ПЛЕМЯННА́Я КНІ́ГА, дзяржаўная кніга племянных жывёл,
кніга для рэгістрацыі племянных с.-г. жывёл, якія адпавядаюць стандартам пароды; адно з мерапрыемстваў племянной работы. Вядзенне П.к. дазваляе вывучыць эвалюцыю парод, садзейнічае рацыянальнаму выкарыстанню плем. рэсурсаў, аб’ядноўвае дзеянні селекцыянераў. Выдаецца дзярж. органамі ці т-вамі жывёлаводаў. У закрытыя П.к. заносяць чыстапародных жывёл, продкі якіх былі запісаны ў П.к. У адкрытыя П.к. запісваюць чыстапародных і ўсіх жывёл, якія адпавядаюць стандартам пароды. П.к. змяшчае: рэестр жывёл, звесткі аб іх сярэдняй прадукцыйнасці, апісанне лепшых жывёл пароды, характарыстыку асн. заводскіх ліній і інш.
Першая П.к. з’явілася ў Вялікабрытаніі (1793) па чыстакроўнай верхавой пародзе коней. У 19 ст. П.к. заведзены для большасці еўрап. парод с.-г. жывёл. У Расіі першая П.к. выдадзена ў 1834. У СССР, у т. л. і Беларусі, П.к. сістэматычна выдаваліся па асн. пародах. На Беларусі з 1990 выпуск П.к. прыпынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў Ілія (9.6.1903, г. Разград, Балгарыя — 1975),
балгарскі жывапісец і графік. Нар.маст. Балгарыі (1963). Герой Сац. Працы (1967). Акад. Балгарскай АН. Вучыўся ў АМ у Сафіі (1921—26; з 1941 яе праф.) і Мюнхене (з 1926). Творы вызначаюцца суровай экспрэсіяй вобразаў, лаканізмам кампазіцыі, стрыманасцю і напружанасцю каларыту: партрэты жанчыны (1941) і дзіцяці (1942), карціны «Партызаны ў дзеянні» (1947), «Гітарыст» (1951), «Мастак» (1952), «Расстрэл» (1954), «Салдацкі бунт каля Добрага-Поля ў 1818 г.» (1956—58), «Партызанская песня» (1959), серыя малюнкаў «Выпрабаванні» (1938), цыкл гравюр, прысвечаных Вераснёўскаму паўстанню 1923 у Балгарыі і грамадз. вайне ў Іспаніі (1936—39) і інш. Аўтар манум. размалёўкі «Дзевятае верасня» ў кінатэатры «Дзімітр Благоеў» у Сафіі (1947). Працаваў таксама як скульптар. Дзмітраўская прэмія 1953, 1961, 1971.
Літ.:
Божков А. Илия Петров. София, 1972.
І.Я.Пятроў.І.Пятроў. Беспрацоўныя. З серыі «Выпрабаванні». 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОБАТАТЭХНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
структурнае вытворчае падраздзяленне (рабатызаваны тэхналагічны комплекс, участак, цэх і інш.), у склад якога як сродак аўтаматызацыі ўваходзяць прамысловыя робаты. Аб’екты Р.с. звязаны паміж сабой, узаемазалежныя; іх функцыі і дзеянні (аперацыі), што імі выконваюцца, забяспечваюць выпуск прадукцыі. Аптымальная Р.с. вызначаецца макс. прадукцыйнасцю пры мінім. затратах.
Кожная Р.с. ўключае падсістэмы апрацоўкі (формаўтварэння) дэталей, патоку (транспартавання) вырабаў, інструментаў і прыстасаванняў. кантролю якасці прадукцыі, кіравання і інфармацыі і дапаможную падсістэму (для падтрымання работаздольнасці Р.с.). Робаты ў складзе Р.с. забяспечваюць індывідуальнае абслугоўванне абсталявання, групавое яго абслугоўванне пры лінейным, лінейна-паралельным або кругавым размяшчэнні.
