АГРАЭНЕ́РГА, Навукова-даследчы інстытут энергетыкі і электрыфікацыі аграпрамысловага комплексу Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1993 у Мінску на базе Усесаюзнага н.-д. і тэхнал. ін-та мантажу, эксплуатацыі і рамонту машын і абсталявання жывёлагадоўчых і птушкагадоўчых фермаў. Асн. кірункі дзейнасці: распрацоўка навук. асноў перспектыўнага развіцця энергетыкі і электрыфікацыі аграпрамысл. комплексаў (АПК), рац. энергазабеспячэння, спосабаў эфектыўнага выкарыстання розных відаў энергіі, сістэм машын і абсталявання для паліўна-энергет. комплексу, камплектаў халадзільнага абсталявання, сродкаў аўтаматызацыі для кіравання тэхнал. працэсамі, энергазберагальных, эколагабяспечных тэхналогій для галін АПК.

У.Г.Бабіцкі.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНТАПСІХАЛО́ГІЯ,

галіна геранталогіі і ўзроставай псіхалогіі, якая выкарыстоўвае агульнапсіхал. сродкі і методыкі для вывучэння асаблівасцей псіхікі і паводзін асоб пажылога і старога ўзросту. Як асобная дысцыпліна пачала складвацца ў 2-й пал. 20 ст. Яе з’яўленне абумоўлена павелічэннем (абсалютным і адносным) колькасці людзей старога ўзросту, праблемамі іх працаздольнасці і жыццёвага ладу. Герантапсіхалогія вывучае ўзаемасувязь агульных псіхал. і псіхафіз. характарыстык пры старэнні, а таксама асобасныя зрухі, што з’яўляюцца ў выніку змены характару дзейнасці і каштоўнасных арыентацый. Мэта герантапсіхалогіі — пошук сродкаў для працягу актыўнага і паўнакроўнага жыцця чалавека.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРО́Й ПРА́ЦЫ,

ганаровае званне, якое прысвойвалася ў 1927—38 у СССР грамадзянам за асаблівыя заслугі ў вытв. сферы, навук. дзейнасці, дзярж. або грамадскай службе пры стажы работы ў якасці рабочага або служачага не менш за 35 гадоў. Устаноўлена ЦВК і СНК СССР 27.7.1927. Узнагароджаныя і члены іх сем’яў карысталіся льготамі ў галіне жыллёвых правоў, нар. адукацыі, пенсіённага забеспячэння і падаткаабкладання. На Беларусі званне Героя Працы прысвойваў Прэзідыум, пазней Сакратарыят ЦВК БССР па прадстаўленні Цэнтр. Саюза прафсаюзаў Беларусі (ЦСПСБ). З увядзеннем у 1938 звання Герой Сацыялістычнай Працы прысваенне звання Героя Працы спынена.

т. 5, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАДЭ́РМА

(ад гіпа... + дэрма),

у пазваночных жывёл самы глыбокі слой скуры з рыхлай злучальнай тканкі, у якім назапашваюцца тлушчавыя клеткі, што ўтвараюць падскурную тлушчавую клятчатку. Гіпадэрма злучае скурнае покрыва з падлеглымі тканкамі, выконвае апорную, трафічную, пластычную, тэрмарэгулятарную, ахоўную функцыі. У беспазваночных жывёл гіпадэрма — тонкі слой прызматычнага эпітэлію, што знаходзіцца пад кутыкулай, створанай у выніку сакраторнай дзейнасці клетак гіпадэрмы. У раслін гіпадэрма — адзін ці некалькі слаёў клетак, што знаходзяцца пад эпідэрмісам сцёблаў, лісця, насення і пладоў; у каранях гіпадэрмы іншы раз называюць вонкавыя пласты клетак першаснай кары.

т. 5, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАРБУДТЭ́ХНІКА», Беларускі дзяржаўны дарожны навукова-даследчы і праектна-тэхналагічны інстытут Навукова-вытворчага аб’яднання «Белаўтадарпрагрэс». Засн. ў 1962 на базе дарожна-доследнай станцыі як БелдарНДІ. З 1992 «Дарбудтэхніка». Вядучая н.-д. арг-цыя Рэспублікі Беларусь у галіне буд-ва, рамонту і ўтрымання аўтадарог, мастоў і пуцеправодаў. Акрэдытаваны на тэхн. кампетэнтнасць і незалежнасць пры правядзенні выпрабаванняў, у т.л. сертыфікацыйных. Асн. кірункі дзейнасці: пошук і распрацоўка новых эфектыўных матэрыялаў, канструкцый, тэхнал. працэсаў, абсталявання і сродкаў механізацыі, эканомія і рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльна-тэхн. і прац. рэсурсаў, павышэнне тэхн. ўзроўню, якасці дарожных работ і інш.

