КААРДЫНА́ТНАЯ ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
універсальная машына кантролю памераў у машынабудаванні шляхам вымярэння перамяшчэнняў наканечніка вымяральнай галоўкі адносна дэталі ў дэкартавай або цыліндрычнай сістэме каардынат. Большасць машын аўтаматычна (пад кіраваннем ЭВМ) выконвае ўвесь працэс вымярэння: узгадненне баз (сістэм каардынат) машыны і дэталі, кіраванне рухам выканаўчых органаў. счытванне, апрацоўку і запіс вынікаў вымярэння. Бываюць высокай дакладнасці (прэцызійныя, з хібнасцю вымярэнняў 3—6 мкм) і менш дакладныя (прадукцыйныя, з хібнасцю да 50 мкм).
т. 7, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЁПКА,
1) стварэнне заклёпачнага злучэння элементаў канструкцый, пераважна з ліставога металу. Уключае свідраванне або прабіўку адтулін, устаўку заклёпак, само кляпанне — стварэнне (прасаваннем, ударам або выбухам) на другім канцы заклёпкі замыкальнай галоўкі. Для К. прасаваннем выкарыстоўваюць кляпальныя машыны, ударам — кляпальныя малаткі. Кляпаныя канструкцыі выкарыстоўваюцца пераважна ў мостабудаванні і ў канструкцыях прамысл. будынкаў з вял. дынамічнымі нагрузкамі (напр., у падкранавых бэльках).
2) Кожная асобная дошчачка, з якіх складаюць бочку, дзежку і пад.
т. 8, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА «МАЛА́НКА».
Дзейнічала ў 1895—1920 у Кімбараўцы — прадмесці г. Мазыр Гомельскай вобл. У 1899 створана акц. т-ва «Маланка» з асн. капіталам 300 тыс. руб. Вырабляла запалкі шведскія. У 1910—13 мела 3 паравыя машыны (75 к.с.), склады прадукцыі ў Гомелі, Кіеве, Краменчугу, Екацярынаславе, Кішынёве, Растове, Жытоміры. У 1911 працавала 625 чал. У 1910 прадукцыя ф-кі была прадстаўлена на выстаўцы ў Парыжы. Гл. таксама Мазырская мэблевая фабрыка.
т. 9, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РШНЕВАЯ МАШЫ́НА,
прыстасаванне для пераўтварэння энергіі рабочага цела (газу, пары, вадкасці) з дапамогай поршня, які робіць зваротна-паступальны рух у цыліндры. Пры руху поршня аб’ём, што займаецца рабочым целам, перыядычна мяняецца разам з інш. параметрамі (ціскам, т-рай і г.д.), у сувязі з чым энергія рабочага цела паніжаецца (П.м. — рухавік) або павышаецца (П.м. — кампрэсар, помпа). Да П.м. адносяцца большасць рухавікоў унутранага згарання, паравыя машыны, поршневыя кампрэсары і помпы.
т. 12, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІНХРО́ННАЯ МАШЫ́НА,
электрычная машына пераменнага току, у якой частата вярчэння ротара не супадае з частатой вярчэння магнітнага поля, што ствараецца пераменным (звычайна 3-фазным) токам у абмотках статара. Прынцып дзеяння заснаваны на ўзаемадзеянні паміж магнітным полем, што адварочваецца, і пераменным токам, які наводзіць гэта поле ў абмотках ротара. У залежнасці ад спосабу выканання ротарнай абмоткі асінхронныя машыны падзяляюцца на каротказамкнутыя і з фазным ротарам. Могуць служыць асінхронным электрарухавіком, асінхронным генератарам, электрамагнітным тормазам, індукцыйным рэгулятарам.
т. 2, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВА́РЫЯ (італьян. avaria),
1) нечаканы выхад са строю тэхн. сістэмы, машыны, судна, самалёта і інш., іх пашкоджанне. Найб. частыя прычыны аварыі — адступленні ад нормаў тэхнікі бяспекі або парушэнні правілаў эксплуатацыі абсталявання, будынкаў, машын, тэхн. сістэм, памылкі ў іх праектаванні і тэхн. рэалізацыі. Буйныя аварыі на прадпрыемствах хім. і ядзернай прам-сці, транспарце (марскім, трубаправодным) могуць суправаджацца экалагічна небяспечнымі аварыйнымі выкідамі і чалавечымі ахвярамі.
2) Перан. — непрадбачанае парушэнне ў ходзе якой-н. справы; няўдача, няшчасце.
т. 1, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ЗЕЛ у тэхніцы,
1) частка машыны, механізма, устаноўкі і да т.п., што складаецца з некалькіх больш простых элементаў (дэталей).
2) Сукупнасць функцыянальна звязаных збудаванняў, машын і інш. прыстасаванняў (напр., вузел сувязі, гідравузел, радыёвузел).
3) Пункт на перасячэнні некалькіх чыг. ліній (чыгуначны вузел).
4) Пункт злучэння галін эл. ланцуга.
5) Частка збудавання ў месцы злучэння некалькіх стрыжняў і да т.п. элементаў у буд. канструкцыях.
6) Адно ці некалькі збудаванняў, у якіх устаноўлена спец. абсталяванне (напр., санвузел).
т. 4, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ХІМІ́КА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.
Засн. ў Гродне ў 1966. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): электратэхніка; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; машыны і апараты хім. вытв-сці і прадпрыемстваў буд. матэрыялаў; хім. тэхналогія вытв-сці і перапрацоўкі неарган. матэрыялаў; аўтаматызацыя тэхнал. працэсаў і вытв-сці; ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў. На камерцыйнай аснове — бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.
т. 5, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭБЕНЕЧАСА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для часання валакністых прыродных (бавоўна, воўна, лён) і хім. матэрыялаў пры падрыхтоўцы да прадзення. На грэбенечасальнай машыне з дапамогай стальных грабянёў вычэсваюць кароткія і пашкоджаныя валокны, раслінныя прымесі і вузельчыкі, раз’ядноўваюць, выпростваюць і паралелізуюць доўгія валокны ў атрыманай стужцы. Адрозніваюць грэбенечасальную машыну перыядычнага (найб. пашыраны) і бесперапыннага (пераважна для доўгай грубай воўны) дзеяння. З грэбенечасальнай машыны стужка паступае на стужачную машыну, потым на роўнічную, дзе вырабляецца слабаскручаная нітка — роўніца.
т. 5, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАТЭ́ХНІКА,
тэхніка, звязаная са стварэннем, размнажэннем і дэманстраваннем кінафільмаў; тэхн. база кінамастацтва. Грунтуецца на дасягненнях фотатэхнікі, оптыкі, механікі, святлотэхнікі, электронікі, электраакустыкі і інш.
Асн. сродкі К.: кіназдымачныя апараты, гуказапісвальныя (гл. Гуказапіс) і кінакапіравальныя апараты, праявачныя машыны (для хіміка-фатагр. апрацоўкі кінаплёнкі), асвятляльная апаратура (напр., пражэктары) і кінапраекцыйныя апараты. Дапаможныя сродкі: аператарскія краны, цялежкі, штатывы, тэлевізійныя ўстройствы і інш. абсталяванне кінастудый. Для дэманстравання фільмаў выкарыстоўваюцца кінаўстаноўкі (у т. л. кінаперасоўкі), кінапраекцыйныя экраны і інш. абсталяванне кінатэатраў.
т. 8, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)