брэст (1903), Гомель (1910). Першыя з’езды ўрачоў адбыліся ў Гродзенскай (1892), Віцебскай (1899), Мінскай (1908, 1911, 1914), Магілёўскай (1907) губернях. У 2-й пал. 19 ст. адкрываліся ведамасныя, дабрачынныя і прыватныя мед. ўстановы, лячэбніцы Чырв. Крыжа. Ствараліся і ведамасныя ўстановы пры прадпрыемствах (напр., у 1865 адкрыта бальніца пры Слонімскай суконнай фабрыцы). Пры фабрыках пачалі адкрывацца прыёмныя пакоі на 1—2 ложкі, дзе працавалі ўрачы, фельчары (Гродна, 1900), фабрычныя амбулаторыі (Мінск, 1903). У 1903 і 1910 у Мінску адкрыты першыя дзіцячыя мед. ўстановы. У 1913 на Беларусі было 297 аптэк (на 1 аптэку прыпадала ад 26 да 40 тыс. жыхароў у гарадах і ад 50 да 70 тыс. на вёсцы). З увядзеннем у 1911 у зах. губернях земстваў на Беларусі пачалі стварацца земскія павятовыя ўчасткі. Земствамі адкрыты бальніцы ў Добрушы, Смаргоні, Слоніме. У 1912 прыняты закон аб страхаванні рабочых, ствараліся бальнічныя касы. У 1913 у бальніцах усіх ведамстваў (за выключэннем ваеннага і турэмнага) налічваўся 5141 ложак.

Да 1914 на Беларусі працавала 877 урачоў, на аднаго ўрача ў гарадах прыпадала ад 1600 (Віленская губ.) да 2800 (Віцебская) жыхароў; у паветах — ад 19 600 (Гродзенская губ.) да 32 900 (Магілёўская). Цэнтрамі падрыхтоўкі ўрачоў былі Віленская вышэйшая мед. школа і Пецярбургская медыка-хірургічная акадэмія. Павітух рыхтавалі Віленская мед. школа, Пецярбургскі і Маскоўскі інстытуты павітух. Індывідуальную падрыхтоўку фельчараў праводзілі ў бальніцах прыказаў грамадскай апекі. Спецыялістаў з сярэдняй мед. адукацыяй рыхтавалі ў асноўным на тэр. Беларусі: школы павітух у Магілёве, Гродне, Вільні, школы фельчараў у Магілёве, Віцебску. Сясцёр міласэрнасці з 1890 рыхтавалі ў Мінску; у 1904 у Мінску адкрылася школа павітух, у 1907 — зубаўрачэбная, у 1908 — прыватная фельчарска-акушэрская школы. Навук. мед. дзейнасць абмяжоўвалася апісаннем медыка-тапаграфічных характарыстык гарадоў, іх сан. стану, захваральнасці насельніцтва, школьнай гігіены, прафілактыкі захворванняў, вывучэннем шляхоў распаўсюджвання інфекцый (халеры, дыфтэрыі і інш.), паталогіі цяжарнасці і пасляродавых ускладненняў, туберкулёзу і інш. актуальных на той час кірункаў практычнай медыцыны. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі працавалі высокакваліфікаваныя ўрачы М.​П.​Айзенштат, Э.​Э.​Асмут, Ф.​А.​Банчкоўскі, Ч.​Л.​Грабавецкі, А.​М.​Долгаў, Л.​С.​Каган, Б.​А.​Кадыгробаў, Я.​У.​Клумаў, Ф.​К.​Кодзіс, С.​А.​Ліпінскі, О.​В.​Федаровіч, Р.​К.​Яноўскі і інш. У 1-ю сусв. вайну шэраг мед. устаноў скараціўся; у вялікіх гарадах яны былі ператвораны ў лазарэты і шпіталі. Большасць урачоў і фельчараў мабілізавана ў армію, санітарныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы ажыццяўляліся ў адпаведнасці з ваен. патрэбамі. У ходзе вайны санітарны стан значна пагоршыўся, рэгістраваліся вялікія ўспышкі інфекцыйных хвароб (напр., халеры, тыфу). У 1917 адбыліся з’езды ўрачоў Віцебскай, Мінскай (май), Магілёўскай (чэрвень) губерняў. Пасля вызвалення Беларусі ад германскіх акупацыйных войск (восень 1918—вясна 1919) і ад польскіх інтэрвентаў (сярэдзіна 1920) мед. дапамога паступова набывала дзярж. характар. З часу стварэння Беларускай ССР (1.1.1919) медыка-санітарнай справай кіраваў Камісарыят аховы здароўя (камісар І.​І.​Пузыроў). У лютым 1919 створаны Савет аховы дзяцей. У 1919 прыняты дэкрэты: аб нацыяналізацыі аптэк (29 студзеня), мед. устаноў (12 лютага), зубаўрачэбных матэрыялаў і сродкаў (18 лютага), аб барацьбе з сыпным тыфам (21 лютага), аб абавязковым воспапрышчэпліванні (13 чэрвеня). Ствараліся санітарна-проціэпідэмічныя камісіі (Мінск, 1921), ізаляцыйныя прапускныя пункты і проціэпідэмічныя атрады (1921—22), якія праводзілі проціэпідэмічныя мерапрыемствы. У 1921 заснаваны Віцебскі санітарна-бактэрыялагічны інстытут, адкрыты дамы санітарнай асветы ў Гомелі (1920), Віцебску, Мінску (1921), Магілёве (1922), санітарная станцыя ў Гомелі (1922). З 1922 у БССР адменена плата за мед. паслугі на сельскіх участках, для чырвонаармейцаў і іх сем’яў, беспрацоўных, членаў прафсаюзаў, бяднейшага насельніцтва па даведках сац. забеспячэння; бясплатным стала лячэнне інфекцыйных, венерычных, псіхічных захворванняў. Адкрыты процітуберкулёзны санаторый (1920, Сасноўка), у Мінску — процітуберкулёзны (1921) і венералагічны (1923) дыспансеры, бальніцы ў Гомелі (1920) і Мінску (1924). У 1920-я г. функцыянавалі дамы адпачынку, прафілактычныя ўстановы па ахове мацярынства і дзяцінства, яслі; у Гомелі адкрыты радзільны дом (1925). У 1927 дзейнічала 19 дзіцячых кансультацый, 15 кансультацый для цяжарных, 73 дзіцячыя дамы. З 1926 перад паступленнем дзяцей у школу дыспансеры праводзілі мед. агляды.

