хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць літый. Найб. пашыраныя — солі мінер. кіслот, бінарныя неарган. злучэнні і літыйарганічныя злучэнні.
Літыю аксід Li2O — асноўны тугаплаўкі аксід (tпл 1453 °C). Утвараецца пры награванні металу ў паветры. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. шкла (напр., з невялікім тэмпературным каэф. лінейнага расшырэння), палівы і эмалей (павышае іх хім. і тэрмічную ўстойлівасць). Літыю алюмагідрыд LiAlH4 — крышт. парашок, які бурна ўзаемадзейнічае з вадой, спіртамі і к-тамі з вылучэннем вадароду. Выкарыстоўваюць як селектыўны аднаўляльнік у арган. сінтэзе, асушальнік растваральнікаў, для атрымання гідрыдаў. Літыю гідраксід LiOH — моцная аснова (шчолач). Вельмі гіграскапічнае рэчыва. Выкарыстоўваюць як кампанент электралітаў у шчолачных акумулятарах, паглынальнік вуглякіслага газу ў процівагазах, падводных лодках, самалётах. LiOH і яго водныя растворы выклікаюць апёкі скуры і слізістых абалонак. Літыю гідрыд LiH раскладаецца вадой з утварэннем LiOH і вадароду. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем расплаву Li з вадародам пры 630—730 °C. Выкарыстоўваюць як крыніцу вадароду для напаўнення аэрастатаў, аднаўляльнік у арган. сінтэзе, для атрымання боравадародаў, літыйарган. злучэнняў, трытыю. Солі літыю (фтарыд LiF, карбанат Li2CO3, сульфат Li2SO4 і інш.) выкарыстоўваюць як кампаненты спец. шкла, тэрмаўстойлівай керамікі, палівы, эмалей, люмінафораў, лек. сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАЗАВА,
гарадскі пасёлак у Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Рось. Аўтадарогамі злучаны са Свіслаччу, Ваўкавыскам, Ружанамі. За 22 км ад г.п. Свіслач, 112 км ад Гродна. 1,4 тыс.ж. (2000).
Вядома з 15 ст. як каралеўскае мястэчка ў Ваўкавыскім пав. Навагрудскага ваяв.ВКЛ. З 1523 мела магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі, дзярж. маёнтак, цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр вытв-сці Поразаўскай керамікі. У 1897 каля 1,5 тыс.ж., 2 гарбарні, ганчарны і піваварны з-ды, пач. вучылішча, аптэка. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Ваўкавыскага пав. Беластоцкага ваяв. З ліст. 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Поразаўскага раёна Брэсцкай вобл. З чэрв. 1941 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў П. 354 чал. Вызвалена 15.7.1944 у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 20.1.1960 у Свіслацкім р-не.
Працуе ф-ка лазовай мэблі; сярэдняя, муз. школа, спецшкола-інтэрнат, вучэбна-вытворчы камбінат, дашкольная ўстанова, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка, аптэка, аддз. сувязі, Свята-Троіцкая царква. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры 19 ст.: Поразаўскі Міхайлаўскі касцёл, Поразаўская сядзіба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІ́ДЫЙ (лац. Rubidium),
Rb, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 37, ат. м. 85,4678; адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны складаецца са стабільнага 85Rb (72,15%) і радыенукліда 87Rb (перыяд паўраспаду 4,8∙1010 гадоў, β-выпрамяняльнік). У зямной кары 1,510−2% па масе. Уласных мінералаў не ўтварае (рассеяны элемент); спадарожнічае пераважна калію. Адкрыты ў 1861 Р.В.Бунзенам і Г.Р.Кірхгофам спектральным метадам (па лініях у чырв. частцы спектра), назва ад лац. rubidus — цёмна-чырвоны.
