вадаплаўная птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў тундры і лесатундры Еўразіі і Амерыкі. Трымаецца чародамі. На Беларусі рэдкі пралётны від.
Даўж. да 60 см, маса да 0,9 кг. Афарбоўка стракатая, мяняецца па сезонах. Вакол вачэй белае кольца. 2 сярэднія пары рулявых пёраў утвараюць доўгі (да 20 см) востры хвост. Корміцца насякомымі, малюскамі, ракападобнымі, дробнай рыбай. Гняздуецца па берагах рэк і азёр. Нясе да 10 яец. Аб’ект палявання.
Маранка: 1 — летам; 2 — зімой (а — самка; б — самец).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХА́ВЕ (Mohave),
пустыня на ПдЗ ЗША, у паўд. частцы штата Каліфорнія; частка Вялікага Басейна. Пл. каля 30 тыс.км². Вастраверхія хрыбты (выш. да 3366 м) чаргуюцца з шырокімі і глыбокімі катлавінамі, запоўненымі пяском, у т. л.Даліна Смерці. Клімат рэзка кантынентальны, з гарачым летам. Ападкаў 45—150 мм за год, часам іх не бывае гадамі («полюс сухасці» Паўн.Амерыкі). Шэраг невял. салёных азёр. Зараснікі крэазотавых хмызнякоў, сукуленты (юкі, кактусы і інш.). У паўд.ч. запаведнік Джошуа-Тры (ахова пустыннай расліннасці і фауны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІМО́ЗА (Mimosa),
род кветкавых раслін сям. бабовых. 400—500 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Амерыкі, некат. віды — у Афрыцы і Азіі. На Беларусі — у аранжарэях.
Шматгадовыя травы, кусты (часам ліяны), дрэвы, часта з калючкамі. Лісце двойчыперыстае. У некат. відаў (напр., вечназялёнага кусціка М. сарамлівай (M. pudica)] лісце здольнае да рухаў (настый). пры дакрананні ці наступленні цемнаты складваецца і апускаецца. Кветкі дробныя, у галоўчатых або коласападобных суквеццях. Плод — боб, пры выспяванні распадаецца на членікі. М. няправільна называюць акацыю серабрыстую.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРДЗІ́НЫ,
рыбы сям. селядцовых. 2 роды, у кожным па 1 відзе (з падвідамі): С. еўрапейская (Sardina pilchardus) і С. ціхаакіянская (Sardinops sagax, яе падвід — С. далёкаўсходняя, або івасі). Пашыраны ва ўмерана цёплых і субтрапічных водах абодвух паўшар’яў, акрамя ўсх. узбярэжжаў Паўн. і Паўд.Амерыкі.
Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў; даўж. да 35 см (звычайна 15—20). Уздоўж спіны па баках шэраг цёмных плям, каля хваставога плаўніка — пара падоўжаных лускавінак («крыльцы»), на шчэлепнай накрыўцы — радыяльныя раўчукі. Планктафагі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РА,
агульная назва 2 родаў (Ara і Anadorhynchus) клінахвостых папугаяў атр. папугаепадобных. 18 відаў. Жывуць у лясах Паўн. і Паўд.Амерыкі. Як дэкар. птушкі завезены ў многія краіны свету. Найб. вядомыя ара чырвоны (Ara macao), ара блакітны (Ara ararauna), ара гіяцынтавы (Anadorhynchus hiacinthinus).