У перыяд нэпа існаваў дэцэнтралізаваны прынцып фінансавання аховы здароўя на аснове выкарыстання мясц. бюджэту, страхавых узносаў, платы за лячэнне і лякарствы, ахвяраванняў і сродкаў грамадскіх арганізацый. За кошт страхавога фонду забяспечвалася да 3% фінансавання аховы здароўя. У 1925—26 страхавы фонд складаў 46%, у 1926—27—44% бюджэту Наркамата аховы здароўя БССР. У 1924 створаны акруговыя ўрачэбна-кантрольныя камісіі, якія займаліся пытаннямі сацыяльна-працоўнай экспертызы застрахаваных, мерапрыемствамі па ахове працы і вывучэнні прафес. захворванняў. З 1926 у Мінску функцыянавалі клініка прафес. захворванняў і кабінеты па барацьбе з прафшкоднасцямі. Бел. таварыства Чырв. Крыжа на ўласныя сродкі ўтрымлівала мед. ўстановы, вяло барацьбу з сац. хваробамі, займалася аздараўленнем дзяцей і інш. У 1927 яно адкрыла школу мед. сясцёр, у 1928 аб’явіла збор сродкаў на санітарны самалёт. У 1924 дзейнічалі 43 гарадскія гаспадарча-разліковыя, 72 сельскія арандаваныя аптэкі. Усяго ў рэспубліцы ў 1928 было 158 аптэк. У 1926—28 арганізаваны 4 пастаянныя і перасовачныя венералагічныя пункты, 2 сельскія туберкулёзныя дыспансеры, вочны дыспансер па барацьбе з трахомай. У 1926 набыты першы сан. аўтамабіль.