Мяккі серабрыста-белы легкаплаўкі (tпл 39,32 °C) метал, шчыльн. 1532 кг/м³ (0 °C). Хімічна вельмі актыўны. У паветры імгненна акісляецца з узгараннем (утвараецца надпераксід RbO2). З вадой, галагенамі і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам. Раствараецца ў вадкім аміяку (растворы сіняга колеру). Захоўваюць у ампулах са спец. шкла ў атмасферы аргону або ў стальных герметычных пасудзінах пад слоем абязводжанага вазелінавага масла. Выкарыстоўваюць як кампанент матэрыялу для фотаэлементаў, фотаэл. памнажальнікаў і змазачных кампазіцый для рэактыўнай і касм. тэхнікі, як гетэр у вакуумных лямпах, каталізатар, пару Р. — у разрадных эл. трубках нізкага ціску, стандартах частаты і часу, злучэнні — як цвёрды электраліт, кампанент спец. шкла і керамікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНЯ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў з в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Як ганчарны цэнтр вёска вядома з 15 ст. У 19 — пач. 20 ст. ганчарствам тут займалася каля 200 сем’яў, у 1920—30-я г. — каля 500; посудам забяспечвалася амаль усё Палессе, ён трапляў на Валынь, Панямонне, пад Вільню і Варшаву. Выраблялі гаршкі, збанкі (глечыкі), гладышы, вазонніцы, глякі (бунькі), слоікі, пёрлы (макотры), кубкі, міскі і інш. Гаршкі ў залежнасці ад аб’ёму мелі розныя назвы: мамзель (умяшчае 1 кг збожжа), злівач (2 кг), адзінец (8—16 кг), паляк (больш за 16 кг). Традыцыйная гараднянская кераміка — белагліняная, непаліваная, у 15—17 ст. аздобленая выціснутым дэкорам у выглядзе паяскоў, у 18 — пач. 20 ст. — хвалістымі і роўнымі паяскамі і косымі рыскамі чырвона-карычневага колеру (рубежыкі), нанесенымі жалезістай глінай (апіска) у 2—3 рады на верхнюю частку вырабу ў працэсе вытворчасці. Посуд вызначаецца буйнымі, ёмістымі шарападобнымі формамі. З 1930-х г. пашырэнне набыло глазураванне бясколернай і каляровай палівай, ангобны дэкор знік, памеры посуду зменшыліся. Выраблялі таксама дробную пластыку наіўна-рэаліст. характару (жанравыя сцэнкі ці фігуркі жывёл). Традыцыі гараднянскай керамікі прадаўжаюць сучасныя майстры І.Генбіцкі, І.Лічэўскі, П.Гмыр, А.Вячорка, Ф.Шэлест і інш.
Я.М.Сахута.
Да арт.Гараднянская кераміка. Ганчарны посуд з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1920-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎДА́НСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (10.9.1893, в. Юр’ева Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. —27.8.1937),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1934). Скончыў Смаленскае аддзяленне Маск. археал. ін-та (1922), вучыўся ў Смаленскім ун-це (1922—25). З 1927 у Інбелкульце, Ін-це гісторыі АНБССР, адначасова дацэнт БДУ. Арганізатар першых у БССРнавук.-археал. экспедыцый. Зрабіў класіфікацыю гарадзішчаў жал. веку, першы выказаў думку, што гарадзішчы штрыхаванай керамікі культуры ў Цэнтр. Беларусі належалі балцкім плямёнам. Даў першую і найб. поўную гіст. тапаграфію стараж. Полацка, вывучаў яго помнікі — Полацкі Сафійскі сабор, бельчыцкія храмы (гл.Бельчыцы). У 1937 па лжывым абвінавачанні арыштаваны і расстраляны ў Мінску. У 1958 рэабілітаваны.
Тв.:
Археалагічныя раскопкі ў м. Заслаўі Мінскай акругі // Зап.аддз.гуманіт. навук БАН. Мн., 1928. Кн. 5. Пр. кафедры археалогіі, т. 1;
Археалагічныя доследы ў Віцебскай акрузе // Там жа. Мн., 1930. Кн. 11. Пр.археал. камісіі, т. 2;
Археалагічныя доследы ў Полацкай акрузе // Там жа;
Археалагічныя доследы ў БССР пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі // Пр. секцыі археалогіі Ін-та гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.
