АЙМА́НАЎ (Шакен Кенжатаевіч) (15.2.1914 — 23.12.1970),

казахскі акцёр і рэжысёр; адзін з пачынальнікаў нац. кіно. Нар. арт. СССР (1959). З 1933 у Казахскім т-ры драмы імя Аўэзава (Алматы). З 1940 у кіно. Выканаў ролю Джамбула ў аднайм. фільме; паставіў карціны «Паэма пра каханне», «Наш мілы доктар», «Зямля бацькоў», «Канец атамана» і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952 і Дзярж. прэмія Казахстана 1968. Імя. Айманава прысвоена кінастудыі «Казахфільм».

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАНРА́ВАЎ (Барыс Георгіевіч) (16.4.1896, Масква — 27.10.1949),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1937). З 1915 у МХАТ. У яго мастацтве спалучаліся шчырасць, мужная прастата з рамантычным натхненнем і паэт. пафасам. Сярод роляў: Мышлаеўскі («Дні Турбіных» М.​Булгакава), цар Фёдар («Цар Фёдар Іванавіч» А.​К.​Талстога), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава). З 1920 здымаўся ў кіно: «Пецярбургская ноч», «Аэраград», «Узнятая цаліна», «Аповесць пра сапраўднага чалавека» і інш.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРВІ́ЛЬ [Bourvil; сапр. Рэмбур (Raimbourg) Андрэ; 27.7.1917, в. Бурвіль, Нармандыя, Францыя — 22.9.1970],

французскі акцёр. У 1938 дэбютаваў у мюзік-холе і на радыё. З 1945 у кіно. Напачатку выступаў у амплуа камічнага прастака, пазней ствараў псіхалагічна глыбокія вобразы, выконваў таксама камічныя і драм. ролі. Сярод фільмаў: «Усё золата свету», «Разява», «Вялікая прагулка», «Праз Парыж», «Адвержаныя», «Чырвоны круг».

Літ.:

Клод К. Бурвиль: Пер. с фр. М., 1973.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАМАТЫ́ЧНАЯ СЕ́КЦЫЯ БЕЛАРУ́СКАЙ ВУЧНЁЎСКАЙ ГРАМАДЫ́ Існавала ў кастр. 1919 — ліп. 1920 у Мінску. Аб’ядноўвала маладых аматараў тэатр. мастацтва. Працавала ў «Беларускай хатцы». Кіраўнік С.​Іваноў

(Сымон-Музыка). Ставіліся пераважна бел. аднаактовыя п’есы: «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага, «Пасля смерці» і «На маскарад» Іванова, «Слуцкая варона» і «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «На дарозе жыцця» Я.​Коласа і інш. Сярод удзельнікаў былі акцёр А.Ільінскі (Лапаць малодшы),

паэт А.Дудар.

т. 6, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ ((Drew) Джон) (13.11.1853, Нью-Йорк — 9.7.1927),

амерыканскі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у т-ры «Арч-стрыт». У 1875—92 у трупе антрэпрэнёра О.​Дэйлі (Нью-Йорк), адзін з вядучых акцёраў трупы. Яго ігра вызначалася вытанчанасцю манер, лёгкасцю і шчырасцю. Сярод роляў: Розенкранц, Петручыо («Гамлет», «Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), гаспадар гасцініцы («Рып Ван Вінкль» паводле У.​Ірвінга). З 1892 выступаў у якасці «зоркі» ў гастрольных трупах.

т. 6, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБЮРО́ ((Deburau) Жан Батыст Гаспар) (31.7.1796, г. Колін, Чэхія — 17.6.1846),

французскі акцёр-мім. З сям’і вандроўных акцёраў-акрабатаў. З 1816 у трупе т-ра «Фюнамбюль» («Канатныя танцоры»). Стварыў у розных пантамімах вобраз П’еро, які стаў папулярным нар. камічным героем і атрымаў сусв. вядомасць. Захаваўшы старадаўні фарсавы грым П’еро, Д. змяніў яго аблічча і касцюм. У сучаснай пантаміме традыцыі Д. знайшлі працяг у творчасці Ж.Л.Баро і М.Марсо.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́НІС (Генрых Юр’евіч) (20.5.1889, в. Пабяржэ Вільнюскага р-на, Літва — 4.11.1955),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1941). У 1908—15 працаваў у антрэпрызах на Д.​Усходзе, у 1917—19 у т-рах Петраграда. У 1919 у Першым т-ве бел. драмы і камедыі (выканаў ролі Пустарэвіча, Старца ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» Я.​Купалы). З 1920 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Акцёр яркай сцэн. індывідуальнасці; яму былі ўласцівы вострая камедыйнасць і лірыка-драм. афарбоўка роляў. Створаныя ім нар. характары адметныя сакавітым гумарам, нац. каларытам: Даніла («На Купалле» М.​Чарота), Каваль («Каваль-ваявода» Е.​Міровіча), Мікола («Салавей» З.​Бядулі), Анісім («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), Нічыпар, Сымон Верас («Хто смяецца апошнім», «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы). У класічным рэпертуары асаблівы поспех меў у ролі Журдэна («Мешчанін у дваранах» Мальера). Сярод інш. значных роляў: Дзяк («Пісаравы імяніны» У.​Галубка), Людавіка («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі). Здымаўся ў кіно: «Кармялюк», «Хто смяецца апошнім» і інш.