Адкрыліся НДІ: Мінскі Пастэраўскі (1924), Бел. санітарна-бактэрыялагічны (1926), Бел. туберкулёзу (1928) і інш. На рус. і бел. мовах выдаваліся часопісы «Беларуская медыцынская думка» (1924—29) і «Бюлетэнь Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа» (1926—29). Працавалі мед. таварыствы ў Мінску (з 1922), Гомелі (1923), Магілёве (1925), Віцебску (1926). Праводзіліся з’езды ўрачоў: зубных (1928), отарыналарынголагаў (1928), хірургаў і акушэраў-гінеколагаў (1929). У 1930-я г. зацвердзілася адзіная дзярж. медыцына. СНК БССР прыняў шэраг пастаноў, у т. л. аб мед. дапамозе, стане аховы здароўя і падрыхтоўцы мед. кадраў. Адкрываліся пункты першай мед. дапамогі на прадпрыемствах, МТС, торфараспрацоўках, гар. амбулаторыі (у 1940 іх было 295). Уведзены ўчастковы прынцып мед. абслугоўвання (1938), спецыялізаваная амбулаторная дапамога (1940), брыгадныя формы працы (1941). У Мінску адкрыты анкалагічны (1939) і рэўматалагічны (1938) дыспансеры; павялічвалася колькасць гар. зубаўрачэбных кабінетаў (у 1930 іх было 120, у 1938—233), арганізавана сан. авіяцыя (Мінск, 1935). Колькасць станцый хуткай дапамогі павялічылася з 10 у 1934 да 89 у 1940, колькасць бальніц з 157 на 6344 ложкі (1930) да 450 на 22 633 ложкі (1940). Адкрыты Барысаўскі санаторый з электралячэбніцай (1934), Бабруйская курортная лячэбніца з бальнеалагічным аддзяленнем (1936). У 1939 у БССР было 299 аптэк, 218 аптэчных пунктаў, 7 аптэчных складоў. У 1934 зацверджана Палажэнне аб дзярж. сан. інспекцыі, у 1941 пачаўся грамадскі рух за сан. культуру і добраўпарадкаванне. У 1940 на Беларусі было 12 жаночых кансультацый у гарадах, 1 — на вёсцы, дзіцячых — адпаведна 40 і 6, дзіцяча-жаночых — 64 і 25; дзіцячых дыспансераў 17, дзіцячых бальніц 14, дзіцячых санаторыяў 12.

У 1940 на Беларусі дзейнічала 35 мед. школ: 23 па падрыхтоўцы мед. сясцёр, 4 — фельчараў-акушэраў, 2 — фельчараў, 3 — фармацэўтаў, 2 — медлабарантаў, зубаўрачэбная школа. Забеспячэнне сярэднім мед. персаналам складала 17,3 на 10 тыс. насельніцтва. Мед. факультэт БДУ у 1930 пераўтвораны ў Мінскі мед. інстытут. Адкрыты інстытуты: аховы мацярынства і дзяцінства (Мінск, 1931), Бел. ўдасканалення ўрачоў, скурна-венералагічны, пералівання крыві і гематалогіі (Мінск, 1932). У Віцебску ў 1934 арганізавана бальніца-інстытут (у 1938 пераўтворана ў інстытут). У пач. 1941 упершыню 25 урачоў атрымалі званне «Заслужаны ўрач БССР». З 1940 працавала рэсп. навук. мед. бібліятэка, адзінае Усебел. мед. таварыства. Вясной 1941 пачалася арганізацыя Інстытута тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН Беларусі. У 1938—41 выдаваўся «Медыцынскі часопіс БССР». З 1939 Бел. таварыства Чырвонага Крыжа праводзіла падрыхтоўку медсясцёр запасу, удзельнічала ў санітарным забеспячэнні ваенных устаноў, арганізацыі сан. цягнікоў і інш.

