сукупнасць усіх лясоў краіны натуральнага і штучнага паходжання. Л.ф. Рэспублікі Беларусь складаецца з лясоў дзярж. значэння і калгасных. Паводле нар.-гасп. значэння і функцый падзяляецца на лясы 1-й і 2-й груп, што складае адпаведна 37 і 63% пл. Паводле зямельнага і ляснога заканадаўства да дзярж. Л.ф. адносяцца ўкрытыя лесам землі, а таксама не ўкрытыя, але прызначаныя для патрэб лясной гаспадаркі. У яго склад не ўваходзіць дрэвава-хмызняковая расліннасць, якая расце на землях с.-г. прызначэння, на палосах адводу чыгунак, аўтадарог і каналаў, у гарадах і інш. населеных пунктах, на прысядзібных, дачных і садовых участках. Агульная пл. зямель Л.ф. ў Беларусі (1998) каля 7 млн.га, або 33,9% тэр. рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАНУКЛЕЁЗ ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, хвароба Філатава,
вострая вірусная інфекцыйная хвароба чалавека, якая характарызуецца ліхаманкай, танзілітам, павелічэннем усіх груп лімфатычных вузлоў, печані і селязёнкі. Апісаны Н.Ф.Філатавым у 1885. Узбуджальнік — вірус Эпстайна-Бар. Крыніца інфекцыі — хворыя людзі і носьбіты М.і. Заражэнне адбываецца пры непасрэдным кантакце (напр., пры пацалунках), паветрана-кропельным шляхам. Хварэюць пераважна дзеці. Пасля 40 гадоў большасць людзей імунныя да М.і. Прыкметы: агульная слабасць, павышэнне т-ры цела да 38—39 °C, боль у горле пры глытанні, цяжкае дыханне праз нос, павялічаныя лімфавузлы, асабліва задняшыйныя. У хворых на М.і. адутлаваты твар, з 3—4-га дня з’яўляецца танзіліт з налётамі на міндалінах, зрэдку высыпка на скуры і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАЯ (МАЛАДА́Я) ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
кірунак эканам. тэорыі, які склаўся ў 1870—80-я г. і развіваўся пераважна ў Германіі да 1930-х. Непасрэдная пераемніца гістарычнай школы. Гал. аб’екты даследаванняў школы — праблемы гіст. вытокаў і лёсу капіталізму, рухаючых сіл і перыядызацыі гіст. працэсу. Прадстаўнікі школы Л.Брэнтана, В.Зомбарт, ням. эканамісты Г.Шмолер, К.Бюхер і інш. разглядалі сац.-эканам. развіццё асобных краін як адлюстраванне рознага ў розных народаў «нацыянальнага духу», што выключала магчымасць агульных для іх законаў, выступалі за «гісторыка-статыстычны» метад у эканам. тэорыі. Адно з асн. паняццяў школы — «сацыяльны арганізм» (ужывалася да грамадства, розных сац.груп і інш.). За адраджэнне канструкцый гэтай школы выступаў У.Ростаў у тэорыі «стадый эканамічнага росту».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ЛЬНАЯ АНАТО́МІЯ ЖЫВЁЛ,
навука, якая вывучае заканамернасці арганізацыі жывёл розных сістэматычных груп у працэсе эвалюцыі шляхам супастаўлення будовы іх цела і органаў; раздзел параўнальнай марфалогіі жывёл. Выяўляе гамалогію і даследуе філагенет. пераўтварэнні будовы падобных органаў; прасочвае паслядоўнасць дыферэнцыяцыі анат. утварэнняў і будовы анатама-фізіял.сістэм. Падзяляецца на арганалогію (параўнанне арганізацыі органаў у анатама-фізіял. сістэмах), архітэктоніку (вывучэнне плана і прынцыпаў будовы цела) і эвалюцыйную марфалогію (вучэнне пра марфал. заканамернасці эвалюцыі, кірункі развіцця жывёльных арганізмаў, механізмаў іх прыстасаванасці да пераменлівых умоў існавання). Цесна звязана з інш.марфал. дысцыплінамі, эвалюц. вучэннем, заалогіяй, палеазаалогіяй, экалогіяй, сістэматыкай жывёл, генетыкай. Выкарыстоўваецца для абгрунтавання эвалюц. тэорыі і пабудовы натуральнай сістэмы жывёльнага свету.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГА́ЛЬ ((Pigalle) Жан Батыст) (26.1.1714, Парыж — 21.8.1785),
французскі скульптар. Вучыўся (з 1722) у Р.Ле Ларэна і Ж.Б.Лемуана. Працаваў у стылі, пераходным ад ракако да класіцызму. У творчасці спалучаў грамадз. пафас з імкненнем да вострай, часам натуралістычнай праўдзівасці. Аўтар статуй і скульпт.груп на міфалагічныя і алегарычныя тэмы «Меркурый завязвае сандалю» (1774), «Хлопчык з клеткай» (1749) і інш.; бюста калекцыянера Т.Э.Дэфрыша і яго слугі негра Поля (каля 1760), надмагілля маршала Марыца Саксонскага (1753—76), грабніцы графа д’Аркур у саборы Нотр-Дам у Парыжы (1771—76), статуі Вальтэра (1776) і інш. Сярод яго вучняў Ж.А.Гудон і Ф.І.Шубін.
