змена афарбоўкі валасоў у серабрыста-белы колер ад змяншэння колькасці пігменту. Працэс, як правіла, неабарачальны. У пажылым узросце — нармальная фізіял. з’ява, заўчаснае паталаг. П. развіваецца з 20 гадоў. Выклікаецца захворваннямі эндакрыннай і нерв. сістэм, гіпавітамінозам, цяжкімі інфекцыямі, нерв. ўзрушэннямі, ператамленнем; вял. значэнне маюць спадчынныя фактары. Часовае П. ўзнікае пасля некат. хвароб (напр., рожы), прыёму лекаў. У гэтых выпадках афарбоўка валасоў звычайна аднаўляецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСКАРЫ́ЙКА, амацэт,
лічынка міногі. Жыве ў рэках, ручаях, пратоках пераважна ў грунце (адсюль назва).
Даўж. цела дасягае даўж. дарослых міног. Афарбоўка ад жоўта-белай да цёмна-шэрай. Рот у выглядзе трохвугольнай шчыліны. Вочы недаразвітыя. Плаўнікі няпарныя, развіты слаба. Корміцца дэтрытам, дробнымі беспазваночнымі. Ва ўзросце 3—5 гадоў ператвараецца ў дарослую міногу. Раней П. памылкова лічылі самаст. родам міног (Ammocoetes).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЮСЫ СВЕ́ТУпаўночны і Паўднёвы,
пункты перасячэння восі свету з нябеснай сферай. Паблізу Паўн. П.с. знаходзіцца Палярная зорка. Не ўдзельнічаюць у сутачным вярчэнні нябеснай сферы, але з прычыны прэцэсіі павольна перамяшчаюцца адносна зорак па эліпсе, які не замыкаецца, з вуглавым памерам вял. паўвосі 26°27′ і робяць поўны абарот за 26 тыс.гадоў. Пры гэтым з-за нутацыі маюць месца невялікія ваганні П.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РПУРА ТРАМБАЦЫТАПЕНІ́ЧНАЯ,
агульная назва хвароб чалавека з групы дыятэзаў гемарагічных. Абумоўлена зніжэннем колькасці трамбацытаў у крыві, парушэннем яе згусальнасці. Вылучаюць П.т. вострую і хранічную. Вострая часта назіраецца ў дзяцей 5—10 гадоў, звязана з віруснымі інфекцыямі (грып, адзёр, краснуха і інш.). Хранічная П.т. (т.зв. Верльгофа хвароба) бывае пераважна ў жанчын, правакуецца віруснай або бактэрыяльнай інфекцыяй, траўмай і інш. Лячэнне сімптаматычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ ГІМНА́ЗІІ.
Існавалі ў Полацку ў 1788—1918.
Праваслаўная духоўная гімназіязасн. ў 1788 пры пач. партыкулярнай школе ў Богаяўленскім манастыры (пераведзена сюды духоўная 2-класная гімназія з Невеля). Вучэбны курс быў пашыраны і тэрмін навучання павялічаны да 3 гадоў. Выкладаліся: рус., лац. і польск. мовы, арыфметыка, чыстапісанне, катэхізіс, нотныя спевы. Гімназія была філіялам Магілёўскай правасл. семінарыі (падрыхтоўчым аддзяленнем). Выкладчыкамі былі яе выхаванцы. Вучыліся дзеці мясц. святароў ва ўзросце 6—8 гадоў. З-за невял. колькасці выхаванцаў (штогод 20—30 юнакоў) у 1792 кіраўніцтва Пскоўскай епархіі вярнула яе ў Невель. Ваенная гімназія ўтворана ў 1865 на базе Полацкага кадэцкага корпуса ў выніку рэарганізацыі сістэмы ваен. асветы ў Рас. імперыі. Тэрмін навучання 6, з 1873—7 гадоў. Мела агульнаадук. праграму, але захавала традыцыйны для кадэцкага корпуса паўвайсковы ўклад і вайск. форму. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, матэматыка, геаметрыя, чарчэнне, фізіка, гісторыя, геаграфія, касмаграфія, ваенная падрыхтоўка, чыстапісанне і маляванне. У 1865 былі 333 выхаванцы. У 1872—74 існаваў праект адкрыць на базе гімназіі ун-т, а гімназію перавесці ў Вільню або Юр’еў. У 1882 рэарганізавана ў кадэцкі корпус. У гімназіі вучыўся генерал Р.І.Кандраценка. Жаночая дзяржаўная гімназія засн. 1.1.1903. Мела 2-класнае падрыхтоўчае аддзяленне, 7 асн. класаў і 8-ы педагагічны. У 1911 у штаце былі кіраўнік, 8 наглядчыц, 5 законанастаўнікаў, 15 выкладчыкаў. Займалася 360 вучаніц. Выкладаліся: рус., ням. і франц. мовы, педагогіка, матэматыка, геаграфія, фізіка, методыка выкладання. маляванне, чыстапісанне, рукадзелле, спевы. Скасавана ў 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВЫХ (сапр.Баранаў) Сымон Якаўлевіч