Па-іншаму вялося мед. абслугоўванне насельніцтва Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы. У пач. 1920-х г. створаны Вярхоўны Надзвычайны камісарыят па барацьбе з эпідэміямі, арганізаваны пункты прышчэплівання і дэзінфекцыі, эпідэмічныя бальніцы, пазней пераўтвораныя ў дзяржаўныя. Напр., у Навагрудскім ваяводстве было 16, у Палескім — 20 бальніц. З 1920 уведзена абавязковае мед. страхаванне. З 1921 пры ваяводскіх упраўленнях існавалі аддзелы грамадскага здароўя, пры павятовых староствах — пасады павятовых урачоў. Аптэчная справа была прыватнай, існавалі таксама ведамасныя і сельскія аптэкі, аптэчныя пункты. Каля 85% сродкаў, прадугледжаных на ахову здароўя, ішло на папярэджанне захворванняў. Вялася барацьба з сац. хваробамі (трахома, туберкулёз, венерычныя хваробы). Першасную мед. дапамогу аказвалі ў амбулаторыях і пры бальніцах. Сельская медыцына захавала земскую сістэму арганізацыі мед. дапамогі (гарадскія, павятовыя, сеймікавыя бальніцы мясц. самакіравання). У 1928 у грамадскіх бальніцах уведзены прынцыпы самаакупнасці за кошт аплаты лячэння. У 1932 сфарміраваны аддзелы працы, апекі і здароўя пры ваяводскіх упраўленнях на чале з урачом. Фінансаванне аховы здароўя ажыццяўлялася за кошт тэр. самакіравання (52,2%), грамадскіх арганізацый (37,3%), дзярж. бюджэту (10,5%). З 1936 існаваў інстытут сямейнага ўрача. Пасля ўваходжання Зах. Беларусі ў склад БССР (17.9.1939) пачала фарміравацца дзярж. сістэма аховы здароўя (бясплатная і агульнадаступная мед. дапамога). У 2 разы павялічылася колькасць амбулаторных устаноў, у 3,8 — бальнічных. На працягу 1940 колькасць урачоў павялічылася ўдвая, працавалі 6 процітыфозных і 4 процітрахомныя атрады, процімалярыйныя экспедыцыі; арганізавана 18 міжраённых, 29 раённых санітарна-эпідэміялагічных станцый, 2 дамы і 2 пункты сан. асветы. У 1940 у зах. абласцях БССР былі 10 404 бальнічныя ложкі, 375 паліклінік і ўрачэбных амбулаторый, 75 жаночых і дзіцячых кансультацый, 1464 урачы. У пач. 1941 у Гродне і Пінску адкрыты фельчарска-акушэрскія, у Баранавічах, Слоніме, Беластоку — медсястрынскія школы. Усяго на Беларусі ў пач. 1941 дзейнічала 514 бальнічных устаноў на 29 628 ложкаў, 5214 урачоў усіх спецыяльнасцей (5,7 на 10 тыс. насельніцтва).

У пач. Вял. Айч. вайны на тэр. Беларусі было разгорнута 20 эвакашпіталяў, дзейнічала 40 сан. дружын, арганізаваны 24 эвакапункты па прыёме і эвакуацыі мірнага насельніцтва. Пры паліклініках ствараліся пункты першай мед. дапамогі. На акупіраванай тэрыторыі дзейнічалі адм. мед. органы і лячэбныя ўстановы, але сетка іх скарацілася, пагоршылася матэрыяльна-тэхнічная база, мед. дапамога была платная. Адзначаліся масавыя ўспышкі сыпнога і брушнога тыфу, дызентэрыі і інш. інфекцый. Санітарна-проціэпідэмічныя мерапрыемствы мелі абмежаваны характар. На акупіраванай тэрыторыі праводзілася падрыхтоўка сярэдняга мед. персаналу (Баранавічы, 1942—43; Мінск, 1943). Урачы выконвалі свае прафес. абавязкі, а таксама займаліся падпольна-патрыятычнай дзейнасцю: аказвалі амбулаторную і шпітальную дапамогу партызанам, перадавалі ім медыкаменты, перавязачныя матэрыялы, мед. інструментарый (напр., падп. група мед. работнікаў Я.​У.​Клумава ў Мінску). Сярод удзельнікаў антыфаш. падп. руху было 267 урачоў і студэнтаў мед. інстытутаў, 116 мед. сясцёр, акушэрак, навучэнцаў мед. школ, 42 фармацэўты, аптэчныя работнікі, 28 фельчараў і інш.