В.М.Яромка.

т. 6, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ РАБО́ЧАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.

Існавала з 1896 да восені 1897 у Віцебску. Створана ў выніку пераходу мясц. с.-д. гурткоў да масавай агітацыі сярод рабочых. Асновай арг-цыі былі цэхавыя стачачныя касы. На агульным сходзе членаў касы выбіраліся касір, кантралёр і прадстаўнік цэха. Яны ўваходзілі ў міжкасавую сходку, якой праз свайго прадстаўніка кіраваў мясцовы с.-д. камітэт. Віцебская рабочая арганізацыя не выстаўляла паліт. патрабаванняў, задачы абмяжоўвала барацьбой за паляпшэнне эканам. становішча рабочых, каардынацыяй дзейнасці цэхавых арг-цый (стачачных кас). У вер. 1897 уступіла ў Бунд.

М.В.Біч.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ Аляксандр Мяленцьевіч

(14.7.1891, г. Усць-Каменагорск, Казахстан — 3.7.1977),

рускі пісьменнік. Аўтар твораў для дзяцей (аповесці-казкі «Чараўнік Ізумруднага горада», 1939; «Урфін Джус і яго драўляныя салдаты», 1963; «Сем падземных каралёў», 1964; «Вогненны бог Маранаў», 1968; «Жоўты туман», 1970, і інш.), кніг займальных апавяданняў па геаграфіі і астраноміі («Зямля і неба», 1957), пра гісторыю навукі («У пошуках праўды», апубл. 1980). У гіст. рамане «Дойліды» (1954) маст. асэнсаванне жыцця і дзейнасці рус. дойлідаў 16 ст., у «Блуканні» (1963) перыпетыі асабістага лёсу італьян. філосафа і паэта Дж.Бруна.

т. 4, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ ГРАМАДА́,

грамадская арг-цыя католікаў Беларусі. Створана ў 1990. Асн. кірункі дзейнасці: вяртанне бел. касцёла да нац. вытокаў, забеспячэнне паўнапраўнага функцыянавання ў ім бел. мовы, выданне рэліг. і богаслужэбнай л-ры, выхаванне патрыятызму, маральнасці, культуры і грамадз. адказнасці. Падтрымлівае сувязі з каталіцкімі арг-цыямі замежжа. З 1992 выдае час. «Хрысціянская думка». Выдала кнігу А.Станкевіча «Родная мова ў святынях» (факсіміле), зб. вершаў А.Зязюлі «З роднага загону» і інш. Скульптурна-манум. секцыя грамады ўдзельнічае ў распрацоўках праектаў рэстаўрацыі культавых збудаванняў, стварэнні помнікаў гіст. асобам.

М.В.Анцыповіч.

т. 2, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЦАРКВА́»,

рэлігійна-гістарычны часопіс. Выдаваўся ў 1956—65 у Чыкага (ЗША) ратапрынтным спосабам на бел. мове з выкарыстаннем лацінкі і кірыліцы адначасова. Заснавальнік — бел. культ.-рэліг. цэнтр, які ў сярэдзіне 1950-х г. аб’яднаў бел. эміграцыю вакол царквы Хрыста Спаса (Збаўцы). Мэта дзейнасціпаліт. незалежнасць бел. дзяржавы, стварэнне незалежнай грэка-каталіцкай царквы (уніяцкай), барацьба супраць камуніст. ідэалогіі. У часопісе пераважалі артыкулы гіст. і рэліг. зместу. Аўтарам большасці з іх быў вядомы на эміграцыі гісторык В.Пануцэвіч. Змяшчаў таксама артыкулы гісторыкаў і мовазнаўцаў Беларусі, маст. творы рэліг. зместу і інш.

М.А.Матрунчык.

т. 2, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т ПА ПРАЕКТАВА́ННІ ВОДАГАСПАДА́РЧАГА І МЕЛІЯРАЦЫ́ЙНАГА БУДАЎНІ́ЦТВА (Белдзіправадгас) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1951 у Мінску на базе ін-та «Белмеліяпраект». Асн. кірункі дзейнасці: вышукальныя і праектныя работы па асушэнні с.-г. угоддзяў, буд-ве сажалак, вадасховішчаў, рыбагасп. комплексаў, дарог у сельскай мясцовасці, здабычы торфу і сапрапелю, правядзенні прыродаахоўных мерапрыемстваў. Распрацаваў схему комплекснага выкарыстання і аховы водных і зямельных рэсурсаў у басейнах буйных і сярэдніх рэк на 80% тэр. Беларусі, праекты водаахоўных збудаванняў у зоне Чарнобыльскай АЭС, прыродаахоўнага забеспячэння ў многіх жывёлагадоўчых комплексах.

т. 2, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)