ДЗЯРЖА́ЎНЫ САКРАТА́Р,
адна з вышэйшых службовых асоб у некат. краінах, чл. урада. У ЗША — кіраўнік дзярж. дэпартамента (ведамства замежных спраў), у Вялікабрытаніі — афіц. тытул міністраў (унутр. спраў, абароны і інш.), у Францыі — нам. міністра або кіраўнік ведамства, у Расійскай імперыі з 1810 — нач. Дзярж. канцылярыі (аддзел справаводства ў Дзярж. савеце).
т. 6, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААФІ́ЛІЯ (ад заа... + ...філія),
1) перакрыжаванае апыленне раслін з дапамогай жывёл, звычайна насякомых, што жывяцца кветкавым пылком, нектарам, сакаўнымі тканкамі кветкі і інш., іншы раз (пераважна ў тропіках) — птушкамі (калібры) і млекакормячымі.
2) Адна з форм палавой ненармальнасці ў чалавека, пры якой ён атрымлівае задавальненне ад сексуальнага кантакту з жывёлай.
т. 6, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЭ́СІЯ (ад франц. impression уражанне),
адна з жанравых разнавіднасцей апавядання ў бел. л-ры, якая ўтварылася ад спалучэння адзнак апавядання і лірычнага верша (кароценькае лірычнае апавяданне, блізкае да верша ў прозе). Звычайна аснову І. складае перажыванне аўтара, выкліканае жыццёвай з’явай, выпадкам або ўражаннем. У наш час больш ужывальнае вызначэнне абразок.
т. 7, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА,
у старажытнаегіпецкай міфалогіі адзін з элементаў чалавечай існасці або адна з душ чалавека. Першапачаткова — увасабленне жыццёвай сілы багоў і цароў і іх магутнасці. Пазнейшыя міфы прыпісваюць наяўнасць К. ўсім людзям. Гэта духоўнае «другое я» кожнага чалавека, якое нараджаецца разам з ім, прадвызначае яго лёс і застаецца пасля яго смерці.
т. 7, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЭЛАЦЫ́ТЫ [ад грэч. myelos (касцявы) мозг + ...цыт(ы)],
адна з форм клетак крывятворнай (міэлоіднай) тканкі чырвонага касцявога мозгу ў пазваночных. Утвараюцца са ствалавых крывятворных клетак, праходзяць стадыі міэлабласту і праміэлацыту. З М. развіваюцца зярністыя лейкацыты (гранулацыты). У норме М. ў кроў не паступаюць, але могуць з’яўляцца пры паталаг. працэсах (напр., лейкозах).
т. 10, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУСТАМА́НТЭ КО́ДЭКС,
адна з найбольш значных кадыфікацый міжнар. прыватнага права. Прыняты 20.2.1928 у Гаване на 6-й Панамерыканскай канферэнцыі. Названы па прозвішчы складальніка — А.Бустамантэ-і-Сірвена. Уключае 437 артыкулаў, у якіх разглядаюцца пытанні міжнар. цывільнага, гандлёвага, крымінальнага права і міжнар. працэсу. Б.к. ратыфікаваны шэрагам амер. краін, у інш. выкарыстоўваецца судамі пры «мэтазгоднасці».
т. 3, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТРО́ФІЯ,
харчаванне адных арганізмаў (біятрофаў) біямасай інш. арганізмаў; адна з формаў біятычных узаемаадносін у біяцэнозе. Забяспечвае перанос рэчыва і энергіі ад прадуцэнтаў (утваральнікаў першаснай прадукцыі) да кансументаў (біясінтэз другаснай прадукцыі) і рэдуцэнтаў. Біятрофія можа быць унутрыпапуляцыйнай (унутрывідавой) і міжпапуляцыйнай (у т. л. міжвідавой), мець характар драпежніцтва, паразітызму ці сімбіёзу. Гл. таксама Сапратрофы.
т. 3, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛЬЦМАНА ПАСТАЯ́ННАЯ,
адна з асноўных фіз. пастаянных, роўная адносінам універсальнай газавай пастаяннай да Авагадра пастаяннай. Пазначаецца k. Названа ў гонар Л.Больцмана. Прымяняюць пры матэм. апісанні заканамернасцяў малекулярнай фізікі і тэрмадынамікі (ураўненне стану ідэальнага газу, выраз для сярэдняй энергіі цеплавога руху малекул і інш.). Прынятае значэнне Больцмана пастаяннай k = 1,380658(12)∙10−23 Дж/К.
т. 3, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДВЕ́Й (Broadway),
адна з гал. вуліц г. Нью-Йорк. Даўж. больш за 25 км. Вуліца перарываецца плошчамі Коламбус-сёркл, Таймс-сквер, Мэдысан-сквер, Юніян-сквер. Вядомая як цэнтр тэатр. мастацтва (размешчана каля 70 тэатраў, пераважна музычных). На Брадвеі таксама праўленні буйных гандл. фірмаў і фін. устаноў, магазіны, атэлі, рэстараны, забаўляльныя ўстановы і інш.
т. 3, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙТАЎСТВА,
1) адм.-гасп. адзінка ў ВКЛ і ў Польшчы ў 15—18 ст. У войтаўства ўваходзілі адна або некалькі вёсак, што найчасцей складалі невял. зямельнае ўладанне на велікакняжацкіх землях, якім кіраваў сельскі войт, або горад, часам з навакольнымі землямі, якім кіраваў гар. войт.
2) Назва пасады войта паводле Статута ВКЛ 1588.
Т.І.Доўнар.
т. 4, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)