Для мед. забеспячэння партыз. фарміраванняў у першы перыяд вайны (жнівень 1941—сакавік 1943) спарадычна ствараліся сан. часці і шпіталі. У 2-й пал. 1942—43 ствараліся органы кіравання медыка-санітарнай службай партыз. фарміраванняў. Бел. штаб партыз. руху (БШПР) і яго санітарны аддзел (нач. І.​А.​Інсараў) адшуквалі ўрачоў з Беларусі, эвакуіраваных у сав. тыл, і накіроўвалі іх і інш. мед. работнікаў у партыз. атрады; праводзілася таксама дадатковае абучэнне персаналу. Пазней пры Цэнтр. і Бел. штабах партыз. руху заснаваны санітарныя аддзелы, якія аказвалі мед. дапамогу бел. партызанам. На момант злучэння з арміяй (1944) у складзе партыз. фарміраванняў рэспублікі было 580 урачоў, 2133 сярэднія мед. работнікі. На адну партыз. брыгаду прыпадала 2,7 урача і 10 сярэдніх мед. работнікаў, на 1 партыз. атрад — менш як 1 урач і 1 мед. работнік. Партыз. ўрачы праводзілі хірургічныя аперацыі, аказвалі дапамогу параненым і хворым. Паводле звестак БШПР, 78,4% параненых і 99,5% хворых партызан вярталіся ў строй. У партыз. атрадах ажыццяўляўся мед. нагляд за асабовым саставам, за выбарам месцаў размяшчэння, водазабеспячэннем і інш., пры неабходнасці накладаўся каранцін. Вялася санітарна-асветная работа.

Мед. служба партыз. атрадаў аказвала медыка-санітарную дапамогу мясц. насельніцтву партыз. зон, праводзіліся прафілактычныя і санітарна-гігіенічныя мерапрыемствы. У партыз. брыгадах арганізоўваліся шпіталі (на 15—20 ложкаў, а ў злучэннях — да 100 ложкаў). Праводзіліся проціэпідэмічныя мерапрыемствы, цяжка параненых эвакуіравалі самалётамі ў шпіталі і спецыялізаваныя ўстановы ў сав. тыле. Для прыёму мясц. насельніцтва партыз. зон арганізоўваліся бальніцы і мед. пункты. За ўвесь перыяд партыз. руху мед. дапамога аказана 135 тыс. чал. цывільнага насельніцтва (на іх прыпадала 15—20% усіх амбулаторных наведванняў у партыз. лячэбныя ўстановы). Начальнікі санітарнай службы партыз. злучэнняў: С.​М.​Швец (Мінскага), М.​М.​Герасіменка (Беластоцкага), М.​П.​Кніга (Магілёўскага), М.​І.​Варановіч (Пінскага), В.​П.​Лапцейка (Палескага); начальнікі санітарнай службы брыгад: Р.​П.​Арцем’ева, П.​П.​Гуськоў, І.​Л.​Друян, Н.​А.​Жураўская, В.​У.​Забродскі, М.​С.​Завадская, С.​Т.​Ільін, І.​Б.​Кардаш, Р.​А.​Краснапёрка, І.​К.​Крук, М.​Л.​Лагуцін, М.​М.​Мшыхін, М.​В.​Паўлавец, Дз.​С.​Рыдлеўскі, Я.​С.​Сает, Ф.​С.​Сальнікаў, Р.​А.​Сырнікаў, К.​П.​Чэпік і інш. У барацьбе з ворагам загінулі 350 мед. работнікаў-партызан. 12—14.5.1945 у Мінску адбыўся з’езд урачоў-партызан Беларусі.