Ж.Б.Пігаль. Грабніца графа д’Аркур у саборы Нотр-Дам у Парыжы. 1771—76.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТНЫЯ КЛЕ́ТКІ,
храматафоры, свабодныя і эпітэліяльныя клеткі нейраэктадэрмальнага паходжання, якія сінтэзуюць пігменты. Абумоўліваюць афарбоўку скурных покрываў, іх вытворных (валасоў, пер’я), унутр. высцілак цела і вока ў шэрагу груп беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечваюць ахоўную, агрэсіўную і шлюбную афарбоўку, прымаюць удзел у тэрмарэгуляцыі і ахове арганізма ад празмернага ультрафіялетавага выпрамянення. Функцыя П.к. знаходзіцца пад гарманальным, а ў рыб і нерв. кантролем, залежыць ад пары года, асвечанасці, эндагенных рытмаў і інш. Звычайна змена афарбоўкі з’яўляецца прыстасаваннем жывёлы да колеру навакольнага фону (асабліва ў насякомых, малюскаў, ракападобных і інш.). Парушэнні развіцця П.к. у зародка прыводзяць да радзімак (атыпічныя П.к.). У выніку злаякаснага перараджэння П.к. радзімак у чалавека развіваюцца пігментныя пухліны — меланомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІФІЛІ́Я (ад полі... + ...філія),
паходжанне пэўнай групы арганізмаў ад некалькіх продкавых груп, не звязаных блізкай роднасцю. Ажыццяўляецца шляхам канвергенцыі і проціпастаўляецца монафіліі, як эвалюц. прынцыпу, заснаванаму на дывергенцыі. Згодна з сучаснай эвалюц., філагенет. сістэматыкай, арганізмы класіфікуюцца ў адпаведнасці з інфарм. зместам іх генет. праграмы. Таксоны эвалюц. сістэматыкі бываюць толькі монафілетычнымі. Напр., даказана П. зайцападобных і грызуноў, якіх раней аб’ядноўвалі ў адзін атр., а цяпер іх адасабляюць у 2 самастойныя атрады. Часам тэрмінам «П.» абазначаюць перасячэнне таксанамічнай мяжы паміж продкавай і даччыной групамі арганізмаў некалькімі роднаснымі філетычнымі лініямі, якія эвалюцыяніравалі паралельна (гл.Паралелізм).
Літ.:
Шмальгаузен И.И. Проблемы дарвинизма. 2 изд. Л., 1969;
Майр Э. Принципы зоологической систематики: Пер. с англ.М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ ГАСПАДАРЫ́паразітаў,
арганізмы, у якіх паразіт жыве ў лічынкавым стане, размнажаецца бясполым шляхам ці партэнагенетычна; абавязковае звяно ў цыкле развіцця многіх паразітаў. У адрозненне ад П.г. дэфінітыўнымі гаспадарамі з’яўляюцца арганізмы, у якіх паразіт дасягае палавой спеласці і размнажаецца палавым шляхам. П.г. насяляюць агульны з дэфінітыўнымі гаспадарамі біятоп ці маюць з імі харч. сувязі. П.г. могуць быць малюскі, чэрві, ракападобныя, кляшчы, насякомыя, рыбы, земнаводныя, паўзуны, млекакормячыя і чалавек.