Літ.:
Белянин П.Н. Робототехнические системы для машиностроения. М., 1986;
Соломенцев Ю.М., Сосонкин В.Л. Управление гибкими производственными системами. М., 1988;
Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;
Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987;
Гавриш А.П., Ямпольский Л.С. Гибкие робототехнические системы. Киев, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАЯ́ВАРСКІЯ БАІ́ 1942, 1944,
баі партыз. атрадаў Ленінскай брыгады супраць ням.-фаш. захопнікаў у в. Руда Яварская Казлоўшчынскага р-на ў Вял.Айч. вайну. На працягу 1942—44 партызаны некалькі разоў грамілі гарнізон ворага ў вёсцы. У кастр. 1942 сюды прыбыў паліцэйскі батальён для арганізацыі гарнізона з мэтай паралізаваць дзеянні партызан у навакольных лясах. Ноччу 25 кастр.партыз. атрады 3649-ы (камандзір Б.А.Булат) і Арлянскі (М.Р.Вахонін) акружылі вёску і пасля артыл. падрыхтоўкі раніцай выбілі з яе праціўніка. Да сак. 1944 Рудаяварскі ням. гарнізон (130 чал.) быў умацаваны траншэямі з кулямётнымі гнёздамі, меў 5 бункераў. 19.3.1944 партызаны атрада «Ленінскі» (камандзір В.С.Біцько) з дапамогай мясц. жыхароў праніклі ў размяшчэнне праціўніка і без бою захапілі 4 бункеры. Жорсткі бой каля 5-га бункера і ў будынку школы вымусіў партызан адысці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СЕ́ВЕРО-ЗА́ПАДНОЕ СЛО́ВО»,
грамадска-паліт. газета акцябрысцкага кірунку. Выдавалася з 10(23).11.1915 да 30.4(13.5).1916 у Мінску на рус. мове штодзённа. Падтрымлівала палітыку ўрада, асвятляла дзейнасць цэнтр. і мясц. органаў улады. Друкавала паведамленні пра ваен.дзеянні ў Расіі і яе саюзнікаў у час 1-й сусв. вайны. Прапагандавала ідэю сац. і нац. міру, адзінага патрыят. фронту для перамогі ў вайне.
Адмаўляла нац. і культ. самастойнасць беларусаў. Інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё ў Мінску. Друкавала вершы і нарысы мясц. аўтараў, якія з рэліг. і патрыят. пазіцый сцвярджалі ўпэўненасць у ваен. перамозе Расіі. Спрабавала выкарыстаць класічную л-ру з кансерватыўна-ахоўніцкімі мэтамі, І.Тургенева і інш.рус. пісьменнікаў называла «вялікімі нацыяналістамі зямлі рускай». Вяла палеміку з газ. «Минский голос», «Минская газета-копейка» і «Варшавское утро» па ідэалаг. матывах і з-за канкурэнтных меркаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ ВОЙСК,
узгодненыя сумесныя дзеянні падраздзяленняў, часцей, злучэнняў, аб’яднанняў розных відаў узбр. сіл, родаў войск (сіл) і спец. войск; адзін з асн. прынцыпаў ваеннага майстэрства. Бывае стратэгічнае, аператыўнае і тактычнае.
У.в. вядома са стараж. часоў. Першапачаткова абмяжоўвалася рамкамі бою (бітвы); з пашырэннем маштабаў узбр. барацьбы ўзнікла неабходнасць ва ўзаемадзеянні паміж буйнымі вайск. аб’яднаннямі (арміямі, групамі армій, франтамі), у т. л. кааліцыяй дзяржаў (узбр. сіламі саюзнікаў). Больш актыўна У.в. выкарыстоўвалася ў 1-ю сусв. вайну, асабліва шырока — у 2-ю сусв. вайну, а таксама пры правядзенні сучасных ваен. аперацый, у т. л. ў Кувейце (гл.Кувейцкі крызіс 1990—91), Афганістане (2002) і інш.