(1.9.1900, в. Рудкова Уздзенскага р-на Мінскай вобласці — 10.11.1942),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1931). У 1936 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1927. У апавяданнях (зб. «Злосць», 1930) узнавіў сцэны вясковага побыту, сял. працы, эпізоды барацьбы супраць польск. інтэрвентаў. У аповесцях «Чужая зямля» (друк. ў 1929 пад назвай «На абрэзках зямлі»; асобнае выд. 1930), «Межы» (1929—30) і «Новая дарога» (пад назвай «Два канцы», апубл. 1931—32; асобнае выд. 1936), адлюстраваў класавую барацьбу на вёсцы ў 1920-я г. і ў час калектывізацыі. На вострых сац. канфліктах пабудавана прыгодніцкая аповесць для дзяцей «Пастка» (1934) і раман «Калі ўзыходзіла сонца» (нап. 1935—36, выд. 1957), у якім паказана дзейнасць маладых рамантыкаў-падпольшчыкаў у бел. гарадку ў час акупацыі польск. войскамі.
Тв.:
Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты. Мн., 1989.
Літ.:
Пальчэўскі А. Сябар далёкіх гадоў // Пальчэўскі А. Выбр.тв.Мн., 1975. Т. 2;
Казека Я. Сымон Баранавых // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984;
Савік Л. Сымон Баранавых // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гадоў. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЕ́ВІЧ (Яфім Яфімавіч) (27.2.1888, Мінск — ?),
дзеяч бел.нац. руху. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). У 1-ю сусв. вайну на фронце, прапаршчык, штабс-капітан. Удзельнік Усебел. з’езда 1917, чл. яго прэзідыума. Міністр юстыцыі і фінансаў (да ліп. 1918) у Народным сакратарыяце Беларусі. Дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у Кіеве, Адэсе, Берліне і інш. У 1919 арыштаваны палякамі як дзеяч БНР. У 1918—19 чл.Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў, у 1920 — Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). 1.10.1920 арыштаваны асобым аддзелам Зах. фронту па падазрэнні ў контррэв. дзейнасці, вызвалены праз 6 месяцаў. У 1920—22 служыў у чыг. часцях Чырв. Арміі ў Гомелі. Удзельнічаў у правядзенні ліквідацыйнага з’езда БПС-Р (чэрв. 1924). У 1925—30 упаўнаважаны Наркамфіна БССР, з 1931 працаваў у Белшвейаддзяленні ВСНГ. У 1932 арыштаваны ДПУ БССР і засуджаны на 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Пакаранне адбываў у Свірлагу, дзе ў 1936 зноў арыштаваны і прыгавораны да 5 гадоў. Далейшы лёс невядомы. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны ў 1963, па 2-м — у 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬМАН (Міхаіл Барысавіч) (29.10.1894, г. Кабялякі, Украіна — 27.12.1937),