Літ.:
Каробушкіна Т.М. Заснавальнік савецкай археалагічнай навукі ў Беларусі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1983. №6;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў Беларускай ССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНОЧНАБЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён позняга неаліту і бронзавага веку, якія ў канцы 3-га — 3-й чвэрці 2-га тыс. да н.э. жылі на тэр. сучасных Віцебскай, Пн Мінскай абл. Беларусі, Пд Пскоўскай вобл. Расіі, а таксама ў некат. суседніх раёнах. Насельніцтва жыло пераважна па берагах азёр і невял. рэк у пабудовах з двухсхільным дахам. Займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, а таксама земляробствам і жывёлагадоўляй. Для культуры характэрны ляпны вастрадонны і пласкадонны посуд з дамешкамі раслінных рэшткаў і тоўчаных ракавін у гліняным цесце. Сценкі пасудзін штрыхаваныя, іх арнамент складаецца з паясоў насечак, адбіткаў грэбеня, розных наколак. Знойдзены прылады працы і зброя з рогу і косці (наканечнікі стрэл, кінжалы, праколкі, гарпуны, цёслы і інш.), каменныя сякеры, амулеты з зубоў, косці, бурштыну, творы першабытнага мастацтва (статуэткі людзей, звяроў і птушак і інш.). На позніх этапах існавання П.к. сустракаюцца медныя і бронзавыя вырабы. Культура сфарміравалася на аснове крывінскага варыянта нарвенскай культуры пры ўдзеле носьбітаў верхнедняпроўскай культуры і шнуравой керамікі культуры. На Беларусі найб. вядомыя помнікі: Крывіна-1, -2, -3 (гл. ў арт.Галоўск), Асавец (верхнія пласты) на памежжы Бешанковіцкага і Сенненскага р-наў Віцебскай вобл.
М.М.Чарняўскі.
Касцяныя скульптура і гарпун паўночнабеларускай культуры (в. Асавец Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАГРА́ФІЯ (ад грэч. petros камень + ...графія),
навука аб горных пародах. У шырокім паняцці П. — тое, што петралогія, у вузкім — апісальная частка навукі пра горныя пароды (вывучэнне мінер. і хім. саставу, структуры і тэкстуры). Займаецца пытаннямі класіфікацыі і наменклатуры горных парод па розных прыкметах.
Як самастойная навука зарадзілася ў пач. 19 ст. (класіфікацыя горных парод франц. вучонага А.Браньяра, 1813) і інтэнсіўна развіваецца з сярэдзіны 19 ст. (даследаванні з дапамогай палярызацыйнага мікраскопа; англ. фізікі У.Нікаль і Г.К.Сорбі; 1849). З пашырэннем мікраскапічных даследаванняў з’явіліся класіфікацыі горных парод ням. геолагаў Ф.Цыркеля (1866) і К.Г.Розенбуша (1873), рас. петрографа Ф.Ю.Левінсона-Лесінга (1893). У 1-й пал. 20 ст. пачаты петрахім. і геахім. даследаванні (рас. вучоныя У.І.Вярнадскі, А.Я.Ферсман, А.М.Заварыцкі, амер. Ф.Кларк і інш.) У 1950—70-я г. створаны новы кірунак у П. — вучэнне аб магматычных і метамарфічных фармацыях (Ю.А.Кузняцоў і інш.). З даследаванняў амер. вучонага Р.Горансана (1937) пачаўся этап развіцця эксперыментальнай П. Тэхнічная П. даследуе састаў і ўласцівасці шлакаў, цэменту, керамікі, шкла, каменнага ліцця (рас. вучоны Дз.С.Бялянкін); П. буд. каменю — якасці буд. матэрыялаў. П. касм. аб’ектаў вывучае метэарыты, узоры парод з Месяца і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЕ́ШКІН (Валянцін Рыгоравіч) (н. 24.5.1951, г. Бабруйск Магілёўскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). З 1976 мастак Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Працуе ў галіне маст.