У Рэспубліцы Беларусь У.в. і каардынацыю дзейнасці структурных элементаў ваен. арганізацыі ажыццяўляе Мін-ва абароны і Ген. штаб (у ваенны час з’яўляецца выканаўчым органам Савета бяспекі і дзейнічае пад кіраўніцтвам Галоўнакамандуючага Узбр. Сіламі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАНО́ЎКА,
стан гатоўнасці, схільнасці суб’екта да пэўнай актыўнасці ў адносінах да пэўнага аб’екта. Паняцце «У.» ўведзена ў ням.эксперым. псіхалогіі ў канцы 19 ст. (Г.Мюлер, Т.Шуман). Агульнапсіхал. тэорыю У. распрацаваў рас. псіхолаг Дз.М.Узнадзе, які эксперыментальна даказаў наяўнасць гатоўнасці індывіда да рэалізацыі актываванай патрэбнасці ў пэўнай сітуацыі (актуальная У.) і выявіў заканамернасці замацавання такой гатоўнасці пры паўтарэнні сітуацый, што дазваляюць задаволіць дадзеную патрэбнасць (фіксаваная У.). У сац. псіхалогіі і сацыялогіі паняцце «У.», ці аціцюд, абазначае каштоўнасныя адносіны індывіда да пэўнага сац. аб’екта, якія выяўляюцца ў гатоўнасці да станоўчай ці адмоўнай рэакцыі на яго. Сац. У. ўключае 3 аспекты: кагнітыўны (усведамленне аб’екта), афектыўны (эмацыянальная ацэнка аб’екта) і паводзінскі (дзеянні ў адносінах да аб’екта). Адрозніваюць пазітыўныя, негатыўныя і нейтральныя У. Сістэма разнастайных У. індывіда выступае рэгулятарам чалавечых паводзін і характарызуе агульную накіраванасць асобы, яе каштоўнасныя арыентацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНІ́ЦКІ СВЯТАДУ́ХАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1633—1918 каля мяст. Буйнічы пад Магілёвам на правым беразе Дняпра. Засн. як мужчынскі манастыр Багданам Статкевічам і яго жонкай Аленай (Саламярэцкай). Паводле статутных правіл арыентаваўся на Віленскі манастыр св. Духа. Належаў да групы правасл. манастыроў, пабудаваных з мэтай процідзеяння рашэнням Брэсцкай уніі 1596. Наглядаў за манастыром куцеінскі ігумен Іаіль Труцэвіч. Існуе шэраг каралеўскіх грамат у абарону манастыра ад замахаў суседзяў на валоданне зямельнай уласнасцю. За агітацыйныя дзеянні сярод насельніцтва на вернасць каралю Яну II Казіміру ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 буйніцкія манахі атрымалі прывілей на млын. У 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21 манастыр цалкам разбураны шведамі, але хутка адбудаваны. З 1835 ператвораны ў жаночы, з 1896 пры ім працавала 2-класная жаночая школа, з 1891 — епархіяльны свечачны завод. У 1908 у манастыры 18 двароў, 118 насельнікаў. Будынкі не захаваліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛО́НАЎ Канстанцін Сяргеевіч (партыз. мянушка Дзядзька Косця; 7.1.1910, г. Асташкаў Цвярской вобл., Расія — 14.11.1942),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху ў Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў прафес.-тэхн. школу ў Вял. Луках (1930). З 1939 нач. паравознага дэпо ст. Орша. У вер. 1941 у Маскве сфарміраваў з чыгуначнікаў партыз. атрад, у кастр. перайшоў з ім лінію фронту, уладкаваўся на працу ў Аршанскае дэпо. Стварыў і ўзначаліў некалькі дыверс. груп, якія разам з падп. групамі Аршанскага патрыятычнага падполля паралізавалі работу чыг. вузла. З лют. 1942 камандзір партыз. атрада, з ліп. 1942 — брыгады. Арганізоўваў дыверсіі на чыгунцы, узначальваў баявыя дзеянні супраць ворага на тэр. Аршанскага, Багушэўскага, Лёзненскага, Сенненскага і інш. раёнаў. Загінуў у час Купавацкага бою 1942. У Оршы створаны мемар. музей З., у Оршы, Сянно і на месцы гібелі З. пастаўлены помнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПА́ТКІН Аляксей Мікалаевіч (29.3.1848, б. маёнтак Шашурына, Таропецкі р-н Цвярской вобл., Расія — 16.1.1925),
расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1901). Скончыў Акадэмію Генштаба (1874). Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78 і заваявання Сярэдняй Азіі, адзін з памочнікаў ген. М.Дз.Скобелева. У 1890—97 нач. Закаспійскай вобл. У 1898—1904 ваен. міністр. У руска-японскую вайну 1904—05 камандаваў Маньчжурскай арміяй і ўсімі рас. войскамі на Д. Усходзе; пасля няўдалай Мукдэнскай бітвы 1905 зняты з пасады і прызначаны камандуючым 1-й арміяй. Чл.Дзярж. савета (з 1906). У 1-ю сусв. вайну камандаваў корпусам, 5-й арміяй, Паўн. фронтам; у 1916—17 туркестанскі ген.-губернатар. З 1917 на радзіме, настаўнічаў у сярэдняй і заснаванай ім с.-г. школах. Аўтар прац «Алжырыя» (1877), «Дзеянні атрадаў генерала Скобелева ў Руска-турэцкую вайну 1877—78 гадоў. Лоўча і Плеўна» (ч. 1—2, 1885), дзённіка (1923) і інш.