За час нямецка-фаш. акупацыі ўстановы і прадпрыемствы аховы здароўя Беларусі панеслі цяжкія страты, якія склалі 610,6 млн. руб.; цалкам было разбурана 1377, пашкоджана 810 будынкаў амбулаторый і бальніц, загінула больш за 2 тыс. мед. работнікаў. У выніку распаўсюджвання эпідэмічных хвароб у 1944 прыняты пастановы аб мерапрыемствах па прафілактыцы сыпнога тыфу, па барацьбе са скурна-венералагічнымі захворваннямі і інш. Дзейнічала надзвычайная проціэпідэмічная камісія. У 1947 адкрыліся першыя медыка-санітарныя часці, з 1950 адкрываліся ўрачэбна-фізкультурныя дыспансеры, з 1951 уводзіўся ўчасткова-цэхавы прынцып абслугоўвання рабочых. Адкрываліся спецыялізаваныя стацыянарныя аддзяленні (нейрахірургічнае, уралагічнае, дзіцячай хірургіі, траўматалагічнае ў Мінску, 1950-я г.), стаматалагічныя паліклінікі (1953). Да 1950 у параўнанні з 1940 захваральнасць на брушны і сыпны тыф знізілася у 4, дызентэрыю ў 10, ганарэю і сіфіліс у 5 разоў. Да 1950 сетка мед. устаноў і кадравы патэнцыял сістэмы аховы здароўя аднавіліся. Наркамат (у 1946 пераўтвораны ў Міністэрства) аховы здароўя ўключаў 15 упраўленняў і аддзелаў. У 1948—51 праведзена аб’яднанне бальніц і паліклінік, у гарадах зацверджаны ўчасткова-тэр. прынцып мед. абслугоўвання (тэрапеўтычныя, педыятрычныя ўчасткі). Паляпшалася кадравае забеспячэнне медыкамі ў сельскай мясцовасці, дзе адкрывалі новыя мед. ўстановы (з 1952 укаранёны дыспансерны метад). Пашыралася сетка падрыхтоўкі мед. работнікаў: у 1958 адкрыты Гродзенскі, у 1990 Гомельскі мед. інстытуты. Паслядыпломную падрыхтоўку ажыццяўляў Бел. інстытут удасканалення ўрачоў, у 1955 дзейнічала 21 мед. вучылішча, курсы павышэння кваліфікацыі мед. вучылішчаў (Бабруйск, 1956; Пінск, 1959; Мінск, 1979). На працягу 1945—65 пабудавана 19 гарадскіх і абласных, 64 раённыя, 5 дзіцячых, 7 інфекцыйных, 7 туберкулёзных і псіхіятрычных бальніц, 13 радзільных дамоў. У 1969 адкрыты цэнтр дзіцячай хірургіі ў Мінску. У 1960-я г. праведзена ўзбуйненне раённых бальніц (забеспячэнне ложкамі павялічылася да 200—300), яны атрымалі статус цэнтр. раённых бальніц з правам кіравання ўстановамі аховы здароўя раёна. Абласныя бальніцы сталі цэнтрамі спецыялізаванай урачэбнай дапамогі.

З 1950-х г. пачаў афармляцца прынцып удзелу грамадскасці ў вырашэнні задач аховы здароўя: саветы садзеяння мед. установам (1957), рух за санітарную культуру і добраўпарадкаванне (1957), канферэнцыі санітарнага актыву (1958), школы здароўя, акцыі медыка-генетычнай асветы да Сусв. дня здароўя. Вялася прафілактыка супраць поліяміэліту, дзіцячых інфекцый, гепатыту, менінгіту, воспы; адкрываліся інфекцыйныя кабінеты. Процітуберкулёзныя мерапрыемствы, вакцынацыя нованароджаных, хіміяпрафілактыка, туберкуліндыягностыка, санаторнае лячэнне і інш. спрыялі зніжэнню захваральнасці на туберкулёз (136,6 на 100 тыс. насельніцтва ў 1960, 29,8 — у 1990). Вял. ролю ў гэтым адыграў НДІ туберкулёзу (з 1988 НДІ фтызіятрыі і пульманалогіі) і рэсп. навукова-практычнае аб’яднанне «Фтызіятрыя» (1988).

У канцы 1950-х г. аптэчная і санітарна-гасп. службы аб’яднаны, у 1964 арганізавана рэсп. аб’яднанне «Медтэхніка» (з 1988 навукова-практычнае аб’яднанне). Абласныя аптэчныя ўпраўленні, якія з 1964 падпарадкоўваліся абл. аддзелам аховы здароўя, з 1972 сталі самастойнымі. У 1988 створана НВА «Фармацыя». Пашыралася рэсп. фармацэўтычная прамысловасць (напр., у 1964 у Барысаве адкрыта фармацэўтычная фабрыка). З 1960-х г. у раённых цэнтрах адкрываліся цэнтр. аптэкі, што паляпшала даступнасць аптэчных устаноў. У 1980-х г. бальнічныя аптэкі ўзбуйняліся і пераводзіліся з бюджэту на гасп. разлік.

