ДЗІ́СЕНСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. Размяшчаўся на в-ве Замак каля сутокаў Дзісны і Зах. Дзвіны ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл. У хроніках Лівонскага ордэна згадваецца каля 1374 і 1377. У 14 — пач. 15 ст. выконваў ролю фарпоста Полацка на Зах. Дзвіне. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 страціў стратэг. значэнне. У час Лівонскай вайны 1558—83 прыйшоў у заняпад, 25.7.1654 быў заняты рус. войскам. Замак хутка быў адноўлены, у 1655 меў 14 вежаў, каля 40 гармат. 10.4.1660 заняты войскам ВКЛ. Знішчаны ў час Паўн. вайны 1700—21.

т. 6, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНО́Н (Zēnōn) з Кітыёна

(востраў Кіпр; каля 336—264 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік стаіцызму. Каля 312 пасяліўся ў Афінах. Вучыўся ў кініка Кратэса, прадстаўніка мегарскай школы Стылпона і кіраўніка платонаўскай Акадэміі Палемона. Каля 300 да н.э. заснаваў сваю школу стоікаў. На фарміраванне яго поглядаў паўплывалі ант. медыцынскія тэорыі, фізіка Геракліта, тэалагічныя ідэі Сакрата, Платона і Арыстоцеля. Вучэнне З. характарызуецца пераважна ўвагай да абгрунтавання ўнутр. незалежнасці асобы. Творы З. («Аб прыродзе», «Супраць філасофіі», «Спрэчкі») захаваліся фрагментарна. Сярод яго вучняў Персей, Клеанф з Аса, Арыстон з Кеоса і інш.

т. 7, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ПСКІЯ ГО́РЫ,

горы на Пд Афрыкі, у Паўд.-Афр. Рэспубліцы, паміж г. Порт-Элізабет на У і вусцем р. Оліфантс на З. Даўж. каля 800 км. Некалькі паралельных хрыбтоў (Свартберг, Лангеберг і інш.). Сярэдняя выш. каля 1500 м, найб. 2326 м. Складзены з пясчанікаў і кварцытаў. На З клімат міжземнаморскага тыпу, з зімовымі ападкамі больш за 600 м, на У ападкі больш раўнамерныя — каля 800 мм за год. Зімой на вяршынях снег. На наветраных схілах, звернутых да Індыйскага ак., зараснікі вечназялёных хмызнякоў і мяшаныя лясы, падветраныя схілы і ўнутр. даліны паўпустынныя.

т. 8, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВА́ЎНІК (Achillea),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў (па інш. даных каля 200). Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 7 дзікарослых (найб. вядомы лек. К. звычайны A. millefolium); нар. назвы крывавец, серпарэзнік, грудная трава, рудамётка) і каля 10 інтрадукаваных відаў. Трапляецца на палях, лугах, абапал дарог, у лесе.

Шматгадовыя травяністыя прамастойныя расліны з паўзучым карэнішчам выш. 20—125 см. Лісце перыстарассечанае або суцэльнае. Кветкі ў дробных кошыках, сабраныя ў шчыткападобныя суквецці. Плод — сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Некат. віды ядавітыя.

Крываўнік звычайны.

т. 8, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎСКІ БОЙ 1942,

бой паміж партызанамі брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. і карнай экспедыцыяй ням.-фаш. захопнікаў каля Лаўскага лесу ў Капыльскім р-не 3 снеж. ў Вял. Айч. вайну. Гітлераўцы кінулі супраць партызан 7 тыс. карнікаў з танкамі, бронемашынамі, артылерыяй. Засада з 18 партызан (камандзір В.І.Драздовіч; усе загінулі) каля в. Клецішча за 4 гадз адбіла 8 атак, знішчыла шмат жывой сілы ворага. За гэты час брыгада эвакуіравала шпіталь і арганізавана ўступіла ў бой, які працягваўся ўвесь дзень; уначы партызаны выйшлі з акружэння. На магіле загінуўшых партызан каля Клецішча пастаўлены помнік.

т. 9, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПІДАДЭ́НДРАНАВЫЯ [ад грэч lepis (lepidos) луска + dendron дрэва],

лускадрэвы, парадак вымерлых дзеразападобных раслін. Існавалі ў каменнавугальным і пермскім перыядах (каля 350—250 млн. гадоў назад) ва ўмовах трапічнага клімату.

Выш. ствала да 30 м, дыям. каля асновы да 2 м. Дрэвападобныя разнаспоравыя расліны. Ствол прамы, дыхатамічна разгалінаваны ў верхняй частцы. Драўніна ўкрыта тоўстай карой з рамбічнымі або верацёнападобнымі лісцевымі падушачкамі. Лісце лінейнае, шыла- або ланцэтападобнае даўж. да 1 м, шыр. каля 1 см. Стробілы (органы размнажэння) адна- або двухполыя, дасягалі даўж. 50 см і дыям. 5 см. Па рэштках Л. вызначаюць узрост геал. адкладаў.

Лепідадэндран.

т. 9, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯВЕ́СЦІН КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 1 км на З ад в. Агароднікі Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны, у Рамбоўскім рове. Валун ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў (да 2—4 см у папярочніку). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,1 м. выш. 2,2 м, у абводзе 10 м, аб’ём 28 м³, маса каля 74 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з Аландскіх а-воў у Балтыйскім м. Па старадаўнім абрадзе да валуна раней прыводзілі нявест.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 11, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУВЕНЗО́РЫ (Ruwenzori),

горны масіў ва Усх. Афрыцы, на мяжы Заіра і Уганды. Складзены са стараж.-крыштал. парод. Выш. да 5109 м (пік Маргерыта). На ніжніх схілах да выш. каля 2600 м — перадгорныя і горныя лясы і саванны; уздоўж верхняй мяжы лесу — бамбукавыя зараснікі. На выш. 2600—3800 м — субальпійская расліннасць (гал. ч. дрэвападобны верас), вышэй за 3800 м — высакагорныя лугі, вышэй 4600—4800 м — вечныя снягі і ледавікі, агульная пл. каля 5 км². Далінныя ледавікі апускаюцца да выш. каля 4200 м. Запаведнік (горныя гарылы). Масіў адкрыты ў 1876 Г.​М.​Стэнлі.

т. 13, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБА-ЛО́НГА (Alba Longa),

старажытны лацінскі горад на ПдУ ад Рыма. Паводле падання, засн. каля 1152 да н.э. Асканіем, сынам Энея. Каля пач. 1-га тыс. да н.э. быў цэнтрам Лацінскага Саюза, у 7 ст. да н.э. разбураны рымлянамі, жыхары горада пераселены ў Рым.

т. 1, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫСТО́ЛЬСКІ ЗАЛІ́Ў (Bristol Channel),

заліў Атлантычнага ак., каля паўд.-зах. берагоў Вялікабрытаніі. Уразаецца ў сушу на 230 км, шыр. каля ўвахода 126 км, глыб. да 50 м. Берагі моцна парэзаны. Прылівы паўсутачныя (да 14,4 м). Асн. парты: Брысталь (злучаны каналам з Лонданам), Кардыф, Ньюпарт (Вялікабрытанія).

т. 3, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)