МА́САВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

тып вытворчасці, які характарызуецца выпускам прадукту ў буйных маштабах за працяглы перыяд. Характэрна для прадпрыемстваў, якія выпускаюць вырабы, што маюць шырокі і ўстойлівы попыт. Ажыццяўляецца пры строгай паўтаральнасці вытв. працэсу на ўчастках, лініях, прац. месцах і заснавана на паточным метадзе вытворчасці (яго вышэйшая форма — аўтам. лінія). Пры М.в. выкарыстоўваюцца спец. і спецыялізаванае абсталяванне, інструменты і прыстасаванні; пераважаюць рабочыя і спецыялісты вузкага профілю.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ХНАВІЧЫ,

вёска ў Мазырскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Мазыр—Лельчыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдЗ ад г. Мазыр, 173 км ад Гомеля, 30 км ад чыг. ст. Ельск. 733 ж., 230 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЖЭ́РДА,

рака ў Паўн. Афрыцы, у Алжыры і Тунісе. Даўж. 460 км, пл. басейна 22 тыс. км². Вытокі ва ўсх. адгор’ях Тэль-Атласа (горы Меджэрда), упадае ў Туніскі зал., утварае дэльту. Вызначаецца рэзкімі ваганнямі расходу: ад 3—4 м³/с летам да 1500—2500 м³/с пасля моцных зімовых дажджоў. На М. вадасховішчы, якія выкарыстоўваюцца для арашэння. Даліна М. — важны с.-г. раён Туніса.

т. 10, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГМАТЫ́Т (ад грэч. migma сумесь),

горная парода, якая ўтвараецца пры пранікненні магмы ва ўмяшчальныя пароды або пры метамарфічнай дыферэнцыяцыі рэчыва. Для М. характэрна палосчатая, плойчатая, плямістая і інш. тэкстуры, якія адлюстроўваюць паасобную сканцэнтраванасць цемнаколернай ч. пароды (палеасомы) і светлаколернай (неасомы). Вядомы разнавіднасці М.: артэрыты (паслойныя М.), агматыты (глыбавыя М.), веніты (жыльныя М.), небуліты (ценевыя М.) і інш. М. пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ РАЗВІЦЦЯ́ (МАР; International Development Association),

філіял Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Створана ў 1960 для прадастаўлення крэдытаў і пазык на льготных умовах краінам, якія сталі на шлях развіцця. МАР мае свой статут, але фактычна кіруецца банкам. Структура МАР: савет кіраўнікоў, выканаўчы дырэктарат, прэзідэнт. Склад савета кіраўнікоў і выканаўчага дырэктарата той жа, што і ў банка. Адм. дзейнасць ажыццяўляе па сумяшчальніцтве персаналам банка. Месцазнаходжанне — Вашынгтон.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІ́НСКІ ПЕРАВА́Л»,

аб’яднанне рускіх пісьменнікаў і паэтаў у Мінску ў 1927—28. Утварэнне абвешчана лістом ад 1.4.1927 групы пісьменнікаў

[М.​Залётны, Р.​Бунтар, Р.​Лахматы (Кобец), І.​Нікіфараў, А.​Казлас, С.​Гуськоў],

якія выйшлі са «Звенняў» і сталі арыентавацца на літ. групу рабочых і сялянскіх пісьменнікаў «Перавал». Наладжваў літ. вечары, чытанні і абмеркаванні твораў сваіх членаў, выдаў зб. вершаў Бунтара. Залётнага і Нікіфарава «Самае роднае» (1927). Шырокай дзейнасці не разгарнуў, яго члены ўліліся ў рус. секцыю БелАПП.

К.​Р.​Хромчанка.

т. 10, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТАПЯХО́ТА, матарызаваная пяхота,

сучасная назва пяхоты ва ўзбр. сілах ФРГ, Бельгіі, Нідэрландаў і інш.; у ЗША, Францыі і інш. — механізаваныя войскі, у краінах СНД — мотастралковыя войскі, якія ўваходзяць у склад сухапутных войск. Мотапяхотныя (матарызаваныя) злучэнні адрозніваюцца ад звычайных пяхотных высокай ступенню матарызацыі. Упершыню асобныя матарызаваныя падраздзяленні з’явіліся ў час 1-й сусв. вайны; значнае пашырэнне атрымалі ў 2-ю сусв. вайну. Гл. таксама Пяхота.

В.​М.​Пташнік.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАСЁЛКІ,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Цітаўка, каля аўтадарогі Мар’іна Горка—Узда. Цэнтр сельсавета. За 5 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка і ад чыг. ст. Пухавічы, 65 км ад Мінска. 675 ж., 248 двароў (1999). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Абеліск на брацкай магіле сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГО́РНАЕ,

вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 19 км на ПдУ ад горада і 21 км ад чыг. ст. Клецк, 146 км ад Мінска. 747 ж., 223 двары (1999). Сярэдняя і дапаможная школы, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — касцёл (пач. 20 ст.).

т. 11, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РАЧ,

вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл., каля р. Нарач, на аўтадарозе Вілейка—Смаргонь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПнЗ ад горада і 19 км ад чыг. ст. Вілейка, 120 км ад Мінска. 808 ж., 268 двароў (1999). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.).

т. 11, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)