Гіяцынтавы ара даўж. да 1 м. Ярка афарбаваныя птушкі з доўгім хвастом. Дзюба моцная. Чароды ара часам шкодзяць пладовым дрэвам. Лёгка прыручаюцца і могуць «гаварыць». Некаторыя ахоўваюцца. Трохкаляровы ара вымер на Кубе ў 1880-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ АМЕРЫКА́НСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (Organization of American States; ААД),
рэгіянальная арг-цыя дзяржаў Паўн., Цэнтр. і Паўд.Амерыкі. Створана ў 1948 на 9-й Міжамер. канферэнцыі ў Багаце (Калумбія). Уваходзяць 35 дзяржаў (акрамя Кубы; 1991). Асн. мэты — падтрымка міру ў зах. паўшар’і, забеспячэнне калект. бяспекі і мірнага вырашэння праблем; спрыянне эканам., сац. і культ. супрацоўніцтву; каардынацыя дзейнасці розных міжамер. арг-цый. У 1959 створаны Міжамер. банк развіцця. Вышэйшыя органы ААД — міжамер. канферэнцыя (збіраецца кожныя 5 гадоў), ген. асамблея міністраў замежных спраў, пастаянны савет (кожная дзяржава прадстаўлена паслом), ген. сакратарыят (знаходзіцца ў Вашынгтоне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЕЛІ́НУСЫ (Aphelinus),
род паразітычных насякомых атр. перапончатакрылых. 40 відаў, на Беларусі 16—17. Найб. вядомыя Aphelinus asychis, Aphelinus chaonia, Aphelinus varipes.
Даўж. 0,5—1,5 мм. Цела чорнае або з жоўтым малюнкам. Брушка сцябліністае, рухома злучанае з грудзьмі. Размнажэнне пераважна палавое. Дарослыя кормяцца нектарам кветак. Некаторыя — эфектыўныя паразіты тлёў. Aphelinus mali завезены ў 1926—30 з Паўн.Амерыкі, выкарыстоўваецца ў біял. барацьбе з небяспечным шкоднікам яблыняў — крывяной тлёй. Самкі афелінусаў адкладваюць яйцы ў цела тлі, лічынкі, што з іх выходзяць, знішчаюць тлю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ФІНАВА ЗЯМЛЯ́ (Baffin Island),
в-аў на ПнУПаўн.Амерыкі, самы вял. ў Канадскім Арктычным архіпелагу, тэр. Канады. Пл. 476 тыс.км². Выцягнуты з ПнЗ на ПдУ амаль на 1350 км, аддзелены ад Грэнландыі Дэвісавым пралівам.
Берагі фіёрдавыя. Усходняя ч. гарыстая (выш. да 2591 м), значныя ледавікі (83 тыс.км²); заходняя — узгоркавая раўніна (выш. 150—200 м) са шматлікімі балотамі і вял. азёрамі. Складзены з крышт. парод, пераважна гнейсаў і сланцаў. Расліннасць мохава-лішайнікавай і хмызняковай тундры. Нац. парк Аўюітук. Асн. населены пункт — Фробішэр-Бей. В-аў названы ў гонар У.Бафіна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ»,
незалежная, народна-радыкальная газета групы Беларускі фронт, створанай ксяндзом В.Гадлеўскім. Выходзіла штомесячна з чэрв. 1936 да жн. 1939 (у 1939 два разы на месяц) у Вільні на бел. мове. Выйшла 50 нумароў, некаторыя з іх былі канфіскаваны. Выступала за роўныя паліт., эканам. і сац. правы ўсяго бел. народа. Асвятляла жыццё беларусаў у Зах. Беларусі, БССР, краінах Зах. Еўропы і Амерыкі; імкнулася быць іх аб’яднаўчым органам пад заклікамі незалежнасці, нац. годнасці і роўнасці. Спыніла існаванне ў сувязі з пачаткам 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ САВА́, палярная сава (Nyctea scandiaca),
птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана кругапалярна, характэрна для Арктыкі і Субарктыкі: у тундрах Еўразіі, Паўн.Амерыкі і на а-вах Паўн. Ледавітага ак. Вандроўная птушка. На Беларусі вельмі рэдкі зімуючы від.
Даўж. цела 56—65 см, маса 1,4—2,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне белае з бураватымі стракацінамі розных памераў або э бурымі папярочнымі палоскамі. Самцы больш светлыя, чым самкі, зрэдку зусім белыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Радужына ярка-жоўтая. Гняздо на зямлі ў выглядзе ямкі. Корміцца мышападобнымі грызунамі, птушкамі, зайцамі.