Кожная група П.г. спецыфічная для пэўных груп паразітаў. Напр., малюскі — для смактуноў; ракападобныя — для стужачных чарвей, скрэбняў; млекакормячыя жывёлы — для стужачных чарвей (мышападобныя грызуны — для альвеакока; авечкі, козы, свінні — для эхінакока, буйн. раг. жывёла — для бычынага цэпеня). Чалавек — П.г. для эхінакока, плазмодыяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАХІ́Т (новалац. rachitis ад грэч. rhachis хрыбет, пазваночнік),
хвароба дзяцей ранняга ўзросту (ад 2 месяцаў да 1 года) і маладняку жывёлы, абумоўленая дэфіцытам у арганізме вітаміну D. Развіваецца ў выніку зніжэння паступлення вітаміну з ежай (кормам) і (або) недастатковасцю яго ўтварэння ў скуры пад уплывам ультрафіялетавых прамянёў. Пры Р. парушаецца абмен кальцыю і фосфару, шэрагу мікраэлементаў, бялку, адзначаецца недахоп вітамінаў груп B і C. Захваральнасць больш высокая ў асенне-зімовы перыяд. У дзяцей затрымліваецца развіццё, парушаецца фарміраванне касцей, зніжаецца імунітэт і інш., у выніку парушаецца асанка, бывае малакроўе, карыес і інш. Лячэнне: ультрафіялетавае апрамяненне скуры. прэпараты вітаміну D. У жывёлы на Р. найчасцей хварэюць парасяты, шчаняты, ягняты. Гл. таксама Авітамінозы, Вітамінная недастатковасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЕ МОВАЗНА́ЎСТВА,
агульная лінгвістыка, галіна мовазнаўства, якая вывучае універсальныя ўласцівасці і заканамернасці мовы як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця. Сярод гал. праблем агульнага мовазнаўства — сац. сутнасць, знакавасць, развіццё мовы, мова і мысленне, мова і грамадства, мова і паэт. творчасць; тыпалогія моў паводле іх будовы і асаблівасцяў функцыянавання, метады даследавання мовы. Паводле асаблівасцяў прадмета і метадаў даследавання вылучаюць: агульную фанетыку, лексікалогію, граматыку, стылістыку; лінгвістычную паэтыку; сацыялінгвістыку; псіхалінгвістыку, матэматычную лінгвістыку; тэорыю перакладу; этналінгвістыку і інш. З агульным мовазнаўствам цесна звязана прыкладное мовазнаўства, а таксама вывучэнне канкрэтных моў або груп моў. Фарміраванне агульнага мовазнаўства адбывалася з пач. 19 ст., найперш у працах В.Гумбальта. Уклад у яго развіццё зрабілі А.А.Патабня, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр. На Беларусі першыя публікацыі агульналінгвістычнага характару з’явіліся ў 1920-я г. («Асноўныя пытанні мовазнаўства» П.А.Бузука, 1926). Бел. мовазнаўцы вывучаюць агульналінгвістычныя праблемы знакавага семіялагічнага) характару мовы (В.У.Мартынаў), прыкладнога мовазнаўства (У.А.Карпаў, У.А.Зубаў), эксперым. фанетыкі (К.К.Барышнікава, Г.А.Мятлюк, А.І.Падлужны), агульнай лексікалогіі (А.І.Кісялеўскі, Б.А.Плотнікаў), стылістыкі (М.Я.Цікоцкі), псіхалінгвістыкі (Г.П.Кліменка, Б.Ю.Норман), тэорыі перакладу (П.І.Копанеў, В.П.Рагойша), сацыялінгвістыкі (Н.Б.Мячкоўская), двухмоўя (М.В.Бірыла, М.Г.Булахаў, А.Я.Міхневіч, П.П.Шуба). У Ін-це мовазнаўства АН Беларусі створаны аддзел, у БДУ і Гродзенскім ун-це — кафедры тэарэтычнага і слав. мовазнаўства.
Літ.:
Мечковская Н.Б., Плотников Б.Н., Супрун А.Е. Общее языкознание: Сущность и история языка. Мн., 1993.