Паводле пастановы Савета Міністраў ад 26.12.1961 пачалося фарміраванне адзінай службы хуткай і неадкладнай мед. дапамогі, ствараліся спецыялізаваныя ўрачэбныя брыгады (кардыялагічныя, траўматалагічныя, рэанімацыйныя, неўралагічныя і інш.). За 1960—85 колькасць станцый хуткай і неадкладнай мед. дапамогі павялічылася з 10 да 202. У выніку рэалізацыі прынцыпу пераважнага мед. абслугоўвання працуючых, створаны профпаталагічныя (1961), алергалагічная (1970) службы; сфарміравана цэхавая служба (у 1960 было 50, у 1985—570 цэхавых участкаў), прафілактычнымі аглядамі ахоплена 98,8% працуючых. У 1985 дзейнічала 98 санаторыяў-прафілакторыяў, 235 дыетсталовых.

Развівалася донарства, служба пералівання крыві, адкрываліся станцыі пералівання крыві (у 1975 іх было 17, у 1990—20), гематалагічныя аддзяленні. З 1982 у Бел. НДІ пералівання крыві і гематалогіі адкрыты цэнтры імуналагічнага тыпавання органаў і тканак і інш. Развівалася сетка профільных стаматалагічных кабінетаў і паліклінік (у 1960 іх было адпаведна 990 і 16, у 1990—1001 і 64), да 1990 санацыяй поласці рота ахоплена 80% дзяцей. Пашыралася платная стаматалагічная дапамога (у 1988 было 70 стаматалагічных кааператываў). У 1980-х г. ствараліся дзённыя стацыянары і аддзяленні прафілактыкі ў паліклініках, паэтапна ўводзілася ўсеагульная дыспансерызацыя (з 1983), пашыраўся ахоп дыспансерным назіраннем, адкрываліся дыягнастычныя цэнтры (напр., у Мінску, 1989). Пастаянна павялічваліся дзярж. асігнаванні на ахову здароўя (1960—134,4; 1970—293,4; 1980—498,2; 1990—1075,8 млн. руб.). Да фінансавання аховы здароўя прыцягваліся сродкі калгасаў і саўгасаў, прамысл. прадпрыемстваў, камуністычных суботнікаў. У канцы 1980-х г. у ахову здароўя ўкаранёны гасп. разлік.

З 1960-х г. фарміраваліся і спецыялізаваныя мед. службы (кардыярэўматалагічная, кардыяхірургічная, аддзяленні для хворых на інфаркт міякарда і інш.). У канцы 1970 — пач. 80-х г. хворых, якія перанеслі інфаркт міякарда, пасля бальніцы сталі адразу накіроўваць для рэабілітацыі ў санаторыі («Крыніца», «Лётцы», «Буг»), У 1977 заснаваны Бел. НДІ кардыялогіі. Створаны рэсп. цэнтр сардэчна-сасудзістай хірургіі (1980), кардыялагічныя дыспансеры (Магілёў, 1981; Гродна, 1984). З 1970-х г. процівалляковыя дыспансеры пераўтвараліся ў эндакрыналагічныя. У 1979 адкрыты першы наркалагічны дыспансер (Магілёў), да 1990 іх было на Беларусі 17.

Развівалася анкалагічная служба: у 1960 адкрыты Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі. Калі ў 1961 працавалі 74 урачы-анколагі, то ў 1987 іх было 266. Ва ўсіх анкалагічных дыспансерах да 1970 адкрыты патагісталагічныя, цыталагічныя, біяхімічныя лабараторыі, эндаскапічныя і інш. кабінеты. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1987 адкрыты рэсп. дзіцячы спецыялізаваны дыспансер (у 1988 пераўтвораны ў паліклінічнае аддзяленне НДІ радыяцыйнай медыцыны ў Мінску). Філіялы НДІ радыяцыйнай медыцыны адкрыты ў Гомелі (1989) і Магілёве (1990), з 2003 інстытут размяшчаецца ў Гомелі. Арганізавана таксама НВА «Радыяцыйная медыцына» пры Мін-ве аховы здароўя.

