МАКЛЯЦО́ВА Наталля Мікалаеўна (8.10.1909, в. Мсціслаўская Слабодка Дарагабужскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 13.8.1993),

бел. архітэктар. Канд. тэхн. н. (1954). Скончыла Ленінградскі інж.-буд. ін-т (1931). З 1931 працавала ў ін-тах «Белдзяржпраект», «Белпрампраект» (у 1944—48 гал. архітэктар), адначасова выкладала ў БПІ (1938—41, 1945—75). Асн. работы: Мінскі жылы дом спецыялістаў, 8-павярховы дом на пл. Я.​Коласа (1957, у сааўт.) і рэканструкцыя гал. корпуса БПІ (1937) у Мінску; жылыя дамы (1936) па вул. Першамайскай у Гомелі, тыпавы праект 24-кватэрнага дома (у 1932—38 пабудаваны ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Барысаве і інш.). Навук. працы па тэарэт. метадалагічных асновах праектавання жылых будынкаў.

Тв.:

Архитектура и градостроительство Советской Белоруссии. Мн., 1957 (у сааўт.);

Основы проектирования жилых зданий. Мн., 1960 (у сааўт.).

А.​А.​Воінаў.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ Вісарыён Міхайлавіч (6.6. 1762—1804),

бел. архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Скончыў Пецярбургскую АМ (1782). Працаваў у Пецярбургу, у 1783—85 у Маскве пад кіраўніцтвам арх. В.​Бажэнава прымаў удзел у буд-ве палацавых ансамбляў Падмаскоўя. У 1785—99 Магілёўскі губернскі архітэктар. Удзельнічаў у перабудове гарадоў Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Паводле яго праектаў пабудаваны саляныя крамы ў Рагачове і Нова-Беліцы (з 1854 прадмесце Гомеля) і 2 мураваныя флігелі для дзярж. установы ў Клімавічах Магілёўскай вобл. (усе 1787); астрог (1796), палац губернатара і будынак дзярж. устаноў (1797, прыстасаваны будынак б. манастыра базыльян) у Віцебску, зрабіў праект мытні ў Талачыне Віцебскай вобл. (1788). Ажыццяўляў тэхн. кіраўніцтва буд-вам Магілёўскага Іосіфаўскага сабора, пасля завяршэння яго выканаў інвентарызацыйныя чарцяжы і падрабязнае апісанне будынка (1780—98), некат. дапрацоўкі Крычаўскага палаца (1785).

В.​Ф.​Марозаў.

т. 12, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБАНЕ́НКА Барыс Рафаілавіч (29.8.1910, г. Самара, Расія — 6.5.1985),

расійскі архітэктар. Нар. архітэктар СССР (1980). Акад. Акадэміі буд-ва і архітэктуры СССР (1956) і АМ СССР (1979). Чл.-кар. Акадэміі буд-ва ГДР (1975). Д-р архітэктуры (1967). Праф. (1970). Вучыўся ў ін-тах грамадз. інжынераў (1927—31) і жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1932—34). З 1963 дырэктар Цэнтр. НДІ эксперым. праектавання жылля (Масква). Сярод работ: жылыя дамы ў С.-Пецярбургу (1932—47), Дом урада ў г. Алматы (Казахстан; 1958), забудова гарадоў Тальяці (1967), Набярэжныя Чаўны (1970, усе ў сааўт.) і інш. Работы на Беларусі: ансамбль Прывакзальнай пл. ў Мінску (1948—56), «Эскіз планіроўкі Мінска» (1944, у сааўт.). Аўтар даследавання па праблемах масавага жыллёвага буд-ва ў СССР. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Б.​М.​Мяржанаў.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАХТЭНБЕ́РГ Навум Яфімавіч (4.1.1910, г. Бахмач Чарнігаўскай вобл., Украіна — 16.10.1977),

бел. архітэктар. Скончыў Адэскі ін-т грамадз. і камунальнага буд-ва (1932). У 1953—56 кіраўнік майстэрні Генплана ў ін-це «Мінскпраект», адначасова ў 1954—76 выкладчык БПІ. Асн. работы (у сааўт.): у Мінску — праект дэталёвай планіроўкі горада (1939), генпланы (1946, карэкціроўкі 1952, 1958; 1965, карэкціроўкі 1969, 1972—73), праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра, праект планіроўкі і забудовы 2-й чаргі Ленінскага праспекта (цяпер Скарыны праспект; 1953, Дзярж. прэмія Беларусі 1968); генпланы Бабруйска (1936, 1939), Магілёва (1939), праект забудовы цэнтр. ч. Віцебска (1950). Гал. архітэктар і аўтар схемы планіроўкі прыгараднай зоны Мінска (1964), праекта планіроўкі зоны адпачынку на Заслаўскім вадасховішчы пад Мінскам (1968).

