ЗАГУ́ЗЗЕ,

радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу і пяску ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Загуззе. Паклад (3 участкі) звязаны з краявымі і флювіягляцыяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровая парода жаўтавата-шэрая, бурая, месцамі гліністая, з праслоямі і лінзамі пяскоў. Разведаныя запасы 33,8 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—19,8 м, ускрышы (пяскі, супескі, гліны) 0,2—5,3 м. Жвір і пясок прыдатныя ў дарожным буд-ве, на вытв-сць бетону, сілікатнай цэглы. Радовішча распрацоўваецца.

А.​П.​Шчураў.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́Т (нарв. norit ад Norge Нарвегія),

магматычная поўнакрышт. інтрузіўная парода, разнавіднасць габра. Складаецца з плагіяклазу (35—70%), рамбічнага піраксену (20—60%), клінапіраксену (да 5%), у некаторых разнавіднасцях таксама з біятыту, кварцу, мікракліну, кардыерыту. Акцэсорныя мінералы: тытаніт, апатыт, цыркон. Разнавіднасці: габра Н., алівінавыя Н. Трапляецца ў складзе буйных расслоеных інтрузіваў асн. і ультраасн. парод, зрэдку ўтварае дробныя самаст. інтрузівы. 3 Н. звязаны радовішчы сульфідных медна-нікелевых руд, апатыт-магнетыт-ільменітавых руд. Выкарыстоўваецца як буд. і абліцовачны матэрыял.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІДРЫ́Т (ад ан... + грэч. hydōr вада),

1) мінерал класа сульфатаў Са(SO4). Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тоўстатаблітчастыя, прызматычныя, ігольчастыя. Зярністыя, валакністыя агрэгаты, канкрэцыі. Бясколерны ці блакітнаваты, шэры. Бляск шкляны. Цв. 3,5—3,8. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Паглынаючы ваду, пераходзіць у гіпс. Асадкавы гідратэрмальны мінерал. Выкарыстоўваецца як звязвальнае рэчыва, угнаенне, сыравіна для атрымання сернай к-ты, вырабны камень.

2) Асадкавая парода, складаецца пераважна з мінералу ангідрыту. Выкарыстоўваюць як угнаенне, цэмент і інш. На Беларусі трапляецца ў адкладах сярэдняга і верхняга дэвону.

Ангідрыт.

т. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯРЫ́Т (франц. diorite ад грэч. diorizo размяжоўваю, адрозніваю),

глыбінная поўнакрышталічная магматычная горная парода, складзеная з плагіяклазу (андэзіну ці алігаклазу) і звычайна рагавой падманкі, радзей аўгіту і біятыту, зрэдку — кварцу (кварцавы Д.). Структура буйна- і тонказярністая, раўнамерна-, нераўнамерназярністая, парфірападобная. Колер шэры да зеленавата-шэрага. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³. Утварае буйныя інтрузіі ў выглядзе баталітаў, штокаў. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. На Пд рэспублікі (р.п. Мікашэвічы) мае прамысл. значэнне. Выкарыстоўваецца як буд. матэрыял, на брук і як абліцовачны камень; некаторыя гатункі — дэкар. камяні.

т. 6, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯТАМІ́Т (ад позналац. Diatomeae дыятомавыя водарасці),

зямлістая рыхлая ці слабасцэментаваная асадкавая горная парода, утвораная пераважна з ракавінак дыятомавых водарасцей. Мае ад 62 да 97% воднага крэменязёму (апалу), пастаянныя прымесі гліністых мінералаў. Колер белы, светла- ці жаўтавата-шэры, зрэдку цёмна-шэры. Характарызуецца вял. порыстасцю, адсарбцыйнымі і ізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Паходжанне Д. марское, азёрнае ці балотнае. На Беларусі выяўлены пераважна ў александрыйскіх (магутнасць да 20 м, Мінскае ўзв.) і муравінскіх (у прыродным агаленні Панямунь паблізу Гродна) адкладах. Выкарыстоўваецца ў буд., харч., нафтавай і хім. прам-сці.

т. 6, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКІ КОНЬ,

парода коней, якая існавала на тэр. Беларусі (Гродзенская і Мінская губ.) са стараж. часоў па 18 ст. Паходзіла ад дзікага продка — ляснога тарпана. Паўплываў на вывядзенне пароды беларускага запражнога каня.