Пашырылася сетка траўматалагічных устаноў і аддзяленняў, адкрыты спецыялізаваныя школы-інтэрнаты (1968), арганізаваны цэнтр спінальнай траўмы (1987, Мінск) і інш. Фарміраваліся спецыялізаваныя ўрачэбна-працоўныя экспертныя камісіі (першыя ў 1971), аддзяленні аднаўленчага лячэння і мед. рэабілітацыі (1980-я г.).

У складзе АН БССР створаны інстытуты: мікрабіялогіі (1975), біяхіміі (1985), радыебіялогіі (1987). Укаранёны ў практыку навуковыя дасягненні: у 1976 — 18 вынаходстваў і 667 рацпрапаноў, у 1985 адпаведна 70 і 1183. Выкарыстоўваецца вылічальная і камп’ютэрная тэхніка, з 1970 вядзецца навук. арганізацыя працы. Пашыралася матэрыяльнае забеспячэнне аховы здароўя (за 1955—75 колькасць рэнтгенапаратаў павялічылася ў 3, фізіятэрапеўтычных лабараторый у 1,6 раза; з 1980-х г. укараняецца ультрагукавое даследаванне і камп’ютэрная тамаграфія). Да 1972 званне Героя Сацыяліст. Працы прысвоена 4 урачам, засл. ўрача рэспублікі — 442, засл. работніка аховы здароўя — 30.

На Беларусі створана дзярж. сістэма аховы мацярынства і дзяцінства, павялічылася сетка дашкольных устаноў (у 1960 іх было 1373; у 1990—5349). Пасляродавы адпачынак маці павялічаны да 3 гадоў, прадугледжаны льготы ў працоўным заканадаўстве, зменены тэрміны выдачы лістоў непрацаздольнасці па цяжарнасці і родах і інш. З канца 1980-х г. забяспечвалася пераважнае фінансаванне ўстаноў аховы мацярынства і дзяцінства, устойліва зніжалася дзіцячая смяротнасць (у 1990 у параўнанні з 1960 паменшала з 34,9 да 11,9 на 1 тыс. народжаных). Расла колькасць жаночых кансультацый, ранняе ўзяцце на ўлік цяжарных (у 1960—51,8%; у 1988—83% жанчын). У 1973 працавалі 34 спецыялізаваныя кабінеты па выяўленні і лячэнні бясплоднасці. У 1980-я г. ствараліся кансультацыі «Шлюб і сям’я», у Мінску адкрыты філіял НДІ мед. генетыкі АМН СССР, у 1989 пераўтвораны у НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў; у 1986 — рэсп. цэнтр па ахове здароўя маці і дзіцяці. Знізіўся ўзровень мацярынскай смяротнасці (у 1990 у параўнанні з 1980 паменшыўся з 29,1 да 21,8 на 100 тыс.).

Санітарна-эпідэміялагічнае абслугоўванне забяспечвалі Гал. санітарна-эпідэміялагічнае ўпраўленне (1968), рэсп. санітарна-эпідэміялагічная станцыя (СЭС), 6 абл. і 154 раённыя СЭС (у 1990 пераўтвораны ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі). Адкрыты рэсп. дом санасветы (1967), у 1988 абл. і гар. дамы санасветы рэарганізаваны ў цэнтры здароўя. У 1970 дзейнічалі 1, у 1990 — 3 дэзінфекцыйныя станцыі. Санітарна-эпідэміялагічная служба стала фактычна самастойнай. Створаны спецыялізаваныя тэр. мед. аб’яднанні «Гігіена і эпідэміялогія».

Наладжваліся кантакты з замежнымі краінамі: працавала мед. секцыя Бел. т-ва дружбы народаў (з 1959), рэсп. камітэт руху «Урачы за прадухіленне ядзернай вайны» (з 1984).

т. 18, кн. 2, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)