Тв.:

Минск: Послевоен. опыт реконструкции и развития. М., 1966 (у сааўт.).

т. 15, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́САЎ Аляксандр Васілевіч (1.11.1900, с. Вял. Коша Селіжараўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 25.9.1962),

расійскі архітэктар. Акад. (1947), прэзідэнт Акадэміі архітэктуры СССР (1955—56). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928). З 1931 выкладаў у Маскоўскім арх. ін-це. Адзін з заснавальнікаў Усерас. т-ва (у 1929—32 Усесаюзнага аб’яднання) пралетарскіх архітэктараў. З 1944 гал. архітэктар Кіева, у 1950—55 — Масквы. Асн. работы: у Маскве — Крымскі мост (1936—38, інж. Б.​Канстанцінаў), комплекс стадыёна ў Лужніках (1955, у аўт. калектыве; Ленінская прэмія 1959), генплан і асобныя ч. ансамбля Цэнтр. парку культуры і адпачынку імя М.​Горкага (1935—41); забудова вул. Крашчацік у Кіеве (план 1945—47, у аўт. калектыве; Дзярж. прэмія СССР 1950).

Літ.:

Астафьева-Длугач М.И. А.​Власов // Зодчие Москвы. М., 1988. Кн. 2.

А.В.Уласаў.

т. 16, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВАШЭ́ЕЎ Сяргей Паўлавіч (н. 5.1.1944, г.п. Старобін Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1999). Скончыў БПІ (1967). Працуе ў ін-це «Гомельграмадзянпраект» (з 1999 нам. дырэктара па архітэктуры). Асн. работы (у сааўт.): генпланы гарадоў Гомель (1974—77), Мазыр (1975—78), Рэчыца (1978—80); планіроўка і забудова мікрараёнаў №5 (1977), 5А (1990) і пасёлка Крынічны (1978) у Мазыры, мікрараёнаў №16, 17, 19, 20, 53, 59 у Гомелі (усе 1980—90-я г.); праекты дэталёвай планіроўкі цэнтраў Гомеля (1979) і Мазыра (1982), жылых раёнаў «Паўднёвы» (1983) і «Валатава» (1985) у Гомелі. Аўтар праектаў рэканструкцый Парку культуры і адпачынку імя Луначарскага, дзіцячага сквера па вул. Савецкай, плошчы Перамогі ў Гомелі, парку ў г. Шклоў Магілёўскай вобл. (усе 1990—2000-я г.).

т. 18, кн. 1, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́СЛАЎ Уладзімір Васілевіч (1857—1921),

рускі архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1893). Вывучаў і прапагандаваў помнікі стараж.-рус. архітэктуры. На Беларусі рэстаўрыраваў Камянецкую вежу (1903), выканаў праект рэстаўрацыі Віцебскай Ільінскай царквы. Займаўся вывучэннем і кансервацыяй Лідскага замка.

А.​А.​Трусаў.

т. 15, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЧЭ́ЦКІ Б.Л., бел. архітэктар канца 18—1-й пал. 19 ст. У 1827 пабудаваў Сноўскі палацава-паркавы ансамбль. Стварыў шэраг праектаў пабудоў для сядзібы ў в. Беніца Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. і ў г. Пружаны Брэсцкай вобл.

т. 16, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУЭ́Л, Манвел,

армянскі архітэктар 10 ст. Прыдворны дойлід цара Гагіка Арцруні. Стваральнік комплексу збудаванняў на в-ве Ахтамар (цяпер тэр. Турцыі) — палаца, прыстані, абарончых умацаванняў (не захаваліся) і арм. царквы св. Крыжа (915—921), аздобленай фрэскамі і разьбой па камені.

т. 10, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДЭ́ЦІ (Pedetti) Маўрыцыо (1719, Караска, каля г. Мілан, Італія — 14.3.1799),

італьянскі архітэктар. У 1748—52 працаваў у Нясвіжы ў кн. Радзівілаў. Пабудаваў капліцу ў двары Нясвіжскага касцёла езуітаў, удзельнічаў у буд-ве невял. палаца «Кансаляцыя» ў Альбінскім палацава-паркавым ансамблі.

т. 12, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)