1) верхні ярус вежаў абарончых збудаванняў у драўляным дойлідстве Беларусі, Польшчы, Украіны 16—17 ст. Звычайна выступала за аб’ёмы вежы, завяршалася шатровым дахам. Выступы знізу былі адкрытыя і выконвалі ролю машыкуляў.
2) Зрубная апора мастоў.
3) Зруб у складзе канструкцый, што закладваліся для большай трываласці ўнутр земляных абарончых валоў сярэдневяковага горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЯ́НСКІ ШКЛОЗАВО́Д.
Засн. ў сярэдзіне 18 ст. ў мяст. Ілья (цяпер вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл.). Спачатку дзейнічаў як прыгонная мануфактура, выпускаў шкляны посуд і аконнае шкло. У 1815 на заводзе былі 2 шклоплавільныя печы. З 1900 дзейнічаў лакамабіль. У 1905 працавала 157 рабочых. У 1908—13 выпускалі сталовы, хрустальны прасаваны, паліраваны і аптэкарскі посуд, лямпавае шкло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ДАЎБ, кодаўб,
пасудзіна, выдзеўбаная са ствала дрэва (ліпы, вольхі, асіны). Мела розныя памеры, цыліндрычную форму. Побач з аднадоннымі трапляліся К. з двума днішчамі і адтулінай збоку. Выкарыстоўваліся для захоўвання збожжа, круп, мукі, К. меншых памераў — для мёду (звычайна рабілі з ліпы). Былі пашыраны ў лясных і падлесных зонах Беларусі і інш. краін. Часам сустракаюцца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЦКІХ КУРГАНО́Ў КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 2 — пач. 6 ст., помнікі якой пашыраны на тэр. Чарнавіцкай, Івана-Франкоўскай і Закарпацкай абл. Украіны і Румыніі. Помнікі яе даследаваліся з 1880-х г. Выяўлены рэшткі наземных паўзямлянкавых жытлаў, пахаванні з абрадам трупаспалення, шматлікія прадметы побыту. Носьбіты культуры — аселыя земляробча-жывёлагадоўчыя плямёны, якія, відаць, былі продкамі харватаў, што згадваюцца ў «Аповесці мінулых гадоў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧА́ЛКІ,
у беларусаў і інш.слав. народаў прыстасаванні для разгладжвання тканых вырабаў (бялізны, адзення). Накручаны на качалку (даўж. 40—60, дыяметр 4—6 см) выраб раскочвалі валком (прамы ці выгнуты драўляны брус даўж. 65—80, шыр. 8—10 см з нарэзанымі ўпоперак трапецападобнымі зубцамі і ручкай). Былі пашыраны па ўсёй Беларусі. Трапляюцца і ў наш час.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАНІ́Я (Lakōnia),
Лаканіка, паўднёва-ўсходняя вобласць п-ва Пелапанес у Стараж. Грэцыі на мяжы з Аргалідай і Аркадыяй на Пн, Месеніяй на 3. У 12 ст. да н.э. заваявана дарыйцамі, якія на яе тэрыторыі заснавалі дзяржаву Спарта (афіц. назва Лакедэмон). Назвы Л., Лакедэмон, Спарта часта выкарыстоўваюцца як сінонімы. Паводле паданняў жыхары Л. былі вядомы дакладнасцю і сцісласцю мовы — лаканізмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПТЫМІ́СТЫ,
у Францыі пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 прыхільнікі звергнутай дынастыі Бурбонаў, пераважна буйныя землеўладальнікі-арыстакраты і вышэйшае каталіцкае духавенства. У 1830—48 былі ў апазіцыі да Ліпеньскай манархіі, пасля Рэвалюцыі 1848 у Францыі ў перыяд Другой рэспублікі разам з арлеаністамі ўваходзілі ў склад контррэвалюцыйнай «партыі парадку». У больш шырокім сэнсе Л. называюць манархістаў — прыхільнікаў звергнутых дынастый у любой краіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБІТЫ́НА,
у старажытнарымскай міфалогіі багіня пахавання. У яе храме, які знаходзіўся ў прысвечаным ёй гаі, захоўваліся пахавальныя прыналежнасці. За кожнае пахаванне ў храм Л. плацілі манету і такім чынам вёўся ўлік памерлых. Пазней Л. атаясамлівалі таксама з Венерай і багіняй падземнага царства Празерпінай. Л. былі прысвечаны сады і вінаграднікі. У стараж.-рым. паэтаў Л. — сінонім смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКРАНІ́ ПАЎСТА́ННЕ 1871—72,
антыфранцузскае паўстанне араб. і кабільскіх плямён Алжыра. Пачалося ў крас. 1871 у акрузе Меджана. Пад кіраўніцтвам Сі аль-Хадж Мухамеда Мукрані паўстанцы авалодалі б.ч.Усх. Алжыра. Пасля гібелі Мукрані 5.5.1871 барацьбу ўзначаліў яго брат Ахмед Бу Мезраг. Да ліп. 1871 асн. сілы паўстанцаў былі разбіты франц. войскамі, канчаткова паўстанне задушана ў студз. 1872.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАРО́ЖЧЫНА,
від феад. павіннасці ў ВКЛ у 16—18 ст. Бралася феадалам з сялян як грашовы эквівалент падводнай павіннасці, паводле якой сяляне абавязаны былі даваць землеўладальнікам падводы для перавозкі прадукцыі да рачных прыстаней і ў горад. Памер вызначаўся паводле мясц. звычаю і фіксаваўся ў інвентарах. Часам П. — разнавіднасць грашовага чыншу, які плаціў кожны сял. двор (т.зв. падвароўшчына).