Г.Грыгоніс. Мастак М.​Філіповіч. 1927.
Г.Грыгоніс у ролях Журдэна (злева) і Нічыпара.

т. 5, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Георгій Андрэевіч) (н. 20.7.1922, Масква),

бел. акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Беларусі (1967). Скончыў Маскоўскае гар. тэатр. вучылішча (1944), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Ленінградскім тэатр, ін-це імя А.​Астроўскага (1955). З 1944 акцёр, з 1951 і рэжысёр, у 1965—79 гал. рэжысёр Брэсцкага абл. драм. т-ра імя ЛКСМБ. У 1979—87 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Акцёрскае мастацтва Волкава вызначалі вострая характарнасць у спалучэнні з тонкім псіхал. аналізам і лірызмам: Лапшын («У пошуках радасці» В.​Розава), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі) і інш. Як рэжысёру Волкаву характэрна арганічнае адчуванне акцёра, адметнае прачытанне твора і наданне яму выразнай сцэн. формы: «Беспасажніца» А.​Астроўскага (1957), «Выбачайце, калі ласка» (1958) і «Зацюканы апостал» (1972) А.​Макаёнка, «Джэні Герхарт» паводле Т.​Драйзера (1958), «Пігмаліён» Б.​Шоу (1964), «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна (1966), «Людзі і камяні» (1968) і «Брэсцкі мір» (1969) К.​Губарэвіча, «Апошняя інстанцыя» (1975) і «Нашчадак» (1976) М.​Матукоўскага, «Месяц у вёсцы» паводле І.​Тургенева (1975; т-р імя Ю.​Астэрвы ў г. Люблін, Польшча).

Г.А.Волкаў.

т. 4, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМЕ́ЛЬСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (1884, г. Томск, Расія — 19.4.1939),

рускі акцёр і рэжысёр; заснавальнік рус. т-ра на Беларусі. Засл. арт. Беларусі (1933). Засл. дз. маст. Беларусі (1938).

Сцэн. дзейнасць пачаў у 1904 акцёрам у правінцыі, з 1910 антрэпрэнёр, у 1916—19 працаваў у т-рах Масквы, Яраслаўля. У 1923—27 трупа пад яго кіраўніцтвам гастраліравала на Украіне і Беларусі. У 1928 арганізаваў рус. т-р у Бабруйску (Дэпо-тэатр). Заснавальнік, кіраўнік (1932—36) і акцёр Дзяржаўнага рускага драм. т-ра Беларусі. Артыст шырокага творчага дыяпазону, пераканаўчай маст. праўды, моцнага тэмпераменту, майстар пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Гай («Мой сябар» М.​Пагодзіна), Вяршынін («Браняпоезд 14-69» У.​Іванава), Скутарэўскі («Скутарэўскі» Л.​Лявонава), Мамлак («Прафесар Мамлак» Ф.​Вольфа). Яго пастаноўкам уласцівы тонкі маст. густ, дакладнае пачуццё стылю аўтара. Найб. значныя: «Мой сябар» і «Ягор Булычоў і іншыя», «Скутарэўскі», «Тарцюф», «Прафесар Мамлак», «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава, «Шалёныя грошы» А.​Астроўскага.

І.​Я.​Ліснеўскі.

У.У.Кумельскі.
У.Кумельскі (у цэнтры) у ролі Крачынскага.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРО́НАЎ (Андрэй Аляксандравіч) (7.3. 1941, Масква — 16.8.1987),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1980). Сын М.У.Міронавай і А.​С.​Менакера. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна (1962). Працаваў у Т-ры сатыры. Камедыйны акцёр, іранічны, элегантны, адораны пластычна і музыкальна. У многіх (асабліва позніх) работах выявіўся драм. талент М., яго здольнасць да глыбокага псіхал. аналізу, вострай трактоўкі ролі: Жадаў («Даходнае месца» А.​Астроўскага, 1967), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ, 1969), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля, 1972), Чацкі («Гора ад розуму» паводле А.​Грыбаедава, 1976), Лапахін («Вішнёвы сад» А.​Чэхава, 1983). Паставіў: «Бывай, канферансье» Р.​Горына (1984, роля Канферансье), «Цені» М.​Салтыкова-Шчадрына (1987, роля Клаверава) і інш. З 1961 здымаўся ў кіно: «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Брыльянтавая рука» (1969), «Уласнасць рэспублікі» (1971), «Саламяны капялюшык» (1974), «12 крэслаў» (1976), «Мой сябар Іван Лапшын» (1982, вып. 1985), «Бландзінка за вуглом» (1984), «Перамога» (1985) і інш.

Літ.:

Вислова АВ. Андрей Миронов: Детство. Юность. Театр. В кино и на телевидении. В жизни, за кулисами, с друзьями. Ростов н/Д, 1998.

А.А.Міронаў.

т. 10, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)