Выш. ў карку да 140 см, маса да 350 кг. Масць шэрая, мышастая, радзей буланая, гнядая, з цёмнай паласой уздоўж спіны. Галава вял., тулава каржакаватае, моцнае, ногі сухія. Пры бегу жвавы, нястомны, трывалы; жыццяздольны, неўспрымальны да хвароб, але без добрых цяглавых якасцей. Выкарыстоўваўся ў ваенных і бытавых мэтах.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НІСТЫ СЛА́НЕЦ,

асадкавая горная парода, якая складаецца з гліністых мінералаў (пераважна гідраслюдаў, хларыту, каалініту і інш.), а таксама кварцу, палявых шпатаў, карбанатаў, арган. рэчыва, часам і сульфідаў жалеза. Порыстасць 1—3%. Не размакае ў вадзе. Расшчапляецца на тонкія пліткі. Колер чорны або цёмна-шэры. Утвараецца ў выніку ўшчыльнення (дыягенезу) глін і іх частковай перакрышталізацыі пры апусканні на значныя глыбіні. Пры далейшых зменах ператвараецца ў філіт ці хларытавы сланец. Выкарыстоўваецца як дахавы матэрыял, у электрапрам-сці і як напаўняльнік лёгкіх бетонаў.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНІ́ВАЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ,

у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., за 3 км на ПдУ ад в. Занівачча. Паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровая парода шэрая, буравата-шэрая, месцамі слаба-гліністая, з праслоямі і лінзамі розназярністых пяскоў. Разведаныя запасы 6,2 млн. м³, перспектыўныя 28,9 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 1,5—18 м, ускрышы (супескі, пяскі, торф) 0,2—5 м. Пяскі і жвір прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 6, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫДАТЫ́Т (франц. péridotite ад péridot перыдот, алівін),

магматычная поўнакрышталічная горная парода ультраасноўнага саставу. Складаецца з алівіну (70—30%) і піраксену (30—70%), радзей з рагавой падманкай ці слюдой. Мае ўкрапаннікі магнетыту, ільменіту, храміту, гранату і інш. У залежнасці ад мінер. складу вылучаюцца віды П.: гарцбургіт, верліт, лерцаліт, рогаваабманкавы П. Колер цёмна-зялёны, цёмна-шэры да чорнага. Пры выветрыванні пераўтвараецца ў серпенцініт. Трапляецца ў асацыяцыі з асноўнымі габравымі інтрузіямі. З габрава-перыдатытавымі фармацыямі звязаны радовішчы плаціны, нікелю, кобальту, хрому і інш.

т. 12, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЙНА́Я РАГА́ТАЯ ЖЫВЁЛА,

парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Належыць да жвачных (ператраўляе корм, багаты клятчаткай, — сена, салому, зялёны корм, караняплоды і інш.). Уключае свойскія формы (быкі і каровы), якія належаць да роду сапраўдных быкоў, а таксама якаў, гаялаў, бізонаў, зуброў. Свойская буйная рагатая жывёла (паходзіць ад тура, прыручанага каля 8 тыс. г. назад) дае малако і мяса, сыравіну для лёгкай прам-сці, угнаенні для сельскай гаспадаркі. Асаблівасці экстэр’еру буйнай рагатай жывёлы звязаны з кірункам прадукцыйнасці (малочным або мясным), кліматычнымі зонамі і тэхналогіяй гадоўлі. На Беларусі асн. планавая пародачорна-пярэстая парода малочнага кірунку (98% пагалоўя). Гадуюць таксама жывёл малочных і малочна-мясных парод: чырвоную беларускую, сіментальскую, швіцкую, кастрамскую, галандскую, з мясных — шаралезскую, лімузінскую, мен-анжу і герафордскую.

Каровы жывуць каля 20 гадоў, рэдка 35, быкі 15—20 гадоў. Палавая спеласць у цялушак настае ў 9—10, у быкоў у 9—11 месяцаў. Першы ацёл ва ўзросце 26—30 месяцаў. Працягласць цельнасці 280—290 сутак. Тэрмін гасп. выкарыстання малочных кароў 5—10, племянных жывёл для ўзнаўлення статка 8—10 гадоў. Маладняк на мяса забіваюць пасля адкорму або нагулу ў 16—20 месяцаў. Гл. таксама Буйной рагатай жывёлы гадоўля.

Пароды буйной рагатай жывёлы: 1 — карова чорна-пярэстая; 2 — карова шаралезская.

т. 3, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)