керамікі. Творы вызначаюцца арыгінальнасцю колеравага вырашэння і фактуры матэрыялу. Аўтар дэкар. кампазіцый «Жнівень» (1979), «Кветкі» (1980), «Лісты з блакнота» (1981), «Горад на пяску», «Падарункі дзядзькі Антося» (абедзве 1983), «Арэлі» (1984), серыі рэльефаў «Апосталы» (1989), керамічных скульптур «Катапульта», «Каля крыніцы» (абедзве 1998) і інш. Выканаў дэкар. пластыку рэстарана «Мінск» у Патсдаме (Германія, 1977), скульптуры і вазы ў Палацы культуры ў г. Вілейка (1987), рэльеф у Палацы нафтавікоў у г. Наваполацк (1988), дэкар. пано, скульптуру і кафлі для інтэр’ера аптэкі № 137 у г. Барысаў, дэкар. пано для інтэр’ера рэстарана «Планета» (усе 1979), дэкар. скульптуры для залы камернай музыкі (1983), дэкар. пластыку ў кафэ «Батлейка» (1986, усе з М.Байрачным), пано ў басейне «Гарызонт» (1989), серыю рэльефаў для рэзідэнцыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (усе ў Мінску), рэльефы «Пётр» і «Павел» для Пасольства Вялікабрытаніі ў Рэспубліцы Беларусь (усе 1998), керамічныя рэльефы і скульптуры для рэстарана «Заслаўе» (1989), камін і рэльефы для прафілакторыя Мін-ваўнутр. спраў Беларусі (1995) у в. Ждановічы Мінскага р-на і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НСІЯ (Valencia),
горад на У Іспаніі, пры ўпадзенні р. Турыя ў Валенсійскі зал. Міжземнага м.Адм. д. аўт. вобласці Валенсія і аднайм. Правінцыі. 752,9 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Судна- і маторабудаванне, вытв-сць чыгуначнага абсталявання. Пладова-агароднінная, тытунёвая, тэкст. (у т. л. джутавая), хім., дрэваапр.прам-сць. Цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя, агародніна, рыс). Саматужныя промыслы. 2 ун-ты (адзін з іх з 1500). Музей прыгожых мастацтваў (з археал. музеем). Арх. помнікі 13—18 ст.
Засн. ў 2 ст. да н.э. рымлянамі. У 11 ст. цэнтр аднаго з араб. эміратаў. У 1238 адваявана ў арабаў і стала сталіцай каралеўства Валенсія. У 1808—12 змагалася з франц. войскамі, у 1812—13 пад уладай французаў. У грамадз. вайну 1936—39 у Валенсіі знаходзіўся рэсп. ўрад (1936—37, 1939).
Унутры бульварнага кальца (на месцы стараж. сцен) — стыхійная забудова Старога горада са шматлікімі садамі, помнікамі маўрытанскага дойлідства, з каляровай маёлікавай абліцоўкай, цэрквамі і палацамі, упрыгожанымі багатай скульпт. разьбой. Гатычны сабор (13—18 ст.; інтэр’ер у стылі «чурыгерэска», 17—18 ст.), шаўковая біржа «Лонха дэ Седа» (15 ст.), Калехіо дэль Патрыярка (1586—97, праект арх. Х.Б. дэ Эрэры), палац Агуас (цяпер Музей керамікі; 1740—46). На Пд ад Старога горада — рэгулярная забудова раёнаў 19—20 ст.Манум. скульптура 19—20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСЬ,
гарадскі пасёлак у Аршанскім р-не Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Каля аўтадарогі Орша—Магілёў. Чыг. ст. на лініі Орша—Магілёў. За 30 км на Пд ад Оршы, 110 км ад Віцебска. 1,2 тыс.ж. (1998).
Упершыню згадваецца ў Ніканаўскім летапісе пад 1059. У 11 ст. невял. ўмацаванае паселішча на ўсх. мяжы Полацкага княства. У 1116 К. адышла да Смаленскага княства. З сярэдзіны 14 ст. К. з воласцю — велікакняжацкае ўладанне ў Віцебскім ваяв.ВКЛ. У 14—18 ст. існаваў Копыскі замак. З канца 15 ст. выраблялася копыская кафля, з 16 ст. — копыская кераміка. З 19 ст. дзейнічалі копыскія кафляныя прадпрыемствы. У розны час К. належала кн. Астрожскім, Радзівілам. Паводле некат. звестак, мела магдэбургскае права. З 1772 К. у складзе Рас. імперыі, горад, цэнтр Копыскага павета. 16.8.1781 зацверджаны герб К.: у зялёным полі выява чорнага зайца. З 1796 заштатны горад, з 1802 цэнтр павета, з 1861 заштатны горад Горацкага пав. У 1897 у К. 3384 ж. У 1924—31 цэнтр Копыскага раёна, з 1931 у Аршанскім р-не. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну дзейнічала Копыскае патрыятычнае падполле. У 1970 у К. 1555 ж.
Кафляны цэх Аршанскага вытв. аб’яднання «Оршабудматэрыялы», цэнтр па вырабе маст.керамікі. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяр фашызму. Помнікі археалогіі — замчышча Пятроўскі вал, селішча Пасадскае.