удзельнік рэв. руху, эканаміст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1916), Ін-тчырв. прафесуры ў Маскве (1927). З 1914 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. З 1916 у арміі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. Петраградскага Савета, з мая 1917 старшыня Магілёўскага Савета сял. дэпутатаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 левы эсэр, старшыня выканкома Савета рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Магілёўскай губ., нам. старшыні Бел.абл.к-та. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. З 1918 чл. РКП(б). З 1918 нам. старшыні Сімбірскага губ. выканкома і ваенкома, старшыня рэўтрыбунала. У 1921—23 супрацоўнік Усх. сектара Выканкома Камінтэрна, старшыня Камісіі Наркамата замежных спраў СССР. У 1924—25 у Дзяржплане СССР і ў аддзеле друку ЦКВКП(б). З 1927 дацэнт БДУ. Выступаў супраць палітыкі беларусізацыі. Аўтар прац па эканоміцы. У ліп. 1927 за ўдзел у т.зв. трацкісцка-зіноўеўскім блоку выключаны з ВКП(б); у 1929 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў ссылкі. У 1936 паўторна асуджаны на 5 гадоў зняволення, пазней — да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРБу чалавека,
вынік паталаг. змены крывізны пазваночніка, выкліканай разбурэннем цел пазванкоў туберкулёзным працэсам, іх спаданнем, парушэннем суадносін паміж пазванкамі, зрушэннем назад асцістых адросткаў і дужак разбураных цел. Перыяд ад занесенай у пазванкі інфекцыі да з’яўлення гарба ў хворых, якія не лечацца, залежыць ад узросту (ва ўзросце 3 гадоў горб з’яўляецца праз 3—6 месяцаў, пасля 5 гадоў — праз 8—12 месяцаў), стану здароўя, месца лакалізацыі пашкоджання (у шыйным і паяснічным аддзелах горб выяўляецца пазней і пры значных разбурэннях, у грудным — раней і хутка павялічваецца). У дарослых пераважна краявое пашкоджанне цел пазванкоў і горб не ўтвараецца нават пры пашкоджанні значнай іх колькасці. У дзяцей пры туберкулёзным пандыліце частка пазванкоў, што знаходзяцца вышэй над разбуранымі, нахіляецца ўперад, заднія часткі разбураных цел выгінаюцца назад і ўтвараюць горб. Яго форма і памер залежаць ад ступені пашкоджання пазваночніка (пры частковым разбурэнні цел пазванкоў горб мае дугападобную форму), лакалізацыі пашкоджання (верхнегрудны аддзел — месца самых вял. дэфармацый, у сярэднегрудным аддзеле форма гарба найчасцей востравугольная, у паяснічным не бывае вял. гарба). Лячэнне туберкулёзнага спандыліту антыбактэрыяльнае і артапедычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУ́БЫ,
косцепадобныя органы большасці пазваночных жывёл і чалавека ў ротавай поласці на альвеалярных адростках верхняй і ніжняй сківіцы (у некат. рыб у глотцы). Асн. функцыі: захопліванне, трыманне і перажоўванне яды; у некат. жывёл служаць аховай ад ворагаў, у чалавека прымаюць удзел у голасаўтварэнні.
З. ўтвараюцца з эпітэліяльнай і злучальнай тканак. Складаюцца з відазмененай косці (эмалі, дэнціну, цэменту). Маюць каронку (выступае над сківіцай, укрыта эмаллю), корань (размешчаны ў сківіцы, укрыты цэментам), шыйку (злучальная тканка). Унутры З. ёсць поласць, запоўненая зубной мякаццю (пульпай), у якой праходзяць крывяносныя сасуды і нервы; крывёй забяспечваюцца верхне- і ніжнесківічнымі артэрыямі, інервуюцца трайнічным нервам. У залежнасці ад формы каронкі і прызначэння адрозніваюць разцы, іклы, карэнныя З., ад колькасці каранёў — 1-, 2-, 3-карэнныя. Колькасць З. у драпежных жывёл да 44, у некат. сумчатых — да 58, у дэльфінаў — 240. У млекакормячых і чалавека 2 змены З.: малочныя (20, прарэзваюцца з 6 да 30 месяцаў) і сталыя (32, з 6 да 16 гадоў), З. мудрасці — да 30 гадоў. Найб. распаўсюджаныя пашкоджанні З.: зубны камень, карыес зубоў, пульпіт